English Русский

Навіны

Учора ў кавярні ДОМА ЛІТАРАТАРА адбылася прэзентацыя паэтычнага зборнiка суполкi “Лiтаратурны квартал”

Прэс-рэліз

Суполка “Літаратурны квартал"
пры падтрымцы
фірмы "BELPI – Беларускае пітво"
(каардынатар Леанід Дайнека)
прэзентуюць паэтычны зборнік

1. Прэзентацыя

Паважаныя сябры!

Сёння вы будзеце мець магчымасць прысутнічаць на пасяджэнні суполкі “Літаратурны квартал”. Яно прысвечана выданню кнігі, якая не толькі атрымала назву суполкі, але і ўвабрала ў сябе ўсё тое, што было створана яе ўдзельнікамі на працягу года існавання. Таму звычайную гарбату заменяць шампанскае ды іншыя адпаведныя напоі, а члены суполкі на сёння вызваляцца ад працы, каб сустрэцца ў як мага больш поўным складзе. Ўсё астатняе будзе амаль як заўжды.

Праграма:

1) афіцыйная частка;
2) паэтычныя чытанні;
3) прэс-канферэнцыя;
4) фуршэт.

2. Галоўныя дзеючыя асобы

Натуральна, галоўнымі дзеючымі асобамі з’яўляюцца трыццаць тры аўтары, творы якіх змешчаны пад прыгожай вокладкай. Але ж узгадаем тых, без каго гэтае свята не адбылося б.

Людміла Рублеўская – арганізатар і кіраўнік “Літаратурнага кварталу”. Паэтэса, пісьменніца, літаратурны крытык. Аўтар зборнікаў вершаў "Адукацыя", "Замак месячнага сяйва", драматычных паэм "Пасля Цэзара", "Першы запавет". Актыўна друкуецца ў рэспубліканскіх выданнях.

Віктар Шніп – адзін з тых, хто шмат зрабіў для існавання суполкі. Паэт, перакладчык. Аўтар зборнікаў вершаў "Гронка святла", "Пошук радасці", "Шляхам ветру" і інш.

Леанід Дайнека – каардынатар выдання кнігі. Вядомы беларускі пісьменнік, паэт. Аўтар зборнікаў вершаў "Галасы", "Начныя тэлеграмы", раманаў "Меч князя Вячкі", “ След ваўкалака”, "Людзі і маланкі", "Чалавек з брыльянтавым сэрцам", “Жалезныя жалуды”. Некаторыя вершы Л. Дайнекі пакладзены на музыку. Лаурэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

BELPI - “Беларускае пітво” – фундатар выдання кнігі. Утвораная ў 1993 годзе фірма, якая ўжо 10 год вырабляе вядомыя ў Беларусі і за яе межамі гарэлкі “Генерал” (залатыя, срэбныя, бронзавыя медалі на міжнародных конкурсах-дэгустацыях у Беларусі і Расіі) і настойкі. Праз некалькі тыдняў BELPI афіцыйна прэзентуе традыцыйны беларускі напой 18 стагоддзя “Крамбамбуля” (сачыце за навінамі!). Фірма актыўна і пастаянна займаецца дабрачыннай дзейнасцю – дапамагае маладым музыкантам, літаратарам, спартсменам, школьнікам і г.д. Слоган фірмы – “Любі сваё!”. Неабходна адзначыць, што гэта прыватная фірма – яе стварылі бацька, маці і тры сыны сям”і Дайнекаў.

3. “Літаратурны квартал”, як ён ёсць

“Літаратурны квартал” быў створаны на пачатку снежня 2002 года і на сённяшні дзень з’яўляецца літаратурнай суполкай, якая працуе з пачынаючымі і маладымі пісьменнікамі. “Будучыня літаратуры немагчыма, калі такая праца не вядзецца”, – лічыць Людміла Рублеўская.

Гэткім чынам удзельнікі “Літаратурнага кварталу” атрымліваюць практычныя ўрокі і ўдасканальваюць сваё майстэрства. “Размова ідзе пра літаратурнае навучанне, якое раней можна было атрымаць у Літаратурным інстытуце імя Горкага ў Маскве, – гаворыць Людміла Рублеўская, якая, як і Віктар Шніп, у свой час скончыла гэтую ўстанову. – Гэта добрая школа, бо на кожным пасяджэнні мы грунтоўна разбіраем творчасць некага з суполкі, маладыя аўтары вучацца рэдагаванню, правільнаму стаўленню да крытыкі. Але ж галоўнае тое, што яны атрымліваюць творчы імпульс”.

Удзельнікі “Літаратурнага кварталу” – гэта ўжо сям’я, якая ходзіць разам у госці, выязджае ў правінцыю на святы і падтрымлівае адзін аднога неабыякавасцю да ўсяго прыгожага і таленавітага ў літаратуры. Гэта ўжо дало плён. “Шмат з тых, хто да нас прыходзіў, гаварылі пра тое, як ім не хапала гэткага творчага асяродку, – распавядае Людміла Рублеўская. – Былі выпадкі, калі да нас прыходзілі маладыя аўтары, якія толькі-толькі пачыналі і нічога з іх творчасцю яшчэ не было зразумела, але за год працы ў суполцы многія з іх творча выраслі, думаюць аб выданні асабістых кніг”.

Суполка налічвае больш за шэсцьдзесят чалавек, але ў зборнік трапілі толькі трыццаць тры ўдзельнікі. “Для нас галоўнай была мастацкая вартасць твораў. Таму атрымалася так, што ў кагосьці ў гэтай кніжцы адзін верш, у кагосьці – дзесяць”- тлумачыць Людміла Рублеўская.

Некаторыя таксама лічылі, што не трэба ўключаць у зборнік вершы аўтараў, якія ўжо выдалі свае асабістыя кнігі, але Людміла мяркуе, што як прадстаўнікі “Літаратурнага кварталу” яны абавязкова павінны былі быць у зборніку. Да таго ж такіх сярод “кварталаўцаў” пакуль няшмат.

Большасць аўтараў зборніка маладзей 25 год, таму можна з упэўненасцю казаць , што пры сур”ёзным падыходзе да сваёй працы і, вядома ж,пры маладым натхненні, усё ў іх яшчэ наперадзе. Як і ў “Літаратурнага кварталу”. “Нашая суполка будзе існаваць столькі, колькі яна нам будзе патрэбна, бо гэта адзіная прычына, чаму мы ёй займаемся”, – гаворыць Людміла Рублеўская. І гэта аргумент з якім немагчыма спрачацца.

Дабразычліва сустрэньце маладых. Гэта не горшае літаратурнае пакаленне з тых, што стваралі айчынную літаратуру.

21/11/03


Іншыя навіны

31/12/2011 На сайце новыя Герадоцінкі!Падрабязней
31/12/2011 Са святам усіх беларусак і беларусаў!Падрабязней
13/03/2011 Прывітанне ўсім! На сайце - новыя Герадоцінкі...Падрабязней
02/02/2011 Мой дзясяты раман размешчаны на сайцеПадрабязней
06/01/2010 Запрашаю ўсіх!Падрабязней
25/12/2009 Віншую ўсіх са Святам Божага Нараджэння!Падрабязней
21/10/2009 Пачаў працу над новым раманамПадрабязней
18/10/2009 Скончыў працу над сваім раманам "Пра лісоўчыка, злога хлопчыка"Падрабязней
22/09/2009 Пяць раздзелаў новага рамана на сайцеПадрабязней
27/07/2009 Працяг новага рамана ўжо на сайцеПадрабязней
Архіў навін
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007