Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Адказнасць прадпрымальнікаў за шкоду, якую нанеслі належачыя ім крыніцы павышанай небяспекі (праблемы ўдасканальвання заканадаўства)

Цывільны (грамадзянскі) кодэкс Рэспублікі Беларусь 1999 года захаваў у артыкуле 948 вядомае па кодэксу 1961 года правіла аб адказнасці асоб за шкоду, якая нанесена крыніцамі павышанай небяспекі, што належаць ім.
Сэнс правіла заключаецца ў наступным: уладальнік крыніцы павышанай небяспекі (транспартныя сродкі, механізмы і г.д.) адказвае за шкоду, якая нанесена гэтай крыніцай трэцім асобам, у тым ліку іх жыццю ці здароўю, незалежна ад віны самаго ўладальніка. Выключэнне складаюць сітуацыі, калі шкода нанесена ў выпадку дзеяння неадольнай сілы або намера ці грубай неасцярожнасці самога пацярпеўшага, а таксама калі крыніца павышанай небяспекі выбыла з валодання ўласніка без яго волі (напрыклад, была ўкрадзена). Суд мае права, з улікам матэрыяльнага становішча асобы, што нанесла шкоду, паменшыць памер грашовых выплат. Аднак, калі шкода нанесена жыццю ці здароўю грамадзяніна, адмова суда ў кампенсацыі шкоды не дапускаецца; таксама не ўлічваецца віна пацярпеўшага пры кампенсацыі шкоды ў сувязі са смерцю карміцеля (арт. 948, п. 2 і п. 3 арт. 952).
Калі вызначыць эканамічную падаплёку ўсталявання адказнасці ўладальніка крыніцы павышанай небяспекі ў ранейшым заканадаўстве, то неабходна адзначыць, што больш чым за 80% уласнасці ў Савецкім Саюзе належыла непасрэдна дзяржаве. Такім чынам, адказнасць уладальніка крыніцы павышанай небяспекі ў абсалютнай большасці выпадкаў зводзілася да першапачатковай адказнасці самой дзяржавы, якая і з'яўлялася ўласнікам і адзіным заснавальнікам абсалютнай большасці юрыдычных асоб.
У сучасным беларускім грамадстве сітуацыя карэнным чынам змянілася. Цяпер значна большы аб'ём уласнасці знаходзіцца ў прыватным уладанні. У сувязі з гэтым, правіла аб адказнасці ўладальнікаў крыніц павышанай небяспекі сур'ёзна закранае інтарэсы шырокіх пластоў насельніцтва, у асноўным прадпрымальнікаў, як самай актыўнай часткі насельніцтва, што ажыццяўляе большасць аўтамабільных перавозак у краіне.
Указанае правіла мае пэўныя недахопы, да якіх можна аднесці наступныя:
Па-першае, у цывільным праве кожная асоба лічыцца вінаватай у нанесенай шкодзе, а калі ёй прад'яўляецца іск аб кампенсаванні нанесенай шкоды, яна мае права даказваць адсутнасць у тым сваёй віны. Як вядома, у гэтым заключаецца адно з карэнных адрозненняў цывільнага права ад крымінальнага; у апошнім дзейнічае прэзумпцыя невінаватасці. Наяўнасць адказнасці без віны пазбаўляе грамадзян іх канстытуцыйнага права на судовую абарону, паколькі адпадае магчымасць даказваць сваю невінаватасць ці абвяргаць сваю віну ў судзе – яна проста не прымаецца ў разлік.
Па-другое, магчымая сітуацыя, калі асоба, якая непасрэдна нанесла шкоду, апынецца ў стане неплацежаздольнасці (напрыклад, па прычыне смерці). У такім выпадку, уладальнік крыніцы павышанай небяспекі наогул не здолее згодна арт. 950 Цывільнага кодэкса задаволіць свае рэгрэсныя патрабаванні і павінен будзе несці незвяртальныя страты, а калі шкода нанесена здароўю ці жыццю грамадзяніна гэтыя страты могуць працягвацца некалькі дзесяцігоддзяў – на ўвесь час жыцця пацярпеўшага.
Па-трэцяе, згодна арт. 968 Цывільнага кодэкса, кампенсацыя маральнай шкоды ажыццяўляецца незалежна ад віны асобы, што нанесла шкоду, калі шкода прычынена жыццю ці здароўю грамадзяніна крыніцай павышанай небяспекі. Неабходна спецыяльна падкрэсліць, што ў названым артыкуле выкарыстаны тэрмін «асоба, што нанесла шкоду», а не «уладальнік крыніцы павышанай небяспекі»; гэтыя тэрміны не заўсёды з'яўляюцца тоеснымі. Аднак судовая практыка патрабуе, каб і тут маральную шкоду кампенсаваў выключна ўладальнік крыніцы павышанай небяспекі (п. 10 Пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 28.09.2000 №7 «Аб практыцы прымянення судамі заканадаўства, якое рэгулюе кампенсацыю маральнай шкоды» (Нацыянальны рэестр прававых актаў, №100 ад 27.10.2000). Мяркуем, што Пленум Вярхоўнага Суда занадта вольна трактуе нормы Цывільнага кодэкса, і такі падыход вядзе да чарговых грашовых страт прадпрымальнікаў (згодна судовай практыцы, звычайны памер кампенсацыі маральнай шкоды складае каля 2000 еўра).
Па-чацвёртае, Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16.06.2000 №898 «Аб зацвярджэнні памераў страхавых узносаў і лімітаў адказнасці па абавязковаму страхаванню цывільнай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў» (Нацыянальны рэестр прававых актаў, №60 ад 30.06.2000) замацавана абмежаваная адказнасць страхавой арганізацыі за нанесеную шкоду; ліміт гэтай адказнасці складае 3000 еўра.
Калі лічыць, што заработная плата загінуўшага ад крыніцы павышанай небяспекі складала 100 еўра, страхавых выплат хопіць толькі на кампенсацыю шкоды на працягу 2,5 гадоў; увесь астатні час згодна арт. 941 Цывільнага кодэкса выплачваць кампенсацыю павінен будзе ўладальнік крыніцы павышанай небяспекі.
Па-пятае, заканадаўствам вызначана абавязковая індэксацыя сум кампенсацыі шкоды. Першапачаткова, Цывільны кодэкс усталяваў невыканальнае з эканамічнага пункта гледжання правіла, згодна якога сумы, што выплачваюцца ў кампенсацыю шкоды, павінны павялічвацца прапарцыянальна павышэнню памера мінімальнай заработнай платы (арт. 299, п. 2 арт. 960). Аднак Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 04.01.2000 №1 «Аб некаторых пытаннях кампенсацыі шкоды, якая нанесена жыццю ці здароўю грамадзян» (Нацыянальны рэестр прававых актаў, №4 ад 14.01.2000), з дапаўненнем, унесеным Дэкрэтам ад 29.06.2000 №14» (Нацыянальны рэестр прававых актаў, №64 ад 14.07.2000), усталяваў больш справядлівае для плацельшчыкаў правіла: павелічэнне ўказаных сум адбываецца толькі згодна росту сярэдняй месячнай заработнай платы рабочых і служачых у дзяржаве. Рост мінімальнай заработнай платы ў разлік не прымаецца, але адзначана, што заробак пацярпеўшага пры ажыццяўленні разлікаў прымаецца ў памеры не менш чым 60% мінімальнай заработнай платы.
Аднак і гэта правіла мае недахоп: працуючы ў цяжкіх эканамічных умовах многія прадпрымальнікі вымушаны працяглы час не толькі не павышаць заработную плату сваім працаўнікам, а нават зніжаць яе дзеля захавання бізнесу. Атрымоўваецца парадаксальная сітуацыя: заработная плата рэальна працуючых не павышаецца, а выплаты загінуўшаму працаўніку павялічваюцца кожны месяц, і гэты разрыў можа дасягаць абсурдных памераў, што не надта ўпісваецца ў прынцып размеркавання па працы (арт. 42 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).
Указаны Дэкрэт усталяваў яшчэ адно істотнае правіла. Цяпер, да ўвядзення сістэмы абавязковага дзяржаўнага страхавання ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, усе адносіны па кампенсацыі шкоды, якая нанесена жыццю ці здароўю працаўнікоў пры выкананні імі працоўных абавязкаў, рэгулююцца Цывільным кодэксам, указаным Дэкрэтам Прэзідэнта і нарматыўнымі прававымі актамі Савета Міністраў. Фактычна, п. 1.1 гэтага Дэкрэта прыпыніў дзеянне Раздзела 38 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь на карысць Цывільнага кодэкса. Такі падыход да рэгулявання кампенсацыі шкоды, панесенай працаўнікамі, бачыцца пазітыўным, асабліва з улікам дамінуючай у краіне канцэпцыі пашырэння сферы цывільна-прававога рэгулявання.
Аднак увогуле існуючае ў Рэспубліцы Беларусь у сучасным выглядзе заканадаўства ў галіне кампенсавання шкоды носіць шмат у чым дыскрымінацыйны характар, і нечым падобнае на заканадаўства краін з мусульманскай сістэмай права, якія выкарыстоўваюць даволі жорсткія механізмы кампенсавання шкоды. Шырокі рэзананс у сродках масавай інфармацыі атрымаў выпадак, які меў месца ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. Даволі высокапастаўлены расійскі чыноўнік П., кіруючы аўтамабілем, збіў в'етнамскую турыстку, якая загінула. Суд устанавіў, што віны П. у гэтым выпадку няма. Аднак, па закону кроўнага выкупа, П. абавязаны ўнесці сваякам загінуўшай жанчыны 22000 долараў ЗША і толькі пасля гэтага зможа пакінуць краіну.
З другога боку, у ЗША існуе занадта развітая, можна сказаць, узорная сістэма кампенсавання шкоды. Напрыклад, бармэн будзе адказваць за шкоду, якую можа атрымаць трапіўшы пад аўтамабіль наведвальнік гэтага бара, які зашмат выпіў у гэтым бары. Аднак у ЗША маецца і вельмі развітая сістэма страхавання рызыкі; можна застрахаваць нават рызыку неабходнасці выкупа заложніка (што прама забаронена Цывільным кодэксам Рэспублікі Беларусь, п. 3 арт. 818).
На нашу думку, неабходна ў бліжэйшы час увесці ў дзеянне ў Рэспубліцы Беларусь Закон «Аб абавязковым сацыяльным страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў», які ўнесены Саветам Міністраў на разгляд Парламента і прыняты ў першым чытанні яшчэ 08.10.1998. Згодна з праектам гэтага закона страхаванню падлягаюць усе асобы, якія заключылі працоўны дагавор (кантракт) з наймальнікам незалежна ад формы ўласнасці. Аднак дзеянне гэтага закона немагчыма без прыняцця ў яго развіццё шматлікіх актаў заканадаўства (напрыклад, па вызначэнню класаў прафесійнай рызыкі, памераў страхавых узносаў і г.д.). Гэтае заканадаўства павінна быць добра збалансавана, іначай, прадпрымальнікі могуць зноў апынуцца ў нявыгадным становішчы.
Урад павінен забяспечыць уступленне Рэспублікі Беларусь у Еўрапейскую сістэму «Зялёная карта» і павышэнне ліміта адказнасці страхавых арганізацый. Наогул, больш цесная ўніфікацыя беларускага нацыянальнага заканадаўства па гэтаму пытанню з Еўрапейскай прававой прасторай будзе значна спрыяць развіццю гандлёва-эканамічных сувязяў, паколькі наша дзяржава мае магчымасць абслугоўваць шматлікія транспартныя накірункі «Захад-Усход».
Уяўляецца магчымым абмежаваць адказнасць прадпрымальнікаў незалежна ад віны за шкоду, што нанесена крыніцамі павышанай небяспекі, якія належаць ім, толькі выпадкамі прафесійнага выкарыстання ўказаных крыніц (напрыклад, прафесійная перавозка небяспечных грузаў – паліва, газу, спірту і г.д.). Па падобным прынцыпе ў Цывільным кодэксе пабудавана адказнасць прафесійных захоўвальнікаў (арт. 791).
Існуючае заканадаўства недастаткова працуе ні на карысць прадпрымальнікаў, ні на карысць пацярпеўшых. Прадпрымальнікі вымушаны затрымліваць плацяжы па кампенсацыі шкоды, а пацярпеўшыя часам нават не здольны абараніць свае інтэрэсы ў судзе. Напрыклад, іск удавы ў судзе Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці да прадпрыемства, дзе працаваў і загінуў яе муж, не разгледжаны і прыпынены па прычыне адсутнасці неабходнага заканадаўства ў галіне страхавання ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, і спіс такіх сумных прыкладаў можна падоўжыць.

 

Колькасць прачытаўшых: 4326
Колькасць вогдукаў: 4

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Адказнасць прадпрымальнікаў за шкоду, якую нанеслі належачыя ім крыніцы павышанай небяспекі (праблемы ўдасканальвання заканадаўства)
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007