Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел 1

Леанід Дайнека

Герадоцінкі-3, або У пошуках сератаніну.

***
Сератанін – гармон шчасця. Там, дзе яркае неба і сонца, дзе сіняе цёплае мора, дзе круглы год цвітуць кветкі, людзі знаходзяць сератанін. Вось чаму яшчэ ў другім стагоддзі новай эры ішлі готы з халоднай суровай Балтыкі да Чорнага мора. Вось чаму мільёны змучаных чэргамі і палітінфармацыямі савецкіх грамадзян хто з прафсаюзнай пуцёўкаю ў руках, хто “дзікуном” ірваліся ў Крым. І вось таму ж у маім сумбурным жыцці з”явіўся Кіпр…
Цудоўны край! Чароўныя дзянькі!
Ёсць мора тут! Хоць і не знойдзеш рэчку.
Гарачы самабытны востраў Кіпр.
Тут і вароны каркаюць па-грэцку.

***
“ Тут я стаю. І не магу іначай”. Марцін Лютэр.

***
“ Я не навучыўся любіць Радзіму з заплюшчанымі вачыма”. Пётр Чаадаеў.

***
“ Кожны знікае з жыцця з адчуваннем таго, што ён быццам толькі што нарадзіўся”. Эпікур.

***
- Касманаўты… Астранаўты… Тайкунаўты кітайскія ў небе аб”явіліся… А я – алканаўт! – ганарліва ўсклікнуў Іван Сасок, глытаючы чарговую бутэльку піва.

***
Мао Цзэдун, які пражыў 82 гады, любіў казаць, што ён выдатна ўмее змагацца з Небам, Зямлёй і Чалавекам. Магчыма, так яно й было. Але ў бітве са Смерцю гэты камуністычны змагар усё-ткі прайграў.

***
У 453 годзе падчас вяселля з прыгажуняй Ільдыконай раптоўна памёр грозны правадыр гунаў Аціла. Адразу пасля вяселля ён планаваў ударыць сваімі полчышчамі па Візантыі, бо імператар Маркіян адмовіўся плаціць яму даніну.
А роўна праз 1000 гадоў ( у 1453 годзе ) рухнула , сыйшла з гістарычнай сцэны Візантыйская імперыя.
А роўна праз 1500 гадоў ( у 1953 годзе ) спусціў дух савецкі дыктатар Іосіф Сталін.
Бясконцы ланцуг дат! Але ў датах гэтых, у іхнім чаргаванні ёсць, калі задумацца , прыгледзецца, нейкая заканамернасць, нейкі злавесны рытм.

***
Барацьба ідэй ідзе не толькі ў друку, у парламентах, у электронных СМІ, але й на сценах дамоў, на платах…
Едучы на дачу, прачытаў на бялюткай сцяне тры вялізныя чорныя літары – РНЕ, г.зн., “Русское национальное единство». Праз два дні ехаў з дачы дадому і на той жа самай бялюткай сцяне ўбачыў дапіску да трох ранейшых літар. Нейчая рука вывела: РНЕ = нос у гаўне!

***
Аказваецца, аж 25 мільёнаў грамадзян Злучаных Штатаў Амерыкі дома размаўляюць не на англійскай мове.

***
Мае нядобразычліўцы ў друку называлі і называюць мяне “алкагольным баронам”. Што ж, няхай будзе так. Я, пакуль хапае сіл, не звярну з абранага шляху. Гэта – наследнае. Мой незабыўны бацька Марцін Сцяпанавіч часцяком гнаў самагонку то ў нашым садзе за хатаю, то ў лесе, хаваючыся ад міліцыі. Я, малы, заўсёды круціўся ля яго, дапамагаў, чым мог. Ужо тады я зразумеў, што ў нашых прыродных умовах, пры нашым менталітэце гарэлка – самы народны прадукт. І ніхто мяне не пераканае ў адваротным. Мой дэвіз: “ Пі. Яшчэ купі. Ведай сваю норму”. І ўсё. А калі крычаць пра шкоду алкаголя… Можна зарэзаць свінню, падсмажыць кавалак сала, з”есці яго і… памерці ад халецысцыту. Можна ўтапіцца ( не трэба акіяну) у чайнай лыжачцы(!) вады.
Нафта скончыцца, газ высмакчуць з нутра планеты, а гарэлка будзе заўсёды, пакуль пладаносіць, нараджае хлебны колас зямля, пакуль некаму хочацца паспяваць, а некаму хочацца паплакаць. Дык будзем!

***
- Надзёжа-князь, там на тваім двары нейкі просталюдзін стаіць, у твой церам просіцца.
- Просталюдзін? У мой церам? Зусім абарзеў народ. Хто такі?
- Кажа, Юрый.
- Я таксама Юрый. Юрый Даўгарукі.
- Ён – Юрый, але не князь. Мэр маскоўскі.
- Што за мэр?
- Не ведаю. Пэўна, тваё княскае брашно-багацце мерае.
- Ладна, пусці. Але пільнуй, каб не сцягнуў што-небудзь. Залатыя лыжкі схавай.
( У церам уваходзіць Юрый Лужкоў, здымае кепку.)
- Чалом б”ю прасветламу князю. Народ, людзі праваслаўныя абралі мяне мэрам горада, які ты, слаўны князь, заснаваў.
- Гэта часам не твой прадзед уздоўж Масква-ракі мае лужкі абкошваў?
- Спытаю ў сваіх біёграфаў. А зараз, надзёжа-князь, я,мэр маскоўскі, і ўсе масквічы запрашаем цябе наведаць Белакаменную, ступіць княскай нагою на плошчу Чырвоную, убачыць вежу Спаскую, палюбавацца на сталічную прыгажосць. Дазволь даведацца, якая ў цябе світа? Ці хопіць для яе гарадскіх гатэляў?
- Світа ў мяне маленькая. Усяго тры тысячы баяраў. А першы мой баярын, начальнік маёй світы – Ленін.
- Ленін? Уладзімір Ільіч?!
- Так-так. Ён самы. У маўзалеі двайнік ляжыць. Твая Масква, мэр, за тое, што Валодзька пасля 206 гадоў піцерскага бясоўства зноў вярнуў ёй статус рускай сталіцы у 1918 годзе , павінна пылінкі здзьмуваць з ягонага маўзалея. Пылінкі. А вы надумалі Валодзьку за ногі выцягваць з маўзалея. Ды ён, пасля мяне, другі заснавальнік Масквы!
- Я не магу…
- Маўчаць! А то зараз гукну конюхаў і праверым якая ў мэра скура.Праз тры дні прыеду ў свой горад. Навядзі парадак. Усё падчысці, падфарбуй. Ты ўмееш. Вазьмі венік і асабіста ( чуеш? асабіста!) падмяці вакол маўзалея ўсе дарожкі. Праверу.

***
Праблема, а з ёй і бяда рускай літаратуры ў тым, што яна за апошнія дзесяцігоддзі з рускай ператварылася ў рускамоўную. Знік дух. Цёплае сонечнае святло замянілі яркім, але халодным месячным ззяннем.

***
Іхнія прозвішчы ў даведніку Саюзу пісьменнікаў Беларусі стаяць побач – Эдуард Скобелеў, Міхась Скобла… Першы – рускамоўны творца, другі – беларускамоўны. Адметныя тэмпераментныя людзі. У нечым антыподы, а ў нечым саюзнікі.
Мне думаецца, што й нашы народы, менталітэты нашых народаў, рускага і беларускага, нашы літаратуры гэтак сама падобныя і непадобныя як вышэй згаданыя імёны – Эдуард Скобелеў, Міхась Скобла.

***
Калісьці ўкраінскі гісторык Міхаіл Грушэўскі падзяліў свой народ на тры групы. Падзел гэты,вядома, адносны, умоўны, але ўсё- ткі... Атрымалася так: хахол, маларос, украінец. Хахламі вучоны лічыў тых, хто марыць толькі аб тым, каб набіць жывот галушкамі, есці сала з салам, а там – хоць Дніпро не цячы. Маларосамі, на ягоную думку, былі апантаныя ярыя прыхільнікі “единорусской нации». Да ўкраінцаў Грушэўскі адносіў “самасційнікаў”.
Паспрабуем і мы зрабіць нешта падобнае з нашым народам. Вось што выйшла: бульбаш, суралеб, беларус. Бульбашу на ўсё і ўся пляваць. Абы ціха. Абы ў чыгуне была бульба. Аднаго з такіх я сустрэў зусім нядаўна ў вобліку саўгаснага шафёра. “ А па мне, - сказаў ён, - хай усю гэту Беларусь на дробныя кавалкі рэжуць, абы ў пятніцу далі зарплату”.
Каб зразумець значэнне слова “суралеб”, пачытайце яго наадварот. Гэта – класічныя перавёртышы. Яны на дух не прымаюць нічога беларускага. Ні акцэнту ( пра мову і не заікайся!), ні нашай гісторыі, ні нашай песні. Бульбу яны абавязкова называюць “картошечкой”. Яны “ чекають” і “ рекають” у дзесяць разоў апетытней ( так ім здаецца), чым масквічы. Яны русей самага рускага дзядзі Вані і быццам бы толькі ўчора вярнуліся з Кулікоўскай бітвы. Часам з-за такой хваравітай упёртасці іх хочацца пашкадаваць. Бедалагі, яны так хочуць запісацца ў вялікаросы, а ўсё чамусьці не атрымліваецца.
Беларусы ( іх няшмат, але яны ёсць ) чулі пра Вялікае Княства Літоўскае, часам чытаюць кніжкі Караткевіча, у застоллі, недзе пасля трэцяй чаркі, спяваюць “ Касіў Ясь канюшыну”. Усё яшчэ “ арганізоўваюцца” у народ.
***
А ці заўважылі вы, што ў назве мірнай мінскай рачулкі Свіслач чытаецца назва другой ракі – Вісла, той , на якой стаіць Варшава? Дарэчы, па Беларусі цякуць дзве Свіслачы, бо яшчэ адна такая назва маецца ў Гродзенскай вобласці. Аб чым гэта гаворыць? Гэта гаворыць аб тым, што нашы продкі ( частка нашых продкаў) прыйшлі на сваё сённяшняе месцажыхарства з Захаду.Калі б было наадварот, калі б яны ішлі з Усходу, то замест Свіслачы мы,з вялікай вераемнасцю, мелі б назву – Сволгач.
Улоўліваеце розніцу?

***
Маленькія ўтульныя краіны Балтыі... Эстонія, Латвія, Літва... Як зялёныя хутаркі каля бурлівага срэбнахвальнага мора, што шчодра плача бурштынам.
“ Ты – буры сын, бурштын”,- пісаў я калісьці. Клайпеда... Юрмала... Тоўсты Герман у Талліне... Там засталася часцінка і майго сэрца.
- А дзе ваш ляс, пляц, можа ( мора )? – здзіўлена спытала вясёлая палячка, што гасцявала ў майго знаёмага на дачы ў Зялёным і раніцой выйшла на беларускія “чатыры соткі”.
У маленькіх утульных краінах Балтыі ёсць усё: і ляс, і пляц, і можа. А яшчэ там ёсць – няскораны дух народу.

***
Рухомы пластычны свет… Нямецкамоўны вясковы аўстрыец Арнольд Шварцнегер спачатку зрабіўся галівудскім Тэрмінатарам, а нядаўна стаў англамоўным губернатарам буйнейшага амерыканскага штату Каліфорнія. І ўсё, у прынцыпе, нармальна, усё – заканамерна.

***
Да царыцы Клеапатры, грачанкі па паходжанні, правіцелі Егіпта цэлых 500 гадоў (!) гаварылі з егіпецкім народам не на ягонай роднай мове.

***
З надыходам новага Міленіўма, з пачаткам трэцяга тысячагоддзя нас, беларусаў, павіншавалі на нашай роднай мове. Зрабіў гэта ў прамым эфіры рымскі папа Іаан Павел Другі. Паміж дзесяткаў іншых моў наша мова прагучала прыгожа і годна па ўсім свеце.
Дык вышэй галаву, сябры! Бог ведае нас. Бог помніць нас і гаворыць з намі па-беларуску.

***
Што застаецца нам пасля жыцця, у час перадсмяротнай агоніі? Сціснутае ў кулаку паветра. І ўсё.

***
Калі мае разлікі не падводзяць мяне, то Фідэль Кастра кіруе Кубай ужо 44 (!) гады. Як увайшоў са сваімі “барбудас” у Гавану ў студзені 1959 года , дык і пасёння сядзіць там. Хто ён? Цар? Дыктатар? Камуністычны правадыр? Бацька народу? Улюбёнец жанчын? Хто ён? Няма адказу… Ягоная барада сівее, але ён перыядычна яе падфарбоўвае. І гаворыць, гаворыць… На мільённых (!) мітынгах, на сустрэчах з працоўнымі. Па некалькі гадзін запар.
Цікава, аб чым можна гаварыць 44 гады ( не спыняючыся) , калі народ краіны, якой ты кіруеш, атрымлівае прадукты па картках?

***
Не хвалюйцеся, спадары-аўтары. Нас чытаюць!
Асабіста я пры любым раскладзе паліграфічна-палітычна-эканамічных пературбацый стопрацэнтна ўпэўнены, што ў мяне (як мінімум!) маюцца два стабільныя нязломныя чытачы – я і мая жонка. А ў нашай беларускай сітуацыі гэта ўжо павышаны масавы тыраж!

***
Коні баяцца вярблюдаў, не вытрымліваюць іхняй лабавой атакі і зварочваюць. Гэта, дарэчы, адна з прычынаў перамаганосных войнаў ісламу ў першыя дзесяцігоддзі ягонага існавання.
Калі конь у час бою, спалохаўшыся, скідваў свайго гаспадара, каню адсякалі ногі па калені на тым самым месцы, на месцы падзення. Коні, як і людзі, вучыліся гераізму…

***
Каб аддзячыць богу, які жыве пад зямлёй, за сваё даўгалецце, жонка персідскага цара Ксеркса Аместрыда загадала закапаць жыўцом у зямлю 14 сыноў самых вядомых персідскіх вяльможаў.

***
У сівой старажытнасці лёсамі людзей кіравалі ксерксы. Сёння намі кіруюць ксераксы.

***
Яшчэ й сёння помняцца мне прозвішчы камуністычных правадыроў. Слюнькоў… Шчарбіцкі… Гарбачоў…
Хіба ж маглі ( прабачце) слюньцявыя, шчарбатыя і гарбатыя пабудаваць камунізм?

***
Парадаксізмы
· Нас мала, але мы ў лапцях.
· А хто там ідзе? А хто там ідзе? Рэвізоры.
· Не сячы сук, на якім павесішся.
· Пакуль тоўсты ссохне, худы патаўсцее.
· Кожны цыган сваю кабылу крадзе.
· Пашкадаваў воўк кабылу, пакінуў капыты ды чэк.
· Каб ведаў дзе ўпадзеш, саломку б падмёў.
· Начная зязюля з усімі пераспіць.
· Што рускаму здорава, то немцу культурызм.
· Не май сто рублёў, а май сто даляраў.
· Які поп, такі й дзяк.
· Сем разоў адмерай, раз перамерай.
· У ціхім балоце чэрці спяць.
· У сямі нянек дзіця без дыплому.
· Чаго глядзіш, як баран на новую шашлычніцу?
· Зязюля хваліць пеўня, а певень топча курыцу.
· Дзе нарадзіўся, там і аштрафавалі.
· Каб ты жыў на адну Нобелеўскую прэмію!
· Навучы дурня маліцца, дык ён атэістам зробіцца.
· Пралетарыі ўсіх краін, пахмяляйцеся!

 

Колькасць прачытаўшых: 3934
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел 1
  • Раздзел 2
  • Раздзел 3
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007