Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел 2

Заклікі да ўсіх святаў

Радасць праз дынаміт! Няхай жыве Нобелеўская прэмія!

Ашчадней расходуйце на рэкламу народныя грошы, спадары кіраўнікі Беларускай чыгункі! Замест слоў “железная дорога” ( 14 літар) двойчы друкуйце слова “чыгунка” ( 7 літар). Эканомце фарбу і паперу! Ура!

Адзін з кратэраў на планеце Марс назавем імем Хведара Жычкі, бо славуты беларускі паэт нарадзіўся ў вёсцы Марс! Ура, таварышы!

Аб”явім Мінскае мора Ціхім Акіянам!

Няхай жыве сусветная контррэвалюцыя, а флотамі ўсіх краін камандуюць толькі контрадміралы! Ура!

Дружней ідзіце на медыцынскія аналізы! Мы не рыцары-мечаносцы. Мы – мачаносцы! Спадар аксакал, здай свой кал!

Кіраўнікі горада-героя Мінска! Напішам 50 працэнтаў шыльдаў беларускай моваю! Ура! Ура! Ура!

Геаграфічныя неалагізмы

Мангол – мужчына без адзення.

Кітаец – ключнік з Тайланду.

Араб – абхазкі раб.

Туркмен – дзічына са спецыямі.

Турак – двайны рак.

Сірыец – паглыбляльнік мора.

Непалец – пажарнік.


***
У шматвекавой духоўнай гісторыі чалавецтва я адкрыў Сістэму Трох “Г”. Як пачалі людзі з міфаў ( ГАМЕР), дык і сёння жывуць міфамі (ГАЛІВУД) і, прабачце за самаўпэўненасць, - ГЕРАДОЦІНКАМІ. Вось такая яна – мая сістэма ГГГ!

***
Назоў горада Мір, таго самага, дзе ўзвышаецца славуты Мірскі замак, паходзіць ад цюркскага слова “эмір”. Так называліся ваеначальнікі крымскіх татараў. У 16 – ым стагоддзі яны перайшлі на службу да вялікіх літоўскіх князёў і разам з нашымі продкамі ліцвінамі ваявалі ў гэтых мясцінах супраць крыжакоў.
Стаю белым зімовым днём у чырвонацаглянай суровай вежы Мірскага замка, гляджу праз вузкую амбразуру акна ўдалячынь, і чуюцца мне ў віхурыстай срэбнадымнай снежнасці беларускага поля крыкі вояў, іржанне коней, гарачае гудзенне татарскай крылатай стралы… І на чорным стэпавым кані, узвіўшы над галавой крывую вострую шаблю, імчыць насустрач крыжацкаму войску адважны прыгожы эмір. Вось сутыкнуліся, са сталёвым хрустам урэзаліся адна ў адну дзве людскія лавіны, і закіпеў бой… І смерць шмат каго пацалавала ў самыя вусны. І вось упаў з чорнага каня на чырвоны снег той вершнік з крывой бязлітаснай шабляй. Нешта паспеў шапнуць… Пакацілася галава. Бывай, чарнавокі эмір. Няхай свецяць табе ціхія зоркі тваёй новай айчыны. Няхай свішча вецер…
Эмір… Эмір… Мір…

Шыльдачка
У вялізным шумным горадзе на маленькай ціхай вуліцы жыла шыльдачка. Калі быць больш дакладным, то яна вісела на шэрай ад пылу і дыму сцяне двухпавярховага будыначка. Зімой шыльдачку замятаў снег, вясной і ўвосень абліваў дождж. Адно адзінае слова было напісана на шыльдачцы – “ КРАМА “.
Але малютка не дужа каб сумавала, бо побач і далей у горадзе ( яна ведала ) вісела шмат самых розных шыльдаў. Яны былі яркія прыгожыя зіхоткія! У іх люстравалася сонца, а ўначы, калі неба не засланялі хмары, іх асвятляў таямнічым святлом блакітны месячны прамень. Ён і да шыльдачкі завітваў у госці, і яны сябравалі.
Кацілася кіпела жыццё. Працавалі офісы, канторы, установы… Мяняліся іхнія гаспадары.
Але аднойчы як бы нейкі ўраган праляцеў па горадзе – гаспадары пачалі чамусьці спехам абнаўляць свае шыльды і шыльдачкі. Зазвінела, пасыпалася шкло…
А пра нашу маленькую шыльдачку забыліся. А, можа, ейны гаспадар, малады барадаты хлопец, не пажадаў нічога мяняць?
Ды з цягам часу ганарыстыя суседкі пачалі пакепліваць з шыльдачкі:
- Ты не нашага роду-племені. Твая мова непадобная на нашу. Ха-ха-ха!
І пакрыўджаная шыльдачка горка заплакала. Добра, што ў той дзень церусіў дожджык і гарадскія чыноўнікі не заўважылі слёз, а то не здабраваць бы малютцы.
А ноччу прыляцеў з нябёсаў блакітны месячны прамень, клапатліва спытаў:
- Чаго ты плачаш, шыльдачка?
- Я не такая, як усе.
- Гэта яны не такія, як ты. Хочаш, я ўначы буду перапісваць шыльды на колішнюю мову, на тваю мову? Я ўмею гэта рабіць.
- Хачу, хачу, - радасна згадзілася шыльдачка.
І кожную ноч блакітны месячны прамень лётаў па горадзе, па сценах, па шыльдах… І на маленькай ціхай вуліцы аж да самага рання шчасліва ўсміхалася шыльдачка і ззяла ярчэй за ўсіх.
Ды вы , напэўна, бачылі яе.

***
“ Цягне мяне, цягне мяне на край!” – натхнёна спявае адзін з нашых музычных гуртоў. Глыбокія дакладныя словы. Сапраўды, не ведаю, як іншых, а мяне, а нас, творцаў, прынамсі , частку з нас , “ цягне на край”. Што гэта? Наканаванасць? Дурнота? Сапсаваныя гены? Не маю адказу.
На краю небяспечна, няўтульна, боязна, але – “ цягне на край!”

***
Рашаючы пасылаць або не пасылаць выклік Дантэсу на дуэль, Пушкін, як успамінае сведка таму Уладзімір Даль, то сядзеў, абшчаперыўшы галаву рукамі, то бег пад рукамыйнік і абліваў-студзіў галаву ледзяной вадою.
Апошнімі перадсмяротнымі словамі яго былі, як успамінае той жа Даль: “Кончена жизнь… Тяжело дышать… Давит…».
А перад гэтым ён, церпячы дзікі боль ад жорсткай раны, у найвялікшай скрусе вымавіў-выдыхнуў: « Тоска… Тоска…».
Не хацелася, ох, як не хацелася заўчасна паміраць яму, такому таленавіта-жыццялюбнаму і такому яшчэ маладому.

***
“ Калі вы йдзяце ў накірунку да Бога, вы ўжо прыйшлі да яго”. Паскаль.

***
Жывёлы не ведаюць аргазму. Іхнімі палавымі паводзінамі кіруе інстынкт падаўжэння роду. Аргазм – адчуванне культурна-сацыяльнае, не ўласцівае жывёлам. Прынамсі, так мяркуюць вучоныя.
Сапраўдны аргазм кароткі, як успышка маланкі… Людзі, некаторыя з людзей, хочуць падоўжыць яго наркотыкамі, але ў фінале гэтай іскрыстай яркасонечнай сцяжынкі – пакуты і чорная смерць.

***
А ці задумваліся вы над тым, што ўсе мы жывем ( нараджаемся, ядзім, кахаемся, спім ) на… магіле, бо Зямля – агульная магіла ўсіх без выключэння істот?

***
На дне рэчкі, што густа і назаўсёды зарасла дрымотным вільготным густатраўем, ляжыць Стод, вялізны грубы ідал, высечаны з чырвонага пясчаніку. Стоду за тысячу гадоў. У гэту сонную рэчку прывалок яго калісьці сівабароды худабокі старац Няўзор, калі ўцякаў ад дружыны менскага князя. Дружына ляцела за старцам на борздкіх гарачых конях, з вострымі дзідамі і шалёным сабачым брэхам. Ужо смерць халадзіла старцу Няўзору патыліцу, і ён, напружыўшы апошнія кволыя сілы, шыбнуў цяжкога ідала ў лугавую рэчку, а сам, кругляючы, як заяц, пабег да недалёкай пушчы. На самым ускрайку пушчы яго стапталі коні. А Стод, узвіўшы срэбны ланцужок паветраных пухіроў, лёг на дно, схаваўся ад людскога вока...
Ляжыць, дрэмле пад цёмна-рудай рачной вадою Стод. Стагоддзі плывуць над ім. Ляжыць ён угору тварам, твар даўно зацягнула ліпкім глеем, і толькі тырчыць з мяккай слізкай глеевай кашы нос. Аднойчы, гадоў мо сотню назад, прайшоў тут з таптухаю хлапчук – лавіў уюноў, ды наступіў босай пяткай на Стодаў нос і з енкам выскачыў на бераг.
Цякуць стагоддзі. Ляжыць уверх вачамі Стод. І бачыць толькі тое, што праплывае над ім – зоркі, месяц, хмары, сонца, стракоз, вераб”ёў і ластавак, незразумелыя яму, сыну дзесятага веку, самалёты.
Ляжыць на самым дне Стод, маўклівы ідал. То зорнае неба вісіць над ім, то скарынка зімовага цьмяна-срэбнага лёду. І чорны вусаты рак ходзіць да яго ў госці.
“ Што дзеецца зараз на Зямлі? – думае Стод, - Якія жывуць там людзі? Устаць бы... Але навекі засмактаў агідны глей...”
Саракатрохгадовы трактарыст Іван Пракапёнак ездзіў на сваім “Беларусу” па лужку ўздоўж рэчкі, касіў траву. Учора да цёмнага піў ён віно і самагонку з суседам Сяргеем Чарняком, і сёння злёгку гудзела ў галаве. Непадалёку ад рэчкі трактарок чмыхнуў, вільнуў коламі і спыніўся, змоўк...
Амаль з гадзіну ўвіхаўся Іван каля сваёй металічнай ламачыны, перапэцкаў мазутаю рукі і твар, ды ўсё дарэмна. Давядзецца ісці ў вёску, шукаць механіка Андрэя Дзегцяронка.
Іван плюнуў, увайшоў у ваду, каб абмыцца.
“ Мо ўжо чорналікія людзі завалодалі Зямлёю? – думае Стод, напружана ўзіраючыся ў брудны трактарыстаў твар, - Але хто б ты не быў, нахіліся, нахіліся нада мною, убач мяне, вызвалі з халоднага мёртвага глею, дастань са дна, пастаў на беразе тваёй рэчкі, бо твае ж прадзеды маліліся калісьці мне.”
Пракапёнак матнуў галавою, як спуджаны конь. Падалося раптам яму, што нечыя вочы пазіраюць з цёмнага рачнога дна, нейкія бураўчыкі наскрозь прасвідроўваюць душу. “Перабраў учора з Чарняком. Трэба завязваць з гарэлкаю”, - паныла скумекаў трактарыст.
“ Нахіліся нада мною, - моліць Стод, - Глыбей апусці ў рэчку руку. Усяго ж нейкія паўсажня вады аддзяляюць нас. Намацай, знайдзі мяне.”
Івану расхацелася мыцца. Ён хуценька выбег на бераг, махнуў рукою на трактар і жвава пашыбаваў у вёску да Сяргея Чарняка.
Цячэ над лясамі і лугамі ноч. Такою яна была і да Хрышчэння Русі, цёмнаю, таямніча-журботнаю. Нябесныя зоркі люструюцца ў вадзе. На рачным дне маўклівай рыбінай ляжыць, не спіць Стод.

***
Смялей стварайце свае радаслоўныя! Актыўней садзіце генеалагічнае дрэва! Я, напрыклад, і ўвесь мой род – прамыя нашчадкі спартанскага воя – гапліта Дыянека. Перад самым пачаткам славутай Марафонскай бітвы нейкі чалавек з поліса Трахіна , палохаючы спартанцаў, казаў: “ Калі персы выпусцяць з лукаў усе свае стрэлы, то адбудзецца зацьменне сонца.” На такія словы наш продак Дыянек бадзёра ўсклікнуў: “ Сябра з Трахіна прынёс цудоўную вестку! Калі персы зацемняць сонца, можна будзе біцца ў цяні!”
Адважны жыццярадасны Дыянек, ад цябе пайшлі ўсе Дайнекі! Наш родавы герб – кап”ё, пакладзенае на залаты кубак з віном. Наш дэвіз: “ Захоўвай, Дайнека, славу Дыянека!”
P. S. Улічваючы, што Марафонская бітва адбылася ў 490 – ым годзе да новай эры, мы, Дайнекі, Дайнекі – Марафонскія, старэй Рурыкавічаў і Раманавых, а таксама Радзівілаў, Патоцкіх, Ліпскіх і г.д. У 1259 годзе сам Міндоўг аддаў нам на вечнае валоданне Дайноўскае княства, што ляжыць між Нёманам і Віліяй. Наш родавы рыцарскі замак знаходзіцца ў горадзе Данецку, які па дамоўленасці з прэзідэнтам Украіны Леанідам Кучмам і Вярхоўнай Радай, з 2003 –га году называецца Дайнецк.
Яшчэ адно P. S. ( Прабачце за шматслоўе! ). У студзені 2004 году на востраве Кіпр у падзямеллі рыцарскага замка Калосі мне ўдалося адкапаць старадаўні піфас ( бронзавы збан ), у якім я знайшоў пергамен, напісаны ўласнай рукою Дыянека і ягоных сыноў і ўнукаў. Пергамен цудоўна захаваўся! Сачыце за новымі “Герадоцінкамі”! У бліжэйшы час я пачну друкаваць там шчасліва знойдзеную “ Дайнекіяду”.
Леанід Дайнека-Марафонскі.

***
Нам пастаянна ўнушалі ( і сёння ўнушаюць ! ) : “ Ах, які Напалеон бяка! Які ён крыважэрны захопнік, узурпатар, бандыт з вялікай дарогі і г.д.” А гэты самы Напалеон у 1807 годзе скасаваў у Польшчы прыгон. А гэты самы Напалеон у 1812 годзе стварыў у Вільні Часовы Урад Вялікага Княства Літоўскага.
Як гром, пранёсся ён па Еўропе, разбудзіў народы. Так, ён зрабіўся імператарам, але гэта быў Імператар Новага Часу. Са сваёй галавакружнай вышыні ён казаў кожнаму салдату і кожнаму просталюдзіну:
- Франсуа, Ян, Іван, ты таксама можаш стаць такім, як я.

***
Аказваецца, Адам Міцкевіч, польскамоўны сын Беларусі, жыў усяго за нейкую сотню крокаў ад легендарных руінаў замка Міндоўга ў Навагрудку. У гэтым я пераканаўся, пабываўшы ў Доме-музеі паэта, дагледжаным, чыстым і прыгожым. Зараз сюды, сказалі мне супрацоўнікі музею, ужо няма той шырокай шматлюднай плыні наведвальнікаў, як раней – не той час. Але музей жыве і рады кожнаму новаму госцю.
Маленькі Адам, ідучы ў гімназію або ў касцёл, адчуваў, не мог не адчуваць на сабе, пільны позірк старога разбуранага замка. Адам, вядома ж, не аднойчы блукаў па руінах, дакранаўся рукамі да велізарных валуноў, да сцен... Адсюль – ягоныя шчымлівыя рамантычныя балады і паэмы.
Яму не пашанцавала. Ён нарадзіўся ў 1798 годзе, а за тры гады да гэтага канчаткова сканала ягоная Радзіма, Рэч Паспалітая, падзеленая агрэсіўнымі суседзямі ў трэці раз. Усё жыццё, да самай сваёй смерці ў Канстанцінопалі ў 1855 годзе, ён марыў аб адраджэнні Польшчы, ён змагаўся за гэта. І не дажыў да таго светлага дня. Польскі Фенікс зноў узвіў свае крылы толькі ў 1918 годзе.
Удумаемся ў такі факт – цэлых 123 гады, чатыры чалавечыя пакаленні (!) – Польшча не існавала, як самастойная “непадлеглая” дзяржава. Але жыў польскі дух, жыла польская вера і польская мова. У самым сэрцы Польшчы, у Варшаве, актыўна наступальна працавалі рускамоўныя школы. Не было шыльдаў па-польску, мала было кніжак і газет. Але чатыры чалавечыя пакаленні ( ! ) народ чакаў, верыў, спадзяваўся. І верыць, і змагацца дапамагаў яму Адам Міцкевіч.
О ты, заступніца Прачыстая над намі,
Вярні ты нас усіх з выгнання!
З”яві свой цуд, каб зноў сустрэцца з родным краем,
Дазволь душы маёй , ахопленай адчаем,
Пераляцець туды, дзе поясам блакіту
Над Нёманам лясныя ўзгоркі апавіты...
Так пісаў ён у “Пане Тадэвушы”. Ён, наш адназямелец, вучыць цярпенню і веры і нас. І мы ідзем яго дарогаю.

***
Ну як я, Лявон Дайнека, магу быць не беларусам па духу, калі з маёй роднай Клічаўшчыны выйшлі два вялікія беларусы – Ігнат Грынявіцкі і Аркадзь Смоліч? Першы нарадзіўся ў фальварку Басін і, помсцячы за кроў паўстанцаў 1863 года, за смерць Каліноўскага, выбухам бомбы забіў 1 сакавіка 1881 года расійскага імператара Аляксандра Другога. Другі нарадзіўся ў вёсцы Бацэвічы, напісаў “Геаграфію Беларусі”, быў камісарам адукацыі ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі, загінуў у сталінскіх лагерах. У Бацэвічах жыла мая цётка Агапа Белакурская, трактарыстам, а потым кавалём рабіў у маёй роднай Змітраўцы басінскі хлопец Мікола Фясько.
Ну як я магу быць інакшым?

***
З 1067 году ( першае ўпамінанне ў летапісах ) да 1792 году ( другі падзел Рэчы Паспалітай ), цэлых 725 (!) гадоў , Менеск-Менск-Мінск жыў, працаваў, будаваўся, жаніўся, вучыўся, хрысціўся, хаваў сваіх памерлых і г.д. за межамі Маскоўскай дзяржавы, за межамі Расійскай імперыі. І ўсё было, як у людзей – нараджаліся дзеці, выбіралася мясцовая ўлада, жыла ў пісаных законах, гучала на вуліцах і ў сядзібах мясцовая мова, зазывалі людзей касцёлы, цэрквы, сінагогі і мячэці, ваявала з ворагамі дзяржавы войска. І маёвай ноччу над сіняй Свіслаччу цалаваў хлопец дзяўчыну.

***
Неяк я, будучы маладым гарачым студэнтам-журфакаўцам, прыехаў на канікулы з Мінску ў родную вёску і гнеўна пачаў ушчуваць сваю родную маці:
- Почему ты всё время разговариваешь по-белорусски? Неужели нельзя, как
все, говорить на русском языке?
Маці здзіўлена зірнула на мяне, сказала:
- А навошта?
Я й сёння, праз дзесяткі гадоў, стоячы над матчынай магілай, чую тыя словы:
- А навошта?

Вечар пытанняў і адказаў



- Што такое “Рыбакова хата”?
- Беларускае тэлебачанне.
- Чаму?
- Таму, што ім кіруе Ягор Рыбакоў.
- Здорава! Значыць, там жыве і квітнее дух Якуба Коласа, беларускі дух.
- Не жыве і не квітнее.
- Чаму?
- Таму, што “галоўны рыбак” не з Нёману, а з марознага сібірскага Новасібірску.


- Што такое баскетбол?
- Кошыкмяч.


- Хто такі Ліліпуцін?
- Прэзідэнт Ліліпуціі.


- Хто такія “уніяты”?
- Павел Паўлавіч Барадзін і ягоныя калегі.
- Чаму?
- Таму, што яны рыхтуюць унію (саюз) Расіі з Беларуссю.


- Ці ёсць “зязюльчына” мова?
- Ёсць.
- Якая гэта мова?
- Руская.
- Чаму?
- Таму, што ў свой час ейнае яйка адклалі ў “беларускае гняздо”, з яйка вылупілася птушаня і выкінула прэч мясцовых птушанятак, а птушкі-падаткаплацельшчыкі кормяць і кормяць зязюлю.


- Якія самыя ходкія тавары?
- Малако... Соль...
- Не. Хлеб і сувернітэт. Імі гандлююць заўсёды.


- Хто адкрыў Амерыку?
- Калумб.
- Не. Паляўнічыя плямёны, якія 18 тысяч гадоў таму прыйшлі з Азіі (тады яшчэ на месцы Берынгава праліва было сухазем”е) на Аляску.


- Якія краіны знаходзяцца адначасова ў дзвюх частках свету?
- Расія. Турцыя. Вялікабрытанія. Іспанія.
- А гарады?
- ?
- Істанбул (Стамбул). Ён размешчаны па два бакі праліву Басфор у Еўропе і ў Азіі.



- Які паўвостраў незадаволены сваімі памерамі?
- ?
- Ямал.


- На якой мове гаварыў Хрыстос, калі быў малы?
- На іўрыце.
- Не. На арамейскай мове.


- Што такое “Крамбамбуля”?
- Легендарны беларускі алкагольны напой часоў Вялікага Княства Літоўскага. Візітная картка нашага краю. Беларускі каньяк. Нацыянальны брэнд. Ім частавалі і частуюць усіх гасцей Беларусі. Фірма “Белпі – Беларускае пітво” распачала выпуск “Крамбамбулі” у 2003 годзе, годзе свайго 20-годдзя.

Гэй, паны, чаго паснулі?!
Келіх хто падняць гатоў?
Крамбамбульнем “Крамбамбулі” –
Будзем жыць па сто гадоў!

І дзядуля і бабуля,
І ў застоллі кожны госць,
Вам падорыць “Крамбамбуля”
Весялосць і маладосць.

Пі да дна й не будзе зябка!
Я вось п”ю – і не аслаб.
Мая бабка – баабабка,
Мой дзядуля – баабаб!

Я кажу хваробам: - Дулю!
Ауфідэрзэйн! Ад”ю!
Я з бабуляй і дзядулем
“Крамбамбулю” п”ю ды п”ю!

 

Колькасць прачытаўшых: 2350
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел 1
  • Раздзел 2
  • Раздзел 3
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007