Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел 3

***
Малаточак стукае: Тук! Тук!
Нібы дзяцел сухадрэвіну дзяўбе.
Спаць мы хочам. Ды няспынны гэты гук
Не дае заснуць ні мне і ні табе.

Прабягае, пралятае Час.
Мы старэем. І старэе з намі дом.
Мы памрэм. А за сцяной і пасля нас
Будзе нехта стукаць малатком:
Тук! Тук! Тук! Тук!
Тук! Тук!Тук!Тук!
Тук! ...

***
Я тут. Я там.
Я ўсюды. Я нідзе.
Хвала снягам
І дажджавой вадзе.

Калі яны
Твар абмываюць мой,
Вам сняцца сны
У цішыні начной.

Я ўжо не ваш.
Мой цень даўно памёр.
Як залаты міраж,
Мігценне зор.

Цяку ракой.
І дрэвамі расту.
За мой спакой –
Хвала Хрысту.

***
Няма куды з табой нам уцякаць.
Жыць будзем разам мы й не верыць цудам.
Павінны мы суіснаваць,
Як два гарбы двухгорбага вярблюда.

***
Пад покрывам суровым хмараў шчыльных,
Дзе вецер гойсае з траскучаю трубой,
Шкада людзей, якіх мы прыручылі
Паэзіяй сваёй.

Замест расы пілі атрутны стронцый.
Сэрцы выварочвалі з грудзей.
Паэтам верылі, як верыць неба сонцу.
Шкада людзей...

Апакаліпсіс
Прачнуўся, а ў горадзе – ні душы.
Толькі шыбы блішчаць. Тысячы шыб.
Толькі дрэвы стаяць нерухома, як смерць.
Густа льюцца з дратоў алюміній і медзь.

Прачнуўся, а горада ўжо няма.
Быў май яшчэ ўчора. А сёння – зіма.
Ляжыць на зацярушаным снегам газоне
Святы Мікалай з куляй у скроні.

Піла
Ты з дрэваў сок жыцця піла,
Піла.
Абрушвала сталёвы гнеў
На трапяткую мяккасць дрэў.
Ты лютым катам дрэў была,
Піла.

Ды вось вясёлы мужычок
Узяў цябе, узяў смычок
І паміж нашых шэрых спраў –
Зайграў!

О, вызвалення час святы!
Спяваеш ты. І плачаш ты.
І гэты чысты боскі гук,
І ўсхваляваных сэрцаў стук
Прэч адганяюць зло тваё,
Бо пяць хвілін за ўсё жыццё
Ты скрыпкай ( скрыпкай! ) пражыла,
Піла.

***
Не каўкай, кацяня.
Сядзіш на сметніку. І дождж цябе лупцуе.
Макрэча. Змрок.
Ніхто цябе не чуе.
Не каўкай, кацяня.

Не падбярэ цябе сумленны піянер.
Даўно схаваў ён свой чырвоны гальштук.
( Мо ў сметніку той гальштук?).
Іншым курсам-галсам
Плыве жыццё. Не да цябе цяпер.

Мы ўсе у нейкім сэнсе кацяняты.
Не маем веры, волі, грошай, хаты...
Нас выкінула дужая рука
На брудны сметнік.
Смачны гук пляўка
Ляцеў услед, у пацучыную дзяржаву,
У страх, у холад, у няславу...

Мы верым ночы,
Не чакаем дня.
Не каўкай, кацяня.

***
Парай хоць ты, Купала Яне,
З кім выпіць мне маё віно.
Куды ні глянь – адны славяне.
А беларусаў не відно.

***
Ні ва ўладу, ні ў апазіцыю
Не ідзі. Будзь абачліва-мудры.
А раптам не тую позу-пазіцыю
Зоймеш у палітычнай Камасутры?

Дэпутат
З трыбуны праціўнікам грозіць сурова,
Усіх абяцае перамагчы.
Хварэе ён нетрыманнем слова.
Лепш бы хварэў нетрыманнем мачы.

***
Ах, якая хвошча навальніца!
Бляск яе люблю.
Захацела неба наваліцца
На зямлю.

Ах, якія лётаюць маланкі!
Таньчаць танец свой
Хмары, чарнакосыя мулаткі,
Нада мной.

***
А нехта павінен пісаць і пра гэта.
Пра цэны і чэргі. Пра мокрае лета.
Пра гразь на дарогах дажджамі разбітых.
Пра дзетак сваімі бацькамі забытых.

А нехта павінен пісаць пра краіну,
Дзе золата мала. Пра бабку Гарпіну.
Пра лысага п”янага дзеда Лявона,
Што спіць каля газавага балона.

На твары ў старога і радасць, і мУка.
І ён абнімае балон, нібы ўнука.
На фірме унук той. У горадзе недзе.
Ён вельмі заняты. І ён не прыедзе.

***
Радзілі нас не там,
Дзе трэба б нарадзіцца.
Язычніцкім багам
Павінны мы маліцца.

Цяжэе слёз іртуць.
Згараюць душ маторы.
Мы – рэкі, што цякуць
Зусім не ў тыя моры.

Мы – летні снегапад.
Мы – хлеб, што нельга есці.
Як пладаносны сад,
Шуміць Еўропа дзесьці.

***
Гэй, ляціце ў хуткім танцы!
Біце ў звонкія званы!
Мы – славянскія ірландцы.
Бульбаеды, як яны.

Нораў ёсць у нас яршысты.
Ёсць упартасць. Ёсць і злосць.
І свае ў нас “ аранжысты”
Ёсць.

***
Калыска Цэзара і Перыкла,
Заўсёды юныя – Афіны і Рым.
І я, беручы з гарадоў гэтых прыклад,
Ніколі не назаву сябе старым.

***
У сябры нікога не заву.
На гарачым востраве жыву,
Там, дзе п”яны горад Лімасол
П”е марскі расол.

Лімасол ( па-грэцку, Лемесос )
Шмат пабачыў радасці і слёз,
Ды як той стары паэт Гамэр,
ШЧЭ НЭ ВМЭР.

Адпачну ад нашых недарэк.
Хай навучыць не бульбаш, а грэк,
Як на гэтым белым свеце жыць,
Як сябе й свой род не разлюбіць.




***
Не хапае адвагі
Узыйсці на вагі.
Тлусцею. Таўсцею.
Ад злосці пацею.

Невясёлы мой дом,
Бо ліха з ліх –
Быць таўстуном
У Краіне Худых.

***
Узрост пачынае кусаць,
Звярынай шчэрыцца пысай.
І цяжка не толькі пісаць,
Цяжка, прабачце, пІсаць.

Гіпертаніі раб,
Стэнакардыі нявольнік,
Пішу свае опусы, каб
Займець даляравы “ стольнік”,
Гарэлкі ў нутро заліць.
У шэрым натоўпе згубіцца,
Напіцца, а потым не піць,
Не піць. А потым напіцца.

***
Хто нас любові навучыць
У нашай злой старане?
За што вы пякуча-балюча
Ударылі зноў мяне?

Снегам у вочы лепіць,
Шапку рве з галавы.
Быў я за вас не лепшы,
Быў я такі, як вы.

Не ціскаў заморскіх гейшаў,
Араў пясок і жарству,
Дапамагаў слабейшым,
Грошы даваў на царкву.

Шукаў і знаходзіў ключык
Да шчасця – хоць і ўва сне.
За што ж вы пякуча-балюча
Ударылі зноў мяне?

Стаю над гадоў ракою.
Сэрца ў тузе дрыжыць.
Пакіньце мяне ў спакоі.
Дайце жыццё дажыць.


Спеў беларускіх жаўнераў
Льецца дожджык шэры.
Бітву час пачаць.
Станьма ў шыхт, жаўнеры.
Стрэльбы – да пляча!

Ёсць для стрэльбаў кулі.
Порах ёсць сухі.
Вораг не затуліць
Нашыя шляхі.

Зноў з гарматаў лупіць
Маскавітаў раць.
Вось на гэтым лузе
Трэба паміраць.

Стой, жаўнер. Не бойся
Ярасці магіл.
З намі Матка Боска.
З намі Радзівіл.

Залпам! Разам! Дружна! –
Стрэлім мы ва ўпор.
Маскавітаў душы
Паляцяць да зор.

Мы ж букеты кветак
Дзеўкам будзем рваць.
Сінявочак-дзетак
Будзем цалаваць.

І пакуль жывыя,
Дай, сябрук, руку.
Воўк ліцьвінскі вые
Вунь у тым ляску.

Сцяг схіліў, ганебна
Здаўся вораг злы.
Зноў у родным небе
Родныя буслы!

Чуецца над войскам
Пошум белых крыл.
З намі Матка Боска!
З намі Радзівіл!

***
Ад роднай зямлі не імчыце галопам.
Паслухайце, людзі, што я вам скажу:
“ Без Беларусі збяднее Еўропа.
Не на еўра.
На душу.”

 

Колькасць прачытаўшых: 2207
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел 1
  • Раздзел 2
  • Раздзел 3
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007