Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел 1

Леанід Дайнека

Герадоцінкі-4, або Галактыка галюцынацый

Мы жывем у Галактыцы галюцынацый.
... Магутны залатаскуры дыскабол падціснуў на ілбе густыя чорныя валасы скураным раменьчыкам, узяў у шырокую смуглую пяцярню правай рукі-дзясніцы адпаліраваны каменны дыск, прысеў, шырока размахнуўся, адначасова рэзка крутнуўшыся на правай пятцы, парывіста выкінуў усё сваё натрэніраванае цяжкое цела ўперад і шпурнуў-шыбнуў дыск. Загуло, засвістала паветра. Дыск паляцеў, як ядро з катапульты...
Мы жывем у Дыску, імя якому Млечны Шлях. Наша кропелька-планета Зямля знаходзіцца не ў цэнтры Дыска, а на ягонай ускраіне.Гляньце яснай летняй ноччу на неба. Велічная срэбная рака цячэ па ім. Гэта ўсё – зоркі, зоркі, зоркі... Цэлых 100 мільярдаў зорак! Аж дыханне займае. Бачачы Млечны Шлях, мы бачым сваю галактыку, яе,калі быць дакладным, рабро. Да Сонца ад нас – 150 мільёнаў кіламетраў. Прамень святла ( хуткасць ягоная – 300 тысяч кіламетраў у секунду) перасякае нашу галактыку за 100 тысяч гадоў.Да бліжэйшых ад нас галактык, Вялікага і Малога Магеланавых Воблакаў, якіх упершыню ўбачылі партугальскія маракі ў 16 стагоддзі, адпаведна – 165 і 200 тысяч светлавых гадоў.Лічбы гэтыя давяць на розум сваёй каласальнасцю, неадольнасцю, асабліва, калі памятаеш, што наша галактыка Млечны Шлях усяго толькі малюсенькая часцінка бязмежнага Сусвету. Як змірыцца з такімі лічбамі? Як жыць і як паміраць, калі ведаеш, што асабіста ты ніколі (!) не даляціш да Магеланавых Воблакаў?
Людзі, мы – кветкі, насенне якіх прынёс калісьці сонечны вецер з неабдымнага суровага Космасу і сыпануў на камяністыя раўніны і ўзгоркі дзікай маўклівай Зямлі. Як кветкі, мы заўсёды цягнемся да сонца, падстаўляючы яму свае твары. Як кветкі, цягнецца да сонца наш мозг, нездарма эвалюцыя зрабіла яго вышэйшай, самай бліжэйшай да Магеланавых Воблакаў (!) часткай чалавечага цела. Людзі, мы – кветкі. Ужо саспела наша насенне, ужо яно разрывае путы, запоры, цямніцы і хоча ляцець з Зямлі ў вечны блакіт. Там успыхваюць маланкі, там дыбяцца і цяжка абрушваюцца сонечныя пратуберанцы, там шчыльна і няўхільна, як чароды белых паўночных гусей, нясуцца метэарыты, там паміраюць і нараджаюцца зоркі, выбухаюць, робяцца зорным пылам таямнічыя планеты, там , як жахлівы ненаедны павук, паглынае, засмоктвае Чорная Дзірка ўсё жывое. Там ( я ўпэўнены ў гэтым!) жывуць і чакаюць нас нашы памерлыя бацькі і сябры. У белых адзежах, з яркімі вясновымі вянкамі на галовах, з усмешкамі на родных тварах стаяць яны на вяршынях узгоркаў, узняўшы рукі, і неадрыўна глядзяць у неба. О, якая гэта будзе Сустрэча!
Але дзе нашы касмічныя караблі? Дзе нашы зоркалёты? Як перамагчы і падмануць жорсткі сляпы Час?
Паляцім на мроялётах. На дырыжаблях, адлітых з галюцынацый і белых, як месячныя зіхоткія прамяні. І гэта не будзе падманам зроку альбо слыху. Гэта будзе магутным духоўным патрасеннем, што пераменіць нас, зробіць крылатымі, нібы воблакі і птушкі. Вырвемся з глыбіннага нутра Дыску, які калісьці кінуў у прастору космасу дыскабол па імені Бог.
На гэтым стаўлю кропку. Тэлебачанне перадае, што якраз у гэты самы момант амерыканскі марсаход “Spirit” узяў пробу мінералаў з марсіянскай скалы (!). 7 лютага 2004 года. Ад Зямлі да Марса каля 56 мільёнаў кіламетраў. Мы, людзі, даляцелі!
Метэарытных бур удары...
Каметаў вогненныя твары...
Густы клубок планетаў, нацый...
Галактыка галюцынацый...


***
Кабінет начальніка мінскага гарадскога гандлю. Начальнік, як і ўсе начальнікі – нервовы і незадаволены. Звоніць тэлефон. Нервова-незадаволены начальнік хмура бярэ слухаўку.
- Ало. Еўтуховіч слухае.
- Міхаіл Міхайлавіч! Міхаіл Міхайлавіч! – крычаць , аж захліпваюцца на супроцьлеглым баку проваду, - Толькі што перадалі па “Еўраньюс” ! Амерыканскі “Spirit” узяў пробы марсіянскага грунту і...
- І што? – меланхалічна перапыняе крыкуна Еўтуховіч.
- На Марсе была вада! На Марсе была вада! Аналізы паказалі, што на Марсе была вада, і, значыць, там...
- І , значыць, там яе зараз няма! – аж падскоквае за сталом Еўтуховіч.
Вочы ягоныя ззяюць як у Галілео Галілея, які толькі што праз падзорную самаробную трубу ўбачыў чатыры спадарожнікі Юпітэра. Ён кідае слухаўку, хапае другую і крычыць у яе перамаганосным звонкім голасам:
- Францавіч! Канчай спаць! Дзесяць фур вады “Дарыда” – на Марс! І фуру “Вогненнай вады” фірмы “Белпі”!

***
- Вось ты, Лёня, кніжкі сачыняеш пра старадаўніх людзей, як быццам сам у той час жыў, - сказаў мне аднойчы вясёлы сінявокі муж маёй сястры Дзіны леспрамгасаўскі шафёр Іван Пракапёнак, - А чым тыя людзі, прабач, задніцу падціралі, калі паперы і газетаў не было? Летам можна каліва травы ўзяць, жменьку лісцяў адшчыкнуць. А зімой? Елка ж калючая, а снег халодны. Ці кожны з сабой трапачку насіў? Адкажы, грамацей.
Я задумаўся і, паверце, думаю да гэтага часу.

***
Першымі ў 1945 годзе “водрузили» чырвоны савецкі сцяг над берлінскім рэйхстагам Мелітон Кантарыя і Міхаіл Ягораў.
Роўна праз пяцьдзесят гадоў, адразу ж пасля майскага рэферэндуму, не дачакаўшыся нават адпаведнай пастановы дэпутатаў, першым сарваў з флагштоку Вярхоўнага Савету, пачаў раздзіраць на касмылі бел-чырвона-белы беларускі сцяг Іван Ціцянкоў “со товарищи».
Гісторыя помніць усё...

***
На гербе Расіі ўвекавечаны арол-магільнік (!). Змрачнаваты сімвал.
Нядаўна па тэлебачанні прамільгнула паведамленне, што расійскія палітыкі далі заданне вучоным-арнітолагам гэтага арла, гэтую птушку перайменаваць (!).

***
Таямніцу жалеза і жалезнай зброі адкрылі недзе за 2500 гадоў да нашай эры хеты ( Малая Азія). І тысячу гадоў пад страхам смяротнай кары трымалі адкрыццё ў сакрэце.
Дарэчы, свае мячы і кінжалы старадаўнія цары спачатку рабілі-адкоўвалі з метэарытаў (!) , якія падалі з нябёсаў. Ужо потым знайшлі руду. Вось чаму ў народа ўсталявалася цвёрдая вера, што ўлада цара зямнога – ад Бога. Бог жа з неба (!) скінуў цару грозны смертаносны метал.

***
Арабская мова – мова пяскоў, мова маўклівых задуменных, як пяскі, вандроўнікаў-бедуінаў. І раптам яна, не маючы ніводнага паэта ці празаіка, які б пісаў на ёй, робіць галавакружны скачок уперад, становіцца свяшчэннай мовай Карану, раўняецца са славутымі бліскучымі грэцкай і лацінскай мовамі. За ўсё за гэта яна павінна нізка-нізка пакланіцца Магамету.

***
Жрацы старадаўніх народаў ( халдзееў, егіпцян, кельтаў, грэкаў, рымлян і г. д. ), усе гэтыя аракулы, магі, друіды былі пасрэднікамі паміж людзьмі і небам, з зямлі, засеянай магіламі, скіроўвалі позіркі ў неба, засыпанае зоркамі. У іх было вельмі шмат абавязкаў і прывілеяў. Яны вясною “будзілі” Ніл, яны залатымі сярпамі зжыналі ў спелым пшанічным полі першы сноп. І яны ж з”яўляліся паядальнікамі ахвярнага мяса свяшчэнных жывёлаў. У сувязі з гэтай іхняй прэрэгатывай мяне не пакідае неадчэпная і даволі непрыемная думка – няўжо слова “жрэц” паходзіць ад прымітыўных словаў “жраць” , “жэрці” ?

***
“ Камунізм, як сухі закон – ідэя добрая, але не працуе”. Уіл Роджарс.

***
“ Добра пашкрабі любога рускага – і знойдзеш татарына”. Напалеон.

***
“ Тая ж зямля і той жа Бог у лесе і ў ложку...”. Леў Талстой.

***
“ Не мы адчынілі беларускія дзверы і не нам іх зачыняць “. З перадуманага.


***
“ Мая адзіная айчына – Мая пустынная душа”. Канстанцін Бальмонт.

Парадаксізмы

 Язык да клінікі давядзе.
 На злодзеі – пажарная каска.
 У гародзе бузіна, а ў Кіеве Кучма.
 Кожная сасна свайму бору пень пакідае.
 Не кажы “гоп”, пакуль не абралі ў дэпутаты.
 Не лезь паперадзе бацькі да палюбоўніцы.
 Заплаціў падаткі і спі на голай зямлі.
 Нязваны госць лепей, чым падатковы інспектар.
 Цягнуў воўк – пацягнулі паляўнічага.
 Бабская дарога ад печы да кухоннага камбайну.
 Босы бос.
 Худы сумаіст.
 Баскетбаліст-ліліпут.
 Трохгаловы арол.
 Лісічкі, сыраежкі і падпальмавікі.

***
Заўсёды думаў, што Юбілейная плошча ў Мінску ( раён вуліцы Максіма Танка, дзе я жыву) названа так у гонар нейкага чарговага камуністычна-савецкага юбілею. Аж не. У 1825 годзе (!), святкуючы 1500-годзе (!) Нікейскага сабору, на якім канчаткова перамагло хрысціянства, мінская шляхта ўрачыста ўзвяла на гэтым самым месцы юбілейны помнік. Ён, як павялося ў нашай бяспамятнай дзяржаве, быў, вядома ж, знішчаны.

***
Паміж псеўданімаў Канстанціна Міцкевіча-Якуба Коласа ёсць і такі псеўданім – Адзінокі.
Як мне вядома гэткае адчуванне!

***
У “Толковом словаре русского языка” Сяргея Ожэгава і Наталлі Шведавай ( 2001 г.) – 80000 слоў і фразеалагічных выслоўяў. У “Толковом словаре иноязычных слов» Леаніда Крысіна ( таксама 2001 год) – 25000 слоў.
Задумайцеся над лічбамі. Амаль кожнае трэцяе слова “великого и могучего” ... адтуль. Спадзяюся, зразумелі – адкуль. Як раней казалі, “ з-за бугра “.

***
Прэзідэнт Украіны Леанід Кучма напісаў ( і калі толькі дзеючыя палітыкі знаходзяць час на пісаніну?) і выдаў кніжку “ Украіна не Расія”. Смелая назва. Галоўнай мэтаю сваёй кніжкі Леанід Данілавіч бачыць “ абарону украінскасці ва украінцах”. Смелая мэта. У нас бы такое не прайшло. У нас, калі быць шчырым, абаронцамі “беларускасці” з”яўляюцца нашы беларускія пісьменнікі, частка мастакоў, журналістаў, гісторыкаў і музыкаў, Таварыства беларускай мовы Алега Трусава і каталіцкі касцёл. І ўсё. Палітычныя партыі я не бяру ў разлік, бо, па-першае, сам прынцыпова стаю па-за палітыкай, а, па-другое, гэта такое супер-балота дзе сам д”ябал шыю скруціць.

***
Першым горадам у маім жыцці быў Каралевец-Кёнігсберг-Калінінград. Чаму – першым? Быў жа я праездам у Мінску, Вільнюсе і Клайпедзе. Але ў гэтым горадзе, які стаўся пачаткам маіх доўгіх вандраванняў па Сэ-Сэ-Сэ-Ру, я затрымаўся ажно на сто дзён...
У Калінінград я прыехаў 1 жніўня 1956 года з Клайпеды пасля няўдалай спробы паступіць у клайпедскую мараходку. Быў спякотны дзень. Паміж чырвонацагляных руінаў бегалі паўголыя загарэлыя хлапчукі. Дзень-другі я аціраўся каля чыгуначнага вакзалу, дрэмлючы ноччу ў нейкай глыбознай яме. Напэўна, гэта была варонка ад бомбы. Потым у багажным аддзяленні вакзалу мне сустрэлася зямлячка, Марыя Сасноўская са станцыі Несята, і павяла мяне ( трамваі і аўтобусы не хадзілі) да маёй сястры Нюры, якая вучылася на прадаўца і здымала кватэру ў Балтыйскім раёне. Да сустрэчы з Марыяй я паспеў адправіць сваім бацькам у Змітраўку настальгічны ліст. Гэтыя дзень-два ў мёртвым разбомбленым горадзе, у ванючай яме паміж зашмальцаванага падазронага люду ( сёння я назваў бы іх бамжамі ) мне было так востра-адзінока! Там, каля дымнага кёнігсбергскага вакзалу, парвалася нітка, што яднала мяне з маім дзяцінствам, парвалася назаўсёды.
Нюра з самай раніцы ішла на вучобу. Маёй задачай было, адстаяўшы ў даўжэзнай чарзе купіць літр малака ( парожні літровы слоік я прыносіў з сабою ), і чакаць яе дома. І, крый божа, не швэндацца па разбітых вуліцах, бо Калінінград поўніўся чуткамі, што ў падзямеллях, ды й проста ў бясконцых руінах ( 1956 год! 11 гадоў пасля заканчэння вайны! ) хаваюцца нямецкія афіцэры-эсэсаўцы з аўчаркамі. “ Яны жывуць там”, - шэптам казала нам Марыя Сасноўская, калі ўвечары на цеснай куханьцы мы пілі малако з чорным хлебам. “У іх цэлыя склады мясных кансерваў і шакаладу. Я хаджу, дакладней, бегаю на працу праз руіны, бо дужа ж баюся, і не адзін раз чула як пад зямлёй гаўкаюць сабакі. Аднойчы нават дымок бачыла з-пад зямлі.” Мы змаўкалі і спалохана глядзелі на чорныя вечаровыя вокны.
Прынёсшы дадому традыцыйны літр малака, я , вядома ж, “швэндаўся па вуліцах”. Учарашні вясковы беларускі хлапчук, я адкрываў для сябе мой першы горад, прыгожы горад, еўрапейскі горад, горад рыцараў, філосафаў, залатарукіх будаўнікоў, адважных маракоў і нястомных купцоў. Я хадзіў, блукаў па руінах, пералазіў жахлівыя завалы з патрушчанай чырвонай цэглы, бачыў разбураныя кірхі-цэрквы, калісьці акуратныя засыпаныя чорным попелам дворыкі... Я стаяў у гіганцкім знявечаным саборы ля магілы Імануіла Канта. Па верхняй накрыўцы прыгожага старадаўняга саркафагу бегла пачварная хвалістая трэшчына. Сасноўская казала, што магілу ўскрывалі афіцэры Чырвонай Арміі. Што шукалі афіцэры ў магіле філосафа? Ідэі? Золата?
З тых незваротных і незабыўных дзён я палюбіў готыку, я палюбіў цёмначырвоную цэглу. З тых дзён ( і да скону ) я палюбіў Еўропу.
Хачу зазначыць, што я не проста так жыў у маёй вясёлай і цярплівай сястры ( “сядзеў у Нюры на шыі” – як укалола мяне неяк маці ). Я актыўна і пастаянна шукаў магчымасць пайсці ў мора. Туды, у мора, ( радыстам на рыбацкім сейнеры ) хадзіў мой старэйшы брат Алік, і я “звіхнуўся” морам. Яно ( паралельна з дзяўчатамі-прыгажунямі юначых палюцыйных сноў ) снілася мне тады штоноч. Я чакаў, што вось-вось з плавання вернецца судамеханік Геня Валадкевіч, наш змітраўскі сусед, і возьме мяне на свой карабель , і я ( о, доўгачаканы цуд! ) пайду ў “ загранку”. Са змітраўскай школы мне прыслалі цудоўную характарыстыку, бо без яе, без палітычнай характарыстыкі ( спецыяльна падкрэсліваю слова - “палітычнай” ) мяне б далей калінінградскага вакзалу нікуды б не пусцілі. Такі быў час. Характарыстыку напісаў, заверыў і прыслаў на наш з Нюрай адрас завуч змітраўскай школы Іосіф Дзямідавіч Счыслёнак. Залаты чалавек! Скончыў жыццё ён трагічна – павесіўся. Прычым, ( куды там галівудаўскія сюжэты! ) павесіўся на вяроўцы, на якой незадоўга перад гэтым апускалі ў зямлю труну з маім родным дзядзькам Ёсіпам Дайнекам. Я яшчэ напішу пра гэты таямнічы выпадак, а тады...
-Геня Валадкевіч прыйшоў з плавання, з Джорджас-банкі! – урачыста аб”явіла дажджыстай вераснёўскай раніцай Марыя Сасноўская. І я пашыбаваў да Гені.
Хачу папярэдзіць сваіх магчымых чытачоў, што ў мора я так і не схадзіў, навекі застаўшыся “сухапутным пацуком”. Успамінаю ж я гэты далёка-незваротны дзень усяго дзеля адной-адзінай назвы – Стараканаўная. Такое было імя вуліцы, на якой жыў мой зямляк. Памятаецца, прачытаўшы гэту недарэчную назву на іржавай скрыўленай шыльдачцы, я, шаснаццацігадовы і рамантычны, адразу ж падумаў: “Няўжо нельга было прыдумаць іншае, больш прыгожае імя? Няўжо трэба было браць крывавым штурмам гэты прыгожы старадаўні горад, знішчаць яго, раўняць з зямлёй, каб урэшце-рэшт у самым цэнтры гэтага горада рыцараў, філосафаў і паэтаў , за нейкія сотні метраў ад магілы вялікага Канта , замяніць нямецкае імя вуліцы ( я, вядома ж, не ведаў ранейшае імя гэтай штрасэ ) на зневажальную грубую клікуху?”. І я адчуў ( клянуся, я тады ж адчуў! ), што не толькі Германія, але й Еўропа пакрыўджаныя. І я пакрыўджаны, я, які так любіў літаратуру, гісторыю, філасофію.
Усё лета тады ішлі дажджжы. І я хадзіў па мёртвым горадзе.. Мне здавалася, што чырвонацагляныя руіны здзіўлена прыслухоўваюцца да рускай, новай, чужой мовы, не могуць зразумець што адбылося. 690 гадоў тут жыла нямецкая мова і раптам прыйшлі чужынцы і прымушаюць гаварыць не па-нямецку.
Усё лета ішлі дажджы. І мне здавалася, што горад плача...
Кёнігсберг быў заснаваны ў 1255 годзе на землях прусаў-балтаў. 690 гадоў быў ён нямецкім горадам. З 1945 года – ён частка Расіі, дакладней, рускі востраў, Літвой і Беларуссю аддзелены ад метраполіі. Разгублена азіраецца ён па баках, не ведаючы, што чакае яго...
Я люблю гэты горад, горад майго юнацтва. Там і сёння жыве мая сястра Нюра. За некалькі кіламетраў ад яго ў рыбацкім пасёлку Светлым амаль на самым беразе мора – магіла майго брата Аліка. Парадокс чалавечых лёсаў – Алік ніколі не хацеў быць мараком, але стаў ім і ўсё жыццё хадзіў у мора, і пахаваны ля яго. Я ж трызніў морам, ды яно адвярнулася ад мяне.
Шумяць балтыйскія сосны над магілай Аліка... Шумяць дажджы... Спяваюць аб далёкіх марскіх дарогах.
Я стаю пад соснамі і ў галаве ў мяне неадчэпна круціцца верш:
Як ляжыш пад прускім небам, брат?
Што ты сніш у месцы невясёлым?
Помніш, як садзілі з бацькам сад
У далёкім годзе сорак сёмым?
Наш стары сад у Змітраўцы зноў расцвіў без нас...

 

Колькасць прачытаўшых: 3447
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел 1
  • Раздзел 2
  • Раздзел 3
  • Раздзел 4
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007