Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел 2

***
- Ало! Гэта Палац Рэспублікі?
- Так. Гэта – Палац Рэспублікі.
- З вамі гаворыць імпрэсарыо Мікіта Відэльскі. Рыхтуйцеся да музычна-эратычнага тайфуну! Вязу ў ваш горад непараўнальнага непераўзыйдзенага спевака!
- Як прозвішча артыста?
- Клаўдзій Вар. “Бітлз” плюс “Песняры” у адной асобе! Нябесны голас і такая ж нябесная знешнасць! Нам патрэбны апартаменты-люкс, доўгі белы ( абавязкова белы!) лімузін. У люксе – шампанскае ў срэбным вядзерцы, апельсіны, лімоны, ківі, трошкі ахалоджанай нятлустай вяндліны. І каб яна была дробненька-дробненька парэзаная. На сцэне, за кулісамі, нам патрэбны фісташкі, цукеркі-цягнучкі...
- Паслухайце, ну й апетыты ў гэтага вашага Клаўдзія! Хай спачатку паспявае, голас пакажа. У нас сам Кабзон, сам Іосіф, такога не патрабаваў!
- Кабзон не Кабзар, гэта, значыць, не Тарас Шаўчэнка! І, наогул, хто ён такі, Кабзон?
- Ды з якой вы Белавежскай пушчы з”явіліся? Кабзон – гэта Кабзон! Гэта – Народны артыст СССР!
- О-ё-ё-ёй! Упаў! З крэсла зваліўся! А зараз – паслухайце вы! Клаўдзій Вар – Народны артыст Рымскай імперыі!


Куды дзеўся народ?
Спадары этнографы, сацыёлагі, гісторыкі, эканамісты і г. д. Піша Вам Цімох Лебяда з вёскі Зялёная Парэчка, што пад Барысавам. Працую саўгасным фуражырам, маю жонку і двое дзетак. Дужа хвалюе мяне пытанне – куды знікаюць народы? Зніклі гуны, вандалы, рымляне... Але тое было дужа даўно, і, як кажа мая жонка Жана, няпраўда. Вы ўсё вельмі правільна тлумачыце ў сваіх вучоных кнігах, але, прабачце, нават Вы не заўважылі знікнення ўжо ў нашыя часы вялізнага народу, колькасцю гэтак пад 230 мільёнаў. Якога народу? Савецкага. Ужо ж даўнавата не нападалі на нас ні татара-манголы, ні французы. Вось падкінуў каровам сена і сяджу, ламаю галаву. Куды дзеўся народ? Народ жа не іголка. А, можа, спадары вучоныя, мае рацыю мая Жана? Яна ў школе тэхнічкай робіць і пазаўчора сказала, што быў у нас у мінулым стагоддзі правадыр Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў. Вось гэты самы Мікіта аб”явіў цэламу свету ( ён, сказала Жана, дужа чамусьці кукурузу любіў): “ Першым чалавекам на Месяцы будзе савецкі чалавек! “. Дык, можа, як гаворыць мая Жана, савецкі народ ( Увесь! Да апошняга чалавечка!) і паляцеў на Месяц?
Прашу тэрмінова адказаць. Можна – тэлеграмай.

***
Славуты Альберт Эйнштэйн, бацька тэорыі адноснасці, на запытанне германскага ўраду – куды б найлепей уладкаваць вучоных з карысцю для іх і для дзяржавы , адказаў, што самая лепшая праца для вучоных – быць наглядчыкамі маякоў (!). І грошы атрымліваюць за сваю службу, і застаецца маса вольнага часу для роздуму аб навуковых праблемах, прытым, у такім рамантычным месцы!
Што сказаць? Геній ёсць геній!

***
Пэўна, на тым свеце не ўсё так дрэнна, калі да гэтага часу ніхто адтуль не вяртаўся.

***
Акцыя “Рок супраць наркотыкаў” тое ж самае, што – “Пчолы супраць мёду”.

***
Вы чулі , каб нехта плаціў грошы за магчымасць паплакаць?
У 132-135 г.г. яўрэі ўзнялі чарговае яраснае паўстанне супраць Рымскай імперыі. На гэты раз у бітву іх вёў Бар-Кохба ( Сын Зоркі ). Ягоныя людзі знішчалі салдатаў праціўніка ўсюды: у гарадах і вёсках, на горных дарогах, у пустыні... Акружаныя рымлянамі, яны знікалі пад зямлёй, бо загадзя, рыхтуючыся да паўстання, навыкопвалі шматкіламетровыя падземныя хады.
І ўсё-ткі зноў перамагла Імперыя.
Іўдзея, Ідумея, Самарыя, Галілея былі заліты крывёю. Рымляне знішчылі Іерусалім, сцёрлі з твару зямлі Святы Храм. І толькі раз у год ( у дзень узяцця Іерусаліма! ) яны дазвалялі яўрэям паплакаць на руінах Храму, змазаць ялеем пасечаны камень, які значыў месца, дзе калісьці была Святая святых...
“ У гэты дзень,- піша святы Іеранім, - ты мог бачыць панылы натоўп, народ самы нікчэмны. Лядашчыя жанчыны, старыя ў рызманах... Усе плачуць. Слёзы ліюцца у іх па шчоках. Але падыходзіць рымскі салдат і патрабуе плату за дазвол паплакаць яшчэ трошкі”.
Галоўнага яўрэйскага раві Акібу, які абвясціў Бар-Кохбу месіяй, падтрымаў стрэмя, калі той садзіўся на баявога каня , ўмацоўваў дух паўстанцаў кажучы: “ Надыходзяць жахлівыя дні. Рыхтуйцеся да смерці “, рымляне аддалі на жорсткія пакуты. Яны здзіралі з яго скуру распаленымі на агні чырвонымі жалезнымі крукамі, а ён крычаў: “ Іегова наш Бог! “, “ Іегова Бог адзіны!”. Слова “адзіны “ ён цягнуў доўга-доўга, да апошняга свайго ўздыху...

***
У Расіі пачалося “ паляванне на алігархаў “. Шумна, з гвалтам, з барабанным грукатам у газетах і на тэлебачанні...
Гэтак сама ў вярхоўях Нілу чорнаскурыя тубыльцы палююць на кракадзілаў-алігатараў.

***
Люблю шукаць падабенства ў словах з розных моў. Вось беларускае слова – ляда, г. зн. , вызваленая ад густога лесу зямля, зямля , на якой можна сеяць. Вось англійскае слова – лэнд, г. зн., зямля, краіна. Вось беларускае слова – гладыш, г. зн., гліняная пасудзіна для малака. Раней думалася, што паходзіць яно ад слова “ гладкі “ – гладкая гліна, гладкая паверхня... Але жывучы на Кіпры, сутыкнуўся з грэцкім словам “ гала “, г. зн., малако. Плюс англійскае слова “ дыш “, г.зн., блюда, і атрымліваецца – гладыш (!), гліняная пасудзіна для малака.
Беларускія ягады - “ журавіны” па-англійску “ cranberries “, г. зн., “ жураўліныя ягады “ (!). Вось так! Адным словам, усе мы – сваякі, усе мы - індаеўрапейцы!

Рэкамендацыя
За сваё жыццё я даў нямала пісьмовых рэкамендацый. Званілі самыя розныя людзі, прасілі: “ Дайце рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў, у Камуністычную партыю”. Даваў, нікому не адмаўляў. Прычым, даваў ( так практыкавалася ў той час ) у двух экземплярах.
Адну рэкамендацыю, не пісьмовую, а вусную, помню і дагэтуль. Патэлефанаваў мне Уладзімір Пракопавіч Някляеў, вядомейшы наш паэт, песеннік, рамантык і... проста прыгожы хлопец , улюбёнец многіх дзяўчат. Тады ён рабіў літкансультантам у камсамольскай газеце “ Знамя юности “.
- Леанід Мартынавіч, - данеслася з тэлефоннай слухаўкі, - Парайце, на якой мове мне пісаць – на рускай ці на беларускай?
Пытанне, як кажуць, на засыпку. Для творчага чалавека, для нашага брата
“ сачыніцеля “, асабліва, у нашых беларускіх славянскасцях, выбраць мову
важней, чым выбраць жонку. Прынамсі, я так лічу.
Задумаўся я тады, узяў паўзу. Што сказаць чалавеку? На якую амбразуру яго кінуць? Я ж не аракул. А раптам – памылюся, саб”ю паэта з творчага рытму?
- Пішы , Валодзя , па-беларуску , - сказаў я.
З таго дня праляцелі-прашумелі дзесяцігоддзі. Уладзімір Някляеў , выдатны паэт і празаік, напісаў мноства бліскучых твораў, кіраваў газетамі, часопісамі і Саюзам пісьменнікаў, сябраваў з уладамі і быў у апазіцыі, піў віно і кахаў жанчын... Я сёння не ведаю нават дзе ён знаходзіцца. Але я ведаю, што Уладзімір Пракопавіч Някляеў піша на беларускай мове, Някляеў не клюнуў на пазалочаны кручок “ нынешней реальности “. А нядаўна ў адной з газет я прачытаў ягоны роздумны тэмпераментны артыкул “ Беларускі Бог не за гарамі “.
Малайчына, Вальдэмар.

***
Зноў не магу не ўстрымацца ад захаплення – якая дакладная, якая лаканічна-эканомная, якая “рэкламная” беларуская мова! Па тэлебачанні ( у які ўжо раз! ) круцяць рэкламу “ Мінскгазу” : “ Угарный газ смертельно опасен для здоровья… Угарный газ… “. Ды скажыце проста і рэзка : “ Чад! Чад – смяртэльна небяспечны! “. Тры літары, усяго тры літары заместа дзесяці! Яна “ карацей “ ( правительство – урад, обьявление – аб”ява, заявление – заява , издевательство – здзек , движение – рух і г. д. і г. д. ) , і , значыць, эканамічней рускай мовы. Колькасць знакаў, што ўмяшчаецца ў рускай мове на 1 друкаваным аркушы, зойме па-беларуску плошчу ўсяго каля 0, 94 друкаванага аркуша. Не, такая мова не памрэ. Вось таму мы, беларускія пісьменнікі, пісалі і будзем пісаць на ёй. І чытачоў у нас хопіць.

***
Усё жыццё ўсе мы вучымся. У сем”ях, у дзіцячых садках, у школах, у тэхнікумах ды інстытутах, у войску, на працы, на курсах, на курортах, у турмах і г.д. і г.д. А вось як навучалі ў палацінскай школе Алкуіна ( Рым ) сваіх вучняў у 790 годзе, 1214 гадоў таму (!). Вучні задавалі пытанне – Алкуін адказваў.
- Што такое літара? - Вартавы гісторыі.
- Што такое слова? - Здраднік душы.
- Хто нараджае слова? – Язык.
- Што такое язык? - Бізун паветра.
- Што такое паветра? - Захавальнік жыцця.
- Што такое жыццё? - Для шчаслівых радасць, для няшчасных гора, чаканне смерці.
- Што такое смерць? - Непазбежныя абставіны, невядомая дарога, плач для жывых, выкананне завяшчанняў, разбойнік для чалавека.
- Што такое чалавек? - Раб старасці, падарожнік, які праходзіць міма, госць у сваім доме.
- На што падобен чалавек? – На шар.
- Як размешчаны чалавек? – Як лампада на ветры.
- Як ён абкружаны? - Шасцю сценамі.
- Якімі? - Зверху, знізу, спераду, ззаду, зправа і злева.
- Колькі з ім адбываецца пераменаў? – Голад і насычэнне, спакой і праца, нядрэмнасць і сон.
- Што такое сон? - Воблік смерці.
- Што складае свабоду чалавека? – Невіноўнасць.
- Што такое галава? - Вяршыня цела.
- Што такое цела? - Жытло душы.
- Што такое валасы? - Адзенне галавы.
- Што такое барада? - Адрозненне полаў, пашанота пажылога ўзросту.
- Што такое мозг? - Захавальнік памяці.
- Што такое вочы? - Правадыры цела, умяшчальнікі святла, тлумачальнікі душы.
- Што такое ноздры? - Праваднікі паху.
- Што такое вушы? - Збіральнікі гукаў.
- Што такое лоб? - Воблік душы.
- Што такое рот? - Харчавальнік цела.
- Што такое зубы? - Жорны.
- Што такое сонца? - Ззянне шару, краса нябёсаў, шчасце прыроды, гонар дня, размеркавальнік гадзінаў.
- Што такое месяц? - Вока ночы, падавальнік расы, прадказальнік непагадзі.
- Што такое зоркі? - Пярэстасць неба, накіроўніцы мараходаў.
- Што такое дождж? - Зачацце зямлі, якое канчаецца нараджэннем пладоў.
- Што такое туман? - Ноч сярод дня, цяжар для вачэй.
- Што такое зямля? - Маці-парадзіха, карміліца жывых, келля жыцця, пажыральніца ўсяго.
- Што такое вада? - Падпора жыцця, амавенне нячыстототаў.
- Што такое снег? - Сухая вада.
- Што такое вясна? - Жывапісец зямлі (!).
Яшчэ раз хачу напомніць, што так думалі, так паэтычна гаварылі ажно 1214 гадоў таму назад.

***
Вы пытаеце – калі прыдзе Канец Свету? А ён жа прыходзіць ( сотню тысяч разоў прыходзіць!) кожны дзень. Са смерцю кожнага жывога чалавека прыходзіць Канец Свету.

***
- Ведаеш, чый тэлефонны званок я хацеў бы пачуць зараз? – пытаецца паэт Аркадзь Галапупік у сваёй жонкі Клеапатры Сідараўны. Яны сядзяць на кухні і сумна п”юць халодную травяную гарбату. Да палучкі ў Клеапатры ( Аркадзь Галапупік, як творчая асоба, прынцыпова нідзе не працуе ) засталося паць дзён. Кашалёк і халадзільнік – пустыя, як пасля набегу хана Мамая.
- Званок чытача? – пачынае адгадваць Клеапатра. Яна, як ні дзіўна, пасля дванаццаці гадоў сумеснага жыцця не расчаравалася ў мужы і нават у гутарках з сяброўкамі, нібы абмовіўшыся, называе яго – “ мой геній “.
- Не, - шумліва адсёрбвае гарбату Аркадзь.
- Чытачкі? Той, з віхлястым задам?
- Не.
- Крытыка Рыдлёўкіна?
- Не, Клеапатрачка, не, - моршчыцца Галапупік. Дванаццаць гадоў ён жыве з ёю ( а жыць з такім лірычным паэтам, скажу я вам, подзвіг роўны подзвігу Жаны Д”Арк ) і ўсё здзіўляецца – як даўмеліся рабацягі з Мінскага трактарнага даць сваёй дочачцы такое царскае імя?
- Ну, не ведаю, - капрызна моршчыць носік Клеапатра Сідараўна.
Галапупік цалуе яе ў шчочку.
- Я, дарагая Клеапатрачка, магу назваць імя гэтай высокашаноўнай асобы. О, гэтае імя! Рэдкае. Святое. Не наша.
Пры такіх словах Клеапатра нервова ўздрыгвае, чырванее, падазрона-заклапочана глядзіць на мужа.
- Не наша? Не славянскае, ты хочаш сказаць? З кім ты звязаўся, Аркаша?
Вось-вось з вялізных блакітных вачэй пральецца срэбны слёзны дожджык.
- Ды ты што, Клеапатра? – ставіць на стол кубак з гарбатай і моцна прыціскае жонку да грудзей лірычны паэт, - Аркадзь Галапупік не водзіцца з рознай там шушарай. А хачу я каб мне пазваніў зараз сам Спонсар Мецэнатавіч Інвестарчук!

 

Колькасць прачытаўшых: 2353
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел 1
  • Раздзел 2
  • Раздзел 3
  • Раздзел 4
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007