Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел 3

***
Ссушаны пастом стары худы манах, у жылах у якога цячэ ўжо не кроў, а нешта падобнае бруснічнаму соку, ішоў з цяжкой касой на плячы абкошваць лужок уздоўж манастырскай сцяны. Пырскаў краплісты халаднаваты дожджык, але манах не зважаў на яго. Па дарозе напаткаўся яму аўтамабіль – дзверы шырока расчынены, галдзяць п”яныя маладзенькія турыстачкі і турысты, квадрацік тэлевізійнага экрану свеціцца, як спакуслівае вясёлае вока, з паўзмроку салону. На экране – амаль голая, абсыпаная залатымі бляшкамі-зорачкамі, вельмі прыгожая спявачка. Яркія вусны, упэўнена-шырокі рот з точанымі фарфоравымі зубкамі... Манах міжволі слізгануў па ёй позіркам, гняўліва ( хоць не хацеў гэтага ) падумаў: “ Памрэш і ты. І ў цябе пацячэ пясок між зубоў”. Адыйшоўшыся ад аўтамабіля доўга апантана хрысціўся і да цёмнага касіў і касіў густую цяжкую траву.

***
Паэт-празаік Іван Бунін, аўтар геніяльнейшых “ Тёмных аллей”, напісаў калісьці:
Я камин растоплю. Буду пить.
Хорошо бы собаку купить.
... Пайшоўшы на пенсію, я прыдбаў сабаку, дакладней , рудзенькую, разумненькую і вельмі прыгожанькую сучачку- таксу па імені Рокі. Расказваць пра яе можна бясконца і , прытым , толькі добрае і прыемнае, за выключэннем цёмненькіх або жоўценькіх шарыкаў ( думаю, вы зразумелі аб чым ідзе гаворка ), якія яна калі-нікалі акуратна-сіметрычна “ выкладвае “ на нашым дыване. Мая жонка Зінаіда і я любім гэтае дасціпнае ласкавае стварэнне. Я ёй ужо нават верш прысвяціў:
У пакоі начным – цішыня.
Вые вецер за вокнамі глуха.
І маленькая такса мая,
Спіць, накрыўшыся доўгім вухам.
- Яе нам быццам сам Бог паслаў, - успамінае Зіна, - Паехалі мы са Сцяпанам ( мой малодшы сын. Аўтар ) на рынак у Ждановічы. Сцёпа па рынку ходзіць, запчасткі да кампутара купляе, а я сяджу ў машыне, вартую і яго чакаю. І задрамала. Прачынаюся – нібы хто мяне падштурхнуў. Гляджу, а нейкі здаравенны мужык, стоячы на каленях (!), нешта выглядвае пад нашай машынай. Божачкі, можа, тэрарыст?! Я набралася смеласці, адчыніла дзверцы аўтамабіля і грозна пытаю ( а голас дрыжыць ): “ Што вы тут робіце?”. “ Свайго сабачку хачу забраць, - вінавата адказвае здаравяк, - Забег пад вашу машыну і не выходзіць”. Разгаварыліся. Аказваецца, ён з Баранавічаў, пастаянна ездзіць за таварам у Маскву і назад, а гаспадыня кватэры, якую ён здымае ў Баранавічах,сказала, убачыўшы таксу : “ Ці выкідвайце вон сабаку, ці сыходзьце з кватэры.” Так і жыве сабачка ў аўтамабілі. “ Можа б, вы яе купілі?” – няўпэўнена прапанаваў мне. “ Колькі просіце?”. “ Дзесяць тысяч белрэ.” Я дала яму дваццаць тысяч, і такса адразу ж (!) высунула носік з-пад машыны і скокнула мне на рукі (!). Не, яе паслаў нам сам Бог!
Мы любім Рокі. Яе нельга не любіць. Яна – напамінак аб дзяцінстве.
Яно даўно і незваротна адшумела, а з гэтым жвавым вясёлым камячком як бы зноў вяртаецца.
Добра разумею людзей, якія, выходзячы на пенсію, бяруць у свае кватэры сабачак. Тут, акрамя ўсяго ёсць цвярозы арыфметычна-псіхалагічны падлік. Сабака жыве , у сярэднім , 13-15 гадоў. Чалавек , мужчына або жанчына , выходзяць на пенсію ў 55-60 гадоў і жывуць ( у масе сваёй ) на пенсіі яшчэ 10-15 гадоў. Адным словам, яны разам прыходзяць да сваёй біялагічнай смерці – старыя людзі і састарэлыя 13-15 гадовыя сабакі. Але колькі радасці, пяшчоты і цеплыні зведваюць яны за гэты залаты час!
Не прымаю людзей, якія прыдумалі жорсткую крывавую прымаўку “ Сабаку – сабачая смерць!”. Гэта людзі-садысты. Сабака – сябар чалавека. Гэтым усё сказана. Ён, першы з жывых істот, падыйшоў да вогнішча, якое калісьці запаліў наш дагістарычны продак. Ён, наш верны таварыш, азорыць мяккім добрым святлом наш вечаровы развітальны час, памрэ разам з намі і Там , у журботным Свеце Ценяў, пойдзе разам з намі, павядзе нас праз трывожную незямную імглу , праз глухую ноч да залатога Божага прастолу.

***
Знаўцы гісторыі! Куды вы пахаваліся? Агу! Хачу загадаць вам загадку. “ На боціку жыў боцік.” Хто гэта?
Ну-ну, напружце інтэлект. Ён жа з вас ажно пырскае. Ну-ну! Не атрымліваецца? Мала кандыдацка-доктарскай кашы елі? Тады слухайце адказ.
Першы боцік – Італія. Гляньце на геаграфічную мапу і пераканаецеся. Другі боцік – імператар Калігула з дынастыі Юліяў – Клаўдзіяў. Жыў з 12 па 41 год. Дзяцінства прайшло ў вайсковых лагерах. Там яму выдавалі поўную легіянерскую форму-амуніцыю, толькі маленькую, дзіцячую. Асабліва расчульвалі суровых прэтарыянцаў прыгожанькія эфектныя боцікі на зграбных ножках легіянерыка. Вось і назвалі Калігулу – боцік. Гэта не перашкодзіла ім урэшце-рэшт забіць яго. Але крывавы бязлітасны боцік добра паспеў патаптацца па Італіі.

***
Цікавая геаграфія – з усіх усходнееўрапейскіх сталіц сама далей ад Мінску знаходзіцца наша саюзніца Масква. Ад натаўскага Вільнюсу да Мінску – 210 кіламетраў. Ад натаўскай Рыгі – 499. Ад натаўскай Варшавы – 551. Ад Кіеву – 579. Ад Масквы ж да Мінску – 698 кіламетраў.

Адвароткі
Не сядзі раскрыўшы рот,
А чытай наадварот.

Што за звон? Што за тлум?
Гэта лётаюць іхум.

Будзеш панам і тузом,
Калі маеш мудры гзом.

Загубіў шмат светлых мар
Як пісаў я свой намар.

Не спыталіся у нас
З кім патрэбна мець зюас.

Крыкнуў бабцы дзед Сцяпан:
- Завярбуюся ў ОТАН !
Вершык склаў на гэткі лад
Дінаел Акенйад.

Скончыў твор. Бухгалтар-маг,
Заплаці мне раранаг !

Маналог беларускага антыеўрапейца

Еўрапейскі Саюз уталопіў
Вочы ў нас. Каб яны павылазілі!
Мы жывем не ва Ўсходняй Еўропе.
Мы жывем у Заходняй Азіі!

***
Хваля славянскага краснага пісьменства дакацілася нарэшце да самых цёплых мораў... На толькі што пафарбаваную лавачку прыморскага парку горада Лемесос садзяцца два пажылыя грэкі, два сябры – Костас і Тэадаракіс. Толькі што яны зрабілі аздараўляльную прабежку, і трэба адпачыць. Незадоўга да нашых сябрукоў нехта ўжо пабываў тут. На яркай зеляніне фарбы рашуча бялеецца нешта вЫразанае вострым нажом. Костас і Тэадаракіс хмурнеюць. Нарэшце Тэадаракіс гаворыць:
- Нейкая матэматычная формула... Х – ікс. У – ігрык. А што такое – Й ?
І старанна, нібы першакласнік, выводзіць палачкай на пяску каля сваіх ног гэту самую “матэматычную формулу”.

Два Толі
У 20-30-ыя гады 20-га стагоддзя на Беларусі вельмі папулярным імем зрабілася імя Толя-Анатоль. Прычым, не ў гарадах ці ў мястэчках, а ў вёсках. У прыватнасці, у маёй Змітраўцы я налічыў аж сем носьбітаў гэтага абсалютна не сялянскага імені. Паразважаўшы так і гэтак, я прыйшоў да высновы, што віноўнікам усёй гэтай незразумелай анатоліяды можа быць ...нарком культуры Анатоль Луначарскі. У свой час імя ягонае грымела па ўсіх абшарах Савецкага Саюзу. Ён мільгаў у газетах, на радыё, на мітынгах... Адным словам, тыповы камуністычна-ленінскі гаварун. А народ наш, як ні круці, чамусьці вельмі любіць гаваруноў. Пра такіх мой бацька казаў: “ Язык, што мянташка. Асаку б касіць такім языком”. З гэтага ж бальшавіцка-атакуючага пантэону прыйшлі ў нашу глыбінку імёны – Уладзімір ( у гонар Леніна ) і – Валерый ( у гонар Чкалава ).
Дык вось быў у мяне браценнік Толя, 1923 году нараджэння. Магутны, цёмнарусы, кучаравы, з моцным прыгожым голасам. Яго ўжо няма на гэтым свеце – памёр ад гангрэны нагі. Нешчаслівым лёсам надзяліў Толю Бог. Бацьку, старшыню калгаса, загналі на Калыму ў 1938 годзе, самога арыштавалі ў час службы ў Чырвонай Арміі ( казалі, за бандытызм (?!) ) і таксама папёрлі на тую ж Калыму. Там ён рабіў шафёрам цэлых 15 гадоў і ўсё-ткі здолеў выжыць , вярнуцца ў 1957 годзе дадому.
Памятаю, як сядзеў ён у нашай хаце, піў самагонку і спяваў застуджаным голасам нейкія сібірскія песні. Мая маці глядзела на яго, падпершы галаву рукамі, і плакала. “ Тарелка вот этой капусты, тетенька, стОит там аж двадцать пять рублей “, - чыста на расейскай мове казаў Толя, і маці плакала яшчэ мацней. Ад яго ж , свайго нешчаслівага прыгожага браценніка, я ўпершыню ўлавіў розніцу паміж беларускай і рускай мовамі. “ З”еш, Толік, салодкі яблык. Там жа не каштаваў” – прапанавала маці. “ О, сладкое яблоко! – загарэўся Толя, - Они нам , тетенька, даже и не снились». Шырокімі зубамі ён прагна ўпіўся ў сакавітую садавіну… Трэба зазначыць, што вельмі хутка ён зноў загаварыў па-нашаму.
Дык вось гэты самы Толя нейкі час папрацаваў шафёрам, а потым падаўся ў саўгасныя конюхі. “ Хочацца хоць трохі пажыць падалей ад жалеззя”, - тлумачыў ён свой выбар. Пра тую, можа, самую шчаслівую часіну ягонага жыцця, я й павяду свой аповяд.
- Усё лета ганяў коней у начлег, - расказваў ён мне, - А наш змітраўскі луг, ты ж ведаеш, побач з магіллем. ( З могілкамі. Аўтар). Ночы былі туманныя, росныя, ціхія... Гляну кругом, і здасца, што я зноў на Калыме – такое ўсё белае і студзёнае. Аж плечы задрыжаць ад холаду і страху. Але ўбачу праз туман змітраўскія ліпы, стрэхі хат, хлявоў , і спяваць хочацца. Я й спяваў, толькі ціхенька, сам сабе пад нос... Гадзіны ў дзве ночы мне той цень убачыўся. Ужо клуб даўно заціх – кіно скончылася. Ужо апошні начны цягнік-таварнячок праляскатаў на Асіповічы. Ноч... Туман... Сяджу ля коней, як муха ў малацэ. На сон хіліць. І раптам крокаў за дваццаць ад мяне цёмнае нешта мільганулася. Чалавек? Звер? Мярцвяк з магілля? Не разгледзеў, але адчуў, як сэрца ад страху трапянулася ў грудзях. Падгробся я па мокрай траве ўшчыльную да коней – усё-ткі жывыя душы. Думаю, што гэта можа быць? У нас тады цыгане шкодзілі. Прыйшлі ноччу да аднаго дзеда на хутары: “ Давай грошы! “ Ён і прасіўся, і бажыўся , што нічога не мае. Не паверылі. Пілой жывому дзеду нагу адрэзалі. А можа, думаю, гэта мярцвяк з якой небудзь дужа старой забытай людзьмі магілы. Часцяком, у такія вось ночы, яны выплываюць з нутра зямлі – нейкія празрыстыя скруткі або верацёны , падобныя на чалавечую фігуру, што ляжыць, склаўшы на грудзях рукі. Кажуць , з людскіх трупаў выходзяць фосфар і электрычнасць і павольна , як шаравыя маланкі, вандруюць над магіламі , шукаюць за што б жывое зачапіцца , каб забіць яго. Ім усёроўна – конь , заяц ці чалавек сустрэнецца па дарозе. Сяджу , адным словам , і язык у роце ад страху сохне. Гадзіна прайшла , паўтары гадзіны... І раптам Тое , цёмнае , незразумелае , шаснула на мяне з туману і халодную руку паклала мне на плячо (!). Я , паверыш , нема закрычаў.
- Не бойтесь. Я – человек. Вы из этой деревни ? – данеслася да мяне як з таго свету.
- Так. З гэтай.
- Павла Кривоноса знали?
- Ведаў. Гады з чатыры як памёр Павел.
- Я сын его старший. Толя. Двадцать пять лет отрубил в лагерях. Всю жизнь мечтал придти сюда. И пришел. Пил за отца моего дорогого на его могиле. Там в бутылке осталось… Можете допить, если не брезгуете.
- А куды ж вы зараз?
- А я полем к железной дороге – и на товарняк вскочу. Нельзя мне днем. Прощайте.
І пайшоў. У туман. А я трохі ачуняў ад страху , выпіў тую гарэлку. Вось і ўбачыліся два Толі. Эх , радзіма наша , мачаха наша! Чым мы так угнявілі цябе , што толькі ноччу , хаваючыся , як звяры , ходзім па сваёй зямлі? І ён жа , і я нізавошта жыццё сваё маладое ў турмах спляжылі , невіноўныя былі. Эх , маць тваю...

***
Паступова, як бы па нейкім загадзя распрацаваным плане, знікаюць у Мінску беларускамоўныя шыльды... Суцешымся тым, што сённяшнім чыноўнікам Міргарвыканкаму не ўдасца паўтарыць рэкорд сваіх духоўных настаўнікаў-папярэднікаў, калі ў часы Расійскай імперыі на пачатку 20-стагоддзя ў нашым горадзе не было ніводнай ( ! ) беларускай шыльды.

“ Вы можаце не ведаць нашую мову, але вы павінны ведаць сваё месца”. З выступлення дэпутата Латвійскага парламенту на пратэстным мітынгу вучняў рыжскіх рускамоўных школ.

***
Халодны дажджысты красавік ... Жыву на дачы. Наўкол- ні душы. Свішча вецер. Хмары ляцяць над яшчэ не вясновай паўсоннай зямлёй. Пад вечар палім з жонкай грубку і не ўключаем святло, каб не прыцягваць увагу галодных бамжоў, якія, па чутках, “ кучкуюцца “ у мінскіх прыгарадных лясах. Кажуць, што яны навыкопвалі ў гушчарах зямлянак і робяць адтуль ярасныя імклівыя налёты на навакольныя дачы. Адным словам, выконваю запавет вялікага грэцкага філосафа Эпікура ( памёр у 270 годзе да нашай эры ) “ Жыві самотна. Жыві адзінока”. Нас яднае ... сад. Ён меў “ Сад Эпікура “ ( славутую філасофскую школу ў Афінах ). У мяне ёсць на дачы садок – некалькі яблынь, слівін і вішняў.
Я люблю гэтага філосафа. Я наогул люблю філосафаў, але гэты, рамантычны, узнёсла-тонкі, - “ мой “. Ён верыў у бясконцы лік разнастайных светаў, якія ўзнікаюць у выніку сутыкнення і раз”яднання атамаў. Акрамя іх , гэтых светаў, не існуе нічога. Толькі – пустая чорная прастора. Але ў гэтай прасторы, паміж гэтых светаў ( у “міжсвеццях” ! ) Эпікур пасяліў бяссмертных і шчаслівых багоў, якія жывуць, не клапоцячыся пра людзей , не ўмешваючыся ў чалавечыя справы. Душа ( па Эпікуру ) складаецца з найтанчэйшых, найлягчэйшых, найбольш круглых (!) і рухомых (!) атамаў. Ісцінная дабрачыннасць – у спакойнай непарушнасці ( атараксіі ). Пазнанне прыроды вызваляе чалавека ад страху прымхаў і страху смерці. Да дзяржавы і культу мудрэц павінен адносіцца з разуменнем, але стрымана. Ад 300 твораў, якія напісаў Эпікур, захавалася толькі тры лісты і некалькі фрагментаў. У “ Галоўных думках настаўніка “ ён гаворыць сваім вучням:
Не трэба баяцца багоў.
Не трэба баяцца смерці.
Можна пераносіць пакуты.
Можна знайсці шчасце.
Вялікі грэк вучыў, што мэта чалавека – дасягненне асалоды. З-за гэтага пурытане наступных пакаленняў аб”явілі яго “ прапаведнікам оргій і распусты “. А ён адвяргаў раскошу. А ў ягонай школе акрамя мужчын вучыліся жанчыны і рабы. А ён усё сваё жыццё пакутваў ад хранічнай хваробы мачавога пухіра, пастаянна цярпеў востры боль і дасягненнем асалоды для яго было – хоць на ёту зменшыць гэты дзікі боль (!).

 

Колькасць прачытаўшых: 2590
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел 1
  • Раздзел 2
  • Раздзел 3
  • Раздзел 4
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007