Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел 4

***
Імя маёй роднай маці – Тэкля – не даюць сёння нованароджаным дзяўчынкам. Пачуўшы гэтае імя, пагардліва крывяць вусны, нібы выпадкова на гарышчы старой хаты дакрануліся шчакою ў паўзмроку да сухога павуціння. А яно ж – старадаўняе, прыгожае ... Тэкля... Тэкла... Светлае імя адной з антычных грацый.
Я ( каюся! ) калісьці таксама паныла лічыў яго , скажам так, няўдалым. Па-расійску яно гучыць і пішацца – Фёкла. “ Фёкла-свёкла!” – дражніліся вясковыя хлапчукі.
Памерла маці... Памерла яе імя...
Праз шмат гадоў лёс прывёў мяне на востраў Кіпр. Рухнула савецкая імперыя. Пры жаданні можна было, не пытаючыся дазволу камуністычных начальнікаў, ездзіць-шукаць шчасце “ за бугром”. Удала-няўдала, але многія паехалі – хто праграмістам, хто будаўнічым рабочым, хто ў Замежны легіён (!), хто танцоўшчыцай у кабарэ...
Цёплым лагодным кіпрэйскім надвячоркам я піў віно са сваім новым знаёмцам грэкам-кіпрыётам Стэліасам. Чарнавокі і чарначубы, смуглы, тэмпераментны, адным словам, класічны элін... Некласічным у ім аказалася ( я гэта крыху пазней прыкмеціў) жаданне піць, і пры тым у вялікіх аб”ёмах, не мясцовае віно, а беларускую белую гарэлку.
Сядзелі, выпівалі, гаманілі... Я заадно вывучаў грэцкую мову.
-Віно, - казаў я, узнімаючы келіх чароўнага напою.
- Красі, – адказваў Стэліас.
- Вада.
- Нэро.
- Беларус і беларуска.
- Леўкаросас , леўкарасіда.
- Жонка, - я абдымаў за плечы сваю Зінаіду.
- Йінэка.
- Мая йінэка – Зіна Дайнэка, - адразу зрыфмаваў я. Усе засмяяліся. Усім было хораша.
А міжземнаморскі вечар млеў у залатых промнях сонца, што садзілася за недалёкія горы. Горад Лемесос пачынаў ажываць, налівацца жвавым людскім натоўпам, рыхтавацца да шумлівых начных дыскатэкаў...
Загаварылі пра імёны сваіх родных і блізкіх. Я назваў імя маці.
- О, Тэкля! – усклікнуў Стэліас, - У нас, у Лімасоле, усе ведаюць гэта імя. Тэкля – наша святая!
- Святая Тэкля? – ад нечаканасці і здзіўлення я ледзьве не зваліўся з крэсла.
- Так-так. Святая. У старым порце ў падземным гроце, дзе яна жыла, захоўваюцца яе мошчы. Туды ходзяць турысты. Хочаш – я зараз жа завяду цябе туды.
Мы пайшлі, мы пабеглі ў стары порт. На рэйдзе ярка свяціліся агні вялізных параходаў, шумелі пад свежым ветрам тоўстыя ў камялях зграбныя фікусавыя пальмы, а я слухаў Стэліаса...
У 45 годзе апосталы Павел і Варнава прыплылі на Кіпр і пачалі прапаведваць хрысціянства. З 58 году да новай эры востравам валодала Рымская імперыя. Тут панавала язычніцтва, прычым, вясёлае, жыццялюбнае, беламармуровае... Тут урачыста праводзіліся штогадовыя містэрыі, прысвечаныя мясцовай ураджэнцы багіні Афрадзіце, а ў амфітэатры Курыёна ( прыгарад Лемесоса ) ішлі п”есы Сафокла і кіпелі гладыятарскія баі. І вось гэтаму свету, звычнаму, яркаму, шматфарбнаму, супрацьпастаўляўся новы свет – строгі і суровы. Спачатку рымскі праконсул Сергіус Паўлус загадаў прывязаць апостала Паўла да мармуровай калоны ў тагачаснай сталіцы Кіпра Пафасе і жорстка бічаваць. Я дакранаўся рукою да гэтай вечнай калоны. Адчуванне такое, быццам цябе паколвае лёгкім электратокам... І ўсё-ткі праконсул не ўтрымаўся перад Божым словам, і Кіпр стаў краінай ( першай у свеце! ), якой кіраваў хрысціянін.
Тэкля была роднай сястрой апостала Паўла. Як і брат, яна самааддана верыла Хрысту, як і брат, яна хацела несці святое слова іншым людзям, іншым народам, але жанчыне гэта забаранялася, і яна апранула мужчынскае адзенне... Па суровых дарогах павёў іх лёс. Вялікі брат пайшоў далей, пайшоў у Рым, каб урэшце-рэшт сканаць там на крыжы, а Тэкля засталася ў Лемесосе, закапалася пад зямлю, да апошняга свайго дня прапаведвала хрысціянства...
Па вузенькай лесвічцы я асцярожна спусціўся ў абсалютны змрок. Заціхлі галасы. Спыніўся Час. Моцна тахкала ў грудзях сэрца. З кішэні шортаў я дастаў насоўку, навобмацак прывязаў яе ў цемры да халоднага каменнага крыжа. І натыкаўся рукамі да дзесяткаў такіх жа невялічкіх шматкоў тканіны, прынесеных сюды людзьмі. “ Тэкля. Мама, - загучаў ува мне ясны празрысты голас, ад якога чамусьці пахаладнела сэрца, - Святая мая. Я прыйшоў. Я з табой. Прабач мне за ўсе вялікія і маленькія крыўды, якія я калісьці са зла ці па неразумнасці прынёс табе. Прабач, што я саромеўся твайго Святога Імя. Я невіноўны, бо з дзяцінства жыў у краіне самаедаў, якія адвяргаюць сваё, груба нахабна смяюцца над сваім. Мама. Тэкля. Схіляю галаву перад тваёй памяццю. Аддаюся табе. Вядзі мяне праз цемру да Божага святла, святая мая”.

Змітраўка

Тут бульбу бульбай называлі.
І быў кірмаш тут на Пятра.
Мы, дзеці, у футбол гулялі.
Як гол заб”ем, грыміць “ура!!!”.

У нашай Змітраўцы зялёнай
Цякло прывычнае жыццё.
Жылі тут Ганны і Лявоны,
Жылі тут Марфы, Тэклі. Сёння
Сышлі яны у небыццё.

О, радаснай зямлі улонне,
Я помню, Змітраўка, цябе!
А сёння? Злая смерць тут сёння,
Як конь траву, людзей скубе.

Няма дзяцей. Няма пялёнак.
Скрозь недацвет і недарод.
Жыве тут нехта В. Счыслёнак,
Рускаязычны рыфмаплёт.

14 сакавіка 2004 году

На Ўсходзе бурна, турбулентна
Прайшлі яшчэ адзін рубеж.
Масква абрала прэзідэнта.
І ў ёй, Маскве, згарэў Манеж.

Адплыў у змрок чырвоны човен.
Знік уначы жахлівы сон.
Шчэ невядома – хто віновен.
Ды толькі не Напалеон.

Шум і сум
Для мяне ад шуму лекі –
Цішыня бібліятэкі.
Для цябе ад суму лекі –
Гул і грукат дыскатэкі.

Я табе не сват, не кум.
Я патрон не з той абоймы.
Шум і сум, сум і шум
Разумеем мы па-свойму.

***
Нібы з паляўнічай стрэльбы шроцінкі,
Хай ляцяць па свеце “ герадоцінкі “.
Вам не трэба, людзі, іх баяцца.
Трэба жыць, кахаць, часцей смяяцца!
Я ж зусім нязлосны паляўнічы.
Не хачу крывавае здабычы.

Паэт 1937 – га году
У пакутах душы нараджаю слова
І ведаю – кожную ноч, кожны дзень
Дзесьці ёсць рука, якая гатова
Схапіць мяне за каршэнь.

“ Двоечнікі “
Да выхаду “Антологии русских поэтов Беларуси»

Дзвесце дваццаць два паэты
Пішуць вершы і санеты.
Пішуць байкі і балады.
Мы паэтам гэтым рады!

Што Купала, Танк і Колас?!
Пушкін ім аддаў свой руль бы!
Але ў творах чуцен голас
Беларускай нашай бульбы.

Каб было паболей сілы,
Не шкадуйце маннай кашы.
Брава, нашы русафілы!
Брава, “двоечнікі” нашы!

Дэпрэсіўнае
Патушы ў душы агонь.
Зламай скрыпку, што аб светлым пілікае.
Не думай. Няхай думае конь.
У яго галава вялікая.

***
Верце – скончыцца ноч.
Згіне яе бязмежжа.
Маланкі агністы нож
Неба на лусты разрэжа.

Спляцемся – рука з рукой! –
І рушым у шлях бясконцы.
І паплыве над зямлёй
Рыжавалосае Сонца.

***
Хоць на хлеб не прашу, не хаджу з голым пузам
І ў спіну не ўтыкае бандзюк мне нажы,
Я жыву на мяжы з Еўрапейскім Саюзам.
Хто мне скажа – чаму я жыву на мяжы?

Пэўна, нехта праспаў, прагуляў, прашалопіў,
Не ў той бок павярнуў беларускі абоз.
Хто мне скажа – чаму я жыву не ў Еўропе,
Дзе Скарына калісьці вучыўся і рос?

Светлая песня
Хай зло пільнуе за вуглом,
Хай возяць боль і бруд вазАмі,
Хай чорны дым, і град, і гром –
Святло нябеснае, ты з намі !

Хай мару нашу да крыжоў
Прыб”юць жалезнымі цвікамі,
Хай плодзяць соваў і вужоў –
Святло нябеснае, ты з намі!

Хай як Іова прагны кіт
Нас паглыне хаўрус варожы,
Мы там, дзе воля і блакіт,
Дзе не сціхае голас Божы.

Не разадраць нас, не забіць
Хлусні драпежнай кіпцюрамі.
Не будзем змроку мы служыць.
Святло нябеснае, ты з намі!

 

Колькасць прачытаўшых: 2025
Колькасць вогдукаў: 1

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел 1
  • Раздзел 2
  • Раздзел 3
  • Раздзел 4
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007