Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел 1

***
“ Плакаў я, плакаў – Бог быў аднакаў, а пачаў танцаваць – пачало шанцаваць “. З народнага.

***
“ Калі мы хочам, каб філосафы прагрэсавалі, узнімем народ да ўзроўню філосафаў “. Дэні Дзідро.

***
Адважны правадыр палахлівага войска.

***
“ Пайшлі на базу. Палітбюро Цэнтральнага Камітэту Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу “. Запіска , знойдзеная на маўзалеі У. І. Леніна.

***
“ Паважанае Радыё! Вельмі люблю слухаць Вашу перадачу “ Песні народаў свету “. З вялікім задавальненнем , якое часамі пераходзіла ў асалоду , праслухаў беларускую народную песню “ Касіў Ясь канюшыну “. Прашу перадаць для мяне амерыканскую народную песню “ Касіў Джон кукурузу “.

***
“ Лячу ад залішняй вагі і залішняга розуму “.

***
“ Навінка стаматалогіі !!! Хутка і якасна ўстаўляем кліентам ( асабліва , кліенткам ) кракадзілавы зубы “.

***
Дача. Надакучлівыя камары. Пасля чарговай сваркі з жонкай пачынаеш разумець чаму так пранізліва ныюць , не даюць спакою , агрэсіўна атакуюць тваё змучанае цела менавіта толькі камарыныя самкі.

***
Рэпліка высакарослага спадара. “ Увесь звярынец перабралі ! Усё Львы ды Львы. Леў Талстой... Леў Троцкі... Леў Яшын... Леў Абэцэдарскі ... А я вось – Жыраф Іванавіч ! “

***
“ У Акадэмію Навук , на кінастудыю і на тэлебачанне. У раённую газетку ліст не адсылаю , бо яна пазалетась не надрукавала мае вершы. Піша Вам , паважаныя вучоныя , буфетчыца Валянціна Крываног. Учора ўвесь вечар была моцная мяцеліца... Выручка была добрая , бо кліенты , ( грузчыкі мясцовай “ Сельгастэхнікі “ і рабочыя піларамы ) не хацелі выходзіць на вуліцу. Але паступова разыйшліся. У 23 гадзіны 48 хвілін пачуўся нейкі перарывісты стук у дзверы , як быццам шкрабаўся сабака , і ў буфет увайшоў... Снежны Чалавек. Ён быў увесь снежны , гэта значыць , белы і зледзянелы... Ён павольна падыйшоў да мяне і ўвесь дрыжаў і звінеў , як шкло. Блішчэлі ледзяныя бровы. Я думала , ён не ўмее гаварыць па-нашаму. Але ён дастаў з кішэні пук грошай ( грошы былі не снежначалавецкія , а беларускія ) і сказаў: “ Налі , Валя , шклянку гарэлкі “. І рухнуў ля маіх ног. Услед за ім адразу ж рухнула я . Далей не памятаю , што было “.
Прыпіска ўчастковага: “ Абнаружаны двое ляжачых – буфетчыца Валянціна Крываногава і бухгалтар піларамы Артур Камарыцкі , які тры дні таму збег з зарплатай рабочых. Ляжачыя змешчаны ў магілёўскую псіхлячэбніцу. Участковы оперупаўнаважаны старшы лейтэнант Андрэй Кардымон “.

І нічога ты не скажаш
Член творчага саюзу ўвесь дзень думае: “ Выступлю на з”ездзе... Скажу... Нарэшце скажу. Ого-го, як я скажу! Забыліся пра мяне. Грымну, як пярун !”
Звоняць з працы : “ Іван Кірылавіч , вы памятаеце , што ў панядзелак трэба ехаць у міністэрства наконт ліцэнзіі гаварыць? Тэрмін праз тры месяцы канчаецца”. ( Іван Кірылавіч валодае невялічкай прыватнай друкарняй ).
Член саюзу ўздрыгвае , абхоплівае галаву рукамі , нейкі час сядзіць моўчкі. Потым ідзе да халадзільніка , дастае адтуль бутэльку гарэлкі , з пранізлівым хрустам дзярэ корак , робіць доўгі-доўгі глыток , не моршчачыся. Падыходзіць да люстэрка , глядзіцца ў яго , нервова тоненька смяецца і... плюе ў твар таму , каго бачыць у халодным ільдзістым шкле.
Прадпрыймальнік перамог Творцу. Цыцэрон здзёр з лысіны залаты вянок , шпурнуў у кут святочна-урачыстую тогу і , змізарнеў , зрабіўся звычным клеркам , ухапіў у абедзьве рукі мабільны тэлефон.

Міша і ягоная ніша
Міша Дрэнь – прадпрыймальнік. Не зважаючы на сваё не надта мілагучнае прозвішча , ён зусім нядрэнны сучасны дваццацісямігадовы чалавек , працавіты , сацыяльна актыўны , пакуль яшчэ нежанаты. Як усе , ён скончыў ВНУ , як усе , не захацеў “ рачкаваць “ звычайным інжынерам за звычайную зарплату і рушыў у бізнэс , зрабіўся ІП , індывідуальным прадпрыймальнікам. Вядома , ён не Дзялендзік і не Хадаркоўскі , але ён – вольная птушка. Ён – каваль , які ўласнымі рукамі і мазгамі куе шчасце для сябе і сваіх дзяцей. А дзеці ў Мішы будуць , не сумнявайцеся. Ёсць у Мішы на прыкмеце сінявокая смяшлівая бухгалтарка Лена з суседняй фірмы.
Чым толькі не займаецца Міша! І купляе , і прадае , і вырошчвае ў самаробнай цяплічцы грыбы-вешанкі. Нават надумаў страусаў разводзіць , але не вытрымалі паўднёвыя птушкі беларускіх кліматычных умоваў. Дзень і ноч на сваёй зялёнай “ Шкодзе “ матаецца прадпрыймальнік па раёне , залётвае ў Мінск , звоніць па мабільніку , падпісвае дамовы , сустракаецца з калегамі і кліентамі , б”е чалом мясцоваму банкіру , выпрошваючы крэдыт , гаворыць , то шэптам , то крыкам з пажарнікамі , міліцыянерамі , санітарнымі ўрачамі , падатковымі інспектарамі ... Галава ідзе кругам , пухне. Але гэта – жыццё Мішы Дрэня , гэта – ягоны акіян , у якім ён імклівая , пакуль яшчэ маладая і моцная рыба.
- Шмат капусты насцябаў , Дрэнь? – пытаюцца ў яго, прыпыняючы на дарозе , даішнікі.
- Усю капусту зайцы паелі , - дасціпна адказвае ён , маючы на ўвазе беларускія грошы-“зайцы” і начальніка мясцовай міліцыі Зайкоўскага.
Даішнікі смяюцца і заўсёды просяць-патрабуюць блок замежных цыгарэтаў.
Прашумела-прагрымела лета , адкацілася мокрая жоўтая восень , зіма навалілася на Беларусь , а Міша як-бы і не заўважыў прыродных зменаў. Надумаў ён рабіць мэблю , крэселкі і столікі для дзіцячых садкоў. Знайшоў у недалёкім калгасе закінутую , разбураную , як Бастылія , сталоўку. Будзе нядрэнны цашок. Вядома , усю гэту рухлядзь трэба падлатаць , пафарбаваць , правесці новую электрыку , абагрэць ... Вось для абагрэву і купіў Міша , фінансава напружыўшыся , новенькі нямецкі кацёл “ Вісман “. Малюначак! Траццякоўская галерэя! Увесь жоўты , бліскучы. Працуе , як зальеш саляру , з мяккім роўным гулам , цыферблат ярка свеціцца , стрэлкі манометру ўздрыгваюць паслухмяна і таямніча. Арыец , адным словам! Не нарадуецца Міша. Будзе цёпла і ў цэсе і ў офісе , які ён прыляпіў да гэтай жа сталоўкі. Глядзіць ён на свой цудоўны казачны “Вісман “ і ўспамінаюцца словы колішняга класнага кіраўніка Максіма Кудасава : “ У кожнага чалавека павінна быць свая жыццёвая ніша “. “Тут , тут мая ніша , “- думае Дрэнь і лагодна , як дзіцяня , гладзіць кацёл.
А як у чарговы раз ірвануў на “ Шкодзе “ да Мінску , зазваніў мабільнік і са слухаўкі пачулася :
- Таварыш , гаспадзін дырэктар Дрэнь ! Звоніць ваш вартаўнік Юзік Казімірэц ! Немец паламаўся ! Ало ! Гало ! Ці чуеце вы мяне ?! Фрыц аддаў канцы !

Які немец ? Які фрыц ? Чаму паламаўся ? Ну , Казімірэц , ну алкагольны рамантык !
Але рамантыкі , на гэты раз , не было. Аказалася , адключыўся , згас , заціх, памёр “ Вісман “.
Міша адразу ж крута заламаў баранку “ Шкоды “ назад.
“ Вісман “ не падаваў аніякіх прыкметаў жыцця. Быў маўклівай металічнай гарой. На якія кнопкі не націскай , што ні рабі – зіраў , нуль.
- Казімірэц, прызнавайся – ты тут нешта нахімічыў ! – люта закрычаў Дрэнь.
- Таварыш , гаспадзін дырэктар, - узмаліўся перапалоханы Юзік , - Я ж католік , хаджу да касцёлу. Я не магу хлусіць. І пальцам я не чапаў гэтага немца.
У Мішы , пэўна , ад нервовага параўзбуджэння , раптам пачаўся кашаль , ручай пацёк з носу. Ён упаў на калені перад сваім любімым “ Вісманам “ і , не разлічваючы ні на чыю дапамогу , сам узяўся вяртаць яго да жыцця. Намучыўся , як калгасны конь . І , перад самай раніцай , гэта яму ўдалося. Аказваецца , у паліве , у саляры , было шмат бруду і парафіну – калі злівалі паліва , яму не далі адстояцца , і чорная каламуць забіла , закупорыла ўсе трубкі. Міша браў у рот шланг і прадзьмуваў-прадзьмуваў , адчуваючы , як у знямозе замірае-трапеча сэрца , усе металічныя вантробы “ Вісмана “. І кацёл ажыў , загуў , як лугавы чмель.
Мішу зрабілася зусім блага. Узвіхурылася тэмпература. Пачаў гарэць лоб.
Яму раптам падалося , што ён ідзе па Берліне , трымаючы пад ручку бухгалтарку Лену , і ўсе сустрэчныя немцы і немкі прыязна весела ім усміхаюцца , не падазраючы нават , што яны беларусы. “ Чаму я не немец ? – пакутліва думаў Міша Дрэнь , - Чаму і я , і Лена , і нашы будучыя дзеці павінны жыць горш , чым астатнія еўрапейцы ? Чаму мы павінны зведаць больш пакутаў , чым яны ? “
Потым яму падалося , што ён прысутнічае на паседжанні германскага рэйхстагу , і грозны вусаты канцлер Бісмарк ( успомніліся ўсё-ткі школьныя ўрокі гісторыі Максіма Кудасава ! ) лупцуе ўсіх дэпутатаў , у тым ліку , і яго , Мішу , пякучым бізуном і крычыць : “ Германія , Германія , вышэй за ўсё ! “
Ён лупцуе , а Мішу не страшна. Міша ўсім целам прыціскаецца да гарачага “ Вісмана “ і натхнёна шэпча : “ У нас насмарк. У вас Бісмарк. У вас Бісмарк. У нас насмарк “.
І гэтак – аж да самай раніцы.

***
Я , вытворца і актыўны ( цьфу – цьфу , каб не сурочыць ) ужывальнік гарэлкі , з поўным разуменнем адношуся да словаў Льва Талстога , які сказаў некалі : “ Чай пробудил во мне самые глубинные , самые сокровенные мысли “.

Песня варвараў

Што нам Рым ?
Што нам Візантыя ?
Мы – хлопцы яшчэ тыя !
Мы – крутыя !!!

Гудзі , пажар !
Рым , гары !
Мы –
Вар –
Ва –
Ры !
Мы –
Вар –
Ва –
Ры !

Сцены пабурым !
Спалім кварталы !
Мы – дзеці буры ,
Готы , вандалы !

Гудзі , пажар !
Рым , гары !
Мы –
Вар –
Ва –
Ры !

Голас ваш звонкі
У стогнах загіне.
Вашыя жонкі –
Нашы рабыні !

Гудзі , пажар !
Рым , гары !
Мы –
Вар -
Ва –
Ры !

Неба пачуе
Енкі і піскі.
Вас не ўратуе
Бог алімпійскі.

Гудзі , пажар !
Рым , гары !
Мы –
Вар –
Ва –
Ры !

З пушчаў усе мы.
Пушчам не здрадзім !
На Калізеі
Пушчу пасадзім !

Песня язычніка
Куды ты дзеўся , Пярун ,
Калі надыйшоў твой час ?
Сяргей Сокалаў-Воюш.

Зноў паміж хмар чую твой крык.
Трубіш ты ў вогненны рог.
Дзе ж ты , Пярун , бог-грамавік ,
Дзе ты , Чырвоны бог ?

Слепіць маланка : жых ды жых !
Хто мне адкажа – чаму
Узвысілі мы багоў чужых ,
Плюнуўшы ў твар свайму ?

Разам з табой я пакрочу ўдаль.
Не адганю цябе прэч.
Народу майму Пярун – каваль
Скінуў з нябёсаў меч.

Усе мы твае ад калысак да трун ,
Ад жвіру магіл да радзін.
Дык прачынайся , грозны Пярун ,
І Беларусь разбудзі !

Дзеці Паўночнай Зоркі. Песня вікінгаў.

Лёд бліскучы на ўзгорках.
Радасны холад зімы.
Дзеці Паўночнай Зоркі ,
Усё гэта любім мы.

Нам падарылі хмурыя
Восеньскія лясы
Белую – белую скуру ,
Агністыя валасы.

Натхнёна , неспадзявана
Мы нараджаемся зноў –
Дзеці Вечных Маланак ,
Дзеці Нябесных Агнёў.

Енчыць ? Пішчаць ? Ніколі !
Мы – дзеці Тыгра , Ільва.
Наш старадаўні колер
Любіць планета Зямля.

Нашай скуры патрэбен
Вяснушак імклівы рой –
Карту Зорнага Неба
Носім на скуры сваёй.

Бяжыць у неба дарога.
Нам гэтай дарогай жыць.
Нас мала. І нас так многа.
І нас – не патушыць !

Куды нас мора не выкіне ,
Дзе не ўдараць грамЫ –
Яравалосыя вікінгі,
Заўжды пераможам мы.

У Дубліны , у Нью – Ёркі
Крычым вам , дзе б вы ні жылі :
“ Дзеці Паўночнай Зоркі ,
Рыхтуйце ў набег караблі ! “

***
Кожнага вялікага ( у гістарычным плане ) чалавека можна , пры жаданні , асацыяваць з ягонай любімай жывёлінай. Калі мы называем імя Ганібала , якая жывая істота адразу ж усплывае ў свядомасці ? Вядома , слон. Менавіта гэты “танк старадаўнасці “ перанёс калісьці адважнага карфагеняніна цераз снежныя Альпы. Бацьку іслама прарока Магамета нельга ўявіць без вярблюда. На вярблюдзе ён уцякаў па пустыні ад сваіх ворагаў. На вярблюдзе , узвіўшы зялёны сцяг новай веры , разграміў у сваёй першай бітве атрады язычнікаў. Дзе цудоўная Клеапатра , там і гадзюка. Дарэчы , любімая гадзюка , прыручаная. Яна выратавала сваю гаспадыню ад залатых ланцугоў , у якіх Актавіян ( будучы Аўгуст ) марыў правесці егіпецкую царыцу па вуліцах Рыму ў час свайго трыумфу. Але наблізімся да нашых , беларускіх , палесцінаў. Вялікага князя літоўскага Кейстута немагчыма аддзяліць ад ягонага цудоўнага дваровага сабачкі. Нажаль , гэта не конь Аляксандра Македонскага Буцэфал , і гісторыя не захавала сабачае імя. Калі князь , запёршыся ад ворагаў , сядзеў у вежы Крэўскага замку , зпанадворку пачулася лёгкае шкрабанне , нават лёгкае гаўканне. Кейстут падумаў , што гэта любімы сабачка і скінуў завалу з дзвярэй ... Але гэта былі забойцы , якія ўмелі падрабляць галасы ...









***
Мой любімы дзядзька Ёсіп , аптымістычна – усмешлівы Іосіф Сцяпанавіч Дайнека , жыццё скончыў трагічна. На 70 – годдзе рашыў паставіць сабе новыя зубы. Некалькі месяцаў цягаўся ў Клічаў , цярпеў , чакаў , і вось ён цуд – як царскія чырвонцы , блішчаць у роце прыгожыя зубы ! Грэх было не абмыць такую гістарычную падзею. Дзядзька Ёсіп зайшоў у клічаўскую сталоўку , узяў пляшку віна , закусь ... Падселі знаёмыя ... З”явілася яшчэ адна пляшка ... Падселі незнаёмыя ... Дзядзька , вясёлая беларуская душа , зацягнуў на ўвесь голас “ Пасею гурочкі “. Афіцыянтцы не спадабаўся такі незапланаваны канцэрт. Яна ( а была гэта дзябёлая вясковая дзяўчына ) схапіла спевака за каршэнь , выцягнула са сталоўкі і штурхнула з высокага пакрытага лёдам ганку ... Дзядзька Ёсіп ударыўся галавою аб нешта цвёрдае ( лёд ? камень ? частакол ? ) і памёр. Так недарэчна і так нечакана пакінула жыццё вясёлага мудрага чалавека , народнага філосафа , які ваяваў у партызанах , быў выдатным шаўцом , падняў пяцёра дзяцей .
Памятаю , як мы хавалі яго. Прывезлі з Клічава ў Змітраўку на аўтамашыне , а потым па глыбокім снезе неслі недзе з кіламетр труну на руках. Сіні снег ( справа дзеялася ўжо ў надвячорак ) толькі павялічваў маю вострую тугу.
Мне не хапае дзядзькі. Так , як не хапае маці , бацькі , брата Аліка ... Не сумняваюся , калі б ён нейкім чынам хоць на хвіліну ажыў , то адразу б сказаў , смеючыся :
- От халера ! Ніводнага дня новымі зубамі не паеў !

***
Калі мне кажуць , што на Беларускім тэлебачанні амаль не гучыць беларуская мова , я не згаджаюся. Чаму ? А таму , што больш няма такой тэлевізіі. Ёсць “ Первый национальный канал “. Аказваецца , у нас на Беларусі , акрамя беларускай і іншых , аб”явілася нейкая новая нацыя , якая жадае і патрабуе (!) слухаць і глядзець тэленавіны , футбол і г. д. толькі на рускай мове. Што за людзі ? Адкуль яны прыйшлі – прыехалі ? Невядома. Мне , прынамсі , невядома. Ведаю , што такое “ ноў – хаў “ ўвёў Ягор Рыбакоў , новасібірскі хлопец , але ён , быццам бы , ужо не кіруе тэлебачаннем. А вось на Мальце , невялічкім астраўку Міжземнага мора , як і ў нас – двухмоўе. Англійская і мальтыйская мовы там дзяржаўныя. Дык вось , калі Мальта ўступала ў Еўрапейскі Звяз , страсбургскія чыноўнікі з ног збіліся , але знайшлі ў Еўропе перакладчыкаў з мальтыйскай мовы. Менавіта , з мальтыйскай , а не з англійскай. А ў нашым саюзе Расіі і Беларусі дзяржаўная толькі руская мова. Чаму ?
Калі ў 1995 годзе адбыўся рэферэндум аб наданні рускай мовы на Беларусі статуса дзяржаўнай , ягоныя натхняльнікі задаволена паціралі рукі – зараз усе загавораць , “ зачирикают “ ( як у нас кажуць ) па-руску. Не ўсе загаварылі. Не зачырыкалі. Не так гартань Бог увінціў. І што далей ? Так і будзем жыць з “ Первым национальным каналом “ новасібірскага хлопчыка Рыбакова ?

***
У 1503 годзе Леанарда да Вінчы выпусціў з-пад свайго пэндзаля ў вечнае жыццё партрэт Джаконды. Ураджэнцы Фларэнцыі , ёй было 24 гады , калі яе абяссмерціў вялікі мастак. Таямнічасць , жаноцкасць , прыгажосць , мудрасць – усё ёсць у ёй ! Некаторыя людзі не любяць , нават ненавідзяць яе . Адзін з маіх знаёмых жывапісцаў называў яе “ бязбровай “. Сальвадор Далі , паяц і клоун , намаляваў яе ... вусатай. Няхай ! Што ёй , Нябеснай і Вечнай , да мурашыных укусаў ?! Ужо пяцьсот гадоў яна пазірае на нас , кліча ўдалячынь , напаўняе сонцам нашу кроў. Ужо пяцьсот гадоў каля яе плачуць , плачуць нябачнымі слязамі. Яна – і Каханка , і Маці , і Сястра , і Адзіная Жонка ... Наш зямны шлях быў бы чорны і пустынны , калі б не Дзева Марыя і не Джаконда.

Дзевяць свяшчэнных чалавечых ступеняў
Кожны чалавек , на маё разуменне , праходзіць у сваім зямным жыцці дзевяць ступеняў. Адсюль і пайшла свяшчэнная лічба – 9. Вось гэтыя ступені...
Першая – нараджэнне.
Другая – дыханне.
Трэцяя – піццё.
Чацвёртая – ежа.
Пятая – сон.
Шостая – пазнаванне.
Сёмая – размнажэнне.
Восьмая – шлях да Бога.
Дзевятая – Паміранне ( Смерць ).
Вось такія свяшчэнныя чалавечыя ступені. І нічога болей вы сюды не дабавіце.

Бакавы зрок
Бакавым зрокам, які ад прыроды даецца не кожнаму чалавеку , мы бачым усё самае лепшае і ўсё самае горшае ў сваім жыцці. Прамы зрок – для дарогі , для паўсядзённага жыцця. А бакавы ... У бойцы , у творчасці , у спорце , у палітыцы , у каханні ён уключаецца , як нейкі неразгаданы таямнічы пражэктар душы , і мы за сотую долю імгнення паспяваем убачыць тое , што несумненна знікла б , праляцела паўз нашу свядомасць , калі б не бакавы зрок.
Неяк улетку на студэнцкіх вакацыях ішоў я , малады і бесклапотны , па нашай зялёнай утульнай Змітраўцы. Жыццё , як кажуць , свяціла ўсімі зоркамі. На лавачцы сядзелі Лёня Счыслёнак , мой былы школьны сябра , дырэктар школы з Калінкавічаў , і Федзя Абакумаў , расійскі хлопец , які пасля вайны жаніўся на адной са змітраўскіх шчабятух , ды так назаўсёды і застаўся ў Беларусі. Я ўпэўнена гоцнуўся побач з імі на лавачку , парукаўся і весела пачаў несці нейкую бязглуздзіцу – гаварыць шмат і , у сутнасці , ні аб чым. Рускія называюць гэта “ трёпом “. І раптам уключыўся мой бакавы зрок , і я ўбачыў ільдзінкі ў вачах Лёні і Федзі. Хлопцам , добрым маім знаёмым , з якімі не раз чарку бралі , было зараз не да мяне. Я тармазнуў на паўслове , замоўк , нібы папярхнуўся. Аказваецца , толькі што яны выцягнулі з пятлі Лёневага бацьку Іосіфа Дзямідавіча , які ( ужо не ў першы раз , як я потым даведаўся ) спрабаваў накласці на сябе рукі.
Падчас чарговага майго выступлення па Бюро прапаганды літаратуры , калі я натхнёна і , несумненна , даходліва , бо палова жаночай аўдыторыі плакала , чытаў паэму пра смерць маці , бакавы зрок улавіў як пудрыць носік , самазакахана глядзіцца ў невялічкае прыгожае люстэрка маладая сакратарка партыйнай арганізацыі. Яна , прадставіўшы паэтаў аўдыторыі , сядзела леваруч ад мяне за суседнім сталом ...
Нямала было такіх імгненняў. І ўсе яны зачапілі душу – калі паранілі , калі падкінулі пад аблокі , прымусіўшы ўсхвалявана трапятаць сэрца. Без іх жыццё было б прэснае.
Што я хацеў сказаць ? Ідучы да сваёй мэты , пільна і смела глядзіце ўперад , але не забывайцеся пра бакавы зрок.

 

Колькасць прачытаўшых: 3506
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел 1
  • Раздзел 2
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007