Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел 2

Апошні позірк Масея Сяднёва

На самым пачатку дзевяностых , калі , як вясновая паводка , грукатала ў нашай краіне перабудова , калі з эстрады бадзёра і нецэнзуравана несліся адважныя песенькі , накшталт : “ По России мчится тройка – Мишка , Райка , Перестройка “ , у Беларусь са Штатаў прыехаў легендарны Масей Сяднёў. Паэт. Вязень сталінскіх турмаў. Эмігрант. Гэта быў невялічкі , дужа рухавы і гаманкі чалавек з яснымі блакітнымі вачыма наіўнага дзіцяці. Мне ён здаўся звонкагалосам верабейкам , які пераляцеў агромністы Атлантычны Акіян , каб убачыць сваю Радзіму.
Масей Сяднёў , вядома ж , і ў самых аптымістычных снах не меркаваў , што некалі пабачыць Беларусь. Але жыццё змянілася , прычым , змянілася ў лепшы бок , і ён прыехаў... Ён хацеў убачыць Усё ! Ён ездзіў , хадзіў , глядзеў , слухаў , сустракаўся з мноствам людзей. Ён натольваў сябе Радзімай , ён назапашваў у сваёй душы ўражанні ад яе з велізарнай прагнасцю і жарсцю , так як у вядомым апавяданні Джэка Лондана “ Любоў да жыцця “ згаладалы чалавек набівае – натоптвае ў свой спальнік хлебныя сухары.
Аднойчы ён завітаў і ў выдавецтва “ Мастацкая літаратура “ , дзе я ў той час узначальваў рэдакцыю паэзіі. Яго прывёў у наш пакой дырэктар выдавецтва Валерый Грышановіч. Памятаецца , пры той сустрэчы ў рэдакцыі былі Хведар Жычка , Леанід Дранько – Майсюк , Рыгор Яўсееў ...
Мы глядзелі на паэта , які завітаў да нас з далёкай таямнічай Амерыканшчыны , як на марсіяніна. Мы закідвалі яго пытаннямі , прычым , самымі рознымі : дзе жыве ? якую атрымлівае пенсію ? як пішацца і друкуецца яму на беларускай мове ў англамоўнай краіне ? Масей Сяднёў адказваў на ўсе нашы пытанні з найвялікшай шчырасцю. Было відно , што яму прыносіць велізарную асалоду гэтая размова. Мне , калі мы парукаліся і пазнаёміліся , ён сказаў : “ А я вас такім і ўяўляў “. Кожнаму з нас ён падараваў па бляшанцы амерыканскага піва. На той яшчэ бедны савецкі час гэта быў шыкоўны сувенір.
І вось надыйшла хвіліна развітання. Ён пацалаваў кожнага з нас. Кожнаму з нас ён моцна – моцна паціснуў руку. І пайшоў да дзвярэй. І павярнуўся на парозе , маленькі і безабаронны. Павярнуўся ў Апошні Раз. І я ўбачыў Апошні Позірк Масея Сяднёва. Боль , радасць , слёзы , бляск ранішняй лугавой расы , развітальны горкі сум ( о , ён ведаў , што больш ніколі не вернецца на гэту родную , але недасяжную зямлю ! ) , шкадаванне і туга – усё было ў ягоных мудрых стомленых вачах. Дзверы за ім зачыніліся ...
І на парозе смерці я ўспомню цябе , Апошні Позірк Масея Сяднёва.

Галасы

Голас з нябёсаў : - Так як градзінаў не хапае , пачынаем шпурляць на зямлю шчэбень , 7,5 тон якога ляжаць на пляцоўцы калгаса імя А. Чубайса. Пляцоўка нікім не ахоўваецца.
Голас з могілкаў : - Я люблю тебя , жизнь !
Голас з кішэні : - Я , дэпутат парламенту Іванец Іван Іванавіч , абедзьвумя рукамі галасую за мудрэйшую прапанову ...
Голас з-пад абцасу : - Каханая ! Клянуся - я зрабіў толькі два глыткі сухога віна !
Голас з маўзалею : - Архіхачу неадкладна пабываць у чырвоным Піцеры ! Даўно не бачыў Іудушку Троцкага.
Голас са страўніка : Зноў укінулі халодную бульбу і чорны хлеб. Пратэстую ! Дзе паляўнічыя каўбаскі , чырвоная ікра , піца з сырам і чорнае ірландскае піва ?

***
Наваліліся хваробы
На мае вантробы.
І грызуць мяне , кусаюць,
Гуляць не пускаюць.

Лёс мой – чорная пячора.
А яшчэ ж учора
Я не ведаў гэткіх бедаў
І да дзевак бегаў.

Гэй , дзяўчатачкі – дзяўчаткі ,
Гладзенькія пяткі !
Збеглі ад лася старога ,
Быццам курапаткі.

Ходзіць лось па цёмным лесе.
Корм у рот не лезе.
Эх , аддаць бы рогі й сэрца
Хоць якой гарэзе !

***
Вакзал ... Электрычка ў восем ...
Ляцім праз чырвань лясоў.
Дорыць з табой нам восень
Чыстыя слёзы дажджоў.

Крылы падрэзаўшы лету ,
Восень хмараў нашле.
Як пасажыр без білету ,
Жоўты лісток на шкле.

Знікла разам з вакзалам ,
За небакрай адыйшло
Усё , што нас хвалявала ,
Таемным агнём пякло.

Дарога вяртае мудрасць ,
Не верачы ў міражы.
І толькі гарошынкі смутку
Звоняць на сподзе душы.

Пяшчотны і нераспусны ,
Люблю мацней за жыццё
Твае гарачыя вусны ,
Халоднае сэрца тваё.

Мы некалі Бога папросім ,
І гэта паўторыцца зноў –
Вакзал ... Электрычка ў восем ...
Чыстыя слёзы дажджоў.


Узгор”е – Два
( Мясціна , дзе знаходзяцца дачы беларускіх пісьменнікаў )
Любімы куток зямлі ...
Святое Узгор”е – Два ...
Тут лепшыя дні прайшлі.
Мудрэла тут галава.

Я тут усе сцежкі схадзіў.
Я тут свой садок садзіў.
Тут хату ляпіў – будаваў.
Жонку сваю цалаваў.

Тут яркі касцёр не патух.
Тут ззяе вялюгінскі дух.
Памерлі сябры , але зноў
Гучаць галасы сяброў.

Любімы куток зямлі ...
Аблокі ... Дрэвы ... Чмялі ...
У самай звонкай траве
Вецер – пясняр жыве.

Тут кожны рабіў , як вол.
Сядайма ж , сябры , за стол.
Чарку паўней налі
За лепшы куток зямлі.

***

Хай Адраджэння сны патрушчаны
Нявер”ем , злосцю і маной ,
Цяжар і радасць беларушчыны ,
Вы да астатніх дзён са мной.

***

Было нешырокае кола
Тых , хто нёс гэты груз ...
Быў Ермаловіч Мікола
І “ Старажытная Беларусь “.

Здавалася , нас запрэглі
Навекі ў савецкі балдзёж.
Ды электрычка бегла
У Маладзечна праз дождж.

Агні цыгарэтаў тухлі.
Дажджыўся , бы плакаў , вакзал.
Была ў Маладзечне кухня
Вузенькая , як пенал.

Амаль аслеплы вучоны
Глядзеў у вякоў сіняву.
Упэўнена і натхнёна
Расказваў нам пра Літву.

Пра мужных князёў , пра вояў ,
Пра вершніка на кані ...
І над яго галавою
Быццам свяціўся німб.

Кагорты адважных і слаўных
Ішлі па чырвонай траве ...
І сэрца крычала : - Настаўнік ,
Мы не забудзем цябе !

Няхай , на цябе навуськаны ,
Злы воран цябе дзяўбе ,
Наш Герадот беларускі ,
Мы не забудзем цябе.

Няхай пад цябе “капАюць”
Вучонейшыя краты -
Праўда твая - святая.
Ты быў і ты ёсць Святы !
PS. Прапаную вуліцу Рафіева ў Мінску , на якой пад коламі таксі загінуў М. І. Ермаловіч, назваць вуліцай Міколы Ермаловіча.

***

Княгіня з роду Радзівілаў ,
Палацаў меўшы шмат і вілаў ,
Магла б у вечнай жыць раскошы ,
Рабыняй флірту і віна
Была б да скону. А яна
На Беларусь давала грошы –
На школку дзеткам. На газету.
І на бінты для лазарэту.

Які яе раскрыльваў Дух ?
Што даказаць яна хацела
Сабе і свету ? Што гарэла
Ў душы ў яе ?
Той весні рух ,
Што называўся Адраджэннем ,
Якія пасылаў праменні
Ў жывое сэрца ?
Зніч патух.
Жыццё сыйшло. Адны каменні
Ляжаць пад снегам завірух ...

Ды з веку ў век век расці траве !
І – гляньце ! – Беларусь жыве !
І светлы воблік твой , княгіня ,
Для Беларусі не загіне.
... Віна , сябрук , паўней налі.
Мы вып”ем за той час , калі
Жыла княгіня – мецэнатка
І беларушчыны фанатка.
На злых стагоддзяў скразняку
Мы пацалуем ёй руку.

Мае сыны

Мае сыны , мае сыны !
Мае надзеі. Мары. Сны.

Мае праменні той вясны ,
Калі я толькі падрастаў ,
Калі свой Свет , свой Край шукаў.
Мае сыны.

Ад зла іх , Божа , беражы.
Ад подласці. І ад ілжы.
Ад пераменлівых сяброў.
І ад звярыных кіпцюроў.
Іх беражы.

Калі сякеру ўзніме лёс.
Калі надыдзе Поўнач Слёз ,
Дай , Божа , каб я з імі быў.
Каб іх сабою засланіў.
Іх засланіў.



***
Прашу прабачэння ў магчымага Чытача за маю цераспалосіцу – проза , вершы , проза , вершы і г. д. Звычайна , твор кампануюць больш строга , аддзяляючы мух ад катлетаў г. зн. , прозу і паэзію даюць асобнымі вялізнымі блокамі. Але , скажу шчыра , такая прылізаная ўмоўнасць мне даўно абрыдла. Мне , скажу яшчэ больш шчыра , нават і пісаць – друкаваць не хочацца. Калі б можна было , насвістваў бы свае думкі , альбо шумеў , нашумліваў іх ( як вам вобраз ? ) як чарот над возерам. Ды трэба паважаць магчымага Чытача. Што я й раблю.

***
Трэба зазначыць , што “ великим и могучим “ рускі язык ( рускую мову ) назвалі самі рускія – пісьменнік Іван Тургенеў. Іншая справа , каб такія словы напісаў нехта чужы , нехта збоку , скажам , англічанін , француз , альбо немец. А так ... А так гэта гучыць як звычайная не зусім пераканаўчая пахвальба. З гэткай самаўпэўненасцю мы маглі б аб”явіць нашу Свіслач “вялікай і магутнай “ ракой. Была вялікая Расійская імперыя , быў вялікі Савецкі Саюз – пад іхнім крылом квітнеў “ великий и могучий “. Сёння ж сітуацыя кардынальна змянілася. Сёння не пра “ величие “ трэба думаць.

***
Восень. Жоўтая хітрая ліса. Мокрыя дрэвы. Мокрыя , як анучка , якой выціраюць школьныя дошкі , хмары. Прыгнечаныя думкі. Каралеўства абсалютнай дэпрэсіі. Куды зараз ісці маладому дваццацігадоваму чалавеку ? Вядома ж , толькі на могілкі. І ён ідзе туды. Ягонае імя Віктар. У яго няма парасону. У яго няма дзяўчыны , у яго няма тысячадалярнай працы , у яго няма вілы на Балеарах і лецішча пад Мінскам , у яго няма Ідэалу , у яго ня ... Прабачце , а што ў яго ёсць ? У яго ёсць нянавісць , лютая пякучая нянавісць да свайго роднага дзядзькі Рыгора. Дзядзька быў вядомым паэтам. Дзень і ноч пісаў – шрайбаваў вершы. Зараз ён спачывае на могілках. Адпісаў сваё. А вось пляменніку Віктару кватэру не адпісаў. І аўтамабіль не пакінуў. Уцёк ад пляменніка ў небыццё.
На могілках – дождж і бліскучыя гранітныя альбо бронзавыя помнікі. У дзядькі помнік бронзавы. Ззяе , як люстэрка галівудскай модніцы. Скульптар увекавечыў дзядзьку ў поўны рост. Стаіць пад дажджом на могілках маленькі бронзавы чалавечак.
Віктар пстрыкнуў дзядзьку па носе :
- Прывітанне , геній. Ня мокра ляжаць ? Чарвяк у левай вачніцы , нябось , варочаецца ? Сёння я буду чытаць санеты Шэкспіра.
З кішэні плашча весела выпырхнула , як птушка , паэтычная кніжачка. Гучаць вершы аб смуглай лэдзі. У звязку з халодным дажджом і свінцовымі хмарамі гэта вуй як экстравагантна !
Віктар помсціць роднаму дзядзьку па-інквізітарску вытанчана. Падбірае самыя малюсенькія , самыя востранькія іголачкі. Дзядзька любіў чытаць і слухаць выключна толькі сваю паэзію. Над ягонай магілаю ў Віктаравай дэкламацыі гучаць толькі не дзядзькавы вершы. Ужо восеньскія могілкі паслухалі паэтаў рускага срэбнага веку , оды Гарацыя і Вергілія , лірыку вагантаў , байкі Кандрата Крапівы ... Сёння чарга дайшла да Шэкспіру.
Шуміць бясконцы дождж. Гучыць , плыве над магіламі бяссмертны Шэкспір. “ Лепата “, - як любіў казаць адзін кінагерой.
Раптам на бронзавым дзядзькавым чаравіку Віктар убачыў мікраскапічнага прыгожанькага чырвона – чорнага жучка. Пэўна , і гэтае стварэнне зачаравалася Шэкспіравай смуглай лэдзі. Віктар лоўкай пстрычкай збіў жучка , укінуў паэтычную кніжачку ў кішэнь , павярнуўся і бадзёра пашыбаваў з могілкаў.
Лапоча дождж. На мокрым бронзавым чаравіку зноў з”явіўся – заварушыўся жучок. Ён неадрыўна пазірае ўслед Віктару. “ Азірніся , Віктар , - шэпчуць чырвона – чорныя вусікі , - Прыпыніся ... Я – твой дзядзька. Я скажу табе дзе схаваў залатыя пярсцёнкі і завушніцы тваёй цёткі Броні “.
Але пляменнік ужо выбег з могілкаў , спрытна ўскочыў у аўто ( праўда , не сваё , а чужое ) і пакіраваўся ў бібліятэку. Роўна праз тры дні могілкі будуць слухаць украінскага паэта Максіма Рыльскага.

***
Ах , гэтая рэўнасць ! Ах , змяя атрутная ! І паліць , і смаліць , і сушыць , і душыць. І дыхаць не дае. А ўсё з-за таго , што нехта некалі некаму ўсміхнуўся , альбо паслаў паветраны пацалуйчык , альбо проста ўшчыкнуў за салодзенькі бачок. І ўсё адкуль пайшло-павялося ? Вядома ж , адтуль – з сівой пракаветнай старадаўшчыны , ад саміх паноў-грэкаў. Была ў галоўнага бога Зеўса галоўная жонка Гера. Зеўс , як і належыць галоўнаму богу , шпурляў маланкі з нябёсаў , піў нектар , еў амбросію ( а з грэцкай мовы амбросія перакладаецца , як – бяссмерце. Во –во ! Гэта вам не шашлыкі з баранасабачыны! ) . А яшчэ любіў Зеўс шчыкатаць – гладзіць маладзенькіх німфаў. Не без гэтага. Нездарма ж імя ягонае было – Зеўс , што ў вольным перакладзе на нашую мову азначае “ не зявай ! “. Ну , Зеўс , бог гэты самы галоўны , і не зяваў. Аднойчы , падмацаваўшыся папярэдне добрай порцыяй амбросіі , злёгку пагладзіў німфу Іо , дачку рачнога бога Інаха. ( У старадаўніх грэкаў гэтых багоў-бажкоў было , як у нас гандляроў на Ждановіцкім рынку. Як кажуць , тысяча і адна ноч ! ). Дык вось , пагладзіць ён пагладзіў , але , на вялікую бяду , Гера ўбачыла. Што пачалося ! Алімп захістаўся ! Хоць у Геры і не было асабістай зброі ў выглядзе маланак ( тады , як і сёння ў нас , наконт зброі было дужа строга , толькі па спецдазволу ) , але ж паляцелі-зазвінелі амфары , “ громокипящие кубки “ , нават пара-тройка мармуровых статуй разбілася . І ўсё ( заўважце ) аб Зеўсаву галаву. Што паробіш ? Рэўнасць ! Зеўс збег з Алімпу на дно марское да свайго брата Пасейдона і там прытаіўся , як самы апошні карась. Наступіла чарга беднай Іо. Гэтую прыгожанькую цнатлівую дзяўчынёху , ведаеце , у што ператварыла разгневаная Гера ? У карову ! Не ў кветачку , не ў ластаўку і нават не ў рыбку. А ў звычайную тоўстую лугавую карову , ці , як рускія вельмі трапна зазначылі , у “ бурёнку “. Хоць каровы не толькі бурыя бываюць. Ёсць белыя , чорныя , пярэстыя ... Але няхай будзе “ бурёнка “. Вартаўніком жа німфакаровы злая Гера прызначыла Аргуса. Сто вачэй было ў гэтага малойчыка ! Як ні круціцца бедная Іо , як ні хоча збегчы з поля – не атрымліваецца. Бо заўсёды хоць адно вока ў Аргуса ды не дрэмле. Гэта як сённяшняя падатковая інспекцыя. Заўсёды на варце ! Нарэшце Гермес , сын Зеўса і Маі , бог жывёлагадоўлі , бог падарожжаў , бог гандлю , бог сна і снобачанняў (!) , бог злодзеяў і падманшчыкаў (!) і г.д. і г.д. ( але пра гэтага малойчыка я пастараюся расказаць вам пазней ) пашкадаваў і вызваліў Іо. Ён быў веснікам багоў ( яшчэ адна пасада! ) і меў спецыяльны геральдычны жэзл. Вось гэтым чароўным жазлом ( грэкі называлі , а , можа , і сёння называюць яго – кадуцэй ) Гермес наслаў сон на стовокага , а потым узяў і забіў яго. Ну й як вы думаеце , што зрабіла раўнівіца Гера ? Правільна думаеце. Спачатку яна ўшанавала вечную памяць вернага Аргуса. Ягоныя сто вачэй яна аддала на хвасты паўлінам ! Вось чаму яны , г. зн., хвасты , такія яркія , зіхоткія , асляпляльныя. Убачыце паўліна ў заапарку – успомніце Аргуса. Але Іо , беднай няшчаснай Іо , зноў не было даравання. Замест нябожчыка Аргуса жорсткая Гера наслала на німфу ( не забывайце , што Іо працягвала быць “ бурёнкой “ , г. зн. , каровай ) гіганцкага авадня (!), які , няспынна лётаючы над Іо , кусаў і кусаў яе. Ну й грэкі-міфатворцы ! Ну й садысты ! Гэта ж такія пакуты прыдумалі для няшчаснай дзяўчыны ! А ўсё з-за таго , што яе Зеўс пагладзіў. Доўга вандравала-бегала Іо па шмат якіх землях і толькі ў Егіпце ( пэўна , мясцовыя жрацы-мудрацы дапамаглі ) вярнула нарэшце сабе чалавечы воблік. Уф-ф-ф ! Вы не стаміліся ? Я , шчыра кажучы , ужо трохі замарыўся , страціў арыентыр. Багі ... Багіні ... Німфы ... Аргусы ... А яшчэ , калі дадаць , што ўсюдыісны Гермес вучыў свайго сына Аўталіка спрытна красці (!) , то й наогул можна ў адпаведнай установе аб”явіць сябе Зеўсам.
Вось што такое рэўнасць , шаноўныя спадарыні і спадары. Змяя атрутная !

Маналог беларускага вераб”я

Хочуць гускамі лятаць.
А я не лячу.
Хочуць рускімі стаць.
А я не хачу.

***

Хто рус , хто рыж –
Нясі свой крыж.

Здаровы ці хворы –
Габлюй свае творы.

Валасацік ці плеш –
Усёроўна памрэш.

Вясёлая эпітафія

Прысядзьце , хлопцы. Ёсць што выпіць ?
Тут спіць Паэт. Тут спіць Лявон.
Калі Лявон жыццю абрыдзеў ,
Жыццё яго паслала вон.

Маналог расчараванага манкурта

Вам добра так ? Ну што ж – жывіце скутыя.
Насіце пляму рабства на ілбе.
Паклон , паклон табе , Зямля Манкуртыя .
Праклён табе.

***
Аксіёмаю для нашых гісторыкаў і літаратараў стала тое , што Русь засланіла сабою Еўропу падчас разбуральных паходаў манголаў . У прынцыпе , мы згодны з гэтым. Хоць пасля ўзяцця ханам Батыем Кіева ( 6 снежня 1240 году ) коні стэпавікоў яшчэ доўга тапталі Польшчу , Маравію , Славакію, Венгрыю , Харватыю і Далмацыю і абмылі свае капыты ў Адрыятычным моры ...
Але задоўга да гэтага Еўропа выратавала землі , на якіх , рухаючыся ад Карпатаў і Дунаю , пачалі сяліцца нашы продкі. Вораг быў не менш ваяўнічы і бязлітасны – арабы.
Мухамед уліў у іх незвычайную энергію , і ўжо ў 711 годзе яны пераскочылі Гібралтарскі праліў і знішчылі ў Іспаніі каралеўства вестготаў. У бітве пад Херасдэ – ла – Франтэра загінуў апошні вестгоцкі кароль Родэрых. Зялёны сцяг прарока залунаў ля Пірэнеяў. Здавалася – што яшчэ трэба ? Спыніся. Апетытны кавалак Еўропы ў тваіх руках.
У 721 годзе арабы пераскочылі Пірэнейскія горы і асадзілі горад Тулузу ў Паўднёвай Францыі. На карту быў пастаўлены лёс усёй хрысціянскай Еўропы. У тым ліку , лёс нашых продкаў , якія былі яшчэ паганцамі і пакланяліся Сварогу і Дажджбогу.
Хто мог спыніць рух неадольнай сілы , якая зламала хрыбетнік Сасанідскай імперыі персаў , заваявала Іерусалім , Егіпет , якая не баялася смерці , бо на тым свеце адразу ж трапляла ў рай , дзе жылі прыгожыя пяшчотныя гурыі ? Такі чалавек у Еўропе знайшоўся. Гэта быў франкскі маёрдом ( нешта накшталт сучаснага прэм”ер -міністра ) Карл Мартэл. Мартэл азначае Молат і гаворыць аб сакрушальнай магутнасці ўдараў гэтага незвычайнага чалавека. Нездарма яго называюць выратавальнікам Еўропы. Ён , зразумеўшы крывавую небяспеку , аб”яднаўся са сваім заклятым ворагам герцагам Эдам Аквітанскім , аб”яднаўся з лангабардамі і 25 кастрычніка 732 году перагарадзіў дарогу арабам каля горада Пуат”е. Бітва распалася на мноства жорсткіх баёў , лучнікі хмарамі сваіх стрэл засланілі неба , ручаямі цякла кроў ... Молат разграміў дасюль непераможных арабаў.
Вось , у прынцыпе , і ўвесь мой аповяд. Мусульмане да нас у Беларусь прыйшлі з поўдня , з Крыму. Сёння яны – міралюбная працавітая частка нашай супольнасці. Але , калі б не Карл Мартэл , яны б прыйшлі ў наш край з захаду , на шмат-шмат вякоў раней , калі наш народ толькі пачынаў “ садзіцца “ на берагах Прыпяці , Нёману і Свіслачы. Яны б прыйшлі на ўзлёце сваёй ваяўніча-атакуючай экспансіі , і , хто ведае , ці лёг бы першы камень у падмуркі полацкіх храмаў.
Скажам дзякуй Еўропе.

 

Колькасць прачытаўшых: 2221
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел 1
  • Раздзел 2
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007