Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел I

Герадоцінкі-6, або Жыццё без нас

***
А яно было , ёсць і будзе – Жыццё без нас. Жыццё без мяне , без цябе , без іх ... Пішу гэтыя радкі , седзячы на другім паверсе свайго лецішча. Ясны майскі дзень. Блакітнае звонкае неба. І высока-высока над зямлёю , як маленькая срэбная рыбка , плыве самалёт. Гэта , я ведаю , міжкантынентальны пасажырскі экспрэс “ Парыж – Пекін “.
Я пішу свае “ Герадоцінкі “, а ў кабіне авіялайнера ( у гэты ж час ! ) пілоты ўважліва сочаць за паказаннямі прыбораў . У пасажырскіх салонах ( у гэты ж самы час ! ) гучаць французкая і кітайская мовы , нехта чытае газету , п”е каву , нехта глядзіць са шматкіламетровай вышыні праз ілюмінатар на маё лецішча . Прыгожыя юныя сцюардэсы ( у гэты ж час ! ) пачынаюць карміць пасажыраў абедам ... Там ідзе жыццё. Але мяне там няма.
Жыццё без нас. Мы , кожны па-свойму , прыкаваны да сваёй жыццёвай нішы , сваёй чАсавай і геграфічнай прасторы. Без нас , без усіх тых , хто жыве Сёння , людзі вынаходзілі Агонь і Паперу , будавалі Рым , адкрывалі Амерыку , прыручалі дзікіх жывёлін ...
Я пішу “ Герадоцінкі “ , а ў гэтыя ж самыя імгненні на трапічным востраве Новая Гвінея ў невысокіх парослых пальмамі гарах яркакаляровая райская птушка будуе сваё гняздо. У гэтыя ж самыя імгненні шахцёры з расійскай Хакасіі “ трымаюць “ галадоўку , нью – ёрскі палісмен , ляніва памахваючы гумавай дубінкай , набліжаецца да чарнаскурай “жрыцы кахання “ , якая занадта тэмпераментна атакуе прахожых мужчын.
Жыццё без нас. Я ні разу , да прыкладу , не бываў у Аўстраліі. Для мяне яе не было і няма і , хутчэй за ўсё , ніколі не будзе . Але ж яна , Аўстралія , ёсць , яна існуе ! І ў гэты самы час , калі над маім лецішчам услед за імклівым авіялайнерам нетаропка праплываюць пульхныя срэбна-белыя воблакі ( воблакі падобныя на Аўстралію – як пісаў калісьці паэт Хведар Чэрня ) , у эўкаліптавым сонечным лесе недзе каля Мельбурну жвава скача маленькае кенгураня.
Жыццё без нас. Мы жывем пад шкляным каўпаком Часу – ні назад , ні ўперад не вырвацца з-пад гэтага каўпака. ( Гэта я ўжо працытаваў самога сябе ! ) .
Жыццё без нас. Мы не сустракалі 1000 – ны год. Мы не сустрэнем ( дай , Божа , каб я памыліўся ! ) год 3000 - ны . Усе мы , як матылькі і жучкі дзіцячага гербарыю , прышпілены менавіта да гэтага імгнення ( пакуль вы чыталі , яно ўжо праляцела ) , да гэтага дня .
А калісьці хацелася быць усімі героямі ўсіх войнаў , прайсці ўсе шляхі ўсіх нястомных падарожнікаў , кахаць усіх-усіх жанчын ! Немагчыма ... Немагчыма , бо было , ёсць і будзе Жыццё без нас.
Ясны майскі дзень . Каля акна на другім паверсе майго лецішча пырхнула , крутнулася нейкая сіне-зялёная птушачка , чырканула крылом аб ваконнае шкло і паляцела ў бязмежжа сонечнага дня . Зайздрошчу ёй .
А , можа , каб не было Жыцця без нас , а каб адбылося Жыццё з намі ( з табою ! са мною ! ) , трэба зрабіцца гэтым велічным бясконцым небам , абняць усю Зямлю з усімі яе гарадамі , вёскамі , акіянамі , краінамі , гарамі , лясамі , людзьмі ? Але гэта ўжо – прарэгатыва Бога . Прабач і даруй мне , Божа

Іхнія норавы

А французы вясёлыя , хоць у іх і была Варфаламееўская ноч.

А індусы-будысты не растопчуць і мурашку , хоць і ездзяць на цяжкіх сланах.

А на Антарктыдзе размешчана дзяржава Пінгвінія . І кароль там – Пінгвін Трохсот Першы .

А фіны адкавалі-навастрылі фінку .

А палякі не прыдумалі танец польку , бо яе прыдумалі чэхі .

А беларусы п”юць пладова-ягаднае віно ( чарніла ) , бо калісьці называліся ліцьвіны і любілі ў свае кубкі ліць віны .

***
Як народ раней піў ?
Чалавек заходзіў у карчму , клаў карчмару свой пенязь ( грошы маглі называцца й па-інакшаму ) , браў у карчмара свой штоф ( пасудзіна магла называцца й па-інакшаму ) , падносіў яго да вуснаў ... Далей пачынаўся маленькі спектакль . Чалавек пытаўся ( пытаўся ў напою , які даў яму карчмар ) :
- Як цябе завуць ?
І сам адказваў ( адказваў , зразумела ж , ад імя напою ) :
- Акавіта .
- А з чаго ты ?
- З жыта .
- А адкуль ты ?
- З неба .
- А куды ты ?
- Куды трэба .
- А білет у цябе ёсць ?
- Няма .
- Вось табе тут і турма !
Чалавек весела ўліваў у сябе акавіту . Праўда , пасля некалькіх штофаў ( пасудзіна магла называцца й па-інакшаму ) “ спектакль “ рабіўся ўсё больш лаканічным і , на вялікі жаль , усё больш нецікавым .

***
Усім жыхарам нашай Беларусі зімою цёпла . Хто шыкуе ў катэджы , хто туліцца ў прахадным пакоі , хто спявае песенькі ў рабочым альбо студэнцкім інтэрнаце , але цёпла ўсім . Расійскі газ , цекучы ў Еўропу , сыта і весела вуркоча і ў нашых трубах . Нават бамжам ад яго цёпла .
Але адзін чалавек усё-ткі пакутуе . Небарака , яму так холадна , так зімна , як кажуць браты-палякі . Стаіць ён у тоненькім палітончыку , без галаўнога ўбору ( і гэта ўзімку ! ) , і на галаве ў яго нямашака валосся . Мёрзне ў чалавека галава . Чалавек гэты , да таго ж , раздвоены , растроены , раздзесяцяраны ... Стаіць ён на плошчах абласных сталіц і райцэнтраў , у дзяржаўным Мінску ... Вялікі альбо маленькі памерамі , бронзавы ці яшчэ які ... І ўсё паказвае некуды рукой. Здагадаліся ? Так , гэта Уладзімір Ільіч Ленін . Краіны , якую ён стварыў , ужо няма . Партыя , якую ён гартаваў у класавых баях , разбеглася . Стаіць чалавек ... Хвошча дождж . Мяце завіруха . Галубы пікіруюць на ягоную галаву . А ён стаіць . У адным з райцэнтраў нервовы таварыш нават павесіўся (!) на ягонай цвёрдай бронзавай руцэ .
Як вартавы , стаіць на нашай зямлі лысы маўклівы чалавек . І колькі гадоў яшчэ будзе стаяць ? Ленін думае пра Беларусь ...

***
Пачуў па тэлебачанні , што нашы бізнэсмэны ўсё часцей кажуць пра саміх сябе , любімых : “ Мы – камерцыйныя пралетарыі “ . У прынцыпе , - даволі трапная назва . Наш постсавецкі бізнэсмэн пастаянна , штодзень і штоноч , знаходзіцца між Сцылай і Харыбдай . З аднаго боку – наёмныя рабочыя , якім трэба даць працу , зарплату , гарантыі і г. д . З другога боку – Дзяржава , Улада , Кантрольныя органы , якія толькі й ведаюць , што павучАць , забараняць і правяраць – правяраць – правяраць ... І амаль заўсёды яна , Улада , ( заўважце , пішу з вялікай літары ! ) абараняе наёмных рабочых , хоць яны бываюць ох ! – якія розныя . А прадпрыймальнік , бізнэсмэн уколвае , як той колішні негр з баваўнянай плантацыі , без выхадных – прахадных .
Ну й як тут не ўспомніць Маркса з Энгельсам ? Камерцыйныя пралетарыі ўсіх краін , яднайцеся !

***
“ Добры вечар ( бо апошнім часам працую толькі ў другую змену , а ў белы дзень адсыпАюся ) , паважаны спадар спартыўны міністр , паважаныя спадары беларускія дэпутаты , паважаныя спадары мастакі ( тыя , хто розныя макеты малюе - распрацоўвае ) і паважаныя балельшчыкі , гэта значыць , усе каму баліць ! Піша Вам шматгадовы футбольны балельшчык – заўзятар Цімафей ( Цімох ) Астапчык . Як сябе памятаю , перажываю за футбол . Можа , з-за гэтага і не ажаніўся . Праўда , адзін разок усё- ткі дайшоў да Загсу , але праз тыдзень – другі збег ад жонкі на трыбуну . Я яшчэ , як хлапчанём быў , Мішку Мустыгіну і Леанарду Адамаву мячыкі з-за варотаў падаваў . Я яшчэ памятаю тыя залатыя часіны , калі тэлекаментатары Валодзька Навіцкі і Сяргей Новікаў вялі свае рэпартажы на чысцюткай нашай роднай беларускай мове . Хто іх адгаварыў потым і чаму яны пачалі крычаць у мікрафон па-расійску – не ведаю . Але , як кажуць , каментатары прыходзяць і адыходзяць , а вялікі футбол і вялікая ( як і ўсе ! ) беларуская мова застаюцца .
А зараз пераходжу да сваёй набалелай справы , да таго , што мне ў белы дзень спаць не дае . Ездзіў я на чэмпінат Еўропы па футболу ў Партугалію . Так-так , і беларусы былі ў гасцях у партугалаў ! Тры гады грошы на гэтую паездку збіраў . Нават піва кінуў піць . Добра там было , шумна , весела . Я на трыбуне сядзеў ( так ужо яно само атрымалася ) паміж украінцам Грыцько і расіянінам Ахмедам . Перад пачаткам гульні ўсе балельшчыкі , у тым ліку , вядома , і Ахмед з Грыцько , твары свае , і рукі , і жываты размалявалі ў “ баявую афарбоўку “, гэта значыць , у колер сваіх нацыянальных сцягаў . Грыцько фарбаю па твары – шах ! мах ! – і ёсць сцяг ! Ахмед фарбаю па твары – шах ! мах ! трах ! – і ёсць расійскі сцяг ! Я , шаноўнае спадарства , як шчыры беларус – патрыёт , таксама не спаў у шапку . Таксама – шах ! мах ! – па шчоках . Але сцягу няма ! Яшчэ ж трэба арнамент на твары ўвекавечыць . Крыжыкі ... Квадрацікі ... Загагулінкі ... Ужо матч даўно кіпіць – грыміць , ужо нават першы гол забілі , а я нічога не бачу і не чую – малюю родны сцяг ! Перапэцкаўся . Перамучыўся . Дзве бляшанкі фарбы звёў . Ахмеду на белыя штаны грамаў сто гэтай няшчаснай фарбы выліў . І ўсёроўна нічога не атрымалася ! А на выхадзе са стадыёну паліцыянты палічылі , што гэта баявая расфарбоўка сепаратысцкай арганізацыі астраўнога племені гуа – куруа і , каб разабрацца , у “ малпоўнік “ пацягнулі . Ледзь адхрысціўся . У-ф-ф-ф !!!
Даражэнькі спадар спартыўны міністр , дарагія спадары дэпутаты і мастакі , пашкадуйце Вы нас , беларускіх балельшчыкаў ! Зрабіце так , каб мы , як і ўвесь заўзятарскі свет , не вымалёўвалі на сваіх шчоках , як першакласнікі , арнамент , а – шах! – мах ! – трах ! – і гатовы сцяг ! Шах ! – мах ! – трах ! – і гатовы сцяг ! Наш родны , наш беларускі сцяг .


***
У школьныя гады мы рускае “ И “ у адрозненне ад беларускага “ І “ называлі
“ І “ Тоўстае .

***
Беларускі хлопчык чытае : - Мама мыла раму .
Індыйскі хлопчык ( вельмі спалохана ) : - Ды ты што ?! Як можна мыць Раму ? Рама ж – Бог !

***
Не скажу наконт мУзыкі , а ў слаўнай і непераможнай нашай беларускай літаратуры вельмі-вельмі ( вэры – вэры ) шмат “ бітлоў “ ( Biitles ) . Алесь Бітл , Кастусь Бітл , Ігар Бітл , Анатоль Бітл ... Ёсць нават Васіль Бітловіч .

Таямніцы беларускай філілогіі

· У бітве за “ мяккі знак “ ім не хапіла цвёрдасці .
· Доўгі-доўгі шлях да Ў – кароткага .
· У вымаўленні “ Якаюць “ ды “ Якаюць “ , а пра ўласнае “Я” забыліся . Больш “мЫкаюць” – “мы” , “мы” ... Дальбог , прабачце , як калгасныя каровы .

***
Не трэба забывацца , што праваслаўе прыйшло да нас на Беларусь не з Кіеву , не з Масквы , а з Канстанцінопалю ( сённяшні Істанбул ) , і калі князь Усяслаў Чарадзей у 1040 – ыя гады будаваў у Полацку Храм Святой Мудрасці , Сафію , Масква яшчэ не існавала , як горад і як вёска , яшчэ не нарадзіліся баярын Кучка і Юры Даўгарукі , яшчэ не было , вядома ж , Маскоўскага Патрыярхату і на месцы будучай Чырвонай плошчы яшчэ раслі палявыя васількі .

***
Адкажыце , славянафілы , адкажыце , тэмпераментна-натхнёныя абаронцы славянаў ( сербаў , македонцаў , чарнагорцаў і г. д . ) , чаму маўчыцё вы , як панабраўшы ў рот вады , калі бязлітасна “ бомбяць “ беларускую , “ бомбяць “ славянскую мову ? Дзе ваша вялікае славянскае братэрства ? А , можа , мы – “ не такія славяне “ , як не “ такія “ для вас палякі , чэхі , харваты ?

Інтэрнэт

Ад нерваў , сварак , бед
І ад капрызных дам
Нырні у Інтэрнэт
І пасяліся там .

Хай неба захлісне
Уз”юшаная гразь ,
На віртуальным дне
Жыві , як Пан – Карась !

Бэз

Як толькі ўспыхнула вясна ,
Расцвіў наш бэз каля вакна .
Апёк нам чэрвень галаву –
Упалі кветкі на траву .
Яго і дождж і вецер біў .
Карону ён сваю згубіў .
Без кветак ён сумуе ,
Без –
Бэз... Бэз ... Бэз ...


,


Ахрэм і гарэм

Вясковы конюх наш Ахрэм
Аднойчы трапіў у гарэм .

Не верыце ? Паверце мне .
Туды ён трапіў ува сне .

Там столькі голых маладух !
Аж заняло ў Ахрэма дух .

Танцуюць прыгажуні ўсе .
Затым як скокнуць у басейн

Адна красуня за адной .
Аж пырскі срэбнаю сцяной !

А потым выгнуць вабны стан ,
Ахрэму шэпчуць : “ Наш султан ...

Хутчэй , султан , ідзі да нас .
Забудзеш з намі ты пра час .

Каб не пагасла прыгажосць ,
У нас уся парфума ёсць –

Агністы лак , пяшчотны крэм ...
Ідзі сюды , султан Ахрэм “ .

Ахрэм напяўся у струну .
Цярпеў – пыхцеў , затым адну

Схапіў , на ложа павалок .
Ды жонка тут – таўхель пад бок !

Уздрыгнуў ён . Прачнуўся . Сеў .
Пытае жонку : “ Дзе басейн ? “

“ Які басейн ? Дальбог , здурнеў .
Купацца ноччу захацеў ! “ .

Падпёр султан рукою лоб .
Другой рукой жывот пашкроб .

О , горкі лёс мужчынскі наш !
Няма жыцця . Адзін міраж .

“ Чым аб басейн той член свой біць ,
Дык лепей з роднай жонкай быць “ , -

Рашыў і зноў заснуў Ахрэм .
Гары ён гарам той гарэм !

Галя з Галівуду
( Народная паэма )

Неяк надвячоркам
У гатэлі чынным
Да мяне з гаворкай
Падыйшла дзяўчына .

Вабны стан і шыя .
Дваццаць год , шчэ й трошкі ...
Вочы ж – палявыя
Сінія валошкі .

Думаў , будзе краля
Мовіць па-французку ,
Ды сказала Галя
Мне па-беларуску .

- Добры вечар пану .
Вас я апазнала .
Вашыя раманы
Ў школе я чытала .

Вы пра князя Вячку
Добра напісалі .
( Цёпла і удзячна
Я зірнуў на Галю . ) .

Пра сябе ж багата
Гаварыць не буду .
Тут жыву . У Штатах .
Галя з Галівуду .

І руку мне годна
Галя працягнула .
Вечаровы горад
Біў святлом і гулам .

Белыя і негры
Міма шнуравалі .
Пад нью – ёрскім небам
Я спаткаўся з Галяй ...

- А расла я ціхай ,
Шэранькай , няяркай .
Стаць магла б ткачыхай ,
А магла б – даяркай .

Толькі змей – спакуснік
Міхалевіч Жора ,
Той , што скончыў курсы
Кінарэжысёраў ,

Мне сказаў у маі ,
Калі ззялі зоркі :
“ Твар ты , Галя , маеш
Лепшай кіназоркі .

Сёння ў Галівудзе
Мода на славянак .
Там шукаць мы будзем
Шчасця абаранак .

Толькі смелым людзям
У жыцці шанцуе .
Там , у Галівудзе ,
Дзядзька мой працуе .

Я хлусіць не буду .
Я манІць не буду .
Мы закінем , Галя , вуду
Ў кАсу Галівуду “ .

У Нью – Ёрк ляцелі ,
Я глытала слёзы .
Нам услед глядзелі
Родныя бярозы .

Над бясконцым морам ,
Акіянам – морам
Я ляцела з Жорам ,
З кінарэжысёрам .

Мела я зялёны
Чамадан вялізны .
Пудру ... Крэм ... Ласьёны ...
Горачку бялізны ...

І яды хапала :
Смажаная гуска ...
Мёд ... КаўбАсы ... Сала ...
Дзеўка ж беларуска !

Бачыла я хмары
Праз ілюмінатар .
Нёс мяне ( у мАры ! )
Самалёт крылаты .

Нёс у паднябессі ,
Дзе жывуць маланкі .
І спяваў мне песні ,
Казкі – калыханкі .

Нёс , як кіназорку !
Нёс і не разбіўся .
Толькі ж у Нью – Ёрку
Жора мой “ згубіўся “ .

Дзе шукаць ? Як мовіць ?
Я стаю ў адчаі ,
Бо ангЕльскай мове
Нас не навучалі .

Мы ж да камунізму
З рускай мовай пёрлі .
Жора – ненавіснік
Знік . І слёзы ў горле .

Ах , бандзюга , злодзей !
Хоць успорвай вены .
Раптам падыходзяць
Да мяне джэнтльмэны .

- Здраствуйце , міс Галя .
Добра даляцелі ?
Мы вас тут чакалі .
Пройдзем да гатэлю .

Нейкі містэр Вася
Бег з партфелем шэрым ...
Так і пачалася
Тут “ кінакар”ера “ .

Віскі ... Сіські ... Піські ...
Блядства , адным словам .
Змоўкла Галя . Нізка
Плыў туман барвовы .

Нам у мозг упіхваў
Горад сотні тлУмаў .
Змоўкла Галя , сціхла ...
Я ж стаяў і думаў .

Розум – розум майце ,
Мілыя дзяўчаты .
Марце і дзярзайце ,
Адлятайце ў Штаты !

Ды не з гнюсным Жорам ,
Гора – рэжысёрам .
Давярайце лёс свой
Правільным канторам .

І не трэ баяцца !
Тут – Краіна Дужых !
Знойдзеце тут працу .
Знойдзеце тут мужа .

З ім , надзейным птахам ,
Будуць хлеб і кветкі .
І пад вашым дахам
Зашчабечуць дзеткі .



Вы не абібокі .
І не беларучкі .
Кліча Свет шырокі .
З Богам , беларускі !

Мне ж мой шлях вядомы –
Я лячу дадому .
Помню , не забуду
Галю з Галівуду .

 

Колькасць прачытаўшых: 3230
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел I
  • Раздзел II
  • Раздзел III
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007