Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел III

***
Яшчэ цвітуць арэшнікі.
Гудуць чмялі ў траве .
Яшчэ каханне грэшнае
Жыве .

Яшчэ не сталі горкімі
Ні верасень , ні май .
Яшчэ іду пад зоркамі
У гай .

Яшчэ “ пад нуль “ не выбіта
Мішэнь майго жыцця .
Яшчэ гарэлка выпіта
Не ўся .

Яшчэ агнём – грымотамі
Не бег лясны пажар .
Яшчэ глядзіш з пяшчотаю
Мне ў твар .

Ні холаду , ні жорсткасці
У залатых вачах .
Саспелі шышкі жоўтыя
Ў лясах .

***
Амаль адзіная інтэлектуальная радасць у мяне сёння – самастойнае вывучэнне англійскай мовы . Накупляў слоўнікаў , падручнікаў , размоўнікаў , сяджу , хаджу , размаўляю сам з сабой , вывучаю . Па міліметру , па сантыметру ўгрызаюся ў вялікі цудоўны мацярык . Гэта такая насалода ! Пачынаеш паважаць сам сябе . Адчуваеш сябе членам сусветнага духоўнага брацтва . Паміж краінамі і паміж народамі ўжо даўно наведзены трывалыя масты і масткі , імя якім – англійская мова . Раней , у часы сярэдневечча , такая роля была ў латыні , і шмат хто з беларусаў ведаў яе і тварыў на ёй . Вядома ж , я не паспею дасканала вывучыць мову Шэкспіра і Байрана , мне проста не хопіць адведзенага прыродай жыццёвага часу . Нічога . Пад канец жыцця я змагу сказаць сам сабе і Богу : я хадзіў па гэтых зялёных лугах пад месячным і пад сонечным святлом , я рваў іхнія прыгожыя таямнічыя кветкі .











***
Розныя былі і бываюць вяселлі ...
У 1479 годзе адбылося гістарычнае вяселле , вяселле , якое вырашыла лёс Іспаніі , лёс арабаў ( маўраў ) у Еўропе і лёс індзейскіх імперый майя , інкаў і ацтэкаў у Амерыцы . Злучылі свае душы , сэрцы , рукі , войскі і фінансы Ізабела Кастыльская і Фердынанд II Арагонскі . Папа рымскі Інакенцій VIII дараваў ім тытул “ Каталіцкіх вялікасцяў “ . У выніку атрымаўся такі выбуховы зарад , такі грымучы порах , рэха ад якога пакацілася па ўсім свеце ...
Адразу ж “ маладыя “ пайшлі ў паход на Гранаду , апошнюю цытадэль маўраў на Пірэнейскім паўвостраве . У бітву было кінута ўсё : каласальная энергія шматвекавой рэканкісты ( вызваленне-адваёва ) , жорсткасць і фанатызм створанай у 1480 годзе інквізіцыі , вайсковая моц гарадоў , што аб”ядналіся ў саюз – Святую Эрмандаду , нязломны дух каралевы Ізабелы , якая ўсю сябе аддавала змаганню “ крыжа з паўмесяцам “ . Праз дзесяцігоддзе няспынных крывавых баёў Гранадскі эмірат рухнуў ...
... Яны кастылец ( іспанец ) і маўр ( араб ) , тэмпераментныя , мужныя , рамантычныя , былі вельмі падобныя адзін на аднога , і ніхто не хацеў саступаць . Уначы 21 кастрычніка 1491 года кастылец Эрнанда Перэс дэль Пульгар з пятнаццацю рыцарамі , як вуж , праслізнуў у непрыступную Гранаду , дайшоў да самай брамы мячэці і прыбіў да яе шчыт з тэкстам “ Ave Maria “ ( ! ) . У адказ гарачы маўр Тарфа прывязаў гэты шчыт да хваста свайго каня і наступнай жа раніцай галопам уляцеў у кастыльскі вайсковы гарадок Санта – Фе ( Святая Вера ) ( ! ) . Абодва загінулі .
Час герояў ... Час подзвігаў ... Чырвоная ружа і аркан , гітара і крывая шабля ... Блакітнае , абпырсканае кроўю , неба Гісторыі ...
Потым быў – Калумб . Нічога не ведаючы аб ім , інкі на камяністых горных тэрасах яшчэ садзілі сваю жоўтую кукурузу ...

***
Хмурым восеньскім днём 1995 году ў маёй кватэры на вуліцы Каліноўскага ў Мінску зазваніў тэлефон . Я ўзяў слухаўку .
- Марцінавіч , - данеслася адтуль , - Гэта Стральцоў . Прыедзь да мяне .
І Міхась Лявонавіч Стральцоў назваў свой хатні адрас .
Едучы да яго , я раздумваў – што магло паслужыць прычынай такога нечаканага запрашэння . Мы не сябравалі . Я наогул лічу ( хай мяне пераканаюць у адваротным ) , што ў мужчыны , у таго ж пісьменніка не павінна быць і не бывае ( па вялікім рахунку ) сяброў . Пісьменнік – індывідуаліст . Гэта раней , пры сацыялістычным рэалізме , стваралі “ пісьменніцкія брыгады “ , якія агулам пісалі гісторыі фабрых і заводаў . Дзе сёння тыя гісторыі ? Ці чытала іх хоць адно чалавечае вока ? Творчасць , як і каханне , надзвычай асабістая , глыбінна – каранёвая стыхія . Вы не можаце “ брыгадай “ любіць адну і тую ж жанчыну . Гэта ўжо будзе кваліфікавацца як калектыўнае згвалтаванне . І калі пісьменнікі аб”ядноўваюцца ў нейкія групы , групоўкі , пішуць нейкія маніфесты , мне гэта смешна . Ясна , што “ гуртом лягчэй бацьку біць “ , як запэўнівае народная прымаўка , але ясна і тое , што ўсе гэтыя аб”яднанні-згуртаванні лепяцца ў кучу дзеля аднаго – адшчыкнуць хоць скарыначку ад салодкага пірага славы і падзарабіць грошай на чарку са скваркай .
Міша ( дазваляю сабе так называць гэтага вялікага пісьменніка ) жыў на сённяшняй вуліцы Кальварыйскай ( не памятаю яе колішняе , “ савецкае “ імя ) у высокім шэра – цагляным доме . Ён сустрэў мяне вельмі прыязна , абняў .
- Сядай за стол , Лёня . Будзем піць гарэлку і закусваць марынаванымі баравікамі .
Я глянуў на стол . Цуд ! Увесь спрэс ён быў за ... ( не , не завалены рукапісамі і кнігамі , як вы падумалі ) , а застаўлены бліскучымі шклянымі слоікамі , вялікімі , малымі , маленькімі . І ва ўсіх гэтых слоіках жоўта-карычнева свяціліся , ззялі ( ! ) апетытнейшыя марынаваныя баравікі . Смаката !
І пачаўся трыумф страўніка . Мы пілі гарэлку і закусвалі баравікамі , пілі і закусвалі ...
- Гэта ўсё мама , мамка мая назбірала і намарынавала , - хваліўся , як маленькі задаволены хлапчук , Стральцоў . Вочы іскрыліся шчасцем . Было відно , што ён вельмі – вельмі любіць сваю маці .
З цягам нашай застольнай размовы я зразумеў чаму Міхась запрасіў мяне на баравікі . Аказваецца , зусім нядаўна ў часопісе “ Маладосць “ ён прачытаў мой раман “ Меч князя Вячкі “ , і раман яму спадабаўся ...
Як і ва ўсіх такіх бяседах , дзе прысутнічае мужчынскі сябра-алкаголь , усё гаварылася , выплёсквалася з душы даволі сумбурна . Грукаталі вулканы і вулканчыкі . Але я ўлавіў , мне здаецца , адчуў “нерв “ стральцоўскіх маналогаў – разваг . Яго дужа хвалявала тое , што беларускую літаратуру і , адпаведна , мову крытычныя снобы лічаць другараднай і вясковай , “ простай “ . Мяне ж гэтым , як кажуць , “ не прашыбеш “ .
- Пакажы мне сённяшняга Гамера , - гаварыў яму я , - У якой еўрапейскай сталіцы ён жыве-пажывае ? Няма такога . А наконт “простасці “ ... Усе мовы “простыя “ – англійская , руская , польская , італьянская ... Няпростыя , гэта значыць , свяшчэнныя на ўсе часы , толькі грэцкая мова , стараяўрэйская і латынь . І ўсё ! Весялей глядзі на жыццё , Міша . Як кажуць , усе мы людзі , усе мы чалавекі .
Падалося , што я яго пераканаў , бо зноў узляцелі ўгору кілішкі з гарэлкай , паплылі са слоікаў прыгажуны – баравікі .
Ужо моцна сцямнела , калі мы скончылі сваё баляванне .
- Я правяду цябе , - сказаў Міхась .
На ліфце мы спусціліся ўніз . Двор і вуліца былі чорныя непраглядныя . Краіна , у якой канчаткова і назаўсёды перамог сацыялізм , якая няспынна будавала ( праўда , толькі ў Сібіры ) магутнейшыя гідраэлектрастанцыі і крычала аб гэтым на ўвесь свет , не магла асвятліць вуліцу , на якую выйшлі два беларускія пісьменнікі .
- Пойдзем на Кальварыю , - прапанаваў раптам Стральцоў .
Мне падалося , што ў мяне пачынаецца белая гарачка .
- Куды – куды ? – спалохана перапытаў я .
- На Кальварыю . На каталіцкія могілкі , - рашуча адказаў Стральцоў , - Яна – цераз дарогу .
Мы пайшлі на начную Кальварыю . Дзеля чаго пайшлі ? Не ведаю . А дзеля чаго мы пішам , сушым мазгі сабе і чытачу?
У могілак ( і гэта не некрафільства ) ёсць свая рамантыка , свая ( я б сказаў ) мУзыка . Асабліва , у начных могілак . Схадзіце , хто не хадзіў . Менавіта там , паміж чорных дрэў і чорных магіл , адчуваеш усю сваю нікчэмную часовасць , слабасць і мільгатлівасць . І менавіта там усё ажно звініць Вечнасцю .
Мы ішлі ў нетры начных могілак . Паміж крыжоў , медальёнаў з тварамі , што даўно-даўно згаслі , паміж нейкіх шолахаў і ўсхліпаў ... Мы ішлі , калі ўзняцца да паэтычнай мовы , праз дзесяцігоддзі і праз стагоддзі . Недзе здалёку цьмяна гарэлі рэдкія ліхтары , хвалі жоўтай восеньскай лістоты то адкрывалі , то зноў засланялі іх , але нам было добра без ліхтароў . Я адчуваў у змроку , што недзе побач усхвалявана б”ецца сэрца Міхася Стральцова . І я быў удзячны яму . За гэты дзень , за гэтую ноч .
І раптам мы разышліся , згубілі адзін аднога . Я спыніўся , прыслухаўся . Ні гуку . Толькі шуміць восеньская мокра – жоўтая лістота .
- Міша , - ціхенька пазваў-паклікаў я. Ні слова ў адказ . Ні дыхання .
- Міша ! – гукнуў я. Цішыня . Вадзяныя кроплі б”юцца аб металічныя агароджы , аб
помнікі. Шаснула між кустоўя нейкая начная патушка . Быццам непрыкаяная чалавечая душа
Я так і не дагукаўся ў тую ноч . З цяжкім сэрцам вярнуўся дадому . Болей мне не давялося сустракацца , сядзець за адным сталом , гутарыць з Міхасём Стральцовым . Шкада . Тонкі ранімы чалавек , высокі палымяны дух ... Шкада . Куды ён пайшоў ад мяне той цёмнай кальварыйскай ноччу ? Аб чым думаў тады ?
Калі ён , Міхась , памёр , памёр ўсяго толькі ў пяцьдзесят год , мне некалькі разоў снілася наша незабыўная вандроўка . І я крычаў праз сон :
- Міша ! Міша ! Міхась !

***
У Савецкім Саюзе ўпарта і мэтанакіравана стваралі савецкі народ , “ новую историческую сообщность “ , як тады казалі-крычалі з усіх высокіх трыбунаў . Адборныя прапагандысцкія сілы былі кінуты на “ сближенье наций “ . Бедныя гэтыя нацыі “ сближали – сближали “ і так , урэшце рэшт , зблізілі , што яны пачалі стукацца адна аб адну ілбамі , і , як більярдныя шары , разляцеліся ў розныя бакі , у свае самастойныя дзяржавы , адгарадзіўшыся межамі . Казьма Пруткоў сказаў бы : “ Зри в корень . Не сближай ! “ .

***
У маім далёка не багатым на кніжкі пасляваенным дзяцінстве я вельмі любіў чытаць насценныя календары – пухленькія кніжачкі з мноствам цікавай інфармацыі , з прыгожымі малюнкамі і карыкатурамі . Адну карыкатуру помню аж да гэтага часу . Над безданню туга напята нейкая вяроўчына . На гэтай вяроўчыне нязграбна , размахваючы рукамі , балансуе таўсцяк у нязвыклай савецкаму воку вайсковай форме . З кішэняў ягонага фрэнчу , нават з-за пазухі тырчаць чорныя дзюбатыя бомбы . Вось-вось гэты несімпатычны недарэка загрыміць у бездань . І знізу – подпіс :
Ходит НАТО по канату .
Хочет НАТО страх нагнать .
Эти штуки могут НАТО
В результате доконать .
Не ведаю – дзе сёння , чым займаюцца і каго крытыкуюць мастак і паэт , аўтары таго прапагандысцкага шэдэўру . Ведаю , што НАТО ўжо ў Вільнюсе .


***
Аказваецца , далёка не ўсе і далёка не заўсёды пераможаныя ( а іх у гісторыі чалавецтва столькі ж колькі і пераможцаў ) падымаюць лапкі ўгору , здаюцца на літасць больш моцных і ўдачлівых і забываюць , урэшце рэшт , хто яны , чыйго роду – семені . Далёка не ўсе .
Класічны прыклад – копты і парсы . Калі ў сёмым стагоддзі н.э. пачалася рэлігійная наступальная экспансія арабаў, калі пад іхнімі ўдарамі рухнулі Сасанідская Персія ( Іран ) і Егіпет ( тагачасная правінцыя і жытніца Візантыі ) , частка насельніцтва гэтых краін , адпаведна , заарастрыйцы і хрысціяне , адмовіліся прызнаць іслам і захавалі бацькоўскую веру . Вялікіх пакутаў гэта ім каштавала , немалой крыві , але яны выстаялі . І сёння ( ужо амаль тысячу чатырыста гадоў ! ) яны - парсы і копты , два неразмытых жыццёвымі бурамі востравы ў мусульманскім моры сваіх суайчыннікаў , якія з лёгкасцю пабеглі за ісламам . Усім нам , хто хоча захаваць сваю самабытнасць і сваю душу , трэба вучыцца ў іх .
Кладзецца вязь на паперу .
Святыя сасуды звіняць .
Старую на новую веру
Вы не схацелі мяняць .

Мільгаюць крывавыя коп”і .
Распорвае стогн цішыню .
Хрысту пакланяюцца копты ,
А парсы – Святому Агню .
Так , нам патрэбна браць прЫклад з іх .

Будзь у бітве ўпарты .
Не пакінь свой акоп ты .
Мы – парсы .
Мы – копты .

Вясёлыя цытаткі
“ Чалавецтва , смеючыся , развітваецца са сваім мінулым “ . Карл Маркс .

“ Посторонись – советский рубль идёт ,“ - сказаў Долар Франку . Яны крыху пасунуліся за рэстаранным столікам , працягваючы апетытна пацягваць халоднае піва . Савецкі рубель , натхнёны , бледнатвары , горда прайшоў паўз іх , нават не зірнуўшы на замежныя буржуазныя валюты , горда пайшоў цераз аўтатрасу , па гарачым пяску пляжа і ... утапіўся ў моры .

“ Читайте , завидуйте ! Я – гражданин Советского Союза ! “ – горда падумаў Мікола Елісавецкі , выдатнік адной з харкаўскіх школ , спартсмен , былы камсамолец і , проста , гарны пАрубак , беручы ў паліцэйскім упраўленні вострава Маўрыкій сінюю паперку , на якой незразумелай моваю было выдрукавана , што яму дазваляецца спаць на муніцыпальным пляжы пад пальмаю нумар восем .

“ Всё выше , и выше , и выше стремим мы полёт наших птиц “ , - бадзёра спяваў былы інжынер з Віцебску Антон Рыбкін , пасучы страўсаў на ранча пад паўднёваафрыканскім горадам Кейптаўн .

“ Если б знали вы , как мне дОроги подмосковные вечера “ , - задумліва насвістваў бомж Пятровіч , даючы “ стольнік “ ахове аднаго з падмаскоўных сметнікаў за права “ весці раскопкі “ на іхняй тэрыторыі з 18 – нульнуль аж да самай ночы .

***
Розныя бываюць дровы . Бярозавыя , асінавыя , дубовыя , альховыя , яловыя , саксаулОвыя ( ці , саксаульныя ? ) . Адным словам , розныя . А былі ( а , можа , і зараз дзе – небудзь ёсць ) “ паліраваныя дровы “ . Пра іх мне расказваваў дабрадушнейшы мудры Сцяпан Іванавіч Кухараў . З ім калісьці мы працавалі ў часопісе “ Маладосць “ , некалькі разоў ездзілі выступаць па Бюро прапаганды беларускай літаратуры і разам бавілі вечаровы час у небагатых гасцінічных нумарах ...
- У 1945 годзе ў Германіі мы саграваліся тым , што палілі на вогнішчах мэблю з нямецкіх дамоў . Важнецкая мэбля была , старадаўняя , прыгожая ... Салдацік ботам яе , або на калена – хрусь ! – і гатова . І ў агонь . Мы называлі гэта – “паліраванымі дрывамі “ .
Сцяпан Іванавіч задумліва глядзеў у столь , прыцмокваў языком :
- Добрая мэбля была . З чырвонага дрэва . З нейкімі вензелямі .
Ён быццам зноў чуў хруст нямецкай высакароднай мэблі , але тут жа спахопліваўся , неяк вінавата глядзеў на мяне , казаў :
- Ды ты не думай , Лёня , не сумнявайся - асабіста я не ламаў . Я ж , у нейкім родзе , інтэлігент , на настаўніка да вайны вучыўся . Я дзе пАлачку на вуліцы падбяру , дзе што драўлянае ... Я не ламаў . Не мог ламаць .
А я й не сумняваюся , дарагі Сцяпан Іванавіч

Дзве калоны


Адплывае , аддаляецца ў часе Другая Сусветная вайна . Так у хмурых акіянскіх глыбінях знікаюць падбітыя падводныя лодкі ...
Нашы заходнія саюзнікі адсвяткавалі 60 – годдзе высадкі сваіх войскаў у Нармандыі і адкрыцця “ другога фронту “ . Наша Беларусь адсвяткавала 60 – годдзе вызвалення ад фашысцкай акупацыі . У 2005 годзе плануецца шырока адзначыць 60 – годдзе Перамогі . Паміраюць , адыходзяць ветэраны ... Сум і радасць , як і паўсюль у жыцці , ідуць побач .
Паступова сціраецца нянавісць . Нельга ненавідзець пастаянна . Германія , сённяшняя Германія , пераводзіць грошы на рахунак былых вязняў гітлераўскага рэжыму , шле да нас матэрыяльную дапамогу . Мы абавязуемся па-хрысціянску даглядаць магілы іхніх салдатаў , што загінулі на нашай зямлі . І даглядаем ...
Мне было чатыры гады , калі немцаў выганялі з Беларусі . Вядома ж , я амаль нічога не памятаю . Памятаю толькі дзве калоны , дзве калоны нямецкіх ваеннапалонных ...
У першай калоне , якая марудліва рухалася па нашай брукаванай каменем змітраўскай шашы , ішлі палонныя нямецкія ... коні . Высачэнныя шыракагрудыя біцюгі – цяжкавозы пераважна светларудой масці . Гэта былі , так сказаць , радавыя нямецкай гужавой артылерыі . І ўсе яны былі ў бінтах ( ! ) . Для нас , змітраўцоў , гэта было , як цуд нябесны . Тут чалавеку нечым рану закруціць !
Коні былі вельмі- вельмі здарожаныя , змучаныя , худыя і ўсе параненыя . Яны хісталіся . Мы , дзеці , пачалі рваць траву і даваць яе коням . Нехта прыцягнуў вядро з вадою ...
Палонных нямецкіх коней гналі , як мы даведаліся ад чырвонаармейскага канвою , на Бабруйскі мясакамбінат . Гэтыя ж канваіры , за некалькі графінаў самагону , пакінулі нашаму мясцоваму калгасу чатырох коней . Нават сёння памятаю іх імёны ( імёны , а не мянушкі ! ) . Тры кабылы – Звязда , Луна , Зорка . І аграмадны конь – Молат . Нішчымная змітраўская зямля не магла , на вялікі жаль , пракарміць іх , і праз некалькі месяцаў яны пайшлі па тым жа маршруце на Бабруйскі мясакамбінат .
Другая калона ( а яна ішла раней , проста , я для літаратурнай інтрыгі памяняў іх месцамі ) была куды больш жахлівая . Зноў па той жа змітраўскай шашы вялі нямецкіх ваеннапалонных , на гэты раз не коней , а людзей . Яны ішлі шарэнгамі , чалавек па восем-дзесяць у шарэнзе . Яны былі скручаны калючым дротам – кроў цякла з голых рук. Усе былі без галаўных убораў , збітыя , скрываўленыя , часам , аголеныя па пояс . Некаторыя , больш пажылыя , плакалі . На мой сённяшні розум , гэта былі ніякія ні эсэсаўцы , ніякія ні афіцэры , а звычайныя радавыя салдаты , што трапілі ў палон падчас так званага Бабруйскага катла . Некалькі дзён яны прасядзелі ў нашых змітраўскіх калгасных хлявах пад аховаю партызан і чырвонаармейцаў . З хлявоў ( праз розныя шчыліны , праз страху ) яны выкідвалі губныя гармонікі , запальнічкі , фатаграфіі ( ! ) . Гэта ўсё забірала ахова , але нейкая частка перападала і нашым старэйшым хлопцам .
Сёння я разумею , што немцы хацелі такім чынам пакінуць хоць нейкую вестку пра сябе, а , магчыма , і разжалобіць мясцовае насельніцтва ( у пераважнасці , жанчын. ) . Ды хто калі на нашых прасторах слухаў мясцовае насельніцтва ? У час павольнага праходу па нашай шашы гэтай калоны ( знясіленыя немцы спатыкаліся , пАдалі ) нейкі афіцэр у навюсенькай форме крычаў , размахваючы пісталетам :
- Товарищи ! Дерите колья из заборов ! Берите камни ! Бейте фашистских зверей ! Нет пощады палачам !
Смаліла яраснае сонца . Афіцэр крычаў і крычаў і усё махаў сваім пісталетам . Частка натоўпу ( не , гэта былі не нашы змітраўцы , а партызаны і жыхары чыгуначнай станцыі ) і , сапраўды , пачалі выломваць колікі з платоў і бязлітасна дубасіць немцаў .
- Божа , што яны робяць ? – калоцячыся ўсім целам , шаптала мая маці , - Што робяць ?
Немцаў прыгналі , як быдла , да Глінішча ( глыбокая запоўненая рыжай вадой яма на ўскраіне Змітраўкі ) і жыўцом утапілі там . Яшчэ некалькі гадоў мы , дзеці , ідучы каля Глінішча ў грыбы ў лес , бачылі як плавае там ашмоцце нямецкай вайсковай формы ...
Сёння я , наслуханы і начытаны аб мінулай жорсткай вайне , думаю : навошта ў ціхай беларускай вёсцы патрэбна было арганізоўваць гэткі Суд Лінча ? Што дабавіў ён да той крыві і той бяды , якой усе мы насёрбаліся па самыя вушы ? Пэўна , арганізатары гэтай не Варфаламееўскай ночы , а Варфаламееўскага дня хацелі ўсіх нас , і жанчын , і дзяцей , і нямоглых старых , яшчэ ( у які ўжо раз ! ) вЫкупаць у крыві , на той дзень , у нямецкай крыві . У 1937 годзе яны рэкамі пралівалі савецкую кроў . Магчыма , яны хацелі , каб Еўропа , будучая дэмакратычная Еўропа , заўсёды лічыла нас , беларусаў , за варвараў . Але мы – не варвары . І гэтыя маЕ ўспаміны – адно са сведчанняў таму . Я й сёння чую шэпт – крык маёй маці :
- Божа , што яны робяць ?!


Мой радавод

У падмурку маёй радаслоўнай , як чатыры слупы , стаяць чатыры прозвішчы : Дайнекі – ШамалІ , Мацюшонкі – Ізохі . Дайнекі ( Данейкі ) – служылыя людзі Вялікага Княства Літоўскага , якія падчас руска – польскай вайны 1654 – 1667 году ў войску князя Радзівіла змагаліся супроць маскавіцкай агрэсіі і супроць спусташальных набегаў на Беларусь прамаскоўскіх украінскіх казакаў Хмяльніцкага , Залатарэнкі , Дубіны і інш . Атрымалі шляхецкую годнасць ад гасудароў Рэчы Паспалітай . У часы , калі наш край быў гвалтоўна далучаны да Расійскай імперыі , шматлікія шляхецкія роды ( у тым ліку , і Дайнекі - Данейкі ) былі пазбаўлены сваіх правоў і прыпісаны да аднадворцаў , мяшчанаў або проста сялян за тое , што засталіся верныя Рэчы Паспалітай . Расійская імперская прапаганда падавала Дайнекаў , як бандытаў , дарожных рабаўнікоў, антыўрадавых казакоў-гайдамакаў і г. д . Нейкім цудам у шляхецкіх спісах захавалася частка нашых кроўных суродзічаў – Данейкаў . Пэўна , царскі пісарчук , перапісваючы і пераменьваючы ( ! ) прозвішчы ( усяго ж адну літару перавярні – і кукіш з макам твайму шляхецтву ) не “добдел “ .
Прозвішча Ізох ідзе ад царкоўнаславянскай назвы месяца чэрвень – ізО к . І ад назвы лугавых кузнечыкаў-кавАлікаў . Гэта былі святары уніяцкай царквы на Беларусі .
Мацюшонкі - спадкаемцы ( саўдзельнікі , аднадумцы . Л. Д . ) Мацюшы , пра якога Магілёўская хроніка Трафіма Сурты і Юрыя Трубніцкага піша так : “ У год 1586 . Памёр кароль Стафан Баторы , караляваў 10 гадоў, 7 месяцаў і 12 дзён . Праз чатыры гады пасля яго смерці , гэта значыць у годзе 1590 , прыйшоў да Магілёва з войскам невядома адкуль нейкі казак ці гультай па прозвішчы Мацюша і нарабіў шмат шкоды ... “ .
З усяго гэтага вынікае , што Мацюша – казацкі атаман , або ( да чаго я схіляюся ) кіраўнік узброенай групоўкі літоўска – беларускіх феадалаў , якія ў той суровы час змагаліся за ўладу . Ад яго пайшлі ўсе Мацюшонкі .
І застаюцца – ШамалІ . У дадзеным выпадку быццам бы прасочваюцца крымска – татарскія карані . Хаця паралельныя прозвішчы ( Смаль , Самаль і г. д . ) даюць падставу думаць аб славянскім паходжанні гэтых маіх продкаў .
З усяго сказанага вынікае , што я – шляхціц з роду Дайнекаў – Данейкаў . Я адчуваю гэта па сабе і па сваіх блізкіх . Я ганаруся гэтым .
Мы не загінем пакуль не забудзем адкуль мы і хто мы . Няхай жыве беларуская шляхта !





Я – еўрапеец

Я быў на Акропалі . Я чуў галасы гаплітаў базілеўса Леаніда, што загінулі каля Фермапілаў . Я крочыў па вуліцы Маршалкоўскай . І польскія дзеці ўсміхаліся мне . Я люблю лонданскі туман . Я люблю шум парыжскіх каштанаў . І блакітны снег нарвежскіх фіёрдаў. І жоўтыя снапы пшаніцы , якую жнуць украінскія сялянкі . Я люблю Іспанію , хоць і не люблю карыду . Я веру ў цвёрдасць ірландскіх дубоў . І ў надзейнасць берлінскага бруку . Я люблю спеў венскіх фантанаў . І таямнічую цішыню рымскага Калізею .
Я – беларус .
Я – еўрапеец .
Я люблю Еўропу .
Не пакідайце мяне за бартом вашага ( і майго ! ) карабля .
Я – член Еўрапейскай партыі , як і ўсе вы .
Белае – белае воблака ў небе , што пераплывае рэчку Буг , мой партыйны білет.

 

Колькасць прачытаўшых: 2793
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел I
  • Раздзел II
  • Раздзел III
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007