Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел I

Герадоцінкі – 7 , або Там , дзе вецер і лес


Добры дзень . Прабач , магчымы чытач . Упершыню пачынаю свае “ герадоцінкі “ з паэзіі . На прозу пакуль што не хапае думкаў .


***

Не лячу самалётам пад зор вугалі .
Не плыву караблём праз штармоў каламуць .
Я жыву на маўкліва – шумлівай зямлі
Там , дзе вецер і лес жывуць .

Мы – трыяда . Ланцуг непарыўны . Браты .
Паспрабуй рассакрэць нашых жыццяў фантом .
Мне заснуць не дае голас ветру густы .
Мяне лес прыкрывае шурпатым шчытом .

Мая кроў чырванее ад яркіх агнёў ,
Што гараць у бясконцасці Космасу спрэс .
У няспыннага ветру блакітная кроў .
І зялёнай крывёю струменіцца лес .

Тры святыя крыві . Тры ракі – ручаі .
Тут часовы прытулак і вечны мой дом .
Абаўі мяне , лес , дзеразой , абаўі .
Ахіні мяне , вецер , іскрыстым крылом .

***

Боль прыходзіць , як лязо нажа .
Б”е ў сэрца , у скронь , у бок ...
Боль – Бог .
Боль – Бог .
І не дасі яму спатолі .
Боль – Бог .
Але толькі на імгненні ,
Бо вечны Бог
Не можа быць вечным болем .










***

Адкажы мне , чын па чыне ,
Доктар інтэрнэт – навук ,
У Сусветным Павучынні
ХтО я : муха ці павук ?

Бог ці д”ябал мной кіруе
Як па сайтах я вандрую
І скачу , бы кенгуру
( Скокнуць не дасі – памру . ) ?

І чаго туды я лезу ?
Толькі дзеля інтарэсу ?
Каб суцішыць нервы , злосць ?
Можа , іншае што ёсць ?

Можа , там – жыцця адгадка.
І гарантавана - гладка
Да бяссмерця шлях вядзе ;
Там , як птушанё ў гняздзе ,

Буду лётаць я вучЫцца ,
Каб упасці й не разбіцца
І да сонца даляцець
І далЕй ляцець хацець ?

Што тут праўда ? Што падман ?
Адкажы , вучоны пан .







***

З вялікай радасцю яшчэ раз пераканаў сам сябе ( і сваю цудоўную жонку ! ) , што літаратура , верным жаўнерам і служкам якой з”яўляюся ўжо не адно дзесяцігоддзе , вышэй тэлебачання . Усе гэтыя мыльныя оперы , бясконцыя канцэрты , у якіх дзяруць горла адны і тыя ж спевакі і спявачкі ; тэлевядучыя - прычасаныя размаляваныя лялькі ; нейкія высмактаныя з пальца тэлегульні і тэлеконкурсы ; увесь гэты нахрапісты гульнясверб ( па – руску “ развлекаловка “ ) у разумнага рацыянальнага чалавека можа вЫклікаць толькі іранічную ўсмешку : а дзеля чаго ўвесь гэты шум – гром , гэты надакучліва – аднастайны маскарад ? Што хоча сказаць “ гораду і свету “ крыклівы натоўпік самазакаханых тэлепрадусераў і тэлерэжысёраў ? Дзеля чаго ў незямным ( так ёй здаецца ) экстазе махае аголенымі цыцкамі і нафарбаванымі пазногцямі “ вавілонская блУдніца “ ? ( Прашу прабачэння за смела-рэзкае запазычанне з хрысціянскай ідэалагічнай публіцыстыкі . ) . Няпраўда , што толькі тэлебачанне “ робіць” дэпутатаў . Іх , у першую чаргу , “ робяць “ вялікія грошы і палітычна – эканамічныя групоўкі , якія валодаюць гэтымі грашыма . А ўсё астатняе – ілюзія , пшык , міыльная бурбалка , гульнясверб . З ім , з тэлебачаннем , можна ў нейкім сэнсе прымірыцца з-за навінаў і з-за футболу .
Разгортваю “ Рабінзона Круза “ у цудоўным перакладзе на беларускую мову Анатоля Кудраўца , са смакам пачынаю чытаць , уздымацца ў нябёсы , пачынаю , як кажуць , піць нектар ...

Графаман

Як і граф Леў Талстой , графаман устаў вельмі рана , адразу ж разграфаваў вялізны аркуш бялюткай паперы , выпіў графін халоднай вады ( для супакаення фантазіі ) і пачаў сваё штодзённае графаманства . Працаваў ён строга па графіку . Увесь гэты час насупраць дзвярэй ягонай кватэры сядзеў стары дзюбаты грыф , цярпліва чакаў пакуль аўтар у сваім творы заб”е графіню Аграфену , якая чамусьці акажацца не славянкай , а угра-фінкай ( ! ) , і выкіне свежы труп .
Другім параграфам творчага дня была паездка “ на вытворчасць “ . Графаман ускочыў у аўтамабіль , з шалёнай хуткасцю паімчаўся у сваю аграфірму , дзе вырошчваў грэйтфруты , з якіх давілі сок і частавалі ім слухачоў чарговых раманаў . Затым аўтамабіль панёсся на прыватную шахту , дзе здабывалі графіт , каб рабіць алоўкі і пісаць імі новыя шэдэўры , бо графаман працаваў , г. зн . , пісАў , толькі алоўкамі .
У пакутах і азарэннях ствараўся сто шаснаццаты раман ...

***
З Фінляндыі вязуць ( а , магчыма , ужо прывезлі ) камень на магілу Васіля Быкава . Гэта – дзвюхзпаловайтонны гранітны валун , “ шынялёвага салдацкага колеру , са светлымі пражылкамі – спляценнямі каранёў , шляхоў , лёсу “ , як гаворыць кіраўнік незвычайнай акцыі паэт Уладзімір Някляеў . Камень – помнік адшукалі на ўскраіне Хельсінкі ...
Адразу чую галасы : “ А што – не маглі знайсці прыстойны камень на Беларусі ? Вунь іх колькі ў нас ! “
Па – першае , гэта воля , запавет самога Васіля Быкава . Ён пажадаў , каб на ягоную магілу лёг камень менавіта з Суомі , той краіны , што дала яму прытулак у апошнія гады жыцця . А , па – другое , ...
А , па – другое , усе нашыя беларускія камяні – валуны таксама адтуль – са Скандынавіі , гэта значыць , і з Фінляндыі . Прыкладна адзінаццаць тысяч гадоў таму скончыўся палеаліт , пачаўся мезаліт , і зніклі ледавікі , што велізарным шчытом пакрывалі значную частку нашай тэрыторыі . Снег і лёд расталі , вада сцякла рэкамі і ручаямі , а маўклівыя госці са Скандынавіі і сёння ляжаць на нашых палетках , у падмурках нашых замкаў і храмаў .
Такім чынам , камень усёроўна быў бы “ адтуль “ . Васіль жа Быкаў , як мне думаецца , пажадаў каб менавіта “ новы “ камень , камень – вікінг , як я яго называю , лёг на ягоную магілу вечным сімвалам еднасці сённяшняй Беларусі з сённяшняй Фінляндыяй , а , значыць , з усёй сённяшняй Еўропай .
Ды будзе гэтак !

***
Чачня – хворая печань Расіі . Дзяўбуць – дзяўбуць яе расійскія арлы ( успомні Праметэя прыкутага да каўказкіх скалаў ) , але нічога ў іх не атрымліваецца .

Я - еўцэнтрыст


Я – еўцэнтрыст . Гэта значыць , што я чалавек , які лічыць Еўропу ( Еўрапейскі Саюз ) сваім духоўным цэнтрам . На Беларусі еўцэнтрыстаў пакуль што няшмат . Але будучае несумненна за намі . Чаму ? Таму што кожны нармальны чалавек інстынктыўна імкнецца да грамады , да больш вялікай групы людзей . Там , за шчыльнымі людскімі спінамі , лягчэй схавацца ад звярыных кіпцюроў , ад бяды , ад холаду і голаду , ад адзіноты . У Расіі 145 мільёнаў насельніцтва . У Еўрасаюзе – 456 . Ні ў якім разе не адмаўляючы “ расійскі “ вектар , як адзін з вектараў , зазначым , што ў расіян больш вялікая тэрыторыя , але яна неасвоеная , ляжыць у камарынай тайзе і на вечнай мерзлаце . Грошай і сучасных тэхналогій у Аб”яднанай Еўропы ў шмат разоў болей , чым у Расіі , і таварны рынак там значна шырэйшы і багацейшы . Там мноства культурных шэдэўраў часоў антычнасці , Рэнесансу . Там падтрымліваюцца ўсе культуры і ўсе мовы ( англійская– саамская ) , там яны не памруць . Там хопіць высокааплочваемай працы для нашай моладзі .
У Расіі вялікія запасы нафты і газу ? Ну й што ? Па-першае , гэта не нашы з вамі запасы . Па - другое , з такімі шалёнымі тэмпамі распрадаж іх хопіць усяго на некалькі дзесяцігоддзяў . А , па- трэцяе , што такое вялікія запасы энерганосьбітаў у наш час ? Трэба , каб іх нехта купіў . А тая ж Еўропа спакойна можа замест расійскай нафты купіць нарвежскую , іракскую , аравійскую нафту , лівійскую ... І сядзі тады ў сваёй хатцы , пі чай у прыкуску са сваёю нафтаю . Вядома , у некага ў Расіі ёсць цешча , сват , але асабіста ў мяне такой радні там няма . Да таго ж , “ Норд – Ост “ з Бесланам не дадаюць Расіі папулярнасці . Каму патрэбна вечная вайна , вечныя тэракты ?
Мы , беларусы , спрадвеку былі еўрапейцамі . Нашы рэкі ( Нёман , Заходняя Дзвіна , Днепр ) цякуць у Атлантыку , г. зн . , у Еўропу .
Рабіцеся еўцэнтрыстамі !

***
У 12 гадзін 42 хвіліны 20 ліпеня 1944 году ў стаўцы Гітлера выбухнула бомба , якую падклаў палкоўнік граф Клаўс Шэнк фон Штауфенберг . Фюрэр атрымаў лёгкае раненне . А ўжо ў 22 гадзіны 50 хвілін таго ж дня Штауфенберг і тры ягоныя аднамыснікі былі расстраляны . Пачаўся крывавы тэрор ...
Адзін з нямногіх ацалелых у жорсткай бойні ўдзельнікаў змовы прыгадваў праз дзесяцігоддзі , што кавалерыйскі полк , у якім ён служыў , знаходзіўся ў той дзень у ваколіцах Берліну . Яны чакалі сігналу са сталіцы – у выпадку гібелі Гітлера полк павінен быў адразу ж увайсці ў Берлін , арыштаваць Гебельса , Герынга і ўсю фашысцкую вярхушку . Чакалі добрых навінаў ...
“ Я дамовіўся са сваім родным братам , што служыў у Берліне , - успамінае кавалерыст , - каб у любым выпадку ён пазваніў мне і паведаміў вынікі замаху на фюрэра . Я ў той час давяраў толькі брату . У нас з ім быў умоўлены шыфр . Брат , як мы і дамаўляліся , пазваніў і сказаў тры словы : Хаваемся ў старыя норы . Я зразумеў , што замах на Гітлера праваліўся “ .
Хаваемся ў старыя норы ... Якое трагічна – трапнае вызначэнне сітуацыі для тых , хто ішоў на баявую справу , рызыкуючы ўсім – сваім жыццём і жыццём сям”і , кар”ерай , рэпутацыяй . Ён , той чалавек – барацьбіт , адразу ж рабіўся для рэпрэсіўнай гітлераўскай машыны дзікім зверам , якога неабходна было адразу ж знішчыць . Гестапа “ выкопвала “ змоўшчыкаў і з-пад зямлі . Спачатку , у гарачцы , іх расстрэльвалі , але праз нейкі час , астыўшы , пачалі судзіць “ народным судом “ . Іх , збітых да крывавага мяса , падвешвалі за рэбры на вострых жалезных круках , на якіх , звычайна , падвешваюць свіней . Фюрэр , зачыніўшыся ў сваім кабінеце , любіў глядзець кінакадры гэтых пакаранняў ...

***
З тэлевізійнага дакументальнага фільму даведаўся як у верасні 1954 году на Тоцкім палігоне ( Паўднёвы Урал ) адбываліся выпрабаванні савецкай атамнай бомбы . Побач з эпіцэнтрам выбуху паставілі цагляныя і драўляныя будынкі , разнастайную вайсковую тэхніку ( танкі , гарматы , аўтамабілі , трактары і г. д . ) . Была задзейнічана і жывёла – стаялі , чакаючы бязлітаснага ядзернага ўдару , вярблюды , сабакі , куры , авечкі ... Прычым , укормленым тоўстым баранам павесілі на шыю спецыяльныя жэтончыкі , на якіх былі ўказаны іхнія , так мовіць , вайсковыя званні-пасады . Бліжэй ад усіх да эпіцэнтру знаходзіўся баран – “ камандзір узводу “ , крыху далей – “ камандзір роты “ , потым – “ камандзір палка “ . З фільма я не ўлавіў ці былі там бараны – “ генералы “ . А вось людзі там , аказваецца , былі ! Да танкаў жалезнымі ланцугамі ( ! ) былі прывязаны- прыкаваны ( ! ) жывыя людзі ( ! ) . Арганізатары выпрабаванняў хацелі праверыць як зрэагуе чалавечая плоць на выбух атамнай бомбы . Плоць , вядома ж , знікла . Засталіся толькі чорныя абсмаленыя касцякі .
Хто былі тыя няшчасныя людзі ? Зняволеныя , асуджаныя на смяротнае пакаранне ? Камсамольцы – дабраахвотнікі ? ! Фанатыкі навукі з ліку саміх арганізатараў эксперыменту ? ! Фільм не дае адказу на такія пытанні .
Заўважце , што ўжо не было ні Сталіна , ні Берыі . Ужо крочыла па краіне так званая хрушчоўская “ адліга “ . Вось табе і гуманізм савецкай навукі !

***

“ Паслухмянага лёс вядзе , непакорлівага цягне “ . Сенека .

***
“ Нацыяналіст – гэта той , хто ведае дзве мовы , а інтэрнацыяналіст – той , хто ведае толькі адну “ . Арніс Віксна .

***

“ Зразумець , што ты – Народ ,
І ад радасці ўзвінУцца ! “.
Янка Сіпакоў .

***
Люблю ваўкоў . Люблю тых , каго штодзень і штоноч высочваюць , выпільноўваюць , на каго ставяць розныя пасткі , рыхтуюць усемагчымую зброю , нацкоўваюць зграі сабак, палююць з верталётаў . А яны – жывуць . Як бясплотныя лёгкія цені , імчацца па белым зімовым полі пад срэбным бляскам месяцу , ідуць , след у след , чорнай восеньскай ноччу пад ветрам і дажджом . Паміраюць ад паляўнічых куляў , засланяючы сабою сваіх дзяцей і сваіх ваўчыц ...
Індаеўрапейскія народы , у тым ліку і беларусы , пры ўсім страху перад ваўком паважаюць яго . Ваўчыныя жывучасць і ўпартасць , кемлівасць і вернасць падабаюцца людзям . А ведаеце дзеля чаго Бог стварыў ваўка ? Для таго , каб даць працу і хлеб маленькім дзецям – пастушкАм . Даўным – даўно таму грымела шмат войнаў , мужчыны загінулі , а іхнім дзецям не было чым карміцца . Чароды кароў , коз і авечак мірна пасвіліся ў лугах без чалавечага прыгляду , бо ніхто на іх не нападАў . І вось Бог паслаў у гэтыя лугі ваўка , а ўслед за ім пастушкоў . Прыгожая беларуская народная легенда , ці не праўда ? А яшчэ наш народ склаў дасціпную легенду пра тое як наогул з”явіўся на зямлі воўк . Аказваецца , чорт люта зайздросціў Богу , які , як вядома , стварыў усіх жывёл . І вось чорт , седзячы ў сваім іржавым балоце , вырашыў паспаборнічаць з самім Богам – узяў і павялічыў у памерах сабаку . Даў яму даўжэзныя іклы і кіпцюры , і , калі Бог ішоў па дарозе , нацкаваў сваё страхавіднае стварэнне на Бога . Але воўк не зварухнуўся , быццам быў звычайным цюцькам . Толькі выкінуў з шырокага зубатага роту доўгі шурпаты язык ...
Бог пагладзіў ваўка , сказаў :
- Кусі , воўча , чорта !
І воўк так грызануў чорта , што той з перапуду ўскочыў на балотную крывую алешыну . Вось чаму ў яе такая чырвоная драўніна . Ад чарцячай крыві !

***

Гэта будзе . На яве ці ў сне
Праз густую жыцця злыбяду
Вышні голас пакліча мяне .
Узнімуся . І ў неба пайду .

З-пад аблокаў наш дом і балкон
Я ўбачу ... І кветкі ў расе ...
І апошняе – як паштальён
Мне лісты і газеты нясе .


Нацыя
Усё часцей у назвах устаноў
Слова “ Беларуская “ падмяняюць словам
“ Нацыянальная “ .
З назіранняў майго суседа .

Лепяць нацыю , лепяць ...
Душу народную слепяць .
Лоб ад славяніна .
Нос ад армяніна .
Рот ад татарына .
Зад ад балгарына .

Лепяць нацыю , лепяць ...
Што за рак ,
Шчупак і лебедзь ?

Што за кентаўр ?
Што за дыназаўр ?

Чым булку – нацыю новую
З чужога цеста ляпіць ,
Лепей сваю , мясцовую ,
Беларускую палюбіць .

Над ёю вякі прагулі .
Стагоддзі яна ўжо ёсць .
На нашай святой зямлі
Яна – Гаспадыня .
Не госць .

Паход

Мы білі ў пушчы тура .
Ды ў познюю вясну
Кароль Сцяпан Батура
Павёў нас на вайну .
Руш ! Руш !
На новую вайну .

Пажарам дол спавіты .
Не рэжа плуг раллю .
Напалі маскавіты
На нашую зямлю .
Жах ! Жах !
На родную зямлю .

Наш пачынаўся рокаш
Пад гаўканне лісіц,
Пад стракатню сарокаў ,
Пад жыхі бліскавіц .
Жых ! Жых !
Чырвоных бліскавіц .

Мы мелі добры порах .
І баявы настрой .
З Вялікім Княствам поруч
Ішла Карона ў бой .
Так ! Так !
Ішла ў няшчадны бой .

Таемнымі шляхамі
Радзіма нас вяла .
І Полацк перад намі
Устаў , нібы скала .
Ух ! Ух !
Як грозная скала .

Там вораг уладарыць .
Усіх за горла ўзяў .
Ды востры меч з-пад хмараў
Нам скінуў Усяслаў .
Князь ! Князь !
Магутны Усяслаў .

Нашчадкі княжай славы ,
З душою , як граніт ,
Пайшлі на штурм крывавы ,
І рухнуў маскавіт .
Лёг ! Лёг !
Ля сценаў маскавіт .

Нам месячык двурогі
Паслаў прамень святла .
Дзвіна ж сваёй дарогай
Цячэ , як і цякла .
Глянь ! Глянь !
Цячэ , як і цякла .

***
Я ад гвалту , ад крыку , ад “рынку”
Збег , табе свой роздум прынёс ,
Кацярынінскі Шлях , Кацярынка ,
Залатая жалоба бяроз .

Дыяментна лістота іскрыцца .
Стынуць хмары над шляхам старым .
Тут калісьці імператрыца
Да Пацёмкіна ехала ў Крым .

Коні ... Слугі ... Карэты ... Войска ...
Пецярбуржскі расфранчаны свет ...
І мужыцкая чорная вёска
Пазірала спалохана ўслед .

Хто ты , кошачка ці пантэра ,
Ці змяя , што наводзіць жах ,
Кацярына з кніжкай Вальтэра
У нямецкіх белых руках ?

Хто ты ? Хто ? Ды няма адказу .
Коліць вострых думак асцё .
Ты хацела – усё і адразу !
Атрымала амаль усё .

У адной руцэ тваёй пернік ,
У другой – крывавы бізун .
Ты нястомна стварала імперыю ,
Што не бачыў ні скіф , ні гун .

На Вялікім Княстве Літоўскім
Ты смяротны паставіла крыж .
Пад ліслівыя словы і тосты
У вакно карэты глядзіш .

Там – імгла . Там – прыгонныя душы .
Бог не спусціць табе гэта з рук .
І шарфом забойцаў задушыць
Твайго сына твой родны ўнук .


Магілёўшчына

А я таксама з Магілёўшчыны , і ў мяне ...
І ў мяне ёсць мая Магілёўшчына –
Чыгрынаўшчына ... Куляшоўшчына ...
Пысіншчына ... Гаўрусёўшчына ...
Сербантовіччына ... Пісямянкоўшчына ...
Мая Магілёўшчына !

 

Колькасць прачытаўшых: 3464
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел I
  • Раздзел II
  • Раздзел III
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007