Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел II

***
Веліч Якуба Коласа ў тым , што ён першы з праваслаўных літаратараў пачаў пісаць на беларускай мове . Як вядома , падмурак літаратурнай беларушчыны закладала каталіцкая шляхта – Дунін - Марцінкевіч , Багушэвіч , Янка Лучына і г. д . Ім , у нейкім сэнсе , было лягчэй . Яны былі сынамі веры , якая прыгняталася , заганялася ў кут . Асабліва пасля 1863 году . На польскай мове , напрыклад , у той час забаранялася нават рабіць публічныя выступленні ( ! )
І тут з”яўляецца лабасценькі мікалаеўшчынскі мужычок Міцкевіч і пачынае плесці свой беларускамоўны вянок . Упэўнены , што ён не раз і не два чуў : “ Чего ты , Костя , якшаешься с этими полячишками ? Ты же – православный парень . Значит , русский . Наш . Пиши , как и все мы , на нормальном языке “ .
Ён ( паклон яму за гэта ) пачаў пісаць па-беларуску . Імперскаму сярпу не ўдалося зрэзаць жыццястойкі жытнёвы колас .

***
Той , хто , пасміхваючыся , думае , што наіўныя беларускія пісьменнікі карпеюць над сваімі малатыражнымі кніжкамі толькі дзеля таго каб патрапіць у нейкую школьную хрэстаматыю , памыляецца . Мы , большасць з нас , думаем сёння ўжо не пра свой лёс , а пра заўтрашняе жыццё нашых дзяцей і ўнукаў . Мы бачым , як самаарганізаваліся наўкол нас усе нашы суседзі : прыбалты , палякі , украінцы , ужо не кажучы пра рускіх . У іх вырасла моцная нацыянальная буржуазія , славуты “сярэдні клас “ , якому шмат што належыць у іхніх краінах . У іх моцныя нацыянальныя дзяржавы , якія ўсёй сілаю закону “ абараняюць сваіх “ . Нам , беларусам , таксама трэба дамагацца гэтага , каб нашыя нашчадкі , не маючы ні капейкі за душой , не пайшлі паслязаўтра парабкамі на службу да “ новых “ рускіх , украінцаў , палякаў, латышоў і іхніх дзетак . У нашых суседзяў усё ўжо даўно падзелена , нас там даўно ўжо ніхто не чакае , і наша моладзь патрэбна ім не як раўнапраўны эканамічны партнёр , а як танная працоўная сіла . Вось чаму трэба прыкладваць усе сілы для будаўніцтва сваёй суверэннай нацыянальнай дзяржавы . Вялікія багатыя краіны ( ЗША , Расія , Францыя ) могуць дазволіць сабе раскошу быць “ не нацыянальнымі “. Мы , маленькія і маладыя , павінны разумець , што гэта не наш шлях . Гляньце – тая ж Украіна , агромністая , 50 –мільённая , а – “ нацыянальная “ , хоць пражывае там у міры і згодзе маса рознага люду , у тым ліку , каля 15 мільёнаў рускіх . Мы , літаратары , у меру сваіх здольнасцей прывучаем наш беларускі народ да самадастатковасці , самарэалізацыі ў сваёй уласнай хаце – дзяржаве . Што тут благога ? Так жывуць усе ці амаль усе народы . Іншага не дадзена . Новага СССР , гэтага фальшывага бастыёну шырока раэрэкламаванай , ды так і не здзейсненай дружбы народаў , болей не будзе . Кожны разумны чалавек носіць свае грошы ў “ сваёй панчосе “ , хоць усе , вядома ж , пакланяюцца рынку і шматвектарнаму ўзаемавыгаднаму эканамічнаму супрацоўніцтву . Ідучы па лесе ( а лес гэты – Жыццё ) , нельга глядзець толькі ў адным накірунку . Неабходна , каб засцерагчыся ад непажаданай нечаканасці , увесь час азірацца , паварочваць галаву то назад , то ўправа , то ўлева ...



Вершы

Плачце і слёз не хавайце ,
Вершы чытайце штоночы .
Нібы вясельныя вальсы ,
Вершы бываюць аднойчы .

Потым усё гэта пройдзе ,
Як красаванне ў жыце .
Плачце , дзяўчаткі . Прыродзе
Проста ў вочы глядзіце .

Плачце . Ад вас усё дАлей
Тонкія звонкія кніжкі ,
Возера срэбныя хвалі ,
Майскіх маланак успышкі ...

***

Жыццё праходзіць , растае , як снег .
Жыццё сплывае з шуму ў цішыню .
Раней ганялі коней на начлег .
Я сёння думкі на начлег ганю .

О , думкі ! О , начлежніцы маЕ !
Нікога побач . Толькі я і вы .
Стае мне волі . Мужнасці стае .
На ўсё сваёй хапае галавы .

Не трэба сёння мне правадыроў .
Ідзіце прэч , ілжэ - правадыры .
Падкіну я ў камін бярэмца дроў .
Над белым аркушам схілюся да зары .

Патрыятычны тэст

Вызначым ( не трэба кворум )
Хто ёсць вы і ваш народ -
Патрыёт для вас Сувораў
Ці Касцюшка патрыёт ?

Спевакі і спявачачкі

Песняй душы скародзілі ...
Білі песняй па лбе ...
“ Раньше думай о Родине ,
А потом о себе ! “

Спевакі і спявачачкі ,
Камсамольская кроў ,
Матылькамі маячыце
Ля чыіх ліхтароў ?

Дзе вы ўсе звышнатхнёныя ,
Звышпрыгожыя ўсе ?
Дзе хусцінкі чырвоныя
І палаткі ў расЕ ?

Не спалохаць вас , паінькі ,
Рэнегацтва іржой .
Вы ізноў выступаеце
Тут і там , за мяжой .

Зояй Касмадзям”янскаю
Не зжадалі вы стаць .
Лепш у бАрах шаманстваваць
Ды “ капусту сшыбаць “.

Ў пяцізоркавым нумары
Смутак вас не скубе ,
Бо заўсёды вы думалі
“ О себе “ , “ о себе “.


Палігон

З вясны да зімовых дзён ,
Да белых мяцельных струн
Страляе-грукоча лясны палігон .
Бы там пасяліўся Пярун .

Бах ! Бах ! – чарга за чаргой .
Бух ! Бух ! – бы ўбіваюць клінЫ .
Нясуцца над дачай маёй
Суровыя гукі вайны .

І як толькі сілаў стаЕ
Пад імі , сталёвымі , жыць ?
На пісьмовым стале
Аркуш паперы дрыжыць .

Спакою няма галаве .
Бах ! Бах ! – даносіцца зноў .
Хмарамі ў небе плыве
Ашмоцце парваных сноў .

Спытаць бы ў вайсковых людзей ,
Занятых пальбой увесь час :
Хто ён , той ліхадзей ,
Што хоча напасці на нас ?








***
Хацелася б смяяцца , рагатаць на ўвесь голас , поўнымі жменямі сыпаць чытачу жарты і досціпы ( а яны ёсць-ёсць у душы ! ) , зрабіцца новым Петрасянам плюс Дубавіцкая , але ж навакольнае жыццё не дае падставаў . Як балюча-трапна напісаў 25 ліпеня 1999 года ў сваім дзённіку незабыўны Вячаслаў Адамчык : “ Хацелася жыць , а жыцця няма “.

***
Пісаць вершы ( як сябе помню ) пачаў гадоў у восем . Пісаў па-беларуску і па-руску . Гадоў у дзесяць ( начытаўшыся тагачасных падручнікаў па гісторыі і гістарычных раманаў , дзе ўсё рускае ( маскоўскае ) аб”яўлялася ідэальным , узненавідзеў у самім сабе беларуса і даў клятву сам сабе ( !) , што пакладу ў будучым жыцці ўсе свае сілы , каб уліць Беларусь у Расію і стаць рускім . Гадоў у чатырнаццаць гэты туман развеяўся , развеяўся сам па сабе - прарасійскія парыванні падаліся нецікавымі і непрэстыжнымі , бо пачаў чытаць Стывенсана , Скота , Гюго ...
Сёння бачу такія ж тэндэнцыі ў некаторых палітычных партыях , іх лідэрах , іх прыхільніках , у нейкай частцы нашай інтэлігенцыі ( пінскі паэт Валерый Грышкавец : “ Люблю всё русское ! “ . “ І прыгоннае права ?” Аўтар .). Дык мне ж , зялёнаму галапупіку , было ад сілы 10 гадоў , а яны – сівабародыя і пляшывыя ! Але будзем спадзявацца , што Бог дасць дарослы розум і ім .

***
Зноў пачынаю размову пра мову . “ Ды пайшоў ты на ху ... ... тар да сваёй бабкі ! “ – злосна ўскрыкне раззлаваны чытач , - Колькі можна ?! “ Супакойся , спадар . Мне ўжо самому гэты “ агитпроп в зубах навяз .” Пра беларускую мову – бульбяніху я не кажу . Яна памрэ гадоў праз трыста – чатырыста разам з расійскай мовай . Я пра ідыш , індаеўрапейскую мову нашых братоў – адназямельцаў яўрэяў . Памёрла яна , ці яшчэ памірае на нашых абшарах ? Некалі на 100-годдзе Шолам Алейхема я быў пасланцом ад Беларусі на ўрачыстым вечары ў Маскве . Колькі прысутнічала людзей ! Колькі я бачыў натхнёных твараў !
Мовы нашых мястэчкаў , мовы нашых людзей , беларуская ды ідыш , ніколі не мелі літасці ад урадавых чыноўнікаў . Яны былі перашкодаю да адзінай мовы ( здагадайся , магчымы чытач , да якой .) Праз вялікія пакуты ішлі яны па жыцці . І ўсё-ткі некаму сагравалі душу .
Заплюшчу вочы , і бачу бледныя тонкія твары яўрэйскіх дзяцей , якія вучаць ідыш . Натхнёна вымаўляюць яны кожнае слова . Вераць яму .
Сёння ў Ізраілі ўладарнічае іўрыт . Амаль забытую семіцую мову апантаныя вучоныя – філолагі , вобразна кажучы , адкапАлі з-пад пяску , збіралі па вінціку , па шурупіку , дадумвалі некаторыя словы і паняцці ... І яна жыве . А дзе ж ідыш ? Дзе ціхі голас беларускіх , украінскіх ды польскіх мястэчкаў , дзе мова , якая з”ядноўвала яўрэяў з індаеўрапействам ?
Чакаю ... Слухаю ... Можа , начны вецер прынясе адказ .
P. S. 1 – га кастрычніка 2004 году прачытаў у штотыднёвіку “ЛІМ “ , што на 92 годзе жыцця памёр Рыгор Рэлес , апошні з магіканаў , якія тварылі на мове ідыш . Я ведаў яго . Я быў у яго на кватэры . Мудры задумлівы чалавек ... Вялікае турботнае сэрца ...
... І ўсё – ткі я слухаю начны вецер .

***
Аднойчы на вясеннім суботніку ў Доме творчасці “ Каралішчавічы “ мне давялося працаваць побач з Янкам Брылём . Граблямі ды мётламі мы ссоўвалі ў вялізныя гурбы мінулагодняе іржавае лісце , абламаныя ветрам і снегам галіны дрэў . Калі прыпыніліся трохі спачыць , Янка Брыль сказаў мне , шырока ўсміхаючыся :
- Прыгожае прозвішча ў вас , Лёня . Дайнека .
Мне , вядома ж , прыемна было пачуць з вуснаў славутага нашага пісьменніка пахвалу , хоць і не мне і не маёй творчасці , а майму прозвішчу . Я з удзячнасцю зірнуў на Брыля . Рослы , магутны , з адкрытым прыгожым тварам , ён вылучаўся між усіх пісьменнікаў . Нездарма ён служыў калісьці ў марской пяхоце і нездарма нарадзіўся ў самым марскім з усіх марскіх гарадоў – у Адэсе . Для мяне , марамана , людзі хоць нечым злучаныя з морам – духоўныя браты . Вось таму і Янку Брыля , шаноўнага Івана Антонавіча , я адношу да той жа нязломна-непатопнай каманды . Мне падабаюцца ягоныя мудрыя творы і ягоны прыродны дэмакратызм .
Ён нарадзіўся ў 1917 годзе . Раней з прыдыханнем казалі : “ Ён – равеснік вялікага Кастрычніку .” Цяпер ужо так не гавораць . Патухлі , так і не асвятліўшы дарогу да шчасця працоўным усяго свету , кастрычніцкія вогнішчы . Сакратары абкомаў зрабіліся банкірамі . Новы час . Новыя мэты .
Бог дараваў яму магчымасць перажыць бальшавіцкі эксперымент . І гэта – вялікае шчасце для яго і для ўсіх нас . Сёння ён – капітан нашага літаратурнага карабля . Няхай грыміць шторм і шалеюць чорныя суровыя хвалі , але побач з ім , духоўным волатам , слабыя робяцца моцнымі . І я кажу яму :
- Прыгожае ў вас прозвішча , Іван Антонавіч , вострае і яркае , як успышка маланкі над морам . Брыль .

Жонцы Зінаідзе ў дзень яе нараджэння

Я вышаў аднойчы ў шырокае поле ,
І далеч адкрылася мне ,
І ў ёй – мая доля ,
Юначая воля ,
Сонейка ў ясным акне .

Замоўклі акорды гітар – сяміструнак .
Жыццё ўсё хутчэй цячэ .
Ды помню я першы наш пацалунак .
Ён вусны і сёння пячэ .

Вядзе нас трывожная наша планіда .
З табою так радасна мне .
Жыві , Зінаіда ,
Свяці , Зінаіда ,
Сонейка ў ясным акне .

З туману сляпога , з бясконцага змроку ,
Што зверам пільнуе мяне ,
Цябе сваім сэрцам бачу здалёку ,
Сонейка ў ясным акне .

***

Я люблю старадаўні свет –
Цвёрдасць рЫмлян і мудрасць Элінаў.
Кожны там філосаф-паэт .
Там усё так ярка і зелена !

Нараджэнне Ідэй і Людзей .
Жорсткіх бітваў крыкі гартанныя .
Там нямоўчна шуміць Калізей ,
Легіёны ідуць на Брытанію .

Свет адкрыццяў , надзей і страт .
У крыві і віне ён утопіцца .
П”е атруту з кубка Сакрат ,
Памірае ... Бяссмертным робіцца .

Да Радзімы святая любоў ...
І апошні стогн гладыятараў ...
І цяжкое дыханне рабоў ...
І Везувій з агністым кратэрам ...

Я люблю старадаўні свет .
Я лаўлю яго промні гарачыя .
І вясёлага міма куплет ,
І нябесныя строфы Гарацыя ,
Босай німфы след , першы след
Нашай з вамі цывілізацыі .


Візантыйскія фрэскі

Для тых , хто цікавіцца гісторыяй , надумаў я даваць невялічкія навэлкі ( фрэскі ) з жыцця Візантыі . Гэта – унікальнейшая дзяржава . Вычленіўшыся ў свой час з адзінага цела магутнай Рымскай імперыі , яна на 977 ( ! ) гадоў перажыла сваю сястру Заходнюю імперыю са сталіцай у Рыме .
Сталіцай жа Візантыі быў Канстанцінопаль . Горад гэты квітнеў у вельмі зручным месцы – паміж Чорным і Міжземным морамі , паміж Еўропай і Азіяй . Напачатку дзяржаўнымі мовамі Візантыі былі латынь і грэцкая . На латыні выступаў імператар перад войскам і перад саноўнікамі , па – грэцку шумна размаўлялі вуліцы і марскія порты . Але паступова грэцкі геній перамог і адбылася элінізацыя , хоць , па глыбіннай сутнасці , дзяржава заставалася касмапалітычна адкрытай усяму свету . Тут знаходзілі прытулак і высокія пасады готы і вандалы , авары і славяне .
Візантыя абагаўляла сваіх імператараў . У ёй склаўся найярчэйшы і найскладанейшы прыдворны цырыманіял . Кожны павінен быў аддаваць імператару , намесніку Бога , зямны паклон .
Сэрцам Канстанцінопалю быў іпадром , дзе ўладарылі , грамагалосна і грозна , партыі венетаў ( сінія ) і прасінаў ( зялёныя ) . Ад сённяшніх спартыўных балельшчыкаў – заўзятараў яны адрозніваліся сваёй выбуховай палітызаванасцю . Яны варагавалі між сабою , забівалі адзін аднога . Яны маглі на іпадроме ў час конных рысталішчаў славасловіць імператара , які сядзеў вышэй за ўсіх у спецыяльнай ложы – кафізме , а маглі крычаць яму ж : “ Асёл ! Ты ілжэш ! На жывадзёрню косткі ўсіх гледачоў ! “ г.зн. , і косткі імператара .
Візантыя была глыбока рэлігійнай краінай , якая ўзнесла пад нябёсы велізарнейшы праваслаўны храм Святой Сафіі . І ў той жа самы час яна выдумала і штодзённа практыкавала такую кАру , як вырыванне вачэй жывым людзям , як аскапленне мужчын , у тым ліку , хлопчыкаў- малалеткаў .
Візантыя дала свету Іаана Златавуста , славутыя “ Кодэксы “ Юстыніяна , творы Анны Комнінай і Льва Дыякана ... Землятрусы , пажары , паводкі , эпідэміі , народныя паўстанні , нашэсці вандроўных ордаў і рыцараў-крыжакоў , - усё зведала яна , праз усё прайшла , аж пакуль 29 мая 1453 году султан Мехмед Другі на баявым кані не ўехаў пад сутарэнні Святой Сафіі .

Сёння замест Канстанцінопалю , на тых жа самых узгорках і марскіх узбярэжжах , звініць галасамі муэдзінаў , шуміць шматлікімі рынкамі , дзе пастаянныя госці і нашыя беларускія “ чаўнакі “ , турэцкі Істанбул .
Але вось першая фрэска .

 

Колькасць прачытаўшых: 2273
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел I
  • Раздзел II
  • Раздзел III
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007