Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел III

Дзве тысячы белых рачных гарлачыкаў

На сваіх усходніх межах Візантыя пастаянна ваявала з Персіяй . ШтО было прычынаю тых войнаў ? Варожасць хрысціянства і вогнепаклонніцтва ? Памяць пра паходы Ксеркса і Аляксандра Македонскага ?
У 574 годзе персы пасля шасцімесячнай аблогі ўзялі штурмам галоўную крэпасць візантыйцаў на Усходзе горад Дару . Яшчэ сем дзён кіпелі на гарадскіх вуліцах жорсткія баі, і ўсё - ткі персідскі цар Хасроў урачыста ўехаў у зняволены горад . А перад гэтым жа ён праз сваіх талмачоў прапаноўваў гараджанам даць яму пяцьсот фунтаў золата адкупных і ён здыме асаду . Жыхары Дары , упэўненыя ў магутнасці сваіх сценаў і ў адвазе сваіх вояў , не згадзіліся . І вось – горад у агні , у рабстве . Хасроў загадАў выплаціць не пяцьсот , а ў сорак разоў болей ( г. зн. , дваццаць тысяч (!) ) фунтаў золата і ўсіх сваіх праціўнікаў, ацалелых ад разні , загадаў зняволіць у Горадзе Забыцця . Быў у Персідскай дзяржаве такі горад . Называўся ён – Агабана , і ў ім да самай смерці трымалі ворагаў цара .
Свайго ж саюзніка , турэцкага хана , Хасроў вырашыў шчодра ўзнагародзіць . Акрамя золата і каштоўнай зброі ён пасылаў турку дзве тысячы самых прыгожых дзяўчат- цнатлівак , якія былі адабраны з ліку палонных гараджан . Дзяўчат апранулі ў яркія зіхоткія строі , і чароўны караван рушыў на поўнач ад разгромленай Дары , ад родных любімых котлішчаў . Палонніцы ззялі ад упрыгожанняў і ад слёз .
Два марзбаны ( персідскія военачальнікі . Аўтар . ) са шматлікім войскам ахоўвалі іх . Цяжкі гэта шлях – шлях у рабства . Асабліва , для маладога сэрца , асабліва , для пяшчотнага дзявочага сэрца . Яшчэ ўчора – заўчора ты , як кветка , цвіла ў сваёй мілай сям”і , у цябе быў клапатлівы бацька , чуллівая маці . Цябе кахаў прыгожы гарачы юнак . Ён і сонца цалавалі цябе . І вось ты рабыняю , як апошняя бязмоўная жывёліна , брыдзеш у натоўпе такіх жа няшчасных сябровак . Прагным ненасытным вокам страляе па табе , па твайму маладому целу , гарбаносы чорны ад спякоты перс . Але ён не кране цябе нават пальцам , бо ты ўжо належыш турэцкаму хану , які ў сваім паходным шатры нецярпліва чакае цябе ў сваёй далёкай пустыні . І хоць на табе шыкоўныя рознакаляровыя строі ты адчуваеш , што цябе быццам аблілі памыямі , брудам ...
Мы не ведаем колькі дзён ішоў гэты караван . Не ведаем колькі было выліта слёз . Хрысціянскіх дзяўчатак гналі да грубага самца-паганца ...
Пякло няшчаднае сонца . Слабелі ногі . Узвіваўся вецер , шпурляючы ў юныя згаслыя вочы пясок . Уперадзе ярка заблішчэла стужка бурлівай парожыстай ракі . Некалькі паланянак павалілася ў ногі грозным марзбанам :
- Дазвольце апаласнуцца – пакупацца ў рацэ .
Марзбаны , ацяжэлыя ад гарачыні , дазволілі . Ды й самі сышлі з коней , жменямі пачалі
зачэрпваць і ліць сабе на твары ратавальную халодную вільгаць .
Дзве тысячы юных маўклівых паланянак увайшлі ў ваду . Як быццам раптоўна зацвіло дзве тысячы асляпляльна белых гарлачыкаў . Дзве тысячы прыгажунь глянулі адна на адну , потым глянулі ў бязмежнае неба , перахрысціліся і , як мага сілы , нырнулі ў цёмную вірлівую бездань , каб болей не ўсплыць . І добрая рака зразумела іх . І ўзяла назаўсёды .


“Гэта не мой сын .”

Увесну 599 году каля гораду ДрызыпЕры авары разбілі войска візантыйскага імператара Маўрыкія . У палон трапіла 12 тысяч рамеяў . ( Візантыйцы называлі сябе рамеямі.Аўтар). Потым авары захапілі саму Дрызыперу , разрабавалі царкву пакутніка Аляксандра і выкінулі ягоныя мошчы . А потым аварскі хан прапанаваў Маўрыкію выкупіць палонных па намізме ( адному залатавіку ) за чалавека . Імператар адмовіўся . Хан двойчы зніжаў кошт выкупу на палову і на палову з чвэрцю. Адзін рамей каштаваў ужо чатыры кераціі . Маўрыкій зноў адмовіўся . Тады разгневаны хан загадаў перабіць усіх палонных .
Гэта – прэамбула нашага аповяду . Усё сваё астатняе жыццё Маўрыкій адчуваў , як сведчаць сучаснікі , вялікую душэўную пакуту . Яго гнёў цяжар сваёй непапраўнай віны . Ён шчыра маліўся , спавядаўся і прасіў Бога , каб той адплату за здзейсненае зрабіў яму ў гэтым , зямным , жыцці . Да Бога , як паказала будучыня , дайшлі словы імператара .
У 601 годзе ў войску , што стаяла на Дунаі , успыхнуў бунт . Салдаты ўзнялі на шчыт і аб”явілі сваім імператарам простага сотніка Фоку . Гэтая лавіна пакацілася на Канстанцінопаль . І ўвайшла ў стольны горад . І народ шчыра вітаў яе , а патрыярх Кірыяк прызнаў Фоку за імператара , бо той пакляўся яму , што захавае чысціню і спакой царквы.
І надыйшлі апошнія часіны Маўрыкія . Ратуючы сям”ю ( ён меў шасцёра сыноў і тры дачкі ) , зрынуты імператар сеў на карабель і хацеў пераплысці на азіяцкі бераг Басфору . Але перашкодзілі мацнейшы шторм і найвастрэйшы прыступ падагры . Хвароба падкасіла Маўрыкія . Ён злёг . Вось вам і першыя прыкметы Божага гневу . Аб чым , лежачы на цесным бедным ложку адной з партовых лячэбніц , думаў няшчасны ўцякач ? Мо ў ягоныя пакутлівыя начныя відзЕжы прыходзілі тыя дванаццаць тысячаў забітых аварамі рамейскіх вояў ?
Новы імператар Фока , цвёрда сеўшы на троне , загадаў адшукаць Маўрыкія з сям”ёю і жорстка пакараць . Гэта азначала , што ўсім мужчынам роду Маўрыкія адсякуць галаву , усіх жанчын запруць у горны манастыр .
Ён мужна сустрэў смерць , нават радасна . Пакаранне адбылося пры наплыве вялізнага натоўпу людзей на моле Еўтропія . Спачатку на вачах у бацькі забілі ягоных сыноў : Ціверыя , Пятра , Паўла , Юстына , Юстыніяна . Падлеткі – дзеці плакалі , крычалі . Малодшаму , Юстыніяну , было гадЫ два , не болей , і карміліца , узяўшы яго на рукі , замест імператарскага сына падставіла кАтам свайго , хацела ўратаваць Юстыніяна ад смерці . Але Маўрыкій гучна цвёрда сказаў :
- Гэта не мой сын .
І вачамі ( рукі былі звязаны ) паказаў кАтам у натоўпе свайго роднага сына .
Іхнія трупы кінулі ў мора . Галовы ж занеслі новаму імператару і яны былі выстаўлены на Вайсковым полі перад трыбуналам як трафеі перамогі .
Усю наступную ноч на моры грымеў суровы шторм , і людзі бачылі нейкае дзіўнае трывожнае ззянне над велізарнымі хвалямі .


Жыццё

Цякло ... Таўкло ... Пякло ... Гняло ...
Шукаў ... ГукАў .... Ад бед хаваўся ...
Так хутка – хутка праплыло .
А , можа , я й не нараджаўся ?




















***

Хоць у жыцці маім хапала
І пошасці , і гадаўя ,
Ды я паверыў у Купалу ,
У Коласа паверыў я .

Зрадніўся з іх святлістым словам .
Яму , адзінаму , служу .
І самым спрытным душаловам
Ужо не ўзяць маю душу .

Ноеў каўчэг

Ратаваліся калісьці Паляк і Чэх
Ад асіміляцыйнага гнюсу .
Будуйма свой Ноеў каўчэг
І мы , беларусы !


Элегія

Летняе адшумела жыццё .
У хмурых садах памірае лісцё .
Сіні вільготны дым
Паўзе па траве , як вужака .
Пад восеньскім ветрам сядзім
Стары чалавек і стары сабака .
Пырскне снегам у вочы зіма .
Свет нямілы .
Ні гаварыць , ні гаўкаць няма
Сілы .





Рапарт

Мы , камуністы вёскі Новае Ячэйкава , рапартуем любімаму з”езду нашай любімай Партыі , што , не гледзячы на вылазкі і прошукі банкірска-фермерска-дэпутацкай контррэвалюцыі , працягваем крочыць ( усе , як адзін ! ) праверанай часам старой ленінскай баразной . Хоць зерня засеяць палеткі катастрафічна не хапае , мы сеем разумнае добрае і вечнае ў душах нашых дзяцей . І хоць даглядчыкам цялят пакуль няма працы ( цяляты пАлі ад бяскорміцы ) , мы знайшлі для іх ганаровы занятак – яны даглядаюць помнік Ільічу каля нашага клубу . Дарэчы , помнік гэты не гіпсавы , а вЫразаны са ствала моранага дубу . ВЫразаў любімага правадыра наш парторг Кузьміч .
Але не думайце , дарагія таварышы , што мы , новаячэйкаўцы , спім у шапку і не крочым у нагу з часам . Яшчэ як крочым ! Замянілі , напрыклад , састарэлую сімволіку на нашым гербе , падагналі яе пад сучаснасць . Замест сярпа ў нас зараз камбайн , замест молату пракатны стан . Тут таксама пастараўся парторг Кузьміч . І ні на каліва не адступіўся ад гістарычнай праўды ! На старым нашым гербе серп перакрыжоўваўся з молатам , гэта значыць , каб паказаць непарушны саюз сялянаў і рабочых . І на новым гербе захавалася тэма перакрыжоўкі – камбайн наязджае на пракатны стан .
З працоўным сялянскім прывітаннем камуністы вёскі Новае Ячэйкава !
Рапарт ад імя ўсіх 14 камуністаў падпісалі парторг Кузьма Кузьміч і парткасір Сямён Рапапорт .

***
- Смяецца той , хто смяецца апошні ! – закрычаў рэжысёр народнага тэатру “ Цудоўная Крамбамбуля “ Хамякоў і , выгнаўшы з глядзельнай залы ўсіх гледачоў ( уборшчыцу бабу Нюру ( пазяхала ) , цесляра-грузчыка Фадзея ( бязбожна спаў ) , двух невядомых юнакоў ( пілі па чарзе піва з адной бутэлькі ) , цэлыя паўтары гадзіны клаўся-рагатаў , беручыся за жывот , над сваёй камедыяй , у якой ігралі ягоная жонка Альбіна , тры дачкі і зяць .

***
У адрозненне ад імператара Аўгуста , які горда абвясціў сенатарам , што ў свой час прыняў Рым цагляным , а пакідае яго нашчадкам мармуровым , загадчыца “ Звышхуткай хімчысткі “ Рэгіна Дзеранок канстантавала ў прысутнасці кантралёраў , што прыняла ў спадара Брусніцына месяц таму плашч брудны , а вяртае яму плашч звышбрудны і без двух гузікаў .

Язычнік


Ранішняя “пяціхвілінка “ у раённым аддзеле ўнутраных спраў. Камандзір патрульнай міліцэйскай машыны лейтэнант Агурок дакладвае :
- Затрыманы тры п”яныя жмурыкі , чатыры п”яныя хімікі , адзін язычнік . Цвярозы .
Начальнік міліцыі б”е кулаком па стале :
- Ну ўсё ! Хопіць ! Са жмурыкамі трэба канчаць ! Зараз жа званю дырэктару цырка , каб гнаў гэтых алканаўтаў са свайго аркестру ! Прафесію ганьбяць ! Хімікаў – за дрот! І ніякіх ім звальніцельных ! Хай п”юць кіпяцень і цэглай закусваюць ! А гэты – як яго ?
- Язычнік , - падказвае Агурок .
- А гэты язычнік ... Няўжо табе , лейтэнант , атэістаў , праваслаўных і каталікоў не хапае хапаць ? Ды ты нейкія секты знаходзіш , нейкіх язычнікаў . Можа яшчэ секта Муна ў нашым раёне аб”явілася ? Што падумае грамадскасць ?
- Не магу ведаць што яна падумае , таварыш палкоўнік , - бадзёра адказвае Агурок , - І хапаць мне хапае народу . Але ж гэты тып , гэты затрыманы грамадзянін , выносіў з мясакамбінату ажно дваццаць сем кілаграмаў свежых каровіных языкоў !

***
Горад Лемесос ( Лімасол ) можна любіць толькі за адно тое , што ў ім ёсць вуліца Жуля Верна . Усе , каму сніліся далёкія таямнічыя землі , хто ў падлеткавым залатым узросце ў рамантычных мроях быў пятнаццацігадовым капітанам , хто на караблі “ Дункан “ шукаў у далёкіх шыротах дзяцей капітана Гранта , зразумеюць мяне . Я ішоў па гэтай вуліцы , і трывожна-радасны марскі вецер спяваў мне песню вечных дарог ...

***
З усіх навакольных еўрапейскіх сталіцаў Мінск маладзей па ўзросце толькі Кіева . А так ён старэй Масквы , Варшавы , Стакгольма , Берліна , Хельсінкі , Вільнюса , Рыгі , Таліна , Кішынёва ... Вось табе і беларусы ! Раней ад усіх змайстравалі-адштукавалі сабе сталіцу – камяніцу !

***
Ведаеце , што трымае мяне ў “ беларускасці” ? Тое , што маЕ любімыя мудрыя маці і бацька , Тэкля Іванаўна і Марцін Сцяпанавіч , з дзіцячых дзён да самае свае смерці гаварылі , думалі і жылі па-беларуску , і я ім не здрадзіў . Успомню пра гэта , і робіцца лёгка . І радуе , дае аптымізм тое , што насуперак думцы быццам я раблюся маленькім і нікчэмным , дыстантуючыся ад вялікарускасці , я , наадварот , пачуваю сябе агромністым і магутным далучаючыся да велізарнага цела шматнароднай шматмоўнай Еўропы .


***

Пераходзячы вуліцу на зялёнае святло , я заўсёды лаўлю сябе на неадчэпнай думцы , што вось тут , дзе ступае мая нага , некалькі імгненняў назад шалёна ляцела мая смерць у выглядзе імкліва-гарачых цяжкіх аўтамабіляў . Я мог сутыкнуцца з ёй і знікнуць назаўсёды . Нас , мяне і смерць , раздзяліў светлафор , міргнуўшы сваім суровым вокам . А можа і зараз на мяне таранна імчыцца аўтамабіль-прывід , аўтамабіль-невідзімка ? Я нервова азіраюся .
На нас , людзей , палюе смерць . Палюе кожную хвіліну .
Калісьці я жыў у Мінску на вуліцы Сямёнава . І мне край як трэба было тэрмінова пайсці на Серабранку да брата маёй жонкі Зінаіды Васіля . Я быў лёгкі на нагу і пайшоў да свайго швагра праз раку Свіслач па старым нешырокім драўляным мосце . Толькі я зрабіў некалькі крокаў па мосце , як з суседняга завулку вырваўся цэлы табун коней (!) , галоў дваццаць-трыццаць (!) , і паімчаўся проста на мост , г. зн . , на мяне . Коні ў горадзе ? Ярасны спуджаны табун сярод белага ціхага дня ? Я ніколі б не дадумаўся да такога , не паверыў у такое , але гэта здарылася асабіста са мной , амаль у цэнтры Мінску , і няўмольныя смяртэльна напалоханыя нечым коні ляцелі на мяне . Я зразумеў , што праз некалькі імгненняў загіну – яны ператруць мяне сваімі цяжкімі вострымі капытамі ў крывавую кашу . Бегчы назад ? Позна ! Замахаць кулакамі ? Закрычаць дзікім голасам , каб спыніць бела-чорна-рудую лавіну ? Але ў сваім жаху яны ўжо не бачаць мяне , чалавека ! О , гэты гуд капытоў !
Мяне выратаваў Бог . Ён кінуў маё здранцвелае ад нечаканейшага супершоку цела з моста ў раку . Прычым , не ў ваду , дзе тырчалі нейкія завостраныя драўляныя пАлі , і дзе б я , несумненна , разбіўся . Бог зрабіў усё так , што я скокнуў уніз , учапіўся рукамі ў саменькі край моста і завіс над ракой . Праз секунду-дзве каля мяне , амаль на ўзроўні маёй галавы , прагрымеў жахлівы табун . Пякучым ветрам смерці абдало твар . Закалаціліся бярвенні .
На нас , людзей , штохвілінна палюе смерць . Кожны міг памятайце пра гэта .

***
Уначы , калі не прыходзіць сон ( а гэта здараецца ўсё часцей ) ляжу ў ложку , гляджу ў цёмную столь і ўспамінаю сваю Змітраўку . Успамінаю кожны двор , як бы заходжу ў яго , і з халоднай яснасцю ўсведамляю колькі шмат памёрла ўжо маіх аднагодкаў , або трохі старэйшых ці маладзейшых за мяне . Напачатку 2004 году налічыў роўна 40 такіх адляцелых у неба душаў. Жах ! “ Хутка й ты “, - шэпча мярзотны ўнутраны голас . ГанЮ
яго прэч . Не хачу , яшчэ не хачу , паміраць ...
Вось самая ўскраіна нашай вёскі , ад якой да чыгункі метраў дзвесце . Тут стаяла хата майго роднага дзядзькі Івана Дайнекі , былога кавалерыста – даватараўца , а пасля вайны аднавокага інваліда , паштальёна . Сам Іван памёр яшчэ ў 1954 годзе . А потым памёр ягоны сын Толя ( за маленькі рост меў мянушку Бублік ) , дочкі Соня і Аня , маЕ дваюродныя сёстры . Соня , прыгожая цёмнавалосая дзяўчына , служыла вольнанаёмным поварам у савецкай вайсковай часці ў Венгрыі , спяшалася на дзяжурства і на поўным ходзе хацела ўскочыць ў кузава бартавога “ зіса “ . Не ўтрымалася , ўдарылася галавою аб асфальт ...
Наступная хата . Тут памёр Іван Храпка , памёр ад вострага перытаніту , можна сказаць , раптоўна . Далей – двор конюха Ахрэма Дрэня . І сам даўно памёр , і двое сыноў пайшлі за бацькам на той свет . У аднаго з іх , Толі , 1943 году нараджэння , былі ярка-блакітныя нябесныя вочы . Меў мянушку – Трумэн . Тады якраз у газетах і часопісах пастаянна малявалі злыя карыкатуры на тагачаснага амерыканскага прэзідэнта ; прэзідэнт , вядома ж , маляваўся тоўстым тлустым , а Толя таксама быў не з пароды худых , вось і прыліпла мянушка . Толя Трумэн , вельмі добры спакойны хлопец , прыахвоціўся да гарэлкі . Піў богведама што . Раніцой сеў за стол , пабялеў , сказаў сваёй маці Насце : “ Мама , я паміраю “ , упаў на ложак і адразу ж памёр .
Здагадваюся , што вам не дужа цікава чытаць маЮ змрачнату ... А гэта ж наша з вамі жыццё , наш боль , наша ноч і наш дзень .
Шкада мне ўсіх змітраўскіх дзяўчат і хлопцаў , якія раслі , наліваліся радасцю і сілаю , кахаліся , жаніліся ( а хто й не паспеў ) і раптам упалі , як пАдае з-пад воблакаў на зямлю падбіты каршуновымі бязлітаснымі кіпцюрамі шэры верабейка .
Нагадаю яшчэ некаторых , што ўжо не пройдуць па змітраўскіх вуліцах . Называю іх так як у нас называлі . Жэня Нарадоўскі , Вова Каральчук , Зоя Лявонава , Алік Марцінаў( мой брат) , Іван Паўлікаў , Жэня Пятроў , Міша Пятроў ( мае дваюродныя браты ) , Мішка
Мунька , наш гарбаценькі вельмі прыгожы хлопчык – гарманіст , Валерык Клачкоў , Вова Чыржыкаў з сынам ( не памятаю імя . Атруціліся бензінам ) , Міша Захар”яў , Валодзя Дзяк , Сяргей Міхалап , Аркадзя Доўбня , Ванька Бержанін , Валодзя Масееў , Міша Шмыгун , Толя Салодкі ( мой дваюродны брат ) , Васіль Кушнер ( Жыд ) , Лёня Ляксееў , Пеця Ляксееў ( браты ) , Лёша Крыванос – Нікіценка ( Татарын ) , Валерык Мазай , Толя Тарзан , Валера Захараў , Віця Захараў ( тры браты ! Родная маці Надзя , мая дваюродная сястра , перажыла іх ) , Маня Сцяпанава , Аркадзік Шамаль ( забіла электратокам ) , Вова Дзегцяроў ( сын дырэктара школы . Павесіўся ) , Міша Пракапенка ( Тарапунька ) (разбіўся на грузавой машыне , калі савецкія войскі выводзілі з ГДР ) , Жэня Доўгі ... Хопіць . Болей няма сілаў .
Сёння я па ўзросце старэй за ўсіх . Мне пашанцавала пажыць трохі болей . Я люблю іх, люблю ўсіх . Я даўно дараваў кожнаму з іх магчымыя крыўды . Гэта – мой народ , мае хлопцы і дзяўчаты . З самага нараджэння я бачыў і чуў толькі іх , жыў між іх . Мы ўсе вельмі дрэнна апраналіся і карміліся . Мы насілі світкі , старыя кажушкі , гумовыя , шмат разоў клееныя боты , нейкія грубыя калючыя світэры – балахоны , якія чамусьці называліся футболкамі . У нашых дзяўчатак не было прымітыўнай парфумы , а яны так хацелі быць прыгожымі . Нашы бацькі ад цямна да цямна мардаваліся ў калгасах і на сваіх сотках . Мы глядзелі рэдкія кінафільмы ( о , якая гэта была радасць ! ) , седзячы на падлозе ў школьным калідоры . Мы ўсе , як і ўвесь навакольны люд , гаварылі па-беларуску . Мы любілі сваю зямлю , сваю Змітраўку Другую . Дарэчы , назва гэта вымаўлялася , ды й сёння вымаўляецца з мяккім знакам . Вядома ж , Зьмітраўка ! Мы хацелі жыць .
Аднойчы мне бачыўся сон . Каля Другога бЫка ( чыгуначны мост кіламетры за два ад нашай вёскі , куды мы хадзілі ў грыбы і ў ягады ) спусціўся з неба велізарны вельмі бліскучы дырыжабль . Ён мякка сеў на зялёную траву ( яна заварушылася , усхвалявана запульсавала ) , адчыніліся дзверы , мноства дзвярэй ... З дырыжабля вышаў Бог , увесь у белым , з залатым вянцом на галаве . Бог сказаў звонкім урачыстым голасам :
- Выйдзіце з дырыжабля ўсе !
І з дырыжабля выйшла 40 чалавек ! Выйшлі яны , мае памерлыя любімыя сябры і сяброўкі , мой брат Алік ...
- Бяжыце дамоў ! – крыкнуў Бог , - Бяжыце ў сваю Змітраўку !
О , як ірвануліся , як пабеглі яны ! Яны быццам ляцелі на крылах . Спатыкаліся , пА -
далі і адразу ж ускоквалі на ногі . І беглі . І ляцелі ! Такія радасныя , такія шчаслівыя , такія маладыя твары былі ва ўсіх . Мярзотнае тленне пабаялася даткнуцца да чыстай светлай жывой скуры .
Я прачнуўся . Глухая цемра была наўкол . Выў за вакном восеньскі дажджысты вецер . Недзе надрыўна гаўкаў бяссонны сабака . Я ляжаў у цёплым ложку . Мае сябры , сорак чалавек і болей , ляжалі ў халоднай зямлі . І я заплакаў ад бяссілля .
Люблю вас . Пішу пра вас. Можа хто й пачытае .

***

Злыя маланкі неба аруць ,
Песню спяваюць чужую .
Белая Русь , Бедная Русь ,
Я цябе не шкадую .

Ворагі ў клетку цябе запруць ,
Клетку зламлю я любую .
Белая Русь , Бедная Русь ,
Рукі твае цалую .

Да светлага мора Прыпяць і Друць
Струменяць праз край наш прыгожы .
Белая Русь , Божая Русь
Слухае голас Божы .

 

Колькасць прачытаўшых: 2321
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел I
  • Раздзел II
  • Раздзел III
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007