Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел I

Герадоцінкі - 8 , або Паміж Месяцам і Сонцам


Леанід Дайнека

Касцёл

Там , дзе воля вятрам ,
Кветкам з травамі воля ,
Ёсць маленечкі храм
Ля жытнёвага поля .

Светлы Божы дамок ...
Старадаўняя цэгла ...
Як жывы ручаёк ,
Сцежка ў полі пралегла .

Голас Бога пачуць
Праз усе ліхалецці
Тою сцежкай ідуць
І старыя і дзеці .

Моляць Бога дзядок
І дзяўчынка малая .
Разганяючы змрок
Ярка свечачка ззяе .

Хай праносяцца дні -
Час яе не патУшыць .
Ад яе цеплыні
Саграваюцца душы .

Хто малітваў збярог
Дыяменты і перлы ,
Чуе тых Госпад Бог
І ўваскрэсіць памерлых .

І запаліць зару .
І пад небам вячыстым
Будзе жыць Беларусь ,
Бо жыве Езус Хрыстус .

Бо засеяў Касцёл
Божай веры зярняты
Там , дзе поле наўкол ,
Там , дзе вецер крылаты .


Святая Імша

Ёсць час запаветны , цудоўнейшы час ,
Што робіць сям”ёю адзінаю нас .
Святая Імша ! Святая Імша !
Калі размаўляе з Богам душа .

Хай дзень альбо ноч пазірае ў вакно ,
Адно ў нас дыханне і сэрца адно .
Святая Імша ! Святая Імша !
Калі размаўляе з Богам душа .

Ксёндз-пробашч гаворыць . І свечкі гараць .
І прэч адлятае дэманаў раць .
Святая Імша ! Святая Імша !
Калі размаўляе з Богам душа .

Усе мы тут сёстры , усе мы браты .
Імчыцца з нябёсаў прамень залаты .
Святая Імша ! Святая Імша !
Калі размаўляе з Богам душа .

Звон смерці аднойчы над намі праб”е .
З любоўю і верай успомнім цябе ,
Святая Імша , Святая Імша ,
Калі размаўляла з Небам душа .






***

Тчэцца , тчэцца шлях бясконцы
Паміж Месяцам і Сонцам.
Жанчына - Месяц .
Мужчына - Сонца .

Жанчына - Ноч .
Мужчына - Дзень .

Жанчына - Пяшчота .
Мужчына - Гнеў .

Жанчына - Серп .
Мужчына - Меч .

Жанчына - Неба .
Мужчына - Зямля .

Мужчына - змрок .
Жанчына - святло .

Мужчына - Конь .
Жанчына - Цуглі ,
Шпоры ,
Сядло .






***

Трохі літоўцы .
Трохі палякі .
Трохі украінцы .
Трохі лясныя ваўкалакі .
Трохі рускія .
Трохі жыды .
Гэта мы - беларусы .
Гэта - я і ты .
Вецер хаўтурны
Няхай не вые .
Мы не памерлі !
Мы - жывыя !
Дык весялей
Усміхайцеся , людзі !
У нас , беларусаў ,
Усё яшчэ будзе .
Леташнім снегам растануць трывогі .
Будуць дарогі і перамогі .
Будуць авацыі , апладысменты .
Будуць паэты і прэзідэнты .

***

Калі б нехта некага недзе
Перапісваць пачаў у звяры ,
Стаць хацеў бы я белым мядзведзем ,
Жыць ля айсберга , белай гары .

Я хадзіў бы ад рання да рання
Па пустыні сваёй снегавой .
І калыска паўночнага ззяння
Калыхалася б над галавой .

Я хацеў бы зрабіцца дэльфінам ,
Вольна плаваць і тут і там ,
Паміж хваляў зялёных і сініх
Шлях паказваць марскім караблям .

Але толькі пры ўсім пры гэтым
( Кім бы лёс ні прызначыў стаць )
Я хачу беларускім паэтам
Быць і жыць .
На прызнанне ж начхаць .

***

Чыгунка па-нашаму - пуць .
Бяжыць яна ў полі зялёным .
Ноччу і днём лятуць
Па нашай пуцІ эшалоны .

Хіснецца вясёлы вагон ,
Зазвоніць , бы сыпле манеткі .
Глядзяць яму наўздагон
Вясковыя дзеці і кветкі .

Ах , вёснаў далёкіх дым .
Ах , сцежачка залатая .
У кожным вагоне тым
Дзяцінства маё пралятае .

***

Як быццам жыццё пачынаецца зноўку ...
Бягу , каб аддацца кахання агню .
У восеньскім парку чакаю сяброўку .
У вусны цалую яе ўпершыню .

Чырвонае лісце гарыць развітальна .
Пад ярасным лістападам стаім .
У позірку юным пакора і тайна ,
Пяшчота , надзея і радасць у ім .


Каханне , панове , найлепшы з учынкаў !
Цалую , пястую і ведаю я -
Вось гэта танклявая кветка-дзяўчынка
Мне жонкаю стане да скону жыцця .


Дзве рэчкі ў адну назаўсёды сальюцца .
Ільдом не зашкліць тую рэчку зіма .
Яшчэ сексуальных няма рэвалюцый
І тэлепраграмаў “ Про это “ няма .


Пайшла па сцяжынцы ... Растала ў тумане ...
Ды ў парк гэты восеньскі вернешся зноў
Дзе дрэвы наўкола , як жоўтыя здані ,
Як дрогкія цені мінулых вякоў .


Пад месячным ззяннем нашчадкам друідаў
Між дрэваў блукаю . Дамоў не хачу .
Найлепшае імя шапчу - “ Зінаіда “,
Шапчу , як замову , як клятву шапчу .


Ненадрукаваны верш . 1983 год .

Каб жа ведаць дзе вады зачэрпне
Човен перакулены бядой ?
Толя Сербантовіч , Федзя Чэрня ,
Бачу вас у сіле маладой .

Бачу вашы вёсны , вашы леты ,
Смех і тлум , бяссонне па начах ,
Чыстыя вясёлыя паэты
З ледзь прыкметным сумам у вачах .

Не шукаю сёння хто віновен ,
Што ад нас вы рана адыйшлі .
Хворыя паэзіяй , вясною ,
Хворыя пяшчотай вы былі .

Ноч ... І ў галаве такая каша .
З млявых пальцаў пАдае пяро .
Веру - нехта прыдзе і раскажа
Пра любоў , пра смутак і дабро .

ХтО мы ўсе ? Чыю вясну гукаем ?
Сцежачка мы , хлопцы , ці шаша ?
Светлай знічкай коціцца над гаем
Толі Сербантовіча душа .



Няскончаны верш . 1980 год.

Рос як авёс
У шэрым полі я .
О , памяць вёрст !
О , меланхолія ! ...


Атлантыда

Дзе ты , дзе , мая Атлантыда ?
Ці знайду цябе за жыццё ?
Ты як вечнасці срэбная дзіда
Упілася ў сэрца маё .

 

Колькасць прачытаўшых: 4293
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел I
  • Раздзел II
  • Раздзел III
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007