Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел II

***

Наш постсавецкі народ заўсёды любіў і сёння вельмі любіць не слова “ на “ , а слова “ дай “ . Дай кватэру , дай вялікую зарплату , дай прыгожую багатую жонку і г.д. і г.д. З дзяцінства памятаю я вясёлую бадзёрую скорагаворку : Максім Горкі , дай махоркі ! Параўнальна нядаўна з”явілася яшчэ больш кароткае патрабаванне : Лужкоў , дай піражкоў ! Але першае месца я аддаю вось такому шэдэўру : Мікіта Хрушчоў , навары нам шчоў ! Спадзяюся , вы , шаноўныя чытачы , не забыліся , што Мікіта Сяргеевіч быў у свой час кіраўніком СССР . А як вам гэта - не “ щей “ , а менавіта “ шчоў “ ?!

***

Вагоны мінскага метро знутры залеплены цэлым морам самай яркай , самай экзатычнай рэкламы . Што толькі не рэкламуюць ! Крэмы , памперсы , адпачынак ва ўсіх кутках свету , канцэрты “ зорак “ , імгненнае лячэнне самых невераемных хваробаў ...
Стомлены , спустошаны бясконцай няспыннай яраснай атакай рэкламы чытаю: “ Несравненный поэт Турчак ! Новое и выдающееся имя в детской поэзии! Мамы , папы , дедушки и бабушки , спешите купить своим малышам великолепные книги ...»
З сілай заплюшчваю вочы . Няма жадання глядзець ні на што і ні на кога . Нават на Міс Сусвет . У чарапной каробцы , як марудлівы краб у марскім пяску , варочаецца адна-адзіная думка :
Ёсць паэт Маршак .
Хто такі Турчак ?
***
Зноў у Нацыянальны Сход Рэспублікі Беларусь ( выбары 2004 - га году ) не абралі, не прапусцілі ніводнага ( ! ) беларускамоўнага дэпутата . Хоць такіх вылучалася даволі шмат . Я, напрыклад, галасаваў за беларускамоўнага Уладзіміра Коласа , які набраў каля 26 адсоткаў галасоў .
Сядзяць дзядзькі і цёткі , шчабечуць не па-беларуску аб дзяржаўных справах нашага народу . Уражанне - быццам ідзе пасяджэнне Думы якой небудзь Саратаўскай губерні .
Божа , адкажы , чаму так не любяць тут беларускую мову ? У чым яе віна ? Яна ж такая прыгожая , мілагучная, лёгкая для ўспрымання , яна такая ж як украінская , вельмі-вельмі падобная да яе . Дык украінская мова пануе на Украіне ( успомніце паседжанні Рады, выступленні Кучмы , Юшчанкі ) , а наша жыве рабыняю ва ўласным доме , хоць Беларусь не Расія . Што рабіць нам , сотням тысяч беларускамоўных выбаршчыкаў - падаткаплацельшчыкаў , якія не маюць сваіх прадстаўнікоў у парламенце ? Дзе наша квота ? Дзе наш голас ? Тэле і радыёэфір поўнасцю , на карню аддадзены расійскай мове , расійскім каналам , прымітыўнай расійскай папсе . Яна пранізала ўсё . Яна лезе ва ўсе шчыліны , на ўсе шыльды , ва ўсе навучальныя ўстановы , ва ўсе чыноўніцкія кабінеты , у вайсковыя казармы , у дарожныя паказальнікі ДАІ , ва ўсе душы ... Наша беларуская мова хоць сёння гатова ўзяць на сябе абавязкі мовы нашай дзяржавы , але ж , як светлая хмара з усходу , ёсць расійская мова . Што ж , з Божай дапамогай будзем чакаць чыстага неба і беларускамоўнага парламенту і ўраду . Няўжо назаўжды нам наканавана беларускае безгалоссе ?
Не веру ! Не веру ў небеларускую Беларусь .

***

Увесь дзень глядзім “ Euro News “ , ловім весткі з Кіеву . Вольная гарачая украінская мова разрывае эфір . Усюды - атакуючы аранжавы колер . Натхнёныя людскія твары .
Цябе , Божа ,
Малю -
Няхай пераможа
Ю ! * * ( Юшчанка )
Дай , Божа , каб перамагла Украіна ! З ёю ацалеем і мы .
Молімся , спадзяемся , паўтараем словы Янкі Купалы :
Украіна ! Цвеце лЮбы ,
Сонцам гадаваны !

P. S . На прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне перамог Віктар Юшчанка , перамог здаровы народны нацыяналізм з украінскай моваю , якая не “ лягла “ пад руска-расійскую . Так што рана вы яго паспяшаліся пахаваць , ідэёлагі вялікай славянскай імперыі . Як Тарас Шаўчэнка і як Янка Купала , ён - бяссмертны ! Дарэчы , хачу задаць пытанне славянафілам . А чаму б не стварыць адзіную Раманскую дзяржаву ( італьянцы , іспанцы , французы , партугальцы , румыны ) ? Або адзіную Германскую ( немцы , аўстрыйцы , англічане , галандцы , шведы , датчане , нарвежцы ) ? Або Арабскую ? Кадафі ж некалі вёў сваіх лівійцаў на Егіпет , каб зліцца ў адну дзяржаву . Але іх , гэтых дзяржаваў- няма і не будзе . Дык перастаньце , нарэшце , крычаць пра Усходнеславяншчыну ! Дайце рускім , украінцам і беларусам жыць кожнаму паасобку ў сваёй уласнай хаце .
І яшчэ раз P.S. Друкаваны орган славянафілаў часопіс “ Наш современник “ ( г. Масква ) на 220 мільёнаў насельніцтва ( Расія , Украіна , Беларусь , Казахстан ) мае наклад усяго 10 тысяч асобнікаў . Да параўнання , наша беларускамоўнае “Полымя” пры штомесячным накладзе ў 2,5 тысячы асобнікаў і пры 10-мільённым насельніцтве Беларусі абыходзіць славянафільскі часопіс ў пераліку асобнікаў на асобнаўзятую чытацкую душу ў пяць з паловай разоў .
Што ні кажыце - аніяк не стасуецца “ веліч ідэй “ “ Нашего современника “ з мікраскапічнай колькасцю ягоных чытачоў .


***

- Лёня , давайце накормім вунь таго хлопца , што сядзіць на траве каля плоту .
Такія словы ясным летнім ранкам я пачуў ад Уладзіміра Дамашэвіча , калі мы з ім ад”язджалі з Мінскага аўтавакзалу на ягоную радзіму ў Клецк . Максімавічу , або Дзеду , як усе мы велічалі яго , неўзабаве спаўнялася 50 год , першы сур”ёзны пісьменніцкі юбілей , і ён вырашыў з”ездзіць да землякоў . Запрасіў за кампанію мяне - я з радасцю згадзіўся . Квітнела лета 1978 году ...
- Максімавіч , шафёр ужо сеў у кабіну , ужо ідзе кандуктар , - паспрабаваў запярэчыць я , - Не паспеем .
Але праз хвіліну - другую мы стаялі каля русагаловага змарнелага хлопца , што з галодным бляскам у сініх патухлых вачах туліўся плячамі да плоту , на якім у розных накірунках , рознымі шрыфтамі было напісана-накрэслена легендарнае слова з трох літараў .
- Адкуль едзеце і куды ? - спытаў Дамашэвіч у хлопца .
Аказалася , той адбыў тэрмін у аршанскай калоніі , кіруецца дадому , некуды ў заходнебеларускую вёску , а грошай няма - іх было мала , і яны скончыліся . Ён не еў ужо другі дзень . Хлопец аблізваў ссохлыя вусны .
Мы купілі яму каўбасы , хлеба , бутэльку ліманаду - балазе , прадуктовы кіёск быў побач . Я , як традыцыйны аматар больш моцных напояў , прапанаваў набыць бутэльку “ Жыгулёўскага “ , але Максімавіч сказаў з заўсёднай мудрасцю :
- Алкаголь яму зараз не патрэбен .
Аўтобус тым часам ужо крануўся . Шафёр сігналіў . Мы ўскочылі ў салон на хаду
- Хто вы ?! - крыкнуў услед хлопец .
- Людзі , - усміхнуўшыся , адказАў Дамашэвіч .
Тая паездка запомнілася мноствам добрых сустрэч з добрымі людзьмі , літаратурнымі выступленнямі , шчырымі размовамі пад чарку на зялёных лугах каля сіняй рэчкі . Свяціла мяккае сонца . Шумеў свежы вецер . Хацелася любіць увесь свет . Пад вечар мы зайшлі на могілкі , пастаялі над магілаю Максімавічавага бацькі . Там расло старое густалістае дрэва . Дамашэвіч прыпаў шчакою да гэтага дрэва . У паўзмроку ярка блішчалі блакітныя вочы ...
Ён - тыповы беларус . Непаспешлівы , разважлівы , цягавіты , як конь ; мудры і добрасардэчны . Ён адстойваў і адстойвае сваю жыццёвую праўду - успомніце ягоныя выступленні ў абарону беларускай мовы ! Аднойчы мы сядзелі ў мінскай “ Батлейцы “ . За вакном грымеў аўтамабілямі яшчэ не праспект Францішка Скарыны , а Ленінскі праспект .
- Максімавіч , - усхвалявана спытаў я , - Ці будзе сапраўдная Беларусь ? Калі яна будзе ?
Дамашэвіч строга зірнуў на мяне , потым зірнуў у вакно , раздумліва сказаў :
- Яна з”явіцца тады , калі там , па праспекце , праедзе першы беларускі танк .
І замоўк , нырнуў у свае думкі .
Я даўно ўжо не бачыў яго і не чуў . Але калі ў часопісе ці ў газеце мне трапляецца на вочы ягонае прозвішча , адразу ж у свядомасці ўсплывае цвёрды глухаваты голас , які кажа
- Лёня , давайце накормім вунь таго хлопца .


***

На самым пачатку свайго літаратурнага шляху , сваіх роздумаў над гістарычным лёсам нашага народу я быў апантаным ворагам Крэўскай і Люблінскіх уній . Мне здавалася , што уніі гэтыя , гэтыя саюзы нанеслі непапраўную шкоду беларусам , не даўшы нам самарэалізавацца . Сёння я ўжо так не думаю . Сёння я лічу , што толькі дзякуючы ім мы змаглі захавацца на палітычнай карце Еўропы як народ , стварыць сваю дзяржаву . Калі б усё пайшло наадварот , былі б мы сёння заходнімі раёнамі Смаленскай ды Бранскай губерняў Расіі . І толькі . Ну была б яшчэ , да прЫкладу , Мінская або Гродзенская губерня . ( Увага ! Той , хто лічыць , што беларусы гэта тыя ж самыя рускія , можа далей не чытаць . ) .
Усё , што ні робіцца ў прыродзе , мАе на самым сваім пачатку нейкі першаштуршок . 14 жніўня 1385 року ( як пісалася ў старабеларускіх кнігах ) . Крэўская унія . Дынастычны саюз Вялікага княства і Польшчы , жаніцьба Ягайлы і Ядвігі . Першаштуршком гэтай уніі лічу Кулікоўскую бітву 1380 году , рэзкае ўзмацненне Масквы начале з Дзмітрыем Данскім .
28 чэрвеня 1569 году . Люблінская унія . Аб”яднанне Вялікага княства і Польшчы ў адну дзяржаву , нараджэнне Рэчы Паспалітай . Першаштуршок - маскоўскі цар Іван Грозны-Жахлівы , апрычніна з яе крывавым тэрорам , Лівонская вайна з яшчэ большым тэрорам , грубае пыхлівае адзінаўладства , калі ўсе наўкол - толькі “людзішкі “ , толькі нікчэмныя чэрві . Тое ж самае можна сказаць і пра рэлігійную Брэсцкую унію 1596 году .
Памятаю , як у свой час мы зачытваліся “ Лямантам Усходняй царквы “ . Колькі жарсці , колькі непадробнага абурэння ! “ Дзе вы , Вішнявецкія ,Сапегі, Чартарыйскія ... ( і г. д . ) “ - усклікваў усхваляваны аўтар . А дзе ім трэба было быць у той час ? Сядзець пад жалезнай пятой Івана Жахлівага ?Сядзець на вострай пАлі і глядзець як гвалцяць іхніх жонак і дачок , а хлопчыкаў - млекасосцаў жыўцом кідаюць у агонь ?
І яшчэ я лічу , што сваім пераходам у каталіцтва беларуская шляхта не здрадзіла сваім дзядам-прадзедам , а вярнулася (!) да іхняй веры . Успомнім гістарычныя даты . Нашы продкі былі ахрышчаны ў 988 годзе . Раскол жа хрысціянства на праваслаўе і каталіцтва адбыўся ў 1054 годзе , праз 66 гадоў (!). Такім чынам , строга юрыдычна , прадзеды нашы з паганства перайшлі ў 988 годзе ў адзіную першапачатковую хрысціянскую рэлігію , рэлігію апосталаў-вучняў Хрыста Пятра і Паўла з цэнтрам у горадзе Рыме , хоць фізічна святы Хрост бралі ў Візантыі . Але з 1453 году ў Візантыі ( Канстанцінопалі ) уладарнічалі туркі-асманы , Масковія была пад Залатой Ардой. І наша шляхта з большай часткай нашага простага люду павярнулася да Рыму , вярнулася ў сваё даўнейшае духоўнае рэчышча .


1385 год . Хрышчэнне .

Дні зрабіліся кароткімі ,
Ліст на дрэвах - каляровым .
Вайдэлоты з вайдэлоткамі
Паляць вогнішчы ў дубровах .

Скачуць касмылі барвовыя .
Для агню хапае ежы -
Хмыз , калоды , пні дубовыя ,
Мох сухі і лапнік свежы .


На Літве ПяркУнас пан яшчэ .
Ды глядзяць усе на неба .
Са сваёй лясной паганшчынай
Развітацца сёння трэба .

Грэюць , быццам пальцы матчыны ,
Залатога сонца промні .
Кажуць , што Хрыста ўжо бачылі ,
Што Хрыстос плыве па Нёмне !

Злыбяда ў гушчар хаваецца .
Радуйся , Літва-Айчына !
Да цябе Хрыстос спяшаецца ,
Свеціць яснымі вачыма .

Заспявалі песні звонкія
Хорам . З півам елі ракаў .
А наводдаль , пад сасонкаю ,
Вайдэлот * стары заплакаў .
* Вайдэлоты - жрацы паганскай Літвы .


Цунамі . 26 снежня 2004 году .

Мы соладка спалі ля цёплага ціхага мора .
Валодала духам і целам пяшчотная змора .
Паўднёвыя пальмы аб вечным каханні шапталі .
Мы соладка спалі .

Над намі ,
Над нашымі снамі
Завыла цунамі .
Як быццам ударыў драпежны арол кіпцюрамі .
З глыбіняў марскіх узнялася жахлівая сіла .
Гіганцкай касою будынкі і пальмы скасіла .

Цунамі !
У вокны вада сталёвымі б”е кулакамі ...
Нізрынуты Буда плыве ў разбураным храме ...
Аўтамабіль , як пушынка ,
Ляціць над дварамі ...

Цунамі !
Мы ў сіняе неба глядзім нежывымі вачамі .
Яно не схацела злітавацца над намі .

Нясецца па моры , грукоча над астравамі ,
Як джала гадзюкі ,
Кусае й кусае
Цунамі .
Пасекла жыццё на шматкі
Гільятына цунамі .
Крывавымі вуснамі шэпча жанчына:
- ШтО з намі ?


Памяці Рыгора Яўсеева

Гора ў нашай хаце , гора -
Няма Яўсеева Рыгора .

Не любіў ён прозы грубай .
Быў ён гумарыстам ,
Сінявокі , светлачубы
І душой празрысты .

Быў ён шчыры і вясёлы ,
Ў дружбе непарушны .
І над ім звінелі пчолы
І спявалі птушкі .

Сейбіт быў Рыгор Яўсееў .
На зямлі ён радасць сеяў .

P . S . Ён раптоўна памёр уначы з 25 на 26 снежня , якраз тады , калі ў глыбінях пачыналі бушаваць жахлівыя землятрусы і цунамі , калі Зямля сыходзіла са сваёй арбіты. Ягонае чуйнае сэрца ўлавіла голас невымернай людской бяды , што вось-вось павінна была загрымець над планетай , і спынілася ...

 

Колькасць прачытаўшых: 2348
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел I
  • Раздзел II
  • Раздзел III
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007