Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел III

Некласічныя хайку
*
Як белы сабака ,
Лёг на ганак снег .
Не тапчыце сабак .

*
Страляе-страляе-страляе
Кулямёт жыцця .
Куля думкі свіснула ў галаве .

*
Зіма надыйшла .
Прырода спіць .
Заплюшчана лёдам сіняе вока вады .

*
У небе вароны
Чорная кропля .
Варона трымае неба ў сваіх кіпцюрах .

*
Зіма . Завіруха .
На зямлю ўпалі
Мільярды белых матылькоў .

*
Егіпет .
Вярблюд . Піраміда .
Чорны цень фараона на жоўтым пяску .

*
Лясная вёска .
Сум вечаровы .
У белую скуру ўпілася шпага камара .

*
Мокрая восень .
Ліпа выцірае неба
Жоўтай хусцінкай апошняга ліста .

*
Аб чым уздыхае чыгунка ?
Чорную паперу ночы
Рэжуць нажніцы цягніка .

*
Я таксама памру .
Частка цела майго ўжо даўно памерла .
Памятаю як у дзяцінстве маці
Падстрыгала мне пазногці і валасы .

*
Павук - парашутыст
Ляціць на павуціне .
Самалёт цяжка пАдае на зямлю .


Гарачы верш

Які ўжо дзень -
Сухмень ... Сухмень ...
Страляе сонца з жоўтай высі .
Лясы , лугі , гаі спякліся .
У асацэ ляжыць азерца ,
Як паміраючае сэрца .


Цягнікі

Толькі раніца ўспыхне наўкола ,
Загрукочуць нястомныя колы ,
Клічуць-клічуць удалеч гудкі .
Сэрца новых дарогаў прагне .
І нібыта магнітам цягне ,
Мяне цягне да вас , цягнікі !


Невядомы верш Алеся Дудара

Дзве бабы - Масква і Варшава -
І Менск паміж імі , дзяцюк .
Цягнуць то ўлева , то ўправа ,
Пальцы выломваюць з рук .

Жыўцом на кавалкі рэжуць ,
Заводзячы калатню .
Менск , пакажы ім нарэшце
Мужчынскую сілу сваю !


Сябрам - паэтам

Калі не алкашы вы і не лохі ,
Пішыце творы вартыя эпохі .
І Бог , што бачыць вас з-за самых чорных хмар ,
Заплоціць некалі прыстойны ганарар .


Погляд на самога сябе збоку

Як ні біўся-церабіўся ,
Як ні тузаўся Лявон ,
Ды не здолеў , не прабіўся
У вышэйшы эшалон .

Не вадзіў у бой дывізій ,
І жыве такі-сякі
Недзе ўнізе , недзе ўнізе ,
Як пясок на дне ракі .


***

Не ведаю калі навек засну ,
Дзе смерць халоднай шпагаю дастане .
Таму , хто панясе маЮ труну ,
Ўжо сёння дасылаю прывітанне .

Цвярдзей трымай плячо . Не трэба слёз .
Так хістка ўсё на свеце , так часова ...
Той , каго ты нясеш , калісьці нёс
Аркадзя Куляшова і Лынькова .


***

Толькі немач і боль жываглоцяць наўкол
І хлюпоча балотная твань .
Прыляці , мой Анёл ,
Сядзь са мною за стол ,
Сінім вокам у сэрца мне глянь .

Прыляці , пакажы
Дзе жыцця рубяжы ,
Дзе фінал маёй сцежкі зямной .
Я свой верш дапішу ,
Я святло патушу ,
Да нябёс палячу за табой .


Маім сучаснікам

Смела крочце наперад .
Не схіляйце ілбы .
Сумаваць аб імперыі
Могуць толькі рабы .


***

Даведаўся , што ў ліпені мінулага ( 2003 ) году загінуў мой зямляк паэт Уладзімір Счыслёнак . Цягніком вяртаўся з Мінску - казалі , вазіў у нейкі часопіс свае вершы . Сыйшоў чамусьці не на нашай станцыі Несяце , а на прыпынак раней. Пэўна , пераблытаў , магчыма , быў п”яны. Трапіў пад вагонныя колы .
Апошнім часам паміж намі , як гаворыцца , бегала чорная кошка . Ён вярнуў не мне , а ў выдавецтва “ Мастацкая літаратура “ , маЕ кніжкі , якія я падпісваў яму калісьці . У адказ я “падколваў “ яго ў сваіх “ Герадоцінках “ .
Смерць , асабліва , нечаканая , у маладым узросце , мІрыць усіх .

Ні аўтографаў ... Ні кінаплёнак ...
Толькі рэзкі крык цягніка .
Спі спакойна , Валодзя Счыслёнак ,
Там , дзе Вечнасці льецца Рака .

Ціха ў хаце тваёй , зямляча .
Сіні вецер па шыбінах б”е .
Птушка ў змітраўскім лесе плача .
Яна помніць , Валодзя , цябе .

***
Жахлівы сон пенсіянера . Праз расчыненую фортачку з гучнагаварыцеля ўрачыста даносіцца голас дыктара ( вельмі падобны на голас незабыўнага Левітана ) :
- Грамадзяне ! З сённяшняга дня пенсіі адмяняюцца ! Ура - а - а !!!

***

Муж (уначы ! ) корпаецца пад ложкам. Жонка ( здзіўлена ) :
- Што ты там робіш ?
Муж ( паныла ) :
- Шукаю свой адрэналін .

***

- Што патрэбна зрабіць дзеля таго , каб у краіне перамагла дэмакратыя ?
- Неабходна каб на сталічнай цэнтральнай плошчы сабралася трыста тысяч чалавек і каб на працягу дванаццаці дзён яны пяцьдзесят сем тысяч шэсцьсот разоў крыкнулі магічнае слова “ Юшчанка ! “ .

***

Усім нутром сваім адчуваю , што нездарма ( у разумных , вядома ж , межах ) я люблю алкаголь і прафесійна займаюся ім . Чаму ? А таму , што ў гонар майго бацькі Марціна вынайшылі марцІні , а ў гонар маёй маці Тэклі - тэкілу . Вось так !

***

Стабільнай бывае й дэбільнасць .


***

Як вядома , гісторыя адбываецца ў першы раз у выглядзе трагедыі . Другі раз паўтараецца ў выглядзе фарсу . Але бывае й трэці раз . І вось , калі толькі ён надыходзіць - трэці раз , яна паўтараецца ў выглядзе ... фаршу . На вялікі жаль , гісторыя нядрэнны мяснік , панове .


***

А як вам гэты вобраз ?
Мы , беларускамоўныя пісьменнікі , жывем як жукі-дрэваточцы ўнутры гіганцкага тоўстага ствала расійскамоўнай секвойі .


***

Па ўсім горадзе панавешаны вялізныя прыгожыя чырвоназялёныя шчыты , на якіх напісана : “ За Беларусь ! “ . Лозунг , у прынцыпе , правільны . Але , будзь мая воля , я б удакладніў : “ За беларускую Беларусь ! “ .


***

Чамусьці яшчэ й сёння ўспамінаецца мне адна фатаграфія , якую я , хлапчук , убачыў у школьным падручніку гісторыі шмат-шмат гадоў таму . Пад ёю быў подпіс : “ Наведванне таварышам І . В . Сталіным крэйсера “Червона Украина”.
На жалезнай палубе на акуратненькіх крэсліках сядзяць Сталін і марскія афіцэры . Правадыр , вядома ж , у самым цэнтры . Афіцэры сядзяць , як спалоханыя манекены , сцяўшы каленькі . Рукі сіметрычна ляжаць на каленьках. Баявыя афіцэры падобны на шэрых мышак . Іосіф жа Вісарыёнавіч у асляпляльна белым кіцелі , задаволена ўсміхаючыся , шырока вальготна раскінуў ногі . Поза ўладара !


***

Як толькі зазелянела сапраўдная вясна , мы з нашай таксай Рокі ( я ўжо пісАў пра яе ) выехалі на дачу , на любімае “ Узгор”е - 2 “ . Усё было цудоўна пакуль у сабачкі не пачалася цечка . Гэта быў нейкі жах , нейкі садомскі гармідар ! Да нашага плоту кожную раніцу прыбягала па некалькі сабак - самцоў з усяго наваколля . Яна брахалі , нават вылі , купкамі сядзелі ўздоўж плоту і прагна - бліскучымі вачамі пазіралі на наш двор . Я ніколі не думаў , што так “жалезна “ працуе інстынкт падаўжэння роду . Амаль месяц мы фактычна былі ў асадзе .
- І навошта толькі мы заводзілі гэту сучку ? - злавалася Зінаіда , але неўзабаве адыходзіла душою . Што паробіш - інстынкт !
Асабліва дапякаў нам вялізны шэражоўты аўчар . Як сапёр , ён пачаў рабіць начныя падкопы пад нашы металічныя вароты . З-пад магутных лапаў вылётвалі гурбы зямлі . Сваёй пысай ён выварочваў камяні і бярвенні , якімі мы з Зінаідай забарыкадыроўвалі вароты . Кіпела сапраўдная вайна . Аднойчы ён уварваўся - ткі на наш двор , насіўся , як раз”ятраны тыгр , наўкол хаты , у якой салодкагалоса вішчала Рокі . Ледзь адбіліся кіямі і камянямі .
Уначы ён капАў , а днём адлежваўся ў высокім дзікатраўі каля ваданапорнай вежы . Я шпурляў туды ўсялякую цяжкую непатрэбшчыну . Пэўна , часам трапляў , бо чуў віск . Зрэдку ён асцярожна выторкваў вялікую галаву , глядзеў на мяне журботнымі , амаль чалавечымі вачамі , быццам хацеў нешта сказаць , аб нечым папрасіць . Найвастрэйшы пах кахання разрываў ягоныя ноздры , разломваў галаву , рабіў шалёным ...
Але скончылася ў Рокі цечка . Знік , пайшоў некуды сабака . А затым скончылася й лета , яшчэ адно залатое лета кароткага чалавечага жыцця .
Зноў я жыву ў горадзе , які ўсё больш робіцца чужым для мяне . Часам я ўспамінаю тога сабаку . І шкадую яго , і разумею яго . І па-мужчынску спачуваю яму .

***

Не ўсё кату масленіца , і не ўсё кАту гільятына .


***


Што такое куля ? Мініяцюрны баявы снарад (!) .


***

“ Калі чалавецтва даведаецца , штО рухае зоркамі , Сфінкс усміхнецца і жыццё на Зямлі згасне “ . Надпіс на егіпецкай пірамідзе .


***

“ Той народ , у якога ў крытычны момант не хапае людзей здольных ахвяраваць сабою ў імя агульнай мэты , знікае цалкам або рассейваецца
па свеце “ . Чарльз Дарвін .


***

“ Нішто ні жывець , ні расцець у агні . Нішто ні жывець , ні расцець у марозе . А толькі між агнём і марозам усё расцець , усё цвіцець , развіваецца ,
красуецца “ . Язэп Драздовіч .


***

З усіх трыбунаў натхнёна гавораць аб тым , што беларускія радыёстанцыі штодзённа выдаюць у эфір 75 % беларускіх песень . Але што гэта за песні і што гэта за выканаўцы ? Усё на рускай мове , і ўсё аб”яўляецца беларускім . А дзе беларускамоўныя спевакі ? Не разумею ...
Ну , тады так і аб”яўляйце ў эфіры : - А сейчас прозвучит белорусская народная песня “ Косил Ясь клевер “ .





***

Люблю гук начной дажджавой кроплі , калі яна ( у абсалютнай цішыні ) удараецца зпанадворку аб звонкую бляху майго падваконніка . Туп ... Туп ... Гэта ( пасля касцёльнага аргану ) мой найдаражэйшы зямны гук .
А яшчэ люблю мора . Соль ягоную нашУ ў сваёй крыві . І хоць сотні разоў з ягоных глыбіняў выскоквала жахлівае цунамі , я памятаю , што з яго (аднойчы!) выйшла багіня кахання і прыгажосці Афрадзіта .


***

Чорнае ці ружовае ,
Хворае ці здаровае ,
Мёртвае ці заснулае ,
Дзе ты - Маё Мінулае ?



Таварыству беларускай мовы

Панове-спадарове ,
Дадзім прысягу Мове ,
Што будзем ёю жыць
І толькі ёй служыць .

Панове-спадарове ,
Мы свежы вецер ловім
У ветразі свае .
І карабель плыве !

А там , дзе ўсё паснула ,
Дзе дзень і вецер згас ,
Драпежная акула ,
Імперская акула
Не спіць , пільнуе нас .

***

Завыла вятрамі ... Заземлятрусіла ...
З пагардаю неба глядзіць на вас .
Чаму вы не хочаце быць беларусамі ?
Дайце адказ !

Калекамі , вісельнікамі , тапельцамі
Вужакі стагоддзяў паўзуць каля вас .
Чаму вы не хочаце быць еўрапейцамі ?
Дайце адказ !

З дуплаў замшэлых сычы павылазілі .
Цямрук пачынае начны свістапляс .
Чаму вас так гоніць з Еўропы ў Азію ?
Дайце адказ !

Вам доўга лаўчыць і падманваць шчАсціла ,
Ды яркага сонца заззяў прамень .
У нашых дзяцей ужо не ўкрасці вам
Заўтрашні дзень .







***

Лячу праз думкі , даты , эры ,
Праз нервы , праз сэрцабіццё .
А за вакном маёй кватэры
Цячэ будзённае жыццё .


Бомж смокча піва ледзяное ,
Сваю адпойвае душу .
Яму , вядома ж , чхаць на тое ,
Што я пісаў і што пішу .


***

Адказаць штО я люблю ?
Я люблю сваю зямлю .
Я люблю сваіх дзяцей .
Я люблю сваіх гасцей .
А яшчэ люблю я жонку -
Цёплай радасці скарбонку !


“ Не трэба старасці баяцца - праходзіць старасць “ . Сямён Півавараў .


***

Запавольваюцца крокі ...
І гадзІны ... І хвіліны ...
Дзе ты , мой чытач далёкі ,
Мой любімы , мой адзіны ?




Пажаданні магчымаму чытачу

Не будзь вечна незадаволены.Смейся чатыры разы на дзень . Пасля снядання , пасля абеду , пасля ланчу , пасля вячэры . Астатні час дабразычліва ўсміхайся ўсім і ўсюды , асабліва - жанчынам .

Пажаданні самому сабе

Не сварыся з жонкай ( Зінаідай ) . Не чакай ніякай літаратурнай прэміі . Пі гарэлку толькі ахалоджаную . Любі Еўропу і еўрапеек .

***

Хочацца зоркі лічыць .
Хочацца вершы пісАць .
Сэрца любоўю лячыць .
Слёзы з вачэй выкрасаць .

Душою ля Бога трымцець ,
Прыпасці істотай усёй .
Хочацца ў неба ўзляцець ,
А потым зрабіцца зямлёй .

***

Вось тут , спадарства , я да фінішу дапяў .
Вялікі дзякуй тым , хто опус мой чытаў .
Больш не пішу .
Не лью ваду
З бяздоннага каўша .
Астынь , пяро . Не астывай , душа !

2002 - 2004 г.г. Мінск , Узгор”е - 2

 

Колькасць прачытаўшых: 2247
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел I
  • Раздзел II
  • Раздзел III
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007