Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел 1

Леанід Дайнека

Герадоцінкі-2, або Пагоня за сабой



***
Бог, мая сям"я, мая душа і маё цела, - вось і ўсё, што ёсць у мяне на гэтай Зямлі.

***

Мой бацька пражыў 83 гады. Мая маці пражыла 68 гадоў. Брат Аляксандр ( Алік ) пражыў 63 гады. Колькі пражыву я? У гэтым простым пытанні - уся арыфметыка і ўся алгебра ўсіх на свеце філасофій і рэлігій.
Кожнае чалавечае жыццё канчаецца смерцю. Біблейскі Масуфаіл жыў 969 гадоў, але ўрэшце рэшт і гэты звышэнергічны дзед стаміўся і заснуў навекі.
Пасля 60 гадоў Леў Талстой свае дзённікі пачынае трывожнай абрэвіатурай " Е.Б.Ж." ( Если буду жив ). Значыць, і яго хвалявала, не магло не хваляваць гэта пякучае пытанне.
Вандалы, разбуральнікі помнікаў на могілках - што гэта? Усё той жа страх перад смерцю, знішчэнне яе сімвалаў.
Калектыўныя самазабойствы - што гэта? Спроба "скопам", "гурбой", "статкам"( як хочаце, называйце ) праламаць сцяну паміж гэтым і тым светам - а раптам "калектыўна" атрымаецца апынуцца "там" жывым, са сваім целам, сваім "я".
Усе рэлігіі стварыў страх смерці. І, заўважце, іх стваралі адносна маладыя людзі. Хрысту падчас Узнясення На Нябёсы было ўсяго 33. Думаецца, што ў 73 ён бы ўжо не пайшоў у сваю вандроўку з апосталамі - у такім узросце да смерці адносяцца спакойна.
Што ж рабіць усім нам, усім тым, хто баіцца смерці, баіцца непадуладнага ніякай логіцы "знікнення"? Не ведаю. Калі я быў малы ( гадоў 8 - 12 ) , я не верыў, што некалі памру, я спадзяваўся, што навука вынайшыць нейкі Элексір (!) - я вып"ю яго і буду жыць доўга-доўга-доўга...
Я ўсё жыццё ( кажу, як на споведзі ) чакаў ад Навукі ( спецыяльна пішу яе з вялікай літары!) такога адкрыцця. Вы будзеце смяяцца, але я й сёння чакаю гэтага. Вы будзеце смяяцца яшчэ больш, калі я скажу, што Наша Зямная Навука спраўдзіла (!) мае шматгадовыя чаканні. 15 красавіка 2003 года ( запомнім гэты дзень!) па ўсіх буйнейшых тэлеканалах было аб"яўлена, што група вучоных ( ЗША, Германія, Японія, Францыя ) прачытала-рассакрэціла ДНК чалавека. Што гэта азначае? А гэта азначае, што ў руках у вучоных апынуўся запаветны ключык да чалавечага даўгалецця, да "масуфаільства", як называю я гэты такі жаданы для большасці з нас паварот падзей. Вось так. Весялей глядзіце наперад! Беражыце сябе, мае вы масуфаільчыкі!

***
Памятаецца, у далёкія школьныя гады настаўнік фізікі навучаў нас як назаўсёды закласці ў падсвядомасць, "зазубрыць" назвы колераў сонечнага спектру. Ён казаў: "Каждый охотник желает знать где сидит фазан". ( Для тых у каго, магчыма , не было такіх дасціпных фізікаў-паліглотаў, растлумачу - тут, у гэтым сказе, зашыфраваны назвы ўсіх колераў: красный, оранжевый, жёлтый, зелёный, голубой, синий, фиолетовый.) Але ж свядомы чалавек павінен запамінаць вечныя ісціны і на сваёй роднай мове. Па-беларуску ўся гэта шматфарбная вясёлка гучыць так: чырвоны, аранжавы, жоўты, зялёны, блакітны, сіні, фіялетавы. Успомнілі? Вось вам два сказы, як кажуць, на закуску.
Чакай атакі жаўнера, заўсёды будзь смелым , фазан.
Чакаю апетытных жабак з беларускіх сажалак. Француз.
Бярыце сабе той, які больш спадабаўся. Аддаю бясплатна. Прыемнага апетыту.( Гэта ў звязку з аматарам смачных жабак французам.Спадзяюся, французы і ўсе іхнія прыхільнікі не пакрыўдзяцца.)

***
Пётр Нябесны - Пятру Зямному, Пятру Першаму:
- Што сумуеш, цёзка? Мо Кацярынка твая да Меншыкава бегала?
- Ды не. Напрасякаў я вокнаў у Еўропу, а зашкліць няма чым.

***
"Генерал-губернатару Стаянкі Вялікага Белага Брата Новы Амстэрдам ( Нью-Ёрк. Аўтар.) ад правадыра Манцігома Каршуноў Кіпцюр Дзесятага.
Я - правадыр Манцігома Каршуноў Кіпцюр Дзесяты закурыў піпку міра. Ты чуеш, Вялікі Белы Брат мой, як смачна пахне дымам? Дык пакурым і пагаворым. Слухай жа мяне.
У 1626 годзе мой продак Манцігома Каршуноў Кіпцюр Нулявы за два вельмі прыгожыя кішэнныя люстэркі аддаў не табе, але таксама Вялікаму Беламу Брату востраў Манхетэн і землі ўздоўж берагоў ракі Гудзон, аддаў на ўвесь час Пакуль Будзе Расці Трава. Глянь за акно - трава расце. Але ж растуць і цэны ў шопах і на біржах. Растуць працэнты ў банках. У сувязі з гэтым патрабую аддаць у маё поўнае валоданне ўсе фабрыкі па выпуску люстэркаў і трумо як на тэрыторыі ЗША, так і на тэрыторыі Еўрапейскага Саюзу. У дадатак да гэтага патрабую аддаць мне ўсе вашы заводы ( можна й кітайскія ) па выпуску піратэхнічных вырабаў - надта ж мне падабаюцца фейерверкі! Чакаю тры дні. На чацвёрты дзень, калі не атрымаю Сваё ( Так у тэксце.Аўтар.), выкапаю з зямлі свой Лук і свой Тамагаўк, перагараджу статкам у тысячу бізонаў Уол-Стрыт.
Усё. Перакур скончыўся.
Правадыр Манцігома Каршуноў Кіпцюр Дзесяты."

***
Цікава - любяць ці не Праметэя, таго, што прынёс людзям агонь, пажарнікі? Любяць не любяць, але, пэўна ж, паважаюць, бо ён даў ім магчымасць зарабляць свой хлеб з маслам.
Думаецца, што большасць індзейцаў не любяць Калумба, а меншасць карсіканцаў не любяць Напалеона.Думаецца, што 99% грузінаў любяць Сталіна.Думаецца, што гара Эльбрус не любіць гару Эверэст, бо ніжэйшая.

***
На лужку каля рымскага Форуму сустракаюцца два кані: белы жарабок імператара Калігулы Марсін пад залатым сядлом і заезджаны замораны конік вольнаадпушчаніка зборшчыка трупаў жывёл і рабоў Аўгея Бясхвосцік. Бясхвосцік пачціва схіляе перад Марсінам галаву, гаворыць дрогкім ціхім голасам:
- Вітаю цябе, непараўнальны Марсін, падаю да тваіх капытоў. Ты носіш у сваім цудоўным звышпрыгожым сядле богападобнага імператара. Ты й сам - бог, бог нашага конскага племені. Вітаю цябе.
-Ну-ну,- ляніва глядзіць на яго ганарысты Марсін,- Не перахвалі мяне. А хто, дарэчы, пасмеў пусціць цябе на гэты лужок? Тут гуляю толькі я.
Бясхвосцік спалохана ўздрыгвае, яшчэ ніжэй гне галаву, хоча нешта сказаць, але Марсін літасціва кажа:
- Трошкі пагуляй. Я не буду загадваць сваім конюхам, каб выганялі цябе адсюль, лупцавалі ў хвост і грыву. Нам, патрыцыям, трэба калі-нікалі быць паміж простага народу, паміж плебеяў.
- О, дзякуй, дзякуй табе , сонцападобны, - горача прамаўляе Белахвосцік і, асмялеўшы, пытаецца:
- Ці праўда, што імператар Калігула ( бяссмерце яму і ўсім ягоным нашчадкам !) увёў цябе ў рымскі сенат, зрабіў сенатарам?
- Праўда,- ганарліва падняўшы пярэднюю правую нагу, адказвае Марсін,- Я - сенатар.
Белахвосцік становіцца перад ім на калені, заплюшчвае вочы, нібы ў іх ударыла яркае святло.
- І што вы, звышмудрыя сенатары, робіце ў цытадэлі геніяў - у сенаце? Чуў, што вы хочаце аб"явіць вайну гнюснаму цару Піру?
Марсін з найвялікшай пагардай глядзіць на Белахвосціка, што знерухомеў каля ягоных ног, нарэшце расчэплівае губы, паказвае свае цудоўныя бялюткія зубы, да якіх прыліпла зерне адборнага германскага аўсу, і павольна-велічна, смакуючы кожнае слова, гаворыць свайму дурному супляменніку, перадражніваючы таго:
- Што робіце... Вайну цару Піру... Гэта ж - сенат, асліная твая галава. Сенат. Як можна не разумець? Мы там кожны дзень дзелім і ядзім сена. Услухайся, няшчасны. Се-нат. Се-на. Се-нат. Се-на. Гэй, конюхі, ганіце прэч гэтую клячу!

***
Вам беларуская мова да лямпачкі, а для некага яна і маяк, і пражэктар. Дык , як казаў кот Леапольд:" Спадары, давайце жыць дружна".

***
Урок фізкультуры ў 7 "а" класе. Жвавыя хударлявыя хлапчукі з імпэтам бегаюць па футбольным полі. Аж зямля стогне! Толькі адзін, вельмі тоўсты і вельмі спакойны, сядзіць на лавачцы і ляніва есць банан.
- Ты чаго рассеўся, Сідаронак?! - налятае на яго фізрук.
- Сумую па сумо,- спакойна гаворыць Сідаронак.
- Што-што?
- Беларускай моваю кажу вам, Аркадзь Ісакавіч - сумую па сумо. Ёсць такі від спорта. Праўда, у Японіі. А датуль я не дабягу.

***
"Гэта нафта крычыць галасамі трывожных сірэн", - першае ўражанне ад першых тэлерэпартажаў з ваеннага Багдаду. Красавік 2003 г.

***
Размова падчас здачы меданалізаў.
- Як жыццё?
- Вертыкальна.
- Што-што?
- Не гарызантальна. Пакуль што не ляжу ні ў бальніцы, ні ў "скрынцы".

***
Аб"явы на левым слупе каля ўваходу ў паліклініку.
"Лячыце арганізм аргазмам. Магу арганізаваць." Сексапатолаг Іван Павольны.

"Для Вас і Вашых дзетак - вагон таблетак." Фармацэўт Лёва Лева-Левакоўскі.

***
"У абедзенны перапынак - рэжу апендыцыт." Васіль Штык, токар па металу, па хлебу і па салу.

***
"Раблю ўсё наадварот. З блізарукіх - дальнарукіх. З дальназоркіх - блізазоркіх." Акуліст Сеня. Не п"ю ўжо трэці дзень.

***
"Магу адбіць мазгі, або падбіць падэшву Вашага чаравіка." Медбрат Сямён.

***
Нарэшце пачало працаваць на канале "ОРТ" наша мінскае "ОНТ" ("Общенациональное телевидение") начале з Рыгорам Кісялём. Выдалі ў вячэрнім эфіры "Наши новости". "Іх новасці",- буркнуў адзін з маіх знаёмых.
Дарэчы, я здагадваюся, што пад словам "общенациональное" разумеецца тэлебачанне адзінай славянскай нацыі - некаторыя да гэтага часу вераць, што такая таямнічая нацыя існуе. Калі так, то раіў бы пану Кісялю перайсці на беларускамоўны лагатып сваёй кампаніі, пісаць не "ОНТ" , а "АНТ" (агульнанацыянальнае), бо быў яшчэ ў 6 - 7 нашай эры саюз славянскіх плямёнаў, якія называлі сябе АНТамі.

***
Пайшлі нафік!
Мы вам нічога не вінны.
У вас - нафта.
У нас - журавіны!
З ліста нафтамагнатам ( невядома якім - арабскім ці расійскім ), які пасля атрымання палучкі, лежачы пад дубам, пачаў пісаць, ды так і не скончыў ляснік Сырадоеў.



***
- Будзем сеяць, беларусы, - пісаў у свой час Максім Танк.
Прароцтва вялікага паэта збылося - нядаўна ў газетах былі надрукаваны чарговыя ўрадавыя пастановы да чарговай пасяўной кампаніі.

***
- Радзіма мая дарагая, - пісаў у свой час Алесь Бачыла.
Прароцтва вялікага паэта збылося - цэны ў мінскіх крамах, шопах, буціках і г.д. растуць і растуць.

***
А вось паэту і празаіку Янку Сіпакову, пэўна, падчас перавыдання сваіх твораў давядзецца папрацаваць разам са сваім рэдактарам. У свой час, пішучы новую кнігу, ён упаўне справядліва даў ёй назву "Усе мы з хат". Ды за апошнія гады дэмаграфічная сітуацыя ў нашай краіне рэзка змянілася - зараз гараджан у нас болей чым вяскоўцаў. Так што трэба будзе паламаць галаву над загалоўкам. Са свайго боку прапануем назву "Усе мы з кватэр". На ганарар не прэтэндуем.

***
Беларусы, як вядома, адносяцца да ўсходніх славянаў, хоць асабіста я не поўнасцю згодзен з такой класіфікацыяй. У нас жа маюцца сотні тысяч католікаў, пратэстантаў, - а гэта рэлігіі "заходняга", скажам так, пашыву. Мы, беларусы, з 1387 году, з часоў Крэўскай уніі, і па 1795 год, год апошняга, трэцяга, падзелу Рэчы Паспалітай , лічы - 405 гадоў , былі злучаны з Заходняй Еўропай, мелі Магдэбургскае права, вучыліся ў еўрапейскіх універсітэтах, дыхалі паветрам Адраджэння, Рэфармацыі, падарожнічалі па Германіі, Італіі...
Адным словам, я б назваў беларусаў не ўсходнімі, а цэнтральнымі славянамі (жарт). Але ў рэшце рэшт справа не ў тым як цябе нехта называе, а ў тым кім ты сам сябе пачуваеш.
Вядомых асабіста мне, нечым адметных беларусаў, я падзяліў на чатыры групы. Для мяне - самы ўсходні з усходніх славян - Іван Ласкоў, паэт, публіцыст, хімік, які жыў і працаваў у Якуцку і пахаваны там. Гэта быў самы першы жывы паэт, з якім я здароўкаўся за руку, хадзіў па вуліцах, абмяркоўваў вершы, піў віно, заляцаўся да дзяўчат... Ён меў маленькі рост, вялікі талент і басавіты грамавы голас. Маларосласць, як падалося мне,прыгнятала яго, але ён
паводзіў сябе па-шляхотнаму, з адчуваннем уласнай годнасці. Мы заўсёды хадзілі ўтраіх: Ласкоў, Саша (Алесь) Мікалайчанка і я; прычым, Ласкоў ішоў паперадзе, а мы, высакарослыя бамбізы, шпарылі за ім. Нас аб"ядноўвала тое, што мы пачыналі пісаць па-руску, а потым перайшлі на беларускую мову, і было гэта не ў часы, так званага, Адраджэння, Народнага Фронту і Пазняка, а яшчэ ў 1968 годзе, за 27 гадоў да ліберала Гарбачова. Ваня Ласкоў за шклянкай "Агдама" ( цудоўнае віно нашай маладосці! ) прызнаўся мне, што хоча знайсці самы маларослы народ СССР, каб пасяліцца там і адчуць сябе Гуліверам. Ён урэшце-рэшт знайшоў такі народ, якутаў, жаніўся на якутцы, студэнтцы Літінстытута імя М.Горкага ( здаецца, яе звалі Валянціна Гаўрыльева ) і назаўсёды з"ехаў у Якуцк. І памёр там...
Самым паўночным з усходніх славян я называю Анатоля Кірвеля, паэта, празаіка, які пражывае ў Санкт-Пецярбурзе, гжэчна ахвяруючы грошы на выданне кніжак беларускіх дзяўчатак -паэтак.
Самы паўднёвы з усходніх славян - Віктар Лебедзь, афіцыйны прадстаўнік авіафірмы "Белавіа" на востраве Кіпр. З жонкаю Таццянай і двума сынамі ён жыве ў горадзе Лімасол. Тыя,каго лёс заводзіў на сонечны востраў Афрадзіты, не могуць не ведаць пунктуальнага і дабразычлівага Віктара.
І , нарэшце, - самы заходні з усходніх славян. Сакрат Яновіч.Ужо адно імя прымушае пачціва зняць капялюш. Гэта, на маю думку, адзін з самых "палітызаваных" беларусаў. Пры адпаведных гістарычных варунках ён мог бы быць прэзідэнтам ,скажам, Беластоцкай Беларускай Рэспублікі. Але такой рэспублікі няма і, як я разумею, не прадбачыцца, і таму пан Сакрат займаецца літаратурнай справаю, прычым, вельмі паспяхова. Нядаўна я ў Беластоку набыў ягоную кніжку " Не жаль пражытага". Вельмі змястоўная , вельмі глыбокая па думках і прыхаванай горычы рэч. Адчуванне нездзейсненай самарэалізацыі, як самога сябе, так і сваіх землякоў- паплечнікаў, разважанні аб мінулым краю, дзе - "глод, смрод і ўбоства". Над усім іншым валодае, трапеча адзіная думка -" і без
цябе быў свет." Інвалідамі духа, белымі неграмі называе Сакрат Яновіч тых, хто кінуў беларушчыну і растварыўся ў польскім акіяне . ( А што ім заставалася рабіць? Так і мы, з яшчэ большай хуткасцю, раствараемся ў акіяне расійскім. Аўтар.) З усяго гэтага робіцца абсалютна верная выснова:" Нацыю стварае буржуазія, людзі, у якіх адсутнічае праблема хлеба." А што можа стварыць, пра што можа заікнуцца істота, у якой, прабачце, вушы брудныя, " у вушах - мёд", як вобразна жывапісуе пан Сакрат?
І ўсё-ткі беларускі вулкан яшчэ не патух. Яшчэ ого-го як клякоча! Сцверджаннем таму словы рэпатрыянта-беларуса з-пад Вільні, які недзе ў маёнтачку на мяжы з Нямеччынай так азваўся на ўпіканне польскага палітрука ў ягонай недальнабачнасці і жыццёвай глухаце:
- Каб ты так далёка сраў, як я бачу і чую!
Брава, пан Сакрат і ўсе астатнія беларусы, самыя ўсходнія, самыя паўночныя, самыя паўднёвыя, самыя заходнія і г. д. !

***
ФЭНТЭЗІ. Калі ў 2045 годзе да ўлады зноў вярнуліся камуністы-інтэрнацыяналісты, урадавы чыноўнік акуратненька зашпіліў на ўсе гузікі свой дзелавы касцюм, акуратненька падцягнуў-падправіў гальштук, сеў, як заўсёды, за свой стол у сваім кабінеце, і роўна ў дзевяць гадзін раніцы пачаў сумленна і шчыра працаваць, пачаў па кроплі выдаўліваць з сябе ... славяніна.

 

Колькасць прачытаўшых: 4555
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел 1
  • Раздзел 2
  • Раздзел 3
  • Раздзел 4
  • Раздзел 5
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007