Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел 2

***
У "Белорусской газете" вычытаў пра падарожжа маскоўскага літаратара Віктара Ерафеева ( вядомы празаік, вядзе на тэлебачанні праграму "Апокриф", "западник", эстэт і г.д. ) па Беларусі. Эстэт ехаў у Германію. Найкарацейшая ж дарога туды з Масквы праз нашу Бульбонію, і эстэт вымушаны быў у сваім аўтамабільчыку "ашчаслівіць" беларускі асфальт. Ашчаслівіў, з"ездзіў " да Ганса", вярнуўся ў сваю сталіцу ( пэўна ж, зноў па нашых дарогах) і "нарадзіў" нарыс "Где начинается Европа?". У нарысе тым чытаем: "Огромный Минск скучен, сер. ( А мне, мінчуку з 1963 года, здавалася, што горад наш нішто сабе, добры, прыгожы,раздумліва- спакойны.) Плавает в советском хамстве. ( Гэта значыць, Мінск плавае. Смелы вобраз!) Мерзкий говор. ( Ах, наша беларуская мова! Ах, наша "трасянка"! І гэтаму маскоўскаму барыну вы разанулі пяшчотнае вушка. ) У всех такой вид, как будто только ударились о фонарный столб... ( Без каментару!).
Вось такі нарыс, такі "отчерк", як дужа "па-навучнаму" казаў калісьці адзін мой знаёмы. Пачыталі, падумалі, і што скажам? А нічога. Не раз ужо чулі такое, чыталі... Нецікава. Мы ўжо не малыя і ведаем, што сонца ўсходзіць не ў Маскве, а далёка-далёка ад яе на Усход - недзе ў Японскім моры. Мы ведаем, што Жуль Верн не масквіч, а француз. І Чарльз Дзікенс не масквіч і нават не тамбовец. І Джэк Лондан не масквіч, і Віктор Гюго, і Томас Ман... Мы нават ведаем,што Аляксандр Пушкін нашчадак афрыканца Ганібала, а Міхаіл Лермантаў нашчадак шатландца Лермонта. Тысячы (!) нашых любімых пісьменнікаў не масквічы і не расіяне. А вось пан Ерафееў масквіч, але мы яго слаба чыталі. Чуў я і бачыў ягоныя тэлеманалогі. Па мне - лепш дзесяць разоў наш "мерзкий говор", чым ягонае " занафталиненное приторно-слащавое чириканье".
Вось і ўсё. Бай-бай! Чирикай дальше, московский воробушек.

***
У 1927 годзе пасля заканчэння Белпедтэхнікуму малады паэт Паўлюк Трус быў накіраваны на працу ў газету "Палеская праўда". Вольнай часінаю, якая калі-нікалі надаралася, ён любіў выходзіць на шпацыр, нетаропка прагульваўся па маляўнічых вуліцах Гомеля. Адразу ж збіраўся натоўп. Аказваецца, гамяльчане ні разу не бачылі жывога беларуса (!) і глядзелі на прыгажуна-паэта як на нейкага індзейца з рэзервацыі. Да 1926 году большая частка Гомельшчыны была ў складзе РСФСР, і тубыльцы лічылі сябе стопрацэнтнымі русакамі. Асабліва іх цікавіла беларуская кашуля-вышыванка, якую Паўлюк заўсёды апранаў і быў у ёй, як зараз кажуць, вельмі фотагенічны. Некаторыя смялейшыя падыходзілі і дакраналіся да яркай кашулі ( а, значыць, і да паэта) рукамі.

***
Правялі ў Мінску свой двухдзённы з”езд “вятвісты” ( суполка рускапішучых літаратараў “Полоцкая ветвь”.) Гучалі бадзёрыя прамовы, панаваў аптымізм, несакрушальная вера ў сваё месіянства. Але што трэба гэтым хлопцам? Рускамоўныя ж пісьменнікі заўсёды няблага пачувалі і пачуваюць сябе ў нашым адзіным Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Успомнім Аляксандра Міронава, Канстанціна Цітова, Яфіма Садоўскага, Навума Кісліка, Браніслава Спрынчана, Эдуарда Скобелева, Фёдара Яфімава… Прыгадаем таго ж Давіда Сімановіча, які актыўна працаваў на з”ездзе “вятвістаў”. Хто іх і калі крыўдзіў у нашай інтэрнацыянальнай краіне ? Хто ім затыкаў рот? Ніхто і ніколі.
Чаго ж яны хочуць? А хочуць яны выцясніць “ беларусаў” з літаратурнай прасторы Беларусі, стаць духоўнымі лідарамі нашага народу, манапалістамі і г.д. Думаю, што так не атрымаецца. Не дапаможа ні раскручаны “брэнд” маладога Курэйчыка, ні напорыстая самаўпэўненасць.Ёсць дух. Ёсць гісторыя і перспектыва. За нашай спіной Янка Купала і Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч і Міхась Стральцоў… Мы – не нацыяналісты. Мы – традыцыяналісты ў разумным здаровым сэнсе гэтага слова. Мы любім свой народ і не хочам ні з кім канфліктаваць.
А жыццё працягваецца. І кожны год у высакародных еўрапейскіх аленяў ападаюць прыгожыя вятвістыя рогі…


***
У часы абсалютнага панавання камуністычнай ідэалогіі, у часы, калі на самых высокіх будынках Мінску ганарліва чырванеліся лозунгі кшталту " Великий Октябрь - главное событие 20 века! " ( а да сканчання гэтага самага веку заставалася яшчэ 38 гадоў (!) - сам падлічыў; і ў нашу Зямельку мог яшчэ шандарахнуцца гіганцкі смертаносны метэарыт ), у Змітраўцы ад сваіх аднавяскоўцаў я чуў вось такія частушкі ( прашу дараваць нашаму народу просталінейную грубаватасць).
Першамай -
Я пёрну. Ты паймай.

У сямнаццатым гаду
Баба пёрнула ў ваду.
Як шукалі - не знайшлі.
Толькі бурбалкі пайшлі.

Хлеб-пшаніцу
За граніцу.
Кукурузу
Па Саюзу.

Слава Сталіну-грузіну
Што абуў нас у рызіну.

І самая распаўсюджаная ў тыя часы, можна сказаць, класічная частушка:
У калгасе добра жыць -
Адзін робіць, сем ляжыць.
А як сонца прыпячэ,
Дык і той уцячэ.
Народ заўсёды ўсё бачыць і заўсёды ўсё цудоўна разумее.

***
"Думаць - гэта самая цяжкая праца". Генрых Форд.


***
Славуты амерыканскі вынаходнік Томас Алва Эдысан пражыў 84 гады і зрабіў звыш 1000 (!) адкрыццяў у самых разнастайных галінах навукі і тэхнікі. Гэты незвычайны чалавек нават сваёй смерцю здзівіў, уразіў сучаснікаў, падкінуў чарговую галаваломку. Апошнімі ягонымі словамі былі: “ Як тут добра…”. Але дзе “тут”? Тут – на гэтым свеце? Альбо –тут- на тым? Ніхто пакуль што не можа адказаць. Чалавецтва чакае тэлефоннага званка ці якога іншага сігналу з таго свету. Не можа ж быць каб Эдысан і “там” не вынайшыў якую небудзь мудрагелістую штуковіну.
Містэр Эдыса-а-ан!!!


***
“ Цуд не супярэчыць Прыродзе. Цуд супярэчыць таму, што мы аб ёй ведаем”. Блажэнны Аўгусцін.

***
" Мы живем под собою не чуя страны". Ганна Ахматава. Прыпыніцеся, беларусаманы, на хвілінку, унікніце ў гэтыя радкі.


***
Тры цікавыя моманты расійскай самаіндэфікацыі. Стваральнік рускай літаратурнай мовы геніяльны паэт Аляксандр Пушкін – прамы нашчадак па матчынай лініі афрыканца Ганібала. Самае папулярнае рускае імя Іван бярэ свой корань ад яўрэйскага імені Іаан. Вялікая руская рака Волга , “мать родная”, як спяваецца ў народнай песні, упадае ў бяссточнае Каспійскае мора-возера, г. зн., не ўпадае ў Сусветны Акіян.
Сапраўды, як любіла казаць расійская імператрыца Екацярыня Вялікая ( немка па нараджэнні ), “ усе мы – Евіны дочкі”.

***
- Загадай прынесці пахмяліцца, пан палкоўнік. Галава, як трэснутая макітра на плятні ў бабы Гарпіны.
- Хмяліцца ты будзеш у ляхаў.
- Ха-ха-ха. Ты што, барын? Скажы, каб цыганка Сцепаніда танцавала перад намі, як учора.
- Танцаваць ты будзеш у ляхаў.
- Ды ты што, ваўчыная твая пыса?! Усю ўманскую гарэлку выжлукціў і з глуздоў з"ехаў?!
Гонта прутка ўскочыў з мяккіх каляровых кажухоў, на якіх заваліўся спаць з учарашняга п"янага вечару, але ззаду рэзка і балюча схапілі-ламанулі рукі, ударылі ў твар цяжкім кулаком... Успыхнула ўваччу...
- Яго і ягонага саламянага гетмана Залізняка павязем да генерала Крачэтнікава. Так загадана,- сказаў палкоўнік Крывы сваім людзям, салдатам і конюхам, - Пагуляў Іване ва Ўмане і - досыць. Пэўна, і здохнеш не пахмяліўшыся. А калі хмяліць будуць, то агнём і бізуном.
- Чаго стаіцё, быдлё?! - раптам вызверыўся ён, -Да кошу! ( Арыштаваць. Аўтар.) Вязаць яго!
Спалоханыя салдаты хуценька прынеслі з вуліцы ў хату сплецены з тоўстых вярбовых дубцоў доўгі кош-мяшок, у які ўвапхнулі Івана Гонту. Іван быў рослы казак, і давялося яму падкурчваць ногі.
- Гарэлкі мне! - люта крыкнуў палкоўнік Крывы свайму дзеншчыку чарнагаловаму касаваценькаму башкірцу Мустафе. Піў цёплую жоўтую гарэлку, загрызаў кіслым гарбузом, глядзеў як туга перавязваюць кош , у якім адразу аціх, ацверазеў, збялеў тварам Гонта, моцнымі смалянымі вяроўкамі. Так скончылася " вялікае гулянне" Івана Гонты, так у 1768 годзе захлынуліся ў крыві гайдамаччына і калііўшчына - няспраўджаныя надзеі украінскага хлопства на сваю зямлю і волю.
- Ты ж праваслаўны, як і я, барын. Навошта ж аддаеш мяне ляхам? - сказаў Гонта генералу Крачэтнікаву, - Царыца ж Кацярына універсал напісала, каб біць ляхаў-канфедэратаў, а нам, братам вашым, волю даць.
Крачэтнікаў доўгім цяжкім позіркам паглядзеў на былога сотніка ваяводы Патоцкага:
- А ты універсал той чытаў?
- Не. Бандурысты ва Ўмане спявалі.
- Бандурысты спявалі, - крыва ўсміхнуўся генерал, - Шалудзівы пёс табе выў-спяваў. Шмат людзей парэзаў ва Ўмане?
- Шмат, - з адчайнай лютай весялосцю адказаў Гонта, - І жанчын рэзаў. І дзяцей. І старых тоўстых, як кабаны, паноў. Паверыш, барын, у крыві іхняй мы купаліся. Налівалі ў стаўкі пад вішнямі іхняй сабачай крыві і купаліся. А на пане Кучэўскім, што ў Лісянцы быў за ваяводу, мы верхам, як на кані, каталіся. Паклалі яму на спіну сядло і ездзілі. Добра на чатырох лапах бегаў пан і нават іржаў па-конску. Пагарцавалі на ім, а потым пікамі закалолі.
- Хопіць,- махнуў шырокай смуглай рукой, на якой ярка свяціўся залаты пярсцёнак, генерал.
- Мы з табой адной веры, - гнуў сваё Гонта, - За што мяне ляхам аддаеш?
Генерал Крачэтнікаў моўчкі ўдарыў яго ў зубы.
Залізняка, як падданага расійскай кароны, адхвасталі бізуном і саслалі ў Сібір.
Івана Гонту разам з ягонымі сябрукамі аддалі польскім войскам , якія ў звязку з рускімі змагаліся на Украіне супраць паўстанцаў-канфедэратаў. Павезлі скрываўленага сотніка ў мястэчка Сербы, дзе рэгіментар Ксаверы Браніцкі надумаў учыніць страшнае пакаранне...
Усю дарогу ўспаміналіся Івану вогненна-п"яныя дні і ночы ва Ўмане, калі тысячамі рэзалі шляхту, адсякалі шаблямі і сякерамі рукі і ногі, запрагалі ў ёрмы ксяндзоў, узнімалі на пікі дзяцей і жанчын, трупамі забівалі калодзежы - аж дваццаць тысяч люду наклалі.Прыцягнулі да яго маладзенькую пані і маладзенькага чарнавусага пана, мужа з жонкаю, спыталіся: " Як катаваць іх будзем?" Цяжкім звярыным вокам зірнуў Гонта на палонных, загадаў маладзенькаму шляхціцу:
- На калені перада мной, чарвяк! Сёння я - пан!
Шляхціц то бялеў, то чырванеў, абліваўся потам.
- Ну, змяёк! - узвіў чырвоную шаблю Гонта, - Не паклонішся, жонку казакам аддам!
У горле ў шляхціца нешта забулькатала , ён глядзеў на Гонту як на пякельнага д"ябла, пачаў павольна згінаць спіну.
- Кшыштаў! - ірванулася ў чэпкіх казацкіх руках-абцугах пані, -Не смей! Пракляну! Кшыштаў!
І плюнула Гонту ў твар.
У Сербах па загаду Браніцкага са спіны ў Гонты знялі дванаццаць палосаў скуры, "разбіралі яго па костачках і па пальчыках", а ён хрыпла смяяўся:
- От казалы: буде болити, а воно ни крышки не болить, так наче блохи кусають."
А генералу Крачэтнікаву той ноччу прысніўся сон - вынырнуў з крывавага стаўка бясскуры Гонта, схапіў генерала за залаты каўнер, закрычаў-завыў:
-Завошта мяне ляхам аддаеш?!


***

- Чаму Ісак Ньютан нарадзіўся і здзейсніў свае геніяльныя адкрыцці на Брытанскіх астравах, а, скажам, не на астравах Ціхага Акіяну?
- Таму, што на Брытанскіх астравах растуць яблыні.
-???
- Не падумайце толькі, што мы расісты.На трапічных астравах Ціхага Акіяну таксама магло нараджацца мноства Ньютанаў. Яны там і нараджаліся. І садзіліся пад дрэвамі мысліць. Але ў какосавых пальмаў надта цяжкія плады.


***

Шумна і пампезна адзначыў Санкт-Пецярбург сваё 300-годдзе. Былі высокія госці з усяго свету. Адкрылі шмат новых помнікаў, у тым ліку, некалькі - заснавальніку горада Пятру Вялікаму. Забыліся толькі пра хоць які-небудзь помнічак ці мемарыяльную дошку прыгонным сялянам, на касцях якіх вырасла Паўночная Пальміра. А так там нават помнік птушцы (!) ёсць - Чыжыку-Пыжыку.
Дарэчы, наш Менск-Мінск прайшоў праз такую дату (трыстагоддзе) за 13 гадоў да Кулікоўскай бітвы, у 1367 годзе.


***

Тлумачальная запіска вучня 7 "Г" класа Вовы Сялёдкіна, які , "заваліўшы" дыктант па рускай мове, аб"явіў сябе антыкамуністам: " Я русский не выучил только за то, что им разговаривал Ленин".


***

Давайце перасяляцца на Марс! Марсіянскі год доўжыцца аж 687 дзён , і ўсе мы там памаладзеем. Мне, напрыклад, будзе толькі 32 гады! На Марс! Ляцім на Марс!


***

"Нейкія 90 % палітыкаў псуюць аўтарытэт іншым палітыкам". Генры Кісінджэр.


***

Паэты, кучаравы і лысы, сядзяць за чаркаю, патрохі п"юць, весела скардзяцца адзін адному.
- Не друкуюць, - кажа лысы, - А калі й друкуюць, то не плоцяць ганарар. А калі надрукуюць, заплоцяць ганарар, то не чытаюць. Русіфікацыя заела. Усё! Хопіць з мяне. Паеду ў вёску, прыдбаю сабе хатку, супакою нервы. Буду трусоў гадаваць.
- Вазьмі мяне з сабою,- просіць кучаравы, - І я паеду. Я з дзяцінства трусоў люблю.Вазьмі мяне, браце.
- Згода. Бяру, -усміхаецца, ляпае сябрука па плячы лысы,- Пакуй рэчы, калі яны ў цябе ёсць, і паедзем мы з табою, братка, з русіфікацыі ў трусіфікацыю.
Так сядзяць яны над рэчкаю да самай ночы, і з цёплай цемры глуха даносіцца: " Русіфікацыя... Трусіфікацыя...". І наадварот. А далей - неразборліва... Му... Бу... І гэтак далей, гэтак далей...


***
Маналог п”янага паэта: - Не пішы… Не кажы… Не думай… А для чаго мне тады галава дадзена? Цвікі ёю забіваць? Дык я ж, як мая жонка абсалютна верна гаворыць, не малаток.

***
Маналог цвярозага празаіка, які заблудзіўся на вуліцах восеньскага начнога райцэнтру: - Густой бывае не толькі проза, але й гразь.


***
Маналог меліяратара: - То асушвай балоты. То не асушвай. То Зорку Героя даюць. То адбіраюць. А за балота Іван Мележ Ленінскую прэмію схапіў. ( Маецца на ўвазе раман “Людзі на балоце”. Аўтар.). А Венецыю на балоце пабудавалі, каб ад вар… цьфу ты!… каб ад варвараў хавацца. Што мне рабіць? Пайду - вып”ю. І пайшлі вы ўсе ў балота.


***
Стары баран перад тым, як яго павядуць на бойню, горда кажа маладзенькім авечачкам: - Гэта – помста. Нам помсцяць за тое, што ў 16-ым стагоддзі ў Англіі нашы мужныя продкі паелі людзей.
-Ах! – уражана крычаць авечачкі і губляюць прытомнасць.
- Гэта – помста, - натхнёна працягвае стары, - Гнюсная помста. Лордам патрэбна была воўна, і яны зганялі сялян з іхніх надзелаў, пераўтвараючы надзелы ў пашы для нашых прадзедаў. Ужо цэлыя суткі я ведаю гэта! Учора Джон-пастушок чытаў падручнік па гісторыі. Я на свае вушы чуў, як Джон чытаў:”Авечкі паелі людзей”. Гэй, інквізітары?! Дзе вы? Я не баюся вас!

***

“ Расія – краіна з непрадказальным мінулым “ (!) – акадэмік Юрый Палякоў.

 

Колькасць прачытаўшых: 3056
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел 1
  • Раздзел 2
  • Раздзел 3
  • Раздзел 4
  • Раздзел 5
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007