Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел 3

Баявік

Радавы расійскага войска Іван Байкоў вызначыўся падчас удалай “зачысткі” ў Грозным , атрымаў кароткатэрміновы адпачынак і прыбыў у родную вёску на Смаленшчыне. Выпілі па чарцы-другой са швагерам Васілём Сямёнавічам, пайшлі ў лес у грыбы.У швагера вулічная мянушка Картавень, бо з дзяцінства не вымаўляе літару “р”.
- Пойдзем вунь у той бор,- радасна тыцнуў рукою Іван убок барка, што сінеў
за полем.
- Не, у той бой не пойдзем. Там ужо Белаюсія, - бадзёра адказаў Картавень, - Ідзі за мной, у Ясію.
У лесе рэзалі сыраежкі, лісічкі, махавічкі… Было весела. Раптам швагер прарэзліва крыкнуў: “ Баявік! Баявік! Яшчэ баявік! “, упаў на калені і пачаў ліхаманкава, бо быў заядлым грыбніком, рваць з коранем, кідаць у кошык цёмнагаловыя баравікі.
Іван Байкоў, як стаяў, пластом рухнуў на лясную прэлую ігліцу, абшчапіў галаву рукамі, уплішчыўся ў зямлю.
Картавень лоўка перакідаў у свой кошык усю баравіковую сямейку, здзіўлена зірнуў на Івана:
- А ты чаго, б”ят, язлёгся?
- Цьфу ты, Сямёнавіч! Цьфу ты, Картавень! – злосна выдыхнуў, прутка
ўскочыў на ногі Байкоў. Твар у яго быў гнеўна-чырвоны, - Баявік… Баявік… Верашчыш, як быццам табе на яйцо наступілі. Я падумаў, гэта – чачэнцы.

***
Што такое гісторыя і што такое гістарычная літаратура? Адказваю сюжэтам свайго новага раману. Ішоў на чужыя землі з велізарнейшай незлічонаю ардою-саранчою хан, і ўсім, хто не скарыўся, хто не пакланіўся яму, была хана. Вось і ўсё.

***
Мне – 63. А недзе толькі пачынаецца, разгараецца і пакрысе пашыраецца нейчы Сусвет. Нехта толькі што нарадзіўся; у яго ёсць маці і бацька, дзяды і бабкі; у яго яшчэ будуць школьныя сябры і школьныя настаўнікі, сустрэчы, знаёмствы, дарогі… Ён яшчэ будзе вучыцца хадзіць, чытаць і пісаць, плаваць, карыстацца кампутарам, цалаваць дзяўчат… Ён як той баравічок, што толькі праклюнуўся праз густы зялёны мох на сонечнай баравой палянцы. Што й казаць – зайздрошчу яму.


***
Ліст ад цара Івана Грознага ўсім шахматыстам планеты Зямля і астатніх планет. “ Так як я памёр у час гульні ў шахматы ў 1584 годзе і не дагуляў партыю з лекарам-нямчынам, выклікаю з таго свету ўсіх вас на спаборніцтва. Асабліва хачу згуляць з Гары Каспаравым. Калі Гары ў мяне выйграе – аддам яму Казань. Калі ж выйграю я…”. Тут ліст неспадзявана абрываецца. На зваротным баку ліста царскай рукою ( рука дрыжала ці то ад гневу, ці то ад хваробы ) напісана: “ Указ маім апрычнікам, калдунам, магам і прочая, прочая. Выкапаць з магілы і ажывіць Малюту Скуратава”.


***
- Калі з”явіліся альпіністы? Пэўна ж, з часоў Ганібала, як ён са сваім войскам, са сваімі баявымі сланамі пералез цераз Альпы.
- Ды не! Што твой Ганібал? Першы альпініст – мой прадзед Піліп. Бачыш вунь тую высокую-высокую бярозу? Два разы ў месяц, у аванс і ў палучку, мой дзед залазіў туды.”Заначку” ад сваёй жонкі Куліны хаваў у шпакоўню.


***
Завітаў у мой гародчык госць з палеаліту. А, дакладней, гэта я завітаў да яго, бо тут, на марэнных узгорках каля Заслаўя, ён жыў ужо амаль адзінаццаць тысяч гадоў.
Капала мая жонка Зінаіда зямлю на дачы, саджала кветкі, і раптам з-пад рыдлёўкі выскачыла-вывернулася крамянёвае рубіла…
Які чалавек зрабіў цябе?
Якім людзям служыла ты?
Аб чым думалі яны, далёкія-далёкія людзі, гуртом седзячы вакол вечаровага вогнішча?
Шумеў лес. Зіхцелі ў цёмным небе зоркі, як вочы рысяў і ваўкоў.
О, жудасць часу! Як далёка вы ад мяне. Як не ведаю я вас. А ў руках – крамянёвае рубіла…
Яно ляжыць на маім пісьмовым стале і маўчыць. Яно адпачывае, бо столькі нарабілася на сваім доўгім вяку. І майская муха дваццаць першага стагоддзя, што заляцела ў мой пакойчык праз фортачку, кружыцца-кружыцца над ім, але чамусьці баіцца на яго сесці.


***
Пачатак 50-ых гадоў 20 стагоддзя… Урок гісторыі ў вясковай беларускай школе. Настаўнік у чорных стаптаных валёнках, у сцёртым зялёным фрэнчы “ пад Сталіна” указкай, што выразана з маладзенькай яблыні ў суседнім “паліцайскім” садзе, тыкае ў геаграфічную карту, пытаецца:
- Хто скажа, якія тэрыторыі адыйшлі да Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік пасля разгрому фашысцкай Германіі?
- Я!- борздзенька ўскідвае руку Мішка Мацюшонак, гарбаценькі хлопчык з прыгожым тонкім тварам.
Але настаўнік робіць выгляд, што не заўважае ягоную руку. Яму край як трэба каб адказала на гэта пытанне Рая Захарук, бо Раін бацька , падслепаваты калгасны рахункавод Цімох , прыйшоў на ўрок, сядзіць на апошняй парце і хоча паслухаць як дачка выдатна адкажа і заробіць чарговую “пяцёрку”. Для яго і праводзіць “адкрыты ўрок” настаўнік, але ж гэты Мішка…
Усе ведаюць, што Раю цягнуць на залаты медаль. А Захарук пасля ўроку пойдзе з настаўнікам у калгасную кантору. Там паміж экспанатаў заможнага жыцця, снапоў ільну і жыта, іх чакае амаль поўны графін халоднага самагону.
Настаўнік пачынае зноў:
- Хто адкажа,якія тэрыторыі…
- Я! – як зайчык з травы, зноў выскоквае Мішка.
“ Стукнуць бы ўказкай па гэтай гарбаціне”,- паныла думае настаўнік. У яго баліць пячонка, сохне ў роце. Ён павольна падыходзіць да Мішкі, глядзіць у сінія шчырыя вочы і цвёрдым голасам гаворыць, быццам сячэ калуном бярозавыя дровы:
- “Я” – апошняя літара ў алфавіце. Запомні гэта, Міхаіл.
Так выхоўвалі калектывістаў.


Холад жыцця

Ёсць холад жыцця. Ёсць мароз, ад якога ледзянее трашчыць сэрца…
Яны пажаніліся ў 1953 годзе, гэта значыць, у год смерці Сталіна.
Дваццаціпяцігадовы кучаравы Пятрок і васемнаццацігадовая сінявокая тоненькая Антанінка. Вяселле было шматлюднае, але ціхае. Песень не спявалі – памёр правадыр, якія могуць быць песні? Валодзю Крывога, які спрабаваў быў зацягнуць “ По диким степям Забайкалья», выгналі з-за стала. Валодзя пакрыўдзіўся і пабіў вокны ў сваёй хаце.
Жылі дружна, люботна. Пятрок рабіў на трактары, Антанінка была даяркай.Завяліся дзеці – трое белагаловых хлопчыкаў. “ Мая жонка – удаліца, - хваліўся Пятрок, - Дзеці з яе, як качаны капусты, выкочваюцца”.
Праз дзесяць гадоў у Антанінкі адняліся ногі. Ведама – штодзённая цяжкая работа; зімой і летам па калена ў гразі ды ў гумовых ботах…
Пятрок вазіў яе ў Клічаў, у Бабруйск. Не дапамагло. А праз пяць месяцаў Антанінку і наогул паралізавала. Яна нерухома ляжала на ложку і цёмнымі нейкімі шклянымі вачыма глядзела ў столь. Хлопчыкаў забрала ейная бяздзетная сястра.
Кожную раніцу Пятрок ціха ўставаў са сваёй халоднай раскладушкі, прыносіў з калодзежа вядро вады, ставіў яго ля парога і гучна казаў, павярнуўшыся тварам да ложка, адкуль даносілася ледзь чутнае палахлівае дыханне Антанінкі:
- Калі ты ўжо здохнеш, калода гнілая?
І гэтак – кожную раніцу. Гэтак – дзевятнаццаць гадоў. Да самай яе смерці.


***
Існуе такое гістарычна-прававое паняцце – “ Свяшчэнныя рэчы Рыма”. Імі былі гарадскія брамы, гарадскія сцены , посуд і адзенне жрацоў . Іх нельга было прадаваць, аддаваць у залог. І ўсё. Патрыятызм, любоў да роднай зямлі, вернасць роднай мове падразумяваліся самі сабой, былі паўсядзённа-звычнымі, як вада, як паветра і сонечнае святло.


***
А ведаеце, чым падобныя сённяшні “сярэдні клас” і “сярэдні клас” ( рамеснікі, гандляры, дробныя землеўладальнікі) старадаўняга Рыму? Правільна, яны збіраюць, копяць грошы. Толькі сённяшнія, скажам так, умерана багаценькія збіраюць грошы, каб купіць аўтамабіль, а тыя, рымскія, “трэслі панчоху”, каб прыдбаць сабе раба. Гэта прыкладна аднолькавая фінансава-маральная акцыя – купіць новы аўтамабіль, або купіць новага раба.
Вось і мяркуйце, колькі рабоў ( пры вашых сённяшніх прыбытках і калі б вы- уключайце фантазію! - з”яўляліся свабодным рымскім грамадзянінам) вы б змаглі купіць за ўсё сваё жыццё.



***
З лёгкай рукі,а, дакладней, з лёгкага белестрытычнага пяра Эрнеста Хемінгуэя сучасныя пісьменнікі , паказваючы палавы акт, пішуць : “ Яны займаліся любоўю”. А вось у грэцкім свеце, у грэцкім старадаўнім класічным Сусвеце любоў – каханне існавалі асобна ад сексу.


***
Гумар працаўнікоў сучаснага рэстараннага бізнесу. Васемнаццацігадовая афіцыянтка Танечка Пышук ударыла па руках повара Мікіту Салодкага, які ззаду абшчаперыў яе за талію, і фыркнула ў капрызна-пухленькія губкі:
- Чаго ты ліпнеш да мяне, як рыс да кітайцаў?!


***
Жыццярадасны студэнт з Непалу, што вывучае рускую мову ў адным з мінскіх інстытутаў, вывучыў некалькі слоў і бадзёра вітае ў інтэрнацкім калідоры свайго чарнатварага калегу з Эфіопіі:
- Добрый утр, эфіёптваю маць!
Абодва студыёзусы весела смяюцца.

***
Добры шчодры Дзед Мароз мае цудоўную ўнучку – Снягурачку. Але далёка не ўсе ведаюць, што ў славутага дзеда ёсць унук. Якое ж ягонае імя? Няўжо, Адмарозак?


***
Ужо зрабілася звычным, што нашу беларускую літаратуру і нас, пісьменнікаў, жорстка бязлітасна крытыкуюць. ( “ Так называемые “ пісьменнікі” – Пётр Дзянісаў; “ Авторы ничтожнейших книжонок “ – Яўген Росцікаў ; “ Ведь не читают же, не читают Вас, Нил Семенович…” – Барыс Ляпёшка і г. д.)
Што сказаць? Нікому не падабаецца, калі яго крытыкуюць. Тым больш, што нехта не чытае й Ляпёшку.
Мы – гук ( звук ) народа. Узнёсла сказана? Магчыма. Як пісаў паэт 19 стагоддзя Адам Гурыновіч:
Не я пяю. Народ Божы
Даў мне ў песні склад прыгожы.
Прывяду нашым нястомным крытыкам два жыццёвыя факты, якія мацуюць пісьменніцкі аптымізм.
25 – 30 тысяч людзей выйшла на пахаванне Васіля Быкава. Пры ўсім іншым у гэтым бачыцца павага нашага народу да мясцовай літаратуры.
І – яшчэ. Ля самых вытокаў беларускай дзяржаўнасці ў студзені 1919 года стаяў беларускі пісьменнік Цішка Гартны ( Зміцер Жылуновіч ) са сваім славутым беларускамоўным “Маніхвэстам”. Ён жа ўзначаліў першы беларускі рабоча-сялянскі савецкі ўрад.
Нам ёсць што помніць, ёсць чым ганарыцца.



***
Матчына любоў! Няшчасны чалавек, якога абмінуў цёплы вецер гэтай любові. Матчына любоў! Не трэба тлумачыць, што гэта такое. Але ж…
У 780 годзе на візантыйскі трон узыйшоў пасля смерці свайго бацькі Льва IV імператар-малалетак Канстанцін VI. Рэгентшай пры сыне стала ягоная маці Ірына. Тады былі нялепшыя часіны Візантыі. ( А калі яны былі добрымі? Можа, толькі пры Юстыніяне Вялікім.) З поўначы ў імперыю ўварваліся полчышчы балгараў. Канстанцін VI павёў войска супроць іх і быў разбіты. Спроба рэваншу ў 796 годзе таксама аказалася няўдалай. Імператар плакаў ад бяссілля і крыўды… Што б у такім выпадку зрабілі 99 мацярок са 100? Выцерлі б сынавы слёзы, умацавалі ягоную душу…
Ірына загадала асляпіць (!) свайго роднага сына, і ў 797 годзе Канстанціну VI вырвалі вочы.


***
У 1493 годзе нарадзіўся Парацэльс ( сапраўднае імя – Піліп Аўрэол Тэафраст Бамбаст фон Гагенгейм ),славуты ўрач,які падвергнуў перагляду ідэі старадаўняй медыцыны і пісаў і выкладаў не на ўсясільнай у той час латыні, а па-нямецку. Вось што ён сказаў аднойчы:
-Я ведаю, я не з тых, хто гаворыць людзям да іх спадобы. Я грубы чалавек, народжаны ў грубай краіне. Я вырас у сасновых лясах і, магчыма, атрымаў у наследдзе іхнія іголкі.
Кожны з нас носіць у сваёй душы свае іголкі.


***
“ Час папярэднічаў Свядомасці. Глупства – сцвярджаць, што Чалавек прыдумаў Час. Рака Часу цякла і да Чалавека.” Нобелеўскі лаўрэат Ілля Прыгожын.


***
Ёсць прымаўкі сэнс якіх ляжыць як бы на паверхні сказаных слоў; ён зразумелы, яго не патрэбна расшыфроўваць, тлумачыць. “Альбо пан – альбо прапаў”. Упэўнены, што вы хоць аднойчы чулі такое. Рашучы імпэтны чалавек, чалавек з нашай гісторыі, грамадзянін ВКЛ ці Рэчы Паспалітай ( у Расіі не было паноў) адразу ўстае за гэтымі словамі. Ён не баіцца смерці, гатоў загінуць, але дасягнуць пастаўленай мэты. Гэты чалавек не жадае быць рабом. Ён, толькі ён адзін – уладар свайго лёсу! І яшчэ – Бог. А Богу імпануюць адважныя людзі.
Гэта не картачны гулец, не мільгатлівы сліньцявы лавелас, хоць ён можа і ўмее вельмі моцна прыціснуць да сваіх шырокіх грудзей прыгожую пані… Гэта не грубы тупы самец, філасофія якога грунтуецца на прымітыўна-звярынай прымаўцы: “Як дзялы? Як у Польшчы. У каго большы ( вы разумееце, аб чым ідзе гаворка.Аўтар.) – той і пан”.
А ў Польшчы, а ў Вялікім княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім было вось як… Перанясіцеся ў 15 ліпеня 1410 года. Станьце на калені. Схіліце галаву. Супакойце сэрца, што ад хвалявання бухае ў грудзях, хоць супакоіць яго можа толькі смерць.
Грунвальдскае поле… Грунвальдскія ўзгоркі… Грунвальдскае неба… Дзесяткі тысяч узброеных закаваных у сталь і ярасць людзей. Іржанне коней. Зыкі труб. Палякі, літоўцы, беларусы, украінцы, рускія, татары, чэхі, немцы…Чаканне смяротнага бою. Трапятанне сцягоў. З аднаго боку – Белы арол і “Пагоня”. З другога боку крыжацкія сцягі – чорны крыж на белым полі, белая паласа на чырвоным полі, белы леў з жоўтай каронай, а пад ім чорны крыж…
Ты – дваццацігадовы драб-зброяносец з Торуня. Вакол цябе стаяць на каленях такія ж маладыя і нецярплівыя, як ты. Шуміць над схіленымі галовамі зялёны бярозавы гаёк…
Кароль Польшчы Уладыслаў-Ягайла лёгка ўдарыў цябе па плячы аголеным мячом, сказаў:”Выцерпі гэты ўдар дзеля госпада Бога і святой Марыі, але болей нікому не даруй ніводнага ўдару” і падвязаў табе рыцарскі пояс. І – на каня! І ў бой! Ты – рыцар! Ты – шляхціц! Ты – пан! Толькі ад цябе залежыць зараз твой лёс! І ад Бога. А Бог любіць адважных.
О, як б”ецца ў вочы гарачы вецер Грунвальда. Ужо, напароўшыся на бязлітасныя вострыя коллі лоўчых ям, енчаць наперадзе ў дымнай імгле людзі і коні. Ты ляціш на кані. Ты – малады, моцны і нібы крылаты. Ты б”еш ворага ў чырвоны распараны твар сваёй светлай шабляй. Ты абараняеш сябе і Радзіму. І – наперад! Толькі наперад! Альбо пан – альбо прапаў.




Доўгая кропка

З усёй адказнасцю заяўляю, што беларускія паэты – самыя вясёлыя людзі ў свеце. Мала іх друкуюць, мала іх чытаюць, плоцяць ім мізэрныя ганарары ( не толькі на гарэлку, нават на чай не хапае!), а яны жывуць, не пераводзяцца. І ( запэўніваю вас) жыць будуць, бо такія яны ўжо мароза і засухаўстойлівыя стварэнні. Там, дзе выжывае адзін наш паэт, даўно б пайшлі ў камерцыю альбо ў дворнікі пяць ( к прыкладу ) французкіх паэтаў.
Неяк мой родны дзядзька Васіль Сцяпанавіч Дайнека, цвёрдакаменны інтэрнацыяналіст, сказаў мне:
- Лёня, а навошта ты пішаш? Ну, вершы свае, расказікі… Быў жа і ёсць Пушкін.
- А таму, дзядзька Васіль, я пішу, як вы правільна кажаце, свае расказікі, - адказаў я, - што пра Вашага бацьку, а майго дзеда Сцяпана Іванавіча Пушкін Аляксандр Сяргеевіч не напісаў ні слова, а я сачыніў цэлую паэму. “Ключ” называецца. Вы яе нават неяк чыталі.
Цвёрдакаменны інтэрнацыяналіст паглядзеў на мяне з нейкім здзіўленнем і падазронасцю.
Але што гэта я ўсё пра сябе ды пра свайго дзядзьку? Раскажу я лепш вам вясёлы выпадак з жыцця цудоўнага паэта, паэта, як у нас кажуць, ад баразны і жытнёвага поля, Антона Бялевіча. Самабытнейшы чалавек! З гумарам, з беларускай усёперамагальнай наіўнасцю.
Антон Пятровіч меў такую традыцыю – закончыўшы пісаць чарговы твор, ён ставіў “доўгую кропку”. Для тых, хто не здагадаўся, растлумачу. Ён некалькі дзён піў віно. Піў, трэба зазначыць, культурна, са смакам. І вось неяк падчас стаўлення гэтай самай славутай доўгай кропкі лёс прывёў Антона Пятровіча ( О, гэты непрадказальны паэтычны лёс!) у мужчынскі туалет, што знаходзіцца ў скверы побач з тэатрам Янкі Купалы. Упэўнены, што мінчукі добра ведаюць гэту такую неабходную ў адпаведных жыццёвых калізіях установу.
У той час там у кабінах стаялі металічныя урны з даволі вострымі краямі. І які толькі Кулібін дадумаўся да такога? Антон Пятровіч ( не забывайце, што паэт ставіў “доўгую кропку”) меў неасцярожнасць параніць аб урну (!) тое далікатнае месца чалавечага арганізму, на якім усе мы сядзім. Спалоханы творца адразу ж борздзенька нацягнуў штаны і рвануў на таксі дадому. Там ( жонка ўжо,вядома ж, спала) пачаў ліхаманкава займацца самалячэннем – рваў газеты і , нагнуўшыся перад люстрам, што стаяла ў прыхожай, старанна заклейваў сваё траўмаванае далікатнае месца. Паспачуваем чалавеку. Чаго не бывае ў жыцці, асабліва ў творчым жыцці! Але развязка майго мінітвору – наперадзе.
Раніцой паэтава жонка ( муза, пасія, як там яшчэ? ) выйшла са спальні і адтуль пачуўся здзіўлена-ярасны крык:
- Антон, а хто гэта старымі рванымі газетамі ўсё зеркала заклеіў?!

 

Колькасць прачытаўшых: 2337
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел 1
  • Раздзел 2
  • Раздзел 3
  • Раздзел 4
  • Раздзел 5
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007