Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел 4

***
Свайго жыцця пераплываю Ніл.
Зрывае бура ветразь з тонкай мачты.
Не еш мяне, дзяўчынка-кракадзіл.
Павер мне, што даўно я ўжо нясмачны.

Хацеў бы я табе агонь свой даць,
З табой патраціць разам вёсны-леты.
Але ў пясках уздоўж ракі ляжаць
Тваіх каханкаў жоўтыя шкілеты.




***
А як быў я маладым
І як бегаў нежанатым,
Быў гарачым, быццам Крым,
Майго цела кожны атам.

У крыві маёй кіпеў
Акіян адрэналіну.
Я кахаць тады хацеў
Зіну, Кацю, Маню, Ліну…

Зараз я не той. О, не.
Я зрабіўся вялы нейкі.
Паўцякалі ад мяне
Даўганогія паненкі.

З вечару кладуся спаць,
Але слухаю ( не спіцца ж!) –
Дрэвы ў змроку шалясцяць
Ці дзявочыя спадніцы?




***
Нешта новае чуецца з высяў.
Пасля шэрай зімовай пургі
Светлай птушкаю дождж узвіўся
І ляціць на лясы, на лугі.

Дождж шуміць і пяшчотна і строга,
Нібы песня з няведамых слоў.
Шум дажджу – гэта голас Бога.
Я ўвесь век яго слухаць гатоў.

Лепшых дзён у жыцці не бывае.
Дождж выкульвае срэбра каўшы.
І ад крыўды і зла адмывае
Горкі камень маёй душы.

Супакойся, душа, і не кайся,
І не плач. У нябёсах – твой дом.
Не шукайце ж мяне, не гукайце.
Я пайшоў. Я зрабіўся дажджом.


***
Двое сэрцаў… Сцяжынка адна…
Жыта над ёю шапоча…
Могуць быць п”янымі без віна
Летнія ночы.

Яна маладая. І ты малады.
Шчасцем свецяцца твары.
Бушуюць змітраўскія сады,
Як чорна-зялёныя хмары.

Пацалаваліся ўпершыню…
Вусны пяшчотаю сцяты.
Успыхнула ў цемры кропка агню –
Пабег цягнік на Нясяту.

Над залатой таямнічасцю рэк,
Пад ветрам, што лётае ў полі
Запомніце гэта імгненне навек -
Яно не паўторыцца болей.

***
Глуха елка шуміць каля хаты.
Б”ецца дождж аб ваконнае шкло.
Супакойся. Не мы вінаваты,
Што найлепшае наша прайшло.

Так жыццё насплятала карункі,
Так назмешвала цукар і соль.
Кветкі… Мары… Агні… Пацалункі…
А за імі – пакута і боль.

Мілаванне… Чаканне… Каханне…
І жадання пякучы няўцерп.
Мы ішлі ў таямнічым тумане.
Ззяў над сцежкаю месяца серп.

Твае мяккія згодныя вусны…
Твае грудзі і дотык рукі…
Так далёка было плыць да вусця,
Да сканчання жыццёвай ракі.

Купка хмарак ляцела высока,
Быццам срэбны парывісты птах.
Мы з табою былі ля вытока,
Маладыя, як кветкі ў лугах.

Супакойся ж. Не мы вінаваты,
Што найлепшае наша прайшло.
Глуха елка шуміць каля хаты.
Б”ецца дождж аб ваконнае шкло.

Можа дрэва ад буры зваліцца,
Частым рэшатам зробіцца дах.
Ды я помню – былі мы калісьці
Маладыя, як кветкі ў лугах.


***
Ля светлых вокнаў Заслаўя
У лузе цябе спаткаў я,
Цалую цябе, пястую
І ў вечнага неба прашу –
Няхай нам ізноў прысніцца
Цёплая рэчка Чарніца
І голас Рагнеды
Зробіць бяссмертнай душу.


***
А я з любой старонкі,
Хоць з самай Антарктыды,
Заўжды ішоў да жонкі,
Ішоў да Зінаіды.

Любіў гарэлкі-віны
І выпіў іх нямала.
Ды Зінаіда-Зіна
Грахі мне даравала.

Я з галавой павіннай
З”яўляўся ля парога.
І Зінаіда-Зіна
Глядзела ў вочы строга.

Было на сэрцы горка,
Ды так, хоць ляж на рэйкі.
І слёзы, нібы зоркі,
Успыхвалі на вейках.

Пякучая хвіліна…
Ля воч маршчынак промні…
Пытала ціха Зіна:
- А пра дзяцей ты помніш?

О, Зіна! Я караю
Сябе за ўсё вар”яцтва.
Ты – птушка залатая
З далёкага юнацтва.

Жылі мы, як умелі.
Дзяцей любілі няньчыць.
Ўсяго багацця мелі
Маленькі чамаданчык.

Згарэлі вёсны-зімы.
Ссівеў я галавою.
Ды помню, як ішлі мы
Над рэчкаю Дзвіною.

Дубы глядзелі сонна,
Як еўнухі з гарэма.
Няласкавае сонца
Над Віцебскам гарэла.

Гудок завода сіплы
Дудзеў пад небам шэрым.
Мы гаспадынь прасілі:
- Пусціце на кватэру.

Жыццё было не гладкім
Абрусам-самабранкай.
Мы сталі жыць у хатцы,
Што звалася “времянкой”.

Там вецер гуў суровы.
Там шыбы трапяталі.
А мы калолі дровы,
Мы лёд з вядра збівалі.

Без нічыёй навукі
Мы свой агонь займелі
І, ўзяўшыся за рукі,
Ля грубкі мы сядзелі.

Не хныкаю, не плачу…
Памру – не буду енчыць.
Да смерці буду бачыць
Я той святы агеньчык.




***
Зрабіцца б зноў малым,
Каб у вясёлай хаце
Быў бацька маладым
І маладою маці.

Зрабіцца б зноў малым,
Каб снег зіхцеў, іскрыўся
І каб калядны дым
Над светлай хатай віўся,

Звінеў, трашчаў мароз,
Грымеў, як бомбы выбух,
І густаліста рос
Трапічны лес на шыбах,

Каб радасна спраўляць
Калядныя пацехі –
Гарбузікі лузаць,
Калоць гуртом арэхі.

З дзяцінствам дарагім
Так цяжка расставацца.
Зрабіцца б зноў малым,
Навек малым застацца.


***
Лёг на траву. Закончана вандроўка!
І ні аб чым я думаць не хачу.
Мая сяброўка – божая кароўка.
Я разам з ёй у неба палячу.

***
Малюнкі маленства, прашу вас – з”явіцеся!
Ля сініх лясоў і ля срэбных рэк
Чытае хлопчык кніжку пра віцязяў.
Хлопчыку сніцца далёкі век.

Шуміць над хатай ліпа крылатая.
Над ліпай воблакаў цёмных раць.
Адважныя віцязі грукаюць латамі.
Звіняць мячы. Коні хрыпяць.

То згасне, то ўспыхне пад столлю лямпачка.
- Кладзіся, сынок, не сляпі вачэй.
- Дазволь, я яшчэ пачытаю, мамачка.
Старонак дзесяць пачытаю яшчэ.

Ярасны лівень неба абрынула.
Голас грому нясецца здалёк.
Ды зноў над кніжкай галоўка сынава
Схіляецца, як палявы васілёк.

Ён бачыць сцены крывёю залітыя
І чуе злое шыпенне стралы.
Па белым полі чорныя літары
Ідуць, як войска… - Кладзіся, малы.

Ды дзе там! На штурм паляцела конніца.
Там – сеча! Там – коп”яў гарачы грук!
Далёкіх дзён залатая бяссонніца,
Ты ў сэрцы навекі, бо я той хлапчук.

І нашая ліпа над хатай шуміць.
І родная маці з любоўю глядзіць.
Успомню – сэрца б”ецца часцей!
Нічога ў жыцці не было свяцей.

 

Колькасць прачытаўшых: 2147
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел 1
  • Раздзел 2
  • Раздзел 3
  • Раздзел 4
  • Раздзел 5
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007