Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел 5

Хлопчык

“Мальчик! Друг! Покажи – где у вас тут вокзал.
Ходим битый уж час. Так все туфли истопчешь”.
Ён спыніўся, ён ім усміхнуўся, сказаў:
“ Я вакзал пакажу. Я не мальчык. Я – хлопчык.”


***
Ёсць на свеце малюсенькі лапік зямлі…
Мая маці і бацька там навекі ляглі.
Там вясна сакавіцкаю ноччу ідзе,
Чорны вецер у белых бярозах гудзе.

Там птушыныя песні і аблокаў палёт.
Там цуркоча вада і праменіцца лёд.
Кроплі зорак сплываюць з нябёсаў каўша.
Там смуткуе душа.

Там канцы і пачаткі, трывогі і сны.
Там ізноў расцвітае вясна без вясны.
Я стаю. І маўчыць земляная турма.
Нейкіх слоў я чакаю. Ды слоў тых няма.





Мірскі замак

З паднябесся вее вецер свежы.
Хоча вецер цэлы свет абняць.
Урачыста чырванеюць вежы,
Нібы ў латах віцязі стаяць.

Нельга не адчуць тут хвалявання.
( Добрага. Святога. Аж да слёз!)
Дзякуй, Мірскі замак, за спатканне!
Ты мне келіх гордасці паднёс.

Я твой келіх выпіваю залпам.
Я табе адвешваю паклон.
Беларусь, зрабіся Мірскім замкам.
Моцнай і прыгожай стань, як ён.

Указ князя Радзівіла,
Гаспадара Мірскага замку

Хто думае, што не можа Беларусь “ без мамак”,
Што не зможа яна “построить страну»,
Прывезці тых у Мірскі замак –
Хай стукнуцца ілбом аб гэту сцяну.


***

З догмаў, з вузкіх цесных рамак
Мы вылазіць мусім.
Паглядзі на Мірскі замак –
Станеш беларусам.


Гісторыя

Быў Кебіч.
З ім - нейкія людзі.
Ёсць Караткевіч.
І вечна будзе!


Геаграфія

Ты – свядомы.
Ён – свядомы.
Вы з Беларусі-
Святога Дому.


***
Я не ваш.
Я не ваш.
Я – бульбаш.

Каб душой ацалець, сэрцу латы кую,
Хрысціянскі цалую крыж.
Мае рэкі цякуць у Атлантыку.
Маё сэрца цячэ туды ж.


***
Ідуць, Беларусь, твае сыны,
Кожнае новае пакаленне
Ад зімы да вясны,
Ад Адраджэння да Адраджэння.






***
Скажы, чаму ты любіш поўнач,
Чаму хвалюешся, не спіш,
Калі язычніцкая поўня
Глядзіць на хрысціянскі крыж?

Як срэбрам цвердзь зямлі заліта.
З лясоў нясецца шум і гром.
Мо там багіня Арцеміда
Імчыць пад месячным святлом?

Сціскае лук багіня. Макі
Нагою топча. А за ёй
Звонкагалосыя сабакі
Лятуць шалёнаю гайнёй.


***
Б”ем, забіваем нявінных,
Плодзім рабоў і калек…
Некалі прыдзе хвіліна,
І закрычыць Чалавек:

- Дзе вы, ў якім вымярэнні
Зніклі, куды вы пайшлі,
Коні, ваўкі і алені,
Лепшыя дзеці Зямлі?!


***
Спяваюць і таньчаць. І плешчуць у ладкі.
Пупкамі прыгожыя круцяць дзяўчаткі.
Махае вясёлаю палачкай Фінберг.
Усё як у казцы. Усё як у фільмах.
Усё звышэфектна і адмыслова.
Карціну, больш яркую, не намалюю.
Забыліся, праўда, пра дробязь малую –
Слова “базар” не славянскае слова.


Акцэнт
Пакуль жыве акцэнт,
Будзе мова жыць.
Ён, як апошні цэнт,
Што ў кашальку ляжыць.

З ім, вер, не стане горш.
Ён – продкаў запавет.
За гэты Божы грош
Ты купіш цэлы свет.


***
Сэнс і па-англійску “сэнс”.
Дах і па-нямецку “дах”.
Верце – будзем жыць па-еўрапейску
У вёсках нашых і гарадах.



***
А куды вы ад родных ніў,
Ад дзяцей, ад рэчак і дрэў?
Вашы ж храмы пярун спаліў,
Вашы хаты шашаль паеў.

А ідзем мы , браце, туды,
Дзе з бялюткіх хмар гарады,
Дзе насеяна зорак, як слёз,
Дзе чакае нас наш Хрыстос.

***
А імперыя ж, ведама, згіне.
Паміраюць імперыі, браце.
Жыць хачу я ў маленькай краіне,
Але быць пры вялікай зарплаце.


Вечнае
Алкаш чапляецца за плот.
Брыдзе, нібы марцовы кот,
Юнак пасля начных палюцый.
І дождж ідзе. І спіць народ,
Стаміўшыся ад рэвалюцый.

Знясільваючы дух і плоць,
Паэт, істота незямная,
Натхнёна піша вершы, хоць
Ніхто тых вершаў не чытае.


***
Мала лірыкаў.
Шмат вампірыкаў.
Мала фізікаў.
Мора шызікаў.

Бойкі. Сваркі.
Гвалт і здзек.
Гэта – Дваццаць Першы Век!


Шчыт і дурань

Калі паднімаюць дурня на шчыт,
Шчыт нездаволены, ды не трашчыць.
Не пратэстуе. Маўчыць. Ні гу-гу!
Дурань жа мае ў грамадстве вагу.






***
Жывуць паданні, песні, казкі, словы...
Не вер, што ўсё забыта і прапіта.
Стаяць касцёлы ў старане жытнёвай,
Як помнікі аб Рэчы Паспалітай.

Ты каранёў сваіх не выракайся.
Звініць між кветак вечная крыніца.
І да яе ідзе з вядзерцам Кася
І юны Ясь вядзе каня напіцца.


***
Хмары грымяць над зямлёю.
Нябёсы Пярун працяў.
Прашу, застанься са мною,
Ціхая радасць жыцця.

Не трэба агнёў і грымотаў.
Не варта крыўды лічыць.
Так шмат я хадзіў і лётаў,
Што хочацца адпачыць.

Ганіце прэч папарацаў.
Ім толькі б кішэнь набіць.
Не хочацца з некім змагацца.
Хочацца проста жыць -

Сесці, сонцам сагрэцца,
Убачыць садок і лужок,
І каб на дрыготкай кветцы
Побач сядзеў матылёк.


***
Спадзявайся на Бога.
На сябе і на Бога.
Болей не спадзявайся
Ні на кога.


***
Хто ў Храм ідзе з маленнямі…
Хто ў скрыпачку пілікае…
Зямля мая маленькая.
Зямля мая вялікая.

На вечны ход заведзена
Спружына добрай справаю.
Ты – вотчына Рагнедзіна,
Сядзіба Усяславава.

Цябе і цар, і пан вучыў.
Ды пра цябе ён хрэн думаў.
Ідзеш, пераступаючы
Завалы рэферэндумаў.

Адну такую маю я.
Ты будзеш жыць! Ты выстаіш!
І за цябе ўздымаю я
Чарачку іскрыстую.


***
“ Май мужнасць прыняць Свет такім, які ён ёсць. Калі можаш нешта змяніць – мяняй; не можаш – прымірыся і пастарайся ацаніць тое, што маеш.” Біблія.

 

Колькасць прачытаўшых: 2385
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел 1
  • Раздзел 2
  • Раздзел 3
  • Раздзел 4
  • Раздзел 5
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007