Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел 9

Пісьменніцкія дачы

Мы дружна дачы будавалі!
На шыфер грошы здабывалі.
Успомню Лысую Гару -
І радасным агнём гару.
Тут восеньскай сцяжынкай яркай
Ішла Іпатава з аўчаркай.
Як уладар грыбных палянаў,
У лесе раставаў Шальманаў,
Збіваў крыштальную расу.
Тут сек Шаўня дубовы сук,
А Мыслівец з Сямёнам Точкам
Пілі гарэлку пад кусточкам.
Ахвяры разумовай працы,
Мы не хацелі больш пісаць,
А марылі свае палацы
У чыстым полі збудаваць.
Тут чуўся вечны грукат, крык.
Тут шанаваўся кожны цвік.
Сплыла бурлівых дзён гурма.
Ёсць дачы. Дачнікаў няма.
Дрыготкі боль сціскае горла -
Як шмат вас, хлопчыкі, памёрла!
Калі змаўкае наваколле,
Адзін іду ў начное поле,
Дзе стыне срэбны бляск расы,
Дзе спяць дубы і каласы.
О сум начных сляпых дарог!
Наўкол трывожны шчыльны змрок.
Зямля і цемраю і сном
Прыдаўлена, як валуном.
Не вуркатне на ферме трактар...
Не свісне птушачка... І раптам
У небе чорным, як смала,
Успыхне кропелька святла.
І адначасна здрыганецца
Чыёсьці спуджанае сэрца,
І пабяжыць штуршкамі кроў.
Што гэта? Тайны знак вякоў?
Сігнал, які праз Час прастуе?
Хто таямніцу расшыфруе?
Мне расшыфроўшчык не патрэбен -
Я ведаю, што там, на небе,
Мае сябры-адназямельцы
Расклалі зыркае цяпельца,
Наўкруг яго цішком сядзяць,
На Лысую Гару глядзяць.
І я шапчу тым добрым людзям:
" Чакайце нас. І мы там будзем."


Люімпы

Мы жывем на абломках імперыі.
Ах, як мулка жыць на абломках!
Вунь у небе плывуць не аблокі,
А з падушак імперыі пер"е.

Ёй служылі і ёй мы верылі,
Залатыя ўзвівалі німбы.
Мы і сёння людзі імперыі -
Люімпы.

Хто мы? Гуны? А, можа, вандалы,
Што хапалі сам Рым за шкірку?
Быў у нас правадыр няўдалы
І няўдалая правадырка.

О, як мы гаварыць умелі!
Язычок наш увішна лётаў.
Але скончыўся час палётаў -
На прыкол эскадрыллі селі.

Трэба слухаць рык веку грубы.
Працаваць. Не ляжаць на пярынах.
Шанаваць і не бэсціць Рынак,
Паважаць, хоць ён нам і нялюбы.

Трэба слабасць і страх развеяць.
Не згубіць у цемры дарогу.
Ладзіць сем"і. І жыта сеяць.
І штодзённа маліцца Богу.


***
Цягаем,нібы рыкшы,
Свае грахі, сумненні.
О, Божа найвялікшы,
Калі дасі збавенне?

Не трэба слоў пявучых
Ні залатога ложа.
Калі жыццю навучыш
О, справядлівы Божа?

Мы з попелу і гліны
Стаім перад табою.
Паўзуць вякі-хвіліны
Скрыпучаю арбою.

На той арбе мы возім
Свой боль зямны, не збожжа.
Калі адсюль нас возьмеш
О, міласэрны Божа?


***
Усё адкладваў на заўтра:
" Ат, заўтра сваё наганю!"
Жыццё выпіваў залпам.
Не верыў у цішыню.
" Ат, заўтра сваё адкахаю.
Заўтра сваё напішу.
А зараз - хлеб здабываю,
Бягу, лячу, штурхаю
У плечы людзей. Грашу."
І вось - прыціхнуў. Ляжыць,
Душу адаслаўшы да зор.
Збіраўся заўтра жыць,
А сёння ... памёр.


***
Галава мая старая.
Люты снег у твар дзяўбе.
Не палохай, смерці зграя,
Не баюся я цябе.

Галава мая старая.
Слёзы больш не льюцца з воч.
Дзень кароткі дагарае.
Хутка вечар...
Хутка ноч.


Надпіс на паштоўцы

Май нораў порсткі, жвавы, дужы.
Дары сваім каханкам ружы.
Спяшайся жыць ( не існаваць!).
Бо п"яны будзеш ці цвярозы -
Ўсёроўна ляжаш пад бярозы,
Дзе прадзеды твае ляжаць.


Фантазія

Мы жывем у імперыі белых варон.
Усё белае ў нас: і душа, і цела...
Тут калісьці варона ўзыйшла на трон
І - збялела.
Як нам, белым, трываць?
Што нам, белым, рабіць?
Можа кожны нас абсмяяць і забіць.
Што нам, белым, рабіць?
Трэба чорнымі стаць.
Паляцім да суседзяў дзёгцю шукаць.


***
Я мог бы быць нядрэнным немцам.
Я скандынавам мог бы быць.
Ды ў летні вечар за вакенцам
Мне беларускі лес шуміць.

Аб чым шуміш, крылаты браце?
Аб чым затоена маўчыш?
Не маем права выбіраць мы
Дзе несці свой жыццёвы крыж.

Усё найвышні Бог рашае,
Нас выпраўляючы на свет.
І вось таму п"ю квас з каўша я
І беларус я, а не швед.

Ды калі сплю пад шум хваёвы
Ці верш апоўначы пішу,
Смала чужой трывожнай мовы
Мне наплывае на душу


***
Не філасофствуй багата.
Жыццё грубей і прасцей.
Жыццё - пастаянная страта
Зубоў, валасоў і надзей.


***
Званы разбудзяць: Бом! Бом!
Вы - людзі. А я - бомж.
Іду зацята
Праз дождж і змрок.
" Дзе мой тата?"-
Спытае сынок.

А быў я ні лепшы, ні горшы.
Бегаў па цёплай траве.
І недзе ля горада Оршы
Мама мая жыве.

Сеецца дожджык шэры.
Два дні цыгарэту куру.
Даўно заместа кватэры
Маю " супернару".

У цёплай нары маёй ціха.
Жыву тут гаспадаром.
Побач, нібы краціха,
Маня капае свой дом.

Эх ты, Манечка, Маня,
Ты на сябе зірні.
Дзе нашы грошы-"мані"?
Дзе залатыя дні?

Не трэба вучыць нас манерам
Як браць ікру са стала.
Калісьці я быў інжынерам.
Ты жонкай банкіра была.

Наступіць зіма і, як ваты,
Снегу насцеліць кругом.
Не ведаю хто вінаваты,
Што сметнік - мой родны дом,

Што выгнаў банкір жонку,
Не даўшы ёй ні кап"я.
- Гэй, Маня, аддай кардонку!
Аддай! Яна ж не твая...


Песня "чаўнакоў"

Дзе вы, ружы, мімозы,
настурцыі,
Дзе вы, хлопчыкі, ... вашу маць ?
Мы навезлі тавару з Турцыі.
Трэба сёння яго прадаць.

Валянцінак, Наташак, Любачак
Шмат тут нас. За цэлы дзянёк
Вып"ем кавы гарачай кубачак
Ды "чарніла" кароткі глыток.

На закуску - у рот цыгарэціну.
І паехала! І пайшло!
Дзе ты лепшую бачыў кабеціну,
Калі ўдача ёй пад крыло?

На Стамбул і на Мінск хопіць сіл
яшчэ.
Не чапляй, забулдыга, нас.
Мы і грузчыкі, і насільшчыкі,
Мы і рыначны суд, і спецназ.

На марозе трымцім каленькамі.
Грэе тое, што ў гэты час
Нас чакаюць дзеткі маленькія,
Нашы зорачкі помняць пра нас.





Агеньчыкі начныя

Агеньчыкі начныя,
Настаў жаданы час.
Вы цёплыя, жывыя.
Іду праз ноч да вас.

Мяшу пясок і гліну,
Бягу цераз лужок.
У цемру нехта кінуў
Зіхоткі ланцужок.

Як кветкі лугавыя,
Дзе ўюцца матылі,
Агеньчыкі начныя
У змроку расцвілі.

Як радасныя вочы
У матчыным акне,
Яны праз тоўшчу ночы
Паклікалі мяне.

Хай скрухай сэрца ные
І крочыць бедаў раць,
Агеньчыкі начныя
Гараць, гараць,гараць.


Позні вецер

Што ты грукаеш у акно, позні
вецер,
Не даеш мне спаць?
Ты без мяне будзеш лётаць па
свеце,
Без мяне будзеш кветкам
Вясновыя казкі шаптаць.

Так шкада, што па кроплі
Жыццё знікае.
Дык не тухні, агеньчык,
Хоць крышку яшчэ пагары.
У шумлівым лесе не падрэжу
Баравіка я. Не пачую, як пчолы
гудуць
На Лысай Гары.

Гэты шлях, што завецца Жыццём,
Ён мільярдамі ног пратаптаны.
Ён мільярдамі душ асвятляўся.
Ды зноў наплывае Ноч.
Свішча позні мой вецер.
Іду на лясныя паляны,
Каб упасці ў траву,
Каб пралескі ўзыйшлі замест воч.


***
У чорную ноч
Абарвецца дарога.
І там, за дарогай,
Не будзе нічога.
Ні груку, ні тлуму,
Ні смеху,ні суму,
Ні п"янага мёду,
Ні белага лёду,
Ні летняга жару,
Ні роднага твару,
Ні зорак, ні сонца,
Ні змроку сляпога...
Там проста не будзе
Нічога-нічога.
Маліцеся ж ,людзі -
Старыя і дзеці,
Хай Божая Свечка
У Час той засвеціць.


***
З дажджлівай вуліцы
Я ў свой вярнуся дом
І сяду з кубкам каля цёмнага акна.
Я п"ю з дажджом, я п"ю з дажджом,
Я выпіваю светлы сум да дна.
Я п"ю з дажджом,
Я з кожнай кропляй п"ю
За тых, каго любіў, каго люблю.

Я п"ю за тых, каго няма ўжо на
зямлі,
За маці з бацькам п"ю журботны
сын.
П"ю за шахцёраў,
Што з забояў не прыйшлі,
За альпіністаў,
Што ляжаць на дне цяснін.
Я п"ю з дажджом.
Я з кожнай кропляй п"ю
За тых, каго любіў, каго люблю.

Круціся, дзён маіх верацяно,
Круціся. Не спяшайся на спакой.
Я п"ю з дажджом. І ў цёмнае акно
Дождж стукае мне срэбнаю рукой.
Я п"ю з дажджом.
Я з кожнай кропляй п"ю
За тых, каго любіў, каго люблю.


***
Дождж бясконцы, дождж
бяссонны,
Ты над Мінскам праплываеш.
Мармуровыя калоны
У Афінах абмываеш.

Зацягнуў над Рымам неба
Шчыльна так, што знікла сонца.
Як твой голас чуць мне трэба,
Дождж бясконцы!

А былі ж, здаецца ўчора,
Маладыя парыванні.
Хвалямі грымела мора
І спявала аб каханні.

Зыркай сонечнай каронай
Юная душа палала.
Трапятліва і натхнёна
Наша плоць трыумфавала.

Сцежак зорных пілігрымы,
Мы кахалі, мы грашылі.
Зліўшыся ў адно, плылі мы
Да вяршыні, да вяршыні.

І ў найсветлым вечным храме,
Дзе жыве дыханне Бога,
Уставала перад намі
Маці Усяго Жывога.

Быў агонь, святы і прагны.
У вачах было па промню.
Быў вулкан. Свячэнне магмы.
Што было далей? Не помню...

Стомленых аўтамабіляў
За акном лапочуць шыны.
Мы Ліхтар Святла разбілі.
Я спускаюся з вяршыні...

Хто я? Што я? Можа, вецер?
Можа, ліст з дубовай кроны?
І шуміць на цэлым свеце
Дождж бясконцы, дождж бяссонны.


Беламлаў
( Беларуска-амерыканскае
каханне )

Па вуліцы вумэн ідзе,
Дождж за сабою вядзе.
Бляск маланкі. Грому грук.
Выхапіў вецер парасон з рук.
Я парасон яе лаўлю.
Я ёй крычу:
- Ай лаў ю!
- Ай лаў ю!

Можа, Мінск, а, можа, Нью Ёрк.
Сэрца ў мяне ёк ды ёк.
Ты вумэн, а я мэн.
Мы ў жыцці чакаем змен.
Я вуснамі кроплі лаўлю.
Я крычу:
- Ай лаў ю!
- Ай лаў ю!

У Мінску - дождж. Бягу на трамвай.
А ты ў Нью Ёрку недзе.
Бай-бай, бывай!
Бай-бай, бывай!
Бай-бай, мая лэдзі!


Сучаснае каханне

Цела Цела Цела Цела
Цела Цела Цела Цела
Цела Цела Цела Цела
Цела Цела Цела Целацела!


Расказ камбайнёра
Івана Мацюшонка
аб сваім каханні

Кахаў я, хлопцы, яе са смакам.
Кахаў! І яшчэ хацеў!
Як быццам белую булачку з макам
Еў.


***
Ты - прыгожая! Ты - шык!
Слепяць плечы мармурова.
Да такой я не прывык.
Што занадта - нездарова.

Ты пранізваеш - наскрозь.
Ты ўзрываеш - выбухова.
Маё сэрца не марозь.
Што занадта - нездарова.

Нам каханкамі не быць.
Не глядзі ў мой бок сурова.
Вечна не магу любіць.
Што занадта - нездарова.

Ты - свяшчэнная. Ты - ўся,
Як індыйская карова.
Не чапай майго жыцця.
Што занадта - нездарова.


Успамін пенсіянераў
аб " Застоі "

У час Застою, лгаць не будзем,
Стаялі ў чэргах нашы людзі.
Амаль ля кожнага кювету
Стаялі грозныя ракеты.
Каб аўтар гнаць не мог халтуру,
Стаяла пільная цэнзура.
На абароне ідэалу
Сцяною Партыя стаяла.
На з"ездзе Партыі ў Палацы
Стаяў бясконцы гул авацый.
Каб пад канец не збіцца з тропу,
Мы скажам моваю Эзопу -
У час, як быў у нас Застой,
Стаяў і... Той.

Мара хлебарэза,
Або Сон камуніста

Эпохі, як дзіравыя панчохі,
Мяняюцца. Знікаюць лад за ладам.
Кудысьці маршыруюць людзі-лохі.
Ляцяць раямі кулі і снарады.
Плывуць за небасхілы генуэзцы.
Вылазяць з рэкаў мокрыя русалкі.
А ён сабе сядзіць у хлебарэзцы
І рэжа хлеб на роўныя кавалкі.
І рэжа-рэжа-рэжа-рэжа-рэжа
На роўныя маленькія кавалкі.


У заапарку
( З народнага )

Ля вальераў заапарку
Да вячэрняе пары
І не ціха і не шпарка
Ўсё гулялі два сябры.

Кулаком гарыла ў грудзі
біў. Мядзведзь у клетцы роў.
І было прыемна людзям
Падзівіцца на звяроў.

Скончыўся прагулкі графік.
Хутка хлыне змрок начны.
Недалёка ад жырафа
Прыпыніліся яны.

Той з вальера пазірае
Важна гэтак, быццам граф.
Шыя доўгая, прамая.
Ну й скаціна, ну й жыраф!

І сказаў тут Янка з сумам
( Аж сляза шчаку пякла!):
- Эх, чаму такую шыю
Мне прырода не дала?

- Ды ты што?! - сябрук жахнуўся.
Але Янка адмахнуўся:
- Не шманаеш нічагуткі
ты. Віна ці каньяку,
каб глынуў я з рання - суткі
Уніз цякло б па гарляку!

- Не, - сябрук яму гаворыць, -
Не хачу такой, хоць рэж, -
Будзе суткі знізу ўгору,
Ажно суткі знізу ўгору
цеч, калі перабярэш!


Маня і манія велічы
( З народнага )

Каб зменшыць аб"ёмы таліі,
Каб вырас аб"ём кашалька,
З"ездзіла Маня ў Італію
У якасці "чаўнака".

Пасля дарогі вялізнай
Вярнулася ў родны дамок.
"Акулай капіталізму"
Назваў яе Толік, сынок.

Грошы ў панчоху ўвапхнула,
Радасная уся:
- Якая ж я, Толік, акула?
Дробная кілька я!

Ды буркнуў на кухні седзячы
Муж, што глынуў сто грам:
- Ой, Маня, маніяй велічы
Ты захварэла там.

І падпусціў шпільку,
Бо мала выпіў, Антон:
- Не, Манечка, ты - не кілька.
Ты - планктон!

Фаргелет
( З народнага )

Жыў у нашай вёсцы дзед
Па мянушцы Фаргелет.

Быў вясёлы, жвавы, хваткі.
Славу ж тым сабе прыдбаў,
Што, як кажуць, на лапаткі
Усіх лектараў паклаў.

Толькі лектар завітае,
Дзед адразу ж тут як тут -
Самы першы прабягае
І садзіцца ў дальні кут.

Адчытае, адгаворыць
Лектар. Трэба на абед!
Дзед руку торк угору:
“Што такое фаргелет?”

- Фаргелет? Хм-м... Што за цаца?
Рыба, птушка ці павук?
Дзеда, як агня, баяцца
Кандыдаты ўсіх навук.

Вось прыехаў са сталіцы
Лектар - мудры паліглот.
Дзе якія ёсць граніцы,
Дзе які жыве народ

Расказаў. Пра горы, моры.
Пра Марока, пра Цібет...
Дзед руку торк угору:
- Што такое фаргелет?

Ды дарэмна дзед хіхікаў.
Адказаў бадзёра госць:
- Пад такою назвай хітрай
Ў Азіі дзяржава ёсць.

Недалёка ад Джакарты,
Там, дзе вечная вясна.
Не нанесена на карту,
Праўда, шчэ пакуль яна.

Заатэхнік праз паўгода
К нам у вёску завітаў.
Пра малочныя пароды,
Пра мясныя расказаў.

Дзе жывуць зімою птушкі
І які ў мядзведзя сон.
І ці можа нам нясушка
Яек знесці аж мільён.

Дзед сядзеў, глядзеў здалёку,
Зноў не вытрымаў наш дзед -
Торк руку, як шыла ў вока:
- Што такое фаргелет?

Праглынуў пытанне бойкі
Лектар, як сабака косць:
- У жывёл, дзядок, праслойка
Ў жываце такая ёсць.

Але ж хітрая якая!
Сёння - там. А заўтра - тут.
Вось яе і вывучае
Наш сталічны інстытут.

Завітаў і трэці лектар.
Доктар! Медык! Пірагоў!
Пра хваробы, пра рэцэпты
Так сказаў, што будзь здароў!

Як лячыць жывот і вуха,
Як на свеце доўга жыць.
Ці гарэлку толькі нюхаць,
Ці хоць кроплю можна піць.

Што і колькі трэба есці
На вячэру і ў абед.
Дзед як крыкне з свайго месца:
- Што такое фаргелет?!

- Не сказаў я хіба? Каюся,
Мой спадар вы залаты.
Фаргелет? Дык то ж - лякарства.
Новае. Ад паўнаты.

Толькі ў моду уваходзіць.
Але ў Мінску ўжо ўвайшло.
Вам, спадар мой, не пашкодзіць
Пахудзець на сем кіло.

Цяжка, праўда, ім разжыцца,
Але я вам пасаблю -
Як праеду, са сталіцы
У каробачцы прышлю.

Тут не вытрымалі людзі:
- Ты не дзед, а аглаед!
Доўга ты выпытваць будзеш
Што такое фаргелет?

Сам хоць знаеш, што пытаеш?
Сціпла гледзячы ў зямлю,
Адказаў дзед: - Не, не знаю...
Ды пытацца я люблю.

Я ж - вясковы, свойскі, просты.
Конюх я. Не князь, не граф.
На канюшню йду ля пошты
І чытаю: “ ТЕЛЕГРАФ”.

З коньмі, ясна, шмат турботы.
Кліча жонка на абед -
Я бягу дамоў з работы
І чытаю: “ ФАРГЕЛЕТ “.

***
Ведаю - дзянёк настане -
Зададуць і мне пытанне:
- Як я жыў? Каму служыў?
З кім вадзіўся? Чым займаўся?
Па якіх шляхах я шляўся?
Адкажу - не задрыжу:
- Меў я трох сыноў і жонку.
Родную любіў старонку.
Часта сыт быў хлеба кусам.
Заставаўся беларусам.
Не любіў хадзіць я строем,
Не стараўся быць героем -
Леанідам з Фермапілаў.
Мне
майго жыцця
хапіла.

Пажаданні

Штотыднёвіку “ЛІМ”

Хай жыве наш слаўны “ЛІМ”,
З маслам хлеб есць поўнай лустай!
Хай кіруе мудра ім
Віктар Шніп, як Савік Шустэр.

Часопісу “Полымя”

“Полымя”, ярчэй гары!
Стойце, аўтары, чаргою!
Пан Мікола па двары
Ходзіць з новаю мятлою.


Расказ былога літаратара

- Больш не пішу... Далоў халтуру!
Паэтаў выкінуў візіткі...
Ды звязаны з літаратурай
Яшчэ танюсенькаю ніткай.

Пра хлеб я дбаю і пра сала...
Кладу на пяткі дзецям грэлкі...
Жыву... Кірую клубам “САГА” -
( Саюз Аматараў Гарэлкі ).


Гуртоўка
Лявону Вольскаму

Я сваю краіну маю.
Я не курд і не удмурт.
А настрой мне узнімае
Беларускамоўны гурт.
Гэй! Гэй! Гэй! Гэй!
Сыпце, хлопцы, весялей!
Хай спявае-грае лоўка
Наша звонкая гуртоўка.

Ты адкуль такі прыгожы?
Файна круціш модны вус.
Я з-над Нёмну, я з-над Сожу.
Я - бяссмертны беларус.
Гэй! Гэй! Гэй! Гэй!
Сыпце, хлопцы, весялей!
Хай спявае-грае лоўка
Наша звонкая гуртоўка.

Ты адкуль такая пава,
Мілая сардэчная?
Я - Рагнеда. Я - Прадслава.
Беларуска вечная.
Гэй! Гэй! Гэй! Гэй!
Сыпце, дзеўкі, весялей!
Хай спявае-грае лоўка
Наша звонкая гуртоўка.
Гэй! Гэй! Гэй! Гэй!
Дружна! Разам! Весялей!
Непатрэбна нам тусоўка -
Дайце нам гуртоўку!


Вясёлая песня сіраты

Я не маю таты,
Каб завёз у Штаты.
Дзе б знайсці мне маму
Родам з Амстэрдаму?
Ах, я сірата!
Тра- та - та - та - та...

Я не маю фірмы,
Як у дзядзькі Фімы.
Я не маю грошай,
Як у дзядзькі Лёшы.
Ах, я сірата!
Тра - та - та - та - та...

З універсітэту
Я не маю "ромба ".
І ў мяне, пры гэтым,
Жонка не секс-бомба.
Ах, я сірата!
Тра - та - та - та - та...


Зінаідзе

Мы з табой пралятаем жыццё
У адным самалёце.
Б"ецца Сэрца маё і тваё
У пяшчоце.
Не сумуй, што неба туманіцца.
Бог - палёту дыспетчар.
Мы сустрэліся раніцай,
А цяпер - ужо вечар.

Кахай, каханая, кахай,
Цалуй, нібы ў апошні раз.
А калі вораг ёсць - няхай!
Няхай адвернецца ад нас.

Не баюся з табой вышыні
І маланак, што ў небе палаюць.
Залатыя зямныя агні
Нас чакаюць.
Будзе зноў трава шаўкавістая,
Лес у восеньскай пазалоце.
Трэба толькі сэрцы не выстудзіць
У палёце.

Кахай, каханая, кахай,
Цалуй, нібы ў апошні раз.
Бог не адвернецца ад нас!
Бог не адвернецца ад нас!

 

Колькасць прачытаўшых: 2256
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007