Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Герадоцінкі-11, або Штурханіна пачуццяў

 

Леанід Дайнека

Герадоцінкі-11, або Штурханіна пачуццяў

 

У Краіне Лядовых Палацаў

Уладзіміру Някляеву

Як, скажы, да цябе дагукацца?

Ці не згінуў ты, родны народ?

У Краіне Лядовых Палацаў

Не душа ў пашане, а лёд.

Дык ці трэба, паэт, надрывацца?

Верш твой злую сцяну не праб”е.

У Краіне Лядовых Палацаў

Клюшка з шайбай важней за цябе.

Ці напішаш ты мемуары?

Кроў цячэ з вачэй і са шчок.

Па паэтавым светлым твары

Хвошча чорны цяжкі дручок.

Ах, як подла і як балюча!

Дзе паэтаў білі вось так?

Спіць Няміга. Маўчыць Уручча.

І паўзе, як звер, аўтазак.

Вас пабілі. І вас аблаялі.

І на снезе ў святле ліхтароў

Кроў Някляева, кроў Някляева…

Хіба можна забыць гэту кроў?

 

ХХХ

Нам вяшчалі : “ Лимит революций исчерпан “.

І ўсюды пануюць згода і мір.

Але грымнуў Туніс аўтаматнымі чэргамі.

Але выбухнуў гнеўнаю плошчай Каір.

 

І паўстала лівійская ДжамахірЫя,

Што ў Кадафі жыла ў залатой турме.

Разбураюцца сцены гнілыя старыя.

Вецер волі шырока і ярасна дзьме.

Праз Сахару рэха пайшло. Праз экватар.

Паляцела праз джунглі. Праз акіян.

Пакуль ёсць на зямлі хоць адзін дыктатар,

Будзе біць Рэвалюцыя ў свой барабан!

Плошча

“ На широкой площади убивали нас

Эдуард Багрыцкі Не засні ў паняверцы,

Крокам крылатым руш -

Семдзесят тысяч сэрцаў,

Семдзесят тысяч душ!

 

Вер вось такім імгненням!

Сэрца ў кулак вазьмі!

Тут устаюць з каленяў.

Робяцца тут людзьмі.

Вецер сцягамі палошча.

Плошча!

АМАП дручкамі хвошча.

Плошча!

Дручок балючы рабрысты.

Зяўнеш – галаву знясе!

Сёння ўсе дзекабрысты!

Сёння снежаньцы ўсе!

Мроі! Нябесныя знакі!

Мужнасць! Надзея! Народ!

Чорныя аўтазакі

Прагна ашчэрылі рот.

Цвёрдагранітны Ленін

Моўчкі глядзіць з вышыні.

Радасць! Натхненне! Маленне!

Вера ў лепшыя дні!

2010 год!

Плошча!

Радзіма!

Народ!

ХХХ

14 студзеня 2011 году. Прэзідэнт Тунісу на сваім самалёце ўцёк з краіны, прыхапіўшы з сабою ўвесь залаты запас нацыянальнага банку. Радасны народ святкуе перамогу – вуліцы аж кіпяць! Пажылая жанчына-мусульманка, узняўшы руку, натхнёна крычыць у кінакамеру:

- Гэта заклік да народаў усяго свету! Не бойцеся дыктатараў! Не бойцеся дыктатараў!

А хтосьці з палітычных кулінараў хацеў, каб такія, як яна, сядзелі дома і варылі боршч. Рэвалюцыя перамагла! Шаноўная спадарыня-мусульманка і сапраўды пойдзе зараз варыць боршч ці што там яны вараць у сваім Тунісе.

ХХХ

20 гадоў таму рухнуў Савецкі Саюз. Асабіста я не праліваў і не праліваю слёзаў, бо заўжды быў прынцыповым ворагам імперый, у якія б фарбы яны не фарбаваліся. Імперыя ( у нашым выпадку расійска-савецкая імперыя) не можа быць добрай, не можа дэмакратызавацца. Яна можа толькі разваліцца. Ёй непатрэбен беларускі паэт Някляеў, як былі непатрэбныя Каліноўскі, Ластоўскі, Пазьняк… Яна быццам той вечна галодны воўк, які, вядома ж, невіноўны ў тым, што яму пастаянна хочацца есці і дзеля гэтага патрэбна некага забіваць. Такім ваўка стварыла прырода. А ўспомніў я пра распад савецкай імперыі ў звязку са словамі Станіслава Шушкевіча. Вось гэтыя словы; “Гістарычная каштоўнасць Белавежскага пагаднення ў тым, што Расія ўпершыню прызнала незалежнасць Беларусі (!), прызнала перад усім светам”.

ХХХ

Вось што напісаў перад самым узыходжаннем на памост з гільятынаю дзеяч Вялікай Французкай рэвалюцыі Каміль Дземулен сваёй жонцы Люсіль: “Мая адсечаная галава яшчэ глядзіць на цябе вачамі, што ўжо патухаюць. Памятай – я кахаў цябе”.

ХХХ

А вось яшчэ адзін развітальны сум. Яшчэ адны светлыя слёзы. Перад самай сваёй смерцю Гётэ прыйшоў да “Сіксцінскай мадонны”, доўга-доўга глядзеў на яе і заплакаў.

ХХХ

Буравеснік рэвалюцыі Максім Горкі, вярнуўшыся з вострава Капры ў бальшавіцкую Расію, апынуўшыся ў сталінскім капкане, таксама праліваў слёзы. Супрацоўнікі санаторыя “Горкі” (прафесійныя чэкісты) сведчылі, што вясновай месячнай ноччу ён вылез праз вакно спальнага корпуса ў сад, абняў белую бярозу, апусціўся прад ёю на калені і горка несуцешна плакаў.

 

ХХХ

Ішоў Паўлюк.

Упаў у люк.

Ішоў Максім.

Упаў за ім.

Ляжаць, крычаць,

Ды ім – каюк.

Ніхто не гляне

Ў гэты люк.

Глухі Іван

Умельцам быў –

Узяў і люк той

Заварыў!

І толькі чутна –

О-ё-ёй!

То нехта еньчыць

Пад зямлёй.

ХХХ

Камяніца… Навальніца… Бліскавіца… Чараўніца… Крыніца… Таямніца… Маладзіца… Мілавіца… Якая прыгожая беларуская мова!

ХХХ

Мне старасць б”ецца пад рабро.

Нічога не баюся, бо

У класікі не абяруць,

Пенсію не адбяруць.

ХХХ

Аказваецца, на мангольскай мове слова Манголія азначае – Краіна Непераможных. Вось так.

Аднадумцу, пісьменніку гістарычнай тэматыкі

Пачынай з каранёў,

Дзе яшчэ не грымела сякера.

Пачынай з тых агнёў,

Што даўнейшаю свецяцца верай.

ХХХ

Плылі дзянькі. І адплылі.

Мацней трымай жа кульбу-посах.

Былі мы разам на зямлі.

І разам будзем на нябёсах.

ХХХ

Пакуль паходня жыцця гарыць

Хачу пісАць, хачу тварыць.

ХХХ

Сябра несустрэты, дзе ты? Хто ты?

Мне цябе, напэўна ж, не знайсці.

Я плыву на яхце адзіноты

Па жыцці.

ХХХ

Мы жывем у краіне адмоўных эмоцый,

Быццам бульба гнілая ў дзіравым кашЫ.

Тут рукам і сэрцам не хапае моцы.

І святога палёту не хапае душы.

Вясна

Далоў капелюшы! Вясна прыйшла!

Снягам і злым ільдам прыйшло кананне!

У кожнай кветкі ёсць свая пчала!

У кожным сэрцы ёсць сваё каханне!

ХХХ

Часам сустракаюцца паэтычныя радкі, нібы залацінкі ў цвёрдай скальнай пародзе. Вось радок Людмілы Рублеўскай: “ Чорная восень, мой час і мой свет”. Не ведаю чаму, але такое хвалюе.

ХХХ

20 студзеня 2011 году ў 11 гадзін 38 хвілінаў ( люблю дакладнасць!) скончыў працу над раманам “Той, каго ўдарылі па шчацэ”, дзясятым па ліку. Калі не памыляюся, на сённяшні дзень я між беларускіх пісьменнікаў напісаў сама больш раманаў, хоць ніколі не гнаўся за колькасцю. Проста, у смак пісАлася, адчуваў радасць ад працы. Між гэтых раманаў восем на гістарычную тэматыку. Тут мяне таксама пакуль што ніхто не абагнаў. Калі параўноўваць літаратурную справу са спортам, то напісанне раманаў – забег на вельмі доўгую дыстанцыю. Бяжыш, пакуль не заколіць пад дыхаўку. Не ведаю, ці сяду зноў за пісьмовы стол, бо, шчыра сказаць, стаміўся. Няпросты быў лёс маіх раманаў. Іх жорстка крытыкавалі. Іх стараліся не заўважаць. Я не ўлазіў у загадзя сканструяваныя афіцыйнымі крытыкамі абоймы. Мяне таўклі ў крытычных артыкулах, а я пісаў, бо не мог не пісаць. І гэта не графаманства. Гэта – покліч нябёсаў. Мой брат па беларускай літаратуры, хай цяжка, хай нявыкрутна, хай балюча і крыўдна – пішы! Мы, калі паклікаў нас Бог, павінны сказаць пра свой род, пра свой народ, пра месца нашага народу і нашай краіны на гэтай горкай трывожнай зямлі.

Але й навялікшую радасць прынеслі мне мае раманы. За іх я атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Кастуся Каліноўскага, Літаратурную прэмію імя Івана Мележа, дыплом і залаты медаль лаўрэата прэміі імя Валянціна Пікуля, якія мне ўручыла Міжнародная асацыяцыя пісьменнікаў баталістаў і марыністаў за цыкл гістарычных раманаў.

Вядома, я радуюся, што людзі хоць і не густа, але чытаюць мае творы. А яшчэ я радуюся, што ўвёў ва ўжытак чатыры літаратурна-гістарычныя паняцці: баявы кліч палачанаў “Рубон!”, назву нашай старадаўняй Бацькаўшчыны “Ліцвінія” , “Ордэн Святога Палемона”і “Зеўс” – Згуртаванне еўрацэнтрыстаў. Гэта, паверце, нямала для гістарычнага белетрыста, якім я сам сябе лічу.

 

ХХХ

У газеце чытаю невялікі артыкульчык і подпіс пад ім: Вера Філенка, капірайтар. Што за прафесія такая? Праз два дні сустракаю старую знаёмую цётку Нюру, якая (добра ведаю) пасля выхаду на пенсію падрабляе – падмятае тэрыторыю каля прыватных шапікаў.

- Кім працуеце? – пытаю дзеля прыліку.

- Падмятайтарам.

ХХХ

Бываюць здарэнні, на першы погляд, неістотныя і дробязныя, якія запамінаеш, тым не менш, на ўсё жыццё.

Спякотным летам 1957 году я паехаў са сваёй Змітраўкі на Урал, у горад Ніжні Тагіл. Было мне сямнаццаць. Быў я неўладкаваны і рамантычны. Паступіць у Клайпедскую мараходку не атрымалася, на шахту ў горадзе Данецку мяне не ўзялі, бо не меў васемнаццаці, і я рвануў на Урал, які паэт Твардоўскі (памятаеце?) называў “опорным краем державы, становым хребтом”. “Опорный” край аказаўся надта ж суровым краем. У тое лета грымелі жахлівыя навальніцы з градам і чырвонымі маланкамі. Каля тагільскага вакзалу, дзе я туляўся і начаваў, вецер ламаў тоўстыя старыя таполі, ламаў з пранізлівым трывожным трэскам. За два тыдні галоднага бадзячага жыцця я ўшчэнт знясілеў. Скончыліся апошнія грошы. Скончыліся мізэрныя харчы. Я ішоў і хістаўся. У вачах скакалі яркія бліскаўкі. Адно неадольнае дзікае жаданне жыло ўва мне – хоць што-небудзь кінуць на зуб. ( У той час у мяне быў яшчэ поўны набор уласных белых вострых зубоў – трыццаць два!). І тут каля цэнтральнага ўваходу ў вакзал я ўбачыў дзябёлага барадатага мужычка, якіх у гэтых мясцінах называюць чалдонамі. Чалдон паважна сядзеў на лавачцы, расклаўшы перад сабой на газеціне цэлую гару акуратна нарэзанага сала і хлеба (апетытныя пахкія лусты!) і са смакам еў. Мяне быццам громам ударыла. Я, вельмі начытаны беларускі вясковы юнак, прагна праглынуў спіну, падыйшоў да мужычка і, стараючыся прамаўляць чыста па-расейску,стараючыся не збіцца на беларушчыну, сказаў:

- Дяденька, дайте мне, пожалуйста, поесть.

Чалдон вельмі ўважліва зірнуў на мяне, не спяшаючыся, дажаваў хлеб з салам, не спяшаючыся, выцер чырвонай хусцінкаю тлустыя пунсовыя вусны, не спяшаючыся, паклаў хусцінку ў кішэню і даў мне паесці. Даў малюсенькі кавалачак чорнага хлеба. Кавалачак быў тоненькі-тоненькі, аж свіціўся. Сам жа чалдон зноў налёг на сала. Вось табе і “широта русской души”!

ХХХ

Чаму сёняшнія беларускія ўлады не любяць бел-чырвона-белы сцяг? Чым гэты колер так рэжа ім вока? Здаецца ж, сцяг прыгожы, яркі, запамінальны. Кажуць, пад ім у другую сусветную вайну маршыравалі паліцаі. Але ж і ўласаўцы маршыравалі пад бел-сіне-чырвоным трохкалорам, які, тым не менш, з”яўляецца дзяржаўным сцягам Расійскай Федэрацыі. Значыць, справа не ў гэтым.

Думаецца мне, рэзкая нелюбоў да бел-чырвона-беліка выклікана тым, што дужа ж ён падобны на польскі бел-чырвоны сцяг. Вось каб ён быў бел-сіне-белы, падобны на расійскі, тады б яго шанавалі, цалавалі, прысягалі на ім.

Узнікае заканамернае пытанне: чым Расія лепшая за Польшчу? Нагадаю, што з Польшчай мы, беларусы, жылі ў шчыльным саюзе цэлых 408 гадоў – з часоў Крэўскай вуніі ( 1387 год ) да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай ( 1795 год ). З Расіяй – 196 гадоў. З трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай ( 1795 год ) да знікнення з палітычнай мапы свету СССР ( 1991 год ), Нагадаю, што ў Польшчы ёсць горад Мінск, Мінск-Мазавецкі. У Расіі горада Мінску няма.

ХХХ

У дажджыстым, а то і ў снежным Мінску ўсё часцей успамінаецца мне Кіпр, залаты востраў майго прамінулага жыцця. Я даўно ўжо не лётаў туды. То не хапае часу, то здароўя, то грошай. Я сумую па незваротных днях, калі быў я маладзейшы, шустрэйшы, больш лёгкі на пад”ём. Каб неяк суцішыць душу, прыпамінаю кароценькія вершы, якія напісаў я калісьці на востраве Афрадыты пад несупынны плёскат хваляў Міжземнага мора. Зараз вы іх прачытаеце. А перад гэтым невялічкія тлумачэнні: “Зіна” – мая жонка; “Калі мера” – па-грэцку Добры дзень: “Калі ніхта” – па-грэцку Дабранач; “КалОсі” – рыцарскі замак на Кіпры; “ВунО” – па-грэцку Горы.

ХХХ

Смяешся ці плачаш,

Жыццё тваё дарэмнае,

Калі не пабачыш

Мора Міжземнае.

У нас жа (зазначым)

Жыццё недарэмнае –

Мы з Зінай пабачылі

Мора Міжземнае!

Мая малітва

Бога малю, каб нам радасці даў –

Сонцам, морам, віном частаваў.

Бога малю, каб не зведаць нам шок –

Каб не адбыўся сейсмічны штуршок.

 

ХХХ

Цень ад хмараў ляжа

Каля сцен КалОсі.

На пустынных пляжах

Штормы загалосяць.

Будзе сэрцу цесна

На зямных абшарах

Як стралой нябеснай

Зеўс-Пярун ударыць.

След жыцця сатрэцца.

Стануць пылам горы.

Шукай маё сэрца

У Міжземным моры.

 

Дэльфіны

Сцяг з чэрапам. Шпагаў звон.

Кроў ахвяраў бязвінных.

Калісьці піратаў бог Пасейдон

Ператварыў у дэльфінаў.

Яны карабель даганяюць наш.

Яны яго абганяюць.

Ісці гатовыя на абардаж,

Ды рук і шпагаў не маюць.

Хутчэй спяшайся ў порт, капітан!

Хваляў уздыблены спіны.

Шалее мора. Грыміць ураган.

Выюць ад злосці дэльфіны.

ХХХ

Словы… Грэцкай мовы словы…

Гук пяшчотны і суровы…

Я кажу зямлі Гамера:

- Калі мера! Калі мера!

Сіла. Радасць. І чаканне.

І надзея. І каханне.

Словы… Не забудзеш іх ты.

Калі мера! Калі ніхта…

Развітальныя манеты

Чаму ты сумуеш? Чаму не ў гуморы?

Сваю руку мне дай.

Развітальныя манеты мы кінулі ў мора.

Бывай, наша лета. Бывай.

Развітальныя манеты ляглі на дно.

Праляцела лета яшчэ адно.

Праз мноства доўгіх начэй і дзён

Іх выкіне на бераг бог Пасейдон.

Адшукай манету на жоўтым пяску.

Успомні наша лета і нашу вясну.

Яны праляцелі. І – няхай!

А ты кахай! А ты кахай!

Адшукай манету і зберажы.

Яна – талісман тваёй душы.

Праляцела лета. І – няхай!

А ты кахай! А ты кахай!

Кіпрыётцы

Вы з усмешкай каля мора

Мне сказалі: - Калі мера.

Ваш пяшчотны цёплы голас,

Ваш чароўны мілы позірк

Прапяклі душу да донца.

Так гарачы промень сонца

Хмару ў небе прабівае.

Сінявокі, беласкуры,

Я зусім не грэк, не Элін.

Дык чаму ж з такой пяшчотай

На мяне вы паглядзелі?

З хваляў вы марскіх і сонца,

З танца вечнага сіртАкі.

Вас нічым не напалохаць.

Грозны Зеўс – ваш абаронца.

Гасцяваў я міг кароткі

У душы ў кіпрыёткі.

Ведаю – жыццё не змора,

Не жахлівая хімера.

Вы з усмешкай каля мора

Мне сказалі: - Калі мера.

ХХХ

І – апошні верш. Апошняе чатырохрадкоўе, у нечым нечаканае. Напісала яго мая жонка Зінаіда. Напісала, папярэдне прачытаўшы мой верш “Кіпрыётцы”. Вось гэты шэдэўр:

Кіпр

Тут мора ёсць.

І ёсць вунО.

А ўсё не тое.

Усё – гаўно!

Паважаныя кіпрыёты! Калі можаце, прабачце разгневанай жанчыне. Яна, як і я, вельмі-вельмі любіць ваш цудоўны райскі востраў. Не ўтрымалася. Не здолела ўзяць сябе ў рукі. Прабачце ёй.

ХХХ

У газетах вычытаў, што пасля брутальнага разгону АМАПАМ народнай дэманстрацыі 19 снежня 2010 году каля Дома Ураду частка дэманстрантаў ( чалавек трыццаць) шукалі ратаванне ў Чырвоным касцёле. Грукаючы жалезнымі шчытамі, на людзей няўмольна насоўвалася сцяна АМАПУ, Людзі хорам прамаўлялі “Ойча наш”, затым пачалі стукацца ў касцельныя дзверы, прасіць каб іх упусцілі ўнутр Божага храму. Але знутры дзверы ніхто не адчыніў, хоць у касцёле, яўна, былі служкі культу. А міліцыянты ішлі-падыходзілі ўсё бліжэй. І нарэшце ўзвіліся цяжкія дручкі.

Аб чым гэта я? Я аб тым, што яшчэ ў глыбокай даўніне ( у той жа Грэцыі) самы люты злачынца мог, ратуючыся, забегчы ў малітоўню, дакрануцца рукою да алтара, і ён, злачынца, рабіўся недатыкальным. Я аб тым, што ў мінскім Чырвоным касцёле маецца абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Я аб тым, што заснавальнік Чырвонага Касцёлу Эдвард Вайніловіч адчыніў бы дзверы, упусціў бы перапалоханых людзей, выратаваў бы іх, а там – будзь што будзе, а там, як кажуць, Бог – бацька. Але не адчынілі. Зрабілі выгляд, што не заўважылі. Вось табе і хрысціяне!

ХХХ

Вясна… І, ветрам напятыя,

Хмары над горадам ходзяць.

Ніводнага мёртвага атаму

Не знойдзеце вы ў прыродзе.

Вясна… І нават на могілках

Промень гуляе юны,

Дрэвы растуць, спяшаюцца,

Карэнні ўрываюцца ў труны.

ХХХ

“Чалавечы чэрап – самая непрыступная крэпасць”. Так сказаў мудра-афарыстычны Карл Маркс. Гэта не перашкодзіла ягоным вучням-паслядоўнікам скрышыць на найдрабнейшы друз мільёны й мільёны такіх крэпасцяў.

 

 

ХХХ

Маньяк

П”е каньяк.

Гуманіст

Грызе лаўровы ліст.

 

Парадокс

Не лайдакі, не пагарэльцы мы.

Вось парадокс, што дзівіць нас –

Кіруюць намі, еўрапейцамі,

Неўязныя ў Еўразвяз!

ХХХ

У турэмнай камеры вязень ходзіць і ходзіць ад сцяны да сцяны. Сукамернік кажа яму:

- Думаеш, калі ты ходзіш, дык ты не сядзіш?

 

ХХХ

Мудрыя словы майго бацькі : “Трэба рабіць. Ляжачага хлеба нідзе няма”.

ХХХ

Матчына крыло і ў мароз цёплае.

ХХХ

Жыццё – выпадковасць. Смерць – заканамернасць. Дык вып”м, панове, за выпадковасць!

ХХХ

На працягу некалькіх апошніх гадоў я так захапіўся Вялікім Княствам Літоўскім, так даастатку аддаўся яму, нырнуў у ягоную глыбіню, увайшоў у ягонае магнітнае поле, што пачалі адбывацца смешнаватыя недарэчнасці. Разглядваючы новы электравыключальнік, які мы купілі для свайго летніку, я радасна-здзіўлена сказаў жонцы:

- І тут яно!

- Што? – не зразумела Зіна.

- Вялікае Княства Літоўскае. Глядзі- на пластмасе выштамплевана – ВКЛ.

Жонка ўзяла электравыключальнік, крутанула ў руках:

- Усё зразумела. Табе трэба крыху адпачыць, трэба выключыцца. Якое Княства? ВКЛ -включить. ВЫКЛ – выключить. Так што выключайся, даражэнькі.

 

ХХХ

- Спадар дырэктар, прызначце мяне вашым намеснікам, і я горы за вас звярну, я буду правай вашай рукою!

- Добра, спадар Падхалімовіч, вельмі добра. Але маецца малюсенькая няўвязачка – я ад нараджэння ляўшун.

 

ХХХ

- Паважаныя рэдактары радыё і тэлебачання, прашу выканаць для маёй жонкі Марусі і для мяне народную песню “Санников остаётся с нами !”. Выбарнік з шасцідзецяцігадовым стажам дзед Базыль.

 

ХХХ

 

Апошнім часам ва ўсіх, хто здольны думаць і цвяроза аналізаваць палітычную сітуацыю, рэзка знізіліся надзеі на Расію, як на дэмакратычную краіну. Наша магутная ўсходняя суседка цвёрда пакрочыла імперскай дарогаю СССР. На сваіх межах яна падтрымлівае самыя адыёзныя, самыя жорсткія рэжымы. Будзь хоць султанам, хоць ханам, залівай крывёй падуладную абе зямлю, – абы таньчыў пад расійскую дудку. Што гэта? Неакаланіялізм? Расізм?

Даю паважанаму спадарству адказ на пытанне. Гэта – нешта вельмі блізкае да імперскага расізму. Гэта – Расіізм!

У звязку з гэтым хачу нагадаць шаноўнаму спадарству вядомы верш Фёдара Цютчава, апалагета расійскай імперскай выключнасці:

Умом Россию не понять.

Аршином общим не измерить

У ней особенная стать –

В Россию можно только верить.

 

Вось якім я пачуў гэты верш з вуснаў украінскага паэта, калі мы сядзелі з ім у рэстаране ўладзівастоцкага гатэлю “Золотой Рог”, а за вакном бушаваў цыклон, што наляцеў з Японіі:

 

Умом Россию не понять.

Аршином общим не измерить.

У ней особенная стать –

Россию можно только херить.

 

Як кажуць – без каментару.

ХХХ

Родныя словы гучаць увушшу.

Родныя гукі гояць душу.

Як ні стараўся, забыць іх не змог,

Хоць пратаптаў можа сотню дарог.

Там, дзе сінеюць Вольса і Друць,

Родныя словы са мною памруць.

Мой захаваюць голас і зрок.

Ружай праб”юцца праз белы пясок.

Слабадушным

Разлюбілі тое ў што верылі.

Сіл на новы паход не стае.

Пад драпежным крылом Імперыі

Пахавалі галовы свае.

Малаверам

У маЮ вы не верыце мару,

Ва ўсё тое, што змалку мне міла.

Малаверы, як мылавары.

Бачу кіслыя вашы твары.

Вы б Пегаса пусцілі на мыла.

Разгараецца дзень маёвы.

Апранулі дрэвы абновы.

Але,глянь, прайшлі малаверы –

І пажоўкла лістота ў скверы.

ХХХ

Аказваецца, у юнацтве грэцкі філосаф Дыяген быў славутым фальшываманетчыкам. Магчыма, менавіта з-за гэтай хваравітай жарсці ён і хаваўся ўвесь час ад людзей у бочку далей ад цікаўных вачэй. Сядзеў там і кляпаў-кляпаў свае драхмы і лепты. А філасофія была толькі прыкрыццём забароненай законам дзейнасці.

Сумненне

Ці ў той рацэ шукаю броду?

Ці той агонь нясу народу?

ХХХ

Не стыкуюцца страсць і старасць,

Хоць зусім падобныя словы.

ХХХ

Ах, паэзія, п”янкое віно,

Лекі ад злых дэпрэсій!

Ларыса Геніюш валачэ бервяно

Па зімовым сібірскім лесе.

Снег па пахі. Найедкі пот.

Аўчаркі на дыбкі ўсталі.

Яшчэ будуць Мао Цзэ Дун і Пол Пот.

Ужо ёсць – Сталін.

Зрабіцца б вавёркай, узляцець на кедр

І грызці-грызці арэхі.

Нізкі паклон вам за пакутаў букет,

Вялікія гуманісты чэхі.

Вы здалі паэтку, як здаюць багаж,

У рукі Цанавы-кАта.

І сон спакойна-радасны ваш.

І пеніцца піва кашлата.

Але, вядома ж, невіноўны Чэх,

Што ўзяў на душу крывавы грэх.

Ён помніць, як курчыўся ў полымі Гус.

Ён – нявольнік, як і беларус.

Ведае мудры чэшскі народ,

Што хутка скончыцца гульня без правіл.

І зашыецца ў норы чэкісцкі зброд.

І народзіцца Вацлаў Гавэл.

ХХХ

Жыву я як жыве

Уся мая краіна –

Разлад у галаве,

Пачуццяў штурханіна.

Ці мы адзін народ?

Ці дурні-асталопы?

Ці нам паўзці на Ўсход?

Ці бегчы да Еўропы?

Як быдла ў хлеў, ісці?

Трымаць жыццё за лейцы?

Быць азіятам ці

Рабіцца еўрапейцам?

Душа ў тузе дрыжыць

Нязводнай і суровай:

З якою верай жыць?

Якой маліцца мовай?

Ліцвінскі сын Лявон

Па прозвішчу Дайнека

Б”ю ў ЕЎРАПЕЙСКІ звон,

Склікаю ЧАЛАВЕКАЎ!

Люцыя Рэва, або Рэвалюцыя

У яе дужа рэдкае імя і прозвішча – Люцыя Рэва. Нязводная старадаўняя шляхетнасць струменіцца ад яе ва ўсе бакі. Тыя, хто ведаюць яе, называюць гэту худзенькую блакітнавокую жанчыну Рэвалюцыяй. Яна пенсіянерка. Яна ходзіць на ўсе акцыі дэмакратаў, начапіўшы на свой чорны берэцік бел-чырвона-белы бант. Разы тры падчас разгону дэманстрацый яе даставаў цяжкі амапаўскі дручок. Ды яна толькі ўсміхаецца. Яна верыць у непазбежную перамогу беларускай дэмакратыі.

- А як жа іначай? – кажа яна мне, - У нас, на Беларусі, ніколі не было цароў. У нас шляхта ( а шляхты было каля пятнаццаці адсоткаў ад усяго насельніцтва дзяржавы) абірала караля. І кароль-вялікі князь служыў Гаспадарству. Ледзь што не так – яму выспетка пад зад і ўсё. І гуляй хлопец, рабі, што хочаш. Хочаш – пасві гусей. Хочаш – рэжся ў карты ў дурня.

Добра ўсведамляць, што жыве на нашай зямлі спадарыня Люцыя Рэва. Вось яна адзяе на галаву берэцік з бел-чырвона-белым бантам. Вось выходзіць са сваёй аднапакаёўкі і на плошчы ўліваецца ў гудлівую шчыльную калону дэманстрантаў. Блакітныя вочы ззяюць шчасцем і радасцю.

Удачы табе, Люцыя Рэва! Удачы ўсім тваім аднадумцам! Я іду з вамі.

 

 

Мудраслоўі

“Паміж чалавекам адукаваным і неадукаваным такая ж розніца, як паміж жывым і мёртвым”. Арыстоцель.

“Беражыце слёзы вашых дзяцей, каб яны маглі праліваць іх на вашай магіле”. Піфагор.

“Хто ўсюды, той нідзе”. Сенека.

“Кажыце як усе, але думайце па-свойму”. Паскаль.

“Лепш фарба на твары, чым пляма на сэрцы”. Сервантэс.

“Можна зламаць шпагу. Нельга знішчыць ідэю”, “Нельга быць героем, змагаючыся супроць сваёй Айчыны”. Віктор Гюго.

“Шчасце мужчыны называецца “Я хачу”, шчасце жанчыны – “Ён хоча”. Фрыдрых Ніцшэ.

“Ноч надае бляск зоркам і жанчынам”. Джордж Байран.

“Адзіны наш абавязак перад гісторыяй – гэта пастаянна яе перапісваць”. Оскар Уайльд.

“Давайце жыць так, каб нават трунар-магільшчык аплакваў наша кананне”. Аўраам Лінкольн.

 

“Чалавек нараджаецца свабодны, а памірае ў ланцугах”. Жан Жак Русо.

“Здзіўляльна, што можа зрабіць адзін прамень сонца з душой чалавека!”. Фёдар Дастаеўскі.

“Занадта шмат на свеце людзей, якім ніхто не дапамог прачнуцца”. Антуан дэ Сент-Экзюперы.

“Сцеражыся таго, хто не адказаў на твой удар”. Джордж Бернард Шоў.

“Калі заб”ецца сэрца – розум змаўкае”. Генрых Ман.

Зінаідзе

Ты самая чароўная,

Ты самая цудоўная,

Ты самая жаданая,

Бо ты – мая Каханая!

Спроба самахарактарыстыкі

Я – кіслы яблык,

А не фінік.

І не пай-хлопчык я.

Я – цынік.

Розныя вандроўкі

Бацька ездзіў “за туманам, за туманам,

За снягамі і за пахамі тайгі”.

А сын едзе за дурманам, за дурманам,

Бо наркотык сёння вельмі дарагі.

Беларускія дэпутаты

Яны галасуюць адзінагалосна,

Як быццам у зале – Адзін Дэпутат.

Ад адзінагалоснасці ім не робіцца млосна,

Не знікае апетыт, не хмурнее пагляд.

Як жа ціха ў вашым Доме, дэпутаты!

Хоць бы маленькай хвалькі ўскалых.

Пэўна, зачыналі вас мамы і таты

Адзінагалосна ў адзін і той жа міг.

ХХХ

Феадалізм і камунізм –

Усё часова.

І толькі зоркі зверху ўніз

З нябесных сховаў

Няспынна-светла на зямлю

( Бы так і трэба!)

Глядзяць.

За вечнасць я люблю

Неба.

 

 

ХХХ

Трэцяга сакавіка 2011 году патэлефанаваў мне мой сярэдні сын Зміцер, сказаў:

- Віншую цябе, бацька, са святам!

- З якім? – не зразумеў я.

- З Міжнародным Днём Пісьменніка.

Аказваецца, ёсць і такое свята, а я ўпершыню, да свайго сораму, пачуў пра яго. І не дзіва! У нашай краіне-сінявочцы не вельмі шануюць пісьменнікаў, тым больш, зараз, калі адзін з нашых самых слынных паэтаў Уладзімір Някляеў знаходзіцца пад арыштам. Няма прарока ў сваёй Айчыне. Так было сказана яшчэ ў Бібліі. Вось каб надыйшоў Дзень Дэсантніка або Амапаўца ўсе б нашыя газеты, усё тэлебачанне і ўсё радыё, захліпваючыся ад шчасця, з раніцы да ночы трубілі б аб такой эпахальнай падзеі. А тут – нейкія пісьменнікі. Цьфу на іх!

Ды – нічога. Яны плююцца, а мы пішам. І няблага, скажу я вам, атрымліваецца. Я не пра сябе – крый, Божа! Я пра сваіх сяброў, якія, не гледзячы ні на што, шчыруюць на ніве Беларушчыны. Поспеху вам, сёстры і браты! Цярпення і веры! Не затрымцім і не станем на калені. Будучыня належыць нам!

Вось такімі словамі закончваю я свае “Герадоцінкі”. Болей пісаць не буду. Усё, што мог, на што быў здольны, напісаў. Вялікі дзякуй чытачам. Вялікі дзякуй выдаўцам. Вялікі дзякуй крытыкам. Нізка схіляю галаву і кажу:

- Вялікі дзякуй табе, магутны Божа, што прывёў мяне ў гэты свет, запаліў ува мне душу, адкрыў мне вочы, даў розум, зрабіў мяне беларускім пісьменнікам!

4 сакавіка 2011 году. Finish!

 

 

Колькасць прачытаўшых: 584
Колькасць вогдукаў: 1

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007