Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел I

 

Леанід Дайнека

Герадоцінкі-10, або Арытмія

Нацмены

Што такое “нацмен” ? Нацыянальная меншасць ? Не . Нацмен – гэта

Нацыянальны Мужчына , Нацыянальны Мужык , Мужык з Вялікай Літары . Нацмены рухаюць Гісторыю !

Я п”ю за вас , за шлях нязменны ,

За вечнасць нашае Айчыны ,

За тое п”ю , што вы - Нацмэны ,

Нацыянальныя Мужчыны !

 

 

***

“ Божа , дай мне сілы вытрымаць усё тое , што я ня ў сілах змяніць “ . Святы Францыск .

***

Хоць крычыш , хоць енчыш ты як злегчаны ,

Траціш і даляры і рублі ,

Усёроўна наша мова – лепшая !

Светлы дух жыве ў ёй , Дух Зямлі .

***

“ У мяне няма часу на стомленасць “ . Германскі кайзер Вільгельм Першы , на 92 – ім ( ! ) годзе жыцця .

***

Грыміць мУзыка . Уладарыць мУзыка .

Там , за музыкай ,

За лесам музыкі ,

Ёсць поле цішыні .

Там расце сіні васілёк –

Вока мёртвага вікінга

Пазірае з цёмнай зямлі .

Шкілет

Хто б ня быў ты – бандыт , паэт ,

Ты – турма . ( Бог такую даў ролю ! ) .

У табе сядзіць твой шкілет .

І аднойчы ён выйдзе на волю .

***

Ня здолеў з”ездзіць , як быў малады .

Ня меў ні грошай , ні волі .

Прабачце , краіны і гарады ,

Ў якіх я не буду ніколі .

 

***

Той горад гняздом пацучыным будзе .

Яму непатрэбны ні Кант , ні Вальтэр .

Жывуць мітусліва-маленькія людзі

У цесных каробачках шэрых кватэр .

 

***

Чым арол беларускі розніцца ад арла расейскага ? У расейскага на адных плячах дзве галавы . У беларускага ж галава адна , але ў роце ў гэтай галавы два языкі !

***

“ Калі чалавек слімак , ён будзе пісаць пра слімакоў нават тады , калі ўяўляе , што нібыта ён піша пра жаўранкаў “ .

Олдас Хакслі , англійскі раманіст .

 

***

Калі сонца даўно не ў зеніце

І паўзе да магілы дарога ,

Супакойцеся , не грызіце ,

Не гарпуньце адно аднога .

Косава поле . 14 чэрвеня 1389 году .

А на Косавым на полі

Сербанулі сербы ліха ,

Атрымалі злую рану .

Злеглі хлопцы , як таполі ,

Пад турэцкім ятаганам .

Хоць забілі пса-султана ,

Сербскі строй ушчэнт стаптаны .

А на Косавым на полі

Жорны смерці ўсіх змалолі .

Хто руку згубіў , хто вока .

А на Косавым на полі

Вые вецер лютым воўкам .

Той , хто ўпаў , не ўстане болей .

Курчыцца душа ад болю .

А на Косавым на полі

Мы , сябры , згубілі волю .

Едзе турак . Смажце курак ,

Каб аддаць яму з паклонам .

Для яго дачок кладзіце

На шырокі дол зялёны .

Над ракою плачуць вербы .

Сербанулі ліха сербы .

 

Зіма на Кіпры , або Гэта не зіма

А як снегу няма –

Гэта не зіма .

А як лёду няма –

Гэта не зіма .

Як марозу няма –

Гэта не зіма .

Як гарэлкі няма –

Гэта не зіма .

Дык чаму ж тады мы

Жывем без зімы ?

А таму , што я змог

Тут купіць дамок .

І на Кіпры зімы

Больш ня бачым мы .

Я з далёкіх краёў

Прылячу дамоў.

Вы засуньце мяне

Галавой у снег .

Бо як снегу няма –

Гэта не зіма !

 

Лясны мініверш , або Тры Ў

Запоўз

Пад лоўж

Смоўж ...

Загадкі

Гляджу ў столь .

Пішу “ ў стол “ .

 

Магу крывавы зладзіць вам пір .

Я – кухар . Я - ...

Па заснежаных палЯх

На кані імчыцца ...

 

Бог у сэрцы ! Свечак хараство !

Зноў да хрысціян прыйшло ...

Грозны Цэзар на чужы ступіў парог .

Прыйшоў . Убачыў . ...

Калі грыбы вядомыя ,

Тады яны ...

 

 

Мяне з валуноў збудавалі , не з дрэва .

Я – замак славуты славутага ...

 

Будзем смяяцца ! У кубкі ліць віны !

Мы – Дзеці Пагоні ! Мы - ...

 

Паэтам

Цікава – ці будзеце вы ў звышнатхнёным палёце

Спяваць аб каханні , як майскі салоўка-саліст ,

Калі захістаюцца зубы ў роце

І волас апошні зляціць з галавы ,

Нібы восеньскі ліст ?

Вы скажаце : “ Так ! “ . Вы прыпомніце Цютчава , Фета ,

Грахоўскага , Танка ўстрывожыце велічны цень .

Вы скажаце : “ Так ! “ . Пакуль тчэцца жыцця эстафета .

Пакуль памірае ў баі за сяброўку

Прыгожы гарачы алень .

О , як я люблю вас , крылатае светлае племя !

Наіўныя дзеці , нязломныя рыцары , што не адступяць назад .

Ня трэба вам славы , ні царскае ласкі , ні прэмій ,

А толькі – кубак віна ды жаночы іскрысты пагляд !

Збірайцеся ў круг , песняры , менестрэлі , ваганты !

Ударце па струнах ! Няхай яны ўспыхнуць агнём !

Рассыпіцца шкло нябёсаў . Божыя грымнуць куранты .

Па землях , эпохах і душах раскоціцца гром .

І цемра адступіць . І Нешта ( ня ведаю што ) настане .

І спусцяцца з зорак сёстры . Выйдуць з магілаў браты .

Мы будзем кахаць ! Мы будзем спяваць аб Каханні !

І будзе свяціць замест сонца Божы Прастол Залаты !

 

Слова да членаў Другога Саюзу

Не дзяльбой , а сяўбой мы займацца б павінны .

Што патрэбна вам , цёцям крыклівым і дзядзям ?

Абсякаюць карэнні . Аддзіраюць галіны .

Шум і гвалт стаіць у Купалаўскім Садзе .

 

Скрозь нясуцца папрокі , праклёны , пагрозы .

Дзе ні ступіш – сякеры грымяць адмыслова .

А з галінаў сцякаюць не росы , а слёзы .

Гэта плача маё беларускае слова .

Пашкадуем нашых крылатых муз .

Даруем , забудзем крыўды-даўгі .

Мы – Першы Саюз .

Вы – Другі .

 

***

Гарыць агонь майго жыцця .

Імчыць вагон майго быцця .

Агонь і я. Агонь і я .

Ў якім лячу вагоне я ?

Агонь і я.

Агонь і я .

Агонія .

***

Цяжкія часіны . Бясконцыя дні .

Распухла душа ад глухой цішыні .

Пяском паміж пальцаў імгненні цякуць .

Хоць слова б жывое аднекуль пачуць .

На вусны павесілі камень-замок .

Апушчана сэрца ў бяссонечны змрок .

Праносяцца дні , за звяном звяно .

Так пАдаюць костачкі даміно ,

Калі іх , паставіўшы ланцужком ,

Рукою кранеш .

Халаднее мой дом .

Радзей загараюцца ў доме агні .

Цяжкія часіны . Бясконцыя дні .

***

“ Калі хочаш прачытаць Будучыню , вывучай Мінулае “ . Канфуцый .

“ Што не перамог Напалеон у бітвах , я перамагу ў раманах “ . Анарэ Бальзак .

 

***

Літаратурнай творчасцю кармілася і корміцца вялікае мноства людзей . Празаікі , паэты , драматургі , крытыкі , гумарысты , бібліёфілы , дактары і кандыдаты навук , бібліятэкары , пісьменніцкія ўдовы , сябры і землякі творцаў , перакладчыкі , выдаўцы і г. д . “ Несть им числа “ , - сказаў бы мудрэц , які таксама корміцца тым жа хлебам .

Заўсёды быў перакананы , што з гэтага агромністага войска хоць у празаікаў маецца больш-менш прыстойная адукаванасць і эрудыцыя . Усё-ткі , збіраючыся пісаць раман , трэба злёгку паднапружыць інтэлект ...

... На міжнародную кніжную выставу-кірмаш завітала з Масквы ў Мінск Паліна ДАшкава . Ейныя раманы ідуць нарасхоп . Расійская Агата Крысці , дый толькі ! Сам я , каюся , іх не чытаў , бо не цікаўлюся творчасцю сучасных “ дэтэктыўных “ амазонак . Я б і не ўспомніў пра Паліну Дашкаву ( дай ёй Бог атрымаць нобелеўку ў літаратуры ! ) , калі б не яе інтэрв”ю . У тым эмацыянальным інтэрв”ю аўтар шматлікіх раманаў паведаміла , што “ Дашкава “ ейны псеўданім . Самае ж цікавае і невераемнае – наперадзе ! На запытанне журналіста , чаму яна абрала такое выбітнае ў расійскай гісторыі прозвішча ў якасці псеўданіма , каранаваная шматлікімі прэміямі аўтарыса , не міргнуўшы вокам , сказала ,што ўзяла псеўданім у гонар сваёй любімай дочачкі Дашкі, а пра існаванне сваёй славутай папярэдніцы Дашкавай яна не ведала ( !!! ) . Аўтар шматлікіх , у тым ліку , і гістарычных раманаў не ведала ( !!! ) пра паплечніцу і сяброўку імператрыцы Кацярыны Другой , кіраўніцу Расійскай Акадэміі Навук, пісьменніцу ( ! ) , княгіню , рамантычна-містычную прыхільніцу французкіх філосафаў-энцыклапедыстаў Кацярыну Дашкаву ( ! ) . Як кажуць : “ Стоп ! Далей цягнік ня йдзе ! “ .

Хто піша раманы ? Хто іх чытае ? Хто сачыняе на іх рэцэнзіі ? Немагчыма адказаць . Можа , адказаў бы мікраскапічны жучок – папераед , але ён вельмі-вельмі заняты . У кніжнай шафе ён са смакам грызе чарговую старонку чарговага тоўстага рамана .

***

Хто мне скажа куды падзеўся “сацыялістычны рэалізм “ ? Знік , як туман , як мамант . Ні подыху , ні гуку ... Толькі манбланы кніжак , якіх ніхто не чытае . Мяркуем , што рэалізм пабег следам за сацыялізмам .

Сёння некаторыя з творцаў зацуглялі больш гарачага коніка – ударыліся ў “ неацынізм “ . Гэта такі стан рэчаў , калі спаборнічаюць ці здолее адзін геній з вялікай адлегласці трапна плюнуць у левае вока другому генію . Чаму ў левае ? Таму што правае вока ўжо заплявалі . Чытаць гэткія опусы тое самае што з голым задам дзерціся ў зараснікі вогненна-пякучай крапівы .

Пішуць людзі ... Чытаюць людзі ...

Мы , паверце , таксама ўмеем і можам ТАК пісАць , але не хочацца брудзіць паперу .

 

*** “ ... Нет ничего слюнявее и плюгавее

Русского безбожия и православия “ .

Сочинения Козьмы Пруткова .

 

***

“ Толькі той , хто мысліць , свабодны і самастойны “ . Людвіг Фейербах .

 

***

Знямог . Упаў . Ляжу каля дарогі .

Ліецца з сэрца горкіх слёз ручэй .

О , Маці Божая Нястомнай Дапамогі ,

Прыдзі хутчэй !

Скарэў ад пылу плашч . Сандалі ў дзірках .

Пякучка-соль іскрыцца на спіне .

Драпежны звер з начнога лесу гыркаў ,

Бег і кусаў мяне .

Усё сцярплю . Узняўшыся з каленяў ,

О , Маці , да цябе пакрочу зноў .

Ты ўся саткана з сонечных праменняў .

Ты ўся – Любоў !

Гарыць святы агонь за небакраем .

У тым агні твая сляза дрыжыць .

На пласе вечнасці мы ўсе там паміраем ,

Каб жыць .

***

Дзяўбуць нашага брата беларускага пісьменніка ўсе хто толькі дзюбу мАе . І журналісты , і публіцысты , і дэпутаты . Яны дзяўбуць , а нам смешна . Дзяўбуць , а нам весела . Чаму ? А таму , што наш рабочы інструмент – слова . А ў самай галоўнай кнізе , у Бібліі , запісана : “Спачатку было Слова “. Усёк , румяны крытык наш ? Слова было на самым- самым пачатку , а , значыць , і нашае пісьменніцкае рамяство . І што б ты пра нас ні крычаў , а мы былі і будзем

( для народу будзем ! ) першымі . Бо наша прафесія з”явілася на тысячагоддзі ( ! ) раней чым , скажам , прафесія старшыні калгаса .

 

 

Гімн апошняга дня

Дзень апошні …

Заржавелі цыліндры і поршні

Смяротнага цела ,

Што знікаць не хацела ,

А чаплялася за існаванне .

Надыходзіць кананне …

Бомбай выбухне сэрца !

Шкло вачэй разаб”ецца !

Усё меней святла .

Усё болей пакуты і цемры .

Там , у цемры ,

Ні Нёмну ня будзе , ні Тэмзы .

Ні сяброў там ня будзе , ні дому .

Там цячэ Невядомасць .

Дзень апошні …

Хай у садзе зялёным

Няўтомна спяваюць шпакі .

Хай у моры ільдзістым

Цюлені плывуць і нерпы .

Гэй ! Гэй !

Забівайце ў сэрца цвікі !

На зыходзе быцця

Гэй! Гэй !

Мы адчуем жыцця

Боль нясцерпны .

 

Лавачка Біла Клінтана

Ва ўрочышчы Курапаты ўстаноўлена мармуровая лавачка , якую падараваў Беларусі Прэзідэнт ЗША Біл Клінтан

Не шанцуе лавачцы Клінтана Біла .

Нечая рука яе зноў разбіла .

Грукнуў па ёй чарговы малаток ..

Нехта яе на сметнік завалок .

Ах , бедны-бедны містэр Біл ,

Хіба ты не ведаў , дэмакратыю хвалячы ,

Што на кожнага Біла знойдзецца дэбіл ,

Які ненавідзіць Білаву лавачку ?

Ты думаў ( дзе табе дэбілаў зразумець ? ) ,

Што лавачкі ставяць , каб іх з месца не краталі ,

Лавачкі ставяць , каб на іх сядзець .

Сядзець і думаць аб дэмакратыі .

Да нашых дэбілаў ты не дарос .

Дзе табе дужацца з імі ?

Загартаваў іх сібірскі мароз ,

Мазгі зрабіў ледзянымі .

Іхні вокліч любімы : “ Рота , плі !!! “ .

Для іх ты не станеш босам .

Яны рыцары страху і мёрзлай саплі ,

Што ўрачыста бліішчыць пад носам .

 

***

У Францыі напрыканцы 18 – га стагоддзя класічныя келіхі для віна вырабляліся адпаведна памерам і форме грудзей ( цыцак ) каралевы Марыі – Антуанеты . Цела каралевы з”яўлялася эталонам . А няблага , пэўна , было смактаць чароўнае віно і ў салодкіх мроях ўяўляць як ты цешышся з прыгажуняю каралевай пад залатым балдахінам каралеўскай апачывальні . Думаецца , што і якабінцы любілі гэткі занятак . Але гэта не перашкодзіла ім кінуць Марыю – Антуанету на эшафот у 1793 годзе .

Звонка шчоўкнула гільятына . Пакацілася прыгожая ганарлівая галоўка . Халодныя сухія вусны Максімільяна Рабесп”ера кранула ледзь прыкметная ўсмешка .

Перачытваю кніжкі , навуковыя і мастацкія , пра той грозна-велічны крывавы час , дыхаю навальнічным паветрам Вялікай Французкай Рэвалюцыі , а ў падсвядомасці , як дзікая лясная птушка , трывожна ўспырхвае радок : “ Разбілі келіх чароўны …”

 

***

У газетнай праграме тэлеперадачаў чытаю назву перадачы – “ Духовная война “ …

Няўжо ў “ Прощёное воскресенье “ ( 5 сакавіка 2006 года ) , калі ў праваслаўнай краіне , якой быццам бы з”яўляецца Рэспубліка Беларусь , патрэбна кожнаму і ўсім “ прощать “ , дараваць крыўды , на галоўным тэлеканале праваслаўны , калі верыць яму , публіцыст Азаронак зноў будзе , жорстка і агрэсіўна , весці перадачу “ Духовная война “ , пляжыць сваіх уяўных ворагаў , утоптваць іх у бруд ? Нейкі тэлевізійны крыжовы паход , дый толькі !

У апошні момант перадачу адмянілі . Усё – ткі знайшлася недзе “ наверсе “ светлая хрысціянская душа .

 

***

Аказваецца , Адольф Гітлер меў рост у 165 сантыметраў . Нічога ня скажаш , нядужа высокі арыец . Ды й бландзінам ён не быў . Вось табе , бабуля , і вышэйшая рАса .

 

***

Ня думай пра шчасце , ня думай пра гора .

Смяротныя мы пад праменнямі зор .

Сядзь ля агню . Раскажы як учора

Завея заходзіла з поля ў наш двор .

У пошумах ветру мы згубіліся .

Праз ноч мы плылі , як праз вякі .

А ў наша вакно біліся-біліся

Срэбна-блакітнага снегу клубкі .

Мяцельны таран грыміць безупынку .

Руку тваю грэю ў сваёй руцэ .

Ты – сняжынка … Я – сняжынка …

Ляцім …

Растанем на Божай шчацэ .

 

***

 

Усё ва ўсім . Усё праходзіць . Але і ўсё вяртаецца .

Гэта – МАЯ ФІЛАСОФІЯ . Я выпрацаваў яе САМ на сваім няпростым жыццёвым шляху .

Быў я камуністам . Быў лібералам . Сёння я хрысціянін – каталік . Я прыйшоў да Езуса Хрыстуса і , мне здаецца , што я ўжо не баюся смерці …

 

Песімістычнае

І ты памрэш … І я памру …

Мы новага жыцця зару

Ня ўбачым , хоць хацелі ўбачыць .

Ня будзе слёз і медных труб .

Над намі кнігаўкі заплачуць .

У небе зоркі , нібы сны .

Не зварухнецца сад начны .

І толькі там , дзе шэры змрок ,

Трымціць на яблыньцы лісток .

Я гэту яблыньку садзіў .

Каля яе ўвесь дзень хадзіў .

Пад цёмнай кронаю пастой –

І ты пачуеш голас мой .

 

***

 

П”ю каву . Не чытаю прэсу .

Ад тэлевізару адвык .

Я выпаў з творчага працэсу ,

Як са старога плоту цвік .

Ціхмяным стаў мой век шматбурны .

Аб вечнасці не сняцца сны .

Ляжаць пад лаваю катурны .

Больш не спатрэбяцца яны .

І толькі зрэдзь , у вечар цёмны ,

Калі няма агнёў , людзей ,

Прыходзіць верш , як боль фантомны ,

Ды ўсё радзей , усё радзей …

 

***

Сакавік 2006 году . У чарговым супроцьстаянні беларускіх місьменнікаў ( акыны – рамантыкі ) зноў перамагаюць акыны . Акыны спявалі дыферамбы савецкай уладзе , таварышу Сталіну , камуністычнай партыі … Рамантыкам “ сніліся сны аб Беларусі “ … Сёння акыны прысягаюць цвёрдай кіраўнічай руцэ . Рамантыкам сніцца” еўрапейскі шлях.” .

Сам я , па духу , па інтэлекце , рамантык . Але , жывучы на гэтай нікому ( акрамя Бога ) непатрэбнай зямлі , дыхаючы яе суровым паветрам , спатыкаючыся аб яе найцвёрдыя камяні , я здымаю капялюш перад акынамі . Хоць яны , вядома ж , перш – наперш , клапоцяцца пра сябе - свае выданні , кватэры , узнагароды , ганарары , але сваёй прысутнасцю на духоўна-палітычным полі Беларусі яны , акыны , зберагаюць ад знікнення наш святы , наш залаты скарб – беларускую мову .

 

Колькасць прачытаўшых: 1909
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел I
  • Раздзел II
  • Раздзел III
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007