Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел II

ЧЫзікі

 

Зноў чызікі па ўсім праспекце вісяць . Пэўна , нейкае свята чакаецца , - гаворыць мне мой знаёмы , прафесійны шафёр .

Не разумею яго . Ён смяецца :

Адпаў ты ад жыцця , Марцінавіч . Чызікі – гэта беларускія сцягі . Чырвона – зялёныя . Шафярня ў нашым гаражы іх так ахрысціла .

 

***

Мы жывем у час расколаў … Раскалоўся Савецкі Саюз . Раскалоліся камуністычная партыя і БНФ . Раскалоўся ( аж на тры часткі ! ) звонкагалосы ансамбль “ Песняры “ . Раскалоўся й наш Саюз пісьменнікаў . Ударыла даўно прагназуемая маланка , і ад тоўстага дубовага камля адляцела ўбок тонкая абвугленая трэска . ( На лістапад 2005 году , калі здарыўся раскол , сябрамі Першага Саюзу было , па словах Алеся Пашкевіча , 582 чалавекі. У Другі Саюз перайшло - ці мо перабегла – 53. І паціху працягваюць збягаць ... ) .

Вось такія падзеі . Рыба шукае дзе глыбей , пісьменнік дзе ганарарней . Ляжаў на градзе гарбуз , пераспеў , лопнуў , і з яго выпаў гарбузік . Быў творчы Саюз . Ад яго адкалоўся Саюзік .

Неба не рухнула на зямлю …

 

***

А той радзінны край ,

Як хлебны каравай .

Пячэ душу зіма ,

Калі яго няма .

Ён – сонцаносны храм .

Там бацькаў след . І там

Бялее дзьмухавец

Над рэчкай Мухавец .

 

***

Горкага лякарства вып”ю лыжачку ,

І на сэрцы стане саладзей ,

Вершы напішу і выдам кніжачку .

Можа й пачытае хто з людзей .

 

***

Пачытай мяне , пачытай .

Я пішу , а ніхто не чытае .

Пачакай мяне , пачакай

Пакуль свеціць зара залатая .

Прыдзе смерць . Змрок усё праглыне .

Ты ня ўбачыш мяне …

 

***

Прабач і даруй , што не ён твой муж ,

Хоць , як цень , за табою бегаў ….

Пялёсткі белых прыгожых руж

Зрабіліся проста снегам .

Кропля ліцвінскай крыві

Калі не спіцца табе

У цёмнай хаце тваёй ,

Калі сцены шкрабе

Вецер халоднай рукой ,

Устань . Ліхтар запалі .

Свой накіруй крок

Туды , дзе начныя палІ

Глытае трывожны змрок .

Пад кронай дубовай сядзь

На белы шурпаты валун .

І ў сэрцы тваім загучаць

Тысячы звонкіх струн .

І ярка ўспыхне агонь .

І ў ноздры ўдарыць дым .

Чырвоны ўбачыцца конь .

І грозны вершнік на ім .

Ён крыкне : - Ідзі да нас ,

Калі душою не спрах !

Усё тут наша ! І – Князь ,

І Воля , і Слова , і Сцяг 1

Усё тут наша ! Ідзі !

Ды зноў наплыве цішыня .

І толькі з-пад хмараў – ільдзін

Пачуецца тупат каня .

 

Зямля пасвятлее ўначы …

Вер ! Усміхайся ! Жыві !

Гэта ў табе крычыць

Кропля ліцвінскай крыві .

 

Шляхціц

Спіну бізуном ён крывавіў хлопу .

Кахаў паненак . Баляваў штодня .

Калі ж асманы пайшлі на Еўропу ,

Ускочыў на баявога каня .

І адбыліся ў жыцці перамены .

Не смакаваць больш паўнюткіх чар .

Яму ля сценаў места Вены

Піку ў сэрца ўсадзіў янычар .

Адкрыўся ў неба шлях незваротны .

У кветказ зямля плыла , у расЕ .

І зразумеў ён , што ён – смяротны !

Ён смяротны !

Такі , як усе .

 

***

Што такое смерць ?

Яе не трэба нам баяцца , людзі .

Проста – мы заснем ,

А Бог усіх разбудзіць .

 

Вайна

Баявымі калонамі –

З баявою песняй –

Пад крык аркестру –

Пад зорачкамі шрапнелі –

Раз – два ! Раз – два 1 –

І ўсе – ў магілу !

 

***

Усе народы - нацыяналісты ,

Як птушкі , свішчуць у сваім гняздзе .

Свой родны шлях , як Сонца шлях агністы ,

Усіх людзей да Бога прывядзе .

 

***

Калі-нікалі , у хвіліну духоўнай слабасці , мільгане ў галаве здрадлівая думка – а , можа , дарэмна па маладым легкадумстве саскочыў я калісьці з рускамоўнага літаратурнага цягніка , саскочыў , каб нырнуць у беларускія лугавыя кветкі , каб дыхаць імі , жыць імі , растварыцца ў іхнім акіяне ? Кветкі тыя скасіла бязлітасная вострая каса . Прахіндзеі туды смуроду напусцілі . Няма кветак . Ёсць голы , як дзедава лысіна , цвёрды , як цыганоў бубен , вытаптаны выкачаны заліты смярдзючай саляраю інтэрнацыянальны луг .

І ўсё-ткі – не , недарэмна ! Я там , дзе жыве беларускае слова . Літаратура Марыніных , Дашкавых , Акуніных і мясцовых нашых іхніх перапявалаў – не маё . Не звініць душа ад такой літаратуры . Не звініць .

 

Веча

Чуў , Рыгор ? За крамай , у канаве пад вярбой , веча збіраецца .

Што-што ?

Веча . Вячэраць мужчыны будуць . Скінуліся на “ чарніла “ . Ляксей Валадкевіч сала

абяцаў прынесці . Павел Кушнер каўбасся прывалачэ . Цягні сырыя яечкі , а я хлеб з соллю дастаўлю .

Праз тры гадзіны ў канаве пад вярбой ...

Я – князь ! Я – саўгасны брыгадзір , значыць , я – князь ! А ты , палявод , зашмаргні рот !

Ты – дзярмо на кіёчку ! Які ты брыгадзір ? Які ты князь ? Паглядзі на сябе ў лужыну .

Я – князь ! Зараз сюды прымчыцца мая дружына , і я разганю ваша веча !

На дохлай курыцы дружына прыедзе ? Ха-ха-ха ! Не смяшы людзей . Паўзі спаць .

Я – князь ! Вы , баяры , мяне гоніце , і я іду ад вас .

Ідзі – ідзі ! Ты нам патрэбен , як сабаку пятая нага .

Я – князь !

І гэтак – да самай ночы . А наўкол росна , цёмна , сумна ... Убіраецца ў сілу дваццаць першае стагоддзе .

 

І смех і грэх , або Каляндар нашага жыцця

На дварэ дажджыць і дажджыць ... 11 красавіка 2006 году Зіна , я і Рокі зрабілі спробу

“ прарвацца на дачу “ . Але на слізкай мяккай дарозе метраў за сто ад дачнага пасёлку забуксавалі . Выцягвала “ Тэхдапамога “ . Аб дзверцы яе кабіны Зіна моцна параніла вялікі палец левай рукі .Вярнуліся ў Мінск . Зіна паехала ў лечкамісію .Ёй наклалі на зламаны палец “гіпс” . Вось такая атрымалася “паездка на дачу “ .

Дажджыць ... Дажджлівае надвор”е ... Дажджлівае жыццё ...

 

***

У сакавіку 415 году ў горадзе Кесарыёне ( каля Александрыі Егіпецкай ) забілі прыхільніцу “ элінізму “ , выкладчыцу матэматыкі і філасофіі , вельмі прыгожую жанчыну

Іпацію . Схапілі на вуліцы за валасы , за рукі – ногі , прывалаклі па гарачым пяску ў цэнтр гораду , замардавалі , садралі скуру вострымі марскімі ракаўкамі і на лобным месцы спалілі труп . “ Эліністамі “ называлі ў той пераломны час язычнікаў , людзей , якія захавалі вернасць Зеўсу і Платону , Арыстоцелю і Апалону , беламармуровай велічы старадаўніх храмаў і святой таямнічасці мудрых папірусавых скруткаў ...

Забойцамі былі хрысціянскія манахі і параваланы . Хто такія параваланы ? З літаратуры вынікае , што гэта – служкі пры царкоўных шпіталях і прытулках , сённяшнія , так мовіць , медбраты . Вось гэтыя “ медбраты “ і адправілі на той свет “ сястру “ . ( Прабачце за суровы гумар . ) .

Пэўна ж , тужлівай смяртэльна спалоханай чайкаю віўся над горадам роспачны жаночы крык , трашчалі тонкія костачкі , а манахі з параваланамі білі – білі – білі ... Не будзь такой разумнай ! Не памятай тое , што непатрэбна ! У – у - у хх !!! У – у - ухх !!!

Не ведаю чаму , але , пішучы пра далёкую Іпацію , я ўспамінаю нашу Іпатаву . Дзе ты зараз, Вольга Міхайлаўна ? Што з табою ? Якія “параваланы “ рвуць тваю тонкую чуллівую душу ? Ты й славутая пісьменніца , ты й былая наша пісьменніцкая начальніца і прыгажуня, якіх пашукаць . Усе мы , мэны-нацмэны , здымалі і здымаем перад табой капялюш .

Адкладзі ўбок свае пісьмёны , сястра , прыслухайся ... Ці не грымяць за вакном цяжкія няўмольныя крокі “духоўных “ параваланаў ?

 

***

Мой добры свет , няўжо ты знік ,

Склаў залатыя крылы ?

Няўжо злавесны чараўнік

Забраў твой воблік мілы ?

Там цёплы вецер біў у скронь .

Гуў акіян калосся .

Там смех звінеў . Гарэў агонь .

Святло ў душу лілося .

Там шляхціц у крывавы год

Клаў галаву на плаху .

Там ( кажуць кнігі ! ) жыў народ ,

Які не ведаў страху .

 

 

Кот Байкот

Ах , які няўдалы год !

Не было гадоў цяжэй .

Аб”явіў наш кот байкот –

Перастаў лавіць мышэй .

Бай нам , кот ,

Пра байкот .

На мышэй я не палюю .

Ім партрэты я малюю .

Тры даляры за партрэт .

І – гуд бай , ад”ю , прывет !

Бай , кот ,

Пра байкот .

Я мышэй лавіць не буду .

“ Віскас “ я сабе здабуду .

На мышэй я не хаджу .

Тэлевізар я гляджу .

Бай , кот ,

Пра байкот .

Я разумны . Я вучоны .

Сябрам Партыі Зялёных

Стаў . Ці ж можа гэткі Кот

Забіваць жывых істот ?

Бай , кот ,

Пра байкот .

Я вучыўся ў школе слыннай .

Не кацІнай , а мышынай .

Мышак я люблю вясёлых .

Я – дырэктар іхняй школы !

Бай , кот ,

Пра байкот .

Я – мудрэйшы кот на свеце .

Але трэба спаць вам , дзеці .

Закрывайце вочкі , рот .

Аб”яўляйце мне байкот .

 

Крык на лузе

( З украінскага гумару )

... – Гэй , малы !

Скажы малому –

Хай малы

Малому скажа

Хай малы

Каня прывяжа

 

Акуратны каратыст

Надта ж чыстая рука

І нага , што таньчыць твіст .

Ў вока б”е без сіняка

Каратыст-акуратыст .

 

 

Вольны пераклад з расійскай мовы

“ Не скрою , есть еще семейки ,

Где с умилением глядят

На заграничные наклейки ,

А сало русское едят “ .

Сяргей Міхалкоў

Ёсць – ёсць у нас яшчэ Эзопы ,

Што утварылі антыеўрапейскі фронт –

З усіх экранаў дзень і ноч дзяўбуць Еўропу ,

А дома робяць у сябе ЕЎРАРАМОНТ .

 

***

У дзюбы сваіх паляўнічых коп”яў і стрэлаў абарыгены трапічнай Афрыкі ўкладваюць жывых куслівых насякомых – пчол , восаў , чмялёў , шэршняў ... Прымхлівыя абарыгены ўпэўнены , што такім чынам рэзка ўзмацняецца сіла і эфектыўнасць удару .

Не хацелася б каб у мяркуемым саюзе з Расіяй нашай Беларусі адвялі ролю гэткага “баявога” насякомага . І ў сувязі з гэтым -

Глянь на карту , сівы ветэран ,

І ты ўспомніш баі і акопы .

Беларусь – расійскі таран ,

Што ўпіваецца ў цела Еўропы .

Божа , што нам з Еўропай дзяліць ?

Мы не хочам таранам быць !

Божа , дай , каб не грукаў гром ,

Каб не выў смяротны фугас .

Увядзі ў Еўрапейскі Дом

І зрабі еўрапейцамі нас !

 

Парадаксізмы

Праспект Незалежнасці ад Скарыны .

Нас з Еўрасаюзам 466 мільёнаў !

На сценах рукамыйнікі ,

На сцэнах рускамоўнікі ...

* “ Дзеяслоў “ не для аслоў .

 

Няўмольныя

Гісторыю робяць моцныя людзі . Як лазерны прамень , як таран , яны б”юць і б”юць у адным накірунку , не адхіляючыся ні на ёту ад пастаўленай планкі прыцэлу . Яны не ведаюць, што такое слёзы . Іхнія слёзы высахлі яшчэ ў дзяцінстве , чужыя ж слёзы для іх марская салёная вада .

Візантыйскі імператар Юстыніян Другі і кароль Іспаніі Піліп Другі ... Жылі ў розныя эпохі . Дыхалі розным паветрам , але родняцца між сабою цвёрдай няўмольнасцю .

У верасні 685 году пасля смерці імператара Канстанціна ўлада ў Візантыі перайшла да ягонага 16 – гадовага сына Юстыніяна . Яму , нецярпліваму , заўсёды хацелася быць толькі першым , але ён ( заўсёды ! ) быў толькі другі . Ён быў кволым ценем вялікага Юстыніяна , што цвёрда кіраваў калясніцай імперыі з 527 па 565 год , адваяваў Паўночную Афрыку ў вандалаў, Італію ў остготаў , жорстка падавіў паўстанне “ Ніка “ у Канстанцінопалі ў 532 годзе , сабраў і кадыфікаваў законы рымскага права , фактычна аднавіў Рымскую імперыю .

Парадокс імператарскага і проста чалавечага жыцця Юстыніяна Другога ў тым , што нічога ў яго не атрымлівалася . За што б ён ні браўся , прычым , браўся з аглядкаю на Юстыніяна Вялікага , з жаданнем зрабіць добрае сваёй дзяржаве і свайму народу , усё выходзіла наадварот . Нейкі злы геній кружыўся над ягонай галавою , сляпіў гарачую душу . Ён пасварыўся з рымскім папам , са сваім чынавенствам і саноўнікамі . Крыкуны на іпадроме дружна зневажалі яго . І тады Юстыніян ухапіўся за адзіную , як яму здавалася , саломінку , што павінна была ўзняць ягоны аўтарытэт – за Жорсткасць . Ён ( ягоныя кАты ! ) “ тушыў “ людзям вочы , гэта значыць , вырываў іх з вачніц , адразаў насы , адсякаў рукі і ногі , кастрырываў ... Візантыя залілася крывёю . Вакханалія скончылася палацавым пераваротам. .У ліку ахвяраў Юстыніяна быў славуты водца войскаў Лявонцій . Тры гады гніў ён у турме , ды раптам яму далі карабель , войска і загадалі неадкладна плыць у Эладу , каб падавіць там мяцеж . Дзіўны загад ! Свайму ворагу ўклалі ў руку меч . Лявонцій , вядома ж , паплыў , але паплыў абсалютна не ў тым накірунку – ён высадзіўся ў Канстанцінопалі , начале раз”юшаных народных натоўпаў увайшоў у сталіцу . На плошчах і вуліцах грымеў кліч : “ Ды будуць нізрынуты косткі Юстыніяна ! “. Імператара скінулі з трону . З гэтага дня ён зрабіўся Юстыніянам Рынатметам , г. зн . “ З абрэзаным носам “ . Лявонцій пашкадаваў яго , не забіў , але саслаў у Херсанес Таўрыцкі - так у тыя часы называўся паўвостраў Крым . ( Во ! Некалі Крым быў Магаданам ! ) .

Абарыгеннае насельніцтва Крыма было пярэстае – грэкі , хазары , готы ... Усе яны прызнавалі пратэктарат Візантыі , але імперскіх гарнізонаў у гарадах не было . ( У звязку з гэтым , мне прыпамінаюцца словы маскоўскага мэра Юрыя Лужкова : “ Крым – русская земля! Севастополь – русский город ! “ . Паважаны Юрый Міхайлавіч , я , беларускі белетрыст , аб”яўляю Крым грэцкай і ( увага – ахтунг ) нямецкай ( ! ) зямлёю , бо яшчэ ў 3 – 4 стагоддзях н. э. на сонечным паўвостраве жыло германскае племя остготаў . Пра Русь тады ніхто наогул не чуў , і погаласу пра яе не было ! ) .

Закінуты воляй зменлівага лёсу на самую айкумену тагачаснай цывілізацыі , Юстыніян жыў з адзіна-адзінаю мэтай – вярнуцца ў Канстанцінопаль , адпомсціць ! Дзеля гэтага трэба было хітраваць , прыкідвацца прасцячком , блазнам , жаніцца на дочцы мясцовага хазарскага хана-тудуна , размаўляць на мясцовых мовах , есці ў гасцях у тубыльцаў напоўсырую каніну ... Усё гэта ён рабіў з вялікім стараннем , можна сказаць , з любоўю . І дамогся свайго.

Тым часам на Палатыі ў Канстанцінопалі ўжо ўладарыў Апсімар , які скінуў Лявонція , адрэзаў яму нос і зачыніў у турме . Гэты Апсімар ( па паходжанні гот ) звярнуўся да хазарскага хана з патрабаваннем выдаць альбо Юстыніяна , альбо мёртвую Юстыніянаву галаву . Хан паслаў у гоцкі горад Дорас ( горны Крым ) , дзе знаходзіўся Юстыніян , свайго вернага слугу Панацыя з загадам схапіць экскесара . Але ў час абеду Юстыніян уласнаручна

( ! ) задушыў няўдаліцу-слугу і з купкаю сваіх аднамыснікаў паімчаўся на конях да мора , дзе ўжо чакаў рыбацкі човен . На гэтай хісткай шкарлупіне яны аддаліся хвалям , паплылі ўздоўж берагу на захад , туды , дзе нязгасна і неадступна ззяла зорка Канстанцінопалю . “ Хутчэй ! Хутчэй ! “ – шаптаў Юстыніян ...

І вось ударыў начны шторм ! Нібы расчыніліся дзверы пекла . Які вар”ят даў гэтаму шалёнаму мору імя Понт Эўксінскі – Гасціннае Мора ? Яно раўло , грымела , кіпела , кідала на човен вострыя цяжкія клыкі хваляў ... У хвіліну найвышэйшага жаху , калі здавалася , што вось-вось іх паглыне Аід , мярзотны сын Кронаса і Рэі , адзін са спадарожнікаў Юстыніяна Міакій усклікнуў : “ Нам пагражае смерць , уладар ! Дай зарок Богу за сваё выратаванне , скажы , што калі Бог верне ў твае рукі тваё царства , ты не будзеш помсціць нікому са сваіх ворагаў ! “ .

І ў адказ прагучалі словы , дзеля якіх , у сутнасці , я й прапанаваў вам , шаноўныя , гэты аповяд . Гледзячы на раз”юшаныя мора і неба ( а гэта быў адзіны дзікі клубок ) , Юстыніян горача выдыхнуў : “ Калі я пашкадую хоць каго-небудзь з іх , няхай Бог мяне зараз жа ўтопіць ! “ .

Яны ацалелі . Вецер прыбіў іх да балгарскага берагу. Там Юстыніян заключыў дамову з балгарскім ханам , паабяцаўшы ледзь не палову імперыі , калі той дапаможа вярнуць трон . З балгарскім войскам , на конях і на вярблюдах ( ! ) , падступілі да сценаў рамейскай сталіцы . Ейныя жыхары зверху крычалі зняважлівыя словы , пляваліся , лілі мачу ... Уначы Юстыніян са жменькай смельчакоў пралез у горад па вадасцёчнай трубе . У трубе дзіка выў вецер , цякла на твары чорная смярдзючая вада .

Ён захапіў палац , ён захапіў увесь Канстанцінопаль . І адразу ракою шуганула кроў , пачаліся масавыя пакаранні . За дзесяць гадоў ссылкі , за знявагі , за абрэзаны нос Юстыніян помсціў жорстка і вытанчана , з садысцкай насалодаю . Ён знішчыў тысячы ( ! ) пашанотных візантыйскіх сем”яў ; прычым , высякаўся ўвесь род да самага маленькага карэньчыка – дзяды , бацькі , дзеці , унукі-праўнукі ... Гэта быў вадаспад крыві . Людзям выколвалі вочы , людзей кастрыравалі , як жывёл ... Вядома ж , урэшце рэшт , галава самога Юстыніяна таксама , быццам пераспелы кавун , скацілася з плячэй .

Яшчэ адзін наш “герой” – кароль Іспаніі Піліп Другі . З дынастыі Габсбургаў . Сядзеў на іспанскім троне з 1556 па 1598 г.г. Улюбёнай дочкай ягонай душы была ... інквізіцыя . Любіў кароль пах ( прабачце ) падсмажаных на інквізітарскіх вогнішчах чалавекаў . Адзін , бачыце, любіць труфелі , другі – бульбу з селядцом , а гэты ...

Пры Піліпе Другім інквізіцыя рабіла ўсё , што ёй ўздумаецца . “ Інквізітары , - пісАў сучаснік , - былі ў становішчы рыбалова , які , закінуўшы невад з вялікай цяжкасцю можа цягнуць яго , бо той ірвецца ад цяжару рыбы , што ў яго патрапіла “ .

Асабліва святочным і напышлівым было аўтадафе ( прынароднае спаленне ерэтыкоў ) у Вальядалідзе 8 кастрычніка 1559 году . На плошчы перад саборам Святога Францыска была ўзведзена платформа , высцеленая дыванамі і яркімі арнаментамі , на якой сядзелі члены судзілішча . Насупраць яе на каралеўскім балконе сядзеў Піліп Другі з інфантам донам Карласам і прынцэсай Хуанай , з грандамі каралеўства і замежнымі пасламі . Пасярэдзіне чакаў ахвяраў велізарны эшафот .

Вялікі інквізітар Фернанда Вальдэс пачаў прыводзіць караля да прысягі .

- Ваша вялікасць , - грамавым голасам сказаў ён , - ці клянецеся вы крыжам шпагі , на які абапіраецца ваша каралеўская рука , вечна падтрымліваць інквізіцыю супраць ерэтыкоў , адступнікаў і іхніх абаронцаў ?

Клянуся , - гучна прамовіў кароль .

Пачалася лютая кара . Той , хто згадзіўся прыняць споведзь , былі задушаны , а потым спалены . Толькі двое ўпарціліся да самага канца – не захацелі спавядацца перад смерцю . Іх чакаў агонь . Ідучы на эшафот , дон Карлас дэ – Саса , фларэнтыйскі шляхціц-пратэстант , спыніўся насупраць каралеўскага балкону і аслабелым ад шматдзённых катаванняў голасам спытаў у караля :

Навошта ты мучыш сваіх падданых ?

Калі б мой сын , - адказаў Піліп , - быў ерэтык , я сам бы расклаў вогнішча ,каб спаліць

яго .

***

... Палавы акт . Мужчына вывяргае з сябе 500 мільёнаў ( ! ) сперматазоідаў . Жаночая плоць сустракае гэты ўсёсакрушальны Везувій толькі адной – адзінай ( ! ) яйкаклеткай . І ўспыхвае новае Жыццё ! Тое , што праз дзевяць месяцаў станецца чалавекам , з якога вырасце двухмятровы баскетбаліст , або крохкая пяшчотная балерына , мае памеры ігольнага вушка .

І пасля гэтага нейкі дзікун гундосіць , што Бога няма .

 

Снежнае

Ля цёплых агнёў не шукаю начлегу .

І не баюся мяцеліцы лютай .

Я – Імператар Імперыі Снегу .

Снег для мяне – валюта з валютаў .

Ён для мяне падушка і коўдра ,

І парасон , і зіхоткая шпага ,

Следу птушынага шматрадкоўе ,

Белых шляхоў неадольная прага .

У лесе зімовым ад снегу кашлатым

Не дапушчу ( хоць забі ! ) рэвалюцый .

Сеў на пень , як на трон імператар .

Сняжынкі , як фрЭйліны , роем віюцца ...

 

***

Старэю ... Вясны не чакаю .

Нішто мяне болей не грэе

З таго , што пішу і чытаю .

Старэю ... Стаміўся ,

Балюча стаміўся душою .

А некалі голас мой віўся

Над змітраўскай нашай шашою .

Быў юны і звонкі мой голас ,

І радасна-свежы .

Хоць быў я галодны і голы ,

Ды свет мне належыў !

Я быў малады , як трава .

Я быў уладар свайго часу .

А сёння мая галава

Ссівела-злысела дачасна .

Зубы з роту ўцяклі ,

Аслаблі калені ...

Пайшоў праз лясы , праз палі

Мой вецер вясенні .

І ліпеняў , і маЁў

Паснула зялёнае вецце .

Не вернецца ў сэрца маё

Вецер .

 

Віка Мароз

Дзяўчынка не хоча вяттацца дадому .

Холадна-холадна сэрцу малому .

Ды пасадзілі яе ў самалёт ,

Вязе яе радасны дзядзька пілот

У беларускі дзіцячы дом .

Знікае Італія пад крылом .

Унізе – пяшчотнае мора і горы .

Там сінія хвалі аб шчасці гавораць .

Там кветкі гараць шматкалёрным агнём .

Наперадзе - строгі дзіцячы дом .

Яна пазірае ў ілюмінітір

На снежныя полчышчы хмараў кашлатых .

Аб чым яна думае ? Невядома .

Холадна-холадна сэрцу малому .

30 верасня 2006 г .

 

Жабрак

Ты , як усе , быў запрошаны Богам

На гэты зямны баль .

Ды паўз твае вусны

Пранеслі кубак з віном .

Вецер гнілою рамаю хруснуў ,

Улез у пустынны дом .

У доме жыве вецер .

Там не жывеш ты .

Спявае , плача вецер .

Не спяваеш , не плачаш ты .

У чорнай булькотнай рэчцы

Сядзяць жаба і рак .

Ты нават там жытла не маеш .

Ты – жабрак .

Ты – жабрак .

У мінулай эры ты слухаў на ўроках

Як змагаюцца людзі за мір .

Ільдзістым спакуслівым вокам

На цябе пазірае вір .

Аддайся яму ,

Бо ты жабрак .

Цябе чакаюць

Жаба і рак .

 

Колькасць прачытаўшых: 835
Колькасць вогдукаў: 4

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Раздзел I
  • Раздзел II
  • Раздзел III
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007