Кульгавая Земфіра
Уначы з дзевятага на дзесятага мая ў лясной вёсцы Бярозавае Балота згарэў клуб . Успыхнуў , як свечачка . Люді залівалі агонь вёдрамі , сыпалі пясок . Недзе праз гадзіну прымчалася пажарная машына з Асіповічаў , але сухія бярвенні ўжо стралялі чырвоным вуголлем , а дым віўся , як жоўта-сіняя завіруха . “ Сушы шлангі “ , - змрочна сказаў галоўны раённы пажарнік Піскуновіч і сплюнуў .
А лямант стаяў вялікі . Справа ў тым , што ў клубе акрамя вечарыны прысвечанай Дню Перамогі праходзіў міжрэгіянальны фінал “ Міс Залатое Поле “ , г. зн . абіралася самая прыгожая маладая сялянка Бабруйшчыны . Дваццаць прыгажунь-канкурсантак з”ехалася ў Бярозавае Балота , і вось такая неспадзяванка .
Прыгажуні , злёгку абпаленыя , у сажы , у драпінах , у парваных дарагіх сукенках стаялі , збіўшыся ў гурт . Шмат хто плакаў .
Следчы раённай пракуратуры Сямён КарАба прыджгаў на месца пажару на сваім старым “Масквічы “ , абыйшоў наўкол папялішча , сказаў дзяўчаткам :
Годзе румзаць . Да вяселля зажыве . Дзякуй Богу , што ўсе ў цэласці .
Потым ён пашаптаўся са сваёй мясцовай “ агентурай “ – каго пачаставаў цыгарэцінай , каму памахаў кулаком пад носам – і рашуча пакіраваўся да невялікай белацаглянай хаткі , на якой вісела шыльда “ Атэлье “ . Ён патузаў дзверы . Было зачынена знутры . Тады Караба грукнуў кулаком у цёмнае вакно :
Земфіра , выходзь !
У адказ было маўчанне . Ён ударыў мацней , аж шыбы зазвінелі .
Выходзь ! Я ведаю , што ты там ! Не змушай мяне лезці ў вакно !
Праз хвіліны тры- чатыры дзверы нясмела адчыніліся . Караба рыўком увайшоў-ускочыў у атэлье , адным махам рукі знайшоў у цемры на сцяне ўключальнік , запаліў электрасвятло .
Вельмі-вельмі прыгожая дзяўчына гадоў дзевятнаццаці , чарнявая , высокая , з гнуткай вабнай таліяй , з ямачкамі на свежых пунсовых шчоках стаяла амаль побач з ім , пільна пазірала на яго бліскучымі карымі вачымі . Караба аж уздрыгнуў .
Ты зрабіла гэта ? – спытаў ён .
Я , - адразу ж прызналася Земфіра .
Яна адвярнулася ад міліцыянера , пайшла да супроцьлеглай заклеенай прыгажунамі з ” Плейбою “ сцяны . Яна вельмі моцна кульгала , аж прыпадала на правую нагу . У гэтай сваёй кульгавасці яна была падобная на свойскую птушку качку .
Караба ведаў яе гісторыю . Была першай прыгажуняй вёскі , выдатна вучылася ў школе , збіралася паступаць у інстытут у Мінску , каб стаць актрысай . Хлопцы віліся наўкол яе , як пчолы ў сонечнае надвор”е каля меданоснай ліпы . Аж гуд стаяў ! А потым адзін з іх , Сяргей Цапік , павёз яе катацца на сваім новым матацыкле . Паімчаліся лясной дарогаю , па карэннях , па выбоінах ! Зялёныя галінкі маладых бярозак хвасталі ў твар . Разляталіся птушкі . Хрупацелі шышкі пад коламі . Цапік не ўтрымаў цяжкі матацыкл , з усяго лёту ўрэзаўся ў дуб . Сам памёр на месцы , Земфіра ж , пакідаючы за сабою сцежачку крыві , доўга паўзла па лясной дарозе , крычала ... З таго часу і пачалі яе зваць Кульгавай Земфірай , бо косткі на назе зламаліся так , што не дапамаглі ніякія спіцы , ніякія шыны , ніякія ўрачы...
Сямён Караба глядзеў на дзяўчыну , і дзіўнае пачуццё авалодвала ім . Перад ім была злачынца , якая абліла бензінам і падпаліла клуб , яе неабходна было зараз жа арыштаваць , везці ў раён на допыт , але нешта не давала суроваму міліцыянеру скаваць злым жалезам гэтыя прыгожыя юныя рукі . Ён кашлянуў :
Навошта ты зрабіла гэта ? Там жа – людзі ...
Цень вострай пакуты нібы пераламаў на дзе часткі дзявочы твар . Зефміра раптам гучна заплакала , кульгаючы , падыйшла да Карабы , уткнулася носам у ягоны пагон :
Дзядзечка , а чаму ім можна , а мне – не ?
Ён спачатку не зразумеў аб чым вядзе гаворку гэтая жорстка пакрыўджаная лёсам дзяўчына .
Чаму ім там у клубе , на сцэне , перад людзьмі , можна , а мне нельга ? – плакала яна .
Нарэшце міліцыянер даўмеўся якія вострыя балючыя цвікі прабіваюць гэта пяшчотнае сэрца . Ён пагладзіў яе па галаве , быццам сваю дачку Галю .
Не плач , Земфірка , - дрогкім голасам сказаў ён , - Дасць Бог , вылечаць урачы цябе .
Будзеш бегаць на танцы , замуж за добрага хлопца выйдзеш . Міс усёй Беларусі станеш .
Ой , не стану , дзядзечка , ой , не стану, - яшчэ гарчэй заплакала Земфіра . Яна аж
калацілася .Цёплыя слёзы цяклі па шчоках .
Караба як мог суцяшаў яе . “ А чаму я павінен арыштоўваць гэту дзяўчыну ? – раптам падумалася яму , - Знойдуцца іншыя , хто арыштуе . Шмат знойдзецца . Чаму я навогул арыштоўваю гэтых людзей , гэты вясковы народ ? Яму ж ніколі не давалі жыць ні паны , ні камуністы , ні цар , ні Машэраў . З яго толькі цягнулі і цягнуць падаткі . А як і дзе ён жыве нікога не цікавіць . Усе , хто нейкім чынам вырваўся ўверх , у начальства , б”юць гэты ціхі сціплы народ зверху па галаве . А бацька хацеў , каб я вывучыўся на лясніка “ .
Ён выключыў святло , шэптам сказаў Земфіры :
Пайшлі адсюль . Я цябе не бачыў , і ты мяне . Зараз я завязу цябе да тваёй цёткі Зосі ў
Стаялы . Будзе табе алібі . Памыйся там , прычапурыся , у краму схадзі , каб людзі
ўбачылі . А я тут са сваімі хлопцамі перагавару . У клубе дужа ж старая электраправодка была . Ды й сам ён увесь гнілы . Тут яшчэ цар Гарох свае спектаклі ставіў .
***
І я быў камуністам .
Ну й што ?
Маршыраваў па шляхах камяністых ,
Спяваў і нават насвістваў
“ Інтэрнацыянал “
( Яго на беларускую мову
Пераклаў Янка Купала ) .
У тых , спадарства , умовах
Быць некамуністам не выпадала .
Я быў рэалістам .
Я быў камуністам .
Гарэлі-палалі над зямлёй
Кастрычніцкія штурмы ,
Першамайскія ранкі !
Чалавецтва
Хварэла
Вятранкай .
Хварэла разам са мной .
Самурай
У самурая рана старая
Моцна баліць , не зажывае .
Ды ён у рану ўцірае соль ,
Каб найвастрэйшы зведаць боль .
У самурая лук і стрэлы
Жыццё адымаць у таго , хто нясмелы .
У самурая два мячы
Простаму люду галовы сячы .
Ён вас пераможа , хоць вас мільён ,
Бо не баіцца смерці ён .
Ворага – ў пекла ! Сам – у рай !
Вось што такое – самурай .
“ Геродот , да не тот “ , - сказаў мне мой “ унутраны рэдактар “ , перадрукаваўшы і перачытаўшы мае “ Герадоцінкі “ . ( З часоў сацыялістычнага рэалізму ўсе такія рэдактары – рускамоўныя . Л. Д . ) . И не кисни , не кисни . Привыкай к правде-матушке . Или ты хочешь, чтобы я вонзил в твою полусонную душу жало жалости ? “ .
Новая моладзь
Хто аб царскіх міласцях моліць ,
Хто віном сумленне палошча ,
А ўжо новая моладзь
Выйшла на плошчы .
Моладзь новая , новая , новая !
Як рака залатая вясновая .
Як маланкі страла перуновая .
Моладзь новая !
На радзіме яе не песцілі .
З самых мудрых экранаў бэсцілі .
І прайшла яна праз Акрэсціна * ,
Каб шляхамі ісці еўрапейскімі .
Младзь новая , новая , новая !
Як рэакцыя выбуховая
На фальшывае , на прымусовае .
Нібы карты , яе растасоўвалі .
У глухія куточкі засоўвалі .
Ды з начнымі змагаецца совамі
Беларускі Наш Дом выбудоўвае
Хай спрачаецца ! Хай змагаецца !
Хай цалуецца ! Хай кахаецца !
Хай да неба песня ўзвіваецца !
Будзь здаровая ,
Акрэсціна – вуліца ў Мінску
З усіх відаў паэзіі ( рамантычная , патрыятычная , лірычная , “дацкая “ , гэта калі вершы спецыяльна пішуцца да нейкіх юбілейных датаў ) паэзія “ туалетная “ стаіць як бы навотшыбе. Вы , напэўна ж , здагадаліся пра які від , а , магчыма , й падвід народнай паэзіі я пачаў гаворку . Не ведаю ці напісаў хто пра яе кандыдацкую альбо доктарскую , але ж яна існуе , як існуюць тысячы й тысячы рознай камфортнасці туалетаў у нашай неабсяжнай краіне . Сядзіш альбо стаіш , чытаеш ... Нехта з вымушаных чытачоў такой незапланаванай паэзіі ўрэшце рэшт не вытрымлівае , і тут жа ў павучанне нашчадкам з”яўляецца двухрадковы перл :
Грош цана таму паэту ,
Хто піша тут , а не ў газету .
Але ўсе супакойваюцца , разыходзяцца-раз”язджаюцца па сваіх жыццёвых нішах , а
“ нятленка “ працягвае завабліваць усё новых і новых чытачоў . Нішто ёй не ўказ .
Даводзілася і мне ( я ж таксама жывы чалавек з усімі біялагічнымі функцыямі арганізму ) чытаць падобнае . Набяруся смеласці і працытую “ шэдэўр “ , які я прачытаў у туалеце філалагічнага факультэту Беларускага Дзяржаўнага універсітэту імя У . І . Леннін ( ! ) яшчэ , як кажуць , за савецкім часам :
Як не круці – без ананізму
Нам не дайсці да камунізму .
Прабачце , і будзьце здаровыя .
Камунізм , як ледавік часоў вялікага аледзянення . Людзі , нашы продкі , думалі , што ён вечна будзе ўзвышацца над Зямлёй , валодаць ёю . Ні агонь , ні вецер , ні ледаруб не бралі яго. Ды ён растаў , расплыўся , знік сам па сабе . Толькі дзве – тры лужынкі засталіся ...
Марыя Магдалена
Згарае горкі дзень імгненна .
Кладзецца змрок на белы плашч .
Не плач , Марыя Магдалена .
Не плач .
Тваё распуснае дзявоцтва
Плыло- цякло , як чорны сон .
Ды чысты і нябеснавокі
З”явіўся Ён .
І Божы быў і чалавечы
Ўсёдаравальны позірк той .
Ён рукі ўсклаў табе на плечы ,
Назваў сястрой .
І ты душою адагрэцца
Змагла , успыхнула наўздзіў .
Як быццам ружаў куст у сэрцы
Ён пасадзіў .
Святой любоўю Ён іскрыўся ,
Вёў вучняў праз смяротны змрок .
З ягоным крокам побач віўся
Твой лёгкі крок .
І вось – Сусвет у катастрофе !
Бы ў ліхаманцы ты гарыш .
Грымяць сякеры . На Галгофе
Майструюць крыж .
О , мой Найсветлы , Найсумленны !
Здзяўбе жывую плоць крумкач !
Патухне дзень . Пад небам чорным
Замоўкнуць зыкі рымскіх труб .
Заваляць камнем у пячоры
Халодны труп .
Засне Пілат , нікчэмны злыдзень
З душой куслівага сляпня .
Над Галілеяй зорка ўзыдзе –
Твая сляза .
А ўранні – зазвініць жалеза ,
Адкоцяць камень па жарстве .
І ўсім вякам ты крыкнеш : - ЕЗУС
ЖЫВЕ !!!
У Змітраўцы
Тут з неба мой зляцеў анёл .
Спявала тут душа Лявонава !
І гэты лес , і луг , і дол –
Мая Арына Радзівонаўна .
Ні на кога не крыўдую .
І ні кога я не хаю .
Сціхаю ...
Вежу жарсці не будую .
Бессмяроцця не шукаю .
Знікаю ...
Частушкі
Не драўляныя .
І не жалезныя .
А мы хлопцы – беларусы
Незалежныя .
І мабільныя ,
І сексапільныя .
А мы дзяўчаткі – беларускі
Ў сексе пільныя .
Памяці Івана Шальманава
Калоў дровы –
Таму сёння нездаровы , нездаровы .
Баляць косці –
У маім непіянерскім узросце .
Не засну я ,
Не заплюшчу свае вочы ,
Бо сякера ўсё грукоча
І грукоча .
Як памру ,
Пайду ў смяротны змрок суровы
Калоць дровы –
Калоць дровы ...
Аматарам “ смажанага “
Як ні ўбівайце вы кліны ,
Мы ўсе адной зямлі сыны –
І беларусы , і яўрэі .
Адно нас сонца шчодра грэе .
І ёсць у нас Змітрок Бядуля –
Усім антысемітам дуля
Дайнекіяда , або Адкуль пайшлі – павяліся ліцьвіны
У студзені 2004 году на востраве Кіпр у падзямеллі рыцарскага замка Калосі мне ўдалося адкапаць піфас ( старадаўні бронзавы збан ) , у якім я знайшоў пергамен , уласнаручна напісаны маім славутым продкам Дыянекам і ягонымі шматлікімі нашчадкамі . Думаю , шаноўнае спадарства ведае хто такі Дыянек , я ўжо расказваў пра яго . А тым , хто не ведае , але хоча ведаць , напомню – гэта гераічны ўдзельнік Марафонскай бітвы ( 490 год да н . э . ) ,
Заснавальнік роду Дайнекаў – Марафонскіх .
Пергамен , на вялікі жаль , дрэнна захаваўся . Рыцары , якім належаў замак Калосі , стаміўшыся ад бітваў з сарацынамі і ад нясцерпнай гарачыні , пачалі займацца вінаробствам , наладзілі вытворчаць цудоўнейшага салодкага віна “Камандарыя “ . Я піў яго . Смаката ! Язычок пракаўтнеш ! Карабель за караблём грузілі рыцары віно ў Еўропу . Ды й самі да яго часцяком ( а , калі дакладней ) , кожны дзень і кожны вечар прыкладваліся . Ці да пергаменаў ім было ? Пэўна , падчас адной такой пагулянкі , калі “Камандарыі “ было выпіта вышэй вушэй , і нахіліўся змарнелы жаўнерык над піфасам , падмачыў Дыянекавы пісьмёны.
Бог , як кажуць , яму суддзя .
Такім чынам , “ Дайнекіяду “ я буду друкаваць кавалкамі-фрагментамі . Нешта давядзецца апускаць , нешта дадумваць . Звыклы літаратурны працэс . Справа тэхнікі . “ Гані струмень ! “ – як самаўпэўнена пасміхваюцца сярэдне таленавітыя , але “ распродаваемые “ аўтары міліцэйскіх дэтэктываў і жаночых раманаў .
Разглядваючы пад лупаю знішчаныя знявечаныя бязлітасным часам рэшткі пергамену я інтуітыўна-пункцірна ўлавіў нітачку лёсу Дайнекаў-Марафонскіх . Сам Дыянек , хутчэй за ўсё , трапіў у палон да персідскага цара Ксеркса . Нашчадкі ягоныя рассЫпаліся па ўсім Міжземнамор”і . Егіпет , Галілея , востраў Крыт , потым Рым ... Але ж як яны ўрэшце-рэшт патрапілі ў нашы палесціны , гэта значыць , у Беларусь ? Адказ дае вось такі фрагменцік . Чытаю ...
Рэпартаж пісарчука Лявона з карабля князя Палямона
Ведайце адно – храналогія пайшла не ад слова “ хрэн “ . ... Калі да месца Рыму пачаў набліжацца са сваёй дзікай ардою чалавекаядзец крывавы Атыла , пяць соцень знаных рымскіх сем”яў селі на караблі і аддалі лёс свой бурліваму мору . Галавою ў іх быў прыўкрасны князь Палямон . І пачалі яны , ратуючыся ад непазбежнай смерці , шукаць сабе новую радзіму .
... Куды мы плывем ? У моры бушуюць велізарныя хвалі . З вачэй льюцца слёзы , а з роту ( няхай прабачаюць мне далікатныя паненкі-чытачкі ) ваніты .
... Адна з хваляў ледзьве не перакуліла наш карабель . Хваля гэтая падалася мне няшчаснаму велічынёю з гару Везувій .
.Куды ж мы плывем ? Чаму князь Палямон вядзе караблі на поўнач ? На ягоным месцы я пакіраваўся б да цёплых грэцкіх астравоў , або да егіпецкай ракі Ніл . Там бы я нарэзаў і насушыў сабе папірусу . Але ж я не Палямон .
Пачынаюць мерзнуць вушы і рукі . Сцвярдзеў , як камень , нос . Немагчыма пісАць . Чаму я не Палямон ?
... Праплылі каля нейкага дужа вялікага вострава . Там , па марскім беразе , імкліва імчаліся баявыя калясніцы . Рудавалосыя велізарныя людзі стаялі ў іх , люта махалі бліскучымі сякерамі і крычалі нам нешта пагрозлівае .
... Пачынаем плыць на ўсход сонца . Зямля страшных рудавалосых людзей застаецца злева. Учора князь Палямон сказаў мне , што хоча стварыць новую дынастыю і новую дзяржаву .
Я напрасіўся ў яго ў генеральныя пісарчукі гэтай новай дзяржавы . Як вогненнавокі лясны звер зірнуў на мяне князь .
... Плывем на ўсход па новым моры . Яно не надта шырокае і не надта глыбокае . Палямон пазірае на мяне , як вогненнапёры дзюбаты певень на чарвяка .
... Наперадзе – вусце шырокай лясной ракі . Яна ўліваецца ў мора шматлікімі рукавамі . Б”ецца аб зялёныя берагі вецер . Нашы караблі ўваходзяць у гэтую невядомую раку . З хмызу , з балотаў за намі цікуюць насцярожаныя вочы тубыльцаў ...
... “ Я хачу стварыць новы народ “ , - сказаў князь Палямон . Хутка ж з усіх нас і з князя стрэслася “ рымскасць “ . Як лясная ігліца .
... Сышоўшы з сем”ямі , з хатнім скарбам са сваіх караблёў , зашываемся ў лясныя нетры , ідзем па звярыных сцежках . Над намі ў атачэнні галінаў дрэў блішчаць кавалкі светла-сіняга неба . І вочы тубыльцаў блішчаць са змроку .
... Князь сказаў , што новы народ павінен мець новыя імёны . Я , пісарчук Лявон , атрымаў высокі загад прыдумваць гэтыя імёны . Я не разумею ... ( Далей пергамен сцёрты , размыты . Ідуць нейкія трэшчыны , пісягі . Л. Д-Ф . ) .
... Пякучыя ж дубцы ў гэтых лясах ! А скура ў мяне ўжо не маладая . Адразу ж з вялікім імпэтам пачынаю загаданую мне прыўкрасным і звышмудрым Палямонам працу !
... Валасаты , тоўсты , як пень , здаравіла цягне да нашага вогнішча , дзе я ляжу з заголенай спіной , велізарнае бярэмя зялёных доўгіх дубцоў .
Дзе ты быў ? – пытаюць у яго .
Я гай ламаў , - адказвае пень .
Адразу ж пішам першае імя – Ягайла .
... З цёмнага лесу выходзіць высокі і сінявокі , пытаецца ў князя Палямона :
Дзе жыць мне , князь ?
Жыві там , - ляніва махае шырокай даланёю ўбок гушчара Палямон .
Пішам імя – Вітаўт .
... Хачу адзначыць , што падчас марскога блукання жорстка застудзіў я вушы свае . Быццам па цвыркуну сядзіць у кожным вуху і трашчаць і пілуюць-пілуюць ...
... Прыімчаў на порсткім кані да нашага стойбішча ваяр з чырвоным вострым мячом у руцэ , са звярынай шкурай за плячыма . Шыбнуў да князевых ног торбу з адсечанымі чалавечымі галовамі . “ Ну й малайчына ! Ну й вой шалёны ! “ – задаволена зацмокалі ўсе .
Што ж – даю імя хвату Войшалк .
... – А ці не забыў ты казну нашу княжую ў Рыме ? – спытаў Палямон у свайго скарбовага служкі .
Той перагнуўся перад уладаром , як лазіна , паляпаў пальцамі па металёвай скрыні :
Не забыў , князь . Кейс тут .
Імя яму наракаю – Кейстут .
Дык вып”ем , панове, за нашу новую Радзіму ! – крыкнуў князь Палямон , аж лісце з дрэваў пасыпалася , - Даставай , слуга мой верны , залатыя кубкі са сваёй скрыні ! Будзем у іх ліць віны !
І назваў я ўвесь народ наш прыгожым словам – ліцьвіны . І гэтак да сканчэння Часу яму называцца !
Рэферэндум 21 мая 2006 году
Жылі сям”ёй . Рвалі нервы сабе .
Так часцяком бывае .
Чарнагорыя адплывае ад Сербіі ,
Адплывае ...
Запомнім , славяне , гэты год .
Гэтаму дню праспяваем славу .
Кожны славянскі народ
Мае сваю дзяржаву !!!
Шакаладныя шакалы
Там , дзе рыжа млеюць скалы ,
Дзе ў пясках самум скавыча ,
Падпільноўваюць здыбычу .
Востраць зубы . Цягнуць шыі .
Шэпчуць з позіркам авечым :
“ Мы – салодкія такія .
Пакаштуй нас , чалавеча .
Мы – дабрэйшыя на свеце .
Паглядзі – мы ў шакаладзе “ .
І даверліва , як дзеці ,
Мы ідзем шакалаў гладзіць .
Грызлі нас яна нямала .
Ды жыццё ніяк не вучыць .
Шакаладныя шакалы ,
А кусаюць так балюча .
Выдавіць з чэрапа не магу
Аніводнае думкі ...
У аўтобусе мне адтапталі нагу .
Укралі ў жонкі батон з гаспадарчай сумкі .
Пайсці загадчыкам на гандлёвую базу
Ці начапіць афіцэрскую партупею ?
Жыццё ўступіла ў вострую фазу,
А я тупею , тупею ...
Не спыніш кола часу ,
Як ні рупліўся ты .
Азёраў вочы згаснуць .
З дрэў зваляцца лісты .
Віхура загалосіць :
“ Што нас чакае ? Што ? “
І прыдзе Пані Восень
У жоўтым паліто .
Халодны выраз твару
Палохае людзей .
Сонейка з-за хмараў
Блішчыць усё радзей .
У полі дуб сагнуўся ,
Схаваўшы ў дуплах крык .
Даўно зляцелі гусі
На цёплы мацярык .
Дождж шэрай ніткай тчэцца .
Лес ад яго знямог .
Наеўшы тлушч , кладзецца
Мядзведзь у свой бярлог .
Мы справы ўсе паробім .
А што далей рабіць ?
Дождж ледзяною дроб”ю
Па шыбах будзе біць .
Бясконцы змрок над краем ,
Як чорная смала .
Давай вясну ўзгадаем .
Няўжо яна была ?
Жонцы Зінаідзе
А перад тым , як свой век звякую ,
Прызнанне пачуй спярша :
“ Ты – лепшая ў свеце . Ты тая , якую
Шукала мая душа “ .
Вярнуцца б туды
У тыя гады ,
Дзе ты – маладая
І я – малады .
Вярнуцц б туды
У тыя сады ,
Дзе яблык між лісцяў
Звініць залаты ,
Дзе коціцца мячык
Па цёплай траве ,
Дзе родная маці
Вячэраць заве .
... А князь Вячка , мой літаратурны герой , рэальна дапамог мне , можна сказаць , працягнуў руку праз стагоддзі . На ганарар атрыманы за першую публікацыю ў часопісе “ Маладосць “
( № 2 , 1985 г . ) я купіў машыну магілёўскіх сілікатных блокаў і збудаваў сабе дачу , у якой і пішу вось гэтыя “ Герадоцінкі “ .
Вялікі дзякуй табе , прыснапамятны князь !
Выходзіць на сцэну спявак альбо спявачка , і адразу ж за імі вылётвае яркая , амаль аголеная чарада падтанцоўшчыкаў і падтанцоўшчыц . Віск ! Вецер ! Рэзкія немагчымыя для звычайнага чалавека рухі !
Прыкладна такія ж звышжыццярадасныя дзяўчаткі танцавалі – кружыліся ў далёкім 1793 годзе , у крывавыя часы Вялікай Французкай Рэвалюцыі наўкол гільятынаў , на якіх адціналі галовы людзям .
Нам , беларусам , неабходна шанаваць Заходнюю Еўропу ўжо толькі за тое , што адтуль да нас прыйшла бульба ! Радзіма бульбы Паўднёвая Амерыка , але менавіта па еўрапейскіх шляхах-дарогах прыкацілася наша крухмалачка да нас .
Усім ! Усім ! Усім !
Гісторыя Беларусі , вялікая гісторыя , заўсёды пісалася на беларускай мове . Пачытайце
“ Хроніку Быхаўца “ , пачытайце “ Баркулабаўскі летапіс “ , пачытайце , нарэшце , “ Статуты Вялікага Княства Літоўскага “ . Пачытайце Караткевіча , Іпатаву , Арлова ... Ёсць рэчы , якія можна і неабходна сказаць-выдыхнуць толькі па-беларуску .
Радзівілы
З сівой барадою ці з воблікам юным
У розным узросце дайшлі да магілы .
Вялікія труны й маленькія труны ...
Прыцішце дыханне .
Тут спяць Радзівілы .
Брылі пілігрымкай . Імчалі ў карэце .
Любілі жаночыя вусны і вершы .
Вялікай дынастыі слаўныя дзеці ,
Хто першы тут лёг , а хто семдзесят першы .
О , Божа , якія былі баляванні !
Як замак пышлівы кахаў і сваволіў !
Адважныя рыцары , пекныя пані
Навекі спачылі ў Фарным касцёле .
Гамоняць у парку дубы і бярозы .
Мігціць матыльковая постаць дзіцяці .
Свецяцца зоркі . Коцяцца слёзы .
Плача над дзецьмі няўцешная маці .
Ляцелі пад ногі пярсцёнкі і ружы ,
Іскрыліся кубкі , грымелі літаўры .
Спыніся , схіліся , прыслухайся , дружа –
Наўкол аж звініць беларуская аўра .
Гульцы , хлебасеі і дыпламаты ,
Салдаты , чыноўнікі , філантропы .
На бітву ішлі закаваныя ў латы .
Ад грознай хады трапятала Еўропа .
Плыве над Нясвіжам нязгаснае сонца ,
Каб промнем дрыготкім у лёх гэты глянуць .
Рупліўцы , айчыннай зямлі абаронцы
Яны яшчэ ўстануць .
Арол і анёл
Не дзяўбі , арол , майго анёлу ,
Белых мяккіх крылцаў не скубі ,
Не збівай з нябёс яго да долу
І душу няшчаснай не рабі .
Бо душа жывая хоча лётаць
( Вольная ! Адна ! Не ў чарадзе ! )
І калі цвіце на лузе лотаць ,
І калі мяцеліца гудзе .
Прагне слухаць спеў у Божым храме ,
Хоча метэорам прамільгнуць
Над нябесна-сінімі лугамі ,
Дзе памерлыя , дзе родныя жывуць .
Прэч з дарогі , злы арол-драпежнік !
Твой кіпцюр душу мне не праткне .
У абшарах космасу бязмежных
Побач Езус .
І не страшна мне .
--------------------------------------------------
Колькасць прачытаўшых: 879 Колькасць вогдукаў: 0