Герадоцінкі-12, або Маўклівыя навальніцы
Леанід Дайнека
І ўсё-ткі зноў пацягнула мяне на пісаніну. Не вытрымаў. Не здолеў ціха сядзець у гарадской кватэры альбо на дачы і напоўніцу аддацца “ дажыванню” . ( Ёсць такі тэрмін у нашых сацыяльных службаў – дажыванне. Ён тычыцца пенсіянераў, якія на думку чынавенства нашай самай гуманнай на свеце дзяржавы павінны не жыць, а дажываць. ). Не схацеў я проста дажываць. Я жадаю – ЖЫЦЬ ! Вось чаму з”явіліся гэтыя герадоцінкі .
ХХХ
Мне не трэба ні славы, ні помніка.
Кашалёк мой без грошай зачах.
Хопіць мне беларускага промніка,
Што ўспыхне ў дзіцячых вачах.
Не ўшчувай ты мяне. Не будзь строгаю.
Не кажы пра самападман.
Я пайшоў беларускай дарогаю
У нязведанасць, у туман.
Чуў крактанне балотнай квакшы я.
Бачыў чорную саранчу.
Ды ніколі дарогі інакшае
Не шукаў. І шукаць не хачу.
Не дыван на дарозе. Каменні там.
Горкі пыл, а не мяккі мурог.
Бог сказаў каб я быў пісьменнікам.
Я ім буду, МОЙ СВЕТЛЫ БОГ!
Хто сёння ўладарнічае над усім светам ? Міжнародныя карпарацыі. Сыравінныя імперыі. Банкі. І,вядома ж, яе вялікасць Рэклама. Вось і я грэшны не вытрымаў ейнага бурнага націску і буду рэкламаваць сам сябе. У папярэдніх запісах я нагадваў вам, паважаныя чытачы, аб неалагізмах, якія, на маю думку, я ўвёў у літаратурны ўжытак. Дадаю яшчэ два паняцці – Герадоцінкі і Расіізм. Герадоцінкі – гэта лаканічныя творы ў большасці сваёй на гістарычную тэматыку. Як беларускі гістарычны пісьменнік-белетрыст я мог бы назваць іх Ермаловічкі ў гонар нашага незабыўнага Міколы Ермаловіча, нашага Будзіцеля, нашага Настаўніка. Ёсць жмені сонечных праменняў, ёсць зацемкі з левай кішэні, ёсць сечка, ёсць мініяцюры, ёсць запісы. І ёсць герадоцінкі – плод маёй літаратурнай фантазіі.
Што тычыцца Расіізму, дык ужо сама назва гаворыць сама за сябе. Гэта палітыка сучаснай постсавецкай Расіі, якая скінула з сябе апошняе дэмакратычнае лушпінне ( успомніце славутыя словы Барыса Ельцына : “ Берите сувернитета столько сколько можете проглотить!”) і зноў сталёва аж да хрусту завінчвае імперскія гайкі, зноў,адчуўшы ў сабе кроў цара Івана Жахлівага, хоча падмяць пад сябе ўсе суседнія народы.
Ды будзем спадзявацца, што Расія пойдзе не дарогаю Залатой Арды, а дарогаю вольных гарадоў Вялікага Ноўгарада і Пскова.
Пра афіцэраў і пра паэтаў.
З сынам Зміцерам любім мы, калі надараецца вольная часіна, слухаць беларускамоўныя кружэлкі. Любім песні жонкі і мужа Камоцкіх, Вайцюшкевіча, Тацяны Беланогай, барда Герашчанкі з Плісы, гурта “ Стары Ольса” …Вось і нядаўна кінулі на лецішчы сухіх дроваў у камін, уключылі музыку. Затанцавала яркае полымя. Загучала песня. “Спадары афіцэры,” – заспяваў прыгожы мужны барытон.
- Што за песня? – пытаюся ў сына.
- Песня на словы паэта Віктара Шніпа, - адказвае Зміцер.
Што ж, добрая песня. Наша . Беларуская. І адразу са шкадаваннем падумалася – сёння Віктар Шніп, галоўны рэдактар дзяржаўнага выдавецтва., пэўна ж, не піша такія тэксты. Сёння іншыя арыенціры.
У звязку з гэтым прыпамінаецца гутарка з Яўгенам Каршуковым , цёзкам Максіма Танка – Каршукоў таксама Іванавіч.
- Вяду літаратурны гурток у Доме Афіцэраў пры рэдакцыі газеты “ Во славу Родины”, - пахвалиўся неяк ён мне, - Туды і афіцэры ходзяць, і сержанты, і шараговыя салдаты. Цікавыя хлопцы! Мне з імі цікава.
- І ці піша хто з іх па-беларуску? – цікаўлюся ў Яўгена Іванавіча. Мы з ім добрыя знаёмыя. Шмат гадоў жылі ў адным доме па вуліцы Каліноўскага. Я нават яму мэблю дапамагаў грузіць.
- Ніхто, - як бы з нейкай гордасцю адказвае Каршукоў.
- А чаму? – наіўна пытаюся я.
О, напоўненыя гарачай лавай вулканы ўсёй планеты! Вы нішто ў параўнанні з тым пякельным гневам, які выплёсквае на мяне, на маю неразумную галаву хвіліну таму дабрадушнейшы і ўсмешлівы Яўген Іванавіч.
- А вось калі возьмеце ўладу , тады і будзеце пісаць вершы па-беларуску! – амаль крычыць ён мне. Твар чырвоны, суровы.
Якую ўладу? Пры чым тут улада? Асабіста я ніколі не рваўся ні да якай улады. Адступаю ад суразмоўніка на крок-другі, каб не абпырскаў сліной, і думаю: “ Нешта не так у нашым каралеўстве, калі ты гэтак нервуешся, Яўген Іванавіч”.
Грыміць завод. Буяе кукуруза.
Б”е па мазгах бадзёрых слоў струмень.
Кавалачак Савецкага Саюзу
Вакол сябе я бачу кожны дзень.
Што мы губляем? Што знаходзім?
Куды спышаем ты і я?
Згубіўся між \мільярдагоддзяў
Шнурочак нашага жыцця.
Кропля вечнасці
Гром адгрымеў…
Дождж адшумеў…
Дажджавая кропля вісіць на яблыневай галінцы.
Вісіць і ззяе як малюсенькае сонца.
Гляджу на яе.
Захапляюся ёю.
І, зайздросцячы ёй, раблюся ёю.
Што мне зараз прага славы і ўлады?
Што мне смерць?
Я – дажджавая кропля на яблыневай галінцы.
Я – Кропля Вечнасці!
Пра паэзію і пра паэтаву хонку
Разгневаная лютая, як тыгрыца, жонка крычыць свайму мужу-паэту, што ўпершыню за сем гадоў атрымаў ганарар і прапіў яго да апошняга рубеліка, выпацкаўшыся, у дадатак. у нейкай лужыне:
- Не! Ты не Байран. Ты – баран! Мне не трэба твой ГАЎНАРАР!
Паэт слабым дрогкім голасам спрабуе апраўдвацца. Тады жонка-фурыя шпурляе яму проста ў твар ягоныя ж брудныя штаны:
- Не! Ты не мАча. Ты – мачА!
Абэцэдарскі і Трашчанок
Пайшлі ў зажыццёвы магільны змрок
Туды, дзе планаў няма і надзей.
І мне іх шкада. Шкада. Як людзей.
Тварылі і бачылі толькі ВОСТОК.
Адно ў вучонай было галаве –
Спяваць велічальныя песні Маскве.
Ляпілі гісторыі новы гляк.
Хто Каліноўскі? Вядома ж, паляк!
Хто Мураўёў? Брат з братоў!
Ён слухаў над Свіслаччу салаўёў.
Ім цяжка было сабе ўявіць –
Не ўсе маскавітамі хочуць быць.
Не ўсе з тутэйшых, далёка не ўсе
Сумуюць па рускай каўбасе.
Вучоныя бонзы сваё аджылі.
Вучонныя бонзы ў пясок ляглі.
А ў полі, як вечнасці нашай зарок,
Цвіце Багдановічаў васілёк.
Песня апрычнікаў
Налівай нам паўнюткія чаркі, цар,
Самы найсветлы і самы суровы.
Сёння мы хадзілі на мурамскіх баяр.
Вунь у мяшках ляжаць іхнія галовы.
Білі старых. Давілі малых.
Гвалцілі дзяўчат, выдзіралі ім косы.
Танцуе агонь у харомах пустых.
Чорны дым выгрызае нябёсы.
Ставілі на галовы з кіпетнем самавар.
Вострыя цвікі забівалі ў скроні.
Якая асалода, наймудры цар,
Чужое жыццё трымаць у далоні!
Ты гэта ведаеш, бо ты – гэта мы.
З табой мы пойдзем да скону, да смерці.
Самы найлепшы народ – нямы.
Дык трэба язык народу аддзерці.
І мы аддзіраем подлы язык
Па кавалачку, па часцінцы.
Нас шанаваць народ не прывык .
Мы для яго звяры-чужынцы.
Няхай не шануе. Абы трымцеў!
Абы, як быдла, шчаміўся ў хлеў.
Налівай жа паўнюткія чаркі, цар,
У сэрцах каменных распальвай пажар!
ххх
Як у цётухны Варвары
Начавалі вАрвары,
Білі Вару самаварам
І крычалі:
- Вар варЫ!
Муж маёй дваюроднай сястры Валянціны клецкі хлопец.Мікалай Буйвіла, просты рабочы чалавек, чалавек далёкі ад літаратуры ( далёкі на сто гарматных стрэлаў, - як прызнаваўся сам), так даводзіў мне перавагу беларускай мовы над расійскай:
- Скажы, Марцінавіч, па-іхняму: “Волк в лесу”.
Я казаў “па-іхняму”.
- А зараз скажы па-нашаму: “Воўк у лесе”,- цягнуўся да мяне з паўнюткай чаркаю гарэлкі Буйвіла, - Прыгажэй? Мякчэй? Салодзіць душу? Вось так яно, браце!
Твар у майго клецкага родзіча ззяў шчасцем.
Сонца нд эшафотам
Якое ззяе сонца над эшафотам?
Якое яно- добрае ці злое, чорнае ці залаток-
Сонца над эшафотам?
Даведаешся толькі тады,
Калі сам узыйдзеш на эшафот,
Калі сам падставіш пад сталёвую маланку сякеры
Выю сваю.
Маўклівыя навальніцы
Ці бачылі вы маўклівыя навальніцы? Навальніцы без грому, але са шквалістым рэзкім ветрам. Іх яшчэ называюць сухімі. Дождж калі й далётвае да змлі, то негусты буйнакроплевы, як шрапнель. Падчас такіх таямнічых навальніцаў маланкі не сякуць змрочнае неба , як чырвоныя гарачыя шаблі. а расцякаюцца па ўсім нябесным абшары дрыготкім трапятлівым святлом. Трывожнасць у такім трапятанні, суровасць, непазбежнасць нейкай гіпербалічнай дзеі. Прырода як бы кажа нам, людзям:” Рлядзіце, што я ўмею рабіць, бойцеся. Я – непрадказальная, я- загадкавая, я- нерасшыфраваная вамі. У кожнае імгненне вы можаце ўбачыць мой твар, і ён падобны на твар жахлівай Гаргоны.”
Узмацняецца вецер. Ляціць з-пад воблакаў, гне лясы, з трэскам валіць да зямлі тапырысты хмыз, выплёсквае з рэкаў і азёраў ваду. Хмары бязладна мітусяцца ў небе. Ім, пэўна ж, няўтульна і страшна. Вось імклівы неадступны вецер хапае за зялёныя чубы таполі і кляны. І дрэвы гучна ўсплёскваюць усімі сваімі наструненымі шырокімі лісцямі-далонямі. Як бы нейкі ўздых чуецца наўкол.
Увесну і ўлетку 2010 года на шмат якіх плошчах і вуліцах Беларусі бушавалі маўклівыя навальніцы.
У Бога няма мёртвых. У Бога ўсе жывыя.
-Хто самы найлепшы рэкламшчых замежных аўтамабіляў?
- Варона.
???
- З раніцы да вечара дзярэ глотку: Кар!!! Кар!!! Кар!!!
Сціх СТИХ. Так, сціх. У расійскай паэзіі пасля Някрасава, Ясеніна, Маякоўскага і (магчыма) Твардоўскага знік цвёрды ўнутраны стрыжань, збіўся прыцэл. Усе засюсюкалі, заэстраднічалі, зарыфмаплётнічалі, пагналіся за звышвобразамі і , урэшце рэшт, згубілі душу, а разам з ёй і сацыяльна-грамадскае начынне сваёй пісаніны. Усе, навастрышўы вушкі, слухалі які чарговы званочак празвініць з камуністычнага Крамля. І, як вынік, зніклі СТИХОТВОРЕНИЯ. Застаўся акіян нікому непатрэбных ТИХОТВОРЕНИЙ.
Амаль тое ж самае можна сказаць і пра нашу беларускую паэзіі. Яе, беларускую паэзію, ратуе толькі тое, што яна, у адрозненне ад расійскай паэзіі, ужо адной сваёй прысутнасцю на літаратурным полі вядзе змаганне за нацыянальную мову. А так і яна, наша паэзія, у агромністай большасці сваёй антысацыяльная – як малюсенькія птушачкі калібры, пырхаюць паэткі і паэты над яркімі кветкамі, п”юць нектар, не любяць горкае і вострае. І ( што верне мяне аж да ванітаў!) пішуць белым вершам, чытаючы гэты верш не па памяці, а з пакамечаных лісткоў. І гэта – дваццаці або трыццацігадовыя маладзёны!
Мне непатрэбныя сябры. Мае сябры – мае ўспаміны.
Час
З часам як, сябры, у вас –
Летні ці зімовы час?
Вось, да прЫкладу, у нас
Круглы год зімовы час.
Для культуры і для мовы
Час зімовы.
Скрозь – сімволіка. Сімвалічна нават тое, што “нячэсны” Саюэ беларускіх пісьменнікаў трымае свій офіс на вуліцы імя глыбінна-народнага пісьменніка Кузьмы Чорнага, “чэсны” ж – на вуліцы імя бальшавіцкага міліцыянта Фрунзе, ужо не кажучы, што кіруе Саюзам тым міліцэйскі генерал.
Здаецца мне, што дарэмна так апантана накінуліся на Альгерда Бахарэвіча, змусіўшы яго сыйсці з нашага пісьменніцкага Саюзу. Ну, назваў ён у сваіх літаратурных фантазіях Янку Купалу Каянам Лупакам. Купалы і ягонай велічы ад гэтага не паменела. Трэба смялей “расчалавечваць” класікаў, страсаць з іх акадэмічна-музейны пыл.
Што ж да Каяна Лупакі, то, здаецца мне, Каян – гэта Каін, а Лупака – гэта Жаба. Недарэмна ж школьныя сябры Бахарэвіча называлі сваю настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Жабай. Такая мая расшыфроўка фантазій Альгерда Бахарэвіча.
Пафантазірую і я. Імя Янка я замяню на птушынае імя Каня. Гэтую вясновую птушку называюць яшчэ кнігаўкай. Бачыце, якая непасрэдная шчыльная сувязь з літаратурай!
Што будзем рабіць з прозвішчам Купала? І тут ёсць выйсце! Пішу на белай-белай паперы сказ: КАНЯ кружляла пад КУПАЛАм неба!!! Вось і ўсё. Прыстойна. Далікатна. Весела.
Будзем вясёлымі! Раздражненне і злосць пакінем сваім нядобразычліўцам.
Лезеш у ваўкі, а хвост сабачы.
Ільгота
Беларускім пенсі янерам дазволілі пераходзіць вуліцу на чырвонае святло.
Не нарадзіўшыся над Тэмзаю,
Над Тыбрам, над Дунаем з Сенаю,
Дзеля чаго паперу крэмзаю,
Ўздымаю хвалю бурапенную?
Злысеў. На лоб не вісне чуб.
Далёка ззаду дні вясеннія.
Не нарадзіўся нат над Свіслаччу,
А ўсё хачу прарвацца ў геніі.
Пра муху, якая хацела выслужыцца.
Неяк муха-цакатуха падслухала размову закаранелых апазіцыянераў. Змрочныя апазіцыянеры сядзелі на кухні і пілі гарэлку, закусваючы чорным хлебам з цыбуляю. Вясёлая муха была на той жа кухні, поўзала ў смеццевым вядры, шукала ежу.
“ Праслаўлюся і разбагацею! “, - падумала Муха і паляцела ў Камітэт, каб дакласці аб пачутым. Але сонны дзяжурны прыхлопнуў яе казённай фуражкай.
Вось і ўся гісторыя.
Газета дэмакратычная, газета НЕЗАЛЕЖНАЯ, ды часцяком ЗАЛЕЖВАЕЦЦА ў шапіках
“Белсаюздруку”.
Мне цёпла. Холаду няма.
Са мною Зіна і Зіма.
Камунізм- камунізм…
Каму – ўверх. Каму – ўніз.
Хто ахоўнік, а хто зэк.
Хто калгаснік. Хто генсек.
Калі скончацца нафта і газ,
І скразняк у трубе завые,
Якімі вачыма на нас
Глянеш, багачка Расія?
За голым жабрачым сталом
Вусны твае сасмягнуць
Калі на металалом
Дзеці трубу пацягнуць.
Што вы ?! Як можна?! Я не палітык! Я – абсалютна шчаслівы і бязмежна радасны грамадзянін Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Па Лі Тык.
Агніста-яркі час прыроды!
Чырвона-жоўты! Залаты!
Шпакі збіраюцца ў чароды.
Паселі шчыльна на драты.
Прыроду захапіла восень,
Не выпусціць здабычу з лап.
Б”юць проста ў лоб, люцеюць восы,
Як той бязлітасны АМАП.
Жыццё
Не вып”еш – млосна. Дужа млосна.
Вып”еш – цяжка. Дужа цяжка.
На жыцця сцяжынцы роснай.
Вісіць гранатная расцяжка.
Былі прылівы. Былі адлівы.
Былі караблі. Ды ў нябыт сплылі.
Марная мара – быць шчаслівым
На гэтай заўсёды няшчаснай зямлі.
Калі ўвесь свет захопяць камуністычныя кітайцы, ПАДНЯБЕСНАЯ ператворыцца ў
ПАДЗЯМЕЛЬНУЮ.
Шчыльна зачынены дзверы.
Сяджу ў самоце. Пішу.
Мая сяброўка папера,
Табе аддаю душу.
Маё жыццё – мая надзея.
І вышыня мая. І страта.
Хто я? Нашчадак Праметэя?
Хто я? Нашчадак Герастрата?
Аптымістычнае
Аддамся бегу хваль.
Паверу салаўю.
Сёння я – каваль.
Я сам сябе кую.
“Жадакю табе ўсяго самага моцнага”. Так арыгінальна павіншаваў мяне з днём народзінаў мой дзесяцігадовы ўнук Міхась.
Уносьце мой твор у тэмплан!
Яго я накрэмзаў на тэму –
“Жыў-быў на свеце Раман
І меў ён каханку Паэму”..
Ода палавому акту, які адбыўся
на лугавой траве ў прысутнасці
чатырох буслоў
Бусел, бусел, я я…я!
Не нашкодзь мне, добры бусел.
Зараз я бы Крэз багаты!
Золата грабу лапатай!
Я жыву ў нябесным храме!
Я царую над царамі!
Калі ўдосталь ная…я,
Як аб Сонца разаб”юся!
Крышачку пра юбілеі
Як у кожнага смяротнага чалавека, у мяне калі-нікалі надараюцца юбілеі. У гэты адметны для маёй сціплай персоны дзень хочацца шампанскага, хочацца ахалоджанай гарэлкі з кісла-салёным агурком, хочацца пачуць тэлефонны званок са словамі віншавання. Усе ж мы жывыя людзі.
28 студзеня 2000 года мне стукнула роўна 60! Чым не дата? Я паставіў у лядоўню некалькі пляшак гарэлкі. Жонка Зіна пачала наразаць агуркі, якія мы з ёю вырасцілі на Ўзгор”і-2. Я чакаў званкоў. Паверце мне, што я чалавек абсалютна неславалюбівы.
І вось густую юбілейную цішыню кватэры разрэзаў першы тэлефонны званок. Я ўзяў слухаўку.
- С вами будет разговаривать помощник Президента Эдуард Мартинович Скобелев, - данёсся са слухаўкі ўрачыста-ўсхваляваны жаночы голас. Такімі галасамі аб”яўляюць імёны Нобелеўскіх лаўрэатаў. “Дадуць медаль або Ганаровую грамату”, - соладка ўздрыгнула маё дэмакратычнае сэрца. Усе ж мы жывыя людзі. Эдуард Скобелеў ніякі мой не сябрук, ды мы з ім- Марцінавічы. Нас толькі двое такіх на ўвесь пісьменніцкі бамонд! “Кажы, Марцінавіч! Узрадуй цёзку!”, - заспявала мая дэмакратычная душа.
І цёзка сказаў.
- Почему ваша фирма своевременно не выдала своим работникам аванс? – загрымеў на ўсю маю ціхую кватэру ягоны камандзірскі голас, - Мне жаловалась наша уборщица, супруга вашего водителя. Нехорошо! Очень нехорошо!
Вось дык Марцінавіч! Вось дык віншаванне! Нават не паздароўкаўся. Я ледзь не выпусціў з рукі слухаўку. А ў голасе ўладнага Марцінавіча ўжо звінеў метал.
- Вып”ем, Лявонка, за віншаванне,- весела сказала Зіна, і мы дасталі з лядоўні гарэлку.
У той жа дзень ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ( пэўна ж, з падачы Эдуарда Марцінавіча Скобелева!) павіншавалі са слаўным 55-годдзем расійскага эстраднага салаўя Юрыя Антонава.
Разгон дэманстрацыі, або
Чарнагаловая краіна
Б”юць, валяць,цягнуць несупынна…
Гляджу наўкол і бачу я:
Мая любімая краіна -
У чорных шапачках уся!
Суд
Што адбываецца? Што з намі будзе?
Хто мне адкажа, паны-спадары?
Прыгожыя і разумныя людзі
У клетках жалезных сядзяць, як звяры.
Покліч Еўразіі
Дрыжаць ад шчасця хаты.
Гуляе, п”е радня.
Мы – еўраазіяты
З сённяшняга дня.
Крышы з Еўропай скрэпы!
Спявай! Танцуй! Не ный!
У залатыя стэпы
Нас кліча хан Батый.
Там пра цароў, пра ханаў,
Пра Крэмль і Маўзалей
Насвішча нам Праханаў,
Імперскі салавей.
Я свой дом збудаваў на марэнных узгорках,
Дзе спрадвеку блукаюць дажджы і завеі.
Цёмнай ноччу гляджу на Палярную зорку.
Ад халоднага ззяння душа ледзяняяе.
На Зямлі Валуноў, на Зямлі УспамІнаў
Нас прасее жыццё, як пясок паміж пальцаў.
Бачу я не туман. Бачу дым у лагчынах.
Бачу светлыя цені неандэртальцаў.
Вось ля вогнішчаў селі каб грэць свае рукі.
Вось глядзяць на мяне з надзеяй і верай.
А з глыбіняў зямных вырываецца грукат –
Нехта люта сячэцца каменнай сякерай.
О, далёкія людзі! О, добрыя вочы!
Вы памерлі, зрабіўшыся валунамі.
Я таксама памру і свой шлях не дакрочу.
Хай Палярная зорка ззяе над намі!
Гэты Край я аднойчы пакіну навекі.
Ды запомніць душа, душа не забудзе –
Пад зямлёю цякуць Валуновыя Рэкі,
Пад зямлёю жывуць Валуновыя Людзі.
Колькасць прачытаўшых: 87 Колькасць вогдукаў: 0