Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Герадоцінкі-9, або Ду ю спік па-беларуску

Леанід Дайнека

Герадоцінкі-9, або Ду ю спік па-беларуску?

 

“ Не бойцеся ! “ . Папа Ян Павел Другі .

“ Чаго табе яшчэ не хапае , калі маеш бібліятэку , а пры ёй садок ? “ . Цыцэрон .

“ Хто не любіць віно , жанчын і песень , той застанецца дурнем на ўсё жыццё . “ Нямецкая народная мудрасць . І адразу ж на памяць прыходзяць у гэтым звязку словы вялікага немца Марціна Лютэра : “ Калі Бог наш стварыў такіх вялізных смачных шчупакоў і добрае рэйнскае віно , то я маю права есці іх і піць . “

Аказваецца , у жырафаў нармальны камфортны ціск крыві – 280 на 180 (!) . Калі нікалі нядрэнна было б нашаму брату гіпертоніку зрабіцца на нейкі час жырафам .

Мальчык з пальчык , а хлопчык з копчык .

Папытка не пытка , а спроба не хвароба .

Што рыжэй – то даражэй . Што рудзей – то саладзей . Што русей – то лысей . Што чарней – то дурней . ( Народныя насмешкі-зубаскалікі ) .

 

Яны

Яны ідуць , і іх б”юць . Схапіўшы за рукі-ногі , іх валочаць па бруку , быццам выдзертыя з зямлі маладзенькія дрэўцы . Хлопчыкі ... Дзяўчынкі ... Натхнёныя разумныя вочы .

Яны смялейшыя за нас . Мудрэйшыя , шчаслівейшыя .

Іх б”юць , а яны ідуць . Як маленькія дубчыкі іх хочуць зламаць паасобку . Але яны трымаюцца купна , грамадой . Яны растуць . Яны робяцца лесам .

***

Як з той зямлёю развітацца ,

Яе карэнне абарваць ,

Дзе жыў у тры гады , у дваццаць ,

Дзе трэба будзе паміраць ?

Там хор сініцаў звонка цінькаў ,

Ліс уздзіраў куратні дах ,

Калючыя шары дзяцінства ,

Паўзлі там вожыкі ў садах .

Там купал неба мне адкрыўся .

Там вые воўк . Там ходзіць зубр .

Там у траве гадоў згубіўся

Мой першы , мой малочны зуб .

 

Дыялог з прэсай на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску

Пытаеце , хто нам залоціць руку ,

Чыё мы выконваем заданне ?

Скажыце , а хто плаціў Спартаку

За ягонае паўстанне ?

***

Я вырас там , дзе не было паэзіі ,

А толькі пот , і мат , і працадзень калгасны .

Там на Пегасе людзі ў дровы ездзілі ,

Пегаса ж гналі ўрэшце рэшт у цэх каўбасны .

Анатоль Сыс

Ён жыў , як хацеў . Яго судзіць

Не маем права за гэта .

Ён піў віно . Хацелася піць

Пакутнай душы паэта .

Крычаў ... Шумеў ... Ні юнак , і ні муж ...

Смяяўся з нашых папрокаў ...

Папоўз у нару палескі вуж ,

Заплюшчыў журботнае вока .

Кійком не выпорвайце яго адтуль .

Тутэйшай Дарогай ішоў ён да Бога .

Памёр не ад вострых нажоў , не ад куль ,

Памёр таму , што знікла Дарога .

***

Дзеці Святла ,

Прывыкайце да Змроку .

Скончыцца лета .

Сонца патухне .

Ліст зелянее –

Заўтра пажухне .

Будзе канчатак

Сцяжынкам-дарожкам .

Доктар нахІліцца

Нізка над ложкам .

Зробіць укол .

За руку патрымае .

Толькі ў целе

Душу не ўтрымае .

Гучна зайграюць

Марш пахавальны .

Зладзяць хаўтурны

Стол памінальны .

Вораг фальшывай

Слязой абальецца ,

Вып”е гарэлкі

І засмяецца .

Холадна будзе

Сэрцу і воку .

Дзеці Святла ,

Прывыкайце да Змроку .

Ноч

Чорная чорная ноч ,

Як холад магільных пліт .

Чорная цвёрдая ноч ,

Падобная на антрацыт .

Мне накрывае твар ,

Шэпча : “ Памры ... Не жыві ... “

Ные ў змроку камар ,

Хоча маёй крыві .

***

Салодкі шлях у нас і горкі ,

І пакручасты , і прамы ...

Удзельнікі жыццёвай гонкі ,

Не ведаем спачыну мы .

Спаліла сонца нашы твары ,

Не выпаліўшы крыўдаў цвіль .

Па злым пяску глухой Сахары

Імчыцца наш аўтамабіль .

Высокі чысты сум па зорках .

А ў млявых сэрцах боль тупы .

Што там бялеецца на ўзгорках ?

Вярблюдаў мёртвых чарапы .

Старачас

Там жыве непрыручаны дзікі агонь .

Човен там не разбіў азёраў блакітнае шкло .

Там у лузе духмяным з кабылай мілуецца конь .

Ён нічога не чуў пра хамут , пра аброць і сядло .

Там з вавёрчыных дуплаў арэхі грызе чалавек .

Ён галодны і злы . Не патрэбны яму ні серп , ні нарог .

Дзень за днём адгарае . За векам праносіцца век .

І з нябёсаў глядзіць на планету задумлівы Бог .

Інтэрнацыяналісты

Подзвігаў слаўных не ганьце .

Хай сняць пераможныя сны

“Ангольцы “ , “ чачэнцы “ , “ афганцы “,

Героі не нашай вайны .

Вясёлая дэмакратычная песня

Мы – дэмакраты . Мы – не кратЫ .

Пойдзем за крАты я і ты .

І толькі Народ не дэмакрат .

Яго не падніме ніякі дамкрат .

Рагнеда

За плынню сініх рэк і рэчак ,

За лесам , што стаіць , як храм ,

Ёсць на зямлі маёй ЗамЭчак –*

Рагнеды цень блукае там .

Я бачыў месячнаю ноччу

( Аж ломка стыла ў жылах кроў )

Як прывід па Замэчку крочыў.

Ягоны твар бялей снягоў .

Ляцелі ў небе аблачыны .

Шырокі вецер з неба дзьмуў .

А на мяне ішла Жанчына

І я гарачы голас чуў .

“ Не бойся . Зла табе не будзе .

На месцы стой . І не ўцякай .

Трымцяць хай толькі тыя людзі ,

Што зганьбавалі родны край .

Што за свае пасады б”юцца ,

За ордэны і за чыны .

Над роднаю ж зямлёй смяюцца ,

Нібыта не яе сыны .

Клянуся гэтым вечным небам ,

Зялёным полем , срэбрам зім

Я , несмяротная Рагнеда ,

Заўсёды буду помсціць ім . “

І знікла . Я ж , як укапаны ,

Здранцвеў , знямеў , хоць і паэт .

А на траве , густой , расянай ,

Іскрыўся , ззяў жаночы след .

* - Гістарычная мясціна ў Заслаўі .

Літаратурныя “негры”

У іх вельмі белая скура .

У іх сінія-сінія вочы .

Ўсё , што пішуць яны дні і ночы ,

Называецца словам “халтура” .

Яны ведаюць Джойса і Кафку .

Апетытна сёрбаюць каўку .

Уздымаюць натхнёныя тосты

За Вялікую Літаратуру

І , высокіх ідэй апосталы ,

Безупынку шрайбуюць халтуру .

Кожны з іх прагне жыць з раскошай ,

А на гэта патрэбны грошы .

Ды вядома – грошы не вошы .

Вошай шмат бывае . Не грошай .

Вось таму яны пішуць і пішуць ,

Працадаўцу свайму рукі ліжуць .

Яны любяць мамаў і татаў ,

Модны гальштук , бляск акуляраў ...

У Маскве іх чакае плантатар .

І бізун ягоны з даляраў .

Цэгла пана Гарбанёва

Балада

Ці чулі навіну , людцы мае ?

Цэглу пан Гарбанёў прадае .

А цэгла , як лялька ! Цэгла , як звон !

Няшмат просіць за тысячу ён .

Не толькі грашыма , салам бярэ .

Ляжыць тая цэгла на панскім дварэ .

Так што , сусед , - запрагай каня !

Паедзем сала на цэглу мяняць .

Едзем . Вісіць над Гальшанамі змрок .

Рыпіць пад коламі мокры пясок .

Дзеці і бабы выбягаюць з хат .

Едзем на шмат стагоддзяў назад .

Калісьці тут слаўны Сапега жыў ,

Вялікаму Княству верна служыў .

На Івана Жахлівага вёў палкІ .

Страціў у бітве абедзьве рукі .

Ледзьве-ледзь ачуняўшы ад ран ,

Вярнуўся дадому адважны пан

І ўзяўся за лепшую працу з прац –

Пачаў будаваць славуты палац .

Як песня , будыніна тая была !

Як быццам з месячнага святла

І з сонечных промняў у сіняве

Змайстравалі людзі яе .

Вольны вецер яе абвяваў .

Лірнік натхнёны ля сценаў спяваў .

І прыгажуні , сабраўшыся ў круг ,

Белымі ножкамі вытоптвалі луг .

Слаўцеся ж , рукі , што ўзвялі

Гэтакі цуд на роднай зямлі !

А потым – войны , паўстанні , агонь ...

Захроп у Гальшанах імперскі конь .

Крывёю сплыў , на катарзе згніў

Той , хто калісьці “да лясу “ хадзіў .

І да святых цаглін-камянёў

Прыехаў з Масковіі пан Гарбанёў .

Узяўся ў бокі , вышаў на двор .

Ён тут – начальнік , ён – пракурор !

Не веліч , не славу “узрел “ гаспадзін ,

А тысячы-тысячы моцных цаглін .

З іх , калі замак Сапегі скрышыць ,

Можна шмат “мураўёвак “ * зляпіць .

Ды ўжо “мураўёвак” уга колькі ёсць .

Хутчэй жа цэглай гандлюй , ягамосць !

Чырвоную цэглу са сценаў ірвуць ,

Як быццам зубы з роту дзяруць .

Пан Гарбанёў слёзы не лье .

Не цэглу – памяць ён прадае .

За сала , за мёд , за грыбоў кашалі .

Навошта памяць гэтай зямлі ?

Калі са свядомых смяюцца людзей ,

Калі зачыняюць музей ці ліцэй ,

Ведайце , адназямельцы мае , -

Цэглу пан Гарбанёў прадае !

* - Тагачасная назва праваслаўных цэркваў на Беларусі .

***

Калі б не падзелы Рэчы Паспалітай , калі б не ўваходжанне беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі , нашы б продкі скінулі ярмо прыгонніцтва не ў 1861 , а ў 1807 годзе . На 54 гады раней ! На два ( а па тагачасных мерках ) і на тры чалавечыя пакаленні !

Гісторыкі-фанфарысты , удумайцеся ў гэтыя лічбы , уявіце на хвіліну , што па загадзе вяльможнага барына вас , менавіта вас , вядуць-цягнуць пад белыя ручкі на стайню пісюгаваць бізунамі . Уявілі ? Смыліць скура ?

Але пра што гэта я ? Для фанфарыстаў расійскі бізун усёроўна і мякчэйшы , і саладзейшы .

***

Жыццё – гэта спрынтарская гонка сперматазоідаў . Жыццё – гэта барацьба недаядання з пераяданнем . Жыццё – гэта запальванне і тушэнне свечак .

Урывак з калектыўнага ліста продкаў сённяшнім пісьменнікам

“ ... Не трэба нам Вашых кніг . Нам кнігавак хопіць над полем .”

***

Было й такое ... Рымскі імператар Калігула , перанасыціўшыся ўсім , пакаштаваўшы ўсяго , загадАў адмяніць паэмы Гамера ( ?! ) .

***

Аднойчы адзін з прыдворных рымскага імператара Веспасіяна папрасіў у яго пасаду для свайго “ брата “ . Ніякага брата , вядома ж , не было , а было звычайнае хабарніцтва . Веспасіян запрасіў да сябе “брата” , пагутарыў з ім і ўзяў з яго велькія грошы , даўшы пасаду . Калі ж прыдворны напомніў аб сваёй просьбе , імператар сказаў : “ Шукай сабе другога брата . Гэта зараз ужо мой брат “ .

***

Янку Купалу і Якуба Коласа маскоўскія літаратары 20 – ых гадоў 20 – га стагоддзя называлі “ Кириллом и Мефодием “ . Што гэта ? Звыштонкі гумар ? Здзек ?

Памятаю , як нам , студэнтам-журфакаўцам , вясёлы барадаценькі выкладчык на поўным сур”ёзе даказваў , што Купала і Колас “выдумалі “ беларускую мову , выдумалі “пад сябе”, г. зн. , не ўмелі добра пісАць па-расійску , таму і давялося ў тэрміновым парадку выдумляць “ матчыну “ . Вось якія выкладчыкі навучалі і навучаюць нас . Вядома ж , той колішні выкладчык , пэўна , й ня чуў пра Дуніна-Марцінкевіча і Багушэвіча , што “выдумлялі “ мову раней за Янку і Якуба .

 

***

Спявак Юліян , “ творчы сын “ Людмілы Зыкінай і Аляксандры Пахмутавай , што разам з той жа Зыкінай , натхнёна бліскаючы вачыма , выводзіў “ Мы не согнёмся ... “ , зрабіўся мусульманінам , стаў Мухамадам , “ согнулся “ . Што гэта ? Сімптом Юльяна Адступніка? Паражэнне праваслаўя ? Перамога ісламу ? Што гэта ?

 

***

“ Быў Культ . Але й была Асоба “ . Так вялікі казак Міхаіл Шолахаў “ тонка прагнуўся “ пад Сталіна .

***

Ёсць – свядомыя . Гэтым падразумяваецца тое , што ёсць – несвядомыя .

***

Славутая іспанская рака Гвадалквівір . Колькі серэнадаў гучала над ёю ! Колькі прыгажуняў глядзелася ў ейнае срэбнае люстэрка ! А я ( о , нікчэмны мярзотны зацыклены філолаг ! ) бачу ў ёй толькі знаёмыя да ачмурэння , сцёртыя беларускія словы – вада , вір ...

***

Толькі Бог , толькі Марыя з Езусам даюць сэнс нашаму існаванню . Без іх мы – дажджавыя чэрві , што выпаўзаюць са сваіх земляных нораў-сховішчаў пасля дажджу і якіх клююць птушкі і , нават не заўважаючы , топчуць людзі і жывёлы .

Бог – жыццё ! Бог – надзея ! Бог – сонечны прамень у цемрадзі часу ! Д”ябал – смерць .

***

А кветкі – гэта зоркі , што спусціліся аднойчы з нябёсаў на Зямлю і згубілі дарогу назад .

Не могуць яны ўспомніць тую блакітную , тую сонечную дарогу . А , магчыма , проста хітруюць . Бо калі мы паміраем , іх кладуць да нашых трунаў , і яны нешта таямніча шэпчуць нам , нежывым , на вуха . Пэўна , падказваюць нашай вызваленай са скляпенняў заснулага цела душы дарогу на Неба .

***

Псіхолагі кажуць , што з усіх колераў лепш за ўсё супроцьстаіць дэпрэсіі аранжавы

( памеранцовы ) колер ( ! ) .

***

Як толькі над дачамі пралётвае які-небудзь самалёт , наша такса Рокі ўздзірае галаву і пачынае злосна гаўкаць на неба .

Няправільную мы ёй клікуху далі , - смеючыся кажу я , - Яе трэба назваць Зенітка .

Ты памыляешся , бацька , - гаворыць малодшы сын Сцяпан , - Вельмі правільна мы

назвалі нашу рудоцінку . Хіба ты забыўся , што Рокі – скарочаны варыянт слова Ракета ?

Нам весела . Рокі гаўкае . Усім добра .

***

Цар – Ваша вялікасць . Князь – Ваша светласць . Мэр – Ваша высокамерые ( ! ) .

***

Я нарадзіўся 28 студзеня 1940 году . У гэты ж самы дзень 1820 году ветразевыя шлюпы расійскіх мораплаўцаў Белінсгаўзена і Лісянскага адкрылі Антарктыду . У гэты ж самы дзень 1596 году памёр англійскі пірат-рыцар Фрэнсіс Дрэйк . Смерць ад ліхаманкі напаткала яго падчас чарговага разбойнага паходу . Ягонае цела паклалі ў свінцовую скрыню і скінулі ў мора .

***

Што такое Чалавек ? Нешта сярэдняе паміж Гуліверам і Ліліпутам . Што такое Камунізм ? Неабароненыя доктарскія манаграфіі шмат каго з нашых вучоных .

***

Трэба нам , шаноўнае спадарства , усім нам , хто нейкім чынам цікавіцца будучыняй і лёсам беларускай мовы , для каго яна і Дух і Хлеб , СПЫНІЦЬ БЯСКОНЦЫ ПЛАЧ ЯРАСЛАЎНЫ – перастаць ныць і жаліцца , а проста размаўляць на ёй , проста пісАць на ёй . І ўсё будзе о”кэй !

***

У кожнага з нас у жыцці бывае

Чорны дзень і белая ноч .

Льецца жыцця ручаіна жывая

І ты разам з ёю наперад кроч .

Паводле Мікалая Языкава

Калі б мілыя дзяўчынкі

Дружна птушачкамі сталі ,

Ўраз паселі на галінкі

І на іх зашчабяталі ,

Стаць бы я хацеў галінкай

На якую села Зінка .

***

Маё жыццё –

Часу маленькі шматок ,

вЫразаны з ліпы дзіцячы свісток ,

мёртвай вады глыток ,

на могілках каляны пясок –

Маё жыццё .

Мая смерць –

Да зорак далёкіх палёт ,

Вечнага сонца ўзыход ,

Марсіянскіх полюсаў лёд ,

Знойдзены ў небе Жывы Народ -

Мая смерць .

І ўсюды – радасць .

Усюды – пекната .

І ўсюды свецяць

Вочы Хрыста !

 

Ліхтар на Грыва Дыгені *

Сыну Зміцеру

Я шмат прайшоў зямных шляхоў ,

Шмат сцёр падэшваў ,

І ўрэшце рэшт цябе знайшоў .

Дык не прыспешвай ,

Мяне адгэтуль не гані ,

Не злуйся дужа ,

Ліхтар на Грыва Дыгені ,

Начны мой дружа .

На Курыёне хваляў гром ,

Прыбою горы .

Пад сіняй ночы каўпаком

Спіць белы горад .

Гатэлі , пАбы і людзей

Скавала змора .

Няўтомны вецер-цудадзей

Нясецца з мора .

Над могілкамі – трэск цыкад ,

Крыжоў абрысы .

Там , Кіпра сын , ляжыць салдат

Пад кіпарысам .

А ты гарыш , а ты глядзіш

На нас са змроку ,

Да самай раніцы не спіш ,

Не змружыш вока .

Як добра ведаць , што ты ёсць ,

Найсветлы самы ,

Што ты , як наша маладосць ,

Заўсёды з намі ,

Што ў добрыя і ў злыя дні ,

У гром , у вецер ,

Ліхтар на Грыва Дыгені ,

Ты свеціш .

* Грыва Дыгені - Вуліца на Кіпры

 

Маналог індывідуаліста

Я жыў , я кахаў , я хадзіў па расЕ ,

Я піў , я рабіў , але помню адно я –

Ніколі не быў такім , як усе .

Не ведаю нават што гэта такое .

***

“ Бужу живых ! “

“ Колокол “, А. Герцен

Бухаў-грымеў іхні звон бяссонны ,

Планету будзіў . Ды ўсё сціхла ізноў .

Масоны згубілі кальсоны .

Камуністы брыдуць без штаноў .

 

На магілах паўстанцаў

На магілах паўстанцаў толькі дождж , толькі змрок .

Тут галінамі дрэваў , нібы дротам , вецер скрыгоча .

Замірае душа . Спатыкаюцца сэрца і зрок .

І відушчымі робяцца вочы .

Нехта густа замазаў дзве першыя літары ў слове “ Плябань “ .

Шыльду здзёр з валуна . Выліў чорнай нянавісці дзёгаць .

О , Плябань , ты нам сэрцы любоўю і верай парань .

Мы не з тых , што дзяруць . Мы з тых , што ня помніць не могуць .

Той , хто шыльду дзёр , паўзі ў мураўёўскі кабак .

Глыч гарэлку . Аб вялікай імперыі хрыпла чырыкай .

Мы стаім ля магілаў . І , здаецца , вылётвае з цемры казак ,

Цэліць проста ў душу дзюбатай бязлітаснай пікай .

***

Ты прынёс віно , закуску ?

Ты шануеш гэты край ?

Ду ю спік па-беларуску ?

Йес ?

Тады давай , сядай !

 

 

Ілоты

Яны засталіся ў Спарце .

У іх не было караблёў .

Ілоты , ілоты , ілоты ,

Няшчасныя дзеці палёў .

Ім сплыць бы за сіняе мора ,

Ад рабства ім бы ўцячы .

Жалезнай мовай гавораць

Дарыйскіх гаплітаў мячы .

І цэлыя пакаленні

У рабстве будуць згараць ,

Маўчаць , жыць на каленях ,

Чужынцу хлеб здабываць .

Каб нізка схілялі шыі ,

Глыталі пажараў дым ,

З сабачых шкураў пашылі

Ворагі шапкі ім .

Яны засталіся ў Спарце .

У іх не было караблёў .

Ілоты , ілоты , ілоты ,

Няшчасныя дзеці палёў .

Зямлю раздзіраюць грымоты .

Страляе вулканаў карцеч .

Устаньце з каленяў , ілоты !

Хапайце адплаты меч !

 

Эпоха Перавінчвання Галоў

Кажуць , што адразу ж пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 – га году да Уладзіміра Ульянава-Леніна прыйшоў вынаходнік з канкрэтнай рацыяналізатарскай прапановай . У той вясёлы час паўсюдна па Расіі знішчалі помнікі царам , іхнім губернатарам , генералам і г. д . “ Навошта руйнаваць цудоўныя бронзавыя і гранітныя помнікі ? – сказаў правадыру працоўных вынаходнік , - Лепш адпілуем ім галовы , на месцы кожнай шыі нарэжам разьбу , захаваем салідныя прадстаўнічыя тулавы і – калі ласка – трэба помнік таварышу Троцкаму , прыкруцім галаву таварыша Троцкага . Трэба увекавечыць таварыша Джугашвілі – Сталіна , прыкруцім ягоную галаву . Трэба , прабачце Уладзімір Ілліч , узняць пры ўсёй Вашай фенаменальнай сціпласці на катурны Вас , няма ніякіх праблемаў “ . Правадыр не згадзіўся .

І ўсё – ткі мы жывем у Эпоху Перавінчвання Галоў . Мяняюцца назвы дзяржаў , гарадоў , праспектаў , вуліцаў ... Адны і тыя ж вучоныя , выконваючы “ сацыяльны заказ “ уладаў , са спрынтарскай хуткасцю мяняюць факты і арыенціры , хваляць Чырвоную гвардыю , потым – Белую , складаюць панегірыкі Сярпу і Молату , за ім – Дзвюхгаловаму Арлу . І гэтак – бясконца .

А вось як рабілася ў Кітаі яшчэ ў 548 годзе да нашай эры ( ! ) . Піша кітайскі вучоны Фань Вэньлань :

“ Чыноўнікі – гісторыёграфы , наследуючы сваю пасаду з пакалення ў пакаленне і карыстаючыся вызначаным стылем , сумленна выконвалі сваю службу аж да ахвяравання ўласным жыццём дзеля правільнасці падачы падзей . Напрыклад , у 548 годзе да н. э.

саноўнік з княства Цы , Цуй Чжу , забіў цыскага правіцеля . Галоўны гісторыёграф , згодна ўсталяваных правілаў вядзення летапісу , зрабіў запіс : “ Цуй Чжу забіў свайго князя “ . Цуй Чжу разгневаўся і забіў прыдворнага гісторыёграфа за гэткі запіс . Тады два ягоныя браты паўтарылі гэты запіс у хроніцы і таксама былі забітыя Цуй Чжу . Калі ж і апошні , чацверты , брат , што застаўся жывы , напісаў такі ж сказ , Цуй Чжу ўжо не асмеліўся яго забіваць . Нань Шы-Шы ( паўднёвы гісторыёграф ) , пачуўшы пра смерць прыдворнага гісторыёграфа і ягоных братоў , узяў бамбукавую дошчачку і пакіраваўся ў дарогу , каб зрабіць той жа запіс , але , даведаўшыся на палове шляху , што правільны запіс зроблены апошнім з братоў , вярнуўся дадому . Так гісторыёграфы выконвалі свой абавязак “ .

 

Указ па Залатым Цераме нумар 101

“ У сувязі з тым , што нашы нястойкія нашчадкі пан Юшчанка і паня Цімашэнка павярнуліся тварам і душою да лацінянаў , больш любяць брэндзі , чым гарылку , а піцу болей , чым галушкі , а на кіеўскіх шыльдах карыстаюцца толькі маларасійскаю моваю , загадваем усім нашым летапісцам-кніжнікам , усім гісторыкам даталюбам надалей у сваіх марнаграфіях ( Памылка . Трэба чытаць – манаграфіях . Аўтар . ) пісАць не “ Кіеўская Русь “ , а “ Мінская Русь “ .

Гораду Мінску надаць званне – Маці Гарадоў Рускіх .

Пераязджаем у Мінск з усёй сваёй чэляддзю . Нашаму кватэрмайстру загадваем неадкладна падшукаць месца для Залатога Цераму на мінскім праспекце Пераможцаў . “

Вялікі князь Уладзімір Чырвонае Сонейка .

 

***

Я заснаваў “ Згуртаванне еўцэнтрыстаў – ЗЕЎС “ . Юрыдычны адрас ягоны – мая душа . Той , хто пачувае сябе еўрапейцам , для каго духовым цэнтрам з”яўляецца Еўропа, каму ў вокны хоць аднойчы грукаў вецер з Атлантыкі , зразумее мяне . Мы – дзеці Зеўса . Калісьці ён , магутны супербог , закахаўшыся ў дачку фінікійскага цара Еўропу , ператварыўся ў быка , украў яе і на сваёй шырокай спіне завёз на зялёны востраў Крыт . Так пачаўся еўрапеізм .

Мы – дзеці Еўропы . Ніякімі мытнямі , ніякімі межамі не адгародзяць нас ад яе . Яна – радзіма Гамера , Цэзара , Спартака , Яна Гуса , Мікалая Каперніка , Хрыстафора Калумба, Ісака Ньютона , Жаны Д”Арк , Рагнеды , Францыска Скарыны ... Яна – наша Радзіма .

Вось чаму я заснаваў “ Згуртаванне еўцэнтрыстаў – ЗЕЎС“ , юрыдычны адрас якога – мая душа . Станавіцеся побач са мною . Рабіцеся духовымі сябрамі “ Згуртавання еўцэнтрыстаў – ЗЕЎС “ . Упусціце ў свае душы Еўропу . Яна – мудрая і добрая . Яна свеціць , як сонца .

 

Колькасць прачытаўшых: 1792
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007