Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел дзевятнаццаты

XIX

Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт III Ваза ў бібліятэцы свайго кракаўскага палацу, у роздумнай цішыні, седзячы на чырвонай скураной канапе, што формаю сваёй нагадвала рыбацкі човен, чытаў“Ісландскія сагі“. Кніжку гэтую па ягонай настойлівай просьбе прывезлі са швецкага горада Кальмару, у якім калісьці датчане навязалі шведам бясслаўную ганебную Кальмарскую вунію.

Гэта быў поўны сілаў і жыццёвай энергіі трыццацігадовы светлавокі чалавек з цёмнымі вусамі і такой жа цёмнай кароткай бародкай. Кроў вечных ваяроў – вікінгаў і ліцвінаў удала і шчасліва спалучылася ў ягоных жылах. Ён быў нашчадкам адважнага Густава Вазы, які ў 1523 годзе ўзначаліў усенароднае паўстанне, выгнаў датчан са Швецыі і заснаваў каралеўскую дынастыю. Бацькам ягоным быў швецкі кароль Юхан III Ваза, маці – Кацярына Ягелонка, дачка Жыгімонта I Старога.

Коштам неймаверных высілкаў, хітрасплеценых інтрыгаў, шчодрых абяцанак і немалога шанцавання швецкаму каралевічу ўдалося перамагчы аўстрыйскага эрцгерцага Максіміляна і ў 1587 годзе зрабіцца ўладаром Рэчы Паспалітай. Падчас элекцыі, выбараў на гэтую пасаду Карона і Княства прагаласавалі за яго. Нямала пралілося шляхецакай і звычайнай крыві, гарэлі гарады і маёнткі, тысячамі гінулі людзі, але ўрэшце рэшт усё сціхамірылася, і Вікінг ( сам сябе Жыгімонт называў Вікінгам ) уздыхнуў вальней. І яму захацелася пачытаць гераічныя і рамантычныя гісторыі, якія склаў магутны вольны народ, засяляючы дагэтуль пустынны халодны востраў Ісландыю. На вялізных баявых караблях, узяўшы з сабою сваіх сямейнікаў і сваю маёмасць, узяўшы коней і ўсю астатнюю скаціну, разабраўшы на бярвенні і таксама ўзяўшы з сабою свае хаты, перасяленцы са Скандынавіі аддаваліся суроваму бясконцаму мору ў пошуках новай долі, новай радзімы. Падплываючы да Ісландыі, да яе паўднёвага берагу, дзе не было зручных бухтаў, яны кідалі ў мора слуп з выразанай на ім выяваю бога Тора, ахоўніка земляробства і абаронцы ад усяго злога. Раней гэты слуп стаяў на самым ганаровым месцы роднага котлішча, лучыў жывых з памерлымі. Куды звонкагалосая хваля выносіла слуп, там займалі зямлю і сяліліся, папярэдне абыйшоўшы яе з запаленымі паходнямі, выгнаўшы усялякую нечысць, якая гняздзілася тут. На востраве хапала сакавітай зялёнай травы для жывёлы, хапала рыбы і птушак для людзей. І, галоўнае, было далёка да жорсткіх мацерыковых каралёў-конунгаў. Іхнія прагавітыя рукі яшчэ не дацягваліся ў гэты вольны край.

Жыгімонт, як ужо казалася, лічыў і называў сябе вікінгам. У думках сягаў ён у тыя залатыя часы, калі жылі на свеце адважныя гераічныя воі, што гінулі ў бясконцых суровых бітвах. Дзевы-валькірыі адразу падхоплівалі іхнія душы і неслі ў Вальхалу, цудоўны нябесны палац бога Одзіна. Там іх ужо чакалі багатыя сталы з пітвом і ежаю. Спевакі-скальды праслаўлялі герояў у грымуча-вогненных песнях.

У цішы кракаўскага палацу малады кароль і вялікі князь, смакуючы словы, чытаў “Сагу пра Ньяля“:

- Жыў чалавек па імені Мард, па мянушцы Скрыпіца. Ён быў сынам Сігвата Рудога. Ягоная сядзіба месцілася на раўніне Рангарвелір. Гэта быў багаты хаўдзінг, які ахвотна дапамагаў у судовых спрэчках. Ён быў такім ведуном законаў, што рашэнні прынятыя без ягонага ўдзелу, здаваліся незаконнымі. Ён меў адзіную дачку па імені Ун.

А зараз сага пераходзіць да людзей з далінаў Брэйдаф”ёрда. Там жыў чалавек па імені Хаскульд. Ён быў сынам Кольля з Далінаў. Ягоную маці звалі Торгерд. Яна была дачкою Тарстэйна Чырвонага, сына Алава Белага, унука Інг”яльда, праўнука Хельгі. Інг”яльд быў сынам Торы, дачкі Сігурда Змяінае Вока, сына Рагнара Скураныя Штаны. Маці Тарстэйна Рудога была Аўд Мудрая, дачка Кеціля Плосканосага, сына Б"ярна Валовай Нагі. У Хаскульда быў брат па імені Хрут. Ягоная сядзіба называлася Хрутстадзір. Хрут быў прыгожы, рослы і моцны чалавек, умелы ў баі, памяркоўны, вельмі разумны. бязлітасны да ворагаў і добры дарадца ў любой вялікай справе.

Неяк здарылася, што ў Хаскульда былі госці і між іх ягоны брат Хрут, што сядзеў побач з ім. У Хаскульда была дачка па імені Хальгерд. Яна гуляла з іншымі дзяўчынкамі на падлозе. Гэта была прыгожая і станістая дзяўчынка. Валасы ейныя блішчэлі як шоўк і былі такія доўгія, што сягалі аж да лытак.Хаскульд паклікаў яе да сябе. Яна адразу ж падыйшла. Узяўшы за падбароддзе, ён пацалаваў яе і адпусціў. Затым спытаў у Хрута :

- Як табе падабаецца гэтая дзяўчынка? Табе не здаецца, што яна вельмі-вельмі прыгожая?

Хрут змоўчаў. Тады Хаскульд паўтарыў пытанне. І Хрут сказаў :

- Няма размовы – дзяўчынка цудоўная, і шмат хто паплоціцца за ейную прыгажосць. Але я не магу зразумець у каго яна ўрадзілася з такімі зладзеяватымі вачыма.

Жыгімонт адклаў кнігу, заплюшчыў вочы. Там, у сазе, пачынаў завязвацца чарговы крывавы вузел, тут, у палацавай бібліятэцы, панавала ціша. І невядома было куды болей імкнулася зараз ягоная душа. За апошнія тыдні і месяцы ён так стаміўся, што ўначы часцяком усхопліваўся з ложку, бо пачынала гарачымі іголачкамі калоць у сэрцы.

Звонку пачуўся лёгкі стук у дзверы.

- Можна! – запхнуўшы кнігу пад чырвоную скураную падушку, звонкім голасам крыкнуў Жыгімонт III Ваза. На парозе бібліятэкі з”явіўся гаспадарскі дваранін Марцін Балатовіч, высокі чарнавусы мацак з учэпіста-пранізлівым позіркам па-мангольскаму касаватых вачэй. З-за ягонага пляча выглядваў яшчэ болей высокарослы ахоўнік Юхан Чэльгрэн, адзін са ста маладых шведаў, якіх у родным Жыгімонтавым горадзе Грыпсгольме наняў і прыслаў у Рэч Паспалітую ахоўваць маладога караля і вялікага князя Жыгімонтаў бацька.

- Прапусці! – махнуў яму рукою Жыгімонт.

Балатовіч увайшоў у бібліятэку, няспешна пакланіўся, сказаў :

- Мой Гаспадар, чакаюць аўдыенцыі святыя айцы мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі Міхаіл Рагоза, біскуп уладзімірскі і берасцейскі Іпацій Пацей, біскуп луцкі і астрожскі Кірыла Цярлецкі, вашай мосці пасол на саборы ў Берасці нясвіжскі ардынат Мікалай Крыштоф Радзівіл ды іншыя.

Жыгімонт узняўся з канапы, напружана глядзеў на свайго гаспадарскага двараніна. Марціну Валатовічу падалося, што кароль і вялікі князь не вельмі разумее аб чым ідзе гаворка, і ён, крыху счакаўшы, прамовіў адно-адзінае слова :

- Вунія.

Гэтае слова для маладога ўладара Рэчы Паспалітай прагучала, як зык баявой трубы. Ён добра памятаў пасля каго стаў найпершым у дзяржаве – пасля самога Стафана Баторыя. Не хацелася быць слабым ценем магутнага нязломнага ваяра, барацьбіта за Айчыну. Кроў вікінгаў не дазваляла мець дрыготкія калені. З самага малалецтва Жыгімонт вучыўся мужнасці ў свайго бацькі, ваяўнічага швецкага караля, не раз быў, як кажуць, і на кані і пад канём. І, вядома ж, не яго тычылася мясцовая прымаўка :“Авечку стрыгуць, а баран дрыжыць“.

Ён быў выхаваны ў непарушнай вернасці каталіцкаму касцёлу, апостальскаму Рыму. Яшчэ з матчыным малаком ўсмакталася ў душу, у самае патаемнае, самае глыбіннае нутро гэтая вернасць. Са Швецыі, дзе каралеўскі сталец трымаў ягоны бацька-католік Юхан, даходзілі чуткі, што пратэстанты ўздымаюць галаву, хочуць захапіць уладу. Д”яблава насенне, кінутае Марцінам Лютарам, заляцела і туды, на халодныя скандынаўскія землі.

Не, бацька не затрымціць, без бою і вялікай крыві не здыме з галавы каралеўскую карону, не аддасць яе нахабным крыкунам. Жыгімонт добра ведаў свайго бацьку. Перад тым як выпраўляцца ў Рэч Паспалітую бацька прывёз яго на выспу Готланд у горад Візбю. Узыйшлі на старадаўнюю парослую сівым мохам гарадскую сцяну.

- Глядзі на поўдзень, - загадаў бацька.

Жыгімонт скіраваў позірк у той бок. Глуха шумела шэрымі хвалямі Балтыйскае мора. Дзьмуў у твар вільготны халаднаваты вецер. Ён, крылаты няўседа-вецер, ляцеў над кіпучай марской прастораю і мякка, а потым усё зласней стукаўся ў крапасную сцяну, у герб горада Візбю, які муляры увекавечылі калісьці на гэтай старой сцяне. Авечка ўздымала на гарадскім гербе сцяг. Рахманая міралюбная жывёліна і востраў Готланд, зямля ваяўнічых готаў. Ці не дзіва? Ці сумяшчальна гэта? Пэўна, так, калі не забываць пра Ганзу, паўночна-еўрапейскую купецкую аграмадзіну, што ўладарнічала на Балтыйскім моры.

- Шмат стагоддзяў таму нашы прапрадзеды готы адплылі адсюль на поўдзень, - казаў між тым сыну кароль Юхан, зняўшы капялюш, падставіўшы ветру светлыя доўгія валасы, - Яны кіраваліся ў вусце ракі Віслы, што пасля зрабілася польскай ракою. З Віслы яны рушылі да берагоў Румскага мора, якое сёння называюць Чорным, і ў Крым. Яны шукалі цёплае шчодрае сонца. І яны знайшлі яго. Праз тры дні, сын, ты таксама пойдзеш Дарогаю Готаў, слаўнай і мужнай дарогаю. Не ў Крым пойдзеш, а ў Рэч Паспалітую, у Кракаў і Вільню. Нялёгка будзе табе, бо мясцовыя людзі дужа ўпартыя, ганарыстыя і свавольныя. Заставайся ж і там цвёрдым адважным вікінгам. Будзь готам. Да апошняй кроплі крыві беражы каталіцкую веру, не дазволь каб хціўцы і марнатраўцы руйнавалі яе, насміхаліся над ёю. Даю табе ў верныя спадарожнікі і духоўныя дарадцы айца-езуіта Барталамея Свенсана, стараннейшага слугу генерала Ордэна езуітаў Клаўдзіё Аквівы. Свенсан выхоўваў мяне, у цяжкія хвіліны ўмацоўваў маю душу. Ён накіруе на адзіна правільны шлях і цябе, мой сын.

Вось што імгненна пранеслася ў галаве ў караля і вялікага князя Жыгімонта, калі пачуў ён ад гаспадарскага двараніна Марціна Валатовіча пра візіт вуніяцкіх святароў. Неабходна было прымаць рашэнне, і, значыцца, неабходна было параіцца з Барталамеем Свенсанам.

- Няхай усе акрамя Радзівіла прыходзяць у гэты ж час заўтра. А князя Радзівіла Сіротку я прыму сёння, - сказаў Жыгімонт Валатовічу, пакінуўшы, такім чынам, для сябе аж цэлыя суткі на прыняцце важнейшага рашэння. Усё яму было зразумела – святары хочуць каб ён сваім універсалам зацвердзіў акт вуніі, якая была абвешчана 9 кастрычніка 1596 году ў берасцейскай царкве святога Міколы. Але ж ярасна крычаць супроць вуніі Канстанцін Астрожскі, сын славутага Канстанціна, таго самага, што разграміў маскавітаў пад Воршай, біскупы Гедэон Балабан і Міхаіл Капысценскі. Плююцца на вунію экзарх канстанцінопальскага патрыярха ў Рэчы Паспалітай Нікіфар і экзарх александрыйскага патрыярха Кірыла Лукарыс. Незадаволеныя шмат хто з праваслаўных папоў. Бурліць Запарожская Сеч. Хіба можна не лічыцца з гэтым? Сапраўдны вікінг моцны не толькі сваёй баявой сякерай. Ён моцны й сваім розумам.

Марцін Валатовіч вышаў, панёс вуніяцкай дэпутацыі не дужа прыемную вестку. Зразумела, што яна не ўзрадуе іх , і яны будуць, не дужа сцішваючы голас, клясці яго, караля і вялікага князя, будуць, шкадаваць, што каля стырна Рэчы Паспалітай стаіць ён, а не аўстрыйскі эрцгерцаг Максімілян. Жыгімонт ведаў – між сабою яны называюць яго шведзікам. Гэта яго не злавала, а толькі смяшыла. Які ж ён шведзік? Рослы буйнацелы шырокаплечы. Ды ён сапраўдны шведзішча!

І яшчэ ён ведаў, што амаль усе яны ( і вуніяты, і праваслаўныя ) хочуць пасварыць яго з Габсбургамі і Германскай імперыяй. Дзеля чаго? Пэўна ж, каб хістка і няўпэўнена пачуваўся ў каралеўскім і вялікакняжым сядле. Ім патрэбна бязвольная яркарасфарбаваная лялька, а не рашучы і цвёрды кіраўнік дзяржавы.

Паслухаўшыся парадаў бацькі і езуіта Барталамея Свенсана, Жыгімонт не стаў варагаваць з Габсбургамі, а наадварот парадніўся з імі, узяў за жонку залатавалосую блакітнавокую прыгажуню эрцгерцагіню Ганну. Недабразычліўцы ягоныя на Вавелі і па ўсёй краіне аж узвылі :“На сармацкія землі саранчою паўзе немчура!“. Ды ён ужо патрохі вывучыў іхні характар – пакрычаць, памахаюць шаблямі, падкруцяць ( хто вышэй! ) вус і сціхнуць. Не такія яны ваяўнічыя, як хочуць паказаць самім сабе і ўсяму свету. Да таго ж яны й хітрыя лісліўцы. Адразу адчуваюць хто мацней за іх і горнуцца да моцнага, добра засвоіўшы прымаўку :

“На чыім вазку едзеш, таму песеньку спявай“.

Як толькі знік Балатовіч, у бібліятэку, ціха адчыніўшы дзверцы, што былі замаскаваны пад паліцу з кнігамі, увайшоў Барталамей Свенсан. Гэта быў сярэдняга росту і сярэдняга веку сухарлявы маршчакаваты чалавек з яркаакрэсленымі на энергічным загарэлым твары чорнымі бровамі. Крыху вышэй левага брыва віднеўся глыбокі чырванаваты шнар – след даўняга жорсткага ўдару. На Свенсану быў кароткі шэры плашч і такога ж колеру берэт. Падыйшоўшы да Жыгімонта, езуіт зняў берэт і пакланіўся. Месячык лысіны бліснуў перад вачыма ў Жыгімонта. Кароль і вялікі князь пакланіўся госцю. Яны селі побач на чырвоную скураную канапу, што пад цяжарам двух мужчынскіх целаў злёгку як бы запішчала.

- Я ўсё чуў, - лагодна ўсміхнуўся Свенсан. Голас ягоны быў мяккі і прыемны для вуха.

- Як, падрэ, улагодзіць усіх? – запытаўся ў езуіта Жыгімонт. Ён называў яго на рымскую манеру – падрэ.

- Усіх улагодзіць немагчыма, ды й непатрэбна, - прагучала ў адказ, - Гэта тое ж самае, што сабраць у адну торбу ўсе сонечныя прамяні. Збярэш, і зямлю праглыне чорная цемра. І з магільнага змроку ўзнімуцца і пойдуць на жывых людзей жахлівыя пачвары.

- Што ж рабіць?

- Я раіў бы падпісаць універсал і гэткім чынам узаконіць Берасцейскую вунію, - зірнуў у вочы Жыгімонту Барталамей Свенсан, - Канстанцінопальскі і александрыйскі патрыярхі, што сядзяць пад абцасам у турэцкага султана, вядома ж, не хочуць гэтага. Ім добра пад абцасам. Пад крылом у Асманскай імперыі ім цёмна, але цёпла і сытна. Хіба гэта хрысціяне? Хіба пякуць ім Хрыстовыя раны? Яны – самыя сапраўдныя паганцы. Тое ж можна сказаць і пра маскоўскіх праваслаўных святароў, якія баламуцяць праваслаўных Рэчы Паспалітай. Вунія зробіць яшчэ больш моцным увесь каталіцкі свет. Богу заўгодна каб універсал аб вуніі быў падпісаны.

- Дзякуй, падрэ, - усхвалявана прамовіў Жыгімонт і ўзняўся з канапы, - Я падпішу універсал. Я, як прыроджаны скандынаў, добра разумею, што такое вунія. Швецыя, Нарвегія і Данія прайшлі праз гэта. Польшча з Вялікім Княствам Літоўскім таксама. Хоць былі потым войны, паўстанні і рокашы, ліліся кроў і слёзы, але больш менш хрысціянскі чалавек разумее – у вуніі ратаванне ад турэцкага ятагану і ад маскоўскага бізуна. Ды мы й з Масковіяй, калі ўсё пойдзе як задумана, мяркуем злучыцца вуніяй.

Пры такіх словах езуіт, парывіста ўсхапіўшыся з канапы, акрэсліў над галавою ў Жыгімонта знак святога крыжа.

- Ідзі такой дарогаю! – усклікнуў ён, - І няхай нішто не спыніць цябе – ні перашэпты зласліўцаў, ні шаблі ворагаў.

Затым паклікалі князя Мікалая Крыштофа Радзівіла. Сіротка імкліва ўвайшоў у бібліятэку, прынёс з сабой бадзёрую свежасць снежаньскага ветру. Нават дыяменцікі сняжынак ярка ззялі на шырокім каўняры залататканай дэліі з адкіднымі рукавамі, якая была апранута на кажух пашыты з шэра-карычневай мядзведжай шкуры.

Жыгімонт і Свенсан з міжвольнай павагай паглядзелі на гэты грубы паганскі кажух. Ад яго струменілася неўтаймаваная дзікая сіла. Пэўна ж, Радзівіл наўмысна апрануў яго, ідучы на аўдыенцыю. Хоча паказаць, што ён – некаранаваны ўладар Вялікага Княства, што за ягонай спіною бязмежныя пушчы і палеткі, багатыя гарады, мястэчкі і вёскі, магутныя людзі і жорсткія мядзведзі, таямнічы загадкавы край, шчодра. як снегам зімой, засыпаны срэбрам і золатам.“Чаму яны, усе гэтыя людзі, усе гэтыя Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы, не ў свае рукі бяруць уладу ў сваёй зямлі, а запрашаюць уладароў збоку, з чужых дзяржаваў і чужых народаў? - прывітаўшыся з нясвіжскім князем, падумаў Жыгімонт, - Баязлівыя яны ці дужа хітрыя? Як разумець такое? Напэўна, як гэта ні дзіўна гучыць, іх губіць іхняя неабмежаваная ўлада і велізарная сіла. Яны прывыклі быць ледзь не багамі для сваіх падданых. Сутыкнуўшыся ж з тымі, хто не ломіць перад імі шапку, а лічыць сябе іхняй роўняй, яны баяцца магчымай паразы, бо за паразаю ідзе ганьба. А гэты лясны народ, відно па-ўсім, вельмі і вельмі ганарлівы. Павучыцца б ім разумнай сціпласці і веры ва ўласныя сілы ў шведаў, у вікінгаў“.

Езуіт Барталамей Свенсан, пачціва прывітаўшыся, думаў пра Радзівіла Сіротку крыху ў іншым накірунку, бо перад самай сустрэчаю па драбніцы выведаў у сваіх інфарматараў літаральна аб усім , што тычылася ліцвінскага Крэза :“Гэты дужа ўпэўнены ў сабе чалавек, як і ягоныя родзічы, ніколі не будзе шчаслівы. У яго ёсць усё : золата, урадлівыя землі, паслухмяныя рабы. Ды няма спакою ў душы. Няма ў ягонай душы цвёрдага і нязломнага стрыжня, які дае людзям каталіцкая вера. Ён быў то пратэстантам, то нават хіліўся да грэцкай веры. Сёння ён – каталік. Але якая новая схізматычная вера возьме ў палон гэтае пераменлівае сэрца заўтра?“.

Думаючы так пра нясвіжскага князя, Жыгімонт і Свенсан вельмі цёпла і шчыра прывіталі яго. Было б найвялікшай дурнотаю мець за ворага такога чалавека.

- Яснавяльможны пане, - запрасіўшы госця сесці і замовіўшы служку, каб прынёс віно, тры келіхі, арэхі і салодкія ражкі, прыязна ўсміхнуўся Жыгімонт, - мы са святым айцом Барталамеем хацелі б пачуць ваша меркаванне пра вунію. Дабро ці зло прынясе яна нашай з вамі айчыне? Вы ўсё ведаеце. Вы шмат дзе бываеце. Як глядзіць на вунію шаноўнае шляхецтва? Як ставіцца да яе ўвесь люд паспаліты?

Мікалай Крыштоф Радзівіл нетаропка разгладзіў белымі пальцамі свае доўгія русыя вусы і бараду-эспаньёлку, схіліў галаву ў лёгкім паклоне. У гэты час служка прынёс на срэбным падносе тры напоўненыя чырвоным віном келіхі. Радзівіл узяў кубак, паглядзеў на віно, сказаў :

- Біскуп уладзімірскі і берасцейскі Іпацій Пацей, які заўтра, найяснейшы міласцівы кароль, будзе ў вас, надрукаваў у мінулым року ў Вільні ў паноў Мамонічаў кніжку“Вунія, або Выклад старажытных артыкулаў да ўз”яднання грэкаў з касцёлам рымскім“. У кніжцы той ён заклікае ўсіх стаяць за вунію, бо яшчэ нашы дзяды-прадзеды гарнуліся да яе. Мяркую, што вунія прынясе карысць Рэчы Паспалітай, дасць духоўнае апірышча шмат якім людзям, што разрываюцца між Канстанцінопалем і Рымам і жывуць з расколатымі душамі. У Кароне і Княстве з”явіцца народ, які пад рукою рымскага папежа і пад вашай рукою зажыве ў міры і згодзе, захаваўшы ў святых храмах свае старадаўнія ліцвінскія звычаі і абрады. Не знойдзецца месца на нашай зямлі крыважадлівым лупежнікам і рабаўнікам. Ягнятка буде мірна пасвіцца побач з ільвом.

- Вып”ем за гэта! – узрадавана выгукнуў Жыгімонт. Узвіліся кубкі. Урачыста зазвінеў багемскі крышталь.

- Вельмі своечасовая дзея адбываецца ў Берасці, - сказаў езуіт, хруснуўшы салодкім ражком пасля чырвонага віна, - Вельмі своечасовая. Ужо сядлаюць коней туркі з татарамі, запарожцы з маскавітамі. Ужо запахла дымам на межах дзяржавы. І недарэмна папярэджваюць мудрацы :“Беражыцеся, бо Везувій услед за дымам выкідвае полымя“.

Назаўтра кароль і вялікі князь Жыгімонт III Ваза самаруч падпісў універсал, і новаствораная вунія пакрочыла па абшарах Рэчы Паспалітай. Гэта адбылося 15 снежня 1596 года. Гэта быў самы-самы пачатак доўгай камяністай дарогі.

І назаўтра ж на аўдыенцыю да караля і вялікага князя нейкім чынам прарваўся біскуп львоўскі і камянец-падольскі Гедэон Балабан. Яшчэ не прасохла чарніла на універсале. Можна было толькі здагадвацца як удалося апантанаму святару праслізнуць, нібы яшчарка, між шматлікай аховы і міма гаспадарскага двараніна Марціна Балатовіча. Пэўна ж, нехта дапамог упартаму Балабану.“Трэба высветліць хто дапамог і як мага жорстка пакараць здрадцу. Гэтак яны й галаварэза прапусцяць у каралеўскія пакоі“, - разгневана падумаў Жыгімонт. Ды было ўжо позна. Гедэон Балабан стаяў перад ім на каленях і трымаў у руках, сарваўшы з шыі, вялікі нацельны крыж.

- Гаспадар, не губі праваслаўны люд! Не аддавай нас пад Рым! – крычаў, аж заходзіўся, Балабан.

Усё ў імгненне вока здарылася тады калі кароль і вялікі князь ішоў са свайго кабінету ў палацавую цырульню дзе цырульнік і масажыст француз Андрэ павінен быў размяць і сагрэць яму правы бок. Апошнім часам у баку злёгку паколвала і адчувалася нейкая млявасць.

Гендэон Балабан выскачыў з бакавых дзвярэй і адразу ж рухнуў на калені. Следам за ім са спалатнелым аж жаху тварам ірвануўся Марцін Балатовіч. Сам Жыгімонт сціснуў у руцэ кароткі вельмі востры арабскі кінжальчык, бацькаў падарунак, прыляпіўся да сцяны, калоцячыся ад узбуджэння, рыхтуючыся адбіць напад. Кроў вікінга, кроў берсерка, што есць мухаморы, грызе ад лютасці свой баявы шчыт і гатоў адзін атакаваць дзесяцярых, вогненна выбухнула ў ім, затуманіла вочы.

- Я перарэжу табе горла! – люта крыкнуў Жыгімонт і выставіў перад сабою лязо кінжальчыка. Ды Балабан прыпаў тварам да каменнай падлогі, не варушачыся. Так сабака паказвае сваю найвялікшую пакорнасць чалавеку, гаспадару. І Жыгімонт схаваў у похвы кінжальчык і ўладным рухам рукі спыніў Марціна Балатовіча калі той узвіў шаблю над біскупам.

- Гавары, - дазволіў Жыгімонт Балабану.-

- Ты падпісаў універсал аб вуніі і гэтым самым падпісаў смяротны прысуд усім

нам, праваслаўным Рэчы Паспалітай, людзям усходняга грэцкага закону, - смела пазіраючы ў вочы чырванатвараму ад гневу каралю і вялікаму князю звонкім голасам прамовіў біскуп львоўскі і каменец-падольскі. У яго былі чорныя палымяныя вочы і нос кручком.

- Не разумею цябе. Усё адбылося добраахвотна. Пра гэта мне казалі і Рагоза, і Пацей, і Цярлецкі. І Радзівіл казаў. І шмат хто з магнатаў і засцянковай шляхты. Ты й сам, біскуп, як я ведаю, быў за вунію. Не разумею цябе, - канчаткова супакоіўшыся, прамовіў Жыгімонт.“Што азначае слова балабан?“– думаў ён, - Барабан? Бубен? Чалавек, які замнога гаворыць? Здаецца, не“. І ўспомніў. Балабан – гэта прыручаны паляўнічы сокал, моцная драпежная птушка, што палюе на дробнае птаства і магутным ударам вострай цвёрдай дзюбы забівае яго, раздзірае на кавалачкі. Некалькі такіх сокалаў прысылаў у Кракаў маскоўскі цар. Яны сядзелі ў круглых клетках-кошыках сплеценых з залатога дроту, пагрозна растапырвалі пер”е і глядзелі на ўсіх яраснымі жоўта-чорнымі вачамі.

- Аб якой добраахвотнасці ты кажаш, гаспадар? – засоп носам-кручком Гедэон Балабан, - Нас гоняць у вунію, як безгалосае быдла. Нашай згоды ніхто не пытае і не жадае пытаць. Хіба цікавіцца воўк у авечкі ці хоча яна жыць, цягнучы яе ў цёмны лес?

- Вунія – гэта не цёмны лес, - горача запярэчыў Жыгімонт, - Вунія – гэта святло апостальскага Рыму, святло Еўропы, ратаванне ад турэцкай і маскавіцкай шаблі.

Не ў рабства павядзе яна наш праваслаўны люд, а туды, дзе пануюць розум, згода і мір, туды, дзе жыве Бог.

- Бог спрадвеку жыў і жыве і на нашых землях, у нашых магнацкіх палацах і сялянскіх хатах, бо мы не паганцы, бо мы хрысціяне, - уставаў з каленяў, натхнёна бліскаў гарачымі чорнымі вачыма Балабан. Пры ягоным уставанні Марцін Балатовіч выцягнуў з похваў шаблю, паклаў яе лязом на правы плячук, вычакальна пазіраючы на Жыгімонта. Але ў таго быў спакойны міралюбны твар. Ён ужо зразумеў, што ад Балабана няма аніякай пагрозы – проста хвалюецца клапоціцца чалавек за сваю і сваіх аднадумцаў веру. А што ў гэтым благога?

- Абяцаю тым, хто застаўся ў праваслаўі, і асабіста табе поўную вольнасць веравызнання, роўнасць у правах з католікамі і вуніятамі, - урачыстым голасам прамовіў Жыгімонт, - У Рэчы Паспалітай, нашай з вамі маці, не будзе нелюбімых дзяцей.

- Я табе не веру, - з выклікам сказаў Гедэон Балабан.

Па шыі і па шчоках у Жыгімонта пабеглі жалвакі. Ды ён стрымаўся ад злых рэзкіх словаў, павярнуўся і шпарка пайшоў па калідоры да цырульніка і масажыста месье Андрэ. Ён не бачыў як па загадзе гаспадарскага двараніна Марціна Балатовіча суровыя жаўнеры схапілі Балабана за каўнер, з рогатам выкінулі на двор. Не абавязкова бачыць тое, што адбываецца за тваёй спіной.

- Вашамосць, вуніяцкія іерархі просяць разам з імі адзначыць удалае завяршэнне заўгоднай Богу справы – заключэнне вуніі, - праз нейкі час, калі ён ужо сядзеў у цырульніка, паведаміў Барталамей Свенсан, - Яны чакаюць у Берасці. Я раіў бы адгукнуцца на такую просьбу. Не кожны дзень, не кожны рок і нават не кожнае стагоддзе заключаецца вунія. Нашчадкі нам яшчэ пазайздросцяць, што былі мы ўдзельнікамі і сведкамі.

Кароль і вялікі князь Жыгімонт III Ваза згадзіўся прыехаць з Кракава ў Берасце. Якраз выпаў спорны густы снег, лягла трывалая санная дарога. Рухаліся дакладна тым жа маршрутам, якім семдзесят шэсць гадоў таму кіраваўся ад імператара Свяшчэннай Рымскай Імперыі Карла да маскавіцкага цара Міхаіла Раманава і ягонага бацькі-суправіцеля патрыярха Філарэта цёзка Вазы, нястомны пасланец-падарожнік Жыгімонт Герберштэйн.

З каралеўскага Кракава вялікім шумлівым абозам паехалі на Новы Корчын. Адтуль на Паланец, а затым на Сандамір. Берагам Віслы дабраліся да Завіхвоста, пераправіліся праз замёрзлую раку, пакінуўшы яе злева. Нарэшце паказаўся засыпаны снегам гарадок Парчаў, які стаіць амаль на мяжы Кароны з Княствам. За дзве мілі на ўсход ад яго цячэ рэчачка Ясонка. Тут пераехалі мяжу дзвюх дзяржаваў. З нагоды гэтага пераезду выпілі некалькі дзесяткаў бутэлек рэйнскага віна. З парожніх бутэлек выклалі якраз пасярэдзіне рэчачкі вялізную літару U, што азначала вунію. Настрой у Жыгімонта быў цудоўны. Ён пачуваў сябе творцам гістарычнай падзеі.

Затым былі дробненькія ліцвінскія паселішчы Палавіцец, Растоўша, Пішчыц. І вось яно Бярэсце – вялікі горад з крэпасцю на рацэ Буг, у якую ўліваецца рака Мухавец. Свяціла яскравае радаснае сонца. Яркімі дыяментамі блішчаў снег.

Іпаці Пацей, які зрабіўся вуніяцкім мітрапалітам, трымаючы ў руках залаты паднос з хлебам-соллю, вітаў Жыгімонта і ягоную світу каля мураванай катэдральнай Мікалаеўскай царквы. Твар у святара быў урачыста-натхнёны.

- Наш кароль і наш вялікі князь, - пранікнёна прамовіў Пацей, - мы, твае ўдзячныя верныя слугі, ніколі не забудзем, што менавіта твая высакародная рука падпісала універсал, які абвясціў усяму свету аб нараджэнні Берасцейскай вуніі. Места Бярэсце – шчаслівае места, можна сказаць, сэрцавіна нашай хрысціянскай дзяржавы, бо збудавана якраз пасярэдзіне дарогі ад Кракава да Вільні. Вялікі Ягайла яшчэ ў 1390 годзе дараваў яму магдэбургскае права. Вы, вялікі Жыгімонт, падаравалі яму ўжо ў нашы часы вунію, назаўжды праславіўшы такім чынам гэтае места. Жыві ж і мудра ўладарнічай. А мы, вуніяты, будзем штодзённа шчыра маліцца за цябе, за тваю дзяржаву і ўвесь твой род.

Хлеб-соль быў з пашанотнай удзячнасцю прыняты. Каралеўская світа ў імгненне вока расшчыкала каравай на драбнюткія кавалачкі. Затым пачалося пышнае баляванне проста пад небам на дзядзінцы берасцейскага замку. Паставілі збітыя са свежых дубовых дошак сталы, накрылі іх белымі льнянымі абрусамі. Распалілі велізарнае вогнішча. Рэзалі быкоў, свіней, авечак, гусей і кур. З падземных лёхаў выкацілі бочкі з віном і напоўнілі гэтым віном залатыя і срэбныя келіхі.

- Сто лят! – загрымела над Бугам і над Мухаўцом.

Усе, як адзін, выпілі цудоўнае бадзёрае віно. Усе, як адзін, шпурнулі кубкі сабе пад ногі ў пухкі чысты снег. Шматлікія служкі адразу ж рынуліся збіраць гэтыя кубкі, каб зноў наліваць у іх віно. І тут заспявалі пяшчотныя скрыпкі, зайгралі дудкі і гудкі. Адразу ж перад дубовымі сталамі пачалі танцаваць мужчына і жанчына апранутыя ў чорныя кажухі з чырвонымі лісінымі каўнярамі. На тварах у іх былі аскаленыя ваўчыныя маскі. У руках танцоры трымалі пеўня і гусака. Птушкі перапалохана білі крыллем, тузаліся, стараючыся вырвацца. Певень кукарэкаў, гусак злосна шыпеў і гергетаў. Але гэта толькі дадавала загадкавасці і таямнічасці незвычайнаму танцу.

- Што за людзі? – спытаў Жыгімонт у берасцейскага кашталяна Павала Паўлюкоўскага.

- Яцвягі з пушчы, - адказаў сівавалосы кашталян і ўдакладніў, - З Белавежскай пушчы. Ёсць пад тваёй рукою, дастаслаўны гаспадар, і такі народ.

Скончыўшы танцаваць, яцвягі кінулі птушак на загадзя падрыхтаваную калоду. У руцэ ў жанчыны бліснула сякерка, і галовы няшчасных птушак упалі ў снег. За іх адразу ж пачалі лютую валтузню сабакі, што круціліся вакол сталоў і пад сталамі ў чаканні якой небудзь ежы. Жанчына ж падбегла да Жыгімонта і пеўневай і гусаковай крывёю змазала яму шчокі. Усё гэта адбылося так хутка, што кароль і вялікі князь не паспеў адвярнуць твар. Кроў была цёплая і ліпкая. Жыгімонт грэбліва зморшчыўся, зноў спытаў у кашталяна :

- Што гэта азначае?

- Яцвягі жадаюць табе, вашамосць, пільнасці, бадзёрасці і адвагі. У пеўня і гусака ўсё гэта ёсць. Няхай будзе і ў цябе.

Гаспадарскі дваранін Марцін Валатовіч, узяўшы ў прыдворнай паненкі ядвабную хусцінку, старанна выціраў кроў з твару свайго ўладара. Усе застольнікі спынілі вясёлую гаману, чакалі калі Жыгімонт зноў узніме кубак. І раптам свіснула доўгая пёрыстая страла, з пляскам упілася ў тлустую кабановую тушу, што ляжала на вялізнай алавянай блясе пасярод стала. Аж пырскі шуганулі ў бакі. Усе міжволі хіснуліся хто куды і адразу ж ірвануліся да Жыгімонта, каб прыкрыць яго сабою. Ясна было, што мецяць у яго.

- Здрада! Замах! – закрычаў Марцін Валатовіч, выхопліваючы з похваў шаблю. Зачапілі абрус, і са стала паляцелі ў снег на вялікую радасць галодным сабакам мясныя закускі. Захрабусцелі пад нагамі кубкі і талеркі.

У гэтае імгненне другая страла ўдарыла проста ў грудзі віленскаму шляхціцу Канстанціну Квяцінскаму, што таксама кінуўся на дапамогу каралю і вялікаму князю. Квяцінскі глуха застагнаў, уваткнуўся галавою ў стол.

- Б”юць вунь з той вуглавой вежы, - вызначыў кашталян Паўлюкоўскі, - За мной, панове! Трэба абламаць рукі гнюснаму юду!

Кашталян і некалькі шляхціцаў борзда пабеглі ў вуглавую вежу, якая засцерагала замак з боку Замухавечча. Рэзка зарыпелі драўляныя ступені, што вялі ўверх на баявую пляцоўку. Закалаціліся сэрцы ад напругі і гневу. На пляцоўцы ўбачылі невысокага вузкаплечага чалавека ў чорнай манаскай хламідзе, які нацягваў цеціву. У чалавека былі доўгія рудаватыя, нібы лясны мох, валасы.

- Што ты робіш, галган?! – люта закрычаў Павал Паўлюкоўскі, схапіў чалавека за гэтыя валасы і што ёсць сілы дзеўбануў ягонай галавою ў бярвеністую дубовую сцяну. Невядомы лучнік захлынуўся крывёю, выпусціў лук, абмяк. Два шляхціцы ўзялі яго, як бервяно, павалаклі ўніз.

А на двары дзядзінца каралеўскі лекар Людвік фон Краўзе завіхаўся над параненым Канстанцінам Квяцінскім. Асцярожна, каб не вЫклікаць вялікую страту крыві, выцягнулі стралу. Лекар баяўся, што яна можа быць атручаная. Стралу размашыста ўваткнулі ў худы бок пярэстаму аблезламу сабаку, што падвярнуўся пад руку. Сабака адчайна заекатаў, даў лататы ў падзямельны замкавы лёх. Толькі яго й бачылі. Вось і мяркуй – атручаная ці не атручаная была гэтая страла?

Нарэшце Канстанцін Квяцінскі ачомаўся, расплюшчыў вочы.

- Хто ты, адважны рыцар? – усхвалявана запытаўся ў яго Жыгімонт, - Ты выратаваў мне жыццё. Я павінен ведаць за каго маліцца.

- Маліцеся, Гаспадар, за вунію, за Рэч Паспалітую і за Ліцвінію, - слаба ўсміхнуўся Квяцінскі.

Езуіт Барталамей Свенсан, што быў побач, здзіўлена перапытаў :

- За Ліцвінію? Ты сказаў – за Ліцвінію?

- Так. За Ліцвінію. За Вялікае Княства Літоўскае. Нашу радзіму.

- Дык ты, адважны рыцар, з Ордэна Святога Палемона, - пачуўшы такія словы, здагадаўся езуіт-усявед.

- Не памыляецеся, васпане, - кіўнуў галавою Канстанцін Квяцінскі, - Я – чалец Ордэна Святога Палемона. А вы лаяліт, з Ордэна Ігнацыя Лаёлы. Ці не праўда?

- Святая праўда, - адказаў Барталамей Свенсан і з усёй шчырасцю і апантанасцю перажагнуўся. І вочы адразу ж зрабіліся халоднымі.

У гэты міг шляхціцы прывалаклі лучніка з залітым крывёю тварам, кінулі пад ногі Жыгімонту.

- Ты хто? – грозна запытаў Жыгімонт. Толькі што Бог адвёў ад яго смяротную стралу. Яшчэ бег дрыготлівы халадок па скуры і нервова торгалася правае брыво.

- Я – братчык Мікольскага праваслаўнага брацтва з Берасця Пётр Петрашкевіч, - смела і дзёрзка адказаў лучнік, седзячы на снезе, які зачырвоньвала ягоная кроў, - Я хацеў забіць цябе.

- За што ты хацеў забіць мяне?

- За балючыя раны, якія ты нанёс і наносіш праваслаўнай царкве. За здзек і глум над ёю.

Ад такіх словаў у каралі і вялікім князі прачнуўся люты берсерк. Жыгімонт заскрыгатаў зубамі, вылаяўся, з усяго маху ўдарыў цвёрдым скураным ботам лучніка пад дых. Той скруціўся клубком ад дзікага болю.

- Не пухам, а каменем табе зямля! І кіпетнем вада! – закрычаў Жыгімонт, _ Павесьце яго!

Шляхціцы схапілі Петрашкевіча, які толькі глуха мычаў, зноў пацягнулі яго наверх і павесілі на браме гадзіннікавай вежы. Узвіліся чорныя напалоханыя вароны. Віскнуў сабака, у баку ў якога тырчала страла. Узвіхурыўся пухкі сняжок. І жыццё пацякло далей. Зноў зазвінелі кубкі і загучалі віваты.

- Чым узнагародзіць цябе, пан Квяцінскі? – запытаў захмялелы Жыгімонт у палеманіста, якому лекар Людвік фон Краўзе ўжо старанна перавязаў рану.

- Нічым, - адказаў Канстанцін Квяцінскі, - Хаця падаруйце мне, Гаспадар, тое стыло, якім вы падпісалі універсал аб вуніі.

Усе здзіўлена перазірнуліся. Дужа нечаканаю была просьба. Просяць пасады, просяць велькія грошы і землі з сялянамі, а тут нейкае стыло.

Жыгімонт, таксама здзівіўшыся, паставіў на стол кубак, пачухаў пераноссе. Затым павярнуўся да Марціна Балатовіча, што стаяў у яго за спіною :

- Пан Марцін, вы чулі просьбу гэтага адважнага рыцара? Трэба пашукаць тое стыло. Дзе яно можа быць?

- У вашай паходнай канцылярыі, - адказаў Балатовіч, - Мы, вашы слугі, ашчадна захоўваем усё. Зараз я з”езджу да абозу і прывязу яго.

Ён борзда ўскочыў на каня, паехаў з замку ў горад і праз нейкі час прывёз адтуль вельмі прыгожае залатое выштукаванае рукамі фларэнтыйскага ювеліра Джузепе Дольчы стыло. Яно нагадвала сабой цудоўнае пяро нейкай казачнай птушкі. Кароль і вялікі князь, высока ўзняўшы над сабою, паказаў зіхоткае стыло ўсім застольнікам. Яны ўхвальна зацмокалі языкамі.

- Вазьмі, рыцар, - аддаў стыло Квяцінскаму Жыгімонт, - Я добра разумею цябе. Зберагаючы рэчы, якія калісьці служылі нам, мы зберагаем у сабе часцінку нашага жыцця, якое адплыло і адгарэла, але не павінна знікнуць, а павінна назаўсёды застацца ў нашых душах, каб асвятляць і саграваць іх.

Канстанцін Квяцінскі, хоць было цяжкавата пасля ранення, узняўся ў поўны свой рост, нізка пакланіўся Жыгімонту, узяў стыло і пацалаваў. Затым асцярожна паклаў яго сабе за пазуху, бліжэй да сэрца, прачулена сказаў :

- Як захоўваюць хрысціяне часцінкі таго крыжа, на якім калісьці ўкрыжавалі нашага Збаўцу, так захаваем мы, вуніяты-палеманісты, гэта святое стыло, якім быў падпісаны універсал аб нараджэнні нашай новай царквы. З новай Божай царквою пойдзем мы ў новыя стагоддзі. І будзе жыць і квітнець наш бацькоўскі край, наша дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае, наша Ліцвінія. Верце ў гэта, паны-брацці так, як веру я.

Пачуліся віваты. Усе пачалі абдымацца і цалавацца. І з замкавай вышыні ўглядацца ў абшары за Бугам і Мухаўцом. Там быў спакой. Было яркаснежжа. Крочыла па зямлі маладая белая зіма.

 

Колькасць прачытаўшых: 193
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007