Калі дзве мужавы крытыя лубам фурманкі, прарыпеўшы коламі па камяністых вулках Уладзіміра, пераехалі драўляны мост праз раку Лугу і пакіраваліся па луцкай дарозе, усхваляваная Марына, паклаўшы сабе на грудзі абразок з выяваю Маці Божай, лягла на ложак, на пярыны і лісіныя кажухі, заплюшчыла вочы, пачала прыслухоўвацца да самой сябе. Новае жыццё ўжо віравала ў ёй. Невядомая малюсенькая істота, той ці тая, проста пад сэрцам нецярпліва біла-сучыла ножкамі, трапятала, уздыхала, пульсавала. Нібы крынічка.
“Нараджайся, сынок, - прасіла-маліла Бога Марына, бо толькі сына жадала яна, - Якім ты будзеш? Кім ты будзеш? Шаўцом і цэхмістрам , як твой родны бацька? Будзеш шыць абутак, ездзіць з абозамі ў далёкія землі. Прывозіць адтуль дзівосныя рэчы, пра якія нават почуту няма на нашай Валыні. Можа, й мне, тваёй маці, прывязеш падаруначак. Але не патрэбна мне нічога, абы ты быў здаровенькі і прыгожы. А, можа, дасць Бог, ты вывучышся на жаўнера і будзеш верна служыць каралю, будзеш ездзіць на кані ў бліскучых жалезных латах, з шабляю ў руцэ. А на галаве тваёй будзе шыкавацца востраверхая медная шапка з доўгім блакітным пяром чаплі“.
Пад вечар Марыне зрабілася блага. Загарэўся заружовіўся твар. Яе пачало ванітаваць. Кругам пайшла галава. Востры нечаканы страх накаціўся гарачай хваляю, здавалася, апаліў усё нутро. Падумалася, што яна з хвіліны на хвіліну памрэ, аддасць Богу душу. Хоць побач былі маленькія дочачкі, Гэля ды Іскрына, якія з радасцю выконвалі ейныя дробязныя просьбы, парадзіха вырашыла папрасіць дапамогі ў больш сталага чалавека.
- Анця, - адчыніўшы аслабелай рукой вакенца сваёй спаленкі, гукнула яна ў двор, туды, дзе на лавачцы пад крываватай тоўстай вярбінай сядзела ейная прыслужніца пятнаццацігадовая белавалосая дзяўчына і лузгала семкі. Анцін бацька Цімафей, няўдалы гандляр, страціў увесь свой абоз, калі яго перахапілі ў Дзікім полі татары-крымчакі, залез у вялікія пазыкі, у тым ліку, і да Гаўрылы Кунцэвіча. За вэксаль, што выдаў яму на два гады Кунцэвіч, Цімафей Старчак прыслаў у дом да Кунцэвічаў сваю дачку, каб тая дапамагала цяжарнай Марыне.
- Матулечка мая, - змахнуўшы з пунсовых вуснаў прыліплае чорнае шалупінне семак, прыйшла ў спаленку рахманая мяккасардэчная Анця, - ды ты ўся гарыш. Зараз я цябе кваском халодненькім напаю, венічкам з мяты табе над галоўкаю памахаю. Гарэнне тваё адыдзе, і ты супакоішся. Казала мне бабка Юсця - калі агонь кідаецца парадзісе ў лоб і шчокі. то мужычок з”явіцца на белы свет, бо яны, мужчыны, павінны быць гарачыя, каб халодных баб разаграваць.
- Дзякуй табе, Анцечка,- п”ючы з меднай конаўкі настоены на хлебных сухарах і лугавых кветках квас, - удзячна ўсміхалася знясіленая Марына, - Што б я без цябе рабіла?
- Што б рабіла? Гукнула б нямчыну Курта, што ля млына над Лугаю дом трымае, - махала мятным венічкам Анця.
- Баюся я нямчынаў, - уздрыгнула круглымі белымі плячамі Марына Аўдакімаўна.
- А чаго іх баяцца? Людзі. Дзве нагі. Дзве рукі. І адна галава, а не дзве. Усё, як і ў нас.
- Твая праўда, - згаджалася, супакойвалася парадзіха, - Ты, Анцечка, не ідзі сёння дадому, а паначуй у нас, бо страшнавата мне адной. І навошта гаспадар мой, хадзяін мой Гаўрыла ў той Луцк паехаў?
- У Луцку велькія копы грошаў даюць, - заклапочана ссунуўшы на загарэлым пераноссі светлыя бровы, сказала Анця, - Мой тату таксама туды паехаў. Усё хоча вярнуць тое багацце, што татары ў стэпе адабралі. Ды цяжка яму, вельмі цяжка, хоць усімі жыламі напінаецца-рвецца. Эх, была б я парубкам, села б на каня і паехала ў стэп:“Ану-тка аддавайце назад, праклятыя басурмане, наша дабро“. У тым жа дабры мой дзявочы пасаг быў. А цяпер ні пасагу няма, ні жаніха.
- Будзе ў цябе, Анця, добры жаніх, бо сэрца ў цябе цёплае, можна сказаць, залатое сэрца, - слаба ўсміхнулася Марына Аўдакімаўна. Ёй хацелася хоць нечым аддзячыць сваю цярплівую спагадную памочніцу.
- Тваімі б вуснамі, матулечка, мёд піць, - засаромелася, прыгожа зачырванелася Анця, - Дужа не турбуйся, матулечка. Заначую я ў цябе. У нагах у цябе пасцялюся. І за Іскрынкай і Гэлькай прыгляджу. А там, дасць Бог ласкавы, і пан Гаўрыла вернецца. Ляжы спакойна. І народзіцца, выкаціцца з цябе сынок, як гарбузок.
Марына вельмі хацела нарадзіць дзіця ў прысутнасці свайго мужа. Гэта, думалася ёй, змацуе сям”ю, як навошчанай прасмаленай варам шавецкай дратвай навекі зшые, злучыць яе. Ды чалавек мяркуе, а Бог кіруе.
У змроку ночы, калі побач соладка пасопвалі Анця і Гэля з Іскрынкай, яна ляжала на душнай пярыне, шаптала ўсхваляваную малітву, на сваім аголеным жываце крэсліла тонкімі дрыготкімі пальцамі знак святога крыжа, прасіла таго, хто ўжо жыў, пульсаваў унутры:
- Пачакай, дзіцятка, не выходзь яшчэ адзін-два дзянькі, пакуль вернецца з дарогі твой бацька.
Шумеў за вокнамі вецер, лётаў над зялёнай Валынню, над гарадамі і весямі, над камяніцамі і драўлянымі хаткамі. Люстраваліся зоркі нябесныя ў рэках, азёрах і копанках для рыбы і сялянскага быдла.
І ўсё-ткі раніцою пачало нараджацца, уладна пастукалася ў дзверы белага свету дзіця, хлопчык. Анця збегала да бабкі-павітухі Каржыхі. Павітуха, сівая і адназубая, са строгім позіркам маленькіх каштанавага колеру вачэй, спрытна зрабіла сваю справу, перавязала пупавіну, дала шчаслівай маці немаўля, што зайшлося прарэзлівм плачам-крыкам, сказала:
- Светленькі. Беленькі, як смятанка. І, бач ты – вышэй левага саска
Радзімка, нібы зорачка на скуры. Нябесны будзе чалавек. Божы.
Праз дзень вярнуўся з Луцку Гаўрыла Кунцэвіч. Убачыў сына, вельмі ўзрадаваўся, дастаў з дарожнага кашаля жоўтыя бурштынавыя пацеркі, клапатліва і пяшчотна ўздзеў іх на шыю Марыне Аўдакімаўне. Тая прамянілася мацярынскім шчасцем. Затым нагадала словы павітухі Каржыхі пра зорачку на сынавай скуры, пра нябеснасць і набожнасць. Гаўрыла зірнуў, засмяяўся:
- Гэтаксама расплюшчваюцца галоўкі драўляных шавецкіх цвікоў, калі занадта моцна стукнеш па іх малатком.
Нованароджанага хрысцілі ў праваслаўным Успенскім саборы ва Уладзіміры і назвалі Іванам у гонар свята Івана Купалы, на якое пабачыў белы свет, і прапрадзеда Івана Кунцэвіча. “Іванка, Іванютка“,- цалуючы, шаптала ў маленькае чырвонае вушка Марына.
Займеўшы наследніка, цэхмістр Гаўрыла Кунцэвіч з вясёлай апантанасцю ўпрогся ў працу. У жыцці ягоным з”явілася мэта – узгадаваць, паставіць на ногі і навучыць сямейнаму рамяству- шавецтву сына. Навошта шукаць нейкі іншы занятак, калі Бог даў у рукі такую пашанотную, такую прыбытковую справу? Чалавек, у адрозненне ад басаногага дзікага звера, павінен хадзіць у абутку. Так што работа будзе заўсёды – хопіць яе на сына і на сынавага сына.
З”яўляючыся цэхмістрам гарадскога цэху шаўцоў, старэйшы Кунцэвіч меў яшчэ й уласную майстэрню, дзе пад сваёй строгай рукою трымаў трох наёмных памочнікаў. Яны былі й чабатарамі ( шылі простыя“змазныя“боты ) і чаравічнікамі ( шылі“панскія“боты і чаравікі з тонкай высакаякаснай скуры ). Майстэрня гэтая займала першы паверх прасторнага двухпавярховага каменнага дому, які ў свой час пабудаваў прапрадзед Іван. На другім паверсе жыў сам Гаўрыла Кунцэвіч з жонкай і дзецьмі. Паверхі злучала вузкая драўляная лесвіца. З ранку да самага вечару знізу, з майстэрні, нёсся бадзёры грукат шавецкіх малаткоў.
На стэлажах уздоўж сценаў майстэрні грудамі ляжалі драўляныя і металічныя капылы. Тут жа захоўваліся правідлы, востраканцовыя шавецкія нажы. Адзін з такіх нажоў Гаўрыла, весела смеючыся, уклаў у малюсенькую ручку свайму сынку, як толькі яго пабачыў.
- Ды ты што?! – закрычала на мужа перапалоханая Марына Аўдакімаўна,- Хочаш, каб дзіця парэзалася?
- Гэты нож будзе карміць і паіць яго,- задаволена хмыкнуў у віслыя вусы старэйшы Кунцэвіч. Іншай жыццёвай дарогі для Іванюткі ён не бачыў.
Акрамя капылоў і нажоў у шавецкай майстэрні меліся малаткі, прамыя і выгнутыя шылы і шыльцы, пласкагубцы, абцугі, рашпілі, напёрсткі, іголкі. Заўсёды былі пад рукою дратва, медныя і драўляныя цвікі. Скуру для абутку, як самы дарагі тавар, захоўвалі ў спецыяльнай каморы, што займала ледзь не чвэрць усёй майстэрні.
Узрадаваўся, дужа ўзрадаваўся Гаўрыла Кунцэвіч нараджэнню доўгачаканага сына, але апошнім часам жыццё прыносіла ўсё болей гаркоты. Жыццё паварочвалася так, што быццам дым марны, развейваліся шмат якія спадзяванні шаўца на шчаслівую заможную будучыню сваёй сям”і. 11 гадоў таму, у 1569 годзе, утварылася Рэч Паспалітая, зліўшы ў адно дзяржаўнае цела Княства і Карону, Арла і Пагоню. Нібыта й нічога кепскага не было ў такім зліцці-злучэнні. Меркавалася, што новая дзяржава спыніць на сваіх межах пастаянныя агрэсіўныя наскокі маскавітаў. Шведаў, крымскіх татар з туркамі. Ля стырна Айчыны стануць мудрыя дальнабачныя мужы, якія павядуць яе ў Залаты век. Усім будзе добра пад агульным дахам: палякам і ліцвінам, габрэям і жмудзінам, магнатам, шляхце і рамеснікам, нават цёмны прыдушаны вечнаю працаю хлоп уздыхне вальней.
Так яно, магчыма, й адбылося, але толькі напалавіну, у прыватнасці, для цэхмістра Кунцэвіча і ягоных шаўцоў. Справа ў тым, што горад Уладзімір, горад заснаваны яшчэ ў 988 годзе князем Уладзімірам Чырвонае Сонейка, горад, які на сваім магдэбургскім гербе меў святога Георгія, што вострай дзідаю забівае жахлівага цмока, разам з усёй Валынню адыйшоў ад Вялікага Княства Літоўскага да Кароны, да Польскага каралеўства. Адразу ж праз яго хлынулі ў чарназёмныя стэпы Дзікага поля паны-землеўласнікі са сваімі падпанкамі, рознай масці авантурысты-прахіндзеі, шукальнікі бітваў, прыгодаў і велькага золата. Ціхі дагэтуль Уладзімір стаўся прахадным дваром. Гэтая крыклівая ваяўнічая арда няспынна, удзень і ўначы, рухалася на паўднёвы ўсход. Іхнія коні дашчэнту выпілі зарослую зялёным чаротам раку Лугу. Жаданне было адно – захапіць як мага болей нічыйнай зямлі, засяліць яе выведзенымі з Кароны хлопамі, засеяць пшаніцай. І пшаніца тая на багатых еўрапейскіх рынках станецца сапраўды залатою. У Вільні, якой да Люблінскай вуніі належала гэта велізарная тэрыторыя, і якая знясілела ў бясконцай вайне з Масковіяй, не хапала болей войска. Вось чаму сюды прыгарцавалі польскія ўланы, прынеслі на сваіх баявых прапарах белага арла. Але й яны не здолелі б утрымаць гэтыя чарназёмныя абшары, калі б не ваяўнічы вольны люд, які ўкараніўся на астравах паўднёвей дняпроўскіх парогаў і назваў сябе казакамі. Напачатку 16 стагоддзя за дняпроўскія парогі прыблукаў рамантычны шукальнік славы шляхціц Стафан Дашкевіч. Гэты мудры і хітры Дашкевіч, умелы адважны ваяка, павёў сябе так, што неўзабаве запарожцы абралі яго кашавым атаманам. Дзякуючы менавіта яму Запарожская Сеч даведалася, што такое найстражэйшая вайсковая дысцыпліна. Ён падзяліў казакоў на палкі і сотні, узброіў іх, прымусіў роўнымі долямі дзяліць баявую здабычу, вольным галасаваннем абіраць сабе атаманаў. Пад ягоным звяршэнствам сечавікі грамілі татарскую арду на ўзбярэжжы Азоўскага і Чорнага мораў, спалілі Ачакаў, спустошылі Крым, няспынна пагражалі Турцыі.
Адкацілася на паўднёвы ўсход у кавыльныя яшчэ ціхія стэпы, дзе мірна жылі суслікі і дрофы, шумлівая чалавечая армада. Следам за ёю прыехалі ва Ўладзімір польскія купцы і рамеснікіЮ Яны былі больш спрытнейшыя, больш галавістыя за мясцовых, бо на працягу стагоддзяў старанна вучыліся ў сваіх суседзяў немцаў. “На тое й паляцы, каб жыць у палацы“, - весела ўзяўшы рукі ўбокі, казалі яны тутэйшаму люду. І яшчэ казалі:“Не кожны той паляк, хто хацеў бы стаць палякам”.
Неўзабаве Гаўрыла Кунцэвіч са сваімі шаўцамі ўласным кашальком адчуў нястрымны напор іхняй канкурэнцыі. Каранякі перахапілі амаль усе рынкі збыту. Раней, нарыхтаваўшы шавецкі тавар, яго можна было на фурманках везці прадаваць у Польшчу, у Прусы. Можна было дастаўляць туды тавар і вадою, бо рэчка Луга ўлівалася ў Буг, а Буг уліваўся ў Віслу. Цяпер тамтэйшы пакупнік як бы нейкім мурам быў адгароджаны ад уладзімірскіх шаўцоў. І не толькі шаўцоў, але і ўсіх іншых рамеснікаў.
Хмурыя былі вочы ў радцаў уладзімірскага гарадскога магістрату, калі сабраліся яны ў параднай зале ратушы, каб пагаварыць пра жыццё-быццё, сваё і ўсіх мяшканцаў Уладзіміра. Бурмістр Якуб Зянкевіч, мажны сівавалосы з адвіслым падбароддзем, прамакнуў узмакрэлы лоб шаўковай хусцінкаю, чэпка і пільна, быццам упершыню бачачы, зірнуў на радцаў. Іх было, нібы апосталаў, роўна дванаццаць. Не зважаючы на спякоту яркага летняга дня, усе апранулі свае самыя багатыя, а, значыць, самыя шчыльныя і цёплыя ўборы, у якіх не грэх паказацца людзям, у якіх звычайна ходзяць гарадскія рамеснікі. На рознага памеру і аб”ёму тулавы былі нацягнуты аднолькавыя аблягаючыя суконныя каптаны з прышыўным каптуром з доўгім завужаным канцом, які звісаў ззаду амаль да паясніцы. На ўсіх былі вузкія ў абцяжку нагавіцы, сіняга або бурачковага колеру. На нагах цвёрда і надзейна сядзелі скураныя чаравікі з доўгімі вострымі насамі, на галовах – барэты з чырвонага аксаміту. Усё гэта дапаўнялася кароткімі шырокімі плашчамі-накідкамі. Прычым, як адразу ж заўважыў бурмістр Зянкевіч, ва ўсіх радцаў плашчы-накідкі былі там, дзе ім надлягае быць – на плячах. І зашпіленыя на ўсе гузікі. Толькі адзін Гаўрыла Кунцэвіч чамусьці зняў свой плашч, трымаў яго перакінутым цераз руку, як які-небудзь настольны або вясельны ручнік. Гэта не спадабалася бурмістру. Нельга вылучацца, выторквацца, як белая варона, з гурту падобных на цябе. Раптам бурмістр успомніў – казалі, што нядаўна жонка Марына нарадзіла Кунцэвічу сына. Пэўна ж, ад радасці не адзін гляк акавіты выжлукціў. Бач, як яго размарыла ў цёплым месцы. На акавіту не гукнуў, піў патаемна, як які-небудзь валацуга-апойнік з тых, што начуюць у канавах і копах сена.
Ды такое цячэнне бурмістравых думак перапыніла, павяла зусім у і ншы бок тоўстая сіняя муха, якая нібы сшалела, з пагрозлівым гудзеннем пачала лётаць над галовамі радцаў, у тым ліку, і над ягонай бурмістравай галавой. Вось-вось, калі не адмахнешся рукою, сядзе на лысіну, Пэўна ж, заляцела ў ратушу з рынку, адтуль, дзе на дубовых калодах мяснікі сякуць мяса, Казаў жа мяснікам, прытым не адзін раз, каб больш ахайнымі былі, прыбіралі, падмяталі за сабою, не пладзілі розную нечысць, Вунь і радца ад мяснікоў сядзіць – Платон Загаруйка, сам, прабач, Божа, як свіная туша.
- Твая?– злосна зірнуўшы на Загаруйку, тыцнуў пальцам убок дужа гудлівай мухі бурмістр.
Загаруйка ад нечаканага пытання рэзка трасянуў галавою на кароткай тоўстай шыі. Няўцямна пазіраў на Якуба Зянкевіча. Нарэшце да яго дайшоў сэнс сказанага бурмістрам.
- Я іх не мечу, - сказаў радца ад мяснікоў густым сытым голасам, - У яе на
крыллях не напісана, што яна мая.
Усе радцы засмяяліся. Усе акрамя бурмістра. Ён пачырванеў, засоп буйным трохі расплюснутым на самым канцы носам. Муха тым часам ірванулася на святло ратушнага аркападобнага вакна, пачала, як не канаючы, біцца аб каляровыя шкліны.
- Выгані яе, чортаву шэльму! – люта закрычаў бурмістр ратушнаму служку Сымону, які сядзеў на нізенькай лавачцы каля дзвярэй і драмаў, дзёўб носам. Сымон схапіў з перапуду мятлу на доўгім арэхавым кійку, пляснуў ёю з усяго размаху ў вакно, туды, дзе аж заходзілася невыносным мярзотным гудзеннем сіняя мясная муха.
- Асцярожней! – астудзіў служку бурмістр, - Вам дай волю, дык ва ўсім Уладзіміры ніводнай цэлай шыбы не застанецца.
Нарэшце шкадлівая муха была пераможана. Служка Сымон сеў на лавачку. Радцы, толькі што вясёлыя і шумлівыя, нагналі на твары звычную задумлівую хмурасць. У параднай ратушнай залі зазвінела цішыня.
- Цяжка нам, - узняўся са свайго месца радца ад гандляроў і скупшчыкаў
Адам Цыбульскі, - Куды ні ткніся, усюды лях. А з ляхам той жа немец. І, вядома ж, габрэй, які чамусьці адначасна можа быць і ляхам, і немцам. Нашы тавары людзі не купляюць, абыходзяць бокам. Кідаюцца, як начная мятлушка на агонь свечкі, на ўсё нянаскае, заморскае, бліскучае. Хоць яно й побач з нашым не ляжала і не стаяла. Сіні дым ад мокрага сена. Вось што яно.
Цыбульскі разгублена, як які-небудзь хлоп, пашкроб сваю зарослую рудым валоссем патыліцу:
- Навошта было нас пад Карону аддаваць? Жылі б у Княстве й не тужылі.
- Нас з табою, шляхетны пан Адам, не спыталіся, - строга перапыніў яго бурмістр, - Мы людзі дробныя. Аддалі й аддалі. Чаго зараз плакацца? Гусь задам не ходзіць.
- Але гуся можна засадзіць у лубяны кораб і занесці або завезці ў тую ж самую Вільню, - горача запярэчыў Цыбульскі.
Ды бурмістр Зянкевіч толькі махнуў загарэлай, аж карычневай рукою:
- Не трэба залішне зубамі званіць. Мы – людзі паднявольныя. Мы не магнаты і не шляхта. Мы – рамеснікі. Ці ты забыўся якога ты роду? Забыўся? Не. Вось і добра, даражэнькі ты наш. Сядай і дай слова мовіць іншым. Тут у нас яшчэ ёсць ахвочыя сказаць тое-сёё. Ці не так, пан Гурэцкі?
Бурмістр пранізліва зірнуў на самую заднюю лаву. Там, нізка пакланіўшыся ўсім радцам і, вядома ж, бурмістру, хуценька ўзняўся сярэдняга веку і сярэдняга целаскладу чалавек, нічым непрыкметны – ні вопраткаю, ні тварам. Голас ягоны таксама быў непрыкметны – ціхаваты і глухаваты. У руках чалавек гэты, якога бурмістр Якуб Зянкевіч назваў панам Гурэцкім, трымаў складзеную ў дзве столкі паперчыну. Калі ён разгарнуў яе, каб агучыць напісаны тэкст, паперчына сакавіта захрумсцела, як свежы капусны ліст.
- Мы, рамеснікі розных рамёстваў, а, калі дакладна, залатых спраў майстры, кавалі, латуншчыкі, катляры, слесары, збройнікі, нажоўшчыкі, збегам жыццёвых мітрэнгаў і пераменлівага лёсу прыбылі ў горад Уладзімір з розных гарадоў Княства, а,менавіта, з Менску, Бабруйску, Слуцку, Шклова, Меднікаў, і просім высокую раду, усіх вас, дабрародныя і вялікародныя паны, дазволіць нам стварыць у вашым праслаўленым уганараваным горадзе агульны для ўсіх цэх, - пачаў чытаць Гурэцкі,- мець адзіныя сходы, мець цэхмістраў і агульную касу для плацяжоў, Мы, чальцы гэтага цэху, жадаем штодзень і штоночы славіць бяссмерце Божае, быць вернападданымі ягонай міласці караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ Ваэы, ва ўсім падпарадкоўвацца яму і ўладзімірскаму магістрату.
- Не хапала нам ляхаў, а тут яшчэ гэтыя аб”явіліся! Ці можа сцены нашага горада мёдам намазаны?! – раздражнёна выгукнуў Адам Цыбульскі, як толькі Гурэцкі, пералічыўшы імёны ўсіх рамеснікаў, што падпісалі ліст-просьбу, скончыў чытанне. Чырвонашчокі вельмі раззлаваны Цыбульскі сарваўся са свайго месца і пабег да дзвярэй, ледзь не збіўшы з ног разгубленага служку Сымона. Загрымела па каменнай падлозе лавачка, якую зачапіў сваім вастраносым чаравікам радца ад гандляроў і скупшчыкаў.
Але ўсе астатнія радцы не былі такімі занадта порсткімі і занадта гарачымі. Чым болей жыве і працуе ў горадзе галавістых талковых людзей, людзей спрытных рукой і розумам, тым багацейшы горад. Так вырашыў магістрат і дазволіў стварыць цэх. Толькі да кожнага новапрыбылага паставілі патрабаванне – у строга адведзены тэрмін прад”явіць не менш двух сведкаў, якія б пад прысягаю пацвердзілі, што ён, новапрыбылы рамеснік, законнанароджаны. Той, хто назваў сябе залатых спраў майстрам, павінен быў вырабіць і паказаць магістрату шэдэўры: двайны кубак і пярсцёнак з адным або некалькімі каштоўнымі камянямі. Гэтыя рэчы абавязкова павінны былі мець такую ж пробу і вагу, як у Кракаве і ў Вільні. Каваль меўся адкаваць на працягу аднаго дня тры прадметы: цясак, падкову і сякеру. Калі ж ён не здолее падрыхтаваць і паказаць шэдэўр/ то абавязаны заплаціць у касу дзесяць коп літоўскіх грошаў і арганізаваць для ўсіх майстроў вячэру. Калі вячэру майстры ўхваляць як добрую, кавалю даецца дазвол на яшчэ дзве спробы.
Напамінак аб вячэры развесяліў радцаў і бурмістра Зянкевіча. І хоць яшчэ палымнеў за вокнамі яркі сонечны дзень, бурмістр, задаволены адзінадушшам радцаў падчас прыняцця адказных рашэнняў, загадаў служку Сымону збегаць і прынесці з карчмы, якая месцілася ў падвале ратушы, дванаццаць квартаў халоднага піва са свежымі апетытнымі ракамі, а потым яшчэ й яшчэ дванаццаць і таксама з ракамі. Бедны Сымон, шнуруючы туды-сюды, аж язык высалупіў, як загнаны дворны сабака.
- От, будзе локаць грызці Цыбульскі, калі даведаецца, што мы тут бурмістравым півам частаваліся, - пажартаваў нехта з радцаў.
- Ды ў гэтага пана Адама ў галаве адначасова тры пеўні кукарэкаюць,- залівіста засмяяўся Гаўрыла Кунцэвіч, аж віслыя ягоныя вусы натапырыліся. А неўзабаве, захмялеўшы ад дабрэннага моцнага піва, Кунцэвіч, не зважаючы на тое, што знаходзіўся ў параднай ратушнай залі на пасяджэнні магістрату заспяваў пранізлівым крыху надтрэснутым голасам:
А хто любіць гарбуз,
А я люблю дыньку.
А хто любіць гаспадара.
А я гаспадыньку.
Здзіўленыя радцы глядзелі на цэхмістра ўладзімірскіх шаўцоў, як на нейкага балаганнага пятрушку, аднаго з тых, што вандруюць па гарадах і весях, быццам цыганы, цешаць на рынкавых плошчах народ – танцуюць на канатах, глытаюць пякучы агонь, ездзяць на свіннях, барукаюцца з мядзведзямі. Трэба ж – такі шаноўны, такі зацны чалавек, а паводзіць сябе, не раўнуючы дураслівы хлапчук. І шмат хто здагадваўся – ад найвялікшай радасці нібы здзяцінеў чалавек, бо падараваў яму Бог сынка, наступніка.
- Шляхетны пан Гаўрыла, хачу сказаць табе, што тут не карчма, а гарадская ратуша, - сурова, як і належыць высокай службовай асобе, прамовіў бурмістр Якуб Зянкевіч, - Мы, у тым ліку, й ты, сабраліся сюды не спяваць і не таньчыць, а думаць пра наш горад, пра ўсіх мяшканцаў ягоных. Ясна, што ў цябе свята. Павіншуй ад усіх нас сваю Марыну Аўдакімаўну, сто лят ёй пажадай і яшчэ болей дзетак. Дарэчы – ты нас усіх так і не запрасіў на хрэсьбіны, а, як мы сёння бачым, святкуеш адзін.
Гаўрыла Кунцэвіч збіраўся быў горача запярэчыць і адразу ж павесці ўсю гурму радцаў да сябе ў дом на вялікае частаванне, ды бурмістр не дазволіў яму перахапіць ініцыятыву і сухім голасам пачаў гаварыць зусім пра іншае:
- Няма ладу і міру між нашымі вернікамі. Нашы праваслаўныя і нашы каталікі падобна кошцы і сабаку выдзіраюць адно адному вочы. Толькі поўсць ляціць ва ўсе бакі! Хіба гэтак можна? Хіба Хрыстос павучаў такому? Жывем у адзінай дзяржаве, у Рэчы Паспалітай, а пачуваем сябе, нібы гарэмныя мусульманскія еўнухі на хрысціянскім вяселлі. І хочацца паненку за салодзенькае сцягно ўшчыкнуць, і выхаласцілі да кроплі ўсю нашу мужчынскую сілу. Вось і дайце рады - як жыць? Учора каля Успенскага сабору зноў счапіліся. Прыехаў з Луцку біскуп Віктарын са сваімі клерыкамі, хацеў правесці святую імшу ў касцёле святых Якіма і Ганны. Але нашы праваслаўныя закідалі іх камянямі і смярдзючымі тухлымі яйкамі. Аднаму клерыку выбілі тры зубы. Другому пашкодзілі вока. Біскупу Віктарыну амаль на шматкі парвалі плашч. Як далей можна трываць такое нечуванае дзёрзкае баламуцтва? Пан войт Маркоўскі са сваімі лаўнікамі ўзяў пад варту. закаваў у ланцуг з дзесятак самых злюцелых падбухторшчыкаў-завадатараў. Ёсць між іх нашы з Уладзіміру, ёсць луцкія. Мяркую, войтаўскі суд разбярэцца і з усёй суровасцю, так, з усёй самай суровай суровасцю пакарае гэтых дуралеяў. А мы, паны радныя, павінны задумацца адкуль бяруцца такія. Вось, к пРыкладу, арыштаваны нейкі Жаўнерык. На допыце заявіў, што ён працуе падмайстрам у шавецкай майстэрні Гаўрылы Кунцэвіча. Ці так я кажу, пан Гаўрыла?
- Так, - згодна хітнуў галавою ўсё яшчэ вясёлы Кунцэвіч, - Прыбіўся да мяне з паўгода таму, як той шчанючок. Працуе. Добра працуе.
- Ты б, учцівы пане цэхмістр, не песенькі ў ратушы спяваў, а людзей сваіх трымаў у пакоры і строгасці, у паслушэнстве законам дзяржавы, - суровым звонкім голасам паўшчуваў Якуб Зянкевіч, - Дзе гэта бачна, камяні шпурляць у святароў? Што гэта за Жаўнерык? Дарэчы, пан войт будзе судзіць яго войтаўскім судом, але мы дамовіліся, і ён пасля свайго суда ці перад ім аддасць нам яго на наш бурмістраўска-радзецкі суд. Тут ужо, спадзяюся, мы гэтага разбойніка не пашкадуем.
Радцы, акрамя Кунцэвіча, адабральна і злосна загулі, як галодныя восы. Іхнія вочы, бліскуча-вільготныя ад выпітага піва, заблішчэлі яшчэ мацней. Здавалася, патрапся ім зараз гэты Жаўнерык, толькі крывавае ашмоцце паляціць ва ўсе бакі.
- А вось і ён! – выгукнуў Якуб Зянкевіч. Аказваецца, хітры бурмістр ведаў, што войт згадзіўся перад сваім судом аддаць арыштанта на бурмістраўска-радзецкі суд, і ўжо цэлую ноч Жаўнерык сядзеў у ратушнай вязніцы. Бурмістр ведаў усё гэта і наўмысна падзуджваў і раз”ятрываў сваіх радцаў. Сакрэт быў у тым, што Якуб Зянкевіч з нейкага часу варагаваў з Гаўрылам Кунцэвічам. Дужа вялікую плату ўзяў той за новыя чаравічкі для бурмістравай дачкі Раіны. Меркавалася, што цудоўныя чаравічкі ўпрыгожаць не менш цудоўныя раініны ножкі бясплатна, так мовіць, у выглядзе сардэчнага падарунка. Але бурмістру давялося добра раскашэліцца. Вось за гэта і чыніў Зянкевіч цэхмістру шаўцоў дробныя паскудствы, чыніў дзе толькі мог.
У парадную ратушную залу ўвайшлі тры чалавекі. З бакоў з аголенымі шаблямі важна выступалі два рослыя здаравякі ў чырвоных доўгіх, ніжэй каленяў, кунтушах. Гэта былі стражы з гарадскога апалчэння. Адзін з іх – бурмістраў сын Базыль, яшчэ зусім малады, але ўжо з адвіслым, як у бацькі, падбароддзем.
У шчыльным атачэнні такіх магутаў квола тупаў па каменнай халоднай падлозе маленькі шчуплы чалавечак гадоў дваццаці. У яго былі кучаравыя каштанавыя валасы, вялікія блакітныя вочы пад чорнымі нібы намаляванымі бровамі, белая слаба загарэлая скура. Вузкія плечы, тонкія кісці рук, безабароннасць у вінаватым, амаль хлапчукоўскім позірку - усё гэта так не тасавалася са словамі аб лютым жорсткім пагроме, якія толькі што чулі радцы ад свайго бурмістра.“Ды ці не трымаюць нас тут за дурняў? – адразу ж падумалася шмат каму, - Хіба мог гэты крохкі чалавечак, гэты чалавек-матыль ісці начале раз”юшанага дзікага ў сваёй ярасці натоўпу? Мяркуючы па-ўсім, ён і добры камень не здолее выкалупнуць з зямлі, не тое, каб шыбнуць яго альбо ўдарыць ім у твар каму-небудзь “. Радцы здзіўлена перазіраліся.
- Ты хто? – грозна спытаў бурмістр і грозна ўзняўся з пярэдняй лавы, калі чалавечка падвялі да яго, - Ці не той ты, каго ў нашым горадзе клічуць Жаўнерыкам?
Зазвінела цішыня. Цішыню гэту гудліва і нахабна парушала хіба толькі сіняя мясная муха, што зноў, прыводзячы ў роспач служку Сымона, імкліва ўварвалася з сонечнай вуліцы ў ратушу і насілася, як звар”яцелая, над галовамі ў радцаў і бурмістра. Ды яе не заўважалі. Не да яе было.
- Я – Каспар Швайкоўскі, шляхціц герба Агоньчык з Новагародскага павету. Судзіць мяне могуць толькі роўныя мне, а, значыць, не ваш мяшчанскі суд, а суд шляхецкі, - з цвёрдасцю і найвялікшай годнасцю прамовіў, натхнёна бліснуўшы вачамі, чалавек з яўна не волатаўскай паставаю і знешнасцю. Нібы пярун ляснуў у параднай залі ратушы. Як пад парывам рэзкага ветру, усе радцы пахіснуліся назад. Занадта нечаканымі былі пачутыя словы. Нават Гаўрыла Кунцэвіч, у майстэрні ў якога апошнім часам рабіў гэты чалавечак, гэты, як яго ўсе звалі, Жаўнерык, здранцвеў з разяўленым ротам, не мог пракаўтнуць глыток паветра. Яму і ў галаву не магло прыйсці, што ў падмайстрах у ягоных шаўцоў працуе прыроджаны шляхціц.
- Дзіўныя справы твае, Хрысце, - прамовіў нарэшце бурмістр Якуб Зянкевіч, шчыкаючы пальцамі левай рукі сваё абвіслае падбароддзе, нібы хацеў пераканацца ці не спіць ён, - Але ж, васпане, шляхціц не можа…
- Шляхціц можа ўсё, - не даўшы яму даказаць, ганарліва і ўпэўнена выдыхнуў Жаўнерык, - А ваш суд разам з усімі вамі не можа.
Усе вельмі ўважліва выслухалі Цыбульскага. Хто хмыкаў у вусы. Хто ўхвальна міргаў вачамі ў знак згоды. Бурмістр Зянкевіч ва ўпор пазіраў на яго, і ў галаве, як тая сіняя муха, неадчэпна круцілася думка:“Праз год гэты гаварун зойме маё месца“. Услых жа сказаў:
- Не забывай, учцівы пан, што ў нас тут не Княства, а Карона. І над нашай Валынню кружыцца Белы Арол, а не носіцца на злом галавы Пагоня. Так што яшчэ патрэбна моцна падумаць якія ўсімі намі кіруюць сёння артыкулы.
Ён ведаў як і чым укалоць радцу ад гандляроў і скупшчыкаў. Зацятым ворагам Люблінскай вуніі стаўся з нядаўняга часу Адам Цыбульскі, ды што паробіш? Як кажуць, самы галасісты певень ужо пракукарэкаў, Вунія ўмацавалася, глыбока пусціла карэнне. Большасць люду паспалітага за вунію, бо яна ратуе -ахоўвае ад татараў, шведаў і маскалёў, дае надзею на спакойнае жыццё без варопу і разору, без крыві.
- А чаму пана Швайкоўскага ўсе ва Уладзіміры, усе, хто яго ведае, называюць Жаўнерыкам? – спытаў, хітравата ўсміхаючыся, цярэбячы доўгімі смуглымі пальцамі чорна-рудую бараду, радца Мікалай Буцэла.
- Дзе пан чуў такое? – зарагатаў Жаўнерык.
- Сарокі на хвасце прынеслі.
- Скажыце тым сваім сарокам, што нядоўга ім засталося лётаць, Як злаўлю, скрышу на табаку,- усё рагатаў Жаўнерык.
Радцы перазірнуліся. Ці гэты дзіўны мізэрны чалавек хітруе-блазнуе, ці ў
яго, як кажуць у падобных выпадках, не ўсе дома. Паспрабуй разбярыся. Але ёсць, ёсць тут нейкая таямніца.
У гэты момант у ратушную залу ўвайшоў служка Сымон, што адлучаўся па якойсьці патрэбе, і сказаў бурмістру разгубленым голасам:
- Пан Якуб, там збегліся дзеўкі.
- Якія дзеўкі? – з непаразуменнем паглядзеў на служку Зянкевіч.
- Нашы дзеўкі. Ледзь не з усяго Уладзіміру. І ваша панначка Раіна разам з імі.
- Цуд у пер”ях! – пляснуўшы рукамі, усклікнуў бурмістр, - І што ім трэба, дзеўкам гэтым?
- Просяць каб яго, - Сымон паказаў крываватым пальцам на Жаўнерыка, - выпусцілі з вязніцы.
Тут ужо на ўсіх радцаў нібы наваліўся нейкі слупняк. Усе застылі з разяўленымі ратамі. Усе раптам скіравалі позіркі на вялізную жырандолю, што вісела-плыра пад самай столлю параднай ратушнай залы начэпленая на тоўсты бронзавы ланцуг. Перад пасяджэннямі гарадскога магістрату служка Сымон ставіў доўгую лесвіцу-растапырку, асцярожна лез па ёй уверх і запальваў усе шаснаццаць свечак. Яны й сёння гарэлі, асвятляючы, можа, й нядужа ярка, сціплае ўбранне залы ( вянкі і шчыты, адштукаваныя мясцовымі разьбярамі па дрэву ), чубы і лысіны радцаў. Чырвона-жоўтыя сэрцайкі агеньчыкаў нервова трымцелі на васковых свечках.
- Вось што, - гучна хмыкнуў у віслыя вусы бурмістр Якуб Зянкевіч, - Не будзем дражніць гусей. Вернем пана, - ён пацёр лоб, - пана Каспара Швайкоўскага ў войтаўскі суд. Няхай шляхетны пан войт і ягоныя лаўнікі мяркуюць што рабіць. Не ўсё ж ім сядзець у піўніцах і жлукціць піва. Дадзім ім трохі папрацаваць. А з дзеўкамі-ветрагонкамі зараз разбярэмся.
Бурмістравы словы радцы сустрэлі адабральным гулам. Ад доўгага сядзення на мулкіх лавах зацяклі ўжо іхнія азадкі. Напамін жа пра смачнае халоднае піва, якое хлебчуць зараз лаўнікі разам з войтам, пакуль яны тут пакутуюць у духноцці, надаў усім ім рашучасці, смеласці і мудрасці.
Так і вырашылі. Ды ўсё зблытаў цэхмістр Гаўрыла Кунцэвіч. Рашуча ўзняўся са свайго месца, рашуча падыйшоў да дубовай трыбункі, з якой прамаўляў бурмістр, сказаў, паклаўшы цяжкую руку на трыбунку, адначасна звяртаючыся і да бурмістра і да радцаў:
- Шляхетны пан бурмістр і ўчцівыя паны радцы, няўжо ўсе мы з вялікім нашым розумам і хрысціянскай дабрынёю ў сэрцах не можам развязаць гэты вузел? Няўжо мы не здолеем ператварыць гэтага чалавека, - ён кіўнуў на Жаўнерыка, які з найвялікшай годнасцю стаяў паміж стражаў, - у рахманейшую авечку нашай чарады? Паўгода таму ў непрытомным стане знайшлі яго людзі каля гарадской брамы. Валяўся пасечаны шаблямі. Сплываў крывёю. Ледзьве пад капытамі ў коней не стаптаўся. Вылечылі яго, выцягнулі з таго свету. Ён, цвердзілі відочцы, разам з камандаю ехаў у Дзікае поле. Можа, хацелі там да людей свавольных ці да казакоў, што сядзяць за парогамі, прыбіцца. Ды, пэўна ж, перапілі акавіты, перасварыліся. З таго часу жыве і працуе ў мяне. Я нават не ведаў, што ён шляхетнага стану.
- Пане Гаўрыла, - даволі рэзка перапыніў Кунцэвіча Якуб Зянкевіч, які лічыў, што з гэтай справаю магістрат ужо разабраўся, - гавары карацей, не цягні сабаку за хвост. Чаго ты хочаш?
- Я гатоў заплаціць за яго навязку, грашовы штраф.
- Ніякай навязкі! Мы аддаем гэтага пана войтаўскаму суду. Пан войт Маркоўскі са сваім судом разбяруцца і са шляхецтвам гэтага пана і з тым чаму ён жыве, як бадзяжнік, чаму з рознай галотаю чыніць напады на людзей, - сказаў, як адсек сякераю, бурмістр.
Гаўрыла Кунцэвіч пачырванеў ад гневу, але стрымаўся. Кінуўшы на Якуба Зянкевіча цяжкі, як камень, позірк, моўчкі адышоў ад трыбункі, моўчкі сеў на сваё месца. І ўжо там, выліваючы злосць, раздражнёна пляснуў па лаве скручаным у жгут плашчом, крыкнуў бурмістру, бо менавіта яго лічыў сваім асабістым ворагам і ворагам усіх уладзімірскіх шаўцоў:
- Не ганьбуй старым ботам, пакуль новага не пашыў!
Радцы ж былі задаволены такім паваротам справы. Не дужа хацелася ім судзіць невядомага чалавека, тым болей, шляхціца, бо, як гаворыцца ў Святым пісанні:
“Не судзіце, ды несудзімы будзеце“. Яны не нейкія суддзі. Яны – рукадзельныя рамеснікі.
Стражы вывелі Жаўнерыка з параднай ратушнай залы. Ён, наздзіўленне ўсім, пераможна ўсміхаўся. На парозе азірнуўся, адшукаў вачамі Гаўрылу Кунцэвіча, схіліў у паклоне прыгожую каштанавалосую галаву, прамовіў звонкім голасам:
- Дзякуй табе, пане-дабрадзею. І паміж аблезлых варон сустракаюцца ясныя сокалы.
Што меў на ўвазе, кажучы такое? Радцы, сапучы і пакрэктваючы, узняліся з цвёрдых лаваў, пачалі размінаць зацёклыя ногі і азадкі. Нарэшце скончыўся нямілы занятак, і можна выйсці на вольнае паветра. Галасы іхнія павесялелі. У хмурыя вочы вярнулася іскрыстасць.
- А зараз паглядзім, што за дзеўкі збегліся да ратушы, - пагрозліва прамовіў бурмістр, - Калі ж і мая Раінка прымчалася, не мінуць ёй добрага дубца.
На забрукаванай плошчы перад ратушаю шумна тоўпіліся дзесяткі два прыгожых зусім юных дзяўчатак, у большасці сваёй, дочак уладзімірскіх рамеснікаў і купцоў. Было на што глянуць! Русявыя і чарнавалосыя. Каравочкі і сінявочкі. Усе смугленькія ад шчодрага летняга сонца. Пругкія грудзі наліты порсткім сокам маладосці. І кожная з прыгажуняў, вядома ж, пастаралася апрануць свой самы найлепшы строй. Былі яны ў доўгіх блакітных і белых сукенках-летніках з рукавамі да локця, са скуранымі вяночкамі-чолкамі на гладка прычасаных галовах і бліскучымі звонкімі маністамі са шкла і каляровага металу на грацыёзных пяшчотных шыйках. На нагах у некаторых, хоць стаяў летні сквар, замест чаравічкаў шыкаваліся зімовыя чырвоныя боцікі – так прыгажэй!
- Што за шум? Што за гвалт? – зычна спытаў, стоячы на высокім каменным ганку ратушы, бурмістр Якуб Зянкевіч. У руцэ ён трымаў выразаную з маладога дубка кульбу з металічнай вострай дзюбай на канцы. Гэтай дзюбаю ён размашыста ўдарыў аб ганак. Пачуўся халодны пагрозлівы шчаўчок, нібы некага атакавала вялізная драпежная птушка.
Дзяўчаткам у першае імгненне як бы адняло мову. Яны перапалохана, знізу ўверх, пазіралі на разгневанага бурмістра і ягоную кульбу. Чаго заўгодна можна чакаць ад віславусага Якуба Зянкевіча, калі ён толькі не ў гуморы.
А за спіной у бурмістра нехта з радцаў ( пэўна ж, Адам Цыбульскі ), прыхіхікваючы, весела казаў:
- Яшчэ за ранейшым часам хадзіў Бог па зямлі. Бачыць, сядзіць жанчына без справы, склаўшы рукі. Ён, па дабрыні душэўнай, выцягнуў з кішэні жменю вошай, сыпануў ёй:“Бяры, дачка мая, баўся-забаўляйся“. І з таго дня ўсе жанчыны з вялікай радасцю вядуць паляванне – шукаюць адна ў адной у валасах вошай. Вось і гэтым бы гладказадкам не каля ратушы бегаць, а вошай лавіць.
“Смальнуць бы яму кульбай па дурной балбатлівай галаве“, - з халоднай ярасцю раптам падумаў бурмістр, але стрымаўся, зноў з усёй строгасцю запытаў:
- Што за гвалт?
- Вызваліце Жаўнерыка! Не вядзіце яго ў вязніцу! – выгукнулі, хоць і палахліва, некаторыя з дзяўчатак.
Можна было толькі падзівіцца гэтаму крыку. Але варта ведаць, што жанчына была не такая ўжо безабаронная. Паводле Статуту Вялікага Княства Літоўскага за забойства жанчыны ( акрамя іншых пакаранняў ) плацілі навязку ўдвая большую, чым за забойства мужчыны.
- Чым толькі ён прывабіў іх, як залатых пчолак на талерку з мёдам? – здзіўлена перазірнуліся радцы.
- Ён то малы, ды мужчынскі корань у яго вялікі, - глыбакадумна прамовіў Гаўрыла Кунцэвіч, бо трохі ведаў пра кавалерскія подзвігі свайго шчупленькага кучарававалосага падмайстра.
Чуючы ўсё гэта і ўбачыўшы ў табунку дзяўчатак родную дачку Раіну, уладзімірскі бурмістр Якуб Зянкевіч адразу неяк засумаваў. Млява абвяла аслабла рука, у якой ён сціскаў кульбу. Дзеялася нешта не тое з чым ён звыкся за ўжо некароткае сваё жыццё. Каб выгнаць ачмурэнне з душы, бурмістр з лютасцю накінуўся на служку Сымона:
- Ты куды, пёс шалудзівы, бегаў з ратушы? Гэтых кабылак падбухторваў? Кажы – каму служыш?!
- Шляхетны пан бурмістр, ты ж сам пасылаў і ўсе паны радныя пасылалі мяне ў карчму за півам, - пабялеў з найвялікшага перапуду служка.
Тым часам стражы з Жаўнерыкам прыпыніліся, не ведалі, што рабіць – ісці да вязніцы або чакаць новага выраку бурмістра і радцаў. Жаўнерык весела ўсміхаўся дзяўчатам, кідаў на іх палымяныя закаханыя позіркі. Гэта раз”ятрыла Якуба Зянкевіча:
- У бізуны іх! Разганіце іх! - закрычаў ён, паказваючы пальцам на смяшлівых дзяўчат, - Прынясіце мне самы востры і пякучы бізун! А ты, Раінка, хутчэй бяжы дадому, не ідзі, а бяжы, ляці птушкаю, бо сырыцы з бацькавай пугі пакаштуеш!