XXIII
Знявечаны целам, але няскораны духам вярнуўся Язафат Кунцэвіч у Полацк, дзе пасля смерці старога дзевяностагадовага Гедэона Бральніцкага каралеўскай граматаю атрымаў катэдру вуніяцкага арцыбіскупа. Пад сваю руку ён атрымаў усе цэрквы ўсходняга абраду, гэта значыць, усе былыя праваслаўныя цэрквы гэтага краю. Пра вунію тут чулі краем вуха. Епархія была амаль поўнасцю разрабавана. Мясцовая шляхта, карыстаючыся старэчым бязволлем Бральніцкага, захапіла царкоўныя землі і царкоўную маёмасць.
- Ну, тхары ненаедныя, - падыйшоўшы да святой Сафіі, прысланіўшыся ілбом да цёплай старадаўняй плінфы, прамовіў сам сабе Кунцэвіч, - усё да крошкі, чаго б гэта мне ні каштавала, вярну назад. Божае павінна належыць Богу.
Затым ён асцярожна ступіў колькі крокаў назад і ўзвёў позірк угору, глянуў на велічны храм. Стоячы на самым узвышшы полацкага дзядзінцу, над размашыстымі дзвінскімі прасторамі, Сафія была адзінай уладаркаю тутэйшай зямлі і неба. Яна была сама гармонія, жарсны парыў і светлае натхненне. Надчалавечнасць жыла і пульсавала ў ёй, але гэтая надчалавечнасць была не абразліваю, не дэспатычна-грубаю. Яна ўздымала чалавечую душу да самых нябёсаў яшчэ з тых пракаветныз часоў калі князь Усяслаў Брачыслававіч, узыйшоўшы ў 1044 годзе на полацкі сталец, адважна і натхнёна надумаўся будаваць святыню, калі ягоная ўнучка Еўфрасіння з дазволу полацкага біскупа Іллі пасялілася ў “галубніцы” сабору і пачала перапісваць заўгодныя Богу кнігі. Колькі стагоддзяў адшумела, адгрымела, адпалымнела, а святая Сафія стаіць, святая Сафія жыве!
- Пані мая, маці мая, - упаў на калені перад царквою Язафат Кунцэвіч, - Усё аддам табе, душу сваю і цела, абы ты была духоўнай карміцелькай майго народу, зберагала яго ад чужынскай веры-пошасці!
Разам з новым арцыбіскупам у Полацк прыехалі Самуіл Карэцкі і Максім Труханоўскі, доктар Кароль Дайнека, Кунцэвічаў сын Іван з шасцю дзесяткамі “дзяцей”, якія сталіся біскупскай гвардыяй. Недзе праз сядміцу прыехала Янка Хрысціянка, прывезла палеманісцкія сымболі – Залаты Човен Палемона і Ключ ад Трох Рэкаў. Была яна надзіва прыгожая, рухавая і вясёлая, іскрыстая вачамі, як вясновы ручаёк. Твар свяціўся шчасцем.
Кунцэвіч сустрэў доўгачаканую госцю на арцыбіскупскім падвор”і, уласнаручна ўнёс дубовы футарал з сымболямі ў царкву, паставіў яго на амбон. Затым няспешна павярнуўся да Янкі Хрысціянкі, нізка ёй пакланіўся, сказаў з хрыпоткім хваляваннем у голасе:
- Ну, то маё табе вітанне, жрыца.
І пацалаваў яе ў самыя вусны.
Адразу ж навалілася столькі працы, што толькі паспявай лічыць дні і сціраць пот з ілба. Гэта былі самыя сапраўдныя аўгіевы стайні. Пэўна ж, нябожчык Гедэон Бральніцкі, хоць і грэх нядобрым словам успамінаць мёртвых, пальцам аб палец не стукнуў, седзячы ў Полацку на арцыбіскупавай катэдры.
Першым чынам Язафат Кунцэвіч узяўся наводзіць чысціню ў Сафійскім саборы, бо сабор ажно зарос пылам і брудам. Калі Кароль Дайнека ўбачыў такое, то здзіўлена ўспляснуў рукамі і выгукнуў:
- Нібы руіны Пампеяў пасля землятрусу!
Але ў мясцовых праваслаўных вернікаў была зусім іншая думка на гэты конт. Мала, што гаворыць дурны немец!
- Гэта святы пыл, - казалі яны, - У святым месцы і пыл святы. І яго нельга кратаць.
Кунцэвіч толькі пасмяяўся на такое нечуванае дзікунства. Закасалі рукавы. Падмялі, вычысцілі, вышкраблі, вымылі ўвесь сабор ад падэшвы да макаўкі. Ён заззяў, як новенькі срэбны дынарый. Нарэзалі дошак і змайстравалі прыгожыя зручныя лавы-сядзенні для вернікаў.
Янка Хрысціянка шчыравала разам з усімі. Брала ў рукі то венік, то скрабок, то рыдлёўку. Была ўсмешлівая радасная вішнёвашчокая. Язафат Кунцэвіч употай глядзеў на яе і любаваўся ёю. І мякчэла суворая душа.
Аднойчы ўвечары, калі аціх мітуслівы дзень, калі гарачае сонца ўпала за кашлатыя халодныя наддзвінскія лясы, Кунцэвіч сядзеў у сваёй сціплай келлі і глядзеў на агеньчык свечкі, якая была ўваткнута ў вялізны тураў рог. На душы было самотна і няўтульна. Жоўта-белы агеньчык трапятаў, нібы дробненькая птушачка, што патрапіла ў цянёты. Гэтак сама, адчуваў ён, трапятала і ягонае сэрца. Чагосьці не хапала сэрцу. Але чаго?
Раптам дзверы келлі з тоненькім рыпеннем расчыніліся. Ён азірнуўся. Яна Неслухоўская – Янка Хрысціянка стаяла на парозе. І нейкім дзіўным святлом палымнелі вочы. Ніколі не бачыў ён такога святла ў жаночых вачах. Магчыма, толькі ў Юстыны Мярло, калі кахаліся над ракой Віліяй, быў такі таямнічы, такі радасна-загадкавы прамяністы позірк.
Янка Хрысціянка апранула вышытую баваўнянымі ніткамі апраўленую залатымі фарботамі і перламі начную кашульку без рукавоў, з белым батыставым каўнерыкам-фрэзай. Аголеныя рукі вабілі вока прыроднай смуглявасцю і пяшчотнай безабароннасцю. Хацелася сагрэць гэтыя мілыя прыгожыя рукі, прыклаўшы іх да сваіх грудзей.
- Святы ойча, - ціха прамовіла Янка Хрысціянка, павольна набліжаючыся да арцыбіскупа, - Чыстаю зрабілася наша царква. Светлаю. Як нявеста на выданні. І мы – чыстыя і светлыя. Ці не так, святы ойча?
Кунцэвіч узняўся з зэдліка. Ён адчуў раптам страшэнную разгубленасць, не ведаў, што рабіць. На дзве палавіны расколвалася зараз ягоная душа. У адной палавіне былі вера і святарскае пакліканне, у другой – трывожны жарсны ўсплеск-ускалых п”янлівага пачуцця, якое да краёў напоўніла душу і вось-вось павінна было выбухнуць нейкім самым нечаканым учынкам. Ён ледзьве-ледзьве стрымліваў сябе. А прыгожая палеманістка падыходзіла ўсё бліжэй.
- Носіш валасяніцу на сваім целе, - шаптала яна, не адрываючы позірку ад ягоных вачэй, - З цвёрдага лямцу валасяніца, з калючага дроту. Здымі ж, здымі яе. Здымі валасяніцу са свайго цела і са сваёй душы. Я ведаю – ты мяккі, ты добры. Але доля твая надта шурпатая і злая.
Пяшчотныя рукі абвілі Кунцэвічу шыю. Спакуслівыя гарачыя вусны і трапяткія, як матылькі, вейкі крануліся шчакі. Ён, абміраючы сэрцам, адчуў усхваляванае жаночае дыханне і пранізлівы дотык жаночых грудзей.
- Не тут, - млявым дрыготкім голасам вымавіў ён, - Не тут. Толькі не ў святым храме.
- Святая Сафія ахоўвае каханне. Яна ўсё зразумее, - звабліва ўсміхаючыся, запярэчыла Янка Хрысціянка.
Ды Язафат Кунцэвіч цвёрда ўзяў яе за руку, моўчкі павёў за сабой, як водзяць малых дзяцей. Яны выйшлі з келлі, хуценька пракрочылі малітоўную залу, са сцяны якой,нібы човен, выплываў амбон, пацямнелы з часоў пажару 1607 року. Як ні адшароўвалі, як ні мылі яго, лютая чорная сажа намёртва ўпілася ў белы камень. Хіба толькі чалавечымі слязамі можна вярнуць каменю ранейшы колер.
З заходняга боку храма было збудавана драўляная хатка - часовае жытло для муляраў-каменесечцаў, якіх меркавалі прывезці з Вільні і Кіеву для перабудовы Сафіі, бо арцыбіскуп Кунцэвіч жарсна жадаў надаць ёй вуніяцкі выгляд. Хатка пакуль што пуставала. Вось у ёй на падлозе са свежых сасновых дошак зліліся целамі і душамі хрысціянскі святар і палеманісцкая жрыца, удосталь пакаштавалі грахоўнага мёду і агню. Лежачы на спіне, Яна Неслухоўская бачыла пад самай столлю маленькага чырвона-шэрага павучка, што над іхнімі галовамі пачынаў ткаць сваю мудра-хітрую павуціну. Магчыма, гэта была простая выпадковасць – павучок над галовамі. Магчыма, гэта быў нейкі патаемны знак.
Калі Янка Хрысціянка, намілаваўшыся, пайшла нарэшце з хаткі, Язафат Кунцэвіч сеў на падлогу, абхапіў галаву рукамі. Цёмныя думкі былі ў галаве, цёмныя і расплывістыя. Быццам апынуўся ён між каменных непраходных сценаў, адкуль няма выйсця, адкуль відзён толькі маленькі кавалачак-абрывачак блакітнага няяркага неба.
- Божа, супакой мяне і навучы мяне. Божа, пакажы мне дарогу, - укленчыўшы, пачаў горача маліцца ён. Спустошана вышаў з хаткі, марудліва дабраўся па адхоністым беразе ўніз да ракі, зачэрпнуў жменю срэбнай дзвінскай вады, лінуў у расчырванелы твар. Пасля нашкроб з дна слізкі камяк жоўта-сіняга глею, пляснуў яго сабе на галаву.
Дзесьці праз дзве-тры сядміцы прыехалі ў Полацк муляры-каменесечцы, і ўзвіхурылася напружаная праца. Кунцэвіч штодзень быў побач з будаўнікамі. Знеслі ў царквы чатыры малыя купалы. Цэнтральны ж купал замест сферычнага набыў шатровы верх.
- Вось зараз наша Сафійка падобная на сапраўдную вуніятку, - шчыра захапляўся арцыбіскуп, хваліў дойлідаў. Пазіраючы вачамі поўнымі ўдзячных слёз на абноўлены храм, радуючыся гэтаму абнаўленню, Язафат Кунцэвіч шаптаў верш, які нарадзіўся ў ягонай душы мінулай бяссоннай ноччу:
Не зломяць цябе ні агонь, ні сякера.
Ты ў сэрцы маім, вуніяцкая вера.
Навошта жыццё, навошта дарога,
Калі не вядзе да Бога?
Ён даў сабе зарок болей не складаць вершаў. Няхай гэты будзе апошні. Складанне вершаў высмоктвае з чалавека духоўную сілу, у нечым аслабляе яго. Гэтую сілу ён, полацкі арцыбіскуп, будзе траціць толькі на барацьбу з тымі, хто ненавідзіць вуніяцкую веру, хто чыніць ёй зло і ўсялякія перашкоды. Як пустазелле з палеткаў, патрэбна з коранем вырываць такіх людзей, выкідваць на сметнік.
Адразу ж разам з доктарам Каралем Дайнекам Кунцэвіч пачаў у асэсарскім судзе Вялікага Княства Літоўскага зацятае змаганне са шляхціцамі, што захапілі землі і маёнткі полацкага Барыса-Глебскага манастыра. Праціўнік быў надта моцны і згуртаваны – паны Корсакі, пан Саламярэцкі і пан Жышкевіч. Прытым, два апошнія шляхціцы мелі за жонак сясцёр паноў Корсакаў.
Пры самай першай сустрэчы ў судзе Багдан Жышкевіч , фанабэрыста падкручваючы вус, сказаў Язафату:
- Хто ты такі? З якіх канопляў выскачыў? Запамятай жа, вуніяцік, - ты возьмеш у нас толькі тую зямлю, што наліпла на твае лапці. І ні валокі болей.
Разгневаны Кунцэвіч у той жа дзень загадаў свайму сыну Івану разам з біскупскай гвардыяй рынуцца ў наезд на маёнтак Жышкевіча. Пан Багдан адбіваўся, трэба зазначыць, як прыроджаны рыцар. Не шкадаваў ні пораху, ні сваіх людзей, ні сябе. Ды ўсё-ткі вялікая параза чакала яго. Палацык шырока і траскуча загарэўся. А самому пану Жышкевічу спусцілі чырвоныя суконныя шальвары і, паклаўшы з голым азадкам на “кабылу”, уляпілі трыццаць гарачых.
Манастырскія землі Язафат Кунцэвіч, урэшце рэшт, адсудіў. Можна было радавацца. І ён шчыра радаваўся. І, вырашыўшы замацаваць сваю перамогу, выправіўся ў падарожжа па местах і вёсках, якія яму было даручана духоўна апекаваць, каб прыгледзець, як сам казаў, за царкоўным парадкам. Першай мэтаю такой вандроўкі арцыбіскупа Полацкага , біскупа Віцебскага і Мсціслаўскага стаўся горад Магілёў на Дняпры. Ды дняпроўскія хвалі аказаліся надта ж сярдзітымі і халоднымі.
Магілёўцы, між якімі верхаводзілі праваслаўныя братчыкі, пакляліся не пусціць “адшчапенца” ў свой горад. Яны напісалі гнеўны ліст падстарасту Мікалаю Вадарацкаму. У тым лісце ваяўнічыя мяшчане патрабавалі папярэдзіць вуніяцкага арцыбіскупа, што як толькі нага ягоная ступіць на магілёўскую зямлю, яго сустрэнуць гэтак сама ж як сустракалі мітрапалітаў Рагозу і Пацея ў Слуцку, Вільні і Львове, айца Антонія Граковіча ў Кіеве – сустрэнуць ганьбаваннем і шальмаваннем. Смецце і дохлыя кошкі з сабакамі паляцяць яму на галаву. “Не для таго мы цэрквы пабудавалі, каб нас на вяроўцы трэба было на імшу цягнуць”, - аж захлыналіся ярасцю магілёўцы.
9 кастрычніка 1618 году Язафат Кунцэвіч пад”ехаў да гарадской брамы. 9 кастрычніка 1618 году ( у той жа дзень!) магілёўскія месцічы зачынілі гарадскую браму, паставілі на вежах і на валу гарматы, узброеных людзей. Частка крыклівага і таксама ўзброенага люду выйшла з харугвамі за гарадскую сцяну, перагарадзіла арцыбіскупу дарогу.
- У места мы цябе не пусцім, а заб”ем! – крычалі яны, - За пастыра і ўладыку свайго мы цябе не лічам і прызнаваць цябе не хочам! Пайшоў прэч адсюль!
Седзячы на кані, хмура глядзеў на ўсё гэта Кунцэвіч, хмура слухаў абрАзы і пагрозы. Людзі, дзеля якіх ён спальваў сваё жыццё, лічылі яго за звера, за крывавага тырана. Але ж гэта не так, не так. Ён хоча, каб адзіная вера сталася стрыжнем Вялікага Княства Літоўскага, улюбёнай Ліцвініі, каб вера гэтая, вуніяцкая вера, змацавала дзяржаву, захінула яе ад ворагаў – ад маскалёў, ад туркаў і татараў, ад свеяў і нямчынаў, ад кожнага, хто прагне заліць крывёю зялёныя палеткі і лугавіны, узняць на дзіду месты і весі, захапіць пад сваю ўладу ўсё, што плодзіць тутэйшая зямля.
- Бацька! – парываўся сын Іван, - Дазволь, і мы пойдзем на прыступ!
- Не. Усё вырашыць Яго Каралеўская Вялікасць Жыгімонт, - спакойна сказаў Кунцэвіч, - Тут абражана не толькі наша царква. Тут абражаны каралеўскі і гаспадарскі гонар. Пішам рэляцыю ў Варшаву. Мы заткнем нахабныя глоткі не жалезам, а паперай.
Тое ж самае здарылася і ў Воршы, дзе месцічы не зажадалі адчыніць арцыбіскупу браму. Стоячы на сцяне, насміхаліся, крыўляліся, паказвалі фігу. Тут ужо біскупскія гвардзейцы не ўтрымаліся і пеканулі з рушніцаў. Крыўлякаў як ветрам змяло. Але ў горад Кунцэвіч не пайшоў. Замест гэтага паехаў з усімі сваімі людзьмі на Аршанскае поле, туды, дзе ў 1514 годзе найвышэйшы гетман князь Канстанцін Астрожскі ўшчэнт разграміў маскоўскую раць.
На ўскраіне славутага поля злезлі з коней, пешшу пакіраваліся да ракі Крапіўны. Язафат Кунцэвіч пільна пазіраў сабе пад ногі, казаў:
- Тут палегла вельмі шмат ваяроў. Усё поле было ўсцелена трупамі. Мы з вамі ідзем па чалавечых костках, па чарапах. Старайцеся не наступаць на іх.
Лезла з зямлі пругкімі зялёнымі лёзамі трава. Пырхалі матылькі. Дзумкалі пчолы. У суседнім лесе рассыпіста шчабяталі птушкі. І быццам бы чуўся нейкі далёкі металічны гуд. Можа, гэта коціцца рэха той бітвы?
Спыніліся над Крапіўнай, непрыкметнай і кволай. Яна цадзіла сваю ваду між чаратоў і каранёў альшаніку. Слізгалі па шэрай вадзяной паверхні жукі-плывунцы.
Боўтнула непадалёку нейкая ладнаватая рыбіна - ці палявала на камароў і мух, ці схавалася ад людзей?
- Не пускаюць у гарады. Зачыняюць брамы, - раздумліва прамовіў Кунцэвіч, і твар быў змрочна-строгі, - Я ведаю адкуль дзьме вецер. Адтуль, - Ён паказаў на ўсход, - Усё не супакояцца нашчадкі тых, хто ў 1514 року сканаў на гэтым полі. Усё хочуць задушыць нас у сваіх праваслаўных абдымках . Але ж мы – вуніяты. Ці не так, панове?
- Так, - зладжана адказалі ўсе.
- Ну, то й добра. Ідзем да коней. А я вазьму жменьку зямліцы з гэтага поля.
Ён крокаў на дваццаць адыйшоўся ад ракі, нахіліўся, пашукаў вачамі дзе спарней браць, грабануў загарэлай даланёй вільготную шэрую падзолістую зямлю, асцярожна высыпаў яе ў хусцінку.
А вецер з усходу дзьмуў усё мацней і ўсё пагрозлівей, ператвараўся ў сапраўдны буран. У сакавіку 1620 году на зваротным шляху з Масквы ў Ерусалем заехаў у Кіеў ерусалемскі патрыярх Тэафан. Паўгода гасцяваў ён у Маскве. Пэўна ж, дужа спадабаўся яму Трэці Рым. Салодкімі былі напоі і словы царскіх святароў. Галасіста спявалі званы маскоўскіх цэркваў. Да таго ж Маскоўшчына з нейкага часу сталася сяброўкай асманскай Турцыі, верным слугой якой быў праваслаўны патрыярх Тэафан. У Кіеве размякчаны душой і цялёсамі Тэафан у абыход старых біскупаў, што ўжо займалі царкоўныя катэдры, высвяціў новых. Замест Кунцэвіча біскупам Полацку быў прызначаны Мялецій Сматрыцкі. Кіеўскім мітрапалітам зрабіўся Іоў Барэцкі. Нібы гарачае гарматнае ядро ўдарыла па душах і па сэрцах вернікаў і святароў. Як разумець такое? Перад кім схіляць чало сваё? Чаму пасля Берасцейскай вуніі зноў уздымае ў Рэчы Паспалітай галаву ваяўнічае праваслаўе?
Дужа абурыўся Тэафанавым самаўпраўствам кароль і вялікі князь Жыгімонт і адразу ж напісаў Язафату Кунцэвічу ліст:
- Нехта Сматрыцкі і Барэцкі змовіліся з падданымі цэсара турэцкага, непрыяцеля веры хрысціянскай і нашага, які на панствы нашыя вайной ідзе. З нейкім пастырам, нібы патрыярхам ерусалемскім, на шпегі да нанстваў нашых ад цэсара турэцкага дасланым, наважыліся без дазволу і ведама нашага прысвячэнні браць – адзін на мітраполію Кіеўскую, а іншы – на арцыбіскупства Полацкае, ігнаруючы тых, хто прылажэнствы гэтыя духоўныя здаўна з пападання нашага спараднага на сябе носяць і добрае здароўе маюць.
Язафат Кунцэвіч, дзякуй Богу, меў добрае здароўе і ні ў якім разе не збіраўся аддаваць сваё арцыбіскупства Мялету. Добра памяталася як бязлітасна чубіў Сматрыцкага ў віленскай карчме. “ Я й цяпер цябе за чупрыну пацягаю”, - падумалася з халоднай жорсткай рашучасцю.
А ўзрадаваны Мялецій Сматрыцкі ўжо слаў сваіх людзей у Полацк, у Віцебск і Воршу. І ўсюды тыя людзі зласліва ганілі і вунію, і Кунцэвіча. Адусюль выганялі вуніяцкіх святароў.
- Жаўнерыкі, бульбашонкі і падкацапнікі! – узлютаваўся полацкі арцыбіскуп і адразу ж з біскупскай гвардыяй, з езуітам Барталамеем Свенсанам, што прыехаў ад караля і вялікага князя Жыгімонта з Варшавы, рынуўся ў наезд па сваёй епархіі. Як ураганны вецер, урываўся ў цэрквы, апячатваў іх, выкідваў на вуліцу і царкоўныя рэчы, і саміх папоў. Нікому не было шкадавання. Хоць крычы, хоць плач, хоць праклінай – сэрца арцыбіскуп меў цвёрдае.
- Я раблю заўгодную Богу справу, - казаў ён, апячатваючы сваёй пячаткаю царкоўныя дзверы.
- А дзе ж нам маліцца? – пыталі напалоханыя вернікі.
- Чакайце. Хутка прыедзе вуніяцкі святар. Калі ж спадзяецеся, што зноў будзе махаць панікадзілам доўгабародае боўдзіла ад Мялета Сматрыцкага, то памыляецеся. Лепш адразу ідзіце ў лес і, як вашыя продкі, маліцеся рагатай сасне.
Кароль Дайнека, які не адлучаўся ад Кунцэвіча, ухвальваў такую жалезную рашучасць, нагадваў, што гэтаксама бараніў ад ворагаў веру Джыралама Саванарола. Езуіт Свенсан раіў дзейнічаць больш абачліва і больш асцярожна.
- Трэба не адштурхоўваць ад сябе людзей. Людзі любяць не толькі бізун, але й ласку, - ушчуваў ён Кунцэвіча, - Мы, езуіты, што б пра нас ні плялі, мудры Ордэн. Мы не такія кепскія, бо ўмеем падбіраць ключык да кожнага сэрца. Нездарма ўжо з 1581 году навучае моладзь у Полацку наш езуіцкі калегіум. І маладыя ідуць да нас, вераць нам. І вялікая ўзнагарода нашай нястомнай працы словы Стэфана Баторыя, які сказаў: “Калі б я не быў каралём, дык стаў бы езуітам”.
- Ці не занадта шмат фіміаму ў вашых словах, пан езуіт? – хмурыўся доктар Караль Дайнека.
- Фіміам яшчэ нікому не зашкодзіў, - смяяўся Свенсан, - А вас, доктар, як і ўвесь ваш народ, я разумею. Вы, немцы, занадта халодныя і рацыянальныя для каталіцызму. Нездарма вы амаль усе перабеглі ў пратэстанты.
Шмат скаргаў на Язафата Кунцэвіча паляцела ў Вільню і ў Варшаву. Незадаволена рыкнуў віленскі леў – канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега, баючыся, што запарожскія праваслаўныя казакі могуць заліць крывёй усё Гаспадарства. І Кунцэвіч за адну ноч напісаў яму ліст.
“Спачатку на маскоўцаў, потым на турэцкую навалу загадваў мне Вашая Мосць Пан зважаць, - выліваў на паперу боль сваёй узбунтаванай душы полацкі арцыбіскуп, - А цяпер палохаеш нейкімі казацкімі пагрозамі, дзеля чаго даказваеш мне ласкава, Ваша Мосць, што я не павінен чыніць жорсткіх выпадаў супраць схізматыкаў, бо вера – дар Божы, і што ад тае Вуніі ніякае карысці для Рэчы Паспалітай няма, толькі вэрхал на соймах.
Што да казакоў, маю між іх трох сваіх сваякоў крэўных, з якіх адзін, па імені Рыгор Астравецкі, прыехаў сюды ў Полацк да мяне ў адведзіны. Ён даў мне поўную справаздачу пра ўсё, што Барэцкі і Сматрыцкі ды іншыя псеўдаўладыкі там валаводзяць у Кіеве, будучы пакінутыя ўсімі тамтэйшымі манахамі – бо з імі манахі не хочуць мець нічога агульнага: у манастыры іх свае не дапускаюць і ў цэрквах сваіх набажэнствы адпраўляць ім не дазваляюць. Таксама пан гетман Канашэвіч-Сагайдачны дакляраваў ім, што быў з імі дакуль мог, цяпер выпраўляецца: бачачы, што атрымалася нядобра, не магу вам ніякае рады або дапамогі аказаць. То ж кажа ім і шляхта, кіеўская русь. Бо глядзяць тыя ж казакі і на Камісію, пра якую Кароль Яго Мосць паведаміў ім, што павінна сабрацца ў прышлым сакавіку ў Кіеве дзеля іх заспакаення і разгляду.
Я ніколі не змушаў схізматыкаў да веры і на іх не нападаў, гэта хутчэй яны, будучы ў мяне ў паслушэнстве на працягу трох гадоў, з год таму пачалі чыніць супраць мяне жорсткія выпады, паразумеўшыся з Сматрыцкім, новаўзніклым псеўдаўладыкам. Напачатку гвалтам адабралі ў мяне віцебчане тры царквы і мяне самога ледзь не забілі ў царкве ў самім віцебскім зАмку. Хутчэй варта асуджаць іхні гэткі бязбожны ўчынак. А я бяру прЫклад з тых вялікіх біскупаў – Хрызастома, Амбросія, Станіслава ды іншых, якія не аглядваліся на цэзараў, каралёў і вялікіх паноў, рабілі тое, што паводле Бога і сумлення належна было рабіць пры іхняй уладзе. Вера ёсць дар Божы, але не каталіцкая, не схізматычная і не ератычная, бо прызнаючы за адшчапенскаю верай тое, што яна – дар Божы, вямушаныя будзем прызнаць, што блюзнерства любой ерасі ёсць дар Божы. Навуку святога Паўла – якім павінен быць біскуп – увесь час нашу ў памяці і таму жыву ў сціпласці Духа, але калі наступае на мяне схізма, бараніцца, рад не рад, а мушу. Вось жа ім вольна вуніятаў тапіць, сцінаць. Колькі год таму ўтапілі кіяне нашага вялікага чалавека айца Антонія, выдубецкага ігумена. Мінулым летам казакі ў Шаргарадзе сцялі пратапопа за тое, што быў вуніятам. А нам не гадзіцца бараніцца, як яны. На соймах вэрхал падымаюць не толькі супраць вуніі, але і супраць усяго духавенства рымскана абраду, каб і іх таксама панізіць і выправадзіць з Гаспадарства.
Магілёўцам цэрквы даўно адчынены, хай у іх пану Богу і моляцца, маюць святароў – добрых каталікоў. Асобнае ж царквы дзеля іхняга схізматычнага блюзнерства саступіць з-пад улады маёй не магу; нават калі б мне загадаў найвышэйшы Пастыр Папа Рымскі альбо ягоны легат, а інакш быў бы я вінаваты перад Богам і маім каталіцкім сумленнем.
Што масквіцін, ваявода калужскі, піша, гаруючы, што ў Гаспадарстве Яго каралеўскай Мосці не саступаюць каталіцкіх цэркваў схізматыкам для набажэнстваў, і не дзіва. Што маскоўцы тое кажуць – яны б радыя, каб і ўсе рымскія цэрквы былі саступленыя схізматыкам.Але саступілі колькі дзесяткаў год таму рыжанам-ерэтыкам ( дагаджаючы палітыцы) некалькі галоўных каталіцкіх касцёлаў і адну нашу царкву – як яно павялося, бачым на свае вочы.
Палачане мае месцічы з-за прызначэння Сматрыцкага праз увесь мінулы год, з вялікім злачынствам спазнаўшыся, біліся, ніяк не дбаючы пра вяршэнства Бога і ягонага памазаніка; цяпер, па заключэнні замірэння з туркамі, заняпалі яны духам. Амаль усе павінны б былі памірыцца са мною, як раней, але колькі бунтароў, менавіта, Пётр Васілевіч, Сцяпан Афанасавіч і некалькі невядомых бунтуюць іх і падбухторваюць, каб трымаліся цвёрда. Калі да Вашае міласцівае Мосці ўцякуць, не будзь жа ласкавы, Вашэці, даваць ім веры, але будзь ласкавы, Вашэці, мой міласцівы пане, выслаць як яўных бунтароў. Мае справы, што ў судах Караля Ягамосця акажуцца, ласцы Вашае Міласці і апецы разам з сабою даручаю.
Вашае Светласці , майго міласцівага Пана і заўсёднага дабрадзея слуга і багамолец
Язафат Кунцэвіч, арцыбіскуп Полацкі”.
Запячатаўшы сваёй пячаткаю ліст, Кунцэвіч аддаў яго кур”еру-ганцу Марціну Драбышэвічу, і той адразу паехаў у Вільню. Язафат праз вакно келлі хмура глядзеў яму ўслед, думаў пра вялікага канцлера Сапегу: “ Добра павучаць, седзячы за тоўстымі сценамі. Ты б пажыў тут, пахадзіў па гэтых вуліцах, між гэтага люду. Ты б паслухаў аб чым шэпчуцца ў цябе за спіною. Ды не шэпчуцца, а крычаць. Тады б у момант абсыпалася з цябе ўся пыха, віленскі певень у яркіх пёрах. Сам, нябось, з праваслаўных у каталікі запісаўся, не ў вуніяты. Чаму ж не схацеў паесці чорнага вуніяцкага хлеба?”.
І ўсё-ткі прыемна было несці на сваіх плячах такі цяжкі крыж, які не муліў плечы, а дадаваў новую сілу душы. Добра было адчуваць сябе змагаром-пакутнікам. Няхай Сапега і падобныя яму грэюцца каля мармуровых камінаў у варшаўскіх і віленскіх палацах. Ён, Язафат Кунцэвіч і ягоныя паплечнікі, пастаўленыя Богам на самы пярэдні рубеж барацьбы са схізмай. І ён не саступіць.
Раптам у келлю не ўвайшоў, а ўварваўся сын Іван.
- Бацька! – закрычаў з парогу, - Там праваслаўныя з дуб”ём у руках валам валяць у святую Сафію! Іх казакі, што павінны былі йсці на вайну з Маскоўшчынай, баламуцяць-бухтораць!
- Што? – напачатку не зразумеў сына Кунцэвіч, - Якія казакі?
- З Нізу казакі! З Запарожжа!
Толькі імгненная разгубленасць варухнулася ў душы. Толькі імгненная.
- Дзе твая шабля, сын?! – закрычаў арцыбіскуп, - Дзе твае гвардзейцы?!
Вочы ў Кунцэвіча заіскрыліся найвялікшым гневам. Шчокі запалымнелі.
- Сячыце галовы схізмацкай гідры1 Не мы іх, дык яны прыкончаць нас! Няхай д”ябал забярэ маю душу, калі я дазволю жаўнерыкам, бульбашонкам і падкацапнікам запанаваць у святой Сафіі!
На дзвінскім беразе закіпела лютая сеча. Натоўп, сотні дзве самага рознага люду, узброены хто чым, ішоў напралом. Чорная ярасць бушавала ў грудзях, раздзірала аглушальным крыкам глоткі. У руках у наступоўцаў былі дубіны, выламаныя з плоту калы, кавальскія малаткі і абцугі. Шмат хто ў прыполах кашуляў нёс камяні. Град гэтых камянёў ударыў па абаронцах Сафіі. Паперадзе ж усіх гарцавала з дзесятак запарожцаў-вершнікаў з шаблямі і дзідамі. Запарожцы хрыпла і надрывіста крычалі:
- Крышы лаціннікаў!
Язафат Кунцэвіч сам ачоліў абарону царквы. Адзеў кірасу і шлем, узяў дзіду і пайшоў з гвардзейцамі насустрач раз”юшаным полацкім месцічам. Усе дзівіліся ягонай адвазе.
- Асцеражыся, бацька, - прасіў яго сын і разам з Максімам Труханоўскім і Самуілам Карэцкім стараўся прыкрыць арцыбіскупа ад камянёў і казацкіх шабляў. Гэта ім удалося, ды пад самы канец лютай валкі, калі ўжо бунтаўшчыкі былі разгромленыя і паказалі хвост, пачалі разбягацца, цэхмістр полацкіх збраяроў-мечнікаў Павел Грузд ударыў Кунцэвічу баявым малатком-кляўцом проста ў грудзі. Цэхмістра адразу ж папластавалі шаблямі. А ў Язафата клявец прабіў кірасу, упіўся ў цела. Арцыбіскуп ускрыкнуў і ўпаў, але прытомнасці не страціў. Яго падхапілі на рукі, бегма панеслі ў царкву.
- Ты жывы? – бег побач, спалохана пазіраў на пабялелы бацькаў твар сын.
- Жывы. Жывы, як і ўсе вы, - адольваючы боль, жартаваў Кунцэвіч.
Ужо калі аддалі яго лекарам і Каролю Дайнеку, калі тыя суцішылі кроў і перавязалі рану, ён паклікаў да сябе Івана, сказаў яму:
- Гэта, сыне, голас з неба. Гэтай ранаю Бог папярэджвае мяне: “Рыхтуйся”.
- Пра што ты гаворыш?- не зразумеў сын.
- Я кажу табе пра тое, што хутка памру. Я прадчуваю гэта.
- Ты ж яшчэ малады, - горача запярэчыў, усхваляваўся Іван, - Табе яшчэ жыць ды жыць. Яшчэ маіх будучых дзяцей табе трэба ўбачыць. Як жа ты можаш думаць пра смерць? Што я буду рабіць без цябе?
- Будзеш рабіць тое, што робяць усе астатнія людзі – жыць, - усміхаючыся, аслабленым голасам прамовіў Кунцэвіч, - Жыві доўга-доўга. Жыві ў радасці. Нарадзі дзяцей. А мы з тваёй маці Юстынай будзем чакаць цябе на нябёсах.
Сын памкнуўся быў заспрачацца з бацькам, адвярнуць яго ад сумных думак, але Кунцэвіч прыкрыў яму рот даланёю. Затым, пазваніўшы ў медны званочак, паклікаў да сябе кур”ера-ганца Марціна Драбышэвіча, папрасіў:
- Пане Марціне, прынясі куфэрачак з маёй келлі. Ён на начным століку каля святога распяцця.
Драбышэвіч хуценька прынёс абабіты прыгожымі срэбнымі бляшкамі куфэрак і знік за дзвярыма.
- Глядзі, што я табе дам, - сказаў Кунцэвіч сыну, адчыняючы лёгкую накрыўку, - Вось гэта стыло, якім наш кароль і вялікі князь Жыгімонт ІІІ Ваза падпісаў універсал аб Берасцейскай вуніі. Беражы стыло, як зрэнку вока берагуць. А вось у гэтым мяшэчку зямля з Аршанскага поля, на якім найвышэйшы гетман Канстанцін Іванавіч Астрожскі у 1514 годзе ў пух і прах разбіў маскоўцаў. Святая зямля. Як памру, як будзеш мяне хаваць, высып яе на маю труну. А апекаваць цябе да самага твайго шлюбу будзе доктар Кароль Дайнека. Я з ім ужо перамовіўся. Залаты чалавек.
Тым часам жыццё ў Полацку паступова супакоілася і паплыло ўперад, як спрадвеку плыве каля магутнага святога горада светлая рака Дзвіна-Рубон. Колькі самых розных падзеяў бачылі гэтыя няспынныя хвалі!
Недзе праз сядміцу места зноў захвалявалася. Паўсюль усчаўся крык, што на запалоцкім могільніку выкапалі і выкінулі з магілы труп нядаўна забітага цэхмістра збраяроў-мечнікаў Паўла Грузда.
- Ягоныя костачкі сабакі цягаюць, - галасілі старыя сівыя бабулі і пракліналі арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча, - Гэта ён, ваўкалачына, загадаў утварыць такое, бо Грузд, як і ўсё мечнікі, адмовіўся рабіцца вуніятам!
Калі пра непрыемнае здарэнне расказалі Кунцэвічу, арцыбіскуп сярдзіта засоп носам, нахмурыўся. Відочна было, што некаму, як калючая костка ў горле, вуніяцкая царква ў Полацку.
А праз тры дні на могільніку знайшлі яшчэ адзін выкінуты з зямлі труп, што ляжаў каля скрышанай на дробныя кавалачкі труны. На галаву бязмоўнаму трупу быў уздзеты блазенскі каўпак. У яго была адрэзаная левая кісць, якая валялася побач на пяску. Агромністы горад захваляваўся, зашумеў. На Вялікім пасадзе рукадзельны люд перапыніў сваю штодзённую працу. Торжышча, дзе полацкія купцы трымалі важніцу дзя ўзважвання свайго і заморскага грузу і тапніцу для перагонкі воску, трывожна загуло. Так гудзе гняздо дужа раззлаваных лясных шэршняў. І з усіх бакоў людзі глядзелі на сяміверхую Сафію, просячы ў яе парады і дапамогі. Сцены сабора былі выкладзены з шырокіх плоскіх цаглін – плінфы і вялізных неапрацаваных камянёў – булыг. Плінфа і булыгі чаргаваліся між сабою. Дойліды не тынкавалі сабор, і Сафія была чырвона-пярэстая. Трывожнасцю веяла ад такога колеру. Ён міжволі напамінаў пра крывавыя рубцы-раны, пра блізкія пакуты.
- Цяжкая наступае часіна для нас , празелітаў, людзей, што прынялі новую веру, - натхнёна бліскаючы вачамі, прамовіў Язафат Кунцэвіч, - Нябёсы паслалі выпрабаванне. І мы павінны, як праз агонь, прайсці праз яго, не здрадзіўшы сабе і сваёй царкве, не затрымцеўшы ад страху. Успомнім словы святога Францыска, які сказаў: “Божа, дай мне сілы вытрымаць усё тое, што я не ў сілах змяніць”.
З казаню пайшоў ён па полацкіх вуліцах і плошчах, нічога і нікога не баючыся. Праўда, следам вёў біскупскіх гвардзейцаў сын Іван. Палачане не адмаўляліся слухаць святыя пропаведзі, але зацята маўчалі, нібы ім адняло мову. Здагадайся, што хаваецца за гэтым людскім маўчаннем – разуменне і падтрымка ці востры бязлітасны кінжал?
Непадалёку ад торжышча напаткалася пахавальная працэсія з праваслаўным святаром. Праводзілі ў апошні зямны шлях багатага купца. Кунцэвіч са сваімі людзьмі ўступіў жалобнаму шэсцю дарогу, асяняў святым крыжам, а затым шапнуў Івану:
- Сёння ўначы схадзі са сваімі хлопцамі на могілкі, паглядзі. Толькі непрыкметна. Зразумеў?
Сын кіўнуў галавой. Яму не трэба было доўга тлумачыць, бо ўжо даўно карцела праверыць што за злая дзікая сіла раскопвае магілы і выкідвае з іх мерцвякоў.
Ноч надарылася цёмная і вятрыстая. Іван з Самуілам Карэцкім, Максімам Труханоўскім і дзесяццю біскупскімі гвардзейцамі непрыкметна пракраўся на запалоцкі могільнік, дзе пахавалі купца, затаіўся непадалёк ад свежай магілы. Усе былі ў чорных плашчах. Ва ўсіх напружана тахкалі сэрцы. Будзь ты героем-разгероем, але таямнічыя начныя могілкі міжволі ператвараюць у палахлівага хлапчука нават самага адважнага і ўпэўненага ў сабе чалавека. Ужо само адчуванне, што наўкол цябе, за некалькі сажняў ад цябе ляжаць у дамавінах пад зямлёю нябожчыкі пачынае, як ты ні стрымлівайся, нервова калаціць усё цела. Чорная глухая ноч. Ні голасу, ні шэпту. Раптам нешта зашапацела. Што гэта? Бяжыць між маўклівых магілаў вожык, мыш-палёўка? А, можа, гэта, прыўзняўшы струхлелае века труны, павольна і страшна ўздымаецца з магілы мярцвяк і пясок сыпіцца між ягоных рэбраў? Вось ён выпрастаўся ва ўвесь свой рост, бліснуў чырвонымі вачамі, выцягнуў уперад аголеныя косткі рук і пачынае ісці на цябе. Што ён хоча зрабіць з табою? Высмактаць з цябе гарачую кроў і шпурнуць у халодную магілу замест сябе тваё цела? А сам, прыкінуўшыся табой, пойдзе ў горад, пойдзе ў тваю сям”ю і па чарзе заб”е ўсіх тваіх родных. Нездарама кажуць: “ У магілах жыве д”ябал. Не хадзіце да начных магілаў”.
Трывожна маўчалі чорныя начныя могілкі. Наўкол (толькі выпрастай руку) былі таямніца і смерць. І аскаленыя чарапы ў дамавінах.
Раптам у цішыні пачуліся крокі. Усе адначасна ўздрыгнулі і перасталі дыхаць. Пачыналася нешта няўмольна-жахлівае.
Купка людзей амаль нябачных у цемры падыйшла да купецкай магілы. Усё-ткі і іх гнёў страх, і яны стараліся гаварыць як мага цішэй:
- Тоўсты, як кабан, быў купчына.
- І багацей. У яго на шыі ( я ўбачыў) вісела тоўстая залатая грыўна.
- Жабрака мы б не сталі варушыць.
Невядомцы ціха засмяяліся. У цемры пачуўся шоргат рыдлёвак. Таксама асцярожна-ціхі, прыглушаны. Выкопвалі труну.
Марудліва цяклі імгненні. Затым з начной Дзвіны наляцеў вецер. Трывожна зашумелі над галовамі хваіны і бярозы, быццам загаварылі ў магілах нябожчыкі. Мова была незразумелаю нечалавечаю – нейкія ўсхліпы і стогны. І кожны падумаў, што некалі й ён (хоча не хоча) будзе ляжаць вось у такім месцы.
- Можа, ужо запалім паходню? – шапнуў на вуха Самуілу Карэцкаму Іван.
- Рана. Няхай дастануць з труны нябожчыка, - таксама шэптам адказаў той.
Нарэшце невядомцы выцягнулі з ямы дамавіну, расчынілі яе і, мяркуючы па-ўсім, абадралі, як ліпку, багата апранутага купца. Чуліся задаволеныя прыцмокванні. Пэўна ж, тыя, што раскопвалі магілу, не дарэмна прыйшлі сюды цёмнай ноччу.
- А гэтыя мошчы кідай пад хваіну. – прамовіў грубы ўладны голас, - Няхай паны вуніяты клянуцца Хрыстом Богам, што не яны такое ўчынілі. А хто ж яшчэ?
Між магілаў пакаціўся смех. Яго ўжо не надта сцішвалі. Каго баяцца? Мерцвякоў? Дык мерцвякі ж мёртвыя і не ўхопяць за каршэнь.
- Дай агню! – гаркнуў раптам у густой цемры Самуіл Парэцкі. Максім Труханоўскі, які чакаў такога загаду, у той жа міг чэкнуў крэсівам, выбіў іскру, запаліў паходню – клубок уздзетага на доўгі кій сухога аблітага смалой вецця. Нібы ярка-светлае акно расчынілася ў магільным змроку.
Ад такога неспадзеву, ад жаху тыя, што раскурочвалі магілу, пападалі на зямлю. Хто-кольвек нават змачыў свае нагавіцы. Аказваецца, і яны (а было іх чацвёра) уга як баяліся мерцвякоў!
- Што вы тут робіце?! – наляцеў на іх са сваімі людзьмі Іван Кунцэвіч. Невядомцы з перапуду толькі лыпалі вачыма. Яшчэ колькі імгненняў таму не маглі й падумаць яны, што можа здарыцца такое.
- А купчына голы, - прысвіснуў Максім Труханоўскі, - Хіба вы хрысціяне, панове? Голага паклалі купца пад хваіну. Чалавеку ж холадна.
- Адзін з іх запарожскі казачок! – ускрыкнуў раптам гвардзеец Васюта, - Ён мяне шабляй каля Сафіі секануў, ды я вывернуўся!
Прымусілі палонных нанова апрануць купца, начапіць яму на пальцы ўсе пярсцёнкі, на шыю – залатую грыўну, пакласці ў труну, тройчы пацалаваць у ледзяны лоб і закапаць у магілу. Затым пагналі іх у Полацк да арцыбіскупа.
Назаўтра з самай раніцы Язафат Кунцэвіч загадаў скаваць начных трунакапальнікаў звонкім ланцугом, вадзіць па ўсяму месту. На кожнай вуліцы і плошчы, каля кожнай царквы яны спыняліся, станавіліся на калені, казалі:
- Мы раскопвалі хрысціянскія магілы. Мы, як галодныя псы, выцягвалі з магілаў чалавечыя косткі. Плюйце на нас, панове-палачане, і пабівайце нас камянямі.
Хто пляваў. Хто, гідліва махнуўшы рукою, ішоў міма. Камянямі не білі. Не такі жыў над Дзвіной-Рубонам люд, каб цяжкім каменем праломваць безабароннаму чалавеку, няхай сабе й злыдню, чэрап.
- Едзем у Віцебск! - загаіўшы рану, рашуча ўсклікнуў арцыбіскуп. Настрой ягоны відочна палепшыўся. Вунія, якой з усёй адданасцю служыў ён, пачала пускаць у Полацку глыбокае карэнне. Вядома, яшчэ не раз будзе гнуць гэтае новапасаджанае дрэва сярдзіты вецер, яшчэ не раз будуць падыходзіць да яго з сякераю, але пачатак (і добры пачатак!) зроблены. У Віцебску ж – зусім іншая справа. Ад гораду недалёка да мяжы з Маскоўшчынай. Ён аж кішыць прамаскоўскай царскай агентураю. І крыкуноў за маскоўскага праваслаўнага патрыярха там як сініх мух над кавалкам крывавага мяса. Гудуць на ўсе галасы. Нікому не даюць спакою. Аб якой вуніі можна казаць там?
Ды Кунцэвіч быў непахісны:
- Едзем у Віцебск!
І сын ягоны Іван разам з біскупскімі гвардзейцамі рваўся туды ж. Нават вясёлую песеньку спявалі:
Будзем з лозаў віць бічы.
Будзем біць вас, віцьбічы!
Адкуль узялася такая песенька невядома. Але яна спадабалася. Не цярпелася пачасаць свае кулакі аб загрыўкі схізматаў. Калі ж будуць упарціцца, лезці на ражно, можна й з рушніцаў пекануць.
Адным словам, у гэты горад зажадалі ехаць усе. Ды яшчэ Самуіл Парэцкі, нібы вуголля ў сухую салому падкінуў, сказаў:
- Там дужа прыгожыя маладзенькія жыдовачкі жывуць.
У Віцебску Язафат Кунцэвіч пасяліўся ў загадзя падрыхтаваных палатах арцыбіскупа на Узгорскім пасадзе пры ўпадзенні Віцьбы ў Дзвіну. Насупраць праз плошчу ўзвышалася царква Успення Маці Божай, дзе пакуль што, як і ва ўсіх мясцовых храмах, вялі рэй праваслаўныя.
Завалодаўшы віцебскімі цэрквамі, арцыбіскуп, як і ў Полацку, загадаў усе іх падмесці і памыць, пачысціць абразЫ, наладзіць хоры і адкідныя сядзенні. Як і ў Полацку, праваслаўныя вернікі ў адзін голас пачалі дружна крычаць, што нельга з Божага дому нічога выкідваць, нават пыл, бо ўсё гэта святое. Ворагамі Кунцэвіча адразу ж зрабіліся віцебскія бурмістры Сымон Неша і Сцяпан Пасіёра. Святар Ілля Давідовіч змайстраваў у лесе за горадам будан і пачаў весці там службы, абы толькі не йсці пад руку вуніяту-лацінніку. Цэлая зборня людзей тоўпілася каля гэтага будана, чакаючы сваёй чаргі, каб памаліцца.
- Пад дажджом будзем размаўляць, людцы, з Богам, пад снегам, але не скорымся душахвату, не пойдзем у ягоныя вяртэпы, - грамавітым голасам абвяшчаў Ілля. І людзі валіліся на калені, жарсна цалавалі крыссе ягонай зашмальцаванай рызы.
- Вядзі нас, наш прарок! – крычалі яны.
- Яшчэ рана, - усміхаўся ў пушыстую цёмна-русую бараду Давідовіч, - Але наш час надыдзе. Чакайце і прыспешвайце гэты час.
У лютым 1623 года на сойме ў Варшаве праваслаўны іерэй Лаўрэнцій Дравінскі люта бэсціў Язафата Кунцэвіча:
- Мы нічога не просім акрамя таго, што ўжо 600 рокаў нам належыць, што, як святыню, заўсёды захоўвалі для нас польскія каралі, што зацвердзіў за намі і сёняшні кароль сваёй прысягай-ротаю пры ўзыходжанні на сталец.
У Вялікім Княстве Літоўскім полацкі арцыбіскуп ужо пяць гадоў трымае запячатанымі праваслаўныя цэрквы Воршы і Магілёва. Месцічы полацкія і віцебскія, якія не маюць у горадзе з-за забароны таго ж арцыбіскупа ні царквы, ні нават маленькай хаціны для служэння Богу, вымушаныя па нядзелях і святочных днях выходзіць на імшу за заставы ў чыстае голае поле , ды й то без святара, бо ні ў горадзе, ні каля гораду ім не дазволена мець свайго пастыра.
Нарэшце, вось яшчэ адно жахлівае невераемнае варварства – у мінулым годзе ў тым жа Полацку той жа супастат-біскуп Кунцэвіч загадаў выкапаць з зямлі хрысціянскія целы нядаўна пахаваныя і выкінуць іх з магілаў іхніх на корм псам, як якую небудзь падаль.
Ва ўлётках і вусных пераказах гэтая прамова Дравінскага, як завіруха, закружылася па вуліцах і плошчах Віцебска, заляцела ці не ў кожныя вушы. Язафат Кунцэвіч толькі ўсміхнуўся, пачуўшы такое, сказаў:
- З мяне робяць людажэра. Самі ўдосталь напіўшыся чалавечай крыві, гэтыя вампіры, якім не церпіцца стаць пад маскоўскую руку, бэсцяць і мяне, і вунію, і Бога. Маскоўшчына спрадвек жыве па візантыйскім звычаі. Там, як сонца, на самым версе пажыццёва знаходзіцца цар, што вельмі шчодра плоціць сваім верным жорсткім апрычнікам. Ён уладарыць над усім і ўсімі, дае велізарную ўладу дваранам , якія, будучы нікчэмнымі рабамі самога цара, трымаюць у чорным рабстве астатні люд паспаліты і змушаюць царкву служыць сабе. Вось так яны й дамовіліся – дваране не рвуцца на царскі прастол, а цар за гэта зрабіў іх пажыццёвымі царкамі ў іхніх маёнтках. І ўсе задаволеныя. Але я ведаю, што Бог, сапраўдны Бог, за мяне. І нават, калі я загіну ад варожай нянавісці, Бог будзе за мяне. Дык пакуль я жывы, я буду змагацца за сваю веру, сваю царкву, сваю дзяржаву. Я не хачу, я не жадаю, каб вось тут, дзе я сёння жыву і дыхаю, укаранілася і заквітнела Азіятчына, уладарылі цары і цараняты. Вось чаму я заўсёды дзейсню маю святую малітву, павярнуўшыся тварам да Рыму, да Еўропы.
У вольную часіну арцыбіскуп ездзіў па Віцебску, знаёміўся з местам, якое заснавала яшчэ княгіня Вольга, ці не першая хроысціянка на гэтых абшарах. Горад быў вельмі добра ўмацаваны. Узгорскі, Верхні і Ніжні замак бераглі яго. 17 сакавіка 1597 году кароль і вялікі князь Казімір ІІІ Ваза даў Віцебску магдэбурскі прывілей, даў яму герб – “в блекітном полю образ святого Спаса Збавітеля нашого, і прі том зараз трохі ніжей меч голый червоный, што ея мает розуметь кровавый”, даў харугву, пад якую месцічы станавіліся “под час посполітого рушенья і потребы военное”. Кожны рамесны цэх атрымаў свой сцяг.
- Добры горад, - сказаў пра Віцебск Язафат Кунцэвіч, - Чысты свежы вецер з Дзвіны-Рубону авявае яго, дае жыхарам ягоным сілу і мудрасць. Добры горад. Добраю магілаю будзе ён для мяне.
- Пра што ты гаворыш, бацька?! – жахнуўся сын Іван, упершыню пачуўшы такое.
- Сны мне бачацца, сыне, - моцна абняў яго Кунцэвіч, - А калі хочаш, каб я іх не бачыў, запалі сённяшняй ноччу лясны будан за Дзвіною, дзе свавольны поп Ілля людзей баламуціць.
- Лічы, што я са сваімі гвардзейцамі ўжо спаліў яго, - жарсна прамовіў Іван.
- Малайчына. І свавольнаму папу-баламуту бараду смалой намаж. Няхай ходзіць з ванючай насмоленай барадой-мяцёлкаю, і няхай усе віцебскія людзі адварочваюцца ад яго.
Выпраўляючы сына ў наезд на задзвінскую лясную царкву-будан, Язафат Кунцэвіч ужо ведаў, што ў апошні раз бачыць яго. Ён ведаў, што ў Віцебску пральецца кроў. Ён не жадаў, каб гэта кроў была сынава, і ратаваў Івана, як мага далей адаслаўшы яго разам з біскупскімі гвардзейцамі з узбаламучанага людзьмі Сматрыцкага места. Кароля Дайнеку і Янку Хрысціянку накіраваў у Вільню з лістом да вялікага канцлера Льва Сапегі. Перад самым развітаннем палеманісцкая жрыца ўсё зразумела, жарсна пацалавала Кунцэвіча, сказала:
- Бывай, каханне маё. Бывай, мой Святар, мой Рыцар. Ідзі дарогаю, якую абраў. Не забуду цябе ні на зямлі, ні на нябёсах .
Такім чынам, самыя блізкія людзі выехалі з Віцебску. Арцыбіскуп застаўся ў неспакойным варожым яму горадзе адзін.
Віцябчане з самага пачатку сталіся лютымі ганіцелямі Язафата Кунцэвіча. Як ні стараўся ён ласкавым словам і добрым учынкам улагодзіць іх нічога не дапамагала.
- Адшчапенец! Душахват! – вось што чуў ён, ідучы з кульбаю ў руках па гарадскіх вуліцах. Вядома, у яго тут меліся і сябры-аднадумцы, і такіх людзей было нямала, але іхні голас патанаў у шалёных крыках ворагаў. Даўно заўважана, што дабрыня больш ціхмяная, больш памяркоўная, чым злюцелая нянавісць.
4 красавіка 1621 году, у дзень Дабравешчання, віцебскія праваслаўныя месцічы на чале з бурмістрам Сымонам Нешам не пусцілі вуніяцкіх святароў Прачысценскага сабору ў царкву Дабравешчання, учыніўшы дзікі лямант.
- Мы вам растаўчэм галовы камянямі і кінем вас у раку! – крычалі яны.
16 жніўня таго ж года, у дзень яблычнага Спаса, праваслаўныя “тумульт учінілі” – званілі ў званы, да крыві зьбілі проста ў царкве святара Максіма Турчыновіча і новага Кунцэвічавага служку Стэфана Базіліскага, рынуліся на самога арцыбіскупа, ды, напароўшыся на шаблі і дзіды гвардзейцаў, сціхлі, падкурчылі хвасты.
На Пяцідзесятніцу вялікі сшалелы натоўп перарэзаў дарогу ўрачыстай працэсіі, якую зладзіў Язафат Кунцэвіч. Вуніяты з песнаспевамі і крыжамі ішлі з Віцебску ў загароднюю царкву Святога Духа. Градам камянёў іх змусілі вярнуцца назад.
20 лютага 1622 года, абкружыўшы царкву Дабравешчання, у якой вёў ютрань арцыбіскуп, неўтаймаваным бясконцым крыкам праваслаўныя заглушалі святую малітву.
- Не праваслаўе, а пустаслаўе! – выгукнуў тады з амбону разгневаны Кунцэвіч. Застаўшыся ў царкве адзін, упаў на калені, пачаў апантана маліцца, пытаць у Бога:
- Завошта мне пакута такая?
І на самым дасвецці яму ўбачыўся сон. Дакладней, прагучаў строгі ўладны голас:
- Ідзі! Я прыйшоў за табой.
- Хто ты? – усхапіўся Кунцэвіч.
- Саванарола.
- Значыць, я павінен загінуць, як ты?
- Так. Вялікая справа патрабуе вялікай ахвяры. Але ты не бойся.
- А я й не баюся, - пачаў апранацца, адзеў кірасу, узяў шаблю Язафат Кунцэвіч, - Ты ж таксама не баяўся.
- Не баяўся, - прагучала ў світальнай цішыні. І голас знік. Як яго й не было.
І адразу ў шэрым мораку жоўталістай лістападаўскай раніцы ўдарыў віцебскі ратушны звон. Трывожны мёрзлы гук паплыў над горадам, над халоднай Дзвіной. Пачуўся крык шматротага натоўпу. Загула зямля пад мноствам цяжкіх ног. На двары арцыбіскупавых палатаў адчайна забрахаў, а потым заскуголіў ланцужны сабака Дзядок. Было 12 лістапада 1623 року.
- Дзеці мае, чаму вы напалі на мой дом?- з высокага каменнага ганку асяніў натоўп знакам святога крыжа Кунцэвіч і спусціўся ўніз, насустрач людзям. Шабля была заткнута за пояс. Увесь двор выбухнуў крыкамі:
- Забіць яго!
- Утаптаць у зямлю!
- Адсекчы руку, што хлусліва знаменіе ўздымала!
Паперадзе разлютаваных людзей стаяў бурмістр Сцяпан Пасіёра з бердышам у руках. Твар чырвоны ад крыку. Вочы туманяцца гневам.
- Ці так ты пасвіш сваіх віцебскіх месцічаў, Сцяпан Пасіёра? – усміхнуўся яму Язафат Кунцэвіч, - Ці добры ты пастух?
Закалацілася ад неймавернага злога ляманту наваколле. Узвіліся ўгору кіі, дубіны, бердышы. Натоўп рынуўся на арцыбіскупа.
- Не дамся вам, жаўнерыкі, бульбашонкі і падкацапнікі! – выхапіў шаблю, размашыста секануў ёю проста па нечым твары Кунцэвіч, - Толькі кроў за кроў! Толькі смерць за смерць! Здохне на гэтым самым месцы той, хто ўдарыць мяне па шчацэ!
Іван Кунцэвіч даведаўся пра бацькаву смерць ад кур”ера-ганца Марціна Драбышэвіча, які цудам ацалеў падчас крывавай бойні і адразу на кані паімчаўся ў Задзвінне.
- Бердышам рассеклі Ўладыку галаву, - хаўкаючы ад вялікай знямогі ротам, пахістваючыся ў сядле, расказваў Драбышэвіч, - Доўга нявечылі і пасля смерці. Валачылі за ногі. Забілі дворнага пса Дзядка , паклалі арцыбіскупу на грудзі. Разгайдалі і кінулі з урвішча мёртвае цела ў Дзвіну, папярэдне насыпаўшы камянёў у валасяніцу. Затым зноў выцяглі з вады нябожчыка, павезлі па рацэ на Пескавацік, утапілі на самым глыбокім месцы.
Іван Кунцэвіч з біскупскімі гвардзейцамі адразу ж ірвануўся ў Віцебск. У арцыбіскупавых пакоях убачылі страшэнны пагром, бітыя вокны, разламаную мэблю, параненых слуг.
- Лаві Пасіёру!- заскрыгатаў зубамі Іван.
Бурмістра знайшлі ў пуні, дзе ён зашыўся ў сена. Варсанулі віламі. Пасіёра застагнаў ад болю, вылез, трымаючыся рукою за скрываўлены бок.
- Завошта, звяруга, забіў арцыбіскупа? Дзе арцыбіскуп? – спытаў Іван.
- На Пескаваціку. Ляжыць у рацэ, - збялеў, адчуваючы непазбежную смерць Сцяпан Пасіёра. Іван, гыхнуўшы, з усяго размаху ўсадзіў яму вілы проста ў сэрца.
Паімчаліся на Пескавацік. З высокага берага ўбачылі, як б”е з цёмнай вірлівай рачной глыбіні слуп найярчэйшага святла.
- Бацька! – закрычаў Іван. Калі нябожчыка дасталі з Дзвіны, укленчыў над целам, цалаваў халодныя знявечаныя рукі, узвёў ярасны позірк у хмарнае неба, сказаў:
- На святым крыжы клянуся табе, бацька, што буду такім, як ты. Клянуся табе, што я, твой сын, пайду тваёй дарогаю. І мы абаронім ад чужынцаў сваю зямлю, сваю душу, сваю веру. Клянуся табе, бацька.
P.S.