Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел дзявяты

IX

Тым часам цякло жыццё. Цякло не марудна і не хутка, а так, як цячэ вада ў нешырокай травяністай рэчцы Лузе, цёмная восенню, блакітная вясной, залатая і срэбная ўлетку. Няма спыну гэтай вадзе. Нават зімой, скутая жорсткім марозам, пакрытая глухім і сляпым ільдом, цячэ яна на самым сваім пясчаным дне, абточваючы і шліфуючы дробныя рознакаляровыя каменьчыкі, калышучы халодных рыбін, што схаваліся-заснулі ў зімавальных ямах.

Рос-падрастаў Іванюта Кунцэвіч. Яго ўжо калі-нікалі называлі па-даросламу Іванам, праўда, пакуль што не Іванам Гаўрылавічам. Ён рос, набіраўся розуму і сілы. А на самым сподзе абабітага срэбнымі бляшкамі старадаўняга матчынага куфэрка ляжала лацінская кніга пра святара Джыралома Саванаролу, якую ён, Іванюта, абавязаны прачытаць. А не ён, дык нехта іншы ў тым выпадку, калі не вывучыцца Іванюта святой латыні, павінен будзе прачытаць яму гэтую кніжку.

З самага першага імгнення народзінаў кожнага чалавека ў Кнізе Лёсаў ужо запісана і прадвызначана ягоная жыццёвая дарога. Згодна з ёй дзеці славутых імператараў і каралёў неабавязкова робяцца імператарамі і каралямі. Гэтак жа сама й сыны шаўцоў.

Ды пакуль што Іванютаў бацька Гаўрыла Іванавіч і ягоная маці Марына Аўдакімаўна былі цвёрда перакананыя, што іхні любімы пестунок, першы ў іхняй сям”і хлопчык, вывучыцца на шаўца, будзе працаваць у сямейнай шавецкай майстэрні побач з бацькам і наймітамі, а калі бацька памрэ ( бясконца падоўжы зямныя бацькавы дні, Божа! ), заменіць яго. Гэтак жа сама думалі й сястрычкі, смуглявыя чарнакосыя Кацярынка з Гэляю. Яны нават дражнілі маленькага Іванюту, дражнілі бяскрыўдна :

Шавец, шавец,

Сшый нам боты.

Не за талер,

А за злоты.

Ім, жанчынам, не быць шаўцамі. Здавён павялося, што толькі цвёрдая нядрогкая мужчынская рука бярэ малаток, нож, шыла, дратву і цвікі, рэжа хром ці грубую не надта апрацаваную шкуру, нацягвае на калодкі, прымервае, падганяе, шые, падбівае абцасы і ўрэшце рэшт абувае чалавека. У чым розніца чалавека ад дзікай жывёліны? У розуме? У адчуванні Бога? Так. Але яшчэ ў тым, што чалавек, нават самы бедны і занядбаны, носіць абутак, прынамсі, робіць усё дзеля таго, каб не хадзіць басанож.

Цякло жыццё. І малы Іванюта ні на драбніцу не задумваўся кім ён стане, калі вырасце вялікі. Не хапала часу на тое каб задумвацца. Жыццё было адной суцэльнай доўгай гульнёй з перапынкамі на сон, сняданак, абед і вячэру. Разам з такімі ж хлапчукамі рабіў-капаў ён пячоркі на беразе ракі Лугі, дзе навальнічныя дажджы намывалі шмат жоўтага пяску, сінімі вясновымі вечарамі бегаў пад клёнам, збіваючы шапкай майскіх жукоў-хрушчоў, хадзіў з сёстрамі ў лес збіраць грыбы, ягады і арэхі. Плылі белыя летнія воблакі над цёплай зямлёй, падобныя на гурбы снегу, на галовы старых сівых барадатых дзядоў. Здавалася, не будзе канца і спыну і гэтым цудоўным нябесным воблакам, і бесклапотнаму хлапчукоўскаму жыццю. Ды ў адзін дзень, у адзін момант усё перавярнулася, разляцелася, рассыпалася, як рассыпаецца на дробны друз ваконнае шкло, калі незнарок пацэліш у яго каменем. І прычынаю таму было незразумелае кароткае страшнае слова – смерць.

Памёр Іванютаў дзядуля, матчын бацька Аўдакім. Быў ён дужа-дужа стары, зімою і ўлетку хадзіў не ў ботах, якія хвацка шыў ягоны зяць Гаўрыла Кунцэвіч, а ў тоўстых карычневых валёнках, грэў ногі, бо хварэў на раматус.“Косткі мае на нагах як быццам нехта грызе, кусае“, - жаліўся ён малому Іванюту, калі сядзелі яны на прызбе, і з сіняга неба пякло смаліла сонца. Іванюта глядзеў на дзедавы ногі, нават руку засоўваў за шурпаты лямец валёнка, мацаў, шукаў – можа, якія жукі ці п”яўкі завяліся там?

Добры быў дзед. Як з роўняй, гаварыў з Іванютам. Пра розныя здарэнні расказваў і вясёлыя, і страшныя. Пра таямнічых начных ваўкалакаў, пра дзікіх зарослых поўсцю людажэраў, які жывуць у цёмных лясах і топкіх балотах, непрыкметна прыходзяць адтуль у месты і вёскі, каб украсці маленькіх непаслухмяных дзяцей.

- Я паслухмяны, дзядуля, - шаптаў уражаны напалоханы хлопчык, уздрыгваў, туліўся да старога Аўдакіма, і той сухой кашчавай рукою гладзіў ягоныя белыя, як лён, валасы, глухім голасам прыгаворваў :

- Дзе ты дзелася, маладосць мая, весялосць мая?

І вось дзед, якому рушніком звязалі на грудзях рукі ( тыя самыя рукі, што зусім-зусім нядаўна песцілі Іванюту! ), маўкліва ляжаў у нейкай доўгай драўлянай скрынцы, маўчаў, не варушыўся, не расплюшчваў вачэй. Гарэлі жоўтыя свечкі. Плакалі і нават галасілі людзі.

- Што гэта? – шэптам спытаўся ў маці Іванюта

- Смерць, - адказала яна.

- І дзед Аўдакім болей не ўстане? – затрымцеў ад халоднага суму, ад невымернага

адчаю хлопчык.

- Устане. Але не сёння. Яго разбудзіць Бог.

Вось так скончылася дзяцінства. Вось так назаўсёды, аж да самага пакутніцкага свайго скону, паверыў Іван Кунцэвіч у Бога, у таго, хто ажыўляе людзей. Што самае дарагое і самае галоўнае на зямлі? Золата? Палавыя ўцехі? Улада над сябе падобнымі? Сытасць? Прыгажосць? Каханне? Слава? Вялікі розум? Не. І яшчэ раз не. Самае дарагое і самае галоўнае на зямлі – ЖЫЦЦЁ. Яно, жыццё, спалучае ўсе гэтыя выявы чалавечага існавання, звязвае іх у адно непарушнае цэлае, трымае ў сабе. Так, як спелы яблык трымае ў сабе зярняты. Як вечнае неба трымае ў сабе зоркі. Яно, жыццё, узвышаецца над усім. Жыццё – гэта Бог. Любіць жыццё – значыць, любіць Бога. Няма і ніколі не будзе на зямлі і ў небе ісцін вышэй за гэту.

- Калі ж Бог разбудзіць нашага дзеда? – дапытваўся Іванюта ў маці, бо ў сям”і яна была самаю шчыраю малітоўніцай і дзяцей вучыла гэтаму з ранняга малалецтва, як толькі на ногі ўсталі. Гаўрыла Іванавіч таксама крэсліў лоб і грудзі святым крыжам, хадзіў на нядзельную імшу ў царкву, але асабдівага агню не было ні ў вачах ягоных, ні ў душы. Як і большасць мужчынаў, лічыў, што гутарыць з Богам павінны ў першую чаргу кабеты, бо яны выношваюць, у вялікіх пакутах нараджаюць дзяцей, кормяць іх сваім малаком, і Маці Божая, якая дала ўсяму людству Збаўцу, на вечныя вякі іхняя нябесная і зямная апякунка. Мужчына ж, кінуўшы ў мацярынскае лона гарачае семя, затым ( так павялося ) адыходзіць убок, робячыся здабытчыкам і ахоўнікам, а ўсе дзіцячыя слёзы, соплі і болькі дабрахоць узвальвае на сябе жанчына. Таму й больш чуллівая і мяккая ейная душа і ёй, гэтай душы, лягчэй убачыць Бога, лягчэй паразумецца з ім.

- Бог разбудзіць дзеда ў дзень страшнага суда, калі будзе судзіць усіх жывых і ўсіх памёрлых, - з дрыготкасцю ў голасе, з іскрамі слёзаў у вачах адказвала сыну Марына Аўдакімаўна.

- Страшнага суда? – усім худзенькім цельцам уздрыгваў хлопчык, - А чаму ён так называецца гэты суд?

- Таму, што ён дужа страшны, - ціха прамаўляла маці, не жадаючы раніць крохкую, як вясновы парастак, сынаву душу аповядамі пра непазбежныя суровыя кары ўсім грэшнікам, - Лепей давай яшчэ раз папросім у Бога даравання..

Яны ўкленчвалі перад абразамі і свечкамі, малітоўна складвалі рукі, нізка схілялі галовы, і малы Іванюта слова ў слова паўтараў за сваёй маці :

- Ойча наш, які ёсць на небе, свяціся імя тваё, прыйдзі валадарства тваё, будзь воля твая, як у небе, так і на зямлі.

Потым вельмі часта мыла Марына Аўдакімаўна свайго сынка ў дубовых ночвах з гарачай вадою, цалавала ягоную белую скуру, цалавала радзімку-зорачку ў яго на грудзях, пяшчотна казала :

- Смятаннічак ты мой беленькі. Зорачка мая ясная.

А малітвы паўтараліся штодня і з усё большай жарсцю. Старэйшы Кунцэвіч урэшце рэшт пачаў ушчуваць жонку :

- Ці не святаром ты хочаш яго зрабіць? Дык гэта не наш занятак . Спрадвеку мы, Кунцэвічы, шаўцы і купцы. Мы хадзілі і ходзім у фартуках, а не ў падрасніках. Яшчэ ў майго прапрадзеда Малаха, які трымаў майстэрню, бабруйскія жыды шылі сабе хромавыя боты і мяккія пакаёвыя пантоплі. І ўсе былі задаволеныя, бо яны, жыды, ва ўсім ведаюць толк. А ты талдычыш малому з раніцы да ночы адно й тое ж – Бог, Бог … Пры чым тут Бог, калі сам чалавек плох? Хлеба вашыя малітвы не дадуць. Перахрысціцца пасля сну і перад тым, як возьмеш лыжку ў рот, трэба. Я й сам так раблю, бо не басурмане ж мы. І ў нядзелю да храму можна схадзіць, паслухаць чаму святар навучае. І хопіць. Навошта хлопцу занадта ўлягаць ва ўсе гэтыя шаптанні? Забіраю яго з заўтрашняй раніцы ў майстэрню – хай панюхае чым там пахне і ці смачна пахне. А, калі стукне сем гадоў, чытаць-пісаць-лічыць дзячок Міхалка ў прыцаркоўнай школцы навучыць. Далей-болей. Акрыяе – завязем у Вільню, каб там розуму набіраўся. Я ж не вораг свайму дзіцяці. Я нават памятаю, што мой сын Іван павінен вывучыць латынь, каб прачытаць кніжку, якую яму падараваў Жаўнерык. Не забылася пра Жаўнерыка?

- А каб ён спрах той Жаўнерык, даруй мне, Божа, - з сэрцам прамовіла Марына Аўдакімаўна, бо шкада было ёй адлучаць ад сябе любімага пяшчотнага малюка, аддаваць яго ў майстэрню. Майстэрня хоць і бацькава, ды працуюць там два падмайстры, суровыя грубыя мужчыны, якія, няспынна рагочучы, расказваюць пахабшчыну і брыдкасловяць.

У першы ж дзень пляснуў сабе Іванюта малатком па пальцы і ад вялікага болю заекатаў, закруціўся ваўчком, засунуў палец у рот. Падмайстры Тамаш і Паўлюк засмяялія, бо ў майстэрні не было Гаўрылы Кунцэвіча. Калі ж ён увайшоў, падмайстры адразу змоўклі і пачалі, вохкаючы і прыцмокваючы, шкадаваць Іванюту. “Дрэнныя людзі“, - падумаў пра іх хлапчук. Затым, калі бацькі зноў не было, падмайстра Паўлюк, рэдказубы і гарбаносы, шапнуў свайму сябруку Тамашу :

- Гаўрыла – свіное рыла.

Яны засмяяліся. Іванюта, пачуўшы сваім дзіцячым вухам шэпт, зразумеў – гэтыя людзі незадаволеныя ягоным бацькам і за спіной у Кунцэвіча старэйшага насміхаюцца над ім. “Сказаць ці не бацьку пра такое?“– падбіраючы з падлогі майстэрні ў вядзерка танюсенькія акрайкі хрому ды іншае смецце, цягаючы на склад гатовыя боты, увесь дзень думаў ён. Не рашыўся сказаць, бо ўспомніў матчыны словы :“Бог не любіць даносчыкаў“. А неўзабаве прашалясцеў яшчэ адзін шэпт :

- Іван – баран.

Паўлюк, прамаўляючы такое, яўна здзекваўся над хлапчуком, нахабна і жорстка гуляў з ім, як кошка з мышкай. Ён здагадаўся, што Іванюта Кунцэвіч чуе гэтыя ягоныя словы, моцна перажывае з-за іх, бянтэжыцца, але, маючы тонкую ўражлівую душу, не можа нічога зрабіць. А такіх трэба драпежыць, раніць, глыбей заганяць у пясок. Бо скуль жа возьмеш радасць і насалоду ў гэтай чужой нямілай майстэрні, дзе ты толькі ляскаеш і ляскаеш малатком, убіваючы ў падэшву цвікі, шыеш іншым людзям прыгожыя боты і чаравікі, якія ніколі не абуеш на сваю ўласную нагу.

- Ну як табе там, сынок? – цалуючы Іванюту, пыталася ўвечары маці.

- Добра, - адказваў ён, ды сінія чыстыя вочы былі сумныя.

Марына Аўдакімаўна ўздыхала, клала сынаву галаву сабе на калені, гладзіла мяккія шаўкавістыя валасы, ціхенька спявала :

У нашага Йванюткі

Вінаград на дварэ,

Пасадзіў ён матульку

Да й на самым куце.

Ой, частуе, ганаруе,

Чырваненька віно п”е.

- Запражыце, запражыце

Да дванаццаць валоў,

Загрузіце, загрузіце

Сем паўнюткіх карабоў,

Завязіце, завязіце

Да й матульку дамоў.

А матулька-галубулька

Да й не пышная была,

Узяла той падарунак

Да й дадому павязла.

- Я не адпушчу цябе, - слухаючы гэту дзіўную песню, казаў Іванюта, - Ты будзеш заўсёды жыць са мной.

- Але ж ты ажэнішся, - смяялася Марына Аўдакімаўна, - возьмеш прыгажуню малжоначку, і яна загадае выгнаць мяне.

- Я не ажанюся. Ніколі не ажанюся, - з найвялікшай жарсцю прамаўляў хлапчук і цалаваў матчыны рукі.

Яна смяялася, а ёй бы ў гэтыя імгненні глыбей зазірнуць у сынавы вочы, у сынаву душу і яна б убачыла, што сын, кажучы такое, ні кроплі не перабольшвае і не памыляецца, а нібы счытвае з Кнігі Лёсаў свой будучы лёс. Праз халодную тоўшчу часу ён ужо вызначыў абраў сваю дарогу, на якой няма месца для сям”і, хоць, вядома ж, усе чалавечыя шляхі-дарогі вызначае і выбірае толькі Бог.

Цяклі дні. Сакавіта рыпела скура пад вострымі шавецкімі нажамі. Спраўна грукалі малаткі. Шаптаў за спіной няўтомны хітры Паўлюк свае крыўдлівыя абразлівыя словы.“Вось каго першага возьме Бог на свой страшны суд“, - сталеючы целам і душой, думаў Іванюта Кунцэвіч.

- Ну як, Іванюта, ці салодкі шаўцоў хлеб? – спытаў праз нейкі час Гаўрыла Кунцэвіч. Спытаў, быццам жартуючы, але ў вачах, строгіх і чэпкіх, жыло чаканне адказу, які задаволіў бы яго, бацьку. Справа ў тым, што недзе з тыдзень таму Іванюту нарэшце дазволілі самому ўласнаручна сшыць дзіцячыя чаравічкі. Калі й папсуе дзіцятка скуру і дратву, то не на вялікія грошы – трэба ж некалі пачынаць. Заміраючы сэрцам, чакаў старэйшы Кунцэвіч, што сынок назаве хлеб, якім спрадвеку жыве і корміцца іхні род, салодкім.

- Не салодкі – матлянуўшы светлым чубком, - адказаў Іванюта, - Горкі і нясмачны хлеб.

- Гэта яна цябе навучыла? – абурана ўзвіўся Гаўрыла Кунцэвіч, маючы на ўвазе сваю жонку, а Іванютаву маці Марыну Аўдакімаўну.

- Ніхто мяне не вучыў. Я сам бачу, - ціха, але цвёрда сказаў маленькі хлопчык.

- Дык, можа, папом будзеш? – закіпваў гневам бацька.

- Кім загадае пан Бог, тым і буду.

На тым і скончылася гаворка. Не біць жа малалетка. Гаўрыла Кунцэвіч, цэхмістр шаўцоў, радца гарадскога магістрату, чалавек, які хадзіў у царкву, калі-нікалі чытаў кнігі, не мог і не хацеў узнімаць руку на ўласнае дзіця. Ды неўзабаве такі выпадак надарыўся.

Неяк хмурнаватай восеньскай раніцай Іванюта нёс са складу драўляныя калодкі для абутку. Настрой у яго быў неблагі,. Ён нават ціхенька насвістваў, хоць бацька строга забараняў такое, казаў :“Не свішчы ў майстэрні, а то насвішчаш пажар“. І раптам за спіною пачулася з”едлівае :

- Гаўрыла-свіное рыла, а Іван-баран.

Ужо іх дваіх, бацьку і сына, аб”яднаў у адной дражнілцы Паўлюк. Шапнуў, усміхнуўся, выскаліўшы рэдкія зубы, і прывычна пляснуў малатком па падэшве.

Быццам нешта лопнула ўнутры ў Іванюты. Быццам трэснула і пераламалася напалам тоўстая дубовая завала, што намёртва зачыняла дзверы душы. З грукатам кінуў ён на падлогу калодкі, у адзін скок апынуўся побач з варштатам Паўлюка, вырваў у яго з рукі малаток і, выдыхнуўшы :“Згінь, Паўлюк, злы павук!“, стукнуў ім ненавіснага шаптуна па цемені. Паўлюк глуха войкнуў, узмахнуў рукамі, з чырвонай галавою пакаціўся на падлогу.

- Ты што, Ванька?! – здзіўлена закрычаў Тамаш.

Ды Іванюта нічога яму не адказаў, спакойна нагнуўся, спакойна пачаў падбіраць рассыпаныя калодкі. Побач круцілася ад болю, хрыпела, пазірала на яго шырока вырачанымі перапалоханымі вачамі гарбаносая паўлюкова галава.

- Дашаптаўся? – усміхнуўся Паўлюку Іванюта, - Не глядзі, што я малы. Яшчэ раз гаўканеш, праткну шавецкім нажом язык.

Дазнаўшыся пра такое, раз”ятраны Гаўрыла Кунцэвіч увабег у майстэрню, балюча схапіў сына за вуха, амаль павалок Іванюту ў ягоную спаленку, там спусціў з яго порткі і пачаў хвастаць папругаю. Белая хлапчукова скура адразу ж расцвіла яркімі пісягамі. Пранізліва закрычалі Кацярынка з Гэляю. Загаласіла, хапаючы мужа за руку, падстаўляючы пад удар свае рукі, Марына Аўдакімаўна. А Гаўрыла, як сшалеўшы, усё біў. Пэўна, прычынаю такой жорсткасці было не толькі тое, што гваздануў сын малатком па галаве Паўлюку, а й тое, што параніў ён бацькаву душу, нібы плюнуў у яе, назваўшы спрадвечны хлеб Кунцэвічаў, хлеб, які яны зараблялі і са смакам елі, якім яны ганарыліся перад людзьмі , нясмачным і горкім.

Дні тры ляжаў Іванюта, ляжаў на жываце, бо азадак быў спаласаваны. Маці і сёстры не адлучаліся ад яго, нечым халодным і прыемным змазвалі скуру, паілі цёплымі ягаднымі і яблычнымі адварамі. Гаўрыла ж Кунцэвіч не заходзіў у спальню, дняваў у майстэрні, у магістраце. Астыўшы, супакоіўшыся, пачаў шкадаваць сына і не мог глянуць яму ў вочы.

- Ты хоць спытаўся за што наш хлопчык, наш Іванютка стукнуў гэтага Паўлюка? Не спытаўся. Адразу пачаў лупцаваць. Эх ты, - горка ўшчувала Марына Аўдакімаўна мужа.

Гаўрылу было ніякавата ад такіх жончыных слоў. Быў ён чалавекам мяккасардэчным, і нават сам дзівіўся адкуль узялася-выплеснулася такая лютая злосць. Схадзіў у царкву, паспавядаўся, каб аблегчыць душу. Потым з вінаватым бляскам у вачах зазірнуў у спаленку да сына. Той слаба ўсміхнуўся яму, сказаў ціхім голасам, ад якога ў Гаўрылы зайшлося сэрца :

- Татка, болей не бі мяне так балюча.

- Не буду, ніколі болей не буду, сынок, - усхвалявана пагладзіў светлавалосую сынаву галаву старэйшы Кунцэвіч, - Няхай рука тады мне адсохне.

- Не трэба, каб адсыхала, - з сур”ёзнасцю ў голасе прамовіў Іванюта, - А чым жа ты малаток будзеш трымаць?

Яны зірнулі адзін на аднога і засмяяліся. І гэты смех зноў зблізіў іх, зрабіў ранейшымі сябрамі. Ах, як добра калі сябруюць бацька і сын!

- Дык з-за чаго ты трэснуў Паўлюка па дурному макацёру? – калі ўжо канчаткова памірыліся, спрабаваў выведаць Гаўрыла. Аднак Іванюта не стаў расказваць, не адкрыўся. Нейкі ўнутраны голас загадаў хлапчуку маўчаць. Гэты ўнутраны голас, патрабавальны і ўладны, пасяліўся ў душы, каб да самага скону жыць у ёй , як жыве сонца ў блакіце нябёсаў.

- Не падабаецца табе шавецтва? – перавёў гаворку на іншае Гаўрыла.

- Не падабаецца, - шчыра адказаў сын, - Ды ты не бойся, татка, я цябе не падвяду. Я, пакуль малы, буду дапамагаць табе ў майстэрні, бо трэба, як і ўсе людзі, зарабляць свой хлеб. Я разумею гэта і не падвяду цябе.

- І кім бы ты хацеў стаць? З чаго жыць?

- Пакуль не ведаю. Зорачка падкажа.

- Зорачка? – аж раскрыў рот у найвялікшым здзіўленні Гаўрыла Кунцэвіч, - Якая зорачка?

- Тая, што ў мяне на грудзях. З якой я нарадзіўся, - пераканана і страсна прашаптаў хлапчук, расшпіліў белую нацельную кашулю і паказаў бацьку на сваёй скуры радзімку, побач з якою на льняным шнурку быў залаты хрысціянскі крыжык, - Гэта – Божы знак.

- Хто ж табе сказаў пра такое? – аж адступіў ад сынавага ложка бацька. Яму падалося, з пякучай шкадобаю падалося, што ягоны малалетні сын або звар”яцеў, або вар”яцее.

- Бог сказаў, - зашпіліў кашулю і заплюшчыў вочы Іванюта, - Ідзі, татка, а я паляжу. Я заўтра ўжо буду ў майстэрні.

- Гэх, - толькі й махнуў рукою Гаўрыла Кунцэвіч і разгублена вышаў з сынавай спаленкі. Убачыў Марыну Аўдакімаўну, стомленым дрогкім голасам прамовіў :

- Усё твае шаптанні.

А Іванюта ўбачыў ноччу дзіўны сон. Быццам сядзіць ён, Іван Кунцэвіч, на зялёнатраўным беразе ракі Лугі і вудачкаю, якую змайстраваў з тонкай вербалозіны, ловіць маленькіх жоўценькіх рыбак печкуроў. Свеціць яркае цёплае сонца. Рыбкі, падобныя сваім колерам на донны пясок, тыкаюцца мяккімі рылцамі ў кручок, але прынаду, тлустага лянівага чарвяка, не хапаюць. Вясёлыя рыбкі нібы дражняць Іванюту, нібы хочуць з ім пагуляць. Толькі злёгку паварушыш кручок, як яны імгненна разлятаюцца распырскваюцца ва ўсе бакі. А затым, счакаўшы, зноў асцярожненька падплываюць да кручка з чарвяком.

І раптам у бязмежным сонечным небе чуецца ўрачысты велічны гук, ад якога пачынае салодка і радасна трапятаць сэрца. Іванюта ўзнімае позірк уверх і бачыць залатакрылага анёла са срэбнай трубой. Анёл, маленькі кучарававалосы хлапчук з іскрыстымі блакітнымі вачамі, садзіцца побач з Іванютам на траву і кажа :

- Раб Божы Іван, ты павінен сшыць пану Богу боты. Мы ведаем, што ты, як і твой бацька Гаўрыла, цудоўны шавец. Даецца табе на такую працу тры дні, роўна тры дні. Глядзі ж – пастарайся.

Прамовіўшы такое, анёл пругка ўзмахвае залатымі крылцамі і ў адно імгненне знікае за белай хмарай, што невядома адкуль з”явілася на дагэтуль чыстым зіхоткім, як шкло, небе. Толькі ўздрыгваюць галоўкі сініх і жоўтых кветак, якія разварушыў нечаканы парывісты вецер.

Страх залівае душу. Як сшыць тыя боты? Ён жа, Іван, нічагусенькі не ўмее. Не слухаюцца ягоных слабых дзіцячых рук ні шавецкі нож, ні шыла, ні малаток. Горка заплакаў Іванюта Кунцэвіч, апусціўшы галаву на грудзі. Слёзы пасыпаліся з вачэй, нібы журботны восеньскі дождж.

- Не плач, дзіця, а ўсміхніся жыццю, - прагучала з нябёсаў, - Не твая гэта справа – шыць боты і чаравікі. Знойдуцца іншыя рукадзельнікі на такое. Ты ж будзеш служыць мне. Служыць да самага свайго скону. Ты будзеш засяваць хрысціянскім насеннем чалавечыя душы. Стань маім сейбітам, Іванюта.

І адразу дзівоснае святло ўспыхнула наўкол. Яно было шматкроць ярчэйшае за самы яркі дзень. Кожная травінка на лузе, кожны лісток на дрэве, рыбкі ў рацэ зрабіліся надзіва прыгожымі, быццам адкаванымі з чысцюткага золата. На нейкі міг спынілася рачное цячэнне. Рака раптам адарвалася ад зямлі і ператварылася ў блакітную лесвіцу, што вяла на неба.

- Ідзі да мяне, - паклікаў нябесны голас. І ён, Іван Кунцэвіч, асцярожна пайшоў па іскрыстых блакітных ступенях. Пайшоў, раскрыліўшы ўбакі рукі, ці то баючыся ўпасці, ці то прагнучы ўзляцець, як вольная радасная птушка. Ён аддаляўся ад зямлі і набліжаўся да неба. Глыбока ўнізе бачыліся малюсенькія мітуслівыя чалавечыя фігуркі, што роспачна махалі рукамі і нешта крычалі. Ён разумеў – гэта маці з бацькам і сёстры і яны вельмі баяцца за яго.“Не бойцеся, - хацелася крыкнуць яму, - Мяне кліча Бог. І са мною не здарыцца нічога благога, бо пан Бог беражэ сваіх людзей, не аддае іх на згубу“. Але крык не ішоў, не вылузваўся з ягоных грудзей. І тады ён заспяваў святую малітву. І прачнуўся.

Ён ляжаў у сваёй спаленцы на сваім ложку. Была ноч. Усе спалі. Спаў іхні дом. Спала места Уладзімір-Валынскі. Спала зямля і вада. Праз незафіраненае вакно востра свяцілася высокая-высокая бяссонная зорка. І ён разумеў – гэта глядзіць на ягоны твар і ў ягоную душу Бог.

А раніцою прыйшоў бацька, усмешлівы і цёплавокі. Клапатліва паляпаў яго па шчацэ, сказаў :

- Уставай, сыне. Забудзем пра ўсё, што было. І прабач мне. Ніколі болей пальцам цябе не крану. Бачыў у горадзе доктара Дайна, нямчына з Жарэбычаў. Я яму яшчэ батфорты шыў. Ездзілі яны ў Вільню, пан Горніч з паняю і ён, доктар. Нядаўна вярнуліся. Пані Раіна хлопчыка нарадзіла. Казаў доктар, што дужа харошы хлопчык. І ведаеш што? Даў я доктару тую лацінскую кнігу, што табе Жаўнерык, наш былы падмайстра, падараваў. Я табе расказваў пра гэтага Жаўнерыка і пра гэтую кнігу. Гавораць людзі, што падаўся ён на Сеч казакаваць. Ды я не пра Жаўнерыка, а пра доктара Карла. Абяцаўся доктар прачытаць кніжку, а потым расказаць нам з табой пра ўсё, што ў ёй напісана. Ты ж, ведаю, любіш кніжкі, любіш, як і я. Але не спадобіў нам пан Бог авалодаць лаціною. Як напісаў адзін мудрагель :“Польска квітне лаціною, Літва квітне русчызною“. Мы не палякі. Ты падрасцеш і навучышся латыні, а мне, старому карчу, ужо запозна, - Гаўрыла Кунцэвіч з непрыхаванай шкадобаю махнуў рукой, - Дык хочаш ведаць пра што ў той кнізе напісана?

- Хачу. Вельмі хачу, - ускочыў з ложку Іванюта і, забыўшыся пра ўсе крыўды, горача пацалаваў свайго бацьку.

 

Колькасць прачытаўшых: 171
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007