Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Калі грукочуць вулканы (частка X)

На планеце Вар Радаславу, Веры і Клёну заставалася яшчэ прабыць трохі менш двух сутак. Калі памятаць, што суткі на Вары ўкладваюцца ў сорак восем гадзін, дык у іхнім распараджэнні быў ладны кавалак часу. У першую чаргу трэба было неяк пазбавіцца ад пастаяннай апекі плазмоідаў. Плазмоіды (маюцца на ўвазе пяць мірных кланаў) паказвалі сябе гасціннымі, клапатлівымі гаспадарамі. Толькі гасціннасць гасціннасцю, але калі проста ў цябе перад носам цэлы дзень, ні на хвіліну не аддаляючыся, круцяцца рознакаляровыя шары, хочацца плюнуць і ўваткнуць галаву ў падушку або ў мяккую зялёную траву. Ды не было падушак, а замест зялёнай травы рыпеў пад нагамі зялёны буйназярністы пясок.
— Мы хочам паспавядацца свайму Богу,— сказаў Радаслаў гіду, Талеркію Сіняму 83.— На Вары няма нашых храмаў, і таму мы пойдзем, пойдзем толькі трое, бо пры споведзі нельга прысутнічаць чужым вачам і вушам, на высокае чыстае месца, дзе і пагутарым са сваім Богам. Там нас можа пачуць адзін вецер, але ён вольны, нікому не служыць, нікому нічога не расказвае.
— Што такое Бог? — спытаў плазмоід.
— Гэта тое, чаму ты верыш,— адказала Вера Хрысцінюк.
Плазмоід памаўчаў, потым сказаў:
— Значыць, гэта — плазма, наша несмяротная плазма, наша прамаці ўсіх плазмоідаў. Зямляне пераглянуліся.
— Мы пойдзем,— сказаў Радаслаў,— і вернемся, калі Зялёная Зорка стане над тулуравым лесам.
Плазмоід быццам бы не пярэчыў — адпусціў. Але крокаў праз трыста Вера, азірнуўшыся, прамовіла шэптам:
— Здаецца, за намі ўвязаўся, як раней казалі, «хвост». Паглядзіце ўважлівей вунь на той узгорачак, што зарос сіняй травой. Бачыце? Там нібы сонечны зайчык бегае.
— Гэта плазмоід, а дакладней, маленькі плазмоідзік,— упэўнена сказаў Радаслаў Буслейка.— Ён або малалетак, або карлік. Што ж зрабіць, каб ён адчапіўся ад нас?
— Давайце ісці, як ішлі,— прапанаваў Клён.— I ўвесь час азірацца. Плазмоід зразумее, што мы яго заўважылі і...
— I што? — іранічна спытаў Радаслаў.
— Яму зробіцца сорамна і...
— I што?
— Што вы «штокаеце»? Ён пакінё нас у спакоі.
— Значыць, ты лічыш, што плазмоідам, як і нам, людзям, уласцівы такія пачуцці, такія эмоцыі, як сорам, страх, няўпэўненасць, адчуванне віны?
— А чаму б і не? Інтэлект у іх вельмі высокі. А дзе інтэлект, вялікі розум, там і адпаведная псіхіка. Высокаінтэлектуальны мозг не можа належаць падонку.
— Ты геній, Клёнік! — захоплена ўсклікнула Вера.
Радаслаў Буслейка паглядзеў на падлетка са здзіўленнем і павагай, падумаў: «У чалавецтва яшчэ не ўсё страчана, калі нараджаюцца такія акселераты».
Маленькі плазмоід, і праўда, памігцеў-памігцеў з травы, з-за ствалоў тулураў і знік, як яго не было. Затое кіламетры праз два на камяністым пустынным плато зямлян сустрэў Аюс Першы, а разам з ім былі конь, бык і смаляна-чорны певень, які горда сядзеў у быка на спіне.
«Мае сябры,— сказаў Аюс,— Конь Іг, бык Яр, певень Кук. Я навучыў іх разумець ісціну».
Кароль жывёл, як і ўсе каралі, не вызначаўся асаблівай сціпласцю.
«Іга я знайшоў у цырку,— працягваў Аюс.— На паўночным схіле Нябеснага Зуба ёсць арэна, якую зрабілі Жалезныя Людзі. Там Іг танцаваў на задніх нагах, а на шыі ў яго быў павязаны ружовы вялізны бант. Уявіце толькі: конь — і танцуе. Замест таго каб цягнуць плуг, вазіць фурманку, імчаць у атаку з адважным рыцарам на спіне. Бык Яр удзельнічаў у карыдзе. Яго калолі шпагамі, а ён кідаўся, як шалёны дурань, на чырвоную анучу. Я навучыў Яра ўдарыць рогам не ў гэту анучу, а ў жывот тарэадору. Чулі б вы, як заенчыў тарэадор!»
— Тарэадорам быў зямлянін? — спытаў Клён.
«Жалезны Чалавек. Але Яр, пасля таго як я яго навучыў, ударыў бы і чалавека. Усё жывое павінна быць роўным між сабой. Ці не так, людзі?»
Кароль жывёл планеты Вар Аюс Першы пільна глядзеў на Радаслава, Веру і Клёна, чакаў адказу.
— У прынцыпе я згодзен з табой, кароль Аюс,— прамовіў нарэшце Радаслаў Буслейка.— Але ўсё далёка не так проста, як ты мяркуеш. Калі б ты і твае падданыя ці сябры (не ведаю, як і назваць) умелі чытаць, я раіў бы вам пазнаёміцца з кніжкай Джорджа Оруэла, англічаніна, «Жывёльны двор». Там кабан Напалеон падбухторыў свойскіх жывёл узняць паўстанне супроць свайго гаспадара-фермера.
«Яны перамаглі?» — радасна заззялі вочы ў Аюса.
— Перамаглі. Толькі перамога не прынесла ім радасці.
«Чаму?»
— Зноў жа — не так проста адказаць.
— Некалі я прачытаю табе, кароль Аюс, гэту кніжку,— горача ўсклікнуў Клён Дубровіч.— Прылячу на Вар з Зямлі і прачытаю.
«Дзякуй, хутканогі і вастравокі,— сказаў Аюс Першы.— А зараз, зямляне, я і мае сябры просім вас дапамагчы нам адолець Жалезных Людзей. Калі мы гэта не зробім, яны зальюць бетонам усю планету».
— 3 чаго ж мы пачнем? — у роздуме паглядзеў на конусападобную вяршыню Нябеснага Зуба Радаслаў.
Клён і Вера таксама задумаліся. Яны, вядома, вельмі хацелі зрабіць нешта добрае для дзіка, пеўня, каня і быка. Але як? Хіба можна голымі рукамі перамагчы Жалезных Людзей? 3 надзеяй пазіралі яны, падлетак і жанчына, на Радаслава Буслейку. Ды той, нахмурыўшыся, зацята маўчаў.
— Радаслаў Алесевіч, Радаслаўчык, у вас жа не мозг, а самы найноўшы камп'ютэр. Прашу вас — выдайце якую-небудзь ідэю,— какетліва, з абаяльнай усмешачкай папрасіла Вера Хрысцінюк, але ў голасе адчуваліся хваляванне і трывога. Спагадлівая мяккая душа, яна ўжо аж да слёз перажывала з-за тых страшэнных несправядлівасцей, якія змушаны цярпець ад Жалезных Людзей бедныя жывёлы планеты Вар. Можна толькі здагадвацца, як яна б сябе паводзіла, калі б раней за Аюса з падобнай просьбаю звярнуліся да зямлян Жалезныя Людзі. Няма сумнення, што яна кінулася б ратаваць няшчасных робатаў. Ва ўсім гэтым — сакрэт (магчыма, яго ніколі не разгадаюць) Веры Хрысцінюк, сакрэт і веліч таямніча-пяшчотнай жаночай душы. Уславім жа гэту душу, дзб б мы ні знаходзіліся: на далёкіх планетах, на змрочным акіянскім дне ці каля вечаровага цяпельца, што мірна гарыць, патрэсквае на лужку каля Лондана або Менска.
«Спачатку мы пойдзем у Вялікае Балота. Акрайчык яго яшчэ захаваўся»,— сказаў Аюс Першы, і ўсе з ім пагадзіліся. Рушылі адразу ж — паперадзе бык Яр з пеўнем Кукам на спіне, за імі зямляне, у ар'ергардзе Іг і Аюс.
Наўкол ляжалі маўклівыя зялёныя пяскі. Вецер змятаў іх у невялікія дзюны. Дзе-нідзе з гэтых дзюнаў тырчалі саржавелыя вострыя абломкі нейкіх металічных канструкцый. Разы са тры паміж пяскоў трапляліся адчыненыя (у іх свістаў вецер) люкі. Зямляне ўжо ведалі, што гэта ўваходы ў падземнае жытло плазмоідаў. Значыць, па нейкіх прычынах жытло занядбана, пустуе і там начуюць толькі цені і незразумелыя чалавечаму вуху шолахі.
— Здаецца, тут была вайна,— сказаў Клён Дубровіч.
— Падобна,— згадзіўся Радаслаў і пацішэлым голасам дадаў: — Як пустэльна і як сумна...
Пад нагамі танюсенька, не па-зямному, рыпеў пясок. У ім вецер нарабіў баразёнак, прыгожых хвалістых грабеньчыкаў. Раптам крокаў за пяць ад сябе Клён заўважыў гняздо, у якім ляжала (ён імгненна злічыў) дванаццаць буйных яек — адзінаццаць асляпляльна белых з яркімі чырвонымі плямамі і адно зялёнае. Дзіўнае гняздо было зроблена не з травы, не з пер'я, галінак або моху, а з калючага жалезнага дроту.
— Гняздо,— разгублена прамовіў Клён і памкнуўся да яго. Чамусьці вельмі захацелася ўзяць, адчуць даланёю прыгожае і, пэўна ж, важкае і цёплае яйка.
«Назад!» — гнеўна закрычаў Аюс Першы і адштурхнуў Клёна лычом.
Вера з Радаславам здзіўлена глядзелі на тое, што адбываецца. Ішлі мірна-спакойна, і раптам гэты дзік, гэты кароль жывёл, як ён сам сябе называе, нечакана накінуўся на Клёна. Ну ўзяў бы той, пакратаў яйка — усё-ткі яшчэ малалетак.
— Напэўна, нас падманулі, Вера,— адчуваючы, як пачынае пульсаваць у скронях кроў, сказаў Радаслаў Буслейка.— Мы — зямляне, мы прывучаны верыць усяму жывому, але ж гэты гаваркі дзік і ягоныя маўклівыя малойчыкі не ўручалі нам ніякіх вярыцельных грамат. Адкуль мы ўзялі, што ён кароль? Кароль жывёл з планеты Вар! На Зямлі нас засмяюць. Па-мойму, гэта хаўруснікі чырвоных і фіялетавых плазмоідаў і вядуць яны нас у нейкую пастку.
У гэты час Аюс з лютым выразам вачэй загадаў усім:
«Хавайцеся вунь у той люк! Хутка!»
Жывёл як ветрам змяло. Клён з Вераю таксама кульнуліся ў чорную прорву адчыненага люка, які, на шчасце, быў непадалёку. Радаслаў жа замарудзіў, хацеў запярэчыць Аюсу, хоць слоўца поперак паставіць, але ўвагу ягоную прыцягнулі вялізныя птушкі, што імкліва і нізка несліся над зялёнымі ўзгорыстымі пяскамі, кіруючыся на яго і дзіка. У чарадзе іх было штук дзесяць — дванаццаць. «Крангі,— успомніў іхнюю назву Радаслаў.— Прыгожа пікіруюць, быццам ракетапланы-знішчальнікі».
«У люк!» — закрычаў Аюс.
I толькі тут Буслейка ўбачыў, як пярэдняя птушка, што была ўжо амаль над ягонай галавой, выпусціла з кіпцюрыстых лапаў бела-чырвонае яйка. 3 вышыні, прыкладна, дваццаці метраў яйка з глухім свістам падала ў пясок. «Дык гэта ж бамбардзіроўка!» — як апякло Радаслава. Ён ірвануўся да люка, але спатыкнуўся і ўпаў. Гэта выратавала яго, бо прабяжы ён крок-другі, і смертаноснае яйка пляснулася б яму проста ў цемя. Грымнуў выбух, узвіўся пясок. Нібы агнём, паласнула па правай шчацэ. Стрэсаператар кумільгом уваліўся ў люк, паспеўшы ўбачыць краем вока, як ліхаманкава ўсвідроўвае, закопвае сваю лычастую галаву ў пясок Аюс і як зялёнымі пухірамі ўстаюць наўкол яго фантанчыкі выбухаў. Крангі, пакідаючы на пяску чорныя вастракрылыя цені, калючай шарэнгаю мільганулі над іржавым люкам і зніклі, як расталі ў зялёным небе.
— Цьфу на вас! — пагразіў ім кулаком Клён.— I водзіцца ж гэткая нечысць.
«Няхай жывуць,— раптам сказаў Аюс Першы.— Хіба неба ад іх абваліцца?»
Кароль жывёл планеты Вар, адзін з усіх не схаваўшыся ад крангаў, глядзеў зверху ўніз праз шырокае жэрала люка на зямлян і на сваіх падданых, і кроў тонкімі палоскамі бегла з тых месцаў, дзе асколкі ўсё ж прабілі цвёрдую, як бубен, скуру.
— Але ж яны цябе паранілі,— здзівіўся Клён.
«У мяне шмат ран, як і ў кожнага сапраўднага караля,— горда прамовіў Аюс.— Я ўжо прывык. А крангі няхай жывуць, бо гэта часцінка нашай планеты, нашага Вара. У нас няма, як на вашай Зямлі, пчол або чмялёў, але ёсць крангі. Хіба гэта дрэнна?»
Клён нічога не мог запярэчыць.
«Кука, пеўня, я адвучыў удзельнічаць у пеўневых баях, якія так любяць Жалезныя Людзі,— казаў далей Аюс, калі ўсе ўжо вылезлі з люка.— Пеўню зламалі крыло і ледзь не выдзеўблі вочы. А я выратаваў яго. I ён больш ніколі не будзе біцца на пацеху дурным Жалезным Людзям. Праўда, Кук?»
Смаляна-чорны певень, седзячы на спіне ў чырвонага быка, звонка залопаў крыламі і закукарэкаў.
«Крангаў жа не перавучыш. Пэўна, таму, што іхнія продкі нарадзіліся не на Зямлі, а тут, на Вары, дзе грымяць бясконцыя бітвы плазмоідаў. Кранг — адзіная птушка планеты Вар. Бачылі, з чаго ён будуе гняздо? 3 калючага дроту. I кладзе ў тое гняздо дванаццаць яечак — адно зялёнае, адзінаццаць — ярка-белых з чырвонымі крапінамі. Гэтыя адзінаццаць — ягоныя бомбы. Вы самі пераканаліся, як яны сякуць асколкамі. (Дарэчы, высакарослы і светлавалосы, у цябе моцна паранена шчака, і зараз мы пойдзем лячыцца да Ракі Адноўленых Твараў.) 3 зялёнага ж яйка нараджаецца маленькі кранг. Адзін на ўсё гняздо. Вось чаму так берагуць крангі свае гнёзды ».
Слухаючы Аюса, зямляне дайшлі да Ракі Адноўленых Твараў, і Радаслаў старанна прамыў рану. Потым у «ваду» зайшоў сам кароль жывёл планеты Вар і з вялікай насалодай тры разы акунуўся ў яе. Конь, бык і певень з берага ўважліва пазіралі на яго, і ніхто з іх нават не шавяльнуўся. «Прыдворны этыкет»,— падумаў Радаслаў Буслейка.
Начавалі ў Вялікім Балоце. Прычым дзік і ўсе астатнія жывёлы пайшлі спаць у чараты, а зямляне атабарыліся ў маленькім сінім вагончыку, які стаяў на круглым лапіку бетону. Пэўна, тут была нейкая паходная майстэрня Жалезных Людзей, бо на падлозе валяліся бліскучыя маткі дроту, выкарыстаныя электроды, балты і гайкі. Востра пахла машынным маслам. Уздоўж сцен вагончыка стаялі два старыя тапчаны.
— Спартанскія ўмовы,— уздыхнула Вера.— Трэба адзначыць, што Вар не самая камфортная планета.
— Дзе беласнежныя прасціны? Дзе душ? — у тон ёй, але яўна пацвельваючыся, ледзь не праспяваў Клён.
Вера ўважліва паглядзела на яго.
— Мілы Клёнік,— сказала яна,— дадаць можна яшчэ адно пытанне: «Дзе асобная жаночая спальня ці хаця б шырма?» Але прабач, я забылася, што плазмоіды бясполыя і іх падобныя пытанні ніколькі не хвалявалі.
— Неяк пакімарым,— вінаватым голасам прамовіў Радаслаў Буслейка.— Мы з Клёнам паспрабуем умясціцца на адным тапчане.
Перад сном Клён выйшаў з вагончьіка. Моцны вецер, які дзьме толькі ўначы, ужо ваўсю пачынаў развінаць свае халодныя крылы. На фоне зялёнага неба трывожна хісталіся вершаліны тулураў. Фасфарычны, нежывы бляск струменіўся адтуль. Клёну здавалася, што нечае цяжкое вока пільна пазірае на яго. Адчуванне гэтага позірку было такое вострае, такое рэальнае, аж дрыжыкі пабеглі па скуры. Вярнуцца б на Зямлю, на Чорны Хутар, хутчэй убачыць маці з бацькам, а потьш на захадзе сонца слухаць, як шумяць дробнай варухлівай лістотай маладыя бярозкі.
Раптам з густой зялёнай цемры пачуўся гук, які прымусіў уздрыгнуць сэрца. Гэта адначасова быў і ўрачыста-радасны крык, і прыдушаны стогн, і невыносны хваравіты хрып. Ён выплыў з начных прастораў Вара нечакана і ўладна. Але нечаканым ён быў для зямляніна, для Клёна, бо нейкае падсвядомае пачуццё падказала, што гэты ашаламляльны крыкенк жыве тут заўсёды, вечна, што наваколле прывыкла да яго, як прывыкаюць да неба над галавой. Вядома ж, выдаваць такі гук, вывяргаць яго магла толькі жывая істота, прычым каласальных памераў. Клён хуценька вярнуўся ў вагончык, накінуў знутры металічную завалу на дзверы, асцярожна лёг побач з Радаславам. Сэрца ўсё калацілася, і ён прыціснуў руку да грудзей, і кляў сябе самымі крыўднымі словамі за палахлівасць, бо паміж равеснікаў заўсёды хадзіў у адважных. Ужо супакоіўшыся, засынаючы, ён падумаў, што на Вары адвага, як і ўсё астатняе, можа быць не падобнай на зямную адвагу.
Спалі ўсю ноч, гэта значыць, каля сарака васьмі гадзін. Арганізм зямляніна ў нармальных умовах не разлічаны на такі працяглы сон, але плазмоіды далі па глытку эліксіру, які ўшчыльняе час.
Прачнуўся Клён ад пякучага адчування трывогі. Радаслаў з Верай ужо стаялі каля дзвярэй вагончыка. Стрэсаператар, скінуўшы металічную завалу, спрабаваў адчыніць дзверы, ды яны чамусьці не адчыняліся. Радаслаў аж пачырванеў ад напружання.
— Радаслаў Алесевіч, нас нехта не хоча выпусціць,— спалохана, пацішэлым голасам сказала Вера Хрысцінюк.
— Што за д'ябальшчына? — гарачыўся Радаслаў, налягаючы плячом.
Клён усхапіўся з тапчана, прыслухаўся. Ні шолаху, ні шэпту не даносілася знадворку. Здавалася, увесь Вар яшчэ спіць, усё анямела. А зусім жа нядаўна з ліпкай зялёнай цемры нёсся жахлівы ўсемагутны крык, ад якога ледзянела душа. Клён падбег да прарэзанага ў сцяне вагончыка вузенькага акенца. Яно было амаль пад столлю, і давялося стаць на пальчыкі і выцягнуць шыю. Ён убачыў такое, ад чаго адхіснуўся, нібы ў твар плюхнулі кіленем. Трыма шарэнгамі, плячо да пляча, маўкліва стаялі, абкружаючы вагончык, нейкія металічныя бліскучыя стварэнні з чорнымі прутамі ў рукахклешнях. Пэўна, гэтая нямая раць ужо даўно пільнавала зямлян, з самай ночы, бо ўсе яны былі абсыпаны густой расой.
— Жалезныя Людзі! — усклікнуў Клён. Радаслаў падышоў да акенца, глянуў на вуліцу. Вочы зрабіліся суровымі.
— Здаецца, мы палонныя,— сказаў ён і адразу ж дадаў: — Толькі не хвалюйцеся, Вера. Думаю, што гэтыя робаты не асмеляцца крануць зямлян і нам давядзецца мець справу з іхнімі гаспадарамі, фіялетавымі і чырвонымі плазмоідамі. Толькі чаму не прыйшоў Аюс?
— Гэты дзік завёў нас у пастку,— злосна выдыхнуў Клён.— Як вы маглі яму паверыць, Радаслаў Алесевіч?
— Але паверыў і ты,— паклаў Буслейка руку на плячо Клёну.— Ніколі не вучыся перакідваць сваю віну, якой бы малой яна ні была, на чужыя плечы. Запомні — ты мужчына з планеты Зямля.
Ад такіх слоў Клён нервова прыкусіў губу. Ён лічыў сябе сумленным, прынцыповым, і заўвага стрэсаператара балюча ўдарыла па самалюбству. Атрымлівалася, што ён яшчэ маленькае дзіцятка і толькі блытаецца пад нагамі ў дарослых. Ды Клён сцярпеў, як і належыць чалавеку ВЭП. Каб патушыць агонь крыўды, ён зноў глянуў у акенца і раптам здзіўлена закрычаў:
— Да нас коціцца зорка!

 

Колькасць прачытаўшых: 2287
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007