Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Калі грукочуць вулканы (частка XI)

Відовішча было, трэба сказаць, фантастычна-прыгожае. Клён бачыў, як зладжана і бязгучна расступіліся ў бакі Жалезныя Людзі, ствараючы шырокі праход. I вось у гэты праход-пралом у бліскучай металічнай сцяне павольна і велічна кацілася пяцікутная, надзвычай зіхоткая зорка. Яна скочвалася (а можа, ішла?!) з травяністага спадзістага ўзвышша ў лагчыну, дзе стаяў вагончык. Нечаканая госця была метры чатыры ў папярэчніку, і Жалезныя Людзі выглядалі на яе фоне маленькімі, кволымі. Залацістае ззянне струменілася ад зоркі. Там, дзе адзін з яе пяці канцоў датыкаўся да пяску або травы, усё ружавела, іскрылася, быццам адразу маладзеючы. Плямы яркага святла, якое, аднак, не рэзала вочы, клаліся на плечы і галовы Жалезным Людзям. Зорка падкочвалася ўсё бліжэй. «Усё-ткі яна ідзе,— здагадаўся Клён.— Пяць канцоў не што іншае, як пяць яе ног». У думках ён спачатку назваў яе Пяціножкай, але ў назве была нейкая здробненасць, мініяцюрнасць, а зорка мела ўнушальныя памеры, і ён прыдумаў ёй імя — Пяціног.
— Якая прыгожая,— прашаптала Вера, калі зірнула на зорку.
Пяціног падкаціўся-падышоў да вагончыка, у якім знаходзіліся зямляне, спыніўся. У акенца палілося мяккае святло. Было ў ім нешта ад бляску расы на ранішнім лузе.
— Цікава, гэта жывая істота ці чарговая мадыфікацыя якога-небудзь робата? — быццам у самога сябе запытаў Радаслаў Буслейка.
— Агрэсіўная або міралюбная гэта прыгажуня? — у сваю чаргу, спытала Вера.
— Гэта — Пяціног,— раздражнёна сказаў Клён.
— Як? Пяціног? — Радаслаў задумліва паглядзеў на Клёна.— Ты ўжо, аказваецца, імя знайшоў. Што ж, тваё права. Першаадкрывальнік, а ты першы ўбачыў зорку, мае законнае права прысвойваць ёй імя. Такім чынам, перад намі Пяціног...
Радаслаў хацеў яшчэ раз глянуць на зорку, памкнуўся тварам наперад, але раптам насустрач яму ў акенца жвава торкнулася адна з ног Пяцінога. Стрэсаператар адскочыў убок. Зямляне затаілі дыханне.
Несумненна гэта была частка цела (нага, рука або хобат — іншая справа) жывой істоты. Відно было, як пульсуе ў ёй дыханне, як дробненька ўздрыгвае яна. Нагу шчыльна пакрывала ярка-залацістае лускавінне, што аж гарэла ў паўзмроку вагончыка. Але самым здзіўляючым, самым ашаламляльным было... вока, вялікае, таксама залацістае, з чорнай зрэнкай усярэдзіне.
— Пяціног глядзіць на нас,— аднымі вуснамі выдыхнуў Клён і пачаў адступаць, туліцца да Радаслава.
Жывое пранізлівае вока, вока невядомага стварэння пільна і ў той жа час насцярожана сачыла за зямлянамі. Што рыхтаваў гэты позірк людзям?
Тым часам у акенца пралезла яшчэ адна нага з яшчэ адным вокам.
— Думаю, што гэта і Пяціног і Пяцівок,— стараючыся быць бадзёрым, сказаў Радаслаў, але раптам, глыбока ўздыхнуўшы, падышоў да акенца, пакорліва схіліў галаву.
— Што вы робіце?! — закрычала Вера Хрысцінюк і адразу ж здагадалася, абвяла голасам.— Гіпноз...
Буслейка стаяў, як смірнае рахманае цялятка, і не адрываючыся глядзеў на Пяцінога.
— Радаслаў Алесевіч,— шкуматнуў яго за руку Клён.— Глядзіце на мяне. Глядзіце на мяне, а не на яго.
— Адвяжыся,— ціхім абыякавым голасам сказаў стрэсаператар.— Ты нічога не разумееш. Вялікае шчасце пазіраць у мудрыя вочы Ультрамозга, Уладара Таямніцы.
Клён зразумеў — зараз ён для Буслейкі, як надакучлівая восеньская муха. Не болей.
Тым часам у руках у некалькіх Жалезных Людзей з'явіліся вострыя, адпаліраваныя да люстранога бляску сякеркі. Ніхто ім іх не даваў, і нідзе яны іх не бралі. Проста сякеркі выскачылі знутры іхніх рук-клешняў, рукі гэтыя зрабіліся сякеркамі. Жалезныя Людзі з найвялікшай стараннасцю і метадычнасцю пачалі секчы вагончык, пашыраючы акенца.
— Што яны хочуць? — дрыготкім голасам спытала Вера.
Раптам Пяціног схапіў Радаслава за шыю і за плячо і ў адно імгненне выцягнуў з вагончыка.
— Жахоцце! — закрычала Вера, але адразу ж заціхла, бо вірлавокія ногі вярнуліся назад і Пяціног накіраваў на яе неадрыўны позірк, як стрэліў. Вера спачатку збялела, потым паружавела, і неўзабаве лагодная супакоеная ўсмешка засвяцілася на твары.
— Не глядзіце на яго,— пачаў упрошваць Клён.— Ён жа зробіць з вамі тое самае, што з Радаславам Алесевічам.
— Ах, Клёнік, ты яшчэ такі маладзенькі,— усміхалася Вера, пазіраючы на Пяцінога.— Каб ты ведаў, якая асалода быць разам з Ультрамозгам, Уладаром Таямніцы, чытаць ягоныя думкі. Колькі золата, срэбра і мармуру ў беласнежных палацах гэтых думак.
— Да вы ўсе звар'яцелі! — закрычаў Клён.
Пяціног гэткім жа самым чынам, як Буслейку, спрытна схапіў Веру Хрысцінюк, і ў вагончыку застаўся адзін Клён. Праз нейкі міг у акенца ўпэўнена палезла лускаватая нага.
— Ну не, страшыдла, проста так ты мяне не возьмеш,— з адчаем і злосцю сказаў Клён.
Стараючыся не глядзець на Пяцінога, ён адскочыў у самы далёкі ад акенца кут вагончыка. Тут было цемнавата, і Клён спадзяваўся, што гіпноз не будзе мець такой сілы. Але нага ўпарта цягнулася ў яго бок, свяцілася ўсёй сваёй луской, а пранізлівае вока пачынала ўжо свідраваць душу. Як жа ратавацца? Клён убачыў раптам паржавелую металічную каністру, якую, пэўна, пакінулі ў вагончыку робаты. У каністры плёхалася машыннае масла. Ён лінуў гэтым маслам у вока Пяціногу, а потым і каністру шпурнуў. Мяркуючы па ўсяму, нечаканае супраціўленне збянтэжыла Пяцінога. Агрэсіўная зорка імгненна прыняла сваю нагу, рэціравалася з вагончыка. Там, за сцяной, наступіла мёртвая цішыня. Можна было толькі здагадвацца, што Жалезныя Людзі стаяць як стаялі, непарушнай сцяной, і чакаюць, пакуль Пяціног пачне новыя маніпуляцыі. Ды той чамусьці не спяшаўся. «Пэўна, зараз робаты зноў возьмуцца за свае сякеркі,— падумаў Клён.— Дастануць мяне адсюль, як барсука з нары». Яму было вельмі шкада Радаслава і Веру. Такія разумныя, такія адважныя і моцныя, а нейкае страшыдла з лёгкасцю перамагло іх. Значыць, чалавек не ўсясільны, значыць, не толькі для чалавека некім задумваўся і будаваўся Сусвет.
У гэты час пачуўся мерны цяжкі тупат. Клён, забыўшы пра небяспеку, кінуўся да акенца. Жалезныя Людзі шчыльнымі бліскучымі шарэнгамі адыходзілі ад вагончыка. Ён бачыў толькі іхнія патыліцы і плоскія спіны. Паперадзе робатаў велічна каціўся-крочыў Пяціног. Гэтае шэсце нагадвала нечым трумф рымскіх імператараў, не хапала толькі калясніцы з белымі коньмі. Радаслава і Веры, як ні ўглядаўся Клён, нідзе не было. «Я выратаваўся,— успыхнула ў душы радасць.— Пяціног не здолеў зламаць мяне сваім гіпнозам. Цікава, чаму Радаслаў з Верай называлі яго Ультрамозгам, Уладаром Таямніцы? Што паспеў ён унушыць ім?»
Трывога за людзей, якія дзеля ягонага ажыўлення прыляцелі на Вар і самі трапілі ў бяду, сціснула сэрца. Дзе яны зараз? У кратэры вулкана? У патаемнай рэзідэнцыі Пяцінога? Ці жывыя яны?
Клён Дубровіч адчуў, што вось-вось пакоцяцца з вачэй слёзы, але ён быў прывучаны ніколі не плакаць, і таму, узяўшы пачуцці ў кулак, пачаў рабіць фізічныя практыкаванні. Гэта дапамагло, і праз колькі хвілін вярнулася ўпэўненасць і сіла. Клён падышоў да дзвярэй, прыслухаўся. Здаецца, знадворку нікога не было. Ён таўхануў дзверы, баючыся, што яны не адчыняцца. Ды дзверы надзіва лёгка паплылі ад яго, выпускаючы з вагончыка.
Ланцуг Жалезных Людзей ішоў, ззяў на схіле вулкана і знікаў, быццам правальваўся ў кратэр. Стаяла надзвычайная цішыня — хоць бы адзін малюсенькі гук. Клёну здавалася, што ў яго вушы заліты воскам. Што ж рабіць? Зноў ляжала перад ім чужая планета, дзе жывуць плазмоіды і крангі, дзе ўначы палохаюць, раздзіраюць душу жахлівыя незразумелыя крыкі, дзе маўклівымі робатамі кіруе ўсясільны Пяціног, які ўзяў у палон ягоных сяброў. Заставалася адно — шукаць караля жывёл планеты Вар Аюса Першага. Аюс сказаў, што будзе начаваць у Вялікім Балоце, значыць, трэба ісці ў балота.
Клён, уважліва гледзячы пад ногі, азіраючыся, павольна пашыбаваў у трыснягі. Разгаралася раніца. Калісьці на Зямлі бацька будзіў яго, пырскаў халоднай вадою ў твар, смяяўся і казаў: «Прачынайся, сынок. Раніца. Самая часіна ісці тушыць расу», Яны, дарослы і малы Дубровічы, уздрыгваючы ад волкай свежасці, басанож спяшылі на луг, крочылі, прытупваючы, па бліскучай расянай траве. Ногі аж заходзіліся ад холаду, успыхвала, здавалася, гарэла пад першымі сонечнымі промнікамі раса, а Клён быў вельмі-вельмі шчаслівы — ён тушыў расу.
Дзе ж Аюс і ўсе астатнія жывёлы? Няўжо і яны скарыліся Пяціногу? Клён прайшоў ужо амаль з паўкіламетра, але толькі спудзіў аднаго кранга ды парадкам намачыў ногі. 3 левага боку праз густую шчэць трыснягу пачала адкрывацца велізарная заасфальтаваная пустка. Розныя ўчасткі яе мелі розньі колер: чорны, шэры, сіняваты. Клён здагадаўся, што пярэстасць афарбоўкі залежыць не ад якасці раствору, а ад таго, даўно ці нядаўна залівалі яго Жалезныя Людзі. Раптам крокаў за сто ад сябе на масляніста-чорным асфальце ён убачыў Радаслава і Веру і ледзь не задыхнуўся ад радасці.
— Я тут! — што ёсць моцы выгукнуў Клён.— Радаслаў! Вера! Я тут!
Ломячы трыснёг, ён ірвануўся да іх, бо не было ў гэтую хвіліну раднейшых людзей ва ўсім свеце.
— Я тут! — ляцеў з горла крык.
Але Радаслаў з Вераю (і гэта здзівіла Клёна) не звярнулі на яго ніякай увагі. У іх на галовах былі прыгожыя вянкі, сплеценыя з дробных блакітных кветак. Яны весела смяяліся, з любасцю пазіралі адно аднаму ў вочы і (што зноў здзівіла Клёна) горача цалаваліся. Для іх, як ён здагадаўся, не існавала ў гэтую хвіліну ні планеты Вар, ні плазмоідаў і робатаў, ні яго, Клёна. Ён усё яшчэ бег да іх, але ўжо не крычаў. «Яны, вядома ж, пачулі мой голас, не маглі не пачуць, але нават не павярнулі ў мой бок галовы,— думаў ён.— Чаму? Яны ж дапамаглі мне ажыць, яны ж, калі верыць ім, паважалі, нават любілі мяне. Няўжо іх не хвалявала тое, што магло здарыцца са мной у вагончыку?»
3 вострай крыўдай у душы Клён бег ужо толькі па інерцыі. I раптам яго нешта ўдарыла па нагах і ён упаў, тыцнуўшыся рукамі і тварам проста ў твань. Кароль жывёл стаяў над ім.
«Не бяжы туды,— загадаў Аюс.— Табе нельга туды бегчы, хутканогі і вастравокі».
— Чаму? — спытаў Клён, хуценька ўскокваючы.
«Там — міраж».
Клён абтрасаў ад бруду рукі, выціраў твар і ўсё не мог даўмецца, аб чым яму гаворыць дзік.
«Там — міраж. Гэта не зямляне і не твае сябры. Вазьмі камень (вунь ляжыць каля куста) і кінь у іх. I ты ўбачыш, што адбудзецца».
— Кінуць у Радаслава і Веру? Шукай дурняў.
«Бяры камень».
Аюс ужо амаль загадваў. Клён абурана глянуў на яго, але нагнуўся, узяў мокры камень, кінуў. Пакуль той ляцеў, абміраў сэрцам, каб толькі не параніла, або, не дай бог, не прыбіла каго-небудзь з сяброў. Ды раптам грымнуў выбух, і там, дзе толькі што цалаваліся Радаслаў з Верай, застаўся чысты сінявата-шэры асфальт. Гэта было так нечакана, так палохала сваёй нязвычнасцю, што Клён уздрыгнуў.
«Міраж,— сказаў Аюс.— Ультрамозг, Уладар Таямніцы, яшчэ не такое можа прыдумаць. Ніхто ніколі не бачыў міражоў, пакуль ён не з'явіўся на планеце Вар».
— Дык ён не з вашай планеты? — здзівіўся Клён.
«Не. У нас акрамя мяне і маіх падданых жывуць і жылі крангі. I яшчэ жыве вурдак. Той, што ўначы крычыць. Крангаў шмат, дзесяткі тысяч, а вурдак толькі адзін. Чуў, як ён крычыць?»
— Чуў. Вельмі страшна,— адказаў Клён.
«А Ультрамозг, Уладар Таямніцы, прыляцеў да нас з іншай галактыкі. Іхні зоркалёт трыста дваццаць гадоў назад пацярпеў крушэнне на арбіце Вара і разбіўся ўшчэнт. Жывым са ста членаў экіпажа застаўся ўсяго адзін, якога мы называем Ультрамозгам, Уладаром Таямніцы».
— Я заву яго Пяціногам,— уставіў слоўца Клён Дубровіч.
«Можна і так,— згадзіўся Аюс.— У яго і сапраўды пяць ног. Дык гэтага аднаго, што ацалеў у час аварыі, знайшлі чырвоныя і фіялетавыя плазмоіды. Вось чаму яны такія магутныя, амаль непераможныя — Пяціног (буду і я зваць яго гэтак, бо ненавіджу) навучыў іх мудрасці, хітрасці і жорсткасці. Вось чаму пяць кланаў не могуць справіцца з двума».
— Што Пяціног можа зрабіць з Радаславам і Верай? — спытаў Клён.
«Над кожным, хто трапляе да яго, ён праводзіць эксперымент. 3 кожнага, хто б гэта ні быў, высмоктвае ўсю да рэшты інфармацыю».
— Высмоктвае?
«Так. Пяць ягоных ног абвіваюць галаву і цела ахвяры. А потым Жалезныя Людзі таго, над кім скончыўся эксперымент Ультрамозга, Уладара Таямніцы, выносяць з Нябеснага Зуба і аддаюць вурдаку».
— Раскажы мне пра вурдака,— папрасіў Клён.
«Гэта самая вялікая жывёліна планеты Вар. Ды, пэўна, і Зямлі».
— Не гавары пра Зямлю, калі ні разу не быў на ёй,— раззлаваўся Клён.— У нашых акіянах жыве блакітны кіт. Ведаеш, які ён? Вагою амаль сто дзевяноста тон, даўжынёю — пад трыццаць тры метры.
Кароль Аюс здзіўлена паглядзеў на Клёна, але здзівіўся не габарытам сіняга кіта, а той раздражнёнасці, гарачлівасці, з якой былі выдыхнуты словы. «Ён сумуе па Зямлі,— зразумеў Аюс.— Зямля для яго такая ж дарагая, як для крангаў Вар».
«Вурдак большы за акіянскага кіта,— міралюбна сказаў Аюс.— А які ён у даўжыню, я не ведаю. Не думай, што я палахлівы, толькі да вурдака немагчыма блізка падысці. Ён жыве ў велізарнай расколіне за Нябесным Зубам, ляжыць у ёй нямаведама колькі гадоў. За сотню крокаў ад яго ўсё жывое пачынае засынаць. Я спаў запар трое сутак, каб быць бадзёрым і падысці да яго, але ўсёроўна адразу ж заснуў. Дурныя крангі засынаюць цэлымі чародамі і сыплюцца з неба проста яму ў лежбішча».
— I ён іх з'ядае? — ціха спытаў Клён.
« Так. Але гэта не галоўная ягоная ежа. Харчуецца ж ён, гэта аграмадзіна, сваімі родньші дзецьмі».
— Вурдак есць сваіх дзяцей? — жахнуўся Клён.
«Есць і аблізваецца. Мы, жывёлы планеты Вар, ненавідзім яго, гэтаксама ж як і Пяцінога. Ён самаапладняецца, нараджае дзяцей і адразу пажырае іх. Вось чаму на нашай планеце жыве ўсяго толькі адзін вурдак. Пяціног, як толькі аб'явіўся на Вары, падыходзіў да лежбішча, да расколіны (і яго не ўзяў сон), доўга глядзеў на вурдака. А потым Жалезныя Людзі пачалі насіць з Нябеснага Зуба вурдаку ўсё жывое, над чым праводзіў эксперыменты Пяціног. I светлавалосага і высакарослага з жанчынай панясуць, калі толькі яны не здолеюць вызваліцца».
— Ты кажаш, что Радаслава і Веру таксама могуць аддаць вурдаку? — перапыніў Аюса Клён.
«Усё жывое Жалезныя Людзі адносяць яму».
— Што ж рабіць? — у адчаі ўсклікнуў Клён.— Ты разумны, кароль жывёл, вельмі разумны — дапамажы, парай.
«Я — разумны,— паважна згадзіўся дзік.— Я праглынуў белыя шарыкі, якія Жалезныя Людзі хаваюць у накаленных каробачках. Белае рэчыва гэтых шарыкаў называецца інтэлектыт. Ягоным сакрэтам валодае толькі Пяціног».
— Ты праглынуў інтэлектыт і зрабіўся мудрым,— нецярпліва сказаў Клён.— Але як вызваліць маіх сяброў?
«Я й сам не ведаю»,— раптам прызнаўся Аюс Першы.
Пачуўшы гэтыя словы, Клён колькі імгненняў разгублена глядзеў на караля жывёл планеты Вар. Усяго ён чакаў, ды толькі не такога. Паспеўшы ўжо трохі вывучыць Аюса, ён быў упэўнены, што той пачне хваліцца, важнічаць, часцей чым трэба называць сябе каралём, а іншых жывёл сваімі падданымі, але ў рэшце рэшт падкажа, улічыўшы ўсе мясцовыя асаблівасці, як дапамагчы Радаславу з Верай. Ён не сумняваўся менавіта ў такім павароце справы, аж атрымалася неспадзяванка. Адразу ж у душы пачала закіпаць злосць. Клён пагардліва прыжмурыў вочы, сказаў з'едліва і з расцяжкаю:
— Калі худ, не лезь на кут.
«Не разумею цябе, хутканогі і вастравокі»,— пільна пазіраючы на яго, прамовіў Аюс.
— I не трэба разумець. Ты, прабач, усё-ткі нечалавек і нават не Пяціног, а дзік, дзік з планеты Вар. А сказаў я табе старадаўнюю беларускую прымаўку. Прымаўкі ж не прынята тлумачыць. «Растлумач»,— запатрабаваў Аюс.
— Добра, слухай. На кут, ганаровае месца за сталом, саджалі самых шаноўных людзей. Самых разумных, самых аўтарытэтных, самых добрых. Калі ж чалавек быў «худ», быў, як кажуць, шчуплы і розумам, і плячамі, яго не саджалі на кут. Усёк?
«Што такое «ўсёк»?» — строга спытаў кароль жывёл.
— Дык ты і гэтага не ведаеш? — пакпіў Клён.
Такая, здавалася б, нявінная рэпліка дорага каштавала яму. Аюс пагрозліва чмыхнуў, крутнуў вострым цвёрдым лычом.
«Я загадаю сваім падданым — Ігу і Яру — завесці цябе да вурдака,— сказаў Аюс.— Ты зямлянін, чалавек, хоць маленькі ростам і гадамі. А мы ведаем, што у вас на Зямлі ўсе жывёлы знаходзяцца ў цяжкім рабстве ў людзей. Вы адзелі на іх хамут, вы дрэсіруеце іх агнём і бізуном, вы забіваеце іх».
— У нас ёсць саюзы «зялёных»,— паспрабаваў пярэчыць Клён.
«Маўчы,— загадаў Аюс.— Маўчы і слухай. Калі б я трапіў на Зямлю, я адразу б пайшоў у Індыю. У гэтай цудоўнай краіне аб'яўлена свяшчэнным кожнае жыццё, жыццё чалавека і жыццё самай дзікай малпы, ужо не кажучы пра карову альбо каня. Там ёсць людзі, якія падмятаюць перад сабой зямлю, каб выпадкова не наступіць на якую-небудзь кузурку. Іхнія багі сябруюць з жывёламі: Брахма — з лебедзем, Шыва — з быком, Вішну — з арлом Гарудай. Я хацеў бы стаць каралём жывёл у Індыі».
Аюс змоўк, сярдзіта глядзеў на Клёна Дубровіча. Клён пры ўсёй сваёй акселерацкай нахабнаватай смеласці зразумеў, што дужа ўгнявіў дзіка і што самае лепшае ў такой сітуацыі — абачліва трымаць язык за зубамі. Надаючы твару нявінна-лагодны выраз, ён падумаў: «На Зямлі ёсць не толькі Індыя. На Зямлі жыве Гром Стралковіч».
«Я магу загадаць, і ты паклонішся не толькі мне, але і ўсім маім падданым,— загаварыў далей Аюс Першы.— Гэтым самым ты хоць неяк акупіш велізарную віну людзей перад жывёламі. Ды зараз і ты, і твае сябры зямляне ў бядзе. Я сам запрасіў усіх вас на барацьбу супроць агіднага Пяцінога, і я пастараюся разам са сваімі падданымі дапамагчы вам. Толькі ты павінен шанаваць мяне, як шанаваў бы самага найгалоўнага зямнога караля».
Мяркуючы па ўсяму, з гэтага дзіка, калі б ён быў чалавекам і жыў у ранейшыя часы, атрымаўся б неблагі манарх, які-небудзь Людовік-Сонца. Яшчэ б з паўгадзіны назад Клён, што ў душы лічыў сябе заядлым рэспубліканцам, пачаў бы горача выкрываць рэакцыйную сутнасць манархізму, але зараз ён згодна кіўнуў галавой. У смяротнай бядзе былі сябры, і не час прыглядацца, сядзіць або не залатая карона між насцярожаных дзіковых вушэй.
Аюс зычна рохнуў, і на гэты сігнал выйшлі з трыснягоў конь, бык і певень, прычым певень, як заўсёды, сядзеў у быка на спіне.
«Нашы саюзнікі з Зямлі трапілі ў палон да Пяцінога і знаходзяцца ў Нябесным Зубе,— урачыста сказаў кароль жывёл.— Яны хацелі дапамагчы нам, але атрымалася так, што ім спатрэбілася наша дапамога. Слухайце мяне, мае падданыя. Я — Аюс Першы, кароль жывёл планеты Вар, аб'яўляю вайну Пяціногу. Вы, пэўна, не ведаеце, хто такі Пяціног? 3 гэтага часу так будзе называцца Ультрамозг, Уладар Таямніцы. А зараз пойдзем да Трох Камянёў, і да нас прыляціць Страб».
Моўчкі рушылі па балоце. Срэбнымі пырскамі скакала з-пад ног вада. Клён бачыў у небе над сабой нейкія сухія карычневыя воблакі. Яны не неслі ў сабе дажджу, яны былі з пылу або з дыму. Святло, што лілося з нябёсаў, таксама было пыльнае, нярэзкае. Ва ўсім адчувалася блізкасць вулкана, які хоць і патух, прыціх, але ў сваёй патаемнай недаступнай воку глыбіні назапашваў пакрысе каласальную разбуральную энергію. Праз тысячагоддзі ён зноў загрыміць, залямантуе пад гэтым зялёным небам. Праўда, тады ўжо не будзе ні Клёна, ні караля Аюса...
На травяністай макраватай лугавіне ляжалі тры велізарныя пасечаныя трэшчынамі камяні. Спыніліся каля іх. Аюс узняў галаву, пачаў узірацца ў неба. Яр, Іг і Кук неадрыўна глядзелі туды ж. Раптам у самым зеніце з'явілася чорная кропачка. Спачатку яна была малапрыкметная, марудлівая, здавалася, мурашка паўзе па зялёным шкле. Але праз некалькі хвілін пачуўся ярасны шум крылляў, што імкліва разразалі, разрывалі, разломвалі паветра, і магутная чарнапёрая птушка літаральна ўпала з неба на адзін з камянёў. Звонка шчоўкнулі доўгія гнутыя кіпцюры. Агромністыя птушыныя крылы рэзка напяліся, як ветразь або як тармазны парашут. Птушка пахіснулася, але ўтрымалася на месцы, толькі яе кіпцюры, падалося Клёну, выбілі з каменя іскрыну. Вось крылы абмяклі, знерухомелі, і птушка ва ўпор глянула на Аюса, нібы дзеўбанула вострым смелым позіркам.
«Добра, што прыляцеў, Страб,— нахіліў лыч да самай травы Аюс.— Мы цябе чакалі з вялікім нецярпеннем. Я аб'явіў вайну Пяціногу — такое зараз імя Ультрамозга, Кладара Таямніцы».
Чорнае варанёнае пер'е дзівоснай птушкі пахла халодным верхавым ветрам, цьмяна блішчэла, і Клён падумаў раптам, што гэта блішчыць метэарытны пыл, які асеў на крылле там, у галавакружных нябёсах.
«3 намі прыйшоў чалавек з планеты Зямля,— казаў далей Аюс.— Тады, калі на месцы Нябеснага Зуба была ўсяго кучачка пяску, мае прашчуры таксама жылі на ягонай планеце. Пяціног разам з Жалезнымі Людзьмі захапіў у палон зямлян. Мы павінны вызваліць іх».
Страб зірнуў на вулкан, потым на Клёна.
«Узнімайся над Нябесным Зубам, Страб, глянь, што робіцца ў кратэры. Глянь, чым займаецца Пяціног, куды збіраюцца ісці Жалезныя Людзі».
Аюс падышоў да вялізнай птушкі, што горда сядзела на вялізным камені, і вушы ягоныя былі на ўзроўні птушыных кіпцюроў. Страб узняў, узвіхурыў крыло, пагладзіў дзіка крылом. Потым рэзка адкінуў назад сваю прыгожую галаву, закрычаў-заспяваў чыстым высокім голасам. Ніколі не чуў Клён такой птушынай песні. Галасы зямных птушак у параўнанні з гэтым незвычайным голасам былі салодкім абрыдлым кісялём, якому ніколі не зраўняцца са старадаўнім высакародным віном самага далікатнага гатунку. Страб шырока ўзмахнуў крыламі, рэзка адштурхнуўся ад каменя моцнымі кіпцюрыстымі лапамі, паляцеў і неўзабаве завіс над вулканам.
«Гэта — Страб,— пачаў тлумачыць Аюс Клёну.— Так мы ўсе яго завём. Я гаварыў табе, хутканогі і вастравокі, што на планеце Вар жывуць толькі крангі, птушкі, якія адкладваюць у свае гнёзды яйкабомбы. А пра Страба я нічога не сказаў. Справа ў тым, што ён і жыве і як бы не жыве на Вары».
— Хіба такое можа быць? — не зразумеў Клён.
«Можа. Ён і ягоныя родзічы ўюць гнёзды на воблаках».
Клён здзіўлена паглядзеў на караля жывёл.
«Так-так,— кіўнуў галавой Аюс,— ты правільна пачуў — на воблаках. Калісьці і страбы, як крангі, ладзілі свае гнёзды на пяску, у скалах або на дрэвах. Ды плазмоіды аб'явілі ім вайну, ніхто нават не ведае чаму, з якой прычыны. Пэўна, плазмоіды пачалі зайздросціць страбам, такім прыгожым, хуткім, звонкагалосым. Яны аб'явілі: «Неба Вара належыць плазмоідам і крангам». Страбаў пачалі лічыць д'ябальскай птушкай, знішчаць іхнія гнёзды, яйкі, іх саміх. Так было сотні гадоў. I страбы зніклі, ні пярынкі не засталося. Усе думалі, што з імі назаўсёды скончана, забыліся пра іх. Але аднойчы я зусім выпадкова ўбачыў гэтага Страба. Ён прыляцеў на Вар на самым досвітку, калі неба было яшчэ зусім цёмнае, і вельмі стараўся, каб ніхто яго не прыкмеціў. Напачатку я падумаў, што гэта якісьці гіганцкі кранг, бо ніколі на свае вочы не бачыў жывых страбаў. Ды гэта быў менавіта ён — самы сапраўдны страб. Як каралю жывёл планеты Вар ён адкрыў мне сваю таямніцу, прызнаўся, што разам са сваімі родзічамі навучыўся віць гнёзды на воблаках».
— Але воблакі такія недаўгавечныя,— сказаў Клён Дубровіч.— На Вары таксама ж бываюць дажджы. Пайіпоў дождж — і няма воблака.
«Правільна,— згадзіўся Аюс.— Вось чаму страбы надзвычай хутка выводзяць птушанят і адразу вучаць іх пераносіць гнёзды з воблака на воблака. Гнёзды яны робяць са сваіх пер'яў і з павуціны. На Вары, у шчылінах скал, жыве павук-залаталапік. Вецер абрывае ягоную павуціну, уздымае аж пад воблакі. Страбы там яе ловяць».
— Як гэта, напэўна, здорава — плаваць на воблаках,— паглядзеў на неба Клён і ўсклікнуў: — Страб вяртаецца!
Магутная птушка, як метэарыт, упала з нябёсаў на той жа самы камень, і Аюс не пакаралеўску жвава падбег да яе.
Праз некаторы час Клён ужо ведаў у агульных рысах план вызвалення Радаслава і Веры. Аюс Першы вырашыў правесці франтальную атаку Нябеснага Зуба па найболып спадзістым схіле вулкана, дзе вогненная лава прабіла калісьці амаль паўкіламетровы тунель. Акрамя самога караля жывёл, акрамя Клёна, Яра, Іга і Кука ў атацы павінны былі прыняць удзел усе пяць кланаў плазмоідаў, прычым сінія плазмоіды намерваліся нанесці ўдар, які адцягнуў бы ўвагу абаронцаў вулкана, у іншым месцы. Дзве тысячы крангаў рыхтаваліся да бамбардзіроўкі Нябеснага Зуба, выкочвалі з гнёздаў яйкабомбы. Але самым эфектыўным момантам штурму задумваўся нечаканы рэзкі ўдар ажно дзесяці страбаў — імгненнае пікіраванне з-пад воблакаў проста ў кратэр. Ні Пяціног з Жалезнымі Людзьмі, ні ягоныя саюзнікі, фіялетавыя і чырвоныя плазмоіды, мяркуючы па ўсяму, не ведалі, што такая вялікая колькасць адважных моцных птушак гняздуецца на воблаках і што зусім нядаўна страбы прымірыліся з каралём Аюсам і з пяццю кланамі.

 

Колькасць прачытаўшых: 2299
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007