Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Калі грукочуць вулканы (частка XII)

Ультрамозг, Уладар Таямніцы, загадаў Жалезным Людзям прывесці да сябе Радаслава Буслейку. Робаты, сінхронна грукаючы цяжкімі металічнымі чаравікамі, накіраваліся ў Залу Новых Нараджэнняў, а дакладней, у самы сапраўдны мартэнаўскі цэх, што быў пабудаваны ў тоўшчы застылай лавы. Там меліся тры мартэнаўскія печы, у якіх пераплаўляліся пакалечаныя або зусім спарахнелыя ад іржы і старасці робаты. Непадалёку ад адной з такіх печаў стаялі, прывязаныя дротам да металічнага слупа, Радаслаў Буслейка і Вера Хрысцінюк. Іх трымалі менавіта тут не таму, што ў Нябесным Зубе не хапала іншых памяшканняў, а, пэўна, дзеля таго, каб запалохаць бясконцым грукатам і смуродам, мігценнем агню, снапамі яркіх іскраў. Побач з мартэнаўскімі печамі, за тонкай крацістай перагародкай, былі кузня, дзе цяжка вухкаў паравы молат, і зборачны цэх з канвеерам. Зямляне бачылі, як павольна плыла стужка канвеера, на якой стаялі, сядзелі і ляжалі новенькія робаты. У некаторых пакуль што не мелася галоў, рук, ног, тулава, і не пакідала ўражанне, што знаходзішся ў нейкім вар'яцкім шпіталі або ў пекле. Жалезныя Людзі адвязалі Радаслава, цесна абкружылі, павялі.
— Не адчайвацеся, Вера,— сказаў ён.— Я хутка вярнуся. Я ўпэўнены, што нашы сябры-плазмоіды і Зямля не дадуць нас у крыўду.
Веры Хрысцінюк, вядома ж, было нязвыкла і страшна ў такіх абставінах, але яна валодала сабой, нават усміхнулася, толькі папрасіла:
— Даведайцеся хоць што-небудзь пра Клёна. Бедны хлопчык.
Старшы па званні між Жалезных Людзей, начальнік дзесяткі, у кантралюемую праграму якога была закладзена роўна тысяча слоў, манатонна прамовіў, звяртаючыся да яе:
— Ты не Жанна д'Арк. Супакойся. Ты — Вера.
— А ты — заўтрашні металалом,— адрэзала Вера.
Пяціног, чакаючы Радаслава Буслейку, павольна хадзіў-перакочваўся па спецыяльна для яго пракладзенай Дарожцы Успамінаў. Гэта дарожка была зроблена ў круглай зацемненай зале і ўяўляла сабой вузкую, шырынёю да сарака сантыметраў, металічную стужку, на якой былі запісаны малюнкі-вобразы Сіняй Зоркі, радзімы Пяцінога. Калі адначасова дзве нагі дакраналіся да шурпатай цёмна-сіняй Дарожкі Успамінаў, спрацоўвала электрамагнітнае рэле, пасылаючы хвалепадобны імпульс у мозг Пяціногу. Акрамя Пяцінога ў зале знаходзіліся пятнаццаць чырвоных і пятнаццаць фіялетавых плазмоідаў. Яны з найвялікшай пачцівасцю кружыліся над Ультрамозгам, Уладаром Таямніцы, суправаджалі яго ў задумліва-мройных блуканнях па Дарожцы Успамінаў, з'яўляючыся як бы своеасаблівым ганаровым эскортам. Часам Пяціног прыпыняўся, заміраў, толькі залацістае або жоўта-зялёнае святло лагодна пульсавала, мякка струменілася ва ўсе бакі. Тады і плазмоіды заміралі над ім і ў зале пачынала звінець абсалютная цішыня. Немагчыма было паверыць, што непадалёку адсюль, у гэтай жа падэшве старога тысячагадовага вулкана, люта грыміць гарачы молат, знясілена скрыгоча жалеза.
Пяціногу бачылася бязмежная прастора Сусвету, чорны міжгалактычны калідор, і ў самьш канцы, як надзея, як покліч, як апафеоз усяго — Сіняя Зорка. Там востра ўразаюцца ў неба сінія металічныя слупы, ззяюць азёры, напоўненыя ртуццю, рассыпаюцца і зноў злучаюцца ў адно цэлае мільёны бліскучых адпаліраваных касмічным ветрам шароў і шарыкаў. Гэтыя шары і шарыкі, цяжка грукаючы, збіваюцца ў агромністыя рухомыя горы, падступаюць да стромкіх адкаваных з метэарытаў сцен Палаца Розуму і адразу ж ператвараюцца ў прах, у нікчэмны пыл, бо нельга ім, сляпым шарам і шарыкам, хоць на імгненне, хоць у думках параўнацца з тымі, што жывуць і мысляць за метэарытнымі сценамі. А жывуць і мысляць там несмяротныя, якія абралі формай свайго цела залацістую зорку, якім падуладны Учора, Сёння і Заўтра...
Жалезныя Людзі прывялі Радаслава Буслейку да Пяцінога, і самі спыніліся каля ўвахода. Стрэсаператар жа прайшоў у самы цэнтр залы, сеў на крэсла-вяртушку.
— Ультрамозг, Уладар Таямніцы, вітае цябе, жывая істота з планеты Зямля,— урачыста данеслася з таямнічага паўзмроку, і Пяціног зноў пайшоў-пакаціўся па Дарожцы Успамінаў. Следам за ім, як бы прыцягнутае магнітам, пачало павольна кружыцца Радаславава крэсла.
— Называй мяне чалавекам, а не істотай,— з годнасцю сказаў Буслейка.— I адпусці на волю маю спадарожніцу і мяне. Ніхто не мае права трымаць у палоне грамадзян з планеты Зямля.
— Нават я? — спытаў Пяціног.
— Нават ты.
Падалося, што Пяціног ледзь-ледзь запаволіў сваю ўрачыстую кругавую хаду, але, пэўна, гэта толькі падалося. Як стрэлка гадзінніка на цыферблаце, ён працягваў няспынны рух. Радаслаў Буслейка, седзячы ў крэсле-вяртушцы, чакаў, чым скончыцца гэтае маляўнічае, у нечым тэатральнае шэсце.
Нарэшце Пяціног спыніўся, і адразу ж спыніліся плазмоіды.
— Вы, жыхары планеты Зямля, невылечна хварэеце антрапацэнтрызмам,— загаварыў Пяціног, быццам ягоная размова з Радаславам не перарывалася ні на хвіліну.— Вы атоесамліваеце эвалюцыю ўсяго жывога з развіццём чалавечага мозгу. А гэта далёка не адно і тое ж; З'яўленне вашага розуму — вынік гульні сляпога выпадку, неабавязковае здзяйсненне адной з многіх раўнацэнных магчымасцей эвалюцыі жывога. А ці задумваліся вы, што так званае развіццё ад малпы да чалавека можа ўспрымацца той жа малпай як перамена не ў лепшы, а, наадварот, у горшы бок?
— Не ведаю, ці займаліся такой праблемай зямныя вучоныя, а я аб гэтым не думаў,— прызнаўся Радаслаў.
— Цудоўна,— задаволена зрабіў абарот вакол сваёй восі Пяціног.— Значыць, мы на Сіняй Зорцы не памыляліся. Значыць, у бясконцых прасторах Метагалактыкі, якая ўмяшчае ў сябе некалькі мільярдаў галактык, толькі Ультрамозг, Уладар Таямніцы, беспамылковы, бяспройгрышны, бо ідзе цэнтральным шляхам пазнання, а ўсе астатнія, у тым ліку і чалавечая цывілізацыя планеты Зямля, тупіковыя сцяжынкі ў нішто. Я — частка Ультрамозга, Уладара Таямніцы з Сіняй Зоркі. Як я ганаруся гэтым!
На нейкі міг падалося, што зараз Пяціног затанцуе.
— Навошта ж табе мая спадарожніца і я, калі ты такі звышмудры? — спытаў Буслейка.
— Пазнанне не ведае межаў,— паблажліва сказаў Пяціног.— Нават мы, несмяротныя з Сіняй Зоркі, павінны асвойваць усё новыя і новыя экалагічныя нішы.
— Вы несмяротныя? — перапытаў Радаслаў.— I ў гэтым, як я пачынаю здагадвацца, ваша таямніца?
— Так. Ты правільна здагадаўся.
— Ніколі не верыў, што калі-небудзь сустрэну несмяротнага,— пасля маўчання раздумліва прамовіў Радаслаў.— Ніколі не верыў... Хаця чаму здзіўляцца? Яшчэ ж блажэнны Аўгусцін сказаў: «Цуды не супярэчаць прыродзе, яны супярэчаць толькі вядомай нам прыродзе». А зараз перада мной — невядомая прырода. I я рады, вельмі рады такой сустрэчы, хоць, магчыма, мне пагражае смяртэльная небяспека. Ён пацёр правай рукой лоб, папрасіў: — Адпусці жанчыну і мяне.
— Я павінен правесці эксперымент. Эксперымент — вышэй за ўсё,— жорстка сказаў Пяціног.
— Хіба мы, зямляне, марскія падвопытныя свінкі? — вочы ў Радаслава наліліся гнеўным бляскам.— Хіба мы давалі табе сваю згоду?
— Яна непатрэбна, ваша згода, для несмяротнага,— перарваў яго Пяціног.— Я абавязаны абшукаць усе самыя патаемныя куточкі твайго і жаночага мозгу. Вышэй усяго — інтарэсы Сіняй Зоркі.
— Але я пратэстую! — закрычаў Радаслаў і хацеў устаць з крэсла.
Плазмоіды, чырвоныя і фіялетавыя, пагрозліва закружыліся над ім, ды пакуль што нічога не рабілі, пэўна, чакаючы рашэння Ультрамозга, Уладара Таямніцы. Пяціног пачаў павольна выпростваць дзве свае бліскучыя лускаватыя нагі. Такі манеўр быў ужо добра вядомы Радаславу — дацягнецца нагамі як мага бліжэй да твару і адключыць свядомасць гіпнозам.
— Дзярмо! — крычаў Радаслаў.— Касмічны бруд! Пяцілапы бандыт!
Ногі няўмольна набліжаліся. Хвіліна-другая — і залье душу халодная абыякавасць. Раптам у залу, гучна тупаючы, увайшоў робат, начальнік дзесяткі, аб'явіў:
— Яны атакуюць Нябесны Зуб.
Пэўна, і несмяротныя не пазбаўлены такой вельмі вострай эмоцыі, як здзіўленне, бо Пяціног, імгненна забыўшыся пра Буслейку, неяк сутаргава падкурчыў дзве свае агрэсіўныя нагі, спытаў:
— Хто атакуе?
— Дзік, які аб'явіў сябе каралём жывёл планеты Вар, разам з ім конь, бык, певень і маленькі чалавек з планеты Зямля.
— I ўсё? — здзівіўся Пяціног.— Дык гэта ж самазабойцы. Яны ідуць па тунелі?
— Па тунелі.
— Бяры Жалезных Людзей, сустрэнь гэтых дурняў у тунелі і знішчы іх.
Робаты пачалі выходзіць з трох сваіх казармаў, строіцца ў шарэнгі. У руках былі чорныя пруты. Пяціног выкаціўся ўслед за імі, сачыў за пастраеннем і пакуль што пакінуў Радаслава ў спакоі.
Вось бліскучая металічная вужака, цяжка ступаючы па застылай чырванаватай лаве, узнялася туды, дзе зеўраў пралом-калодзеж тунеля. I раптам усё пацямнела, быццам хмара імгненна закрыла нябесны абшар. Вастракрылыя вёрткія птушкі густа ўсеялі круглую лапіну неба над кратэрам.
— Крангі! — закрычаў Пяціног.
Роўна дзве тысячы асляпляльна белых з чырвонымі плямамі яйкабомбаў паляцелі на галовы Жалезным Людзям. Робаты ўбачылі гэта, зразумелі, якая бяда чакае іх усяго праз некалькі імгненняў, але былі пазбаўлены хоць якога-небудзь манеўру, бо злучаліся між сабой энергасілавым дротам. Крангам цяжка было прамахнуцца. Іхнія яйкі разрываліся ў самай гушчыні Жалезных Людзей. Тое яйка, што ўразалася ў лаву, уздымала буры пылавы слуп, сякучую каменную крошку. Робатаў збівала, валіла з ног. Калі падаў адзін, падаў і ягоны сусед, цягнучы за сабой ледзь не ўсю шарэнгу. Выбуховыя яйкі гучна лопаліся на бліскучых галовах, спінах. Страшная сіла адрывала металічныя кляпаныя лісты, і яны з пранізлівым віскам разляталіся наўкол. Чорныя пруты некаторых робатаў пачалі ў гэтым хаатычным жалезным месіве знішчаць усё, да чаго дакраналіся. 3 дзвюх соцень Жалезных Людзей ацалела штук трыццаць — сорак, не болей. Выратаваўся той, каму пашанцавала заскочыць пад тоўсты каменны казырок, што цяжка вісеў над уваходам у тунель.
— Ты ж казаў, што атакуюць адны толькі жывёлы і маленькі чалавек! — шалеючы ад гневу, закрычаў Ультрамозг, Уладар Таямніцы, начальніку дзесяткі.— Ты нічога не даклаў мне пра крангаў! Дурное ржавае вядро! Сёння ж пойдзеш у пераплаўку!
Начальніку дзесяткі адарвала левую нагу. Ён сядзеў у смуродлівым чорным пыле, вельмі перажываў, біў па сваёй жалезнай галаве жалезнымі рукамі, але не стагнаў і не плакаў — робаты не маюць слёз.
— Бітва яшчэ толькі пачынаецца,— спакайнеючы і не звяртаючы болей аніякай увагі на пакалечанага начальніка дзесяткі, сказаў Пяціног.— Мае верныя адважныя саюзнікі, фіялетавыя і чырвоныя плазмоіды, пакажыце сваю вернасць і сваю адвагу. Перад вамі слабыя нікчэмныя стварэнні, якія хочуць валодаць Нябесным Зубам і ўсім Варам. Разатрыце іх у слізь, у пыл, ператварыце іх у вецер, што свішча над гнілым балотам.
Дзве эскадрыллі фіялетавых і чырвоных плазмоідаў (прыкладна, па сто шароў у кожнай) пагрозна вырваліся з-пад нізкіх, акаваных стальнымі пласцінамі скляпенняў каравульнага памяшкання, паплылі ў бок тунеля. Перад самым уваходам у тунель яны прытармазілі, трохі пачакалі, бо начальнік дзесяткі, што невядома якім чынам паспеў даклыпаць сюды, загадаў Жалезным Людзям збіраць і кідаць у чорную яміну тунеля металічны лом, друз — рэшткі сваіх ужо нерухомых таварышаў. Здавалася, гіганцкая катапульта страляе жалезам. Ляцелі зверху ўніз цяжкія металічныя галовы, рукі, тулавы. Робаты не сумняваліся, што гэта лавіна змяце на сваім шляху ўсё.
Калі загрымела зверху і пасыпалася жалезнае ламачча, Аюс Першы жвава адскочыў убок, прыціснуўся да шурпатай сцяны тунеля. Тое самае зрабілі Яр, Іг, Кук і Клён. У гэтую ж хвіліну сотні плазмоідаў з чатырох кланаў (сіні клан рыхтаваў атаку ў іншым месцы) ірвануліся наперад, сышліся, зліліся ў своеасаблівы плазменны шчыт, які густа заіскрыўся, запульсаваў, сустракаючы жалезны град, прымаючы ўвесь удар на сябе. Жалеза імгненна плавілася, выпаралася. Ад нясцерпнай гарачыні, здавалася, вось-вось аблупіцца скура, выскачаць з вачніц вочы. Аб тым жа, што дзеелася па той бок ахоўнага плазменнага шчыта, якое там лютавала пекла, можна было толькі здагадвацца.
Жалезныя Людзі, выкарыстаўшы, пакідаўшы ў тунель увесь металалом, рушылі ў атаку самі. Яны не ведалі, што такое страх смерці або страх цяжкога калецтва, і таму адважна ішлі на зіхоткі плазменны шчыт, якім быў перагароджаны тунель. Фіялетавыя і чырвоныя плазмоіды плылі следам, схаваўшыся ў іх за плячамі.
Клён, які стаяў, прыціснуўшыся да сцяны тунеля, убачыў, што ў плазмоідным шчыце з'явіліся раптам дзве даволі вялікія круглыя адтуліны, падобныя на соплы. Так вясной у цёмных дажджавых хмарах адчыняюцца ясныя, напоўненыя блакітам і сонцам «вокны». Праз іх Клён разгледзеў першую шарэнгу Жалезных Людзей. Яна, цяжка грукочучы, набліжалася, як бы затапляючы сабой увесь тунель.
Плазмоіды з чатырох кланаў узбуджана зашыпелі, пачалі мяняць колер і раздзімацца, рыхтуючыся да бітвы. Не ўсе з іх зліліся ў шчыт, стаўшы яго цаглінамі. Многія, не змяніўшы сваю форму, групаваліся за шчытом, як за барыкадай, пэўна, чакаючы нейкага сігналу. Раптам пачуўся прарэзлівы свіст.
Ад плазменнага шчыта аддзяліліся два вузкія доўгія адросткі, як дзве рукі. Яны схапілі пеўня Кука і праз адтуліну ў шчыце кінулі проста пад ногі Жалезным Людзям. Бедны Кук не паспеў нават дзюбу раскрыць або крыллем залопаць. Абураны Аюс ірвануўся да адтуліны, каб выбавіць свайго падданага, але яна імгненна знікла, зрабіўшыся суцэльнай плазменнай перагародкай, і дзік толькі абпаліў лыч. Клён здагадаўся, што плазмоіды рашылі выкарыстаць пеўня ў якасці своеасаблівай ахвяры, і зараз яны назіраюць, як адрэагуюць робаты на гэту ахвяру.
Жалезныя Людзі працягвалі ісці як ішлі. Яны б растапталі пеўня, але ў самы апошні момант Кук, спалохана закукарэкаўшы, узляцеў і сеў на плячо аднаму з робатаў. Той нават галаву не павярнуў. «Перамагаюць не самыя разумныя, а самыя жорсткія»,— успомніліся Клёну словы са шматсерыйнага тэлебаевіка аб 7-й Нафтавай вайне. Ён адчуў, як да сэрца падкочваецца страх.
— Што вы робіце?! — закрычаў Клён, і невядома было, да каго звернуты крык — да плазмоідаў або да Жалезных Людзей.
Востраканцовыя зіхоткія маланкі выскачылі з плазменнага шчыта, ударылі перад самымі нагамі ў робатаў, а потым — праз імгненне — і па нагах. Пярэдняя шарэнга павалілася, як трава пад узмахам наточанай касы. Рэзкі ляскотны гук ад такога падзення пакаціўся па тунелі. Зверху пасыпаўся абпалены пясок. Але робатаў, якія ацалелі, гэта ніколькі не збянтэжыла. Яны вышэй узнялі ногі, пераступілі сваіх пераможаных сабраццяў, пайшлі, не збаўляючы крок, наперад. «Цуг, цуг, цуг»,— глуха неслася з цёмнага задымленага тунеля. Тады з плазменнага шчыта зноў вырваліся два доўгія вузкія адросткі, зноў схапілі пеўня, які акамянела сядзеў на плячы ў робата, шпурнулі пад ногі Жалезным Людзям. Певень, як зразумеў Клён, зрабіўся разменнай манетай у жорсткай гульні жыцця і смерці. Певень не быў плазмоідам, не быў робатам, і яго, як чужую незразумелую іпастась, можна было прыносіць у ахвяру. «Яны, плазмоіды, і мяне б схапілі і кінулі за шчыт, але Кук лягчэйшы, і таму кінулі Кука»,— з крыўдай і гневам падумаў юны зямлянін. Ён адчуў вострую шкадобу да пеўня, да камяка жывой плоці, якая павінна пакутаваць у гэтым хаосе, у агні і дыме. На Зямлі яго вучылі, што жыццё, і не толькі чалавечае, вышэй за ўсё. Ды тут дзейнічаюць зусім іншыя законы, іншыя каштоўнасці і матывацыі. Клёну Дубровічу ўспомнілася славутая фраза славутага акадэміка Вярнадскага: «Ці такі ўжо мэтазгодны наш свет?» Пад «нашым светам» мелася на ўвазе, вядома ж, Зямля, яе разумныя і гордыя насельнікі. Ён заўсёды быў глыбока перакананы ў мэтазгоднасці зямнога чалавечага свету, той наасферы, што стваралася інтэлектам і рукамі людзей. Ён верыў, што чалавечая раса абавязкова заселіць Бліжні і Дальні Космас. Але тут, на Вары, упершыню прыйшло адчуванне абмежаванасці творчага патэнцыялу зямной цывілізацыі. I плазмоіды, і Жалезныя Людзі, і той жа Аюс неслі столькі загадак, былі такія непрадказальныя і шматварыянтныя, што юны зямлянін канчаткова пераканаўся: «Чалавек, як яму ні было б крыўдна, не з'яўляецца мерай усіх рэчаў і вянцом Прыроды. Ён — толькі часцінка Сусвету, адна з некалькіх дарог, і наогул, мяркуючы па ўсяму, Прырода не мае нейкай магістральнай мэты, цэнтральнай звышзадачы. Прырода жыве, самаразвіваецца — і ўсё».
Жалезныя Людзі ў рэшце рэшт растапталі Кука. I тады не адна, не дзве, а дзесяткі маланак ударылі з плазменнага шчыта і пачалося знішчэнне робатаў. Клён бачыў, як адважна махаюць яны чорнымі прутамі, як робяцца вішнёвымі ад лютай гарачыні, як напачатку тоненькімі, а неўзабаве шырокімі бурлівымі ручаямі расцякаюцца іхнія металічныя грудзі і ногі. На вачах яны ператвараліся ў бліскучыя лужыны. Захапіўшыся разгромам Жалезных Людзей, чатыры кланы прапусцілі момант, калі фіялетавыя і чырвоныя плазмоіды апынуліся ў іхнім тыле, прарваўшыся праз адтуліны ў шчыце. Толькі аднойчы назіраў Клён нешта падобнае. Тры гады назад разам з бацькам ляцелі яны ў аэробусе ў Стакгольм і над Балтыйскім морам трапілі проста ў эпіцэнтр навальніцы. За ілюмінатарамі было мора агню, найярчэйшыя ўспышкі, гарматная страляніна грому, вогненна-пякучая павуціна маланак, што апляла ўсю нябесную сферу. I горы воблакаў. То снежна-белыя, то чырвоныя або карычневыя. У гэтым жахлівым месіве вялізны цяжкі аэробус шпурляла ўверх і ўніз, як дзіцячы паветраны шарык. Зараз у тунелі Клён перажываў такое ж самае спусташэнне душы, калі чалавек перакананы, што праз адну-дзве хвіліны скончыцца жыццё. Яго падхапіў гарачы віхор, кінуў на цвёрдую шурпатую сцяну. Ён, безумоўна, разбіўся б, але некалькі плазмоідаў акружылі яго, і ў лічаныя імгненні ён апынуўся ўнутры своеасаблівай ахоўнай капсулы з празрыстымі сценкамі. Капсулу матляла ў бакі, і Клён упіраўся рукамі і нагамі, стараючыся ўтрымацца ў вертыкальным становішчы. Наўкол грымела жорсткая бітва. Яркія вострыя прамяні разразалі змрок. Вось адзін з такіх смертаносных прамянёў выпусціла, выстраліла з сябе Клёнава капсула, і чырвоны плазмоід, што ішоў, здавалася, на таран, аглушальна лопнуў, разляцеўся на кавалачкі.
Сілы былі няроўныя. Фіялетавыя і чырвоныя плазмоіды адступілі з тунеля ў кратэр. 3 робатаў не ацалеў ніводны.
Клён імкліва ляцеў у капсуле, азіраўся па баках — хацеў убачыць Аюса з жывёламі. Але іх нідзе не было. Усюды валялася пабітае, папаленае жалеза. Плазмоіды чатырох кланаў густым роем кіраваліся туды, дзе віднеўся ўваход у кратэр. Там ззяў круглячок святла.
У гэты час Пяціног, сабраўшы вакол сябе рэшткі плазмоідаў і робатаў з Залы Новых Нараджэнняў, загадаў прывесці Радаслава Буслейку і Веру Хрысцінюк. Зямляне прыйшлі, трымаліся незалежна і горда. Вера абапіралася аб Радаславава плячо.
— Я памыліўся,— сказаў Пяціног.— Хоць Ультрамозг, Уладар Таямніцы, не можа памыляцца, але я гатовы прызнаць уласную памылку, адзіную за трыста шэсць апошніх гадоў. Мне патрэбна было правесці эксперымент не над мужчынам і жанчынай, а над падлеткам па імені Клён. Яго, як мне вядома, называюць Гарантам Вечнага Шру.
Пры гэтых словах фіялетавыя і чырвоныя плазмоіды захваляваліся, абурана зашумелі:
— Дзе ён?!
— Адшукай і знішчы яго, Ультрамозг, Уладар Таямніцы!
— Ён вось-вось будзе тут, перад намі,— папераджальна выставіў уперад тры свае нагі Пяціног.— Праз граніт і застылую лаву я ўжо бачу, як імчыцца ён сюды, знаходзячыся ўнутры нейкага сасуда. Ага — ён знаходзіцца ў капсуле, а гэту капсулу стварылі сваімі целамі аранжавыя, жоўтыя, зялёныя і блакітныя плазмоіды. Чамусьці не бачу сярод іх сініх. Дзе сінія плазмоіды?
— Яны пачалі атаку з паўночнага боку вулкана,— адказалі яму.
— Дурні,— засмяяўся Пяціног.— Роўна праз сто чатыры гады прыляціць міжгалактычны ультралёт з Сіняй Зоркі. Я хацеў узяць іх з сабой.
— Вазьмі нас,— залемантавалі фіялетавыя і чырвоныя плазмоіды.
— Сваім колерам яны вельмі і вельмі тасаваліся б да пейзажаў Сіняй Зоркі,— быццам не пачуўшы іх, казаў далей Пяціног.— Але яны (о неразумная дзікая плазма!) пайшлі вайной на мяне, Ультра-мозга, Уладара Таямніцы, быццам я не даваў ім інтэлектыт і не вылучаў іхні колер з усіх астатніх колераў.
— Вазьмі нас,— зноў узвысілі голас фіялетавыя і чырвоныя плазмоіды.
— Чаго або каго вы баіцёся? — нарэшце звярнуў на іх увагу Пяціног.— Бялковых смертных істот? Дык вось дзве такія істоты стаяць перад вамі. Я ўзяў іх у палон і магу зрабіць з імі ўсё, што толькі захачу. А можа, вы смерці баіцёся? Дык у вас жа ёсць Рака Адноўленых Твараў. Праз нейкі час пасля свайго знікнення вы зноў адновіцеся. I так — вечна. Чаго ж вы хочаце?
— Знішчы з Зямлі падлетка па імені Клён! — хорам закрычалі плазмоіды.— Забі таго, каго назвалі Гарантам Вечнага Міру! Мы жадаем, мы прагнем бясконцай вайны з Бялковай Цывілізацыяй!
— Няўжо вам так хочацца вайны? — ціхім голасам сказаў Радаслаў Буслейка, але яго адразу ж пачулі.— Як мне вядома, пяць кланаў плазмоідаў, пяць кланаў вашых братоў заключылі мір з чалавецтвам. Я сам бачыў, як гарэла зялёная трава і плавіўся пясок на беразе Пятровіцкага вадасховішча. Няўжо толькі на гэта здольна Старая Цывілізацыя? Мы — антыподы. Але мы разам існуем у Сусвеце. Давайце існаваць паралельна, мірна, не скрыжоўваючы кап'ё і меч. Напачатку было Слова...
— Напачатку была Зброя! — крыкам перарвалі яго плазмоіды.
— Любоў...— казаў далей Радаслаў.
— Нянавісць! — яшчэ гучней закрычалі плазмоіды.
Узняліся страшэнны гвалт, густое металічнае гудзенне, якое пераходзіла ў злавеснае шчоўканне. 3 плазмоідаў пасыпаліся іскры. Яны пачалі раздзімацца, прычым з шарападобных і эліпсавідных некаторыя, напэўна, самыя агрэсіўныя, рабіліся востравугольнымі. Цяжка сказаць, што чакала б Радаслава і Веру, але ў гэты момант у кратэр Нябеснага Зуба праз тунель уварваліся чатыры кланы. Паміж іх у празрыстай непрабівальнай капсуле імчаўся Клён Дубровіч. I адразу ж з нябёсаў ударылі страбы. Дзесяць магутных птушак, на імгненне як бы засланіўшы ўсё неба, спікіравалі дакладна туды, дзе стаялі Радаслаў з Верай, прыкрылі іх крыламі. Затым дзве птушкі з двух бакоў шчыльна падступілі да стрэсаператара, нагнулі свае прыгожыя моцныя шыі. Радаслаў зразумеў — абхапіў гэтыя шыі рукамі, і страбы лёгка ўзняліся, панеслі яго з Нябеснага Зуба. Трэці страб ляцеў знізу — страхаваў.
Фіялетавыя і чырвоныя плазмоіды, убачыўшы такое, з найвялікшай ярасцю напалі на астатніх страбаў, якіх заставалася сямёра, прычым трое намерваліся выносіць з вулкана Веру Хрысцінюк. Але жыхары воблакаў спрытна ўхіліліся ад іхніх стрэлаў-маланак, і, у сваю чаргу, самі перайшлі ў атаку. Аказваецца, страбы ведалі тую адзіную кропку, тую своеасаблівую «ахілесаву пяту», ударыўшы ў якую, можна было паралізаваць плазмоіда. Некалькі шароў глуха засіпелі і ўпалі, падняўшы воблачкі вулканічнага пылу. У гэты час Вера Хрысцінюк ніяк не адважвалася даверыць сваё жыццё страбам, узляцець разам з імі.
— Баюся,— шаптала яна, пазіраючы то на дзіўных птушак, то на неба.
Дарэмна падстаўлялі страбы шыі, нават падштурхоўвалі яе моцнымі крыллямі. Жанчыну скаваў страх.
— Не магу, баюся,— паўтарала яна, нібы зацыкліўшыся на двух гэтых словах.— Я слабая... У мяне змярцвеюць, не вытрымаюць рукі, і я ўпаду з вышыні. Я не хачу разбіцца...
— Вера! — закрычаў Клён Дубровіч, выскокваючы са сваёй ахоўнай капсулы, якая, ледзь крануўшыся паверхні Вара, імгненна расчынілася.— Я тут! Нічога не бойся!
Ён адчуваў надзвычайную адвагу, рашучасць, ён гатоў быў схапіцца загрудкі з самім Пяціногам. Але Ультрамозг, Уладар Таямніцы, апярэдзіў яго. Лускаватыя залацістыя ногі павярнуліся, нібы антэны, да Веры, і загучаў меладычны чысты, як ранішняя раса, голас, у якім была непадуладная чалавечаму разуменню ўсёпранікальнасць.
— Ідзі да мяне, Жанчына, ідзі да мяне, безабаронная і несуцешная,— загаварыў Ультрамозг, Уладар Таямніцы.— Я напоўню тваю душу жыццём. Я павяду цябе ў мроі. Сіняя Зорка, чакаючы, глядзіць на цябе з Космасу.
Вера Хрысцінюк шчасліва ўспыхнула тварам, заплюшчыла вочы, выцягнула ўперад рукі і пайшла да Пяцінога. Расступіліся страбы, расплыліся ў бакі фіялетавыя і чырвоныя плазмоіды.
— Не ідзі! Спыніся! — крычаў Клён.— Паглядзі на мяне, Вера! Ты станеш ягонай заложніцай! Пракляты Пяціног! Агідзіна!
Клён схапіў камяк застылай лавы, шпурнуў у Пяцінога. На ляту гэты сухі камяк ператварыўся ў букецік надзіва прыгожых яркіх кветак, падплыў да Веры, мякка тыцнуўся ёй у руку. Яна, не расплюшчваючы вачэй, узяла кветкі, панюхала, ціха засмяялася.
Плазмоіды чатырох кланаў узбуджана зашыпелі, згрупаваліся, і на Пяцінога абрушыўся ўраганны ўдар іхніх смертаносных прамянёў. Але на самым падлёце да зіхотка-велічнай зоркі ўсе гэтыя, здавалася б, неадольныя прамяні раптам зламаліся, выгнуліся і слізганулі ўгору, не прычыніўшы Пяціногу ніякай шкоды. Некаторыя з іх нават весела лопнулі, узарваліся рознакаляровымі бяскрыўднымі агеньчыкамі, нібы святочныя петарды.
Вера тым часам радасна і бязвольна падышла да Пяцінога, апусцілася перад ім на калені. Твар быў натхнёны, светлы.
— Я прыручыў яе, самку чалавека,— засмяяўся Ультрамозг, Уладар Таямніцы.— Вось гэтак на планеце Зямля першалюдзі, або, калі быць дакладным, малпалюдзі, прыручалі дзікіх жывёл. Жывёлы рабіліся свойскімі, пакорнымі, аддавалі малпалюдзям малако, мяса, воўну, сваю сілу, сваіх дзяцей. На Сіняй Зорцы нам, Вялікай Расе Ультрамозгаў, Уладароў Таямніцы, аддана служаць безліч механічных робатаў. Праз сто чатыры гады я прывязу туды біяробатаў, прывязу людзей. Гэта будзе найвялікшая асалода — панаваць над істотамі, абалонка ў якіх зроблена не з металічных пласцін і ад якіх не смярдзіць мярзотнай іржой і дымам. Каля маёй Дарожкі Успамінаў на Сіняй Зорцы будзе стаяць на каленях не адна яна, а тысячы такіх, як яна, распусціўшы мяккія пяшчотныя валасы, пазіраючы на мяне ўмольнымі вачамі, у якіх гараць салодкія агеньчыкі.
— Адпусці яе! — закрычаў Клён. Але Пяціног, не звяртаючы на яго ніякай увагі, казаў далей:
— Зараз я зазірну ў самыя глыбінныя, у самыя патаемныя куточкі гэтай істоты. Нішто не схаваецца ад майго позірку. Ды я ўжо бачу, аб чым думае, аб чым марыць яна.
Пяціног рэзка ўзвіў угору свае ногі, скрыжаваў іх, сплёў у шчыльнае кола, а сам завіс у паветры і зрабіўся падобны на лятаючую талерку. Адразу пад ім з'явіўся невялічкі лужок з аксамітнай, роўна падстрыжанай травой, з блакітным мячыкам на гэтай траве, з дзецьмі, светлавалосым пульхнашчокім хлопчыкам гадоў трох і такой жа дзяўчынкай, якія весела цягнулі ручкі да мячыка. Сінякрылая страказа, як іскрынка, успыхнула над лужком, пакружылася, палётала і села на далоньку дзяўчынкі. Вера Хрысцінюк, ледзьве-ледзьве расплюшчыўшы вочы, замілавана глядзела на гэту ідылічную сцэнку. Само шчасце ззяла ў позірку.
Плазмоіды пяці кланаў (падляцеў і сіні клан) зноў пагражальна зашыпелі, пачалі ўсё бліжэй падплываць да Ультрамозга, Уладара Таямніцы. Ён імгненна знішчыў, сцёр міраж, прыняў форму зоркі, сказаў урачыстым голасам:
— Ведайце, што я — Бязмежны ў Часе, Несмяротны і Неразбуральны. Што б вы ні рабілі, што б ні хацелі зрабіць, я буду існаваць. Энергія Сіняй Зоркі, якая пульсуе ўва мне, маё астральнае поле могуць скрыўляць Час, бо Час таксама матэрыяльны, могуць прыспешваць або замаруджваць яго. Гэту істоту, гэту жанчыну з планеты Зямля вы ўжо ніяк не вернеце. Ніяк.
— Я ведаю, як вярнуць яе! — крыкнуў Клён Дубровіч, і вочы ягоныя заблішчалі.
— Ты? — здзівіўся Ультрамозг, Уладар Таямніцы.— Яе можна вярнуць толькі мёртвай, вярнуць толькі абалонку.
— Ты вернеш гэту жанчыну жывую, бо замест яе да цябе пайду я.
Наступіла раптоўная цішыня. Было чутно, як недзе высока-высока пад воблакамі, а можа, і за воблакамі, крычыць страб, было чутно, як грукоча Клёнава сэрца.
«Што ты надумаў, сынок?! Што ты гаворыш?! — Як усплёск маланкі, як пажарная сірэна, пранізаў Клёнаву душу роспачны голас-крык маці, голас Бярозкі Дубровіч — мазгаграма з далёкай Зямлі.— Апамятайся! Спыніся! Мы з бацькам не зможам жыць без цябе!»
Твар Клёна пабялеў, вусны пакутліва скрывіліся, ён пацёр далонямі скроні, ціха сказаў:
— Вы ж самі вучылі мяне... Я — зямлянін. Я — мужчына. Я павінен абараніць жанчыну з планеты Зямля. Вы ж самі вучылі мяне.

 

Колькасць прачытаўшых: 2604
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007