Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Чалавек, сын чалавека (частка XV)

Для Клёна Дубровіча пачаліся самыя цяжкія часіны. Са слязамі на вачах сустрэлі яго маці і бацька, цалавалі, абдымалі. Маці і хатні робат Чарлі збіліся з ног, носячы яму прысмакі, ды так закармілі, хоць пад стол ад іх хавайся. Але схлынула радасць, пацяклі дні, тыдні, і Клён адчуў, што ў ягонай душы нешта незваротна зламалася, што амаль усё ў паводзінах сяброў, суседзяў, нават бацькоў яму не падабаецца. Іхнія ўсмешкі, бясконцыя роспыты пра Вар, іхнія знакі ўвагі, паляпванні па плячы ўсё болей здаваліся яму няшчырымі. «Фальшывая планета»,— думаў ён і сам палохаўся такіх думак, бо Зямля і людзі ВЭП, як вучылі яго ў гімназіі, як пісалі ў газетах і кнігах, як верылі бацькі і зусім нядаўна верыў ён, знаходзіліся на вяршыні піраміды, імя якой — чалавечая цывілізацыя. Усё, што было да ВЭП, да сённяшніх дзён, было калі і заканамерным, дыялектычна апраўданым, усё роўна лічылася ніжэйшым, не зусім дасканалым. Такая ўпэўненасць не называлася эгаістычнай, самарэкламнай, бо, як двойчы два заўсёды раўняецца чатыром, так і ВЭП заўсёды і ва ўсім (прынамсі, так цвёрда верыла ўсё ці амаль усё чалавецтва) пераўзыходзіць мінулыя эпохі. Пры гэтым усе цудоўна ведалі, што калісьці ў сівой далечы тысячагоддзяў Рымская імперыя ўжо аб'яўляла сябе Эталонам грамадскага раззіцця і прагрэсу, а потым — гітлераўскі Рэйх, а потым — камуністычны СССР, ды горкае расчараванне чакала ўсю тройцу.
Каб неяк супакоіцца, Клён шмат чытаў, слухаў музыку, аддаючы перавагу забытым народным песням. Добра было пачуць вось такое:
Мой хвор мужычок,
Ды красен, як бурачок,
А я здарова,
Ды жоўтая, як маркова.
Аказваецца, задоўга да ВЭП у людзей было столькі гумару, здаровага смеху, людзі пасвойму былі шчаслівыя. «Што са мною? — думаў Клён.— Чаму я ўвесь час адчуваю, што мне нечага не хапае? Ясна, што мне вельмі не хапае Радаслава Буслейкі. Але ён загінуў, яго ніколі не будзе, і я гэта разумею. Дык чаго ж мне не хапае?»
Праз некалькі дзён у некаторых газетах упершыню з'явіліся публікацыі на тэму «Вірус планеты Вар». Калі верыць журналістам і вучоным, якія давалі інтэрв'ю, існуе зусім новы таямнічы вірус, што пакрысе пачаў гаспадарыць на ўсёй Зямлі, асабліва ў Індаеўрапейскай Канфедэрацыі. Людзі, якія ім заразіліся, губляюць усялякую цікавасць да жыцця, пакутуюць няўпэўненасцю, дэпрэсіяй, абсалютна абыякавыя да (падумаць толькі!) духоўных каштоўнасцей сваёй планеты. I хоць журналістаў, як і ва ўсе часы, болыпасць зямлян лічыла пляткарамі — з ветру вяроўку саўюць — але ў дадзеным выпадку чалавецтва задумалася і насцярожылася. I, трэба прызнацца, падставы былі. Пасля гераічнай смерці стрэсаператара Радаслава Буслейкі ў яго з'явілася мноства паслядоўнікаў. Гэтых маладых людзей называлі «ахвярнікамі». Іх можна было распазнаць у вулічным натоўпе па асабліваму бляску вачэй, па бледнасці тонкіх адухоўленых твараў і па каляровым партрэце Буслейкі, які яны насілі на майках. Навум Масейкін у адной з тэлевізійных перадач назваў іх камікадзе, і назаўтра яго закідалі на вуліцы тухлымі яйкамі і гнілымі грушамі. «Ахвярнікі» пакляліся, чаго б гэта ні каштавала, памірыць чалавецтва з СЦ. Сямёра з іх скончылі жыццё самагубствам у Шягарскім вадаспадзе, трое скокнулі з Эйфелевай вежы, адзін — жыхар Бабруйска Лявон Латушка — на ўласным верталёце ўзляцеў над Нараччу, выключыў рухавік і разам з машынай рухнуў у возера. Ну й нацярпеліся тыя бацькі, хто меў сыноў ці дочак прыкладна такога ж узросту. Зачынялі дзяцей на замок, наймалі сакрэтных агентаў, каб тыя сачылі за імі, ушывалі дзецям у адзенне радыёдатчыкі. Колькі было слёз, гарачых спрэчак, абяцанняў і расчараванняў! I СЦ, трэба аддаць ёй належнае, зразумела сітуацыю, спыніла барацьбу, канчаткова памірыўшыся з чалавецтвам. Праўда, той жа Навум Масейкін едка заўважыў, што яна проста «лягла на дно», чакаючы зручнага моманту. як падводная лодка, што падпільноўвае варожую эскадру. Але, як бы там ні было, многія людзі, асабліва ў паўночных шыротах, бачылі ў месячныя ночы дзесяткі, сотні «вагонаў» (такая была форма ў касмічных караблёў СЦ), што бясшумна адляталі ад Зямлі. Адбывалася вялікае перасяленне. Куды трымалі курс плазмоіды, ніхто не ведаў. Можа, на Вар, можа, на Сінюю Зорку. I яшчэ адзін надзвычай цікавы факт — у час адлёту «вагонаў» мяккім срэбным святлом гарэлі начныя рэкі і азёры, а назаўтра ў лугах і лясах выпадала яркая вельмі буйная раса. Малады паэт Янка Палявік напісаў верш, які адразу ж зрабіў яго вядомым і ў якім быў радок: «То не раса, то слёзы плазмоідаў».
А неўзабаве ў газеце «Крывіцкі шлях» была надрукавана інфармацыя пад інтрыгуючым загалоўкам «Чорны драпежнік з Вара ідзе па Зямлі». У гэтай інфармацыі журналіст, які схаваў сваё прозвішча пад ініцыяламі N. N., настойліва праводзіў думку аб тым, што вірус, прынесены з планеты Вар, захоплівае ўсё новыя і новыя рэгіёны. «Знікла Вера Хрысцінюк,— пісаў журналіст.— Тая самая, што разам з Радаславам Буслейкам і Клёнам Дубровічам знаходзілася нейкі час на Вары. Яе няма дома, няма на службе, няма ў сяброў і знаёмых або ў бальніцы. Яе няма ў санаторыі. Няма нідзе. Куды ж дзелася гэта адважная жанчына? Пакуль што служба пошуку не можа даць канкрэтнага адказу. Мы ж бярэм на сябе смеласць заявіць, што яна ўслед за Буслейкам стала ахвярай бязлітаснага вірусу. Зараз яе шукаюць. Прынамсі, шматлікая група вадалазаў метр за метрам абмацвае дно ракі Свіслач. 3 тройцы, якая лётала на планету Вар, толькі Клён Дубровіч у поўнай бяспецы. Ён знаходзіцца ў доме сваіх бацькоў. Дарэчы, яшчэ раз віншуем нашага праслаўленага зямляка з надаццём яму звання Чалавека з брыльянтавым сэрцам. Па нашых падліках, у гарадах і аграпасёлках Індаеўрапейскай Канфедэрацыі мясцовыя ўлады паставілі ўжо дванаццаць помнікаў герою. I, вядома ж, такі помнік упрыгожвае вуліцу Заслаўскую ў горадзе Менску».
Клёну зусім выпадкова трапіла ў рукі газета. Ён прачытаў інфармацыю і адчуў востры халодны сум, які аж зазвінеў у сэрцы. Клён падышоў да акна, глянуў на вуліцу. Нічога асаблівага ён там не ўбачыў. Быў шэры цьмяны дзень. Пырскаў рэдкі дожджык. Будынак камерцыйнага банка засланяў, здавалася, паўнеба. Дзе ж Вера? Што з ёй? Амаль аўтаматычна Клён пачаў апранацца, каб выйсці на вуліцу. Але зазірнула ў пакой маці, сказала мяккім, нейкім ліслівым голасам:
— Зараз я згатую табе каву.
— Дзякуй, не хачу,— буркнуў Клён.
— Але ж ты заўсёды яе любіў.
— Сёння не люблю.
Яны пільна глянулі ў вочы адно адному, глянулі не як сын і маці, а як двое даўно знаёмых людзей, якіх трошкі ўжо стаміла гэтае знаёмства.
— Чаго ж ты хочаш, Клён? — асцярожна пагладзіла Бярозка сынаву галаву, нібы баючыся, што ён не дазволіць ёй зрабіць такое.
Ён не адхіліў галаву, але з лёгкай раздражнёнасцю сказаў:
— Проста я хачу пайсці на вуліцу. I ўсё. Ці, можа, я не маю на гэта права?
— Ты што, сынок? — нервова засмяялася Бярозка.— Вядома, маеш. Але толькі праз дзесяць дзён. Доктар прыпісаў табе пасцельны рэжым. Каранцін...
— Які доктар? — узвіўся Клён.— Які каранцін? Ён раптам у здагадцы звузіў вочы, сярдзіта зморшчыў лоб.
— Ды вы з бацькам убілі сабе ў галовы газетную пісаніну пра вірус з планеты Вар. Ха-ха! Чорны звер ідзе па Зямлі. Буслейка загінуў. Вера Хрысцінюк знікла. Чарга — за вашым адзіным чадам, за Клёнам Дубровічам. Ён можа звар'яцець, можа пакусаць суседзяў. А калі гэтак — садзі яго пад шкляны каўпак, пад замок. Быццам ён не чалавек, а марская свінка.
— Што ты кажаш, сынок? — спалохалася маці.— Ты — чалавек, чалавек. I не думай пра нас з бацькам што-небудзь благое.
— Так, я чалавек, сын чалавека,— рашуча перапыніў яе Клён.— I таму я зараз жа іду на вуліцу.
Ён зрабіў крок да дзвярэй, але маці паклікала:
— Гай! Адзіны!
Гай Дубровіч імкліва ўвайшоў у пакой. Быў ён у доўгім квяцістым халаце, у мяккіх сандалях без заднікаў. Ён узяў сына за руку, пагладзіў яе, прытрымаў.
— Табе трэба адпачыць, Клён,— сказаў Дубровіч-старэйшы.— Рэдка каму выпадала перацярпець такое. Слухай музыку, чытай кнігі. Можаш з Чарлі згуляць у шахматы. Чарлі, дзе ты там? Ідзі сюды!
— Да д'ябла і шахматы, і вашага Чарлі,— вырваў руку Клён і крыкнуў робату, які быў уваткнуў галаву ў прачыненыя дзверы:
— Убірайся прэч, бляшанка!
— Нядобра так,— садзячы сына на канапу і сядаючы побач, сказаў Гай.
— А што ты лічыш добрым? Што такое — дабрыня? — дзёрзка спытаў Клён.
— Добра, калі спакойна,— асцярожна, як маленькаму, растлумачыў бацька.— Добра, калі ўсім добра. I табе, і маці, і мне. Усім.
— Чаму ж тады так шмат «ахвярнікаў»? Чаму знікла Вера? — Ва ўпор глядзеў на яго суровымі вачамі Клён.
— Ва ўсе часы знаходзіліся людзі, якім рабілася цесна і няўтульна ў шкарлупіне арэха, імя якому грамадства,— па-філасофску ўдумліва, трохі любуючыся сабой і сваёй эрудыцыяй, сказаў Гай.— Нават ВЭП...
Ды Клён не даў яму дагаварыць, ускочыў з канапы.
— Што — ВЭП! — з'едліва і злосна выдыхнуў ён.— Няўжо ты не бачыш, што ўсюды так многа хлусні? Усе гэтыя словы, усе гэтыя помнікі. Зямля пакрыта хлуснёй, як непраходным балотам.
— Супакойся,— мякка сказаў Гай.— Усё-ткі на сённяшні дзень ВЭП, пры ўсіх яе недахопах, вышэйшая і справядлівейшая форма чалавечай цывілізацыі. Твае ж словы, такія гарачыя і ўсхваляваныя — адвечная праблема адносін бацькоў і дзяцей. Вырасцеш, сам станеш бацькам, і некалі твой сын таксама пачне крытыкаваць цябе. I гэта, павер мне, будзе балюча.
Але Клён не супакоіўся, не сеў на канапу, а, наадварот, падышоў да самых дзвярэй, узяўся за дзвярную ручку. Бярозка разгублена пазірала то на сына, то на мужа. Ёй так хацелася, каб яны памірыліся.
— Ты нікуды не пойдзеш,— рэзка сказаў сыну Гай, таксама ўскочыўшы з канапы.
— 3 якой нагоды ў нашай сямейцы ўведзена каменданцкая гадзіна? — па-блазенску, з непрыхаваным здзекам пацікавіўся Клён. Ён быў вышэйшы ростам за бацьку, пазіраў на яго зверху ўніз.
Ды Гай Дубровіч не стаў дыскутаваць, крыкнуў:
— Вярнідуб! Каратыст! Да мяне! У пакой адразу ж увайшлі, сутыкнуўшыся плячамі ў дзвярах, два робаты.
— За тое, што мы вельмі добра адносімся да Чарлі, Упраўленне Хатніх робатаў накіравала да нас сваіх стажораў, якія шэсць месяцаў будуць працаваць у нашай сям'і,— растлумачыла Клёну маці і дадала: — Яны будуць працаваць бясплатна.
— Пагуляйце з маім сынам у даміно,— загадаў Гай.
— Слухаемся, Абаронца Робатаў,— сінхронна адрапартавалі Вярнідуб і Каратыст.
— Дык у цябе ўжо і тытул з'явіўся,— цямнеючы тварам, сказаў Клён бацьку.— I хатняя паліцыя пад рукою. А куды ж дзеўся плюралізм? Дзе яго, бедненькага, шукаць? Можа, пад сталом?
Ён зрабіў выгляд, што нешта ўважліва разглядвае пад шахматным столікам.
— Усё робіцца для твайго шчасця, сын,— цвёрда прамовіў Гай Дубровіч і выйшаў з пакоя.
— Сынок, не крыўдуй на нас, але доктар Берг (у нас зараз новы сямейны доктар) параіў, каб ты дзён дзесяць пабыў дома. Аказваецца, вірус з планеты Вар не выдумка,— хвалюючыся, страшэнна перажываючы, умольна зірнула на сына Бярозка.
— Хочаце даміно? Будзе вам даміно,— быццам не пачуўшы яе слоў, бадзёра і нахабнавата рагатнуў Клён і, звярнуўшыся да робатаў, крутнуў пальцам каля скроні.— Як у вас наконт інтэлекту, хлопчыкі?
— Норма,— сінхронна выгукнулі тыя.
— Малайцы,— пахваліў ён іх і нават не зірнуў на маці.
Бярозка, учарнелая ад крыўды і ўласнай бездапаможнасці, хвілінку пастаяла пасярод пакоя, уздыхнула і ціха зачыніла за сабой дзверы. А на сына, на Клёна, быццам наплыў-наваліўся нейкі вясёлы, на мяжы з істэрыкай, шал.
— Хто з вас Каратыст? — гучна ляпаючы костачкамі даміно, амаль крычаў Клён.— Ты? Ці, можа, ты? Вы падобныя, як дзве жалезныя каструлі. А мой бацечка, значыцца, Абаронца Робатаў? Ха-ха. А ці ведаеце вы, каструлі, што ўсе мы: і я, і вы, і нават Абаронца Робатаў жывем на фальшывай планеце? Не ведаеце? Дык я вам трохі прапаласкаю мазгі, прабачце, клемы. Згода? Слухайце. Мы носімся з ВЭП, як некалі барадатыя і вусатыя, а ў дадатак безбародыя, бязвусыя і абсалютна лысыя, адным словам, розныя мудрацы насіліся з камунізмам. Курыца не знесла ніводнага яйка, а кудахтання было на ўвесь свет. Разумееце?
Робаты, пазіраючы на Клёна, сінхронна ківалі галовамі. Аднак калі ён, тэмпераментна захапіўшыся сваім маналогам, памкнуўся ўстаць з-за стала, адзін робат балюча прыціснуў яму нагу, другі паклаў на плячо цяжкую ўчэпістую руку.
— Пільнуеце? — пагардліва ўсміхнуўся Клён.— Сабачая ў вас, хлопчыкі, служба. Думаеце, уцяку, збягу? А я б і хацеў збегчы адсюль. Напрыклад, на Марс, на Вар. Там Аюс жыве, кароль жывёл. Не чулі пра такога? Ды адкуль вам пачуць.
— Гавары цішэй,— раптам сказаў Вярнідуб. Ён адрозніваўся ад Каратыста жалезнай трохкутнай заклёпкай на левым калене. У Каратыста якраз на гэтым самым месцы была медная заклёпка.
Клён здзіўлена паглядзеў на яго.
— Гавары цішэй,— зноў сказаў Вярнідуб.
— А костачкамі даміно стукаць можна? — падкалоў робата Клён.
— Костачкамі можна стукаць моцна, а гаварыць трэба ціха,— паважна растлумачыў Вярнідуб.
— Тады, як кажуць амерыканцы, о'кэй,— ляпнуў што ёсць моцы па стале Клён.— Пуста — пуста, хлопчыкі.
Але як ён ні стараўся дэманстраваць усім, у тым ліку і робатам, сваю незалежнасць, узмужнеласць, на сэрцы былі разгубленасць і трывога. Ён адчуваў, што вельмі змяніўся за той час, які правёў на Вары. Смерць Буслейкі, таямнічае знікненне Веры Хрысцінюк толькі пашырылі трэшчыну, што з'явілася між ім і бацькамі, настаўнікамі, сябрамі. Ён вярнуўся з Вара новым чалавекам, зірнуў на Зямлю і зямлян новымі вачамі і шмат у чым расчараваўся. Вялікая Эра Плюралізму, расхваленая ў школьных падручніках і доктарскіх дысертацыях, у кнігах і кінафільмах, у песнях і нават у дзіцячых лічылках, бачылася незварушнай цяжкай пірамідай, мастадонтам, які пад пяшчотнай беласнежнай поўсцю, пад саладжавым мурлыканнем хавае сталёвыя чорныя кіпцюры. «Чаго мне не хапае? — пакутліва думаў Клён.— Што змянілася ўва мне і чаму змянілася? Бацька і маці любяць мяне, любяць як свайго адзінага сына. Я гэта бачу, гэтага нельга не ўбачыць. Чаму ж я сам разлюбіў іх (не, не разлюбіў, занадта катэгарычна рабіць такія высновы), чаму я заўважыў, пачаў заўважаць іхнюю паўсядзённую, хай сабе дробную, ману, іхнюю пастаянную раздвоенасць?» Калісьці яшчэ зусім кволым хлапчанём ён вычытаў у «Бібліі для ўсіх», што Багародзіца мяняе колер сваіх вачэй, мяняе ў залежнасці ад таго, які чалавек стаіць перад ёй, звяртаецца да яе. Калі чалавек сінявокі — яна сінявокая, калі чарнавокі — чарнавокая. Памятаецца, як гэта ўразіла, ашаламіла, прымусіла горача забіцца сэрца. 3 таго часу Божая Маці зрабілася вышэйшай мерай духоўнасці, ідэалам, да якога няспынна хацелася імкнуцца. А Вялікая Эра Плюралізму пачала бачыцца яму, асабліва пасля вяртання з планеты Вар, са сталёвымі ўпэўнена-халоднымі вачамі і заўсёды глядзела на людзей, што абагаўлялі яе, зверху ўніз.
Робаты, стаміўшы Клёна, і самі стаміўшыся гуляць у бясконцае даміно, выходзілі з пакоя. Было чутно, як топчуцца яны ў прыхожай, як тоненька рыпіць дубовы паркет пад жалезнымі нагамі. Потым наступала цішыня, і Клён уключаў радыёпрыёмнік або тэлевізар. Лілася задумлівая музыка, мільгалі прыгожыя пейзажы, людскія твары, але ўсё гэта адбывалася як бы па-за свядомасцю. Мозг адмаўляўся ўспрымаць нават самую мізэрную інфармацыю.
Недзе на шосты або сёмы дзень свайго «хатняга арышту» Клён цяжка, хваравіта заснуў і ўбачыў жахлівы сон. Прымроілася яму, што знаходзіцца ён у каменнай, халоднай як лёд турме, у камеры смертнікаў. Праз ноч, роўна праз восем гадзін, яго пазбавяць жыцця — павесяць, расстраляюць, а можа, спаляць на агні. Ён стаіць па пахі ў чырванаватай вадзе, не можа прысесці, не можа заплюшчыць вачэй, бо разумее, што адразу ж засне, упадзе ў ваду і захлынецца. «За што мяне хочуць забіць?» — пытае ён у самога сябе і не знаходзіць адказу. Шэрыя мокрыя сцены ціснуць з чатырох бакоў. Шэрая мокрая столь вісіць над галавой. Яна ўся ў трэшчынах і, калі пільна прыгледзецца, трэшчыны гэтыя сплятаюцца ў выяву чалавечага чэрапа. «Дзе я буду спаць? Не магу ж я цалюткую ноч прастаяць на нагах»,— цьмяна варушыцца думка. Раптам у густой цішыні гулка грымяць дванаццаць адрывістых удараў. Гэта, як здагадваецца Клён, б'юць куранты на Спаскай вежы Маскоўскага Крамля. Адразу ж з глухім ракатаннем, з сытым прыцмокваннем сплывае праз каналізацыйны люк у падлозе камеры вада, агольваюцца брудныя сцены, адна са сцен з рэзкім іржавым ляскатам расчыняецца, і, падвешаная на ланцугах, у камеру ўплывае чорная труна, замірае каля самых Клёнавых ног. «Кладзіся спаць. Гэта — твой ложак»,— гучыць нечы ціхі, але ўладны голас. Клён, не раздумваючы, не вагаючыся, кладзецца ў чорную труну, бо сон як камень сціскае цела. Ды з дрыготкасцю ў кожнай жылцы ён адчувае пад сабой нешта мяккае, жывое. «Злезь, а то раздушыш!» — крычыць нябачны ў змроку чалавек і адштурхоўвае Клёна халоднымі рукамі. Нібы корак з бутэлькі, вылятае Клён з труны. А чалавек бадзёра ўзнімаецца, робіць некалькі энергічных фізкультурных практыкаванняў, весела гаворыць: «Вы хто, таварыш? Давайце знаёміцца. Я — Лаўрэнцій Берыя».— «Той самы?» — спуджана адступае да слізкай сцяны Клён. На ўроках Гістарычнай Праўды ў гімназіі ён вывучаў лёс гэтага чалавека. «Чырвоны Кат»,— са страхам і агідай шэпча Клён. Берыя, не зважаючы на непрыемнае ўражанне ад свайго з'яўлення, усміхаецца, працірае белай насоўкай пенснэ, потым рэзкім рыўком расшпільвае «маланку» на сваіх грудзях. Але расшпільваецца не куртка колеру хакі, расшпільваецца ягоная валасатая смуглая скура. Знутры сябе, як з шафы, Чырвоны Кат дастае чалавека, ставіць побач з сабой. «Яжоў»,— сціпла знаёміцца з Клёнам чалавек. Ён шчуплейшы за Берыю, меншая матрошка. Не паспявае Клён здзівіцца, як Яжоў гэткім жа самым чынам расшморгвае ўласную грудзіну, вымае з сябе яшчэ аднаго, ужо зусім дробнага, чалавечка. «Ягода»,— пачціва раскланьваецца чалавечак. Уся гэта тройца садзіцца наўкол Клёна проста на падлогу, брудную і смярдзючую. «Мы стараліся,— плачуць, матаюць галовамі яны,— мы так працавалі. Мы будавалі для вас, будучых пакаленняў, камунізм. Думаеш, добра выцягваць у брата з жывата кішкі, рэзаць рамяні з братавай спіны? Скажы нам, скажы шчыра — ты шчаслівы? I яшчэ скажы — прыносяць дзеці кветкі да нашых магіл і помнікаў?» Клён маўчыць, спалохана глядзіць у іхнія бліскучыя ад слёз вочы. «Не адказвае»,— паныла ўздыхае Чырвоны Кат. Потым абводзіць мутным расслабленым позіркам сваіх паплечнікаў, гаворыць ім: «Таварышы, мы ўжо восем дзён не елі. Што мы будзем есці сёння?» Усе яны, трое, не адрываючы вачэй ад Клёна, павольна-павольна ўзнімаюцца з падлогі, дастаючы з кішэняў куртак іржавыя нажы і відэльцы...
Баючыся такіх хімерных відовішчаў, Клён, каб не заснуць, амаль усе ночы глядзеў тэлевізар, глядзеў аж да знямогі. I вось аднойчы ў бясконцай плыні тэлевізійных перадач яго напаткала перадача пад няхітрай назвай «Рэпартаж з менскага заапарку».
— Які цудоўны наш заапарк,— натхнёна казаў, ледзь не дэкламаваў тэлерэпарцёр.— О не — гэта не турма для жывёл, не халодная жалезная пастка. Тут не ўбачыш агароджы, грубага плота або глыбознай ахоўнай канавы. Толькі аксамітна-зялёныя купкі дрэў і роўныя акуратныя шнуркі кустоў. Тут вольны звер сябруе з вольным чалавекам. I гэта правільна, гэта вельмі здорава, паважаныя спадары. Прыходзьце сюды, прыводзьце з сабой дзяцей, і вы адчуеце сябе часцінкай вечнай несмяротнай прыроды. Вунь грацыёзна прабег страус. Вунь задумліва стаіць двухгорбы вярблюд-бактрыян. Вітанне табе, карабель пустыні! А вось я падыходжу, вось я ўжо стаю амаль побач з галоўнай сенсацыяй сёлетняга сезону — прыгожым магутным дзіком па мянушцы Аюс Першы.
Клён, які ляжаў дагэтуль з заплюшчанымі вачамі, кулём зляцеў, зваліўся з канапы, прыліп да экрана. Так, гэта быў ён, Аюс. Гордая пастава, упэўнены смелы позірк.
— Гэта не зусім звычайны дзік,— працягваў між тым тэлерэпарцёр, аж захліпваючыся ад навін, што распіралі яго, імкнучыся як найхутчэй падзяліцца імі з гледачамі.— Па-першае, ён жыве ў гэтым заапарку і наогул на Зямлі ўсяго толькі няпоўны месяц. Ён, паважаныя спадары, ураджэнец далёкай таямнічай планеты Вар. Так, гэта не мая выдумка, гэта праўда, праўда найвышэйшай пробы. Прыгажуна Аюса падараваў заапарку палкоўнік-герой Хвалібог, вярнуўшыся з вялікім трыумфам з планеты Вар. Па-другое,— тэлерэпарцёр пазмоўніцку прыцішыў голас,— ходзяць чуткі, што Аюс Першы, верце не верце, умее гаварыць. Ходзяць чуткі, што на сваёй планете ён быў каралём жывёл. Адкуль такія чуткі, спытаеце вы? Адказваю, як на споведзі. Вера Хрысцінюк, тая самая, што лётала на Вар і зусім нядаўна пры таямнічых нявысветленых абставінах знікла, расказвала тут, у заапарку, аб усім гэтым па прэс-канферэнцыі. Даю запіс яе выступлення.
Клён пачуў усхваляваны Верын голас.
«Ён, кароль жывёл планеты Вар Аюс Першы, умее гаварыць. Не здзіўляйцеся, я напачатку сама не верыла ў такое. Ён вельмі разумны. У яго, зноў не здзіўляйцеся, амаль чалавечы інтэлект. Чаму ён тут, на Зямлі, не сказаў ні слова? Цяжка меркаваць. Але пастаўце сябе на яго месца...»
«На месца дзіка?» — перабіў Веру нейкі іранічны журналіст.
«Пастаўце сябе на яго месца,— як не пачуўшы з'едлівай рэплікі, казала далей Вера.— Стрэсавыя ўмовы... Касмічны пералёт... Людское акружэнне... Чужая, абсалютна незнаёмая планета... Тут не толькі страціць мову, тут звар'яцець можна».
«Карэспандэнт газеты «Крывіцкі шлях» Івановіч. I ўсё-ткі, спадарыня Вера, чаму, на вашу думку, гэты дзік, гэты кароль жывёл згубіў у нас на Зямлі сваё, я б сказаў, надзвычайнае невераемнае ўменне?»
«Я не біёлаг,— пасля некаторай паўзы ціха прамовіла Вера,— але, мне здаецца, тут справа нават не ў біялогіі. Ён умеў гаварыць, бо я сама з ім гаварыла. Ён гаварыў вачамі. Не здзіўляйцеся — я і мае сябры цудоўна разумелі яго. Наконт таго, чаму гэты незвычайны дзік анямеў, я хачу выказаць думку, якая можа вам не спадабацца. Я лічу, што віной усяму сама планета Зямля, зямная атмасфера і мы, людзі. Прашу не перабіваць мяне. Так, мы стварылі ВЭП, мы ганарымся гэтьім. Але цэлыя акіяны адмоўнай энергіі акружаюць нас. Не перабівайце мяне, бо гэта праўда. Нездарма Клён Дубровіч, цудоўны хлопчык, якому я шлю прывітанне, калі ён мяне зараз чуе, сказаў пра Зямлю, пра нашу з вамі Зямлю: «Фалыдывая планета». Колькі яшчэ на ёй няшчырасці, хлусні!»
«А вы, аказваецца, не патрыётка,— загулі, як галодныя пчолы, пакрыўджаныя такімі словамі журналісты.— Мы чакалі ад вас большай павагі да Зямлі, калыскі чалавецтва. Палёт на Вар (прабачце, паважаная спадарыня) не даў вам вялікай карысці, абгаворваць свой дом, прабачце, проста непрыгожа». «Але гэта праўда»,— упарта вяла сваё Вера. Клён выключыў тэлевізар. Сэрца горача білася ў грудзях. Толькі што ён чуў Верын голас, бачыў Аюса. Успамін аб днях, праведзеных разам з імі на планеце Вар, нахлынуў на яго, як вясновы грымучы лівень. Там было небяспечна, было цяжка, часам нявыкрутна, ды гартавалася, аж звінела душа, мудрэў розум, рабіліся відушчымі вочы. Тое, што Вера Хрысцінюк, таксама як і ён, убачыла Зямлю інакшай, было, вядома ж, невыпадковым. Быццам адначасова працёрлі яна і ён мутнае ад пылу і сажы аконнае шкло, глянулі на белы свет і жахнуліся — замест вясёлых добразычлівых людзей снуюць туды-сюды нейкія халодныя манекены, замест яркіх кветак тлуста блішчаць плямы фарбы, разлітай у скверах і лугах, і ўсюды — хітры разлік, насмешка над суседам, і пустое бяззорнае неба вісіць над галавой, і фалын у словах і дзеяннях. Правільна сказаў аднойчы бацька: «Мы такія — стагоддзе ставім помнікі, потым цэлае стагоддзе крышым іх, разбіваем». Як бы хацелася зараз убачыць Веру! Але дзе яна, што з ёй? А вось Аюс — у заапарку. Мудрага караля жывёл зрабілі жывой лялькай для дзятвы і разявакаў. I, пэўна ж, смяюцца, заліваюцца — «гэта той самы дзік, што ўмеў, ды развучыўся гаварыць». Трэба выручаць Аюса! Трэба неадкладна вызваліць яго з праклятага заапарка, выпусціць у лес, у балота, абы падалей ад усёй шумлівай хеўры звышгалавістых вучоных і звышплюралістычных журналістаў. Клён аж затрымцеў ад такога свайго рашэння, аж трасянуў рукамі і прышчоўкнуў пальцамі. Толькі як зрабіць гэта? Ён жа й сам, як той Аюс, зачынены, праўда, не ў вальеры, а ва ўласным пакоі. Няхай не хлусіць журналіст — у заапарку і сапраўды ўсюды зялёныя лужкі, кусцікі, воля, прастора, гуляй дзе хочаш, але толькі падыдзе звер да загадзя абумоўленай рысы, якую нельга пераступаць, як з зямлі са скрыгатам выскоквае крацістая жалезная сцяна. Яны — Аюс і Клён — палонньш, палонныя на самай шчаслівай планеце. Некалькі дзён Клён хадзіў як сам не свой. Адна думка гняла яго — як вырвацца з дому і як вызваліць Аюса?
— Ці не затэмпературыў ты, сынок? — спалохалася, жаласліва сказала маці.— Зараз жа пазваню доктару Бергу. А цябе вельмі прашу — пацярпі яшчэ тры дні! Праз тры дні скончыцца каранцін, і ўсёй сям'ёй пойдзем у цырк. Ты ж, калі вучыўся ў малодшых класах, дужа любіў яго.
Клён з непаразуменнем зірнуў на яе, нічога не сказаў, уздыхнуў.
— Чарлі і я згатавалі для цябе цудоўнае марожанае. Арэхавае. Са свежымі суніцамі. Хочаш? — падлашчвалася маці.
А глыбокай ноччу, калі ўжо мо дзесяты раз быў успомнены Вар, калі ўсё цела было бяссонным, наструненым і гарачая падушка неаднойчы падала з ложка на падлогу, раптам успыхнула ў пакоі мяккае срабрыстае святло. Клён уздрыгнуў, але звалодаў з сабою, пачаў пільна ўзірацца туды, дзе яно з'явілася. Ён убачыў, як з разеткі асцярожна выплывае маленькі эліпсападобны плазмоід.
— Я памятаю цябе, мы сустракаліся,— усхвалявана зашаптаў Клён.— Ты такі прыгожы, такі яркі... Але ж СЦ перасялілася на Вар. Чаму ты застаўся на Зямлі?
— Мне сумна,— адказаў плазмоід, павольна кружачыся над Клёнам.— Я ніколі не быў на Вары, і мяне там чакае самазнішчэнне. А я ведаю, што вельмі сумна і табе. I я рашыў дапамагчы. Апранайся (толькі рабі ўсё ціха, бясшумна), і я павяду цябе.
— Куды? — зачаравана глядзеў на плазмоіда Клён, а сам ужо нацягваў світэр.
— Да той жанчыны, якая знікла і з якой ты быў на планеце Вар.
— Да Веры? Ты ведаеш, дзе знаходзіцца Вера Хрысцінюк, і яна жывая?
— Жывая. Хутчэй апранайся.
— Але там, за дзвярыма, сядзяць робаты-вартаўнікі. А ў дзвярах электронны замок.
— Маўчы і апранайся.
Праз лічаныя імгненні яны пакінулі пакой. Плазмоід падплыў да дзвярэй, дакрануўся да замка, і замок мякка, бясшумна адчьшіўся. У самы апошні момант Клён шапнуў:
— Пачакай. Мне трэба ўзяць з сабой малаток.
— Навошта? — здзівіўся плазмоід.
Але Клён не стаў тлумачыць, сярод слясарнага рыштунку схапіў малаток, увапхнуў у кішэнь курткі.
Вярнідуб з Каратыстам своечасова зрэагавалі на нечаканую атаку: узвіліся на ўвесь свой магутны рост. Ды плазмоід толькі чыркануўся аб іхнія жалезныя галовы, і робаты селі на табурэты, знерухомелі.
На вуліцы бушаваў рэзкі ўсёпранікальны вецер. Белачолы месяц мільгаў паміж хмарамі.
— Мне падалося, што ты малатком хочаш разбіваць ілбы робатам,— засмяяўся плазмоід.
Клён нічога не адказаў, падбег да пастамента, на якім стаяў помнік Чалавеку з брыльянтавым сэрцам, з нянавісцю паглядзеў на яго. Помнік быў зроблены з цёмна-сіняга шкла, сэрца, зіхоткае, прамяністае, гарэла ўнутры, нават (калі даўжэй засяродзіць позірк) пульсавала.
— Табе паставілі помнік,— з павагай прамовіў плазмоід, праплыў наўкол шкляной фігуры, дадаў: — Вельмі падобны.
Раптам Клён размахнуўся, ударыў малатком. Пырснулі шкляныя аскабалкі.
— Што ты робіш?! — закрычаў плазмоід. А Клён біў і біў, сашчаміўшы зубы і заплюшчыўшы вочы. Ляцела ва ўсе бакі, звінела, трашчала шкло.
— Вось вам,— як закляцце, паўтараў Клён.— Наце... Вось вам... Атрымайце...
Са шкляной фігуры вывалілася, выскачыла сэрца, пазвоньваючы, пакацілася, затарахцела па асфальце. Яно аказалася звычайнай, трошкі падзалочанай бляшанкай. Клён з лютасцю пачаў таптаць яго нагамі.
— Вось вам,— цяжка дыхаючы, казаў ён.
Потым адшпурнуў малаток, сеў на краёк пастамента, заплакаў. Плазмоід як бы з нейкім спалохам завіс у яго над правым плячом. Шалеючы, выў вецер.
— Пойдзем да той жанчыны,— нарэшце сказаў плазмоід.
— Дзе Вера? — устрапянуўся, ажыў Клён.— Вядзі!
Яны паімчаліся праз шэры світальны туман — уперадзе, нізка над зямлёй, ляцеў плазмоід, следам за ім бег Клён. У гэтым імклівым руху было ягонае выратаванне, суцяшэнне, самазабыццё. Яму здавалася — спыніся вось зараз, проста прымарудзь, і адразу памрэш. Ён не ведаў, адкуль узялося такое адчуванне, але яно было, жыло ў кожнай клетцы цела. А яшчэ ён уцякаў ад сябе ранейшага, учарашняга, ад сябе наіўна-зялёнага, які глядзеў у рот дарослым, прымаючы на веру кожнае іхняе слова. У гэтым бегу ён нанова нараджаўся. Так нараджаецца малады жытнёвы колас, выплываючы вясной з цёплай зямлі.
Яны прыпыніліся на зарослым дрэвамі і хмызняком беразе возера Маладзёжнага.
— Дзе Вера? — задыхана і нецярпліва спытаў Клён.
— Вось яна,— адказаў плазмоід, з нейкай нерашучасцю набліжаючыся да маладой ліпы, што стаяла над самай вадой.
Цёмныя хвалі нястрымньш бурлівым ланцугом ішлі з туманнага возера і клаліся каля самых каранёў ліпы, ужо трохі падмытых вадою. Трымцела зялёнае вільготнае лісце. Чуўся трывожны і няясны шум, у якім была сама патаемнасць.
— Дзе ж Вера? — са злосцю азірнуўся Клён.
— Яна перад табой.
— Ты хочаш сказаць, што вось гэтае дрэва, гэтая ліпа і ёсць... Вера Хрысцінюк? — уздрыгнуў голасам, перайшоў на шэпт Клён.
— Так. Яна была ў Доме Пераўтварэнняў у доктара Метэора. Яна вельмі-вельмі прасіла, каб доктар дапамог ёй прыблізіцца да Радаслава Буслейкі. Яна моцна кахала Радаслава і, калі ён загінуў, не магла жыць без яго. Вельмі-вельмі прасіла Вера, і Метэор здаўся — ён ператварыў яе ў ліпу, любімае дрэва Буслейкі. Уначы, патаемна ад людскіх вачэй, яе вывезлі з Дома Пераўтварэнняў у крытым грузавіку і пасадзілі менавіта на гэтым месцы. Некалькі гадоў назад якраз тут упершыню ўбачыла Вера Хрысцінюк Радаслава, які займаўся ў вадналыжнай секцыі.
— Чалавека ператварылі ў дрэва! — усклікнуў уражаны Клён.— Хіба можна такое рабіць?
— Гэта пакуль што забаронена. I доктара Метэора неўзабаве будзе дапытваць Суд Сумлення ў Доме Народаў. Нехта з персанала ўсё-ткі данёс на доктара. Але ж ты не будзеш адмаўляць той факт, што на шчаслівай планеце Зямля ўсё яшчэ ёсць самазабойцы, якія добраахвотна спыняюць сваё жыццё.
— Я ведаю пра такое,— згадзіўся Клён.
— Хіба магла жыць Вера, калі не стала Радаслава? Магла, але гэта была б ужо зусім іншая жанчына, а не Вера Хрысцінюк. Доктар Метэор доўгі час думаў над гэтай складанай, над гэтай трагічнай праблемай і нарэшце прыйшоў да канкрэтнага яе вырашэння, якое ён назваў «трэцім варыянтам». Як ты ведаеш, да самага апошняга часу ў Доме Пераўтварэнняў людзей, што дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту, маглі на некалькі гадзін пераўтвараць у цеплакроўных млекакормячых, у птушак і рыб, а таксама пераносіць іх у мінулыя эпохі. «Трэці варыянт» — новае слова ў канцэпцыі доктара Метэора. Па ўласным жаданні чалавек можа стаць дрэвам, кветкай, іншай раслінай. Яшчэ з грэчаскіх міфаў вядомы юнак Нарцыс, які зрабіўся прыгожай кветкай. Вельмі часта ператвараліся ў бярозу або каліну героі славянскіх казак. Усё гэта, вядома ж, невыпадкова. Але ў «трэцяга варыянта» маецца істотны недахоп.
— Які?
— У сваім змененым стане чалавек будзе знаходзіцца не менш пяці гадоў. Не менш.
— Значыць, Веру Хрысцінюк я змагу ўбачыць толькі праз пяць гадоў? — засмучана спытаў Клён.
— Так,— адказаў плазмоід.— А за гэты час можа надарыцца ўраган, можа ўдарыць маланка або звычайная сякера.
— Вера,— усхвалявана сказаў Клён, падышоў, пагладзіў рукамі свежую кару, прытуліўся да яе шчакой, зноў прамовіў з дрыготкай у голасе: — Вера...
Маладое дрэва зашумела ўсёй сваёй лістотай. Бліскучыя кроплі расы («слёзы»,— падумаў Клён) пасыпаліся на зямлю, на рукі, на твар. Сонечны прамень, успыхнуўшы на небасхіле, абвясціў усяму жывому, што пачынаецца новы дзень.
— Вера, я буду прыходзіць сюды. Я нікому не раскрыю тваю тайну. Але ты беражы сябе,— горача гаварыў Клён, і яму хацелася плакаць і адначасова спяваць і слухаць-слухаць гамонку зялёных круглаватых лістоў.
3 берага возера Маладэёжнага адразу ж накіраваліся ў заапарк. Ужо зусім развіднела, натоўпы людзей пацяклі па вуліцах, і таму плазмоід ператварыўся для маскіроўкі ў надзіманы паветраны шарык ярка-зялёнага колеру. Клён трымаў яго за шаўковую нітку, а сам ехаў на веласіпедзе. Праблемы з транспартам не было. У самых розных кропках горада ў спецыяльна адведзеных месцах стаялі аўтамабілі, матацыклы, веласіпеды, ролікавыя канькі. Чалавек прыходзіў, апускаў у аўтамат пластмасавы жэтон са сваім прозвішчам і адрасам і браў тое, што яму падабалася. Затым, зрабіўшы справу, прыпаркоўваў аўтамабіль або іншы транспартны сродак на любой гарадской стаянцы.
— Навошта я табе патрэбен у заапарку? — пацікавіўся плазмоід.
— Будзем вызваляць караля жывёл Аюса Першага. Быў такі на планеце Вар.
— Я ведаю пра яго,— сказаў плазмоід.
— Яшчэ лепш, калі ведаеш,— павесялеў Клён.— Быў Аюс мудрым каралём, з людзьмі і жывёламі размаўляў, а на Зямлі, на самай-самай шчаслівай планеце, раптам анямеў. Не разумеюць яго зямляне. А можа, не хочуць разумець. Як ты лічыш?
Але плазмоід не адказаў, бо ў гэты самы момант з расчыненага акна аўтобуса, які на поўнай хуткасці абагнаў Клёна, вытыркнулася тонкая дзіцячая рука.
— Які прыгожы шарык! — весела крыкнуў хлапчук-скарыніч з бел-чырвона-белым гальштукам на шыі і хацеў схапіць нітку, ды плазмоід увільнуўся.
Ужо на паўдарозе Клён раптам прыпыніў веласіпед.
— Мы вызвалім Аюса, а што далей? — раздумліва сказаў ён.— Дзе знайсці яму прытулак? У катэдж не павязеш, ды я й сам да бацькоў не вярнуся. Кепска, што няма Радаслава з Верай — яны б параілі. Але ёсць, дарагі мой плазмоід,— ён хітравата зірнуў на плазмоіда,— Метэор, доктар Метэор. Так што паварочваем аглоблі і шпарым у Дом Пераўтварэнняў.
Доктар Метэор парывіста пайшоў насустрач Клёну, як толькі той адчыніў дзверы ягонага кабінета.
— Вітаю цябе, малады чалавек,— усхвалявана прамовіў ён, моцна абняў Клёна за плечы, пасадзіў на чорную скураную канапу, сам адступіў крыху ўбок, пачаў уважліва разглядаць госця. Ад такога пільнага, здавалася, усёпранікальнага позірку Клён сумеўся.
— Малайчына ты. Чуў пра цябе,— гаварыў між тым доктар.— Бачу душу тваю. Моцная. Светлая. Гэта ты разбіў помнік самому сабе?
Клён кіўнуў галавой.
— Юрысты б сказалі, што гэта — хуліганскі акт, і былі б недалёка ад ісціны. Але асабіста я твой учынак лічу высокамаральным і грамадзянскім. ВЭП, і гэта ўжо шмат для каго не сакрэт, пакрысе пакрываецца тлушчам, лакам, пазалотай. Калі гэтак пойдзе далей, на планеце зноў з'явяцца новыя правадыры, новыя генералісімусы, новыя маўзалеі. Няўжо стагоддзі не навучылі нас?
Доктар Метэор закрыў смуглымі ў чорных валасінках рукамі вочы, амаль застагнаў.
— Ты быў на Вары,— казаў ён далей.— I твае сябры, якіх сёння ўжо няма, там былі. I вось нашы дамаседныя мудрацы распускаюць чуткі аб вірусе з планеты Вар. Хлусня! Ніякага віруса няма, хлопчык. Ёсць сум аб ідэале. Зразумеў? Ёсць неадольны чалавечы сум аб ідэале, аб вышэйшым прызначэнні людской расы. У чьга яно? Дзе яно? Хто і што кліча нас уперад? Вельмі няпростыя, скажу я табе, пытанні. Ёсць такая прымаўка: «Анёлы і чэрці ніколі не старэюць». Дык вось пытанні аб прызначэнні чалавечым вечна маладыя, заўсёды актуальныя, ім не дадзена пастарэць. Асабліва ў наш час.
— Шаноўны доктар, дапамажыце вызваліць Аюса,— уставіў нарэшце сваё слова Клён і расказаў Метэору аб злых прыгодах караля жывёл.
— Гэта трэба зрабіць неадкладна! Неадкладна! — узгарэўся, закрычаў Метэор.— Вось яшчэ адно пацверджанне таго, што наша праслаўленая цывілізацыя робіцца глухой і бессардэчнай. Пытаеш, куды яго завесці? У Тоўсты Лес. У РРР — Рэгіён Рэвалюцыйных Робатаў. Яны, робаты, толькі людзей не пускаюць у Тоўсты Лес. Грузавік я дам. Сам сяду за руль.
Ён узбуджана захадзіў-забегаў па кабінеце. Потым спыніўся, пляснуў сябе далонямі па лысай галаве.
— Мяне праз тыдзень будуць слухаць на Судзе Сумлення. Будуць дапытвацца, куды і як знікла Вера Хрысцінюк. Я ім скажу! Я скажу: «Паважаныя суддзі, яна не знікла, бо яна кахае. Разумееце? Яна кахае, і гэтае каханне робіць яе вечнай. Ці кахалі вы? Праз пяць гадоў яна вернецца ў ваш, у наш тлум і смурод і, магчыма, навучыць усіх нас чысціні, чалавечнасці. А сёння ўсе мы, паважаныя спадары суддзі, згубілі памяць. Трэба неадкладна вярнуць яе, нашу памяць. Цалкам. Усю. Не толькі аб добрым і прыемным.
Вочы ў доктара Метэора натхнёна заблішчалі. Ён, быццам змоўшчык, перайшоў на шэпт:
— У Тоўстым Лесе, дзе паселіцца наш Аюс, ёсць, кажуць людзі, Зялёная Постаць. Яна знаходзіцца ў дрыгве, не падступіцца. Робаты, воўкасабакі і балогы навечна перакрылі шлях да яе. Кажуць людзі, што той, хто хоць аднойчы б убачыў Зялёную Постаць, пачуў яе голас-звон, вярнуў бы ўсім нам памяць. Не кніжную, не кіношную і тэлевізійную, а памяць крыві, памяць душы, памяць пакаленняў. Так не хапае нам сёння гэтай жывой памяці.
Метэор заплюшчыў вочы.
— Доктар! — Ускочыў са свайго месца Клён.— Дапамажыце мне!
— Што такое? — занепакоіўся, паклаў яму рукі на плечы Метэор.
— Дапамажыце адшукаць Зялёную Постаць.
— Але як? Пра што ты гаворыш? Там жа — РРР, Рэгіён Рэвалюцыйных Робатаў. Метэор сумна засмяяўся, сказаў:
— Супакойся, хлопчык.
— Ператварыце мяне ў пчалу,— цвёрда, патрабавальна зірнуў яму ў вочы Клён.— Вы ж усё можаце. Загінуў Радаслаў. Адышла Вера. Я — апошні, хто быў на планеце Вар. Я хачу быць такім, як яны. Вы сцвярджаеце, што няма віруса планеты Вар. Не буду з вамі спрачацца. Але вы самі пісалі пра пакаянне і ахвяру. Я чытаў. Я ўсё чытаў, што вы пісалі. Я адчуваю, што мне сёння добрая сотня гадоў,— столькі я перажыў і перадумаў.
— Табе яшчэ няма шаснаццаці, хлопчык,— ціха, стараючыся захаваць спакой, хоць голас уздрыгваў ад хвалявання, прамовіў Метэор.— Закон ВЭП забараняе такім, як ты, пераўтварацца. Гэта небяспечна, вельмі небяспечна. Ты проста не выйдзеш на плюсавое пераўтварэнне. Зразумеў?
— Ператварыце мяне ў пчалу,— стаяў на сваім Клён, ужо нават з нейкім выклікам і пагрозаю.— Я знайду Зялёную Постаць, я адкрыю яе тайну. Вы ж самі толькі што казалі, што планеце і ўсім людзям не хапае жывой памяці. Паверце, я не баюся, бо ўжо даўно рыхтаваў сябе да нечага падобнага.
Увесь гэты час доктар Метэор з разгубленасцю, здзіўленнем і радасцю глядзеў на яго і, сашчапіўшы рукі, пахрустваў доўгімі пальцамі.
— Вы казалі аб чалавечым прызначэнні,— працягваў Клён.— Калі я нават не вярнуся, я буду такі шчаслівы... Я хачу, каб жыла наша планета, жыла Беларусь. Ператварыце мяне ў пчалу, і міма робатаў і воўкасабак я пралячу ў РРР, усё зраблю...— Ён ледзь не плакаў.
— Хлопчык, мілы, я не магу,— пачаў быў доктар Метэор, але раптам апусціўся на калені, узяў Клёнавы рукі ў свае, глухім пераселым голасам сказаў: — Кляруся табе, што ты станеш пчалой і зноў выйдзеш на плюсавое пераўтварэнне. Клянуся, што я разаб'юся ў пыл, буду начаваць у лабараторыі, але прыдумаю, знайду шлях і спосаб твайго вяртання. Толькі трэба будзе чакаць, чакаць і спадзявацца. Вытрымаеш? Я ж, клянуся, датуль не памру, пакуль не адшукаю спосаб твайго вяртання.
...Ён зрабіўся пчалой, ён ляцеў у Тоўстым Лесе. Для таго каб сабраць адзін кілаграм мёду, яму патрэбна было праляцець трыста тысяч кіламетраў, сесці на дваццаць мільёнаў кветак. Гэта было вышэй ягоных сіл, ды ён, вядома, і не імкнуўся да такіх лічбаў і рэкордаў. Галоўнай мэтаю заставалася Зялёная Постаць. Ён бачыў зграі воўкасабакаў — ашчэраныя пашчы, з якіх цячэ шэра-жоўтая сліна, вострыя зубы, шалёныя вочы... Там, дзе праходзіла, прабягала такая зграя, знікала на нейкі час усялякае жыццё. Недзе праз суткі ён убачыў, як да самага памежку балота пад'ехаў блакітны тупарылы грузавік, як з кабіны выйшаў стомлены доктар Метэор разам са сваім напарнікам (плазмоід лётаў над імі), адчыніў фургон, выпусціў Аюса. Адразу ж адусюль павытыркаліся насцярожаныя робаты — з кустоў, з-пад карчоў, адзін вылез нават з капы сена, і зеленаватыя віхурыстыя касмылі тырчалі на ягонай галаве і спіне. Аюс нетаропка пайшоў у балота. Доктар Метэор памахаў яму рукой, пастаяў і паехаў у бок Менска.
Аюс усвідроўваўся ў хмызнякі, у рудую вострую асаку, у прахалоду чорнай твані. Пчала настойліва ляцела за ім, дзумкала амаль каля самага вуха, Некалькі разоў ён трасянуў галавою, але яна не адставала. Тады ён лёг у ваду, схаваўся ад пчалы...
Клён паляцеў у глыб дрыгвяністага кустоўя, ды раптам пачуў стрэл, другі. Чалавек высачэннага росту (гэта быў Гром Стралковіч), сціскаючы ў руках карабін, стаяў па калені ў вадзе, нешта крычаў і пляваўся з найвялікшай злосцю. Аюс, агаломшаны, разгублены, уцякаў у балота. Кроў чырванела на спіне.
Зялёную Постаць Клён адшукаў на схіле дня, калі сонца, як залацістая рыба-плотка, клалася ў лясное чорнае возера. Мяккія прамяні асвятлялі зацішны куток, дзе яна стаяла. Паўсюдна валяліся кавалкі і кавалачкі патрушчанай чырвонай цэглы. Налятаў вецер, і пацямнелы ад часу медны звон, які быў прымацаваны да такога ж пацямнелага дубовага крыжа, ажываў.
— Бу-ум... Бу-у-ум...— расцякалася ў глухія балотныя абшары.
Здавалася, крычыць, галосіць, плача невядомая людзям птушка з далёкіх даледавіковых эпох.
Гэта быў помнік. Ён шчыльна, нібы кажухом, аброс мохам, лішайнікам, нейкай бурай травой, нават шумналістая бярозка прыляпілася да яго. Колькі гадоў стаяў гэты помнік? Сто? Трыста? Чыю памяць павінен быў ён зберагаць?
Клён, адчуваючы, як горача тахкае ў грудзях сэрца, пачаў павольна-павольна лётаць вакол забытага помніка, вывучаць тое, што хавалася ад вачэй. Гэта, мяркуючы па ўсім, была жанчына, беларуская сялянка, у даўгаватай спадніцы, з вянком на галаве. На руках яна трымала дзіця, пяшчотна гарнула яго да сябе моцнымі, аголенымі па локаць рукамі.
Клён апусціўся ніжэй, і на вышчарбленым ядавіта-зялёным пастаменце, абмацваючы амаль кожную літару, прачытаў пад тоўстым покрывам моху: « Тут пахаваны жыхары вёскі Дубовы Лог Іван і Антон Рындзічы, Мар'я Крот, Ганна Цецяронак, Васіль Клепча, Р. Храпка і Лявон Мацюшонак, якому было пяць гадоў. Іх спалілі ў школе. 1941 — 1945 гг.».
Зашумеў вецер. Зацерусіў дождж. На лес і балота насоўвалася цемра. Глуха ўдарыў звон. Гук быў марозлівы, трывожны, Клён бачыў, як хвошча дождж па каменнай жаночай галаве. Вось вадзяныя крошіі прабілі дзірачку праз зляжалы мох і, падалося, што адтуль, з глыбіні, бліснула жывое цёплае вока.
Схаваўшыся ад дажджу, Клён глядзеў на Зялёную Постаць і думаў. Калісьці, шмат стагоддзяў назад, на гэтай зямлі грымела вайна, Тут спалілі нявінных людзей, спалілі пяцігадовага Лявона Мацюшонка. Пэўна, тут былі вясковыя могілкі, а вёска стаяла зусім побач. Звон, што вісеў на крыжы, чулі ў хатах. Нараджаліся дзеці. Забылася вайна. А потым узняў свой ядзерны меч Чарнобыль. I людзі пакінулі лясную вёсачку. Назаўсёды. Струхлелі хаты, прыйшоў на вясковую мурожную вуліцу лес, у адзіным калодзежы пасяліліся балотныя жабы. Жыццё спынілася. Жыццё пералілося ў іншыя формы...
«Чаму мне так сумна і так добра?» — думаў Клён, летучы раніцой над лесам, над балотам, над зялёным лугам, Сонца распырсквала ва ўсе бакі гарачае золата сваіх прамянёў. Падсыхала, цямнела зямля.
Ён дакрануўся да памяці, зазірнуў у крыніцу, знайшоў выток... Ён перайначыўся, адчуў сілу сваёй зямлі і аб гэтай вечнай сіле раскажа ўсім.
Недзе чакалі яго шумныя гарады, людныя плошчы, матчыны слёзы. Ён паляціць, панясе вестку аб тым, што ўбачыў і што зразумеў. Яго будуць слухаць і будуць верыць яму. А пакуль — шуміць зялёны лясны вецер, блішчыць, люструецца рака, пахне суніцамі і цёплым сенам.
Ляці, пчала.

 

Колькасць прачытаўшых: 2360
Колькасць вогдукаў: 6

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007