Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Аб чым гаварылі шаравыя маланкі (частка V)

Перад вылетам усіх стрэсаператараў і тэхнікаў (Лех Патоцкі дазволіў ляцець дваццаці пяці чалавекам) сабралі на інструктаж. Вёў яго прадстаўнік Сусветнага Саюза Стрэсаператараў, высокі прыгожы негр, валасы ў якога былі ў найдрабнейшых завітушках.
— Я зайздрошчу вам,— сказаў кучаравы смольнаскуры прадстаўнік.— Адна справа — сачыць за экранамі і камп'ютэрамі, зусім іншае — самому сутыкнуцца з СЦ. Усюды і заўсёды прашу памятаць, што вас пасылае наш саюз, можна сказаць, лепшы прафесійны саюз планеты. Саламон у прытчах навучаў: «Не адхіляй вуха свайго ад слухання законаў». I вы будзьце дысцыплінаванымі, уважлівымі, падпарадкоўвайцеся загадам вайсковых кіраўнікоў.
— Мараліст,— скептычна ўсміхнуўся Карл Гакенхольц, які сядзеў побач з Буслейкам.
— I збірайце ўсю даступную вам інфармацыю аб СЦ,— вёў сваё прадстаўнік,— не прапускайце ніводнай дробязі. Упершыню пасля Чыкага Вялікі Жах выступіў такім шырокім фронтам. Чаго ён дамагаецца? У чым сэнс яраснай атакі? На жаль, мы пакуль што не можам даць адказ на гэтыя пытанні. Хацелася б верыць, што з-пад Менска вы пастараецеся прывезці адказ. Жадаю вам усім шчаслівага вяртання. Жывуць Сонца і Кісларод!
Паляцелі ў дапатопным транспартным самалёце, які, калі верыць чуткам, мірна дажываў век у вайсковым музеі і быў падобны на сучасныя рэактыўныя аэробусы, як курыца на арла. Моцна калаціла, падкідвала на паветраных ямах.
— У нашых продкаў страўнікі былі здаравейшыя,— сказаў Карл, убачыўшы, як некалькі пазелянелых дэсантнікаў нахіліліся, быццам па камандзе, над гігіенічнымі пакетамі. Дый сам ён надта ж кісла моршчыўся і ўздыхаў. Але як бы там ні было, прызямліліся на шурпатай бетонцы Старога Смалявіцкага аэрапорта.
Іх ужо чакаў капітан рэспубліканскіх гвардзейцаў, які трымаў над сабой чорны парасон, бо церусіў дожджык.
— Капітан Хвалібог,— адрэкамендаваўся ён.— Буду, так сказаць, вашым гідам.
— Капітан, што тут у вас робіцца? — на правах земляка адразу ж задаў пытанне Радаслаў.
— У якім сэнсе? — не зразумеў, ускінуў тонкае брыво Хвалібог. Пэўна, яму падалося, што маецца на ўвазе нейкае ягонае асабістае ўпушчэнне, а ён, мяркуючы па ладнай падцягнутай фігуры, па ўпэўненасці рухаў, службістам быў хвацкім.
— У сэнсе Старой Цывілізацыі,— не дужа ветліва ўмяшаўся ў размову Карл, бо дождж гусцеў, лупцаваў па бетонцы, а дзвюх машын-амфібій, якія меліся сустракаць стрэсаператараў у аэрапорце, пакуль што і духу не было.
— Ах, вы пра СЦ,— адразу ж павярнуўся да Карла Хвалібог і адразу ж далікатненька запіхнуў яго пад свой вялізны парасон.— Мая рота гвардзейцаў забяспечвае ахову аэрапорта. У нас, як бачыце, усё спакойна. А там,— ён махнуў рукой у чорнай скураной пальчатцы на захад,— гарыць і грыміць. Вядома, я і мае арлы хацелі б знаходзіцца там, але загад ёсць загад. Мінут дваццаць назад, якраз перад вашым прылётам, прыехалі людзі з сельскагаспадарчых кааператываў і з хутароў. Адзін нават на трактары прыгрукацеў. Усе ў сажы. Ёсць абпаленыя. I адкуль толькі ўзялася гэта брыдота? Жылі дзяды-прадзеды, нічога не ведалі, былі гаспадарамі планеты, а мы атрымалі кукіш з макам — аб'явілася, бачыш ты, нейкая Цывілізацыя. Цьфу ты.
Хвалібог плюнуў.
— За ўсё трэба плаціць, капітан,— строга і павучальна, як школьніку, сказаў яму Радаслаў.
— За што плаціць? — не зразумеў Хвалібог.
— За ўсё. За кісларод і вадарод, за ссечаныя лясы, за рукатворныя пустыні, адным словам, за жыццё, наша чалавечае жыццё. Бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы.
— Пры чым тут мышалоўка? — пакрыўдзіўся капітан, але ў гэты самы час рэзка завуркаталі маторы — падышлі дзве амфібіі, пафарбаваныя ў балотна-зялёны колер. Стрэсаператары разам з Хвалібогам і некалькімі гвардзейцамі апранулі тэрмастойкія чырвоныя касцюмы, узялі лазерныя карабіны-бластэры, процівагазы, ракетніцы, сапёрныя рыдлёўкі, дынамітныя шашкі, селі ў пасажырскія адсекі хуткаходных машын. Пабеглі насустрач лугі, пералескі, палявое шматкалоссе. Усё выразней адчуваўся трывожны горкі пах дыму. Пот цёк па шчоках. На беразе Пятровіцкага вадасховішча спешыліся. За вадасховішчам, на захадзе, гарэў пасёлак Сокал. Было бачна, як мітусяцца там людзі, як бегаюць перапалоханыя коні і каровы. Нястрымны вогненны вал каціўся адтуль. I толькі птушкі, бестурботныя дзеці паветра, весела высвіствалі свае песенькі.
— Што ім трэба? — ціха, як бы ў самога сябе, спытаў Радаслаў Буслейка. Меў ён на ўвазе, вядома, не галасістых птушак, а шышкагаловых ружоваскурых людзей, пехацінцаў Старой Цывілізацыі, якія з боку Сокала набліжаліся да вадасховішча. Іх было сотні дзве. Вогненны вал, дыяметрам каля метра, пагрозліва рухаўся следам за імі. Гарэлі лугавыя хмызнякі і трава.
— Напалеон неяк сказаў: «Ва ўсяго ёсць мяжа, нават у нянавісці». Але дзе мяжа тут? I з кім мы маем гонар скрыжаваць шпагі?
Гэтыя словы глыбакадумна прамовіў Карл Гакенхольц. Ён трымаўся поруч з Радаславам і ўжо з няспешлівай нямецкай грунтоўнасцю дзёўб сапёрнай рыдлёўкай зямлю — капаў акоп.
— Вадасховішча ім не фарсіраваць! — закрычаў капітан Хвалібог.— У вадзе гэтыя яшчаркі адразу ж, пускаючы бурбалкі, пойдуць на дно! Усім акапвацца!
Заскрыгаталі рыдлёўкі, уразаючыся ў зямлю. Кожны стараўся зрабіць сабе сховішча як мага хутчэй. А шышкагаловікі (такая мянушка адразу прыклеіларя да салдат СЦ) тым часам былі ўжо каля самай вады. Спыніліся, і вогненны вал спыніўся разам з імі і нават паменшаў, нібы збіраўся патухнуць.
— Што я казаў? — весела засмяяўся капітан Хвалібог.
У гэты час нешта свіснула і ў правую руку яму, якраз у далонь, якую ён хацеў сціснуць у кулак, каб пагразіць шышкагаловікам, упілася невялікая чаратовая страла з касцяным наканечнікам. Капітан разгублена пазіраў на яе.
— Дык гэта ж дзікуны, госці з каменнага веку,— сказаў ён нарэшце, дастаючы стралу.— Бачыце, чым ваююць?
— Ідуць! — закрычалі раптам адразу некалькі чалавек.— Шышкагаловікі пайшлі па вадзе!
Радаслаў Буслейка, які, цяжка дыхаючы і пацеючы, старанна вышкробваў з акопа жаўтапёс, адкінуў убок рыдлёўку, уталопіўся позіркам у процілеглы бераг. Відовішча ўражвала. Салдаты СЦ, насуперак бадзёраму прагнозу капітана Хвалібога, пачалі фарсіраваць вадасховішча. Прытым не на лодках і не на пантонах. Яны проста ішлі па люстраной хвалістай паверхні, быццам па цвёрдай зямлі. Здавалася, нечаканыя моцныя маразы ўкавалі ваду і на ёй лёг лёд. Але ж хвалі жвава беглі на жоўты ўзбярэжны пясок і да зімы было дужа далёка.
— Нейкая д'ябальшчына атрымліваецца, капітан,— сказаў Буслейка Хвалібогу, які акапаўся праваруч. Толькі гаваркі капітан чамусьці маўчаў. Калі ж Буслейка павярнуўся да яго, то ўбачыў, што хвацкі ваяка ўткнуўся носам у пясок і... спіць, ды так мірна, так лагодна, як маленькае хлапчанё ў маці на руках. «Страла была са снатворным або атрутай»,— здагадаўся Радаслаў і крыкнуў гвардзейцам: — Цягніце свайго шэфа ў амфібію!
А шышкагаловікі тым часам набліжаліся. Праўда, вогненны вал спыніўся перад самай вадой.
— Камандуй,— нецярпліва сказаў Карл Радаславу.
— Чаму я? — здзівіўся Радаслаў.
— А хто? Капітану сама меней з гадзіну трэба баю-баінькі спяваць. Гвардзейцы, як і паложана, вушамі стрыгуць, каб пачуць каманду ад вышэйшага начальства. А ты ў нас самы галасісты. Камандуй.
«Ну й немец,— падумаў Радаслаў.— Усё ў яго разлічана, узважана і на кожную рыбку свой кручок маецца. А зараз можа адбыцца някепскі бой. Зараз пойдзе, як пісалі аўтары рыцарскіх раманаў, вастрыё супраць вастрыя».
— Падрыхтавацца! — закрычаў ён, са здзіўленнем прыслухоўваючыся да свайго звонкага камандзірскага голасу.— Страляем залпам! Кожны бярэ на мушку бластэра свайго шышкагаловіка! Агонь!
Ярка ўспыхнулі вострыя вузкія прамяні, пракалолі, прашылі паветра. Некалькі шышкагаловікаў — тры ці чатыры — упалі, але не пайшлі на дно, а засталіся нерухома ляжаць на паверхні вады.
— Бластэр сваю дзірачку знойдзе,— задаволена сказаў побач Карл Гакенхольц, і Буслейку раптам не спадабалася гэта ягоная задаволенасць. «Тэўтон, нашчадак тэўтонаў,— падумаў Буслейка.— Кроў для іх калісьці была, як вада. Хаця, ці ёсць у гэтых шышкагаловікаў кроў?»
Плямаў крыві ён, як ні напружваў зрок, не ўбачыў, але і яму, і Карлу, і гвардзейцам адразу кінуліся ў вочы нейкія празрыстыя верацёнападобныя фігуры, якія з'явіліся над целамі забітых. Кожная такая фігура, калі ўважліва прыгледзецца, вылётвала з цемені мёртвага шышкагаловіка і завісала над ім у паветры на вышыні ў пяць-шэсць метраў. 3 целам шышкагаловіка яе злучала дрыготкая вузенькая палоска, падобная на срэбную нітку.
«Старая Цывілізацыя — цывілізацыя капіістаў, капіравалыдчыкаў,— здагадаўся Радаслаў.— Яна слепа, хоць і вельмі таленавіта, капіруе чалавечую цывілізацыю. Вось і гэтыя празрыстыя верацёны, гэтыя астраўкі ранішняга туману не што іншае, як жывая душа, што вылецела са скляпенняў мёртвага цела. Значыць, праўду казалі людзі, якія пабывалі ў абдымках клінічнай смерці і пэўны час глядзелі зверху на сваю нежывую плоць, на ўрачоў і ўсю бальнічную палату. Значыць, ёсць неўміручая таямнічая субстанцыя, ёсць Я, несмяротнае вечнае ядро кожнай асобы, якое жыве ў целе, нібы ў скафандры, у панцыры, а пасля смерці гэтага фізічнага цела-сховішча пакідае яго, каб перасяліцца ў новае».
Тым часам шышкагаловікі пачалі страляніну ў адказ, лішні раз пацвердзіўшы здагадку Радаслава, што яны тыповыя прадстаўнікі цывілізацыі капіістаў. У руках у іх аднекуль з'явіліся цёмныя прадметы, падобныя на славуты аўтамат Калашнікава, і на акопы гвардзейцаў пасыпаўся ярасны град... патронаў. Гэта нават былі не патроны, а іхнія мініяцюрныя каменныя копіі, вядома, без гільзаў і без куль.
— Страляем па «срэбных нітках»!—закрычаў Буслейка.— Дакажыце, гвардзейцы, што вы снайперы!
Праз нейкі міг усе «срэбныя ніткі» былі знішчаны і ўсе мёртвыя шышкагаловікі адразу ж пайшлі на дно, а верацёнападобныя празрыстыя фігуры зніклі, растварыўшыся ў паветры. «Ёсць, ёсць у кожнага жывога чалавека жывая душа,— усхвалявана думаў Радаслаў.— Старадаўнія летапісцы пісалі, што полацкі князь Усяслаў Чарадзей мог ператварацца ў «воблака», у «светлую хмару». Колькі вучоных мужоў лічылі гэты даказаны факт рэлігійнымі забабонамі, мастацкай гіпербалай. А ў князя, які, нібы нікчэмны раб, быў кінуты ў цёмны падземны поруб на брудную салому, уначы лётала (!) душа (!), каб набрацца моцы ад званоў наддзвінскай Сафіі. У рэшце рэшт чалавецтва аказалася куды больш складаным і загадкавым, чым думалі матэрыялісты».
Ацалелыя шышкагаловікі, сустрэўшы супраціўленне, адступілі і разам з вогненным валам па заходнім беразе Пятровіцкага вадасховішча пачалі прабівацца на поўнач, у напрамку пасёлка Волма. Там іх ужо чакалі атрады рэспубліканскай гвардыі і мясцовай самаабароны. Магутныя экскаватары і бульдозеры капалі глыбокі роў. Дачнікі, грыбнікі, хутаранцы і дзеці з аздараўляльных спартыўных школ на аўтамабілях і верталётах спяшаліся ў Менск, Волму, Калодзішчы або проста на Маскоўскую шашу, якая поўнасцю кантралявалася вайскоўцамі.
Нарэшце ачуняў капітан Хвалібог. Відно па ўсяму, яго пёк несуцешны сорам. Такі бравы камандзір, такі эфектны прыгажун, а тут прыляцела з-за вадасховішча нейкая прымітыўная дзікунская страла, дзеўбанула ў белую руку, і адразу, як кажуць, адкінуў капыты, засвістаў носам. Ясна, што віноўніцай канфуза была Старая Цывілізацыя. I на яе адразу ж выліў свой гарачы крыўдлівы гнеў капітан.
— Зямлі захацела, жыццёвай прасторы? — з'едліва загаварыў ён, быццам СЦ уласнай персонаю стаяла перад ягонымі вачамі.— Хопіць табе і столькі зямлі, каб уваткнуць іголку. Адну іголку. I тую ў свой саван.
— Капітан, не трэба раскісаць,— перапыніў яго Радаслаў Буслейка. Стрэсаператар на час адсутнасці Хвалібога, а дакладней, на час ягонага непрадбачанага ніякімі статутамі сна, узяў на сябе камандаванне і быў у глыбіні душы, як кожны самалюбівы чалавек, задаволеяы гэтым, аж тут прачнуўся, працёр вочы няўдаліца-служака і, вядома ж, адразу забраў усю ўладу ў свае рукі.
— Не трэба раскісаць,— паўтарыў Радаслаў.
Хвалібог неўразумела зірнуў на стрэсаператара, варухнуў прыгожымі бровамі, нічога не сказаў.
Хацелі ісці на дапамогу Волме, але па рацыі атрымалі загад камандуючага рэспубліканскай гвардыі генерала Журкевіча неадкладна выступіць у накірунку пасёлка Сосны. Там магла чакацца атака СЦ на ядзерны рэактар Акадэміі навук.
Амфібіі імчалі па нешырокіх палявых дарогах. Усюды было нязвыкла пуста, бо ўсё жывое схавалася. Толькі грамабойныя каржакаватыя дубы смела ўздымалі ў неба галіны-рукі. На вялікай хуткасці перасеклі чорную смуродлівую паласу, дзе да кораня, да самай зяіялі былі спалены трава і збажына. Тут нядаўна каціўся вогненны вал СЦ.
Некалькі разоў нізка над зямлёй непадалёку ад амфібій паказваліся і адразу ж знікалі КЛА ў форме талерак і дырыжабляў. Аднойчы гвардзейцы нават распачыналі страляніну з бластэраў.
— Няўжо дабрыня заўсёды павінна ўраўнаважвацца злом, як жыццё смерцю? — філасофстваваў, седзячы побач з Радаславам, Карл Гакенхольц.— Калі толькі так, то ў чалавецтва і наогул ва ўсёй жывой матэрыі вельмі песімістычная перспектыва. Па падліках амерыканскага астранома Холдэна, выпадковасць узнікнення жыцця на нашай планеце — 1 з 1,3 х 1930. Разумееце? А вераемнасць знікнення ўсялякага жыцця — і не выпадковага, а заканамернага, арганізаванага нейчым хваравітым інтэлектам — у шмат разоў большая. Разумееце? Чалавецтва, як тую траву, касілі чума і халера, войны і сацыяльныя рэвалюцыі, рак і СНІД... Сёння атакуе Старая Цывілізацыя. А што будзе заўтра? Пад якімі нябёсамі прачнуцца нашы ўнукі?
Пытакне засталося без адказу, бо, па-першае, усе пільна сачылі за наваколлем, а па-другое, ніхто не рашаўся рабіцца прарокам, нават Радаслаў Буслейка.
Моўчкі ўехалі ў пластмасавы лес. Ужо каля ста гадоў па ўсёй Зямлі, асабліва ў пустынях і паўпустынях, на выжарынах і няўдобіцах саджалі штучныя дрэвы. Зробленыя з негаручых пластмасавых матэрыялаў, яны ўначы назапашвалі вільгаць і павольна аддавалі яе ў навакольнае паветра днём. Над такімі лясамі сутыкаліся гарачыя і халодныя вятры, пышна раслі хмары, грымелі навальніцы, спорна шумелі дажджы. Каб ва ўсёй красе паўстала новае дрэва, у зямлю заганяўся трубчасты «ствол», а ў яго запампоўвалася пластмасавая пена. Пена гэта расцякалася ва ўсе бакі, ствараючы пад паверхняю зямлі «карэнні» даўжынёй да 20 метраў. На поўдні штучныя дрэвы вельмі падобны на пальму, тут жа, у Беларусі, іх цяжка адрозніць ад маладой невысокай сасны.
У спакайнейшы час нехта абавязкова б пажартаваў: «А ці не пашукаць нам пластмасавых грыбоў?» I нехта, вядома жартуючы, пачаў бы ўзірацца ў траву і мох пад нагамі, дастаўшы з кішэні ножык-складанчык. Але сёння было не да гэтага. Напоўнены дымам лес, лес, дзе ніколі не пачуеш мяккага пошуму дрэў, здавалася, хацеў як найхутчэй вышпурнуць людзей і іхнія машыны ў чыстае поле. А там было толькі адно — дым, трывога...
У Соснах высветлілася, што шышкагаловікі і каля сотні робатаў спрабавалі штурмаваць пасёлак, але былі адбіты. Пакарэжаныя, патрушчаныя робаты валяліся на дарогах і сцяжынках, як самы звычайны металалом. Капітан Хвалібог, чакаючы новага загаду, аб'явіў прывал. Радаслаў Буслейка толькі пачаў вылазіць з амфібіі, як мноства ўсхваляваных і здзіўленых галасоў закрычала:
— Глядзіце! Хутчэй глядзіце на неба!
На небе, на цёмным воблаку, якое, нібы агромністы валун, стаяла над зямлёй, вялікімі чырвонымі літарамі было напісана: «Жыхары адной з намі планеты, прапануем вам заключыць перамір'е». Нясцерпна яркія зіхоткія літары бачылі тысячы, дзесяткі тысяч людзей, і ўсе гэтыя людзі з хваляваннем, з ліпкім халадком на скуры думалі: «Як і хто напісаў такія словы?» Гэты ашаламляльны сваёй нечаканасцю заклік чыталі ў Менску і Барысаве, у Чэрвені і Смалявічах, і ўсюды людзі ўзбуджана выходзілі на вуліцы, на цэнтральныя плошчы і крычалі:
— Перамір'е! Перамір'е!
3 біблейскіх часоў, калі таямнічая рука вывела на сцяне палаца вавілонскага цара суровыя словы, якія прадказвалі смерць і разбурэнне, не сутыкаліся зямляне з падобным відовішчам. Генерал Журкевіч адразу даў згоду на перамір'е, і адразу ж замоўкла страляніна, патух агонь, развеяўся дым.
Усе былі задаволены нечаканай развязкай, і толькі капітан Хвалібог з непаразуменнем глядзеў на неба, дзе беглі воблакі, адны цёмныя воблакі, і пытаў:
— А куды ж яна дзелася?
— Хто? — куточкамі вуснаў іранічна ўсміхнуўся Радаслаў.
— Ды гэтая Старая Цывілізацыя.
— Знікла... Пайшла... Як вада ў пясок.
Хвалібог са злосцю зірнуў на стрэсаператара, палез у камандзірскі люк амфібіі.
Скончыліся баявыя дзеянні, у якіх атрад стрэсаператараў прыняў, можна сказаць, мініўдзел. Амаль усе вырашылі адразу ж вярнуцца ў Татры, і толькі Радаслаў Буслёйка надумаў на дзянёк ірвануць у Менск.
— Дзед з цябе ўсю тваю анархію выб'е,— пачаў прыпалохваць яго Карл.
— Нас жа пасылалі на два дні,— вёў сваё Буслейка.— А ваявалі мы толькі нейкіх пяць гадзін. Менск — мой студэнцкі горад, мая, можна сказаць, першая любоў. Я і з Ніначкай там сустрэўся. Ды ўсёй аператыўнай памяці камп'ютэра не хопіць, каб узнавіць, ажывіць тыя гады, месяцы, дні, мінуты, імгненні. Колькі там перадумана, прапушчана праз душу і мозг. Колькі там пакінута слядоў і слядочкаў, уздыханняў і надзей.
— Я здагадваўся, што ў цябе паэтычнае нутро, але не думаў, што ты такі сіропны сентыменталіст,— сказаў, хітра прыжмурваючы цёмныя вочы, Гакенхольц.— Каб такое пачуў Лех Патоцкі, адразу б закрычаў: «Ідзі ў паэты!» і выгнаў са Стрэсографа. Ды і наконт аператыўнай памяці камп'ютэра ты перабраў — і перабраў, трэба сказаць, нахабна і дужа самаўпэўнена.
— Гіпербала,— згадзіўся Радаслаў.— Куды нам, двухногім і аднагаловым, цягацца з камп'ютэрам. Але павер, дарагі дружа Карл, што ўсё гэта я гавару ад самага шчырага сэрца. Я вельмі люблю Менск і хачу, каб ты таксама ўбачыў яго. А Патоцкі мяне зразумее і даруе.
— Ну, добра, а як ты думаеш вярнуцца заўтра на Стрэсограф? — пачаў здавацца Гакенхольц.
— Праблем няма. Хто-небудзь з сяброў падкіне на самалёце або верталёце. Я ж чалавек кампанейскі, і ў мяне ў Менску мора сяброў.
— Няўжо цэлае мора? — дурасліва выкругліў вочы Карл.
— Не мора, дык вялікае возера.
Яны засмяяліся і пачалі ўпрошваць капітана Хвалібога падвезці іх на амфібіі да Менска. Той катэгарычна адмовіўся.
— Я абавязаны даставіць вас назад, у Смалявіцкі аэрапорт. Я адказваю за падначаленых мне гвардзейцаў і за вас. Так-так, спадары стрэсаператары, за вас.
— А як жа Вялікая Эра Плюралізму? — падкалоў Буслейка.
— Там, дзе пачынаецца асфальт вайсковых гарадкоў, канчаецца плюралізм,— адчаканіў капітан.
Немагчыма было аспрэчваць такую жалезную логіку. Раззлаваны Буслейка і ўсмешлівы, як заўсёды стрыманы Гакенхольц вымушаны былі вярнуцца ў Стары аэрапорт. А там, вядома ж, ніхто не мог дакладна сказаць, калі чакаецца рэйс на Стрэсограф.
— Каб цябе ўдарыла громам па жывату,— успомніў Буслейка прабабчыну кляцьбу.— Пайшлі, Карл, піва піць.
Выпілі халоднага піва з вялікіх бляшанак і засумавалі. У аэрапорце быў відэасалон ”Зялёны Дуб”, дзе суткамі круцілі касмічныя баявікі, але такое дабро мелася і ў Татрах.
Радаслаў плюхнуўся на пластмасавую лаўку, што, не баючыся дажджу і снегу, які ўжо год стаяла ў скверыку, ціскануў кнопку транзістара, уманціраванага ў парэнчу. Загучала беларуская песня, раздумлівая і старая, як неба над зямлёй:
Накапала карэння
3-пад белага камення,
Вымыла ў рацэ,
Адтапіла ў малацэ.
Яшчэ корань не ўскіпеў,
А ўжо мілы прыляцеў.
Словы песні, яе мелодыя і настрой так розніліся з грымучым аэрапортам, з мільготкімі яркімі агнямі, з велізарнымі аэробусамі, якія, цяжка праломваючы нябесны блакіт, упэўнена кіравалі да зямлі, што Буслейка аж задыхнуўся, аж сэрца пякуча зашчымела ў грудзях. Ён узняўся з лаўкі, прыклаў халодныя пальцы да павек і скроняў. Калісьці на месцы гэтага шэрага цвёрдага асфальту быў луг, лужок з першай мяккай травой, з жоўтымі плямамі-ўспышкамі свежай сакавітай лотаці і маленькімі астраўкамі снегу, які таямніча ззяў, пераліваўся брыльянтавым бляскам у месячныя ночы. Калісьці тут булькаталі ручаі, жылі матылькі і стракозы, натхнёна крумкалі ў цёплых лужынах жабы. I нейкая дзяўчына, вядома ж, прыгожая, задуменная, марыла аб сваім каханым. Усё гэта ўладарна выцесніў, змёў з зямлі аэрапорт. Будучым пакаленням застаўся толькі едкі востры пах згарэлай гумы, грамавыя раскаты турбін, перадпалётная туманная туга пасажыраў, якая складаецца з неабходнасці і непрадбачанасці разлукі і з рудыментарнага страху вышыні.
Карл Гакенхольц, прыроджаны немец, таксама ўважліва слухаў песню і амаль разумеў яе. Справа ў тым, што афіцыйнымі мовамі Індаеўрапейскай Канфедэрацыі парламент болыпасцю галасоў абраў латынь і эсперанта. Усе ж астатнія, у тым ліку і беларуская, рабіліся афіцыйнымі па чарзе. Надыходзіў абумоўлены пагадненнем час, і мова на цэлы месяц рабілася афіцыйнан. На ёй (плюс на латыні і эсперанта) друкаваўся «Парламенцкі Веснік», вялі перадачы радыё і тэлебачанне, прыносілі прысягу народам члены парламента, аддавалі загады ў войску. Гэта было выдатным дасягненнем Сусветнага Саюза Моў, хоць напачатку яму моцна перападала ад шматлікіх скептыкаў. Але Саюз дамогся свайго. Ягоныя лістоўкі, якімі ён перад Вялікім Рэферэндумам абклеіў і засыпаў амаль усю планету, пачыналіся так: «Зямлянін! Якімі вачамі глядзіць на цябе Бог? Калі ў цябе чорныя вочы, глядзіць чорнымі, калі ў цябе шэрыя вочы, глядзіць шэрымі, калі сінія — сінімі. Гэтак жа сама Бог размаўляе з табой. Кожная мова, якая толькі жыве пад небам, зразумелая і блізкая яму. Бог размаўляе з табой на тваёй роднай мове».
— Ці доўга мы будзем тут загараць? — незадаволена сказаў Буслейка сябру, калі адгучала песня і зноў настырна палез у вушы нямоўчны шум аэрапорта. Карл толькі паціснуў плячыма.
Тым часам паступова набліжаўся вечар. Дабавілася людзей у «Зялёным Дубе». Лёгкі сіні туманок пачынаў залівапь наваколле. Гледзячы на яго, Карл раздумліва прамовіў:
— Філосаф, не памятаю які, калісьці напісаў: «Туман больш вечны, вячнейшы, чым граніт». Гэта думка, нечаканая і прыгожая, так урэзалася ў памяць, што, як толькі ўбачу туман, вечаровы або ранішні, яна адразу прылятае ў галаву, быццам птушка ў гняздо. Туман вячнейшы, чым граніт. Па-мойму, у гэтых словах — уся філасофія зямнога існавання. Буслейка згодна кіўнуў галавой, ацаніўшы глыбіню і неардынарнасць думкі невядомага філосафа. Раптам позірк ягоны натыкнуўся на двухмесны яркачырвоны верталёцік, што самотна і, падалося, беспрытульна стаяў побач з аўтобусным прыпынкам, крокаў за сто ад іх. У такіх верталётах лётаюць служачыя аэрапорта, палохаючы і праганяючы велізарныя чароды варон. Зараз крылатая машына была пустая. I навошта толькі ўбачыў яе Радаслаў?
— Карл,— горача зашаптаў Буслейка, і вочы страсна заззялі,— прашу цябе маўчаць і падпарадкоўвацца мне. Так-так, дарагі германец, падпарадкоўвацца. Бачыш вунь тую машынку з вінтом? Зараз мы ціхенька падыдзем да яе, плюнем тройчы цераз левае плячо, сядзем і паляцім у Менск, у мой Менск.
— Ды ты звар'яцеў,— не прыцішаючы голасу, адразу ж сказаў Гакенхольц.
— Ціха,— прыклаў палец да ніжняй таўставатай губы Буслейка.— Немцы, як мне вядома, спакойныя, вытрыманыя людзі. Адпавядай жа характарыстыцы свайго народа.
— Пры чым тут народ? — ускіпеў Карл.— Тое, што ты хочаш зрабіць, звычайная крымінальшчына.
— Ціха,— зноў паўтарыў Радаслаў, быццам зацыкліўшыся на гэтым слове.— Я пакіну свой адрас і нумар чэкавай кніжкі. Я згодзен заплаціць любы штраф у любой валюце — захочуць, у індаеўрапейскіх доларах, захочуць, у мясцовых беларускіх талерах. Будзем лічыць, што мы нанялі аэратаксі.
— Ты — дурань,— шпурнуў апошні цяжкі камень спрэчкі Гакенхольц.
— Дзякуй,— галантна пакланіўся Буслейка.— I ўсё-ткі я ўпэўнены, што ты, Карл, як сапраўдны нашчадак гераічных ваяўнічых вікінгаў, пойдзеш за мной.
Спрэчка скончылася тым, што яны, азіраючыся па баках, нібы дзеці, якія лезуць у чужыя яблыкі, падышлі да непрыкаянага верталёта, селі ў яго. Вялікая Эра Плюралізму, калі верыць штогадовай статыстыцы, канчаткова перамагла істотны ў мінулыя часы хіб чалавечага характару — цягу да крадзяжу чужой маёмасці. Маглі ўкрасці дзеці — цацку, цукеркі. Маглі ўкрасці псіхічнахворыя. Але нармальны грамадзянін з самага маленства адносіўся да гэтага рэзка негатыўна. Многія нават не ставілі замкоў на дзвярах сваіх кватэр. Так што, калі гаварыць аб'ектыўна, Радаслаў Буслейка не лічыў і не мог лічыць сябе злодзеем. Проста ён браў патрэбную яму рэч на часовае карыстанне. Праўда, для гэтага неабходна было заручыцца дазволам гаспадара, але гаспадар у дадзенай сітуацыі адсутнічаў, што і засмучала законапаслухмянага Карла.
Радаслаў рашуча сеў на месца пілота, разгублены Карл умасціўся за яго спіной. Праз некалькі імгненняў яны адарваліся ад бетонкі. Верталёт злёгку пахістваўся, быццам адчуваючы чужую руку. Але разагрэўся, весялей залапатаў рухавік, праплыў унізе нейкі лясок, жоўтая стужка палявой дарогі, і Буслейка ўскінуў угору кулак, адтапырыўшы вялікі палец:
— Ляцім!
Усе дарослыя грамадзяне Індаеўрапейскай Канфедэрацыі ўмелі кіраваць аўтамабілямі, верталётамі, спартыўнымі самалётамі, катэрамі, яхтамі і г. д. Навучанне пачыналася з дзіцячага ўзросту, і толькі інваліды вызваляліся ад яго. На чалавека, які (цяжка ўявіць!) не разбіраўся ва ўсёй гэтай тэхніцы, глядзелі б як на дзікуна, што не чысціць раніцою зубы, а не чысціць зубы мог толькі круглы вар'ят.
— Цікава, куды мог знікнуць верталётчык? — уголас разважаў тым часам Гакенхольц.— Ідуць баі з СЦ, аэрапорт працуе ў ваенным рэжыме, а тут — стаіць, кукуе без прыгляду машына...
— Не забывай, Карл, што ты на славянскай зямлі, а не ў Германіі,— весела ўсміхнуўся Буслейка.— Розныя клімат і гісторыя, розныя характары і гены.
— Розныя,— згадзіўся Карл,— толькі верталёт, у якім няма пілота, павінен стаяць у ангары.
Буслейка ўжо з раздражненнем паглядзеў на немца, хацеў сказаць нешта болып едкае і болын цвёрдае, але замест гэтага радасна закрычаў:
— Зірні, Карл, уніз! Мы пралятаем над самым галоўным помнікам Беларусі!
Бронзавая, метраў дваццаць вышынёй, жанчына з мячом у руцэ стаяла на круглым п'едэстале, складзеным з агромністых калявых валуноў. 3 усіх бакоў да яе вялі дарогі і сцежкі, ішлі і ехалі людзі.
— Калі Адольф Гітлер захапіў Беларусь (а было гэта ў першай палове дваццатага стагоддзя), тут знаходзіўся Трасцянецкі канцлагер смерці,— пачаў тлумачыць Буслейка.— Тут забівалі, а потым спальвалі людзей. А некаторых і жыўцом палілі. I вось на гэтым пакутным месцы, можна сказаць, на чалавечым попеле вырашылі паставіць помнік адважнай гордай жанчыне, княгіні Рагнедзе. Народ заве гэты помнік «Маці Беларусь».
Гакенхольц, уважліва слухаючы Буслейку, неадрыўна глядзеў на велічны помнік.
— Рагнеда ўзняла меч за сваю зямлю і свой род. Ва ўсёй даўжэзнай гісторыі чалавецтва мала знойдзецца такіх жанчын. Ільвіца і перапёлка. Прыгажуння і нябесная грозная маланка. Княгіня і рабыня. Вялікая вечная маці гордых і мужных. Такой жыве і заўсёды будзе жыць у народнай душы Рагнеда. Калі я гляджу на гэты помнік, я ганаруся, што я — беларус. Разумееш, Карл?
— Чаму ж не зразумець? — адказаў Гакенхольц.— Я, напрыклад, ганаруся, што нарадзіўся немцам. Гэта абсалютна здаровае, абсалютна натуральнае пачуццё. Мяне дзівіць, што калісьці слова «нацыяналіст» лічылася абразлівай лаянкай. Што дрэннага ў тваёй або маёй любові да сваёй нацыі, асабліва калі гэта любоў спалучаецца з павагай да іншых народаў? Кожны ўплятае яркую нітку ў велізарны дыван чалавецтва, у тым ліку, і арыйцы — славяне і германскія плямёны. Так было, так будзе.
— Так будзе,— паўтарыў следам за ім Радаслаў і зірнуў на свой наручны біялагічны гадзіннік. Гэта быў апошні крык моды. У элегантным, зробленым з беласнежнай марской ракавіны корпусе змяшчалася некалькі калоній мікраарганізмаў, што ў залежнасці ад часу мянялі свой колер. Зараз цыферблат меў колер маладой зялёнай лістоты — значыць, было семнаццаць гадзін.
Раптам з крэслаў, у якіх сядзелі Буслейка і Карл, выскачылі гнуткія моцныя шчупальцы-прысоскі, аплялі рукі і грудзі, ды так, што не паварухнешся. Гэта здарылася імгненна, нечакана, і стрэсаператары на нейкія долі секунды анямелі.
— Верталёт-пастка! — усклікнуў Радаслаў.— Хітра ж нас падчапілі на кручок!
Ён усё спрабаваў вырвацца, выкруціцца з жалезных абдымкаў, але сіла ягоная была куды слабейшая за чужую грубую неадольную сілу. I ён скарыўся, нават з усмешкаю ўспомніў старую народную прымаўку:
— Певень бы і рады не ісці на вяселле, ды за крылы валакуць.
Карл жа, як прыроджаны немец, знешне спакойна сустрэў такую неспадзяванку, адразу ж пачаў аналізаваць сітуацыю, у якую яны трапілі, і каменціраваць яе.
— Вось чаму верталёт быў без экіпажа,— разважаў ён.— Усё гэта, вядома, чарговыя фокусы СЦ. Гэта, як мы і здагадваліся з табою, Радаслаў, цывілізацыя капіістаў, я б нават вобразна сказаў, цывілізацыя фалыпываманетчыкаў. Яна (я быў бы рады, калі памылюся) у сілу нейкіх невядомых звышпрычын не можа ствараць арыгінальнае, прынцыпова новае, а штампуе копіі. Вось чаму яна прайграла нашай чалавечай цывілізацыі, праметэеўскай цывілізацыі, як прыгожа і вельмі дакладна пішуць паэты. Трагедыя Старой Цывілізацыі ў тым, што яна не можа нарадзіць свайго Праметэя, таго, хто здольны на Учынак, на Подзвіг, на Ахвяру і, у рэшце рэшт, на рашучы кардынальны злом стэрэатыпу. Тысячагоддзі яна была ценем, я б сказаў, хітрым ценем нашай цывілізацыі, заўсёды жыла пад маскай, своечасова адступаючы ў змрок, у маўчанне, у забароненую таямніцу. Сёння ж яна атакуе. Чаму?
— Пэўна, таму, што ў яе скончыўся запас устойлівасці, трываласці,— перарваў Карлаў маналог Радаслаў Буслейка.— Яна як бы аганізуе і падобна на параненага звера. Я не браў бы на сябе смеласць называць гэтага звера драпежнікам. Так, яна ваюе, з нечага страляе. Але бывалі выпадкі, калі карова, звычайная траваядная карова, баронячы ад немінучай смерці сваё дзіця, кідалася на ваўкоў.
Ён казаў усё гэта, Карл, згодна ківаючы галавой, слухаў, а шчупальцы-прысоскі, што намертва скруцілі іх, не паслабляліся, і верталёт, зрабіўшы круг над помнікам «Маці Беларусі», упэўнена ляцеў уперад, не губляў вышыню і хуткасць. Трэба адзначыць, што стрэсаператары не адчувалі аніякага страху, былі ў поўнай яснай памяці.
— Нашым верталётам кіруе Невідзімка,— сказаў Радаслаў.
— Падобна,— згадзіўся Карл.— А мне так хочацца яго ўбачыць. Ды чалавечае вока не самы дасканалы інструмент на гэтым свеце. Як казалі старадаўнія мудрацы: «Бог будзе побач, але ты не ўбачыш яго».
— I ўсё-ткі я шмат бы што аддаў, каб хоць часткова зразумець Старую Цывілізацыю,— сумна ўздыхнуў Буслейка.— Ды дзе там. Мы яшчэ сёння амаль нічога не ведаем пра этрускаў, пра атлантаў...
Ён не скончыў фразу, бо проста ў яго перад тварам, на адлегласці працягнутай рукі, з'явіўся, успыхнуў вельмі яркі малочна-сіні шар велічынёю з баскетбольны мячык. Шар увесь свіціўся, здавалася, позіркам можна было пранізаць наскрозь рэчыва, з якога ён складаецца, але ў самым цэнтры выразна бачылася нешта цёмнае, цвёрдае, стрыжнёвае, нібы насенне ў пераспелым плодзе. Адразу зніклі шчупальцы-прысоскі, вызваліўшы стрэсаператарам рукі. Буслейка з Гакенхольцам пачалі іх расціраць, размінаць, каб аднавіць рух крыві. I тут нечаканы візіцёр загаварыў.
— Асцярожна, жыхары адной з намі планеты,— глуха, з нейкім булькатаннем данеслася ў яго знутры.— Асцярожна, Радаслаў Буслейка і Карл Гакенхольц. Сядзіце спакойна, адчувайце сябе шчасліва і ўпэўнена, не рабіце ніякіх рэзкіх рухаў, ні ў якім разе не спрабуйце дакрануцца да мяне, бо эфект такога дакранання будзе вельмі-вельмі непрыемным для вашых рук і вачэй.
— Ён нас ведае,— здзіўлена прашаптаў Карл.
— Слухайце, жыхары адной з намі планеты,— роўным, як бы бясстрасным голасам казаў далей шар.— Бялковая форма жыцця не адзіна магчымая ў Сусвеце. Існуе жыццё ў плазменнай форме, як нізкатэмпературнай, так і высокатэмпературнай. Я — Плазмоід, прадстаўнік менавіта гэтай формы жыцця, прадстаўнік той цывілізацыі, якую вы называеце Старой. Тысячагоддзі мы развіваліся паралельна з бялковай цывілізацыяй, суіснавалі пад адным небам, але сёння меч пайшоў на меч.
— Навошта ж вы аб'явілі вайну? — горача ўсклікнуў Карл.— Мы ж мацнейшыя, больш арганізаваныя за вас і абавязкова — чуеце? — абавязкова пераможам.
Ён тэмпераментна ўзмахнуў рукамі, і тут пачуўся рэзкі сухі шчаўчок, падобны на той, з якім перагарае электралямпачка. Гакенхольц імгненна абмяк, сутаргі пабеглі па шчоках, твар пасінеў, вочы ледзь не выскачылі з вачніц.
— Я папярэджваў,— сказаў Плазмоід Радаславу.— Але не бойся — твой калега будзе жыць, проста ён страціў прытомнасць і ачуняе праз тры гадзіны.
— Вы, плазмоіды, жорсткія,— ціха прамовіў Радаслаў.
— Мы справядлівыя,— не згадзіўся Плазмоід.— Маё сілавое поле часова падавіла ў твайго калегі жыццёвую энергію, але, паўтараю, ён будзе жывы і здаровы.
— Вы аб'явілі перамір'е,— упарта вёў сваё Буслейка.— Вы аб перамір'і напісалі ў небе, на воблаку — я сам чытаў, і тысячы людзей чыталі. I раптам вы падкідваеце гэты верталёт, гэтага монстра-перавёртыша і мы трапляем у расстаўленую вамі пастку. Як гэта называецца? У нас, у людзей, гэта называецца подласцю.
Пры такіх словах шар з малочна-сіняга зрабіўся чырванаватым, потым шэрым і нібы зменшыўся ў аб'ёме. «Яму сорамна,— здагадаўся Буслейка,— у ім жывуць эмоцыі, падобныя на чалавечыя». I тут аказалася, што плазмоіды, прынамсі той, што быў перад Радаславам, не пазбаўлены пэўнай тэатральнасці, любові да знешніх эфектаў.
— О мая плазменная цывілізацыя! — са слязой у голасе заенчыў шар.— О мая беспрытульная, даледавіковая, пячорная. О дачка туманоў, начных лясоў і маланак. Ты беласкурая, як маладая бярозка пад дажджом. Ты жоўтавалосая, як сухая восеньская трава ў далёкіх лугах, дзе пасвяцца дзікія коні. Ты сінявокая, як адзінокі васілёк, на якім блішчыць халодная раса.
— Перастаньце,— рэзка сказаў Буслейка.— Каму патрэбна ваша танная сентыментальнасць? Адплывіце ці адляціце — не ведаю, як па-вашаму называецца гэта дзеянне,— трошкі ўбок, каб я мог кіраваць верталётам. Я не хачу разам са сваім сябрам разбіцца. Мы, прабачце, бялковыя, а не плазменныя, і не любім падаць з вялікай вышыні.
Адважны беларус прамовіў гэтыя словы, не спускаючы позірку з Плазмоіда. Шар адразу ж раздзьмуўся, набыў ранейшую малочна-сінюю яркасць. Можна было, мяркуючы па ўсім, чакаць ад яго нейкіх рэпрэсіўных дзеянняў. Але ён міралюбна загаварыў:
— Вы, людзі, заўсёды адносіліся да нас з вялікім недаверам, нават не ведаючы, хто мы. Вы болып за ўсё на свеце баіцеся плазмы, агню, нават смерць выбіраеце, абы толькі не забраў вашу жывую плоць агонь. Толькі гэтым я магу вытлумачыць той факт, што ў час пажараў у вышынных будынках чалавек выкідваецца праз акно з дваццатага, з трыццатага паверха і, вядома, разбіваецца ўшчэнт, але не аддаецца полымю. Страх агню запраграмаваны ў вас на ўзроўні генаў.
— Так,— згадзіўся Радаслаў.— У прынцыпе, для чалавека павінна быць усё роўна — памерці ад агню, ад жалеза або вады. Але інстынктыўна чалавек, калі толькі ёсць выбар, выбірае не вогненную смерць. Чаму? Можа, таму, што кара агнём — гэта поўнае, абсалютнае знішчэнне, знікненне, а жывая чалавечая душа заўсёды сумуе па сваёй плоці.
— Я разумею цябе, Радаслаў Буслейка,— з нейкай урачыстасцю сказаў Плазмоід.— Мы, Дзеці Несмяротнай Плазмы, валодаем шчаслівай здольнасцю бясконца, без ніякай шкоды для сябе, мяняць сваю форму і масу. Калі ты ведаеш, у стане плазмы знаходзіцца абсалютная большасць рэчыва Сусвету: зоркі, галактычныя туманнасці, міжзорнае асяроддзе, сонечны вецер. Ты, вядома ж, ведаеш пра гэта. Тут, на планеце Зямля, разумныя плазмоіды вельмі даўно стварылі сваю цывілізацыю. Гэта яшчэ было ў часы Цвіцення Вулканаў, калі над іхнімі грамагалосымі кратэрамі бушаваў бясконцы агонь. Нашы легенды гавораць, што далёкія продкі плазмоідаў прыляцелі з Космасу, з планеты Вар, якую не ведаюць зямныя астраномы. А потым пачалося шматвяковае процістаянне з бялковай цывілізацыяй. А зараз — вайна. Плазмоід упершыню ўступае ў адкрыты кантакт з людзьмі. Я вельмі ганаруся, што мне выпаў найвялікшы гонар ад імя Народа Усіх Сямі Колераў запрасіць Радаслава Буслейку і Карла Гакенхольца на перагаворы з Розумам Народа Усіх Сямі Колераў.
Радаслаў, які з цікавасцю слухаў Плазмоіда, страшэнна абурыўся.
— Запрасіць? Ды нас схапілі, як ястраб хапае курыцу.
Тут малочна-белы шар зноў зрабіўся чырванаватым, а затым шэрым і трошкі зменшыўся ў аб'ёме.
— Іншага варыянту выйсці на кантакт я не знайшоў,— сумна прамовіў шар. Ён здаваўся маленькім хлопчыкам, што нашкодзіў і дужа перажывае сваю віну.
— Навошта ж цябе пасылалі, калі ты такі аднаварыянтны? — кіпяціўся Буслейка.— I яшчэ — чаму менавіта нас, радавых стрэсаператараў, запрасілі, як ты кажаш, на перагаворы з плазмоідамі? Хіба на планеце Зямля няма больш вартнейшых людзей?
Плазмоід пры гэтых словах наліўся сонечнай яркасцю, на вачах павесялеў. Адчувалася, што зараз ён скажа Буслейку нешта прыемнае.
— Розум Народа Усіх Сямі Колераў абраў вас дваіх на перагаворы таму, што аналізы, праведзеныя Кланамі Шаравых Маланак (дарэчы, я сам належу да Клана Сініх Шаравых Маланак), выявілі надзвычайную станоўчую мысліцельную актыўнасць двух інтэлектаў якраз на Галоўным Індаеўрапейскім Стрэсографе ў кабіне нумар дванаццаць. Гэта было самым важкім аргументам на вашу карысць. Мы, плазмоіды, ацэньваем значнасць кожнага жывога не па ўладзе і ўзросце, а па інтэлекту, якім напоўнены ягоны мозг. Прытым інтэлект не павінен быць агрэсіўным.
— Вунь яно што,— аж прышчоўкнуў языком Буслейка.— Залятала да нас з Карлам шаравая маланка ў кабіну. Месяца паўтара назад гэта было. Я яшчэ здзівіўся тады — у нас жа ў кабіне ні акна, ні шчылінкі і дзверы вечна зачынены. А яна, птушачка, з электраразеткі выпырхнула, свежанькая такая, кругленькая. Праплыла ў нас над самымі галовамі, каля майго экрана пакружылася, як бы нешта нюхала, і — назад у разетку. На нас з Карлам як слупняк напаў. I навальніцы ў той дзень быццам бы не чулі, не бачылі.
Буслейка, калі гаварыць шчыра, быў вельмі задаволены, што менавіта іх з Карлам Старая Цывілізацыя палічыла самымі разумнымі, самымі кампетэнтнымі людзьмі Усходняй Еўропы ды і, магчыма, усёй Індаеўрапейскай Канфедэрацыі. У маладым узросце кожны нармальны чалавек у меру славалюбівы, марыць вылучыцца, выдзеліцца, пастаянна быць навідавоку, і не для яго мудрая, горкая, аплочаная нялёгкімі духоўнымі стратамі думка старадаўняга філосафа — «Пражыві непрыкметна». На стрэсаператара нахлынула, накацілася ўдзячнае шматслоўе, ды Плазмоід рашуча перапыніў яго, сказаў:
— Розум Народа Усіх Сямі Колераў чакае Радаслава Буслейку і Карла Гакенхольца. Не хвалюйся, нічога не бойся, але зараз ты будзеш пераведзены ў такі самы стан, у якім знаходзіцца твой калега.
— Я страчу прытомнасць? — занепакоіўся Радаслаў.
— Ты заснеш і прачнешся там, дзе знаходзіцца Розум Народа Усіх Сямі Колераў.
— Але ў мяне слабое сэрца.
— У цябе моцнае здаровае сэрца,— сказаў Плазмоід. Пачуўся ўжо знаёмы Радаславу рэзкі сухі шчаўчок, шар, імгненна сарваўшыся з месца, лёгенька стукнуў стрэсаператара па левым плячы, і Буслейка, унутрана супраціўляючыся, не жадаючы, амаль адразу заплюшчыў вочы.

 

Колькасць прачытаўшых: 2438
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007