Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Аб чым гаварылі шаравыя маланкі (частка VI)

Яны апынуліся ў круглай зале, дыяметр якой складаў недзе пяцьдзесят — шэсцьдзесят метраў. Адзіная масіўная калона стаяла ў самым цэнтры гэтай залы, і вось ля падножжа калоны на высечаных з сіняга каменю сядзеннях ачунялі пасля тэлепартацыі [Тэлепартацыя — перанос цвёрдых цел праз сцены]. Радаслаў Буслейка і Карл Гакенхольц. Дзе знаходзілася зала? Пад зямлёй? У тоўшчы горнай пароды? Ці, можа, у якім-небудзь будынку на вуліцы шумнага горада? Стрэсаператары на гэты конт не мелі ні кропелькі інфармацыі. Вакол калоны, а значыць, і вакол іх, у плаўным карагодзе кружылася незлічонае мноства яркіх малочна-белых шароў. Плазмоіды былі розных памераў: зусім маленькія, маленькія, велічынёю з баскетбольны мячык, а некаторыя — штук трыццаць — дасягалі да паўметра ў папярочніку. Незвычайны танец захапляў сваёй вытанчанай пластыкай і прыгажосцю. Было ў ім нешта ад раўнамернага няўхільнага руху велізарных акіянскіх хваль, ад грацыёзнага палёту буйных бліскучых сняжынак у навагоднюю ноч. Стаяла абсалютная цішыня, адзіным жывым гукам, які ледзь-ледзь парушаў яе, было ўсхваляванае дыханне стрэсаператараў. Радаслаў з Карлам цёрлі кулакамі вочы, глядзелі адзін на аднаго, каб пераканацца ў рэальнасці таго, што адбываецца. Гэта быў не сон, не наркатычнае ачмурэнне. Сотні, тысячы зіхоткіх шароў, падобных на таямнічыя поўні з начных нябёсаў, рытмічна кружыліся наўкола іх, пярэстымі ўзорыстымі карункамі клаліся на калону, на столь і сцены залы плямы залацістага святла і ценю. У бясшумным, бязмоўным руху адчувалася цудоўная ўнутраная музыка, найвялікшы глыбінны сэнс, недаступны, на жаль, чалавечаму мозгу. Гэты, вядома ж, рытуальны танец мог быць імітацыяй урачыстага параду зорак і планет у чорнай бязмежнасці Сусвету або імітацыяй няспынна-вечнага руху атамаў у самым асяродку ўсяго існага, нябеснага і зямнога. Стрэсаператары назіралі за фантастычнай дзеяй моўчкі, бо невядомая ўладная сіла на нейкі час пазбавіла іх мовы. «Дык вось ён — твар Старой Цывілізацыі,— спустошана і разгублена думаў Радаслаў Буслейка.— Вось хто пачаў вайну супроць чалавецтва. Чаго хочуць гэтыя маўклівыя іскрыстыя шары, гэты рой срэбных прывідаў? Недзе паміж іх, пэўна ж, кружыцца і той плазмоід, які захапіў у палон нас з Карлам. Цікава, што ён думае зараз пра нас і ці здольны ён наогул думаць у нашым чалавечым разуменні?»
Радаслаў, узняўшы позірк угору, заўважыў, што столь залы шчыльна пакрыта зеленавата-сівымі кілімамі лішайніку. Адразу прыломніліся тысячагадовыя валуны, статкі мамантаў, лёд і снег, пустэча змярцвелай пад цяжарам ледавікоў зямлі. «Мы знаходзімся ў падзямеллі,— вырашыў стрэсаператар,— бо лішайнікі любяць холад і вільгаць, а такога дабра заўсёды хапае ў падзямеллях. Цікава, з чаго пачыналася гэта зала раней — з картавай пячоры або з катакомбаў, выкапаных чалавечымі рукамі?» Плазмоіды ў нечым здаліся яму падобнымі на першахрысціян, якія, баронячы сваю веру, хаваліся ад Нерона ў такіх жа падзямеллях, дзе ярка нязгасна гарэлі свечкі і паходні. Праўда, была істотная розніца — плазмоіды самаасвятляліря.
Тым часам танец патроху пачынаў заціхаць, запавольвацца. Рухі прыгожых шароў рабіліся вялымі, як бы санлівымі. Нечакана плазмоіды ўспыхнулі колерамі сонечнага спектра і спыніліся. «Вось чаму яны называюць сябе Народам Усіх Сямі Колераў»,— здагадаўся Радаслаў.
Плазмоіды, перагрупіраваўшыся, стварылі сем кругоў. Яны віселі ў паветры над зямлёй на вышыні каля двух метраў. Стаяла мёртвая цішыня, пасярод якой усхваляванае сэрцабіцце і дыханке стрэсаператараў здавалася кашчунным. Трыццаць, як налічыў Радаслаў, самых буйных шароў урачыста,неспяшаючыся, падплылі да калоны, абкружылі яе. Яны знаходзіліся ад стрэсаператараў на даўжыні выцягнутай рукі, не болей, але Радаславу з Карлам ні пахаладнела ні пагарачэла. У плазмоідаў не было вачэй, наогул не было твараў, ды Буслейка адчуваў, як яго абмацваюць пільныя ўсёпранікальныя позіркі, нібы рэнттенаўскія прамяні. На нейкі міг яму нават падалося, што з ягонага цела здымаюць адзенне, кратаюць радзімкі, што густа ўсеялі правы плячук. Прыкра і крыўдна было ўсведамляць сябе ў ролі паддоследнай марской свінкі. Каб вярнулася мова, Радаслаў, вядома ж, запярэчыў бы, запратэставаў, але таямнічая сіла паралізавала галасавыя звязкі. Асабліва цяжка было гаваруну Карлу — у бедалагі аж пот цурчэў па шчоках і цёмныя вочы зрабіліся светла-жоўтымі ад абурэння, падобнымі на гарачую смалу.
Нарэшце, мяркуючы па ўсяму, вывучэнне людзей скончылася. Трыццаць шароў збіліся ў адзін шчыльны гурт, як птушкі ў чараду, як пчолы ў рой. Пачулася лёгкае гудзенне, шыпенне, быццам закіпваў велізарны чайнік, і раптам трыццаць шароў ператварыліся ў адзін агромністы шар. Ён, гэты шар-волат, сеючы вакол сябе нястрымны бляск, узвіўся пад самую столь, прыліп там да густых лішайнікаў і загаварыў. «Гэта Розум Народа Усіх Сямі Колераў»,— зразумеў Радаслаў Буслейка.
— Слухайце, жыхары адной з намі планеты,— загаварыў шар-таўстун.— Вы ўбачылі нас, мы ўбачылі вас. Вы і мы лічым сябе мудрымі, хоць непадобныя між сабою, як вада і агонь. Успомніце ж вашага мудраца Саламона. Вось што казаў Саламон: «Ёсць чатыры маленькія на Зямлі, але мудрэйшыя за ўсіх мудрацоў. Мурашкі — народ нямоцны, ды ўлетку нарыхтоўваюць ежу сваю. Горныя мышы — народ слабы, ды ставяць дамы свае на скале. У саранчы няма цара, ды выступае ўся яна вельмі стройна. Павук лапкамі чапляецца, але жыве і ў царскіх палацах». Чым жа мы, гуманоіды і плазмоіды, мудрэй за гэтых маленькіх?»
Наступіла паўза. Радаслаў адзначыў сам сабе, што занадта квяціста і напышліва мысліць Розум Народа Усіх Сямі Колераў. «Паболей бы яму дзелавітай канкрэтнасці, прагматызму, якія так даспадобы сучасным людзям. Адразу б узяў быка за рогі і сказаў: так і так, вы, паважаныя стрэсаператары, мае палонныя; хоць вы з бялку, а я з плазмы, але мы пакуль што існуем на адной планеце; ад вас мне патрэбна тое і тое. I кропка. А то пачынае з прытчаў пра цара Саламона, пачынае, як некалі любілі гаварыць у старадаўнім Менску, «заліваць».
Пэўна, Розум Народа Усіх Сямі Колераў мысліў порцыямі, своеасаблівымі кулямётнымі чэргамі, бо, пагаварыўшы прыкладна дзве хвіліны, змаўкаў і маўчаў хвіліны тры. «Мысліцельныя працэсы ў яго яўна запаволеныя,— аналізаваў свае ўражанні Радаслаў Буслейка.— Наш ліцэісцік з трэцяга-чацвёртага класа папросту можа пацягацца з ім, ужо не кажучы пра нашы камп'ютэры».
— Мы, плазмоіды, аддалі вам пальму першынства,— працягваў вялізны плазмоід.— Ваша маладая цывілізацыя больш прыстасавана да прыродных умоў планеты Зямля. За вамі будучыня, вядома, няпростая, складаная, шмат у чым трагічная, але будучыня. Мы ж сёння (і аб гэтым мы ўпершыню гаворым адкрыта) вымушаны сысці з авансцэны. Але запомніце: у гісторыі не бывае лішніх старонак. Адзін з трыццаці правадыроў Народа Усіх Сямі Колераў па імені Пра Мет Э калісьці навучыў вашых дзікіх прашчураў карыстацца агнём.
Наступіла чарговая паўза. Радаслаў з Карлам бязмоўна пазіралі на плазмоідаў, бо іхнія галасавыя звязкі ўсё яшчэ не падпарадкоўваліся ім.
— Правадыры Народа Усіх Сямі Колераў паказалі вашым першабытным продкам, як з гіганцкіх камянёў рабіць дальмены, каб хавацца ад непагадзі і сачыць за начным рухам зорак. Ведайце, што мы — кентаўры, атланты і амазонкі вашых міфаў. А потым пачалася бясконцая вайна. I вось мы хочам спыніць яе, бо адну планету, адзін крохкі шар нельга раскалоць на дзве часткі. Накіруйце свае позіркі ўгору, і вы ўбачыце над сабой лішайнік, свяшчэнны лішайнік, сімвал нашай цывілізацыі.
Мяркуючы па ўсяму, плазмоіды вырашылі правесці для Буслейкі і Гакенхольца своеасаблівы ўрок лікбезу, прыўзняць заслону над некаторымі таямніцамі СЦ. Стрэсаператары даведаліся, што плазмоіды ніколі не разумелі, для чаго патрэбна каханне, і размножваюцца толькі бясполавым шляхам. Галоўнае для іх — Абавязак, які патрабуе няўхільна, у любых сітуацыях захоўваць сваю форму, гэта значыць, быць ні на грам лягчэй або цяжэй устаноўленай нормы вагі і ні на міліметр не парушаць устаноўленую норму памеру. Той, хто хоць у нечым пераступіць Абавязак, самазнішчаецца. Кланы плазмоідаў, а іх сем, дзеляцца па колерах сонечнага спектра. Апошнія паўтара тысячагоддзі вялікі аўтарытэт мае Клан Жоўтых Шаравых Маланак. Здагадкі вучоных, што СЦ з'яўляецца цывілізацыяй капіістаў, недалёкія ад ісціны. Сапраўды, валодаючы амаль неабмежаваным запасам плазмы, яна, Старая Цывілізацыя, у рытуальных або ў маскіровачных, на час вайны, мэтах можа ствараць самыя разнастайныя фігуры, целы, збудаванні і г. д. Кентаўраў грэчаскіх міфаў СЦ, напрыклад, вылепіла і растыражыравала тады, калі ў вялікім здзіўленні ўпершыню ўбачыла чалавека верхам на кані. Фантазія ў яе надзвычай багатая, можна сказаць, невычарпальная. Часам яна любіць пажартаваць. Начныя прывіды рыцарскіх замкаў, карлікі-эльфы германскіх народаў — усё гэта яе штучкі. Славян яна палохала вадзянікамі і русалкамі. Карацей кажучы, доўгі час была СЦ адзіным, акрамя ветру, скулыітарам на Зямлі, пакуль не з'явіўся Homo Sapiens. Але класічная форма яе жыццядзейнасці толькі круглая.
Калі планету Зямля пачалі наведваць экспедыцыі астранаўтаў з Далёкага Космасу, Старая Цывілізацыя вельмі хутка навучылася капіраваць іхнія лятальныя апараты. Неўзабаве ў небе лёталі шматлікія «талеркі», «сподачкі», «верацёны», «дырыжаблі». Іх было як камароў у цёплы вечар. Касмічныя прышэльцы збіліся з панталыку, адшукваючы свае экіпажы між гусцейшага рою копій. Зразумеўшы нарэшце, у чым справа, яны, гордыя сыны нябёсаў, пайшлі на паклон да СЦ, заключылі з ёй пагадненне. 3 цягам часу прышэльцы і плазмоіды настолькі перапляліся між сабой, настолькі зблізіліся, што СЦ пачала лічыць сваёй прарадзімай планету Вар і пры дапамозе прышэльцаў, выкарыстоўваючы іхнія касмічныя караблі, стварыла там калонію. Тады ж сімвалам, своеасаблівым гербам Старой Цывілізацыі зрабіўся пучок лішайніку на круглай каменнай пліце. Справа ў тым, што лішайнік з'яўляецца не чым іншым, як саюзам, сімбіёзам грыба і водарасці. Зліўшыся ў адно цэлае, яны ўжо не могуць існаваць паасобку, бо адразу ж загінуць. Так аб'ядналіся дзеці зямной і касмічнай плазмы, так зрабіліся яны амаль тытанамі, амаль багамі, і не было, здавалася, такой сілы, якая б магла хоць злёгку хістануць іхні цяжкі, іхні залаты і срэбны трон. Але выплыла з вады рыба, але спусцілася з дрэва малпа, але іскрынка інтэлекту ўспыхнула ў касматай галаве пітэкантрапа, і валодаць планетай, а затым і космасам прыйшоў Чалавек Разумны. СЦ зразумела, што ў яе з'явіўся наймагутнейшы канкурэнт.
Вось аб чым, калі гаварыць у агульных рысах, даведаліся Радаслаў і Карл за нейкія паўгадзіны ад Розуму Народа Усіх Сямі Колераў. Вядома, стрэсаператарам хацелася як найхутчэй вызначыць свой статус і сваю місію. Хто яны? Ваеннапалонныя ці госці? Чаго запатрабуе ад іх, звычайных радавых людзей, СЦ? Але ім далі зразумець, што галоўная размова адбудзецца заўтра. I адразу ж да іх вярнулася мова. Гакенхольц адразу ж заклекатаў, як вулкан Ключаўская Сопка.
— Вось і патрапілі мы ў твой Менск,— сярдзіта накінуўся ён на Радаслава.— А ты ж так заліваўся: ах, паляцім хутчэй, ах, я пакажу табе, Карл, праспект Крывічоў, вуліцу Льва Сапегі. Глядзі ж. Глядзі зараз на гэтых круглых і прамяністых.
— I гляджу. Прытым з найвялікшай цікавасцю,— цвёрда сустрэў выбух Буслейка.— Думаю, што і табе гэта дужа карысна. Чаго ты крывішся на мяне, як на мокрую шапку? Яшчэ будзеш унукам сваім хваліцца, як Радаслаў Буслейка цябе з плазмоідамі пазнаёміў.
— Хочаш, каб фігу табе пад нос падсунуў? — аж пачарнеў ад гневу Карл. Трэба зазначыць, што людзі Эпохі Вялікага Плюралізму, слухаючы парады ўрачоў і падпарадкоўваючыся багатаму жыццёваму вопыту, часам давалі выйсце адмоўным эмоцыям, спускалі, як кажуць, лішнюю пару.
— Не сярдуй, стары,— міралюбна, нібы хлапчука, паляпаў яго далонню па шчацэ Радаслаў.
— 3 табой звіхнешся,— зноў пачаў заводзіцца Гакенхольц, але ў гэты час Радаслаў схапіўся абедзьвюма рукамі за свой лоб ды так і застыў з прасветлена-засяроджаным тварам. Карл адразу ж прыціх, бо зразумеў — да сябра «прыйшла мазгаграма». («Што здарылася, Адзіны?» — усхвалявана загучаў у самай глыбіні душы і мозга цёплы голас Радаслававай жонкі Ніны. «Усё ў норме, Нінка-трысцінка. Як ты?» — «I ўсё-ткі, што з табой здарылася?» — «Знаходжуся з Карлам, я пра яго расказваў, у СЦ».— «У СЦ? Які жах!» — «Не хвалюйся. Са мной усё добра».— «Беражы сябе, Адзіны! Беражы для мяне і для нашага сына, які народзіцца праз чатыры месяцы і шэсць дзён».— «Дзякуй, Адзіная. Дзякуй».)
Радаслаў знясілена апусціў рукі, зірнуў на Карла. Твар быў, як белы рачны пясок.
— Жонка? — спытаў Карл.
— Так. Нінка-трысцінка.
Нейкая хвіліна, за якую ён прыняў мазгаграму і даў адказ на яе, каштавала вялікай нервовай энергіі. Ён адчуваў, як кружыцца галава.
У гэтым месцы патрабуецца тлумачэнне. Справа ў тым, што чалавецтва, няспынна шліфуючы свой інтэлект, вышукваючы глыбінныя рэзервовыя сілы арганізма, навучылася намаганнем сілы волі і любові пасылаць на неабмежаваныя адлегласці думкі — ад чалавека да чалавека, з мозгу ў мозг. Для такіх мазгаграм не патрэбны былі ні гукавыя або светлавыя хвалі, ні якія-небудзь хітрыя тэхнічныя выкрунтасы. Ад людзей патрабавалася толькі адно — каханне. Збалелая і ўсхваляваная душа выпраменьвала энергію, якая, нібы ўспышка маланкі, ляцела праз сотні кіламетраў, беспамылкова знаходзячы адрасат. Дзеці маглі прыняць мазгаграму ад маці, але самі былі няздольны паслаць яе, бо няспелую і нямоцную мелі душу. Дарослыя таксама валодалі такім дарам не ўсе. Ды некаторыя дужа і не бедавалі — калі што якое, званілі на тэлеграф. I ў Вялікую Эру Плюралізму ў людзей, як і заўсёды, былі розныя, вельмі непадобныя душы.
Буслейка, усё яшчэ знаходзячыся пад салодкім гіпнозам размовы з жонкай, сядзеў з прасветленым тварам, аж пакуль яго не тармаснуў за плячо Гакенхольц.
— Пойдзем. Усе плазмоіды ўжо зніклі. Застаўся адзін, маленькі, і ён павядзе нас некуды на начлег.
— А хіба плазмоіды спяць?
— Гэтага я, як і ты, не ведаю. Але спаць трэба нам.
Яны выйшлі з ужо абсалютна пустой залы, пабрылі па нейкіх дужа вузкіх цёмных лабірынтах. Маленькі шарык плыў наперадзе.
— Мяркуючы па ягоных памерах, гэта васьмі — дзесяцігадовы хлапчук,— сказаў Радаслаў.— Цікава, як у плазмоідаў устроены галаўны мозг? Ну, можа быць, і не галаўны, і не мозг, а той орган, якім яны думаюць?
— Мозг мозгам, а мяне асабіста болын хвалюе, чым яны харчуюцца і як пераварваюць сваю ежу,— азваўся з цемры Карл.
— Не бойся. Пэўна ж не мясам, не каўбасой, а той жа электрычнасцю, плазмай. Падключыцца вось такі шарык да якой-небудзь энергаўстаноўкі, смактане пяць-шэсць ват і задаволены, і танцуе,— і паплыў шукаць сабе электрадзевачку.
— Яны бясполыя.
— У такім разе, я ім не зайздрошчу. Сумна жывуць.
— Можа, сумна, а можа, і не,— па-філасофску ўздыхнуў Гакенхольц.— Гэта мы, найвялікшыя з найвялікшых эгаістаў і сябелюбцаў, прывыклі ганарліва лічыць, што чалавек — пуп усяго, мера ўсіх мераў, вяршыня ўсіх вяршынь, зроблены па вобразу і падабенству божаму, што мы павінны ўладарыць на Зямлі і ў Космасе. А чым, напрыклад, ластаўка горшая за нас? У ёй што — няма божай часцінкі, божай іскры?
— Згодзен з табой.
Так ішлі яны, ціха перагаворваючыся, па таямнічых лабірынтах, і плыў наперадзе яркі шарык, і яны не ведалі, што чакае іх у кожную наступную хвіліну.
Нарэшце дабраліся да месца начлегу. Радаслаў, агледзеўшыся па баках, здзіўлена ўсклікнуў:
— Паслухай, дык гэта ж самая што ні ёсць сапраўдная манаская келля! Не хапае толькі распяцця на сцяне.
— Вельмі падобна,— сеў на каменны куб, які замяняў крэсла, Карл.— I сцены такія ж, і столь, і вузенькае акенца... Ці гэта пакінуты і забыты людзьмі падземны манастыр, ці СЦ зрабіла дужа ўдалую копію, мяркуючы, што ідэал, вянец чалавечага жытла — суровая манаская келля. Калі так, то СЦ даволі аскетычная асоба і я з ёй не сябрую.
На каменным стале гарэла вітая свечка, ляжаў на белым абрусе хлеб, пасыпаны соллю, стаяў цёмна-чырвоны збан з нейкім пітвом.
— Можа, віно? — хітравата ўсміхнуўся Радаслаў.— Пакаштуем?
У збане была вада, халодная, смачная.
— Жывучы між воблакаў, між электрычных разрадаў, СЦ уявіла, што і мы, нікчэмныя стрэсаператары, харчуемся толькі плазмай або, у крайнім выпадку і па вялікіх святах, божай расой,— змрочна пажартаваў Карл Гакенхольц.
Плазмоід, пра які яны амаль забыліся, вісеў, прыляпіўшыся да столі, і раптам сказаў:
— А мне па вашаму летазлічэнню трыста восем гадоў.
Стрэсаператары анямелі ад здзіўлення. Потым Радаслаў, пачціва, хоць і з доляй іроніі, пакланіўшыся, прамовіў:
— Вы, наш невядомы дарагі гаспадар, старэй за Вялікую Эру Плюралізму. Калі я не памыляюся, Вы нарадзіліся праз год пасля Сёмай Нафтавай Вайны.
— Не выкай мне, Радаслаў Буслейка — весела засмяяўся плазмоід.— Сярод вас, людзей, мне было б ад сілы дзесяць — трынаццаць гадоў. Я самы сапраўдны хлапчук.
— Калі ты хлапчук, то навошта ўблытваешся ў размовы дарослых? — зрабіў выгляд, што раззлаваўся, Карл.
I тут плазмоід знік. Гэта адбылося так імгненна, што стрэсаператары не паспелі нават вокам міргнуць.
— Не чакаў я ад яго такой далікатнасці,— разгублена сказаў Гакенхольц.
— Варта было б табе, Карл, прышыць на рот «маланку»-засцежку,— суха ўсміхнуўся Радаслаў.
— У якім сэнсе?
— У самым прамым. Аказваецца, СЦ не падабаецца твой гумар. Вось і зашмаргнуў бы ты рот і сядзеў моўчкі.
— Зашмаргні свой.
— Навошта? Твой шырэйшы.
Вось-вось павінен быў грымнуць эмацыянальны выбух. Радаслаў, каб не абвастраць сітуацыю, дастаў з унутранай кішэні курткі дарожны партманет, раскрыў яго. У адным з аддзяленняў партманета ляжаў малюсенькі чырвоны чалавечак-лялька. Радаслаў націснуў кнопку, пачуўся свіст, і чалавечак адразу пачаў надзімацца.
— Хутчэй, хутчэй, Якуб,— падганяў яго Радаслаў.
Чалавечак, быццам пачуўшы загад, скокнуў з партманета на падлогу і хвіліны праз тры-чатыры быў ростам упоравень з Буслейкам. Вось ён прыняў баявую баксёрскую стойку, і пачаўся паядынак. 3 усіх спартыўных адзінаборстваў Радаслаў аддаваў перавагу класічнаму англійскаму боксу. Якуб быў нядрэнным спарынг-партнёрам, вельмі хутка рухаючыся, валодаючы адчувальным ударам. Яго чырвоныя гумавыя кулакі ярасна малацілі паветра, і неўзабаве Радаслававай сківіцы давялося ўздрыгнуць.
— Малайчына Якуб! — крыкнуў Буслейка.— Так мне і трэба!
Гарачымі пругкімі хвалямі поўнілася цела. Азарт маладзіў душу. Надзейна і важка адчуваўся кожны мускул.
Карл, забыўшыся пра нядаўнюю спрэчку, смяяўся:
— Сцеражыся, Радаслаў, а то гэты гумавы джэнтльмен табе нос расплешча.
Перамог, вядома ж, чалавек. Магутным аперкотам Радаслаў зваліў Якуба. Той распластаўся на падлозе і зноў змізарнеў, ператварыўся ў малюсенькую лялечку, каб заняць звычнае месца ў партманеце.
— Вось так я супакойваю свае нервы,— сказаў Буслейка, шматзначна зірнуўшы на Гакенхольца.
— Дзе ж мы будзем спаць? — захваляваўся праз нейкі час Карл.— На голай падлозе? Ці, можа, седзячы на каменным кубе?
Ён пакрыўджана, як дзіця, засоп носам.
— Давядзецца ўсю ноч успамінаць анекдоты,— адломваючы кавалачак хлеба, уздыхнуў Радаслаў.
— Анекдоты — саржавелая зброя даплюралістычнай эпохі. Зброя слабых і прыгнечаных.
— Ну не скажы...
Так яны вялавата перакідваліся словамі, а твары іхнія ўсё больш змрачнелі. Каго ж узрадуе перспектыва спаць на халодных камянях?
Раптам зайграла звонкая бадзёрая музыка. Над галовамі ў стрэсаператараў, шчоўкнуўшы, адчыніліся два круглыя люкі, з іх апусціліся два гамакі з поўным наборам пасцельнай бялізны.
— Слава Старой Цывілізацыі! — запляскаў у ладкі Радаслаў.— Няхай жыве дружба паміж чалавекам і плазмоідам!
Спалі моцна. Буслейка бачыў ува сне бой каля Пятровіцкага вадасховішча. Зноў ён ляжаў побач з капітанам Хвалібогам і зноў ішлі па вадзе шышкагаловікі, страляючы з псеўдааўтаматаў. Маршыруючы паперадзе іх, імі камандаваў сухарлявы чарнавусы франт, апрануты ў форму рэспубліканскай гвардыі.
— Дык гэта ж капітан Хвалібог! — здзіўлена крыкнуў нехта з гвардзейцаў.
3 усіх бакоў пачуліся ўсхваляваныя галасы:
— I тут капітан, і там капітан!
— Што за д'ябальшчына?!
— Куды ж страляць?!
— Хто сапраўдны?!
Хвалібог пачырванеў, як рак, ад найвялікшага гневу, ускочыў, затрос кулакамі:
— Маўча-а-аць!!! Я — капітан!!! Агонь па імітатарах!!!
Ад такога крыку-енку Буслейка спуджана прачнуўся. Пад столлю ўжо вісеў маленькі плазмоід, лагодна прамяніста свяціўся.
— Чаму ты ўчора так раптоўна знік? — спытаў Буслейка.— Ён жа, Карл, пажартаваў, проста пажартаваў.
— А што гэта такое — жарт і што значыць — пажартаваў? — сціпла пацікавіўся плазмоід.
— Цяпер я здагадваюся, чаму ў вашай цывілізацыі абрэвіятура СЦ,— уздыхнуў Радаслаў.— Вы Сур'ёзная Цывілізацыя, дужа Сур'ёзная.
Разбудзіўшы Карла Гакенхольца, пайшлі ў залу пасяджэнняў (па Радаслававай тэрміналогіі) Розума Народа Усіх Сямі Колераў. Карл ішоў і скардзіўся, што ў яго абсалютна пусты страўнік.
Іх ужо чакалі. Зноў іх пасадзілі каля падножжа калоны на сядзеннях, высечаных з сіняга каменю. Зноў пачаўся ашаламляльны танец зіхоткіх шароў. Потым па заведзенай традыцыі выплылі трыццаць самых буйных плазмоідаў, згрупаваліся ў адзін вялізны шар, які сказаў:
— Слухайце, жыхары адной з намі планеты. Вас, людзей, дзесяткі мільярдаў, нас — дзесяткі тысяч. Надышоў такі час, калі мы болын не можам вытрымліваць ваш націск. Мы, хоць і не ўсе, вырашылі перасяліцца на планету Вар, нашу прарадзіму. 3 сямі кланаў Народа Усіх Сямі Колераў падтрымліваюць такое рашэнне пяць кланаў. Вы можаце спытаць: чаму плазмоіды пакідаюць планету Зямля? Па-першае, мы — дзеці Космасу. Мы, у адрозненне ад вас, можам жыць усюды. Па-другое, вы, людзі, загналі нас у такія тупікі, у такія падзямеллі, адкуль, калі мы не выберамся сёння, заўтра ўжо выбрацца будзе немагчыма. А мы, як і вы, хочам захаваць для будучых пакаленняў сваю цывілізацыю. Вы, людзі, разбураеце наша жытло, нават і не задумваючыся аб гэтым. Вам трэба нафта, вугаль, золата, газ, і вы, змятаючы ўсё на сваім шляху, груба ўрываецеся ў патаемныя зямныя нетры. Вы бесперапынна пампуеце нафту. А што такое нафта і газ? Гэта — кроў СЦ, гэта — наша жыццё.
Радаслаў з Карлам, як і ўчора, моўчкі слухалі словы Розуму Народа Усіх Сямі Колераў, бо не маглі вымавіць ні гуку. Мяркуючы па ўсім, СЦ аддавала перавагу выключна маналогу.
— Мы хочам раз і назаўсёды памірыцца з людзьмі,— казаў далей суперплазмоід.— Вялікі Жах, на які спадзяваліся нашы папярэднікі, сёння ўжо не дапаможа. Ён вычарпаў сябе і прыносіць у першую чаргу шкоду нам, плазмоідам. Мы зразумелі, што чалавецтва дасягнула такой духоўнай вышыні, на якой яго не запалохаеш нічым. Так, нічым. Чалавецтва нават не баіцца смерці, таму што верыць у вечнае жыццё душы. Мы хочам памірыцца, адступіць, бо нас менш. Два нашы кланы, фіялетавы і чырвоны, не згаджаюцца з такім рашэннем і тры дні назад у мясцовасці, якая называецца Чорны Хутар, правялі звышярасную атаку. Выплеск знішчальнай энергіі быў найвышэйшы — дзевятай катэгорыі. У выніку загінуў падлетак...
Розум Народа Усіх Сямі Колераў на імгненне замоўк, пэўна, накопліваў неабходную інфармацыю.
— ...падлетак Клён Дубровіч. Ягоны бацька Гай Дубровіч (дарэчы, мы высветлілі, што імя Гай на грэчаскай мове азначае «зямны») не можа пакуль што ачуняць ад вострага шоку. Мы, пяць кланаў, не хацелі гэтай смерці. I мы вырашылі ажывіць падлетка.
Пры гэтых словах Радаслаў з Карлам пераглянуліся.
— На планеце Вар цячэ Рака Адноўленых Твараў. Вада, а дакладней, тая субстанцыя, што запаўняе яе русла, валодае здольнасцю ажыўляць клеткі бялковых арганізмаў, якія знаходзяцца ў стане клінічнай смерці. Гэта не міф і не казка, гэта рэальнасць. Ажывіўшы Клёна Дубровіча, мы пакажам вам, людзям, што спыняем нарэшце бясконцую вайну, што прагнем міра і перасялення на планету Вар.
Цела Клёна Дубровіча знаходзіцца зараз у спецыяльнай герметычнай сферы. Роўна праз паўгадзіны наш лятальны апарат, які вы называеце КЛА, панясе гэту сферу на Вар, да Ракі Адноўленых Твараў.
Розум Народа Усіх Сямі Колераў зрабіў паўзу. «Няўжо яны сапраўды адкрылі таямніцу бяссмерця?» — хвалюючыся думаў Радаслаў Буслейка.— Ці захочуць яны падзяліцца гэтым сакрэтам сакрэтаў з намі, з чалавецтвам? Мы ж прычынілі ім столькі зла».
— Працэс ажыўлення патрабуе, каб пры гэтым абавязкова прысутнічалі людзі, двое людзей, а яшчэ дакладней, жанчына і мужчына. Менавіта яны запальваюць агонь новага жыцця. Іхняя прысутнасць, іхняя аўра, пад якой мы разумеем жыццёвую сілу, дапаможа адрадзіцца чалавечай плоці. Жанчына ўжо ёсць. Гэта — Вера Хрысцінюк, трыццаць год, чацвёртая група крыві, шатэнка. Патрэбен мужчына. Ім будзе, няхай прабачае Карл Гакенхольц, Радаслаў Буслейка, дваццаць два гады, другая група крыві, бландзін. У Буслейкі, няхай прабачае Карл Гакенхольц, душа па свайму эмацыянальна-энергетычнаму напаўненню болып блізкая да Клёна Дубровіча. Што хоча сказаць Радаслаў Буслейка?
Да Радаслава нарэшце вярнулася мова.
— Гэта так нечакана,— разгублена загаварыў ён.— Мёртвы хлопчык... Планета Вар... Рака Адноўленых Твараў... Карл, мы не спім з табою?
Гакенхольц, які ўсё чуў, але пакуль што не мог размаўляць, адмоўна замахаў галавой. Вочы ў яго кіпелі гневам. Не паздаровіцца СЦ, калі верне яму мову.
— Вядома, я вельмі хачу, я жадаю, каб ажыў гэты хлопчык, гэты — як яго? Клён Дубровіч,— казаў далей Радаслаў.— Калі вы навучыліся рабіць такое, вяртаць дыханне мёртваму чалавеку, заклінаю вас усімі старымі і новымі багамі — ажывіце Клёна, пастаўце на ногі. Але мой нечаканы палёт... Нават не ведаю... Мая жонка, мая Нінка-трысцінка,— ён злёгку пачырванеў,— працуе заолагам перасоўнага летняга лагера ў Тоўстым Лесе. Чулі пра такі? Дык вось мы праз некалькі месяцаў чакаем сына, у нас павінен нарадзіцца сын. Разумееце?
— Тым лепш,— прамовіў Розум Народа Усіх Сямі Колераў.— У цябе, Радаслаў Буслейка, зараз вельмі энергічная, вельмі насычаная і моцная аўра. Тое, што і патрэбна для ажыўлення. Карл Гакенхольц нешта жадае сказаць?
Карл адразу ж закрычаў як апечаны:
— Гэта подла! Вераломна! Вы не маеце права! Ваша Старая Цывілізацыя падобна на мокрую курыцу!
— Цішэй, Карл Гакенхольц,— спакойна папярэдзіў Розум Народа Усіх Сямі Колераў.— Гавары цішэй. Калі ты будзеш павышаць голас, мы заблакіруем яго.
— Прабачце,— прыклаў руку да сэрца Карл.— Я хацеў сказаць, што ляцець трэба мне. У Радаслава чакаюцца вялікія сямейныя клопаты. А я халасцяк. Калі што здарыцца з КЛА...
— 3 КЛА нічога не можа здарыцца,— парыраваў Розум Народа Усіх Сямі Колераў.
— Ляцець павінен я,— не здаваўся Карл.
— У цябе, Карл Гакенхольц, як заўважана, душа па свайму эмацыянальна-энергетычнаму напаўненню вельмі адрозніваецца ад Клёна Дубровіча. Ты толькі нашкодзіш.
— Няпраўда! — успыхнуў Карл, але голас ягоны адразу ж быў заблакіраваны.
— Калі гэта дапаможа хлопчыку, я гатоў ляцець,— сказаў Радаслаў Буслейка.— Толькі патрэбна абавязкова паведаміць маёй жонцы ў Тоўсты Лес.

 

Колькасць прачытаўшых: 2639
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007