Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Не купайся ў рацэ адноўленых твараў (частка VIII)

Галоўнай славутасцю планеты Вар было Вялікае Балота, вядома, на думку статка дзікоў, на чале з моцным і грозным Вінгам. Дзікі мелі доўгае, брудна-шэрае, пад колер балотнай травы, шчацінне, вострыя лычы, іклы і капыты. Як помнілі дзікі, іхнім домам заўсёды было балота, іхнія прапрадзеды і прадзеды нарадзіліся і жылі таксама тут. Якія салодкія карэньчыкі былі ў цвёрдай балотнай травы! А як добра было, высунуўшы наверх толькі лычы, ляжаць у цёплай зеленаватай вадзе, калі яе прыпякала ласкавае сонейка! Яны любілі сваё балота. Так ужо здаўна павялося. Тыгр любіць джунглі, белы мядзвезь — ільды і снягі. А дзік? Ну зразумела ж, дзік павінен любіць балота. Тым больш калі на ўсёй планеце няма ні джунгляў, ні снягоў, а ёсць толькі адно бясконцае балота.
Калі маленькі Фырк з'явіўся на свет, ён быў цвёрда перакананы, што лепшага, прыгажэйшага кутка няма нідзе. Ён адразу ж заняў сваё месца пасярэдзіне статка, бо ззаду і спераду маглі напасці ворагі. Перад ім бег моцны і грозны Вінг, і калі Фырк адставаў, Вінг нетаропка паварочваў назад галаву і глядзеў на яго маленькім сярдзітым вокам.
Яны жылі ў самым цэнтры Вялікага Балота.
Удзень ляжалі ў зялёнай твані, а ледзь пачынала змяркацца, Вінг паднімаў усіх. Прынюхваючыся, прыслухоўваючыся да кожнага гуку, асцярожна ішлі яны ў гушчэчу цёмных чаратоў шукаць ежу. Слаба звінела, булькала пад нагамі чорная, як дзёгаць, вада. Над балотам плыў срэбны халаднаваты туман. Сэрца ў маленькага Фырка замірала ад гэтай цішыні, ад волкага туману, ад любові да свайго балота, да свайго статку.
Ён вельмі хутка рос. Цела налівалася гарачай сілай, іклы і капыты цвярдзелі, а шчацінне з мяккага і белага рабілася шэрым, калючым і пругкім, як дрот. I яму крыўдна было, што магутны Вінг усё яшчэ глядзіць на яго, як на малога. «Я дакажу яму, што я моцны і адважны, што я сапраўдны дзік»,— не раз думаў Фырк, лежачы ў зялёнай твані ці праломваючы ўслед за Вінгам непраходную сцяну траскучых чаратоў.
Аднойчы, ласуючыся салодкімі ярка-белымі карэньчыкамі балотнай травы, яны твар у твар, вока ў вока сутыкнуліся з вялікай галоднай гайнёй ваўкоў. Гэта былі апошнія ваўкі на іхняй планеце Вар, таму што амаль уся яна была заліта бетонам, засталося балота, а ваўкі не могуць трываць смуроднага паху гнілой травы.
— Мы будзем біцца з вамі, сыны балота,— сказаў важак ваўкоў, худы і вялізны Гыр.— Мы будзем біцца, бо дарогі назад у нас няма. Жалезныя Людзі залілі наша логава праклятай каменнай карой.
— Ідзіце і нападзіце на Жалезных Людзей, Гыр,— прыгнуў тоўстую галаву, выставіў уперад вострыя жоўтыя іклы Вінг.
— Жалезныя Людзі не баяцца нашых зубоў. I таму мы будзем біцца з вамі.
I ў чаратах пачаўся бой дзікоў з ваўкамі. Даўно не было такога жорсткага бою. Ваўкі ліхаманкава круціліся перад дзікамі, разбіўшыся на кучкі, напіралі то злева, то справа, то ззаду. Яны рвалі цвёрдую скуру, мёртвай хваткай упіваліся дзікам у загрыўкі, раздзіралі жываты.
Дзікі стаялі як сцяна. Маленькіх парасят яны схавалі ўсярэдзіне статка, а самі, збіўшыся ў шчыльны гурт, магутнымі ўдарамі адбівалі атакі ваўкоў. Доўгія, ужо не жоўтыя, а чырвоныя іклы Вінга мільгалі, нібы маланкі. Ён паспеў распароць жываты двум ваўкам, і ў гэты міг на яго збоку кінуўся Гыр. Вінг заўважыў, крутнуўся ў мутнай вадзе, ажно пырскі шуганулі наўкола, на ляту спаймаў Гыра вострымі ікламі. Той толькі змог учапіцца яму ў вуха. I адразу ж адляцеў убок, спусціў дух.
Дзікі перамаглі. Фырк, хістаючыся, стаяў каля Вінга. Кроў залівала спіну. Але ён вельмі ганарыўся, што не аказаўся палахліўцам.
— Мы абаранілі сваё балота,— ціха сказаў Вінг і апусціўся на калені, бо не мог трымацца на нагах. Шмат ранаў на сваім доўгім вяку атрымаў Вінг, але сённяшнія былі смяртэльныя. Ён гэта ведаў і таму, памаўчаўшы, пачаў гаварыць:
— Усяго трое засталося вас. Ты, Рохк, і ты, Бурк, і ты, Фырк, усе разам, як толькі я назаўсёды закрыю вочы, хутчэй ідзіце адсюль. За чаратамі ёсць сухая зямля. Ідзіце туды і там убачыце бліскучы белы пясок. Ён лечыць раны. Гыра і ваўкоў болып няма. Вам іх не трэба баяцца. Бойцеся Жалезных Людзей. Дзе ні ўбачыце, уцякайце, хавайцеся ў балоце.
Вінг адчуў, што памірае, і загаварыў хутчэй:
— Даўным-даўно, калі ўсім навокал яшчэ валодалі Каменныя Нажы, адзін з дзікоў, Чвак, паверыў Каменным Нажам. 3 балота, са свайго сховішча ён пайшоў да іх, жыў побач з імі. Каменныя Нажы былі хітрыя. Яны давалі Чваку самую смачную траву, калі ён ляжаў, наеўшыся, яны часалі яму жывот. А потым забілі Чвака. Каменных Нажоў ужо няма. Іх, як калісьці яны Чвака, знішчылі Жалезныя Людзі. Паслухайце ж мяне, старога Вінга. Ніколі не выходзьце з балота. Жывіце і памірайце тут. А зараз падыдзіце да мяне. Як нашы прадзеды, дакранемся на развітанне адзін да аднаго лычамі.
Яны дакрануліся да Вінга лычамі і пайшлі праз чараты да сухой зямлі. Не азіраючыся, яны чулі, як гаворыць Вінг:
— Вазьмі мяне, Вялікае Балота. Хачу вярнуцца ў зялёныя лугі, да бацькі майго, да дзеда майго.
За чаратамі яны ўбачылі сухую зямлю і на ёй бліскучы белы пясок. Яны паваліліся ў гэты пясок і пачалі качацца па ім. Фырку, нібы агнём, апякала рану на спіне. Ён вішчаў, курчыўся ад болю, але яшчэ мацней уціскаўся ў пясок, бліскучы, белы і салёны.
Раны зажылі хутка. I зноў пачалося звычнае жыццё. Толькі цяпер дзікоў было ўсяго трое, і яны зрабіліся яшчэ больш асцярожнымі. Шукаць ежу выходзілі ноччу, а днём вылежваліся ў чаратах. Фырк прыслухоўваўся да наваколля, і трывога сціскала сэрца. Сваім вострым слыхам ён лавіў нейкія незразумелыя гукі. Гукі гэтыя з кожным днём усё набліжаліся, ахоплівалі чараты з усіх бакоў.
— Сюды ідуць Жалезныя Людзі,— разгублена сказаў Рохк, які пасля гібелі Вінга быў у іх за важака.— Жалезныя Людзі ідуць і ўдзень, і ўначы таму, што не ведаюць.што такое сон. Хутка яны прыйдуць сюды.
Дзікі паглядзелі на чорна-зялёнае неба, на чырвоныя і аранжавыя зоркі, і ім захацелася, каб іхнія чараты перанесліся раптам на неба, туды, дзе няма Жалезных Людзей. Але неба — радзіма птушак, а дзік спрадвеку можа жыць толькі ў балоце. I яны шчыльней уплішчыліся ў цёмную ваду і затаілі дыханне.
I вось да чаратоў, да схованкі дабраліся Жалезныя Людзі. Страшна было глядзець на іх. Яны былі зроблены з бліскучага металу, што сляпіў вочы. Рукі і ногі доўгія, прымацаваныя да тулава меднымі спружынамі. На грудзях у Жалезных Людзей, як злыя чырвоныя агеньчыкі, гарэлі электрычныя ліхтарыкі. Часам гэтыя ліхтарыкі пачыналі тухнуць, ледзьве свяціліся, і тады Жалезныя Людзі спыняліся, бралі нешта з металічных скрыначак, якія былі прыкручаны ў кожнага да правага калена, і сыпалі ў дзірачку, што была прабіта ў жалезных галовах замест роту. Праз колькі часу ліхтарыкі зноў ярка ўспыхвалі, і Жалезныя Людзі ішлі ўперад. У правай руцэ кожны трымаў доўгі чорны прут. Усё, да чаго дакраналіся гэтыя пруты, адразу ж знікала, быццам яго і не было. Жалезныя Людзі ішлі павольна таму, што сваімі прутамі ім трэба было дакранацца да кожнага дрэва, кожнага кусціка і чарацінкі. Следам за першым ланцугом Жалезных Людзей рухаўся другі. 3 вялікіх насосаў-помпаў яны залівалі голую зямлю гарачым бетонам. Жалезныя Людзі з трэцяга ланцуга, што замыкаў гэта няўмольнае шэсце, былі абуты ў вялізныя, тоўстыя, жалезныя чаравікі.
Імі яны старанна ўтоптвалі бетон, і той рабіўся гладкі, як стол.
Дзікі ў сваім сховішчы перасталі нават дыхаць. А Жалезныя Людзі падыходзілі ўсё бліжэй. Яны ішлі моўчкі, без адзінага слова. Толькі было чутно, як у апошнім, трэцім,ланцугу цяжка грукаюць жалезныя чаравікі аб бетон: тук... тук...
Першы не вытрьшаў Бурк. Ён выскачыў з-пад кучы звялага вецця і рынуўся на Жалезных Людзей, пагрозліва нахіліўшы вострыя іклы. Але што мог зрабіць дзік, нават самы моцны, самы агрэсіўны і адважны? Бурк падбег да Жалезнага Чалавека, і Фырк з Рохкам убачылі, што ён таму ўсяго толькі па калена. Жалезны Чалавек нават ні крышачку не пахіснуўся ад магутнага тараннага ўдару. Чорным прутом ён лёгенька дакрануўся да Бурка, і Бурк знік. Толькі засталіся сляды ад ягоных капытоў.
Фырк з Рохкам моўчкі перазірнуліся. « Ты малодшы,— аднымі вачамі сказаў Рохк.— Табе яшчэ трэба жыць, бо нельга балоту без дзікоў. А я — важак. I я пайду ўслед за Буркам. Як вучыў нас Вінг».
Рохк ускочыў з зямлі, але не кінуўся, як Бурк, на Жалезных Людзей. Ён пачаў асцярожна кружыцца на адным месцы, стараючыся знайсці хоць якую-небудзь шчылінку, дзе можна б было выслізнуць з гэтага страшнага кола.
Жалезныя Людзі тым часам падыходзілі ўсё бліжэй. Пярэднія чорнымі прутамі знішчалі ўсё жывое, сярэднія залівалі зямлю гарачым бетонам, які аж дыміўся, а самыя апошнія старанна ўтоптвалі бетон. Яны не здзівіліся, убачыўшы перад сабой яшчэ аднаго дзіка. Яны не ўмелі здзіўляцца.
Рохк з адчаем круціўся на адным месцы. I тут ён заўважыў, што ўсе Жалезныя Людзі злучаны між сабой тоненькім дроцікам. Да правага калена кожнага жалезнага страшыдлы была прыкручана металічная скрыначка. Усе гэтыя скрыначкі і злучаў амаль непрыкметны дроцік. Жалезныя Людзі былі падобны на вялізных бліскучых рыбін, якіх начапіў нехта на адну нізку. Вось лямпачка на грудзях у Жалезнага Чалавека пачала тухнуць. Ён нахіліў галаву, доўгай нязграбнай рукой палез у скрыначку, каб узяць белых шарыкаў, якія былі насыпаны там. На нейкае імгненне ён выпусціў Рохка з поля зроку. I Рохк рынуўся ў яго каля ног, разарваўшы дроцік, выскачыў за першы ланцуг Жалезных Людзей. Ён бы пабег і далей, але капыты праваліліся, загрузлі ў гарачым бетоне. Дарэмна, напружваючы ўсе сілы, спрабаваў Рохк вырвацца з гэтай страшнай пасткі. Яго ўсё глыбей засмоктвала ў бетон. Вось ён ужо ў бетоне па калені, па жывот, вось толькі відны лыч і хвосцік... Падышлі Жалезныя Людзі ў вялізных чаравіках з тоўстымі падэшвамі. Яны ўтапталі, утрамбавалі бетон, і нічога не засталося ад беднага Рохка.
Але недарэмна загінуў Рохк. Жалезны Чалавек, у якога ён парваў дроцік, ніяк не мог скрануцца з месца. Ён быццам аслеп, бязладна тыкаў перад сабой чорным прутом. Вось ён няўклюдна крутнуўся і сваім прутом зачапіў плячо суседа. Раз! — і суседа не стала. Нешта, відаць, парушылася ў, здавалася б, неадольным ланцугу. Жалезныя Людзі пачалі знішчаць адзін аднаго. За некалькі хвілін усе яны разам са сваімі чорнымі прутамі зніклі. Толькі іхнія скрыначкі з белымі шарыкамі засталіся ляжаць у балоце ды з чорнай, нібы смаляной вады з шыпеннем узвіваліся срабрыстыя пухіры.
Фырк не верыў вачам. Ён ужо чакаў смерці, а тут прыйшло нечаканае збавенне. Два апошнія ланцугі Жалезных Людзей, тыя, што залівалі голую зямлю бетонам і ўтоптвалі бетон, пастаялі як здранцвелыя, пачакалі, усе адначасова павярнуліся і пайшлі з балота. «Дзуг, дзуг»,— грукалі іхнія чаравікі па бетоне.
I Фырк ірвануўся са свайго сховішча. Ніколі раней не бегаў ён так хутка. Здавалася, ён ляцеў над балотам. Шбы замест хвосціка ў яго раптам з'явіўся прагтелер. Чараты так і трашчалі пад нагамі.
Але Вялікае Балота даўно ужо зрабілася маленькім, бо Жалезныя Людзі з усіх бакоў удзень і уначы наступалі на яго. Вось чаму вельмі хутка Фырк вьь скачыў на шэры цвёрды бетон, паслізнуўся на ім і ўпаў. Ён узняўся, аддыхаўся, асцярожна і палахліва агледзеў наваколле. Да самага небасхілу ўсё было заліта бетонам, які дзе-нідзе пабраўся ўжо трэшчынамі і трэшчынкамі. Ні травы, ні кветкі, ні кусціка не ўбачыў перад сабой Фырк. Толькі вулкан, не дужа вялікі, з коса зрэзанай чорнай вяршыняй, дыміўся непадалёку. Да яго, нізка ўнурыўшы ў зямлю галовы, ішлі Жалезныя Людзі. Яны тупалі адзін за адным і блішчалі пад промнямі сонца. Здавалася, вялізная бліскучая гадзюка павольна ўспаўзае на схіл вулкана. Усё вышэй і вышэй узнімаліся Жалезныя Людзі і правальваліся, знікалі ў кратэры. Вось знік апошні, і зноў пустэча і цішыня зазвінелі наўкол.
Вельмі сумна зрабілася Фырку. Няма Вінга, няма Рохка з Буркам... Што рабіць? Куды ісці? Ён павярнуўся і патрухаў назад, у сваё балота. Увесь дзень праляжаў у чаратах. Нават не ўзняўся і тады, калі пачаўся вечар, калі на чорна-зялёным выстылым небе загарэліся яркія чырвоныя зоркі. Ён глядзеў на зоркі і думаў, што Вялікі Статак загінуў. Раніцой прыйдуць новыя Жалезныя Людзі, і нехта з іх дакранецца да яго, Фырка, чорным прутом, у якім хаваецца смерць. Не, ён не здасца ім без бою! Да сканання ён будзе падобны на Вінга!
Фырк ускочыў на ногі. Сэрца білася рашуча і смела. Ён панюхаў паветра, асцярожна, але ўпэўнена, пайшоў па чаратах. «Пакуль жыве Фырк — жыве Вялікі Статак!» — увесь час думалася яму. Там, дзе Жалезныя Людзі спалілі адзін аднаго, ён наткнуўся раптам на металічную скрыначку, што напалову была заліта вадой. Белыя шарыкі высыпаліся з яе і аж зіхцелі на чорнай зямлі. Мільготкае святло зорак рабіла іх нібы жывымі.
Фырк доўга глядзеў на гэтыя дзіўныя белыя шарыкі, таптаўся вакол іх, абнюхваў, потым з асцярогаю праглынуў адзін шарык. Трохі пачакаўшы, праглынуў другі і трэці. Дагэтуль ён не каштаваў нічога падобнага. Шарыкі былі горка-кіслымі, ад іх анямела ў роце і закружылася галава. Ён падумаў, што галава кружыцца ад стомленасці, і дзе стаяў, прылёг крыху адпачыць. Але лягчэй не зрабілася. У вачах успыхвалі яркія іскры, падобныя на вясновых жывых апалонікаў, якія ператвараліся ў зялёныя і сінія кветкі. Тыя кветкі раслі, буйнелі, спляталіся між сабой. Іх схіляў да зямлі моцны парывісты вецер. Фырк адчуў, як ударыла ў вочы гэтым гарачым нясцерпным ветрам, і адразу ж заснуў.
Невядома, колькі ён праспаў. Калі прачнуўся, сонца стаяла высока над зямлёй. Рознакаляровыя стракозы пырхалі тудысюды. Птушка кранг шпарка бегла па балоце, трымаючы ў вялізнай плюскатай дзюбе сваё яйка, круглае, цяжкое, з чырвонымі плямамі на асляпляльна белай шкарлупіне. У ранейшыя часы Фырк адразу б сігануў у чарот, каб толькі не сутыкнуцца з крангам, бо той, ледзьве што, шпурляе гэта яйка пад ногі першаму сустрэчнаму зверу альбо птушцы, і яйка адразу ж узрываецца, са страшнай сілай раскідваючы наўкол востранаточаныя касцяныя пласцінкі, якія могуць нават забіць. Але зараз Фырк адчуваў, што ён ужо не той, што быў раней, і таму ні кропелькі не спалохаўся дурнога кранга. Гэта здзівіла і насцярожыла Фырка. Вядома ж, упершыню пакаштаваныя белыя шарыкі зрабілі яго такім. Незвычайныя сіла і лёгкасць адчуваліся ў целе. Ён быў мацнейшы за Вінга, за ўсіх дзікоў, якія калі-небудзь жылі на планеце Вар. Але, самае галоўнае — ён пачаў разумець глыбінны сэнс таго, што адбываецца. Нібы з цёмных непраходных чаратоў выскачыў на шырокую, залітую сонцам прагаліну. Ён і ўчора разумеў зыкі і пахі наваколля. Ды яны жылі ў ім і вакол, сплеценыя ў шчыльны клубок, засланялі адзін аднаго, перашкаджалі з усіх галасоў выдзеліць нейкі адзін голас. Сёння ж ён чуў, як тоненька, танюсенька спявае чарот, як з мокрага шчаціння зрываюцца срэбныя кроплі вады, як сіняя страказа, што села на пёрка травы, імкліва б'е па паветры сваімі празрыстымі крылцамі.
«Белыя таямнічыя шарыкі Жалезных Людзей зрабілі мяне такім, відушчым і мудрым,— сам сабе сказаў Фырк.— Значыць, Вялікі Статак не загіне. Учарашняга Фырка, палахлівага і няўмелага, болей няма. Сёння я — Аюс Першы. Я разумею галасы прыроды. Я ведаю, што мае ворагі Жалезныя Людзі і тыя, хто прысылае гэтых жалязяк сюды з вулкана. Яны хочуць знішчыць усё жывое і непадобнае на іх, хочуць, каб скрозь быў шэры цвёрды бетон. Але ім не адолець, не перамагчы Аюса Першага».
Аюс (назаўсёды забудзем імя Фырк!) вырашыў, як толькі змеркнецца, выйсці з балота і разведаць тэрыторыю па той бок вулкана. А пакуль што ён старанна пазбіраў металічныя скрыначкі з белымі шарыкамі і схаваў іх у надзейнае месца — між тоўстых каранёў старога дрэва тулур, якое, свецячы патрэсканай попельна-сіняй карой, расло непадалёку. Ён ведаў — яны абавязкова спатрэбяцца і яму, і яго новым сябрам. А ў тым, што ён напаткае сяброў, не ў балоце, дык па той бок вулкана, Аюс Першы ні кропелькі не сумняваўся. Жалезныя Людзі, гаспадары Жалезных Людзей, бетон, якім яны, нібы струпам, хочуць пакрыць усё, нічога не будуць варты ў параўнанні з Аюсам і ягонымі адважнымі сябрамі.

 

Колькасць прачытаўшых: 1978
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007