Леанід Дайнека
ПРА ЛІСОЎЧЫКА ЗЛОГА ХЛОПЧЫКА
РАМАН
“ Раней пісьменнікі пісалі кніжкі , а чытачы іх чыталі .
Сёння чытачы пішуць кніжкі , і ніхто не чытае “ .
Оскар Уайльд .
“ Я не збіраюся пісаць для чытачоў , якіх няма “ .
Міхаіл Зошчанка .
Мы – лісоўчыкі злыя хлопчыкі .
З цара-бацькі здзярэм панталончыкі .
Песня лісоўчыкаў з непераможнай лёгкай кавалерыі
Вялікага Княства Літоўскага ХVII стагоддзя . За
камандзіра яны мелі славутага віленскага пана
палкоўніка Аляксандра Язэпа Лісоўскага . У яго ўзялі
адвагу ды імя сваё .
І
Гэтая гісторыя пачалася тады , калі сусветны фінансавы крызіс , нібы жахлівае нечаканае цунамі , ударыў па ўсіх кантынентах . Лопаліся , як мыльныя бурбалкі , яшчэ ўчора магутныя вялікамоцныя фінансавыя імперыі . Банкіры страляліся або рабілі сабе харакіры . Спыняліся заводы . Заміралі на будаўнічых пляцоўках вежавыя краны . Пакрываліся пылам бліскучыя шыкоўныя непрададзеныя аўтамабілі . Самалёты не ўзнімаліся ў неба , бо не было паліва . Дзесяткі тысячаў разгневаных злых пасажыраў штурмавалі білетныя касы і кабіны дыспетчараў . Гнеўна ўзвіваліся кулакі . Рэзка звінела разбітае шкло . Ды пратэстоўцаў сустракала не паліцыя , а страшэнна стомленыя , але спакойныя позіркі аэравакзальнага службовага персаналу . Адказ быў адзіны :
І людзі аціхалі . Асабліва ўражвала іх , людзей , тая ледзяная спакойнасць , з якой прамаўляліся словы . Усе разумелі : “ Хоць плач , хоць галасі – рАды не дасі “ . Пасажыры пачыналі ўмошчвацца на начлег . Тыя , каму не пашэнціла з гатэлем , клалі галовы на валізкі і чамаданы , на ўласныя кулакі і прымушалі сябе заснуць . Асабліва ж змораныя і непераборлівыя , прыняўшы позу эмбрыёна , спалі проста на падлозе .
Катастрафічна абваліліся кошты вуглевадародаў . За барэль нафты давалі трыццаць пяць даляраў , хоць яшчэ напрыканцы мінулага 2008 году ён цягнуў на ўсе 160 . Адразу ж змізарнела Сібір – нафтагазавае вымя Расіі , ды й уся расійская вуглевадародная імперыя . Аравійскія шэйхі-мільярдэры прыкметна засумавалі , і ручай упрыгожанняў , што няспынна цёк ды цёк у іхнія гарэмы , перасох . У Ісландыі ваяўнічыя нашчадкі вікінгаў вываліліся , як белы мядзведзь з-за айсбергу , на вуліцы і змусілі пайсці на “вольны хлеб” свой урад . Рэспубліка Беларусь ліхаманкава шукала інвестараў і крэдытаў ...
Шаноўны чытач , хоць раз у жыцці вы правальваліся пад лёд ? Калі ён не тонкі , як папера ці як маладая бяроста , не гнецца-трашчыць , асцерагаючы , папярэджваючы , а з рэзкім вострым хрустам ломіцца , пераварочваецца , выслізгвае і вырываецца з-пад ног у адно імгненне , адразу ж . Гоп !!! – і вы з галавою ў лютамарознай вадзе . Незайздросная сітуацыя . Вось такое ж здарылася і з сусветнай эканомікай . Такі шок атрымаў і наш герой , ІП ( індывідуальны прадпрыймальнік ) Вітаўт ( імя сапраўднае ) Гарткевіч .
Гэта быў трыццацівасьмігадовы цёмнарусы смугласкуры чалавек у акулярах . Ён меў прыгажуню жонку Віялету і дзесяцігадовую дачку Валькірыю ( імя таксама сапраўднае ) . У свой час Вітаўт скончыў вайсковую яшчэ агульнасаюзную вучэльню ў Мінску , падчас практыкі ездзіў на ракетны палігон Капусцін Яр у расійскай Астраханскай вобласці , але рванула гарбачоўская перабудова , рухнуў “ сплоченный навеки Советский Союз “ , і наш герой у прамым сэнсе апынуўся на вуліцы . Каму служыць ? Каго абараняць ? Куды ісці ? Хто за ягоную вайсковую службу дасць яму , Вітаўту Гарткевічу , хлеб і кватэру ?
Такія ці прЫкладна такія пытанні задаваў разгублены Вітаўт сабе і Сусвету . Ды , як спяваецца ці як спявалася ў папулярнай песні , “ а в ответ – тишина “ .
А зусім жа нядаўна ён , Вітаўт Гарткевіч , быў упэўненым у сабе поўным сілаў маладым мужчынам , які , кінуўшы неперспектыўную вайсковую службу , ірвануў у бізнэс і даволі паспяхова . “ Сядзіць ІП , да трубы прыліп “ . Гэта пра яго і пра такіх , як ён , несупынна балбаталі з экранаў тэлевізійныя маскоўскія задорнавы . Вітаўт валодаў прыватнай фірмачкай , што вельмі паспяхова перапрадавала за мяжу расійскі мазут . Не будзем удакладняць якім чынам ён атрымаў ліцэнзію , каму , як кажуць , “ падмазаў “ , каго далікатна і пачціва ўзяў пад локцік . Гэта справа будучых рэвізораў . Як кажуць – вясна прыдзе , снег згоніць , і будзе відно дзе хто ... какаў .
Некалі Вітаўт Гарткевіч , яшчэ малады і гарачы , быў запісаўся ў “ Згуртаванне беларускіх вайскоўцаў “ , якое ачольваў палкоўнік Мікалай Статкевіч . Нават прысягу Беларусі прынеслі на плошчы Незалежнасці . Стаялі шчыльнымі шыхтамі , хорам прамаўлялі ўзнёслыя словы , бел-чырвона-белы сцяг успырхваў віўся над галовамі . Дзе зараз тыя “згуртаванцы “ ? Чыю кашу сёрбаюць ? Каму служаць ? Невядома .
Навакольны народ , як пачаў заўважаць Гарткевіч , вельмі хутка перахварэў “расхістваннем асноў “ . Зніклі абмялелі , як рэчкі ў спякоту , шматлюдныя калісьці шэсці, што закончваліся яраснымі сутычкамі з АМАПАМ . “ Адбеларусіліся мы “ , - з горыччу выдыхнуў вядомы паэт , і Гарткевіч згадзіўся з ім – так , адбеларусіліся . Падобную думку ён пачуў і ад знаёмага ксяндза , які , маючы на ўвазе , санлівую пасіўнасць людзей , сказаў: “ Драўляныя душы . Іх лягчэй спаліць , чым сагрэць “ .
Ды людзі , прынамсі , маладыя і найболей актыўныя з іх , аказаліся на праверку далёка не такімі пасіўнымі і зусім не драўлянымі . Як жарабкі-рысакі падчас англійскага дэрбі , усе вельмі рэзка , галопам ірванулі ў бізнес . Вядомая расійская тэлевуман Святлана Сарокіна якраз зазначыла тады ў сваім шоў , што на ўсёй постсавецкай прасторы канчаткова і беспаваротна спыніўся пераход з ніжэйшай сацыяльнай групы ў вышэйшую па вертыкалі , бетон зацвярдзеў , ператварыўся ў камень . Прасцей кажучы , калі вы праспалі , праміргалі , не паспелі ўзяць у сваю ўласнасць нафтавую свідравіну , або швачную майстэрню , або вулічны шапік па продажу надзіманых паветраных шарыкаў , вы і, вядома ж , вашыя дзеці ўжо ніколі іх не возьмуць . Вы назаўсёды застанецеся пралетарамі , будзеце ў нядзелю смактаць разам з такімі ж як вы сябрукамі цёплае нясмачнае бутэлечнае піва , хадзіць , як калісьці на паншчыну , на нямілую працу , жыць-ліпець ад аванса да палучкі , а самыя “прасунутыя “ між вас зноў успомняць “ мудрых барадачоў “ – Маркса , Энгельса , Леніна і будуць у хаўрусе са сваімі напаўгалоднымі і таму агрэсіўнымі дзеткамі развучваць у былых ленпакоях “ Інтэрнацыянал “ . Найвелькая радасць для таварыша Генадзя Зюганава !
Вітаўт Гарткевіч , як ужо адзначалася , не драмаў у шапку , праявіў спрыт , вайсковы напор , інтэлект , урэшце рэшт , і здолеў “ зачапіцца за мазут “ . З”явіліся стабільныя грошы , чатырохпакаёвая кватэра амаль у цэнтры Мінску . Злёталі з жонкай і дачкою на Кіпр і на Канары . Мроіўся ( асабліва пасля келіху сухога французкага ) утульны чырвонацагляны катэджык на Вячы . І каб белыя лебедзі плавалі ў блакітнай азярыне . І вось – грымнуў сусветны эканамічна-фінансавы крызіс ! Што сталася першапрычынаю гэтага жахлівага цунамі , гэтай яраснай высакагорнай лавіны ? Буш-малодшы з Білам Клінтанам ? Сорас ? Інтрыгі міжнародных валютчыкаў ? Звышдарагая расійская нафта ?
Магутная мазутная рака , каля якой карміўся й сыцеў Гарткевіч імгненна ператварылася ў рэчачку , ручаёк , а затым і наогул знікла . О , як гэта балюча і невыносна крыўдна адчуваць усім сваім целам , кожнай сваёй клетачкай імклівае падзенне з галавакружнай вышыні на брудную запляваную зямлю , якая квітнее не лілеямі ды рамонкамі , а недакуркамі , выкарыстанымі шпрыцамі і прэзерватывамі !
“ Ты – ніхто , - сказаў сам сабе Вітаўт Гарткевіч ( А ён умеў быць сурова-самакрытычным – вайсковая казарма навучыла ) , - Ты – паршывы абсыпаны блохамі шчанюк , месца якому на памыйніцы . Ты – мокрая ануча , якой падціраюць падлогу . Ты – брудны шматок туалетнай паперы , які выкарысталі па прамым прызначэнні і шпурнулі ў вурну , ды й нават тут шматку не пашанцавала – ён праляцеў міма і ўпаў у смярдзючую зялёную лужыну . Ты ... “ . І гэтак далей . Славяне , асабліва беларусы , умеюць самабічавацца .
Але што ж рабіць ? Ісці ў пралетары ? Ніколі ! Гвардыя памірае , але не здаецца . Гэта ён, Вітаўт Гарткевіч , як чалавек адукаваны начытаны , успомніў старых французаў . Ды французы французамі , а , як , казалі ў войску , кішка кішцы марш грае . Кажучы цывільнай моваю , дужа хочацца жраць . А каб добра жраць ( прабачце , есці ) трэба мець грошы .
За прымітыўна-нясмачнай ранішняй яешняй жонка Віялета спачувальна глянула на Вітаўта , павяла прыгожым аголеным плечыкам , падкусіла :
- І доўга , князь , будзеш у паход збірацца ?
Князем яна называе мужа таму , што імя ў яго дужа рэдкае , з часоў Вялікага княства Літоўскага . Імем сваім Вітаўт , дарэчы , ганарыўся .
На жончыну кпіну Гарткевіч не зрэгаваў . Паныла еў бела-жоўтую яешню . Аб нечым дужа засяроджана думаў .
- І калі ж , князь , палюддзе паедзеш збіраць ? – не адставала Віялета .
Адразу відно , што вучылася на гістарычным факультэце , хоць працуе ў дробнай турыстычнай фірмачцы .
Віялета , ягоная Віялета , прыгожая жанчына , нездарма Вітаўт біўся за яе са студэнтамі –гісторыкамі на дыскатэцы . Пасля той бойкі ў яго нават захістаўся пярэдні зуб , а рэбры смылелі з тыдзень . Ды й ён добра памахаў тады курсанцкай дзягаю з цяжкой спражкай . Як любой нармальнай здаровай самцы Віялеце спадабалася крывавая жорсткая баталія , што ўскіпела за права валодання ёю , і яна абрала Гарткевіча .
Жонцы трыццаць два . Светларусая васільковавокая з пяшчотнай малочнай скураю , на якой падчас гневу альбо ў час бурнага кахання ярка ўспыхвае мілы ні з чым непараўнаны румянец . Вітаўт , будучы ў лагодным настроі , называў яе – мая русалка . А калі злаваўся ( апошнім часам такое здаралася амаль штодня ) Соф”я Пяроўская . Гэта ў гонар тэрарысткі генеральскай дачкі , якая ў дужа далёкім 1881 годзе кіравала забойцамі расійскага цара .
Вітаўт , павольна жуючы , апусціўшы і ледзь не ўваткнуўшы галаву ў талерку , знізу ўгору паглядзеў на жонку . Так , прыгожая . Але зусім нядаўна ледзь прыкметна акруглілася пацяжэла пяшчотнае падбароддзе , вось-вось ( не дай , Жаночы Бог!!! ) з”явіцца складка . Ужо разы два Віялета прасіла даць грошай на пластычную аперацыю , і Гарткевіч згадзіўся , абяцаў , і раптам – гэты неспадзяваны дзікі востра-непрыемны , як хворы пеніс , Крызіс ! Ён аж скрыгатнуў зубамі .
Жонка зразумела гэтае ягонае скрыгатанне , як нязгоду са сваімі словамі , і рэзка матнула прыгожай галоўкай , бо таксама была дужа нервовая :
- Грошай у сям”і няма . Калі , нарэшце , пойдзеш працаваць , бізнесмэн наш няўдалы ? Трэба нахіліцца , каб з ручая напіцца !
- Бач ты яе – прымаўкамі загаварыла , - шпурнуў убок відэлец , гняўліва пачаў узнімацца над сталом Вітаўт Гарткевіч , ды яго апярэдзіла дачка , Валькірыя . Яна , сярдзіта бліснуўшы чорнымі вачамі , крыкнула маці проста ў твар :
- Перастань чапляць бацьку , Соф”я Пяроўская !
Ад такіх доччыных словаў светлыя шчочкі Віялеты адразу ж узяліся дробнымі чырвонымі плямкамі . Яна аж задыхнулася . А Гарткевіч са здзіўленнем і вострай бацькоўскай радасцю ( абараніла ! падтрымала! ) паглядзеў на дачку . Не , нездарма ў свой час ён , хоць жонка пярэчыла , настояў каб нованароджаную дачку назвалі нязвычным для беларускага вуха імем Валькірыя . Валькірыя ! Грозная ваяўнічая дзева германскіх міфаў .
Валькірыя знешне вельмі падобная на бацьку , як кажуць , усе кропелькі пабрала . І такая ж порстка-гарачая .
- Хто , хто я ? – слабым абмяклым голасам пралепятала агаломшаная Віялета .
- Два разы не паўтараю , - сказала , як адрэзала дачка , але , заўважыўшы іскры слёзаў у матчыных вачах , цмокнула яе ў шчаку :
- Ты харошая .
І выбегла з-за стала ў свой пакойчык .
- Тваё семя , - злосна выдыхнула Віялета мужу .
- Разам сеялі , - агрызнуўся Вітаўт .
Раптам яму захацелася ўдарыць жонку . Схапіць левай рукою за пяшчотную безабаронную шыю , сціснуць , што ёсць моцы , а правым цяжкім кулаком стукнуць у прыгожы яркі калісьці такі родны , а зараз ненавісны твар . Ён уявіў , як хрусне , звернецца набок , ператворыцца ў агідна-крывавае месіва акуратненькі напудраны носік , як пырскне кроў на стол , на мярзотную нясмачную яешню . З бела-жоўтай яешня зробіцца чырвонай . Такая ашаламляльная відзежа прымусіла яго ўздрыгнуць усім целам . Зашумела кроў у скронях . Каб не зрабіць непапраўнае , Гарткевіч трасянуў рукамі , глыбока ўцягнуў у сябе паветра , сказаў амаль спакойным голасам :
- Дзякуй за смачны сняданак . Пайду ў Цэнтр занятасці .
- Які Цэнтр ?! – істэрычна залемантавала Віялета , - Ведаю я твой Цэнтр ! Папаўзеш да шлюшкі Скаблінскай . Але навошта ты той сухазадай Скаблінскай ?
Яна ядавітым позіркам акінула мужа з ног да галавы :
- Крызіс не ў свеце і не ў краіне . Крызіс у цябе ў штанах , мой дарагі князь . Дзе тое падзелася , што ў штанах вярцелася ?
- Закрой пасть , - спакойна парыраваў Вітаўт гнеўную жончыну тыраду , - А ў перакладзе на беларускую мову – зачыні хлеў .
Ён мякка ўзяў жонку за плечы , мякка пасадзіў яе на кухонны пуфік , падыйшоў да насценнай вешалкі ў калідоры , зняў плашч , пачаў апранацца . Са свайго пакойчыка вытыркнула галаву Валькірыя і , нешта жуючы , лаканічна спытала :
- Куды ?
- Туды , - у тон ёй адказаў Гарткевіч .
- Ну-ну , - усё зразумела дачка , - Глядзі , не затрымлівайся , вярніся на родны аэрадром .
Дзверы ў пакойчык зачыніліся . Гарткевіч з рэзкім шчаўчком крутнуў паваротную галоўку замка , вышаў на лесвічную пляцоўку .
- Няўдаліца ! – данеслася ззаду .
Ну вось і паразмаўлялі .
Ён ішоў па мінскіх вуліцах , ішоў у нікуды . Абы ісці . Абы перастаўляць ногі . Вуліцы гэтыя звычайна хваляць за чысціню . Але яны малалюдныя і нейкія халодныя гэтай сваёй малалюднай чысцінёй . Дзе людзі ? Пэўна , сядзяць у кватэрах , як падчас дажджу сядзяць у маленькіх гнёздах вераб”і . Людзі і вераб”і ... Вераб”і і людзі ... Ён , Вітаўт Гарткевіч , ня гледзячы на гучнае імя , таксама адзін з гэтай шэрай шматлікай чарады . Шукай і дзяўбі, калі знойдзеш ,зерне , як усе . Ціўкай-чырыкай , як усе .
Што ж рабіць ? Паспрабаваць уладкавацца ў Замежны французкі легіён ? Нерэальна . Смешна . Пайсці ў ахоўнікі да якога небудзь грашовага туза ? Такія цёплыя сытыя месцы даўно занятыя . Зрабіцца “ тарбэшнікам “ і вазіць у Беларусь шмоткі з-за бугра ? Калісьці ў Польшчы такіх называлі мурашкамі . Але бізнес гэты канчаткова лопнуў . Застаўся хіба Кітай . Ды да Кітая далёка , як да Марса . І ўсё там перахапілі расейцы . Ламануць у Маскву будаваць кацапам-мільянерам катэджы ? Будзеш рачкаваць , як раб , дажывеш да першага грашовага разліку , а потым знікнеш у бясконцых лясах і снягах . І будзе Ігар Кваша шукаць цябе па ўсім свеце ў тэлеперадачы “ Жди меня “ . Што ж рабіць ?
Глыбока задумаўшыся , Гарткевіч раптам сутыкнуўся з грузнаватым апранутым у зялёны вайсковы бушлат чалавекам . Чалавек той злосна мацюкнуўся , бо з роту ў яго выпала цыгарэта . Ён жвава нагнуўся , падабраў яе з зямлі , як найкаштоўнейшы скарб , нават не атросшы , зноў уваткнуў у рот . Потым накінуўся на Вітаўта :
- Ты чаго прэшся , як слон , людзей давіш ?
Не паспеў Гарткевіч што-кольвеч адказаць , як уладальнік вайсковага бушлата моцна абшчаперыў яго сваімі нібы жалезнымі рукамі , цыгарэтаю апёк яму шчаку , залемантаваў сіплым яўна прапітым голасам :
- Віцька ! Гарткевіч !
Вітаўт , лёгенька пастукваючы пальцамі апечанае месца , адхіснуўся , бо ад незнаёмца пахла яўна не французкай парфумай .
- Вы што ? – пачаў быў ён , але асекся на паўслове , бо нешта знаёмае мільганула ў даўно няголенай зарослай сіваватай , як пасыпанай попелам , шчэццю фізіяноміі з характэрным бура-сінім колерам носу і шчокаў . Такіх завуць “загарэлымі “ .
- Ваня Мастоўскі ? – няўпэўнена прамовіў Гарткевіч , абачліва адступаючы на крок-другі назад .
- Ён ! Ён самы! – радасна заскакала ў абсівераных вуснах бушлатаносца брудная цыгарэта . Чырвоныя тоўстыя , як падушкі , далоні пацягнуліся да Вітаўта .
- Мастадонт , - нарэшце ўпэўнена сказаў Вітаўт , пазнаўшы свайго колішняга аднакурсніка па вайсковай вучэльні , - Але ж дужа змяніўся ты , браце .
- Ён самы ! Мастадонт ! – пякучая цыгарэта зноў пачала пагрозліва набліжацца да Вітаўтавай ужо апечанай шчакі , - А не змяняецца толькі гара Джамалунгма !
Па тым з якой лёгкасцю і ўпэненасцю прагучала цяжкавымаўляемая назва славутай самай высокай у свеце гары можна было меркаваць , што Іван Мастоўскі , некалі адна з самых светлых галоваў іхняга курсу , яшчэ , як кажуць у народзе , не прапіў мазгі .
- Пойдзем у двор , - пацягнуў Гарткевіча за рукаў плашча Мастадонт .
Яны , а было гэта ў раёне мінскай вуліцы Максіма Танка , дзе прыгожым чырвонацагляным ланцугом высяцца жылыя будынкі , якія просты народ называе
“ Брэсцкая сцяна “ , прайшлі праз арку , селі на сцёртую зрэзаную сцізорыкамі лавачку непадалёк ад дзіцячай пляцоўкі . Насупраць , між старадаўніх дрэў з шурпатай цёмнай карою , стаяла трохпавярховая фарбаваная ў жоўты колер саўна . Туды заходзілі людзі са спартыўнымі і з гаспадарчымі сумкамі , пэўна ж , ішлі мыцца . Гарткевіч успомніў , як калісьці з песняю , з прарэзлівай камандаю “ Раз ! Два ! Тры ! “ , іх , маладзенькіх курсантаў , ганялі ў лазню , ганялі і ў мароз і ў спёку . Мастоўскі маршыраваў тады ў заднім ад яго , Вітаўта , шэрагу , горача дыхаў у патыліцу і на кожнае “ Раз ! Два ! Тры ! “ прамаўляў так , каб чулі суседзі :
- Мне спіну патры .
Курсанты смяяліся . Узводны Елісавецкі грозна крычаў :
- Прекратить смех !
Зараз гэты Ваня Мастоўскі , ён жа на курсанцкім жаргоне Мастадонт , сядзіць побач з Гарткевічам . Ён пагрузнеў , папаўнеў , а , дакладней , разбух . Гэтакая дзяжа з кароткімі тоўстымі нагамі , прытым , дзяжа вельмі гаварлівая .
- А я цябе адразу пазнаў , - ашчасліўленым голасам казаў Мастоўскі , - Бачу , шпарыць цывілік , галаву ўнурыўшы , быццам трэба неадкладна вырашыць усе праблемы Сусвету . І булдых мне галавой у самае плячо !
Ён весела рагатнуў , зірнуў на гадзіннік , які насіў на правай руцэ ( так прэзідэнты Пуцін і Лукашэнка носяць ) :
- Трэба ўзяць дзве Веры Мацвееўны .
Гарткевіч уздрыгнуў :
- Ты ж , Мастадонт , здаецца , ніколі не быў асаблівым бабалюбам . Гэта я ў самаволку бегаў , як марцовы кот .
Мастоўскага скалануў прыступ раскацістага сакавітага смеху . Ён адсмяяўся , выцер рукой-падушкай узмакрэлыя вочы :
- Так , ты ў нас , Віця , лічыўся спецам па бабскай частцы . А Вераў Мацвееўнаў не бойся . Гэта ўсяго дзве бутэлькі , два “ фугасы “ вермуту . Так наша алкагольная знаць іх велічае .
Ён зноў зарагатаў .
Пайшлі да найбліжэйшай крамы , каля якой тоўпіўся худы абшарпаны люд з характэрным прагавітым бляскам у вачах , купілі дзве “ Веры Мацвееўны “ , хлеба , каўбасы і пачак цыгарэтаў . Мастадонт урачыста нёс гэтае багацце ў дзірававатым цэлафанавым пакеце , які выцяг з кішэні бушлату . Гарткевіч чакаў-непакоіўся , што вось-вось стары пакет лопне , бутэлькі пакоцяцца па зямлі , і з усіх бакоў рынецца да іх згаладалая па алкаголю чалавечая зграя . Ды абышлося .
Насупраць саўны літарай “ Г “ стаялі чатыры невялікія будаўнічыя вагончыкі . Мастадонт , не выпускаючы з правай рукі свой каштоўнейшы пакет , левай спрытна дастаў з унутранай кішэні бушлата ключ , адамкнуў замок , што вісеў на дзвярах вагончыка .
Нахіліўшы галовы ўвайшлі ў шэры змрок . Амаль увесь вагончык , ад падлогі да столі , быў нашпігаваны штабельчыкамі будаўнічай абліцовачнай пліткі . Толькі каля маленькага закратаванага вакенца меўся акрайчык вольнага месца , дзе стаяў зялёны пластмасавы стол і дзве металічныя табурэткі . Мастадонт плюхнуўся на адну з іх , весела сказаў Гарткевічу :
- Сядай , зямеля .
Вітаўт асцярожна апусціўся на табурэтку . Яна была вельмі халодная ледзяная , і давялося асцярожна-далікатна , каб не заўважыў былы аднакашнік , напружваць свой азадак , рабіць ім кругавыя сагравальныя рухі . Ды Іван Мастоўскі быў радасна захоплены наразаннем каўбасы і хлеба , адкаркоўкай бутэлек . Гэта , відно па-ўсім , напаўняла ягонае вялізнае цела адрэналінам . З неабдымных кішэняў усё тога ж бушлату ён вылавіў два пластмасавыя кілішкі , шумна дзьмухнуў у іх , да краёў напоўніў легендарнай “ Верай Мацвееўнай “ , і , шчаслівы , бліскучавокі , па-братэрску зірнуў на Гарткевіча :
- Ну , будзьма , брат па шэраму шынялю !
Выпілі вермуту . Не , гэта быў не рэмаркаўскі кальвадос . Гэта было нешта тутэйшае , слівова-яблычнае , гаркавата-кіславата-салодкае , мярзотнае .
- У-у-х ! Добра зайшло ! – ляпнуў сябе па круглым пульхным жываце Мастадонт .
Падазрона абнюхаўшы , Вітаўт пачаў старанна , як навучалі яшчэ ў дзяцінстве , перажоўваць каўбасу . На вялікае шчасце , ніякіх пабочных прымесяў у ёй не аказалася .
- Скажы мне , Ваня , - пацікавіўся ён , - як ты , прабач , дакаціўся да гэтага вагончыка і чаму ты ўвесь час такі вясёлы ? Хіба можна быць , яшчэ раз прабач , вельмі вясёлым у такім вагончыку ?
Мастадонт , пачуўшы сябрава запытанне , зноў забулькаў-закалыхаўся аптымістычным смехам , пачаў наліваць па новаму кілішку :
- Гэта , вядома ж , не генеральскі і не царскі штаб-вагон , а , як ты правільна зазначыў , вагончык . Тут у навакольных дамах планавалі зрабіць вонкавы еўрарамонт . Прыцягнулі гэтыя вагончыкі . Напакавалі іх пліткаю , вёдрамі , цэментам , яшчэ рознай трасцаю . Ужо й рабацягі заехалі . Але грымнуў яго вялікасць крызіс . Помніш , як у школьнага паэта Някрасава ? Я толькі адно слова замяніў .
В мире есть царь .
Этот царь беспощаден .
Кризис названье ему .
Ён урачыста зірнуў на Вітаўта .
- А чаму я такі вясёлы ? А якім мне загадаеш быць ? Ліць слёзы у пяць ручаёў ? Я пасля нашай вайсковай вучэльні недзе ўсяго з год цягнуў лейтэнанцкую лямку . А потым на турэмныя нары загрымеў .
- Ты сядзеў у турме ? – Гарткевіч аж прыўзняўся з халоднай металічнай табурэткі .
- Не , за мяне мая цётка сядзела , - зарагатаў Мастадонт , - Сядзеў . І ганаруся гэтым . Кожны мужык , як я мяркую , павінен за жыццё сваё пасядзець . Ну неабавязкова ў турме, а хоць дзянёк у міліцэйскім “ малпоўніку “ , у цёшчынай кладоўцы , калі перап”е , пачне талеркамі шпурляцца , і яго звяжуць . Ды мала дзе !
- Як жа ты ўліп ?
- Проста . Вельмі проста . Так як , выводзячы з кватэры на ранішні мацыён сабаку , уступаюць-уліпаюць нагою ў какешкі на сабачым лужку . Не быў сабакаром ? Шчаслівы чалавек . Дык вось пасля Мінскай вайсковай вучэльні турнулі мяне ў Варонеж . Там ёсць атамная электрастанцыя . Яе мы ахоўвалі ад магчымых тэрактаў . Каравульная наша рота стаяла ў бярозавым лесе над Донам . Прыгажэйшыя мясціны ! Рыбалка . Баравікі з твой капялюш . Адным словам , курорт . Але служба ёсць служба , прытым , каравульная служба . Як у нас казалі : “ Через день на ремень , через два на кухню “ . Быў я лейтэнанцікам . Халасцякаваў . Жыў , можна сказаць , як Дыяген у бочцы – у зваранай з металічных лістоў вялізнай нязграбнай пасудзіне , якая называлася балок . У такіх цюменскія нафтавікі жылі , а , можа , й зараз жывуць .
Мастадонт зноў лінуў чароўнага зелля ў кілішкі .
- Начальнікам каравула хадзіў . Развяду салдацікаў , сяджу ў каравульным памяшканні і старыя газеты чытаю . Сум найвялікшы ! Гарачыня . Летні сквар . А ўвечары з Дону холадам цягне . І камары пачынаюць свой канцэрт , граюць на сваіх малюсенькіх-малюсенькіх мярзотных дудачках . Б-р-р-р !
Ён трасянуў галавою і нават ляпнуў сябе даланёй па вуху , нібы ў тое толькі што ўпіўся бязлітасны камар .
- Верыш – наляцяць камары , загудуць , хапаю стос газетаў і хвашчу , хвашчу наўкола , а потым , зачыніўшы дзверы на засоўку , каб ніхто неспадзявана не зайшоў , хаджу сагнуўшыся , або наогул поўзаю на коленцах і лічу камарыныя трупікі . Сорак сем ... Шэсцьдзесят восем ... Б-р-р-р ...
- Гэта цябе , брат , дэпрэсія ламала , - уставіў сваё слова Гарткевіч .
- Можа , й дэпрэсія , - ахвотна згадзіўся Мастадонт , - Адным разам іду па бярэзніку са свайго балка і чую – бум !!! бум !!! . Нейкія рэзкія металічныя гукі . Што такое ? Павярнуў у той бок і ледзь не наступіў на важычанё , малюпасенькае , яшчэ не шэрае , а беленькае , з мяккімі іголкамі . Некуды , бач яго , бегла . Радасна мне зрабілася , што Бог у апошнюю хвіліну адвёў цяжкую нагу маю . Выходжу на гук і бачу – радавы Уладзіміраў , якога толькі што на пост адвялі , павесіў на бярозавы сук свой СКС ( самазарадны карабін Сіманава ) , зняў пілотку , разуўся ( ! ) , боты павесіў на той жа сук , узяў у рукі нейкую ламачыну і штосілы лупцуе ёю па старым іржавым балкУ , які выкінулі па старасці ў металалом . Бум !!! Бум !!! “ Адставіць ! – крычу , - радавы Уладзіміраў ! “. А ён на мяне нуль увагі . Ён быў з хрышчаных татараў , з Казані , а бацька ягоны працаваў дырэктарам цукерачнай фабрыкі . “ Адставіць ! – крычу “ . А ён павярнуў да мяне твар ( вочы пустыя , пагардлівыя ) і цэдзіць скрозь зубы : “ Чаго разваняўся ? У мяне , ведаеш , якая радня ? Паскарджуся , і яны з”ядуць , праглынуць цябе і гузікі выплюнуць “ . Ну , я й урэзаў яму па самай поўнай праграме правым кулаком у ніжнюю сківіцу . А кулачок у мяне , як бачыш , цяжкі .
Іван Мастоўскі , ён жа , Мастадонт , ужо п”янаваты , выкінуў угору свой магутны кулак-булдавешку . Ад такога нечаканага руку Вітаўт Гарткевіч адхіснуўся і нават заплюшчыў вочы .
- Не бойся . Сваіх не б”ем , - паляпаў яго па плечуку Мастадонт . Зноў выпілі .
- Мінуў тыдзень , другі . Жаўнер спіць – служба йдзе . Быў я дзяжурным афіцэрам па вайсковай частцы . Прайшоў па тэрыторыі , зазірнуў на кухню , зняў , як кажуць , пробу з салдацкай кашы . Смачная каша . Усё нармальна . Заходжу ў сталоўку . Салдаты толькі селі за сталы . Днявальныя цягаюць хлеб , бачкі з гарачай кашай . Сяржант дае каманду : “ Устаць ! “. Усе ўстаюць . Уладзіміраў сядзіць , як не чуе . Сяржант кінуўся да яго , нібы звер : “ Устаць , радавы Уладзіміраў ! “ . Бедны сяржант . Ён , пэўна б , заехаў гэтаму адмарозку поўху , але пры мне стрымаўся . Падыходжу я . “ Устаць “. Сядзіць . Нават разваліўся , як у піўбары , вочы нахабныя халодныя дзёрзкія . Крычу : “ Устаць ! “ . А ён у адказ лянівым голасам : “ А што ты зробіш мне , бульба дробненькая ? “. Такія словы гэтая сапля кажа мне , амаль двухмятроваму беларусу ! Я бяру яго за каршэнь , адной рукою адрываю ад табурэткі . І тут ён вывернуўся , схапіў са стала бачок з гарачай кашай-пярлоўкай і пляснуў мне ў твар . Ён , гадзянё , схапіў бачок , а я праз паўхвіліны свой пісталет-“макар” і застрэліў яго на месцы . Толькі пуканне ў гадзяняці з задняга праходу пайшло . А потым – трыбунал , абураныя працоўныя горада Казані , і ўпяклі мяне . А я б і сёння яго застрэліў .
- Ну , ты , Ваня , даеш , - пачціва-баязліва прамовіў Гарткевіч , - Я б так не змог .
- Змог бы , каб рожу , афіцэрскую , заўваж , рожу , гарачай кашай заляпілі .
- Не , не змог бы . Трэба ваяваць не кулямі , а словамі . Трэба вучыць людзей цярпенню , талерантнасці .
- Ах , як мы заспявалі , - з”едліва пакланіўся Гарткевічу Мастадонт , - Мы любім усіх , мы даруем усім . Мы – маці Тэрэза .
- Не паяснічай , - пакрыўдзіўся Вітаўт .
Раптам дзверцы вагончыка захадзілі ходырам ад частых цяжкіх удараў . Мастоўскі і Гарткевіч ускочылі з-за століка . Бутэлькі з ляскатаннем пакаціліся на падлогу . Звонку пачуліся злыя рэзкія п”яныя галасы :
- Выпаўзай з бярлогі !
- Мачыць будзем !
Вітаўт спалохана зірнуў на Мастадонта . Той нагнуўся , падабраў парожнія бутэлькі , адну з іх , слізкую , вялізную , амаль сілком увапхнуў у рукі Гарткевічу :
- Бяры гранату , зямеля !
І нечакана заспяваў на ўсю глотку :
Когда я был мальчишкой ,
Носил я брюки-клёш ,
Соломенную шляпу ,
В кармане финский нож .
З вагончыка яны вываліліся на вуліцу – спераду Мастадонт , за ім Гарткевіч . Тры-чатыры няпэўнага ўзросту бамжы , худыя замызганыя п”яненькія , перабіраючы для раўнавагі нагамі і ўсёроўна пахістваючыся , сустрэлі іх прарэзлівым бязладным лямантам :
- Сучара , навошта забіраеш нашу ўпакоўку і наш кардон ?!
- Як мы дамаўляліся ?!
- Мэблевы магазін наш !
Але ваяўнічы крык адразу ж асекся , як толькі бамжы ўбачылі ў руках сваіх праціўнікаў цяжкія “ фугасы “.
- Мэблевы магазін , панове , не ваш , а фірмы “ Пінскдрэў “ , - смела выкругліўшы магутныя грудзі , - сказаў Мастадонт , - Гэта па-першае . А па-другое – хто з вас , галапупікі , абгаўкаў мяне сучарам ? Ты , Чэрап ?
Ён падыйшоў да таго , каго назваў Чэрапам , высокага бледнатварага абсалютна лысага мужычка , рэзка махнуў бутэлькай , але не ўдарыў , а , падкінуўшы бутэльку , лоўка , як цыркавы жанглёр , перахапіў яе ў паветры , і рыльцам тыцнуў таму ў сонечнае спляценне . Чэрап , зламаўшыся напалам , схапіўся за жывот .
- Хто яшчэ хоча пакаштаваць камісарскага цела , як казала непараўнальная народная кінаактрыса ? – засмяяўся Мастадонт .
Бамжы як анямелі . Баявы імпэт адразу ж выветрыўся .
- Вось так , хлопчыкі , лепш , - міралюбна сказаў Мастадонт , - Не бяру я ваш кардон . А , значыць , нехта іншы бярэ . Праверце . І не трэба нам ваяваць . Вазьміце вось дваццаць тысячаў белрэ і выпіце за наша непарушнае сяброўства . Табе даю грошы , Чэрап . Прабач, што прычыніў невялічкі дыскамфорт . Нічога , да наступнай “ ходкі “ зажыве .
І ён і бамжы весела засмяяліся . Чэрап , пакрыўджана нахмурыўшыся , не засмяяўся , але грошы прагна згроб . Узбадзёраная кампанія жвава паваліла ўбок піўнухі .
- Здаецца , майму мабільніку кранты ,- сказаў Гарткевіч , дастаўшы з кішэні плашча тэлефон .
- Дай гляну .
Мастадонт узяў тэлефон , патрос яго , папстрыкаў кнопкамі , потым зноў патрос , вярнуў Вітаўту :
- Жыве .
Вітаўт набраў нумар Валькірыі .
- Алё ,- даляцеў з далечыні родны цёплы доччын голас .
О . маленькі казачны цуд пад назваю мабільны тэлефон ! Як мы жылі раней без цябе ? Як існавалі ? Заблудзіўшыся пасля сяброўскай п”янкі ў цёмных начных гарадскіх дварах , спыніўшыся на паламаным аўтамабілі на пустыннай палявой дарозе , мы , яшчэ зусім нядаўна , рабіліся бязмоўнымі рабамі няшчасных абставінаў , пакорліва схілялі галовы перад непазбежным . Ты , дзіця нечуванага тэхнічнага прагрэсу , даў нам збавенне . О , маленькі казачны цуд пад назваю мабільны тэлефон ! Дзе той , паэт , што напіша пра цябе паэму ?
- Як справы ? Што робіць маці ? – стараючыся надаць голасу звышцвярозыя ноткі , спытаў Гарткевіч .
- Усё окэй . Маці глядзіць чарговы серыял . Не забудзь вярнуцца на родны аэрадром , - хуценька адказала Валькірыя , і са слухаўкі палілося бадзёрае піпіканне .
Значыць , дома ўлёгся тайфун , паспакайнела . Гэта добра . Не любіў Вітаўт спрачацца з жонкаю , абменьвацца фехтавальнымі ўколамі . Дарэмная трата часу . Жанчыну , а , тым болей ягоную Віялету , ніколі не пераможаш у слоўным паядынку . На адно тваё слова яна выпусціць у адказ чаргу з дзесяці словаў . Толькі прыгінайся , толькі хавайся . Больш прымітыўныя мужчыны ў такіх выпадках усё-ткі дабіваюцца свайго , даючы волю кулакам . Але ж на вуліцы , спадарства , дваццаць першае стагоддзе , а ён , Гарткевіч , вайсковы інжынер , бізнэсовец , джэнтльмен . “ Былы інжынер і былы бізнэсовец “ , - мільганула ў галаве думка , ды Вітаўт адагнаў яе . Усё , урэшце рэшт , наладзіцца , бо ўсё некалі канчаецца – крыўда , хвароба , дрэннае надвор”е ... Скончыцца і Крызіс .
- Ты чаго засумаваў , зямеля ? – ляпнуў яго па плячы цяжкой рукою Мастадонт , - Трэба прадоўжыць нашую прыгоду . Грэх не прадоўжыць , маючы поўныя кішэні белрэ .
Ён зноў заліўся густым здаровым смехам .
- Ды я , у прынцыпе , ужо і п”яны і сыты , - вяла паспрабаваў адмовіцца Гарткевіч , - Даўно хачу сесці на дыету ...
- Хіба ты – балерына ? – здзівіўся Мастадонт , - Збіраючыся галадаваць , парайцеся са сваім урачом і сваім салітэрам . Ану , пайшлі !
Ён пацягнуў Вітаўта за крысо плашча , ажно пачуўся лёгкі трэск . Яны , рашучы Мастадонт і пакорлівы Вітаўт , пакіраваліся ў напрамку да мінскай піўнухі , якую ў простым народзе называюць гадзюшнікам . Зорка Прыгодаў зноў заззяла ўсімі сваімі чароўнымі праменнямі !
- Дык , кажаш , лопнуў твой бізнэс ? – не змаўкаў Мастадонт , - Шмат хто з вашага брата на дно пойдзе .
- Ты што – радуешся ? – аж спыніўся Вітаўт .
- Няхай радуюцца пралетары , а я ж таксама нейкім чынам – дробны буржуа , І П , - пацягнуў яго далей курсанцкі сябра , - Ведаеш , што такое ў нас , макулатуршчыкаў-картоншчыкаў , І П ? Вып”ем і паўторым . Усёк ? Вып”ем і паўторым ! І паўторым ! І П .
Жыццярадасны рогат скалануў вуліцу , аж азірнуліся мінчукі-пешаходы . Людзі гэтага слаўнага гораду чамусьці не дужа эмацыянальныя . Ці клімат тут такі памяркоўна-разважлівы , ці дысцыпліна добра пастаўлена . Хто ведае .
Прыйшлі ў кафэ , што гуло , як сотня чмяліных гнёздаў . Кафэшны люд быў значна гаварлівейшы , чым люд вулічны . Тут кіпела сваё непадуладнае ні крызісам , ні дэвальвацыям жыццё . Самая розная публіка густа запаўняла даволі аб”ёмную паўцёмную залу пад старадаўняй яшчэ сталінскіх часоў столлю , на якой яркімі мазаічнымі пліткамі былі выкладзены сярпы і молаты , снапы залатой пшаніцы , крамлёўскія вежы з непагаслымі пуцяводнымі зоркамі . Народ харчаваўся па-шведску – стоячы . Наўкруг дзесяці-дванаццаці сталоў ляпіліся людзі . Хто піў , хто ўжо закусваў , хто дымна , як фабрычны комін , курыў . Некаторыя былі даволі інтэлігентнага выгляду – у чыстых непакамечаных плашчах , пад гальштукамі . Каля некаторых сталоў у мужчынскіх капманіях зазыўна-аптымістычна пішчалі свежанафарбаваныя нявызначанага ўзросту дзяўчаткі . “Баль жыцця “ – сказаў бы паэт .
- Смачна есці ! – гаркнуў Мастадонт .
Ды ніхто не звярнуў аніякай увагі на такі маладзецкі вокліч . Кожны стараўся як мага хутчэй уліць у асмаглы ад учарашняга перапою рот гаючую кроплю алкаголю . У прагныя людскія страўнікі ўслед за гарэлкай , віном і півам імкліва ляцелі кавалкі хлеба , каўбасы , плаўленыя сыркі , піражкі з капустай і яшчэ богведама што . Жылі імгненнем . Ніхто не думаў пра бязлітаснае заўтрашняе пахмелле .
Мастоўскаму і Гарткевічу пашанцавала заняць акраец стала побач з арачным вакном , што глядзела на праспект Незалежнасці . Толькі што за гэтым сталом , паклаўшы галаву ў засаленым капелюшы на рукі , соладка драмаў каштанававалосы кучаравы дзяцюк . Раптам ён прахапіўся , няўцямна зірнуў на суседзяў , закрычаў :
- Ба-тэ ! Ба-тэ !
- Футбольны фанат ? – ласкава паправіў яму на галаве капялюш Мастадонт , - Хутчэй ідзі, а то без цябе гол заб”юць .
Каштанававалосы й сапраўды няцвёрдай хадою пакіраваўся да выхаду . У самых дзвярах яшчэ раз пачулася перамоганоснае :
- Ба-тэ !
Мастадонт рашуча змёў шырокай даланёю са стала крошкі , замовіў афіцыянтцы , што , вядома ж , аказалася ягонай даўняй прыяцелькай , пітво і закусь .
- Толькі сваё не піце , хлопчыкі , - папрасіла афіцыянтка , - У нас наконт гэтага строга .
- Нельга сваё – будзем піць тваё , - рагатнуў Мастадонт .
Вітаўт глядзеў на яго , і зайздрасць выспявала ў душы . Вось стаіць побач аднагодак , былы аднакашнік , можна сказаць , сябра . Елі адзін хлеб , хадзілі амаль адзінымі дарогамі, глядзелі адно і тое ж тэлебачанне , чыталі аднолькавыя газеты і аднолькавыя кніжкі , чулі вакол сябе аднолькавыя размовы , бачылі добрае і злое , святое і цынічнае , а як па-рознаму павярнулася склалася жыццё . Яму , Мастоўскаму-Мастадонту, жыць чамусьці лягчэй , весялей , хоць ён не меў і не мае сваёй фірмы , сваёй чатырохпакаёўкі ў самым цэнтры , ён , вядома ж , не лётаў на Канары і на Кіпр . У яго , Мастадонта , ёсць бедны маленькі пакой недзе на Чыжоўцы , ёсць часовы вагончык , з якога не сёння , дык заўтра , вытураць будаўнікі , ёсць прымітыўны макулатурна-кардонны бізнэс , калі можна назваць бізнэсам штодзённую мышыную беганіну вакол мэблевых і кветачных крамаў . У яго , здаецца , ёсць немалая сям”я , якую трэба карміць . І ён – шчаслівы ! А я ? Ці магу я сабе і Богу сказаць , што я шчаслівы ? Не , бо такія словы будуць хлуснёй . Чаму ж я няшчасны ? Не маю адказу . Ведаю толькі адно , недзе чытаў – вецер дзьме зусім не так , як хочуць ветразі .
І Вітаўту Гарткевічу неадкладна захацелася напіцца , захацелася нырнуць у цёмны хвалісты вір , з якога незаўсёды выплываюць . Ды ці трэба выплываць ?
Раптам зазваніў ягоны мабільнік .
- Віцютка , - данеслася са слухаўкі , - Нешта ты забыўся пра мяне . Гэта я – Эльвіра Скаблінская . Успомніў мінскую сто першую школу , дзесяты клас , выпускны вечар ? Чаму хаваешся ? Я ведаю , што ты зараз у кафэ . З нейкім бамбізам ты зайшоў туды . Я ехала на Камароўку і выпадкова ўбачыла цябе . Зірні ў вакно . Мая сіняя “Мазда “ стаіць якраз насупраць Гума . Праўда , тут нейкая заварушка пачынаецца . Па праспекце ідзе калона апазіцыі , а міліцыянты хочуць перагарадзіць ёй дарогу . Ой , зараз нешта будзе . Зматваюся . Сазвонімся і сустрэнемся на станцыі метро “ Купалаўская “ , як звычайна , у дзевятнаццаць нуль-нуль . Ды ці слухаеш ты мяне , Гарткевіч ? Калі слухаеш , неадкладна адзавіся !
- Слухаю , - сказаў Вітаўт .
- Ну , й лады , - весела выгукнула Эльвіра , - Цісну на газ , і рву кіпцюры , а то растопчуць маю бляшаначку , як сланы . Купалаўская . У дзевятнаццаць нуль-нуль . Гуд бай !
Недзе на праспекце ірванула з месца , паімчалася далей ад бяды “ Мазда “ , за рулём якой сядзела ягоная каханая жанчына . Так , так , сэрца не падманеш . Не з Віялетай ён павінен бы жыць , а з Эльвірай Скаблінскай , гэтым залатавалосым падобным на хуліганістага хлапчука чарцянём . І ў старэйшых класах школы , і на выпускным вечары , калі , збегшы ад надаедлівых аднакласнікаў , яны , узяўшыся за рукі , пабрылі ў туманістую белую чэрвеньскую ноч , у бліскучую таямнічую расу і над Свіслаччу пад покрывам густалапай ніцай вярбы горача і востра ўпершыню пазналі адно аднога , ён кахаў яе . Наіўныя , яны адчувалі тады сябе Рамэо ды Джульетай , кляліся памерці , але не здрадзіць . Дзе тыя клятвы ?
Уздыхнуўшы , Вітаўт глянуў у вакно . На праспекце шумна клубіўся народ . Бел-чырвона-белыя сцягі і сінія з белымі зоркамі сцягі Еўразвязу трапяталі плылі над людскімі галовамі . Чорная непарушная сцяна “ Амапу “ пераразала праспект . Міліцыянты білі дубінкамі ў свае шчыты .
- Пі , зямеля , - тыцнуў яму амаль у твар шклянку з гарэлкай Мастадонт . “ І ўсё-ткі , трэба напіцца “ , - зноў падумаў Гарткевіч .
Каля суседняга стала , амаль сутыкаючыся галовамі , гаманілі за чаркаю два дзецюкі , кучаравы і лысы . Па шчырай апантанасці , па святой наіўнай веры ў сваю праўду і ў сваю абранасць можна было беспамылкова вызначыць , што гэта беларускія паэты .
- Не друкуюць , - казаў лысы , - А калі й друкуюць , то не плоцяць ганарар . А калі надрукуюць , заплоцяць ганарар , то не чытаюць . Русіфікацыя заела . Усё ! Хопіць з мяне. Паеду ў вёску , прыдбаю хатку , супакою нервы . Буду трусоў гадаваць .
- Вазьмі мяне з сабою , - прасіў кучаравы , - І я паеду . Я з дзяцінства трусоў люблю . Вазьмі мяне , браце .
- Згода . Бяру , - літасціва ўсміхнуўся , ляпнуў сябрука па плячы лысы , - Ты ж са сваёй буфетчыцай разбегся ? Пакуй рэчы , якія буфетчыца не паспела атабраць , і паедзем мы з табою , братка , з русіфікацыі ў трусіфікацыю .
Крык на праспекце і шум у кафэ тым часам нарасталі . Узнімаліся дэцыбелы . Узнімаліся градусы . Кожны хацеў перагаварыць і перакрычаць суседа . Металічны мегафонны голас ляцеў з праспекту :
- Паважаныя грамадзяне ! Ваша шэсце несанкцыяванае ! Просім разыйціся !
У адказ грымела :
- Жыве Беларусь !
“ Што я тут раблю ? – сціскаючы рукамі скроні , думаў Вітаўт Гарткевіч , - Што прывяло мяне ў гэтае кафэ , у гэты д”ябальскі тлум ? “ .
Побач далдонілі сваё паэты : русіфікацыя – трусіфікацыя . Нечакана яны , як гэта часцяком бывае з п”янымі , пасварыліся . Лысы закрычаў :
- А ты , Даніловіч-Гоцкі – злы !
- Я – злы . А вы – казлы , - успыхнуўшы ўсім тварам , адказаў кучаравы .
“ Даніловіч-Гоцкі , - адзначыў пра сябе Гарткевіч , - Гучыць прыгожа , нават калі гэта псеўданім “ .
Кучаравы , адпіхнуўшы ад сябе лысага , высока ўзняў чарку , закрычаў , натхнёна бліскаючы блакітнымі вачамі :
- Мы – марсіяне з планеты Зямля ! Увага ! Цішыня! Зараз я прачытаю ўсім вам сваю паэму “ Лісоўчыкі “ ! Абсалютная цішыня ! Я пачынаю чытаць сваю новую паэму !
Цішыня , вядома ж , не наступіла . Усчаўся яшчэ гарачэйшы гармідар . Праз два сталы ад Гарткевіча і Мастадонта дробненькі непрыкметненькі мужычок аб”явіў :
- Я – разборны чалавек !
Ён адляпіў са сваёй галавы сівы парык , раскрыў рот і выцягнуў адтуль пратэз верхняй сківіцы , затым ніжняй , выкалупнуў з вачніцы , як жолуд , штучнае шкляное вока , лоўка махнуў левай рукою , і аказалася , што па самы локаць яна таксама нежывая , а нібы фарфоравая .
- Ну й дае , - прысвіснула кафэ .
Тым часам на праспекце зноў выбухнуў шматгалосы крык . Усе прыляпіліся да вокнаў , пачалі глядзець , што дзеецца . Там круціўся пярэсты ярасны клубок – дэманстранты счапіліся з амапаўцамі . Было няспыннае мільгоцце колераў – чорны , сіні , бел-чырвона-белы ...
- Прыгожы , - маючы на ўвазе бел-чырвона-белы сцяг , сказаў Мастадонт , - Я толькі на самым канчатку вайсковай вучэльні даведаўся , што ён наш , беларускі . Палітрукі ж называлі яго “ сала-мяса-сала “ . Помню , у апошні дзень , у дзень выпуску , ужо калі Савецкі Саюз сыграў у скрынку , мы расчынілі ўсе вокны ў сваіх спальнях , цалаваліся , абдымаліся , крычалі “ Ура !!! “ . А потым украінцы , а за імі й расіяне вывесілі ў вокнах не савецкія сцягі , а свае нацыянальныя . Мы , беларусы , глядзелі на іх , пасміхваліся . І раптам Васіль Патаповіч нібы разбудзіў усіх нас : “ А чаму мы спім у шапку ? Дзе наш сцяг ? “ . Прывалаклі з ленпакою бэсэсэраўскі . “ Гэта не тое “ , - забрававаў сярпасціка-малаткасціка Патаповіч . Схапіў са свайго ложка белую прасціну , з кладоўкі прынеслі лыжны кіёк . Не хапае чырвонай паласы . Што рабіць? Круць-верць галовамі ва ўсе бакі . Тады я ўспомніў , што ў нядзелю хадзіў на спатканне з Наталкай (была адна такая весялуха ) і зажучыў ейную губную памаду . “ Давай хутчэй ! “ , - крыкнуў Патаповіч . Усім курсам паласу тую малявалі !
Калі шум за вокнамі крыху аціх , зноў закрычаў Даніловіч-Гоцкі , пісьменнік :
- Увага ! Я буду чытаць вам сваю паэму !
- Супакойся . Перастань , - цягнуў яго за локаць сябрук .
- Пайшоў прэч , лысы хэ ! – адмахнуўся Даніловіч-Гоцкі і , пахіснуўшыся , учапіўся белымі вялікімі рукамі за край стала , каля якога атабарыліся Мастадонт з Гарткевічам .
- Думаў , што творчыя людзі больш далікатныя , - незадаволена прамовіў Мастадонт .
- Лухта ! – абняў і ледзь не пацалаваў яго пісьменнік , - Мы – жвачныя жывёлы інтэлекту .
Ён трасянуў прыгожай кучаравай чупрынай , пачаў чытаць-спяваць звонкім рашучым голасам :
Мы – лісоўчыкі , злыя хлопчыкі .
“ Добра , - адразу ж падумаў Вітаўт Гарткевіч , - Нязвычна і добра “ . Гэты пісьменнік ці паэт ( хто іх ведае , як яны называюць самі сябе ! ) завалодаў нейкім нервам , нейкім стрыжнем у ягонай душы , завалодаў і не адпускаў . Быцца сонечныя прамяні іскрыстай дарожкаю прабеглі па душы , як па рачной вадзе .
Ты , лісоўчык , добры хлопчык ,
Зайдзі ў мой гародчык ,
Сарві вяргіню-кветку ,
Пакахай мяне , дзеўку .
“ Добра “ , - заплюшчыўшы вочы , слухаў музыку слоў Вітаўт Гарткевіч . Словы былі нечаканыя , непадобныя на шэрыя будзённыя словы .
- Мудра-мудра , зямеля , - мармытаў , ківаючы галавою , Мастадонт , - Як кажуць , хто мАе вуха для слухання , хай слухае .
Ён узняў угору ўказальны палец , заклікаючы ўсіх прысутных да цішыні , спытаў у расчырванелага ўзбуджанага паэта :
- А хто такія – лісоўчыкі ?
- Якім месцам слухаеш ? – пакрыўдзіўся Даніловіч-Гоцкі . Ён , як , бадай , усе творчыя людзі , быў шчыра ўпэўнены , што ягоныя творы не патрабуюць тлумачэння , зразумелыя кожнаму , як глыток паветра і глыток вады . Ды геній ( а ён сам сябе лічыў , вядома ж , геніем ) павінен быць цярплівым .
- Лісоўчыкі – гэта нашы беларускія , а , дакладней , ліцвінскія , лёгкія кавалерысты , можна сказаць , лясныя казакі , якія ў свой час далі шораху і маскалю , і шведу , і татарыну-крымчаку . Лісоўчыкі , - паэтавы вочы заззялі , - гэта – віхор , парыў , агонь , вулкан . Лісоўчыкі – гэта гарачы конь , сядло , шабля , лук , дзіда , рушніца . Лісоўчыкі ...
- Я – лісоўчык ! – гаркнуў Мастадонт , не даўшы паэту скончыць думку . Ён стукнуў сябе кулаком у грудзі і сурова глянуў наўкол – ці сумняваецца хто ? Такіх не знайшлося . Хто кольвек нават заапладзіраваў .
- Малайчына ! – усклікнуў Даніловіч-Гоцкі , - Хвалю ! Ведай жа , мой незнаёмы браце , што ў душы я таксама – лісоўчык . Але ты не даў мне дагаварыць . Лісоўчыкі кахалі жанчын .
- Тады я – тройчы лісоўчык ! – весела зарагатаў Мастадонт .
Гарткевіч увесь гэты час знаходзіўся як бы ў іншым вымярэнні . Вядома ж , паўплывалі алкаголь і паэзія . Ён быў у кафэ , стаяў побач са сваім аднакашнікам Мастоўскім , чуў і бачыў , як той крычыць , шырока раскрываючы рот , выскальваючы моцныя жаўтлявыя зубы , але нейкая частка душы адасобілася і кудысьці ляцела , як ляціць летняе воблака ці сарваны з дрэва ліст . І бачыўся яму малады зялёны бярэзнік , што аж кіпеў пад бурлівым парывістым ветрам . Бачыўся абліты сонцам і дажджом бяскрайні луг . З таго срэбнага лугу бег да яго , зазыўна іржучы , малады прыгожы вольны конь з доўгаю рассыпістай грываю і доўгім хвастом . Вочы ў каня былі вельмі разумныя , як чалавечыя . “ Сядай мне на спіну , і паімчымся “ , - казаў конскі позірк , - Мы паімчымся , і знойдзем іншае жыццё , непадобнае на тваё сённяшняе . Ты жывеш сумна і шэра . Жывеш не ў сваім жыцці . Не бойся , хутчэй сядай , і мы адшукаем край і час , дзе будзе лёгка сэрцу “ .
Раптам у кафэ , яўна ратуючыся , уварваўся танклявы светлавалосы юнак . Лоб ягоны перахоплівала стужка з надпісам “ Малады фронт “ . Лёгкі сіні палітончык быў парваны на правым плечуку . Юнак цяжка сіпла дыхаў . Ён толькі на імгненне прыпыніўся , каб ацаніць сітуацыю , і горкая міна расчаравання перасмыкнула малады вішнёвы ад прыліву крыві твар – кафэ было тупіком . За дзвярыма кафэ на каменнай лесвіцы ўжо грымелі каваныя чаравікі тых , хто яго даганяў .
- Дуй сюды ! – крыкнуў маладафронтаўцу Мастадонт , і , калі той падбег да іхняга стала , хуценька зняў з сябе вайсковы бушлат , накінуў на маладыя вузкія плечы , што аж калаціліся ад цяжкога дыхання . Потым сунуў сваю чарку з гарэлкай :
- Пі і закусвай !
Юнак няўцямна зірнуў , але адразу ж выпіў .
- І здзяры гэту шыльду ! – загадаў Даніловіч Гоцкі . Не чакаючы , пакуль да маладафронтаўца дойдзе сэнс сказанага , ён ірвануў у яго з галавы стужку , увапхнуў яе ў сваю кішэнь .
Адразу ж на парог кафэ ўскочылі два плячыстыя задыханыя амапаўцы , у чорнай форме , у бліскучых круглых , нібы марсіянскіх , шлемах , з дубінкамі ў руках .
- Дзе пацан ?! – выдыхнуў пярэдні .
Пытанне , як кажуць , павісла ў паветры . У аматараў выпіць і закусіць ад такой неспадзяванкі быццам адняло мову . Адзін Мастадонт не разгубіўся .
- Які пацан ? – здзівіўся ён і , напоўніўшы чарку , няспешна пакіраваўся насустрач слугам закону , - Нікога тут не было апроч нас . Можа , выпіце , хлопчыкі , разам з намі ?
- Ты , дзядзя , стань на месца , - строга сказаў амапавец і паклаў загарэлую натрэніраваную далонь на плячук Мастадонту . Гэтай далонню ён лёгенька , як пушынку , убраў стакілаграмовага магута Мастоўскага з дарогі , ды так акуратна , што ў таго з чаркі не пралілося ні кроплі .
Амапаўцы павольна пайшлі ўздоўж сталоў , зазіраючы ў твары ўсё яшчэ анямелых ад нечаканасці прыхільнікаў Бахуса . Гэта былі маладыя сімпатычныя хлопцы , хлопцы , як прынята казаць , славянскай знешнасці . Русавалосыя , сінявокія і загарэлыя . Але ў самай глыбіні маладых вачэй , як хмурынка , адчувалася стомленасць .
Вось яны параўняліся са сталом , каля якога здранцвелі Даніловіч-Гоцкі , Гарткевіч і пераапрануты маладафронтавец . Кафэ затаіла дыханне . Усе напружана чакалі , што зараз адбудзецца . Амапаўцы спыніліся .
- Дык , можа , вып”еце разам з намі ? – парушыў цішыню Мастадонт , які ішоў следам і трымаў у руках ужо не толькі чарку , але й бутэльку , - Гарэлка ў нас добрая , - Ён зірнуў на бутэльку , - Гарэлка фірмы “ Белпі “ і называецца “ Генерал “ . Дай вам Бог , хлопцы , даслужыцца да генералаў .
Але амапаўцы не пачулі яго . Яны стаялі і глядзелі на маладафронтаўца . Той глядзеў на іх . Шчокі з вішнёвых паступова рабіліся белымі .
- Пойдзем , Змітровіч , - раптам сказаў пярэдні , пэўна , старшы па званню , - Памыліліся мы . Не ў тыя дзверы заскочылі .
Яны развярнуліся і трушком пабеглі на выхад . У звонкай цішыні загрукалі цяжкія чаравікі .
- Ух ты-ы ! – шматгалоса выдыхнула кафэ . Нават пачуліся воплескі , як падчас нейкага спектаклю . І некаторыя адразу ж , як каршуны на вераб”я , накінуліся на маладафронтаўца :
- Ходзяць ! Лепш рабілі б , чым махаць сваімі сцяжкамі !
- З-за вас усім людзям спакою няма !
- Які толк ад вашай хадатні ? У каршэнь вам натаўкуць , і ўсё !
- Ходзяць таму , што маюць права хадзіць , - рэзка ўскінуў руку , зычна загаварыў Даніловіч-Гоцкі , - Па канстытуцыі маюць такое права . Ва ўсім свеце людзі ходзяць . І ў Штатах , і ў Францыі .
- А ты што , іхні адвакат ? – раздражнёна загучала ў адказ .
- Я не іхні адвакат , - нахіліў кучаравую галаву , звузіў вочы паэт , - Я іхні аднадумец . Толк ёсць ад гэтай , як вы кажаце , хадатні . Увесь свет пачуў пра Беларусь , ведае яе . І газеты ў шапіках пачалі прадаваць – “ Народную волю “ , “ Нашу Ніву “ .
- Ну й чытай свае газеткі ! – злосна закрычаў худы жоўтатвары інтэлігенцік , - Падумаеш , вялікае шчасце – “ Народная воля “ . Бэнээфаўка !
Раптам невысокі , але каржакаваты маладзён , што стаяў насупраць крыклівага , пляснуў яму ў твар півам са свайго куфля . Адразу ж узвіхурылася бойка . Людзі нібы чакалі яе . Нібы лопнуў якарны ланцуг , і спакойны дагэтуль карабель аддаўся дзікаму жорсткаму шторму . Пакаціліся сталы . Зазвінелі , разбіваючыся рассыпаючыся на друз , шклянкі , талеркі і бутэлькі . Некаторыя прыхільнікі Бахуса спалохана шуганулі на выхад . Але шмат хто з асалодаю таўклі адно адному фізіяноміі , зварочвалі набок насы . Любіць гарачую бойку славянская душа !
- Што вы робіце , ідыёты ?! – пранізліва заверашчала афіцыянтка , - Міліцыя ! Міліцыя ! Амон !
Ды ў міліцыянтаў хапала справаў на праспекце . А тут , у кафэ , кіпела баталія . Даніловіч-Гоцкі з Мастадонтам рынуліся на падмогу маладзёну , які ярасна махаў цяжкім рабрыстым куфлем . Мастадонт схапіў за крыссе жоўтатварага інтэлігенціка , адарваў ад падлогі і шпурнуў у вакно . Затрымцелі акаваныя цяжкім жалезам вялізныя шыбы . Паэт , цяжка сапучы , бораўся з нейкім лысым жылістым здаравяком . Гарткевіч сцярожка стаяў збоку , не лез у вір , але дапамог Даніловічу-Гоцкаму – даў пажножку ягонаму лысаму апаненту . Цікава зазначыць , што на баку нашых герояў адважна змагаўся й разборны чалавек . Ён палохаў праціўнікаў , нечакана круцячы перад самым іхнім носам фарфоравай рукой .
- Ваня , змываемся адсюль ! – крыкнуў Вітаўт Гарткевіч Мастоўскаму .
- Не бойся , - усміхнуўся Мастадонт , магутным ударам зноў кладучы на падлогу лысага жылістага здаравяка , - Раней смерці не памерці !
І ўсё-ткі патрэбна было як мага хутчэй пакідаць поле бітвы , бо са свайго кабінета прыбег дырэктар кафэ , жвавы чарнавусы таўсцячок , і пачаў свістаць у міліцэйскі свісток . Спатыкаючыся аб паваленыя сталы , мацюкаючыся , рынуліся на вуліцу . Ратаваліся ўсе , бо амапаўцы не будуць разбіраць хто праў , хто вінаваты , усіх пачастуюць пякучай гумовай кашай .
- Аршанская бітва , - шпарка б”ючы падэшвамі чаравікаў па ступенях каменнай лесвіцы , задаволена ўсміхаўся Даніловіч-Гоцкі . На правай ягонай шчацэ ярка расцвітаў чырвоны пісяг .
Праспект Незалежнасці і вуліца Леніна пакрысе супакойваліся , цішэлі . Амапаўцы , пагрозліва грукаючы аб шчыты дубінкамі , выцяснялі дэманстрантаў у двары ды на суседнія вуліцы . У адзін з такіх двароў заскочылі Гарткевіч з Мастадонтам і паэт . Зморана плюхнуліся на жоўтыя лавачкі , што стаялі наўкруг дзіцячай пляцоўкі , пачалі аддыхвацца , сціраць з твараў кроў і пот .
- Халера , - паляпаў сябе рукамі па плячах Мастадонт , - аддаў свой бушлат маладафронтаўцу , а мне ўвалілі па поўнай праграме . Бушлат быў бы добрай пракладкай – не так бы смылела . Але нічога . Няхай той хлопчык носіць . Яго ж , пэўна , яшчэ не адзін раз дубасіць будуць .
- Так , яго , калі толькі , як кажуць штатныя прапагандысты , не паразумнее , чакаюць новыя пабаявішчы , - глыбакадумна прамовіў Даніловіч-Гоцкі , палячы цыгарэту і адначасова прамокваючы насоўкай крывавы пісяг на шчацэ , - Але такі ці амаль такі лёс усіх змагароў , лёс лісоўчыкаў .
Ён прыгожым колцам выпусціў з роту дым , паглядзеў , як плыве колца ўгору , і раптам рэзка змяніў тэму гаворкі :
- Ці ведаеце вы , спадарове , якое самае найпрыгажэйшае слова ў свеце ?
Гарткевіч і Мастадонт здзіўлена перазірнуліся . Яны яшчэ не здагадваліся , што вось так весці размову – кідацца з адной тэмы ў абсалютна процілеглую , кідацца , так бы мовіць , ад аднога борта да другога – улюбёная звычка паэта .
- Напэўна , слова “ мама “ , - сказаў Вітаўт , а Мастоўскі толькі паціснуў плячыма .
Даніловіч-Гоцкі эфектна сапстрыкнуў пальцам са сваёй цыгарэціны белы чарвячок попелу , шырока ўсміхнуўся :
- Самае прыгожае слова ў свеце – турэцкае слова “ якамоз “ , што азначае – адбітак месяца на вадзе . Нядаўна прайшоў міжнародны конкурс , у якім брала ўдзел шэсцьдзесят краінаў , і слова якамоз аб”явілі пераможцам .
Ён прыжмурыўся , прагаварыў , прыслухоўваючыся да сказанага :
- Якамоз ... Адбітак месяца на вадзе ... Прыгожа . А яшчэ хачу вам паведаміць , шаноўныя спадарове , як , прабачце за нясціпласць , вельмі эрудыраваны чалавек , што па-англійску слова “ жыта “ гучыць гэтак сама ж як наша беларускае слова “ рай “ , а па-японску хлеб называецца “ пан “ . Ці не праўда , нешта ў гэтым ёсць ?
У гэты час да іх падыйшоў вельмі эфектны , вельмі незвычайны чалавек гадоў сарака пяці- пяцідзесяці . На ім быў бездакорна адпрасаваны белы ільняны касцюм . На галаве саламяны ў дробных дзірачках капялюш . На нагах шчыгульныя вастраносыя чаравікі . Чалавек быў усмешлівы чарнавусы ( аля-шляхціц ) , а на локці левай рукі ён трымаў грацыёзны японскі парасончык .
Незвычайны чалавек узняў капялюш , злёгку нахіліў высакародную сіваватую галаву , сказаў з найвялікшай годнасцю і карэктнасцю :
- Ад усёй душы вітаю вас , паны лісоўчыкі .
Нашы героі ўражана перазірнуліся . Гэты дзіўны незнаёмец яўна быў прыхаднем з іншага невядомага ім жыцця , можа , з нейкай забытай аперэты , з нейкай старадаўняй кінастужкі .
- Хто вы ? І адкуль вы ведаеце пра лісоўчыкаў ? – узняўся з лавачкі Даніловіч-Гоцкі . Гарткевіч з Мастадонтам таксама ўзняліся са сваіх месцаў , бо нельга было размаўляць з такім супермэнам седзячы .
- Аляксандр Іосіфавіч Лісоўскі , - зноў элегантна паплыў угору краёк капелюша , - Патомны беларускі граф . Меў гонар бачыць , як вы ў кафэ мужна па-рыцарску адбівалі нахабную атаку п”янага плебсу . Назіраў гэты бой і , мушу сказаць , ганарыўся вамі . Толькі так , панове , толькі падобным чынам патрэбна выхоўваць павагу да сябе і да сваіх высокіх ідэалаў .
- Галівуд ды й толькі ! - засвяціўся тварам , шырока ўзмахнуў рукамі і аж схапіўся за галаву Даніловіч-Гоцкі , - Дык , можа , вы зараз скажаце нам , што вы з тых самых Лісоўскіх , што вы ...
- Так . Я - прамы нашчадак у шаснаццатым калене віленскага шляхціца палкоўніка Аляксандра Язэпа Лісоўскага , які стаўся , калі перайсці на паэтычную мову , родным бацькам грозных лісоўчыкаў , - прамяніста ўсміхнуўся прыгажун , - Я чытаў вашу паэму, пан паэт , у якой вы апяваеце лісоўчыкаў , паказваеце іх нават лепшымі , чым яны былі . І гэта вельмі-вельмі добра , бо нашу з вамі айчынную гісторыю ўсе , хто толькі ні зажадае , прывыклі мазаць чорным дзёгцем , прымалёўваць ёй д”ябальскі хвосцік і д”ябальскія рожкі . Быццам на велізарным абшары між Бугам і Сожам ва ўсе часы раслі толькі шэрая крапіва ды калючы дзядоўнік . Але канчаю свой маналог . Не доўга слухайце , маладыя , старую песню , бо вашыя галовы пасівеюць . Пераходжу да канкрэтыкі . Я недарэмна ішоў за вамі следам з кафэ . Хачу прапанаваць вам добрую цікавую працу , калі вы , вядома ж , будзеце згодныя .
Ён дастаў з кішэні карычневы кракадзілавай скуры партаманет :
- Даю вам , панове , свае візітоўкі . Там усё напісана . І ёсць нумары тэлефонаў . Калі надумаеце , тэлефануйце . А зараз – раскланьваюся . Прыемна было пазнаёміцца з такой цудоўнай беларускай моладдзю .
Пакланіўшыся , Лісоўскі нетаропка пайшоў з двара на праспект Незалежнасці , а нашы героі адразу ж пачалі разглядваць ягоныя візітоўкі . Усё было па-вышэйшым , як кажуць , разрадзе . Беласнежная цвёрдая папера . Графскі герб . Цісненыя золатам віньеткі . Ясныя строгія літары . Тэкст быў на беларускай , англійскай і лацінскай мовах . Вось што было надрукавана :
Аляксандр Іосіфавіч Лісоўскі , граф , кандыдат гістарычных навук ,
Генеральны дырэктар фірмы “ Дуга Струвэ “
- Дуга Струвэ ! – усклікнуў Даніловіч-Гоцкі , - Нават мой гуманітарны мозг нешта прыпамінае . Дуга Струвэ ... - Ён пачаў церці пераноссе ўказальным пальцам .
Гарткевіч і Мастадонт паглядзелі адзін на аднога .
- Ну-тка , Ваня , дакажы , што недарэмна слухаў калісьці ў вайсковай вучэльні лекцыю палкоўніка Музафарава па геадэзіі і картаграфіі , - сказаў Гарткевіч .
Мастоўскі нагнаў на лоб з дзесятак маршчынаў , прыплюшчыў вочы , лёгенька пастукаў сябе вялізным кулаком па галаве :
- Прачынайся , медны кацёл . Разагравайся ... Успамінай-успамінай ...
Так доўжылася колькі імгненняў .
- Ёсць ! – радасна засмяяўся Мастадонт , - Ёсць !
Ён пераможна зірнуў на Гарткевіча , потым на паэта :
- Дуга Струвэ – сетка з двухсот шасцідзесяці пяці пунктаў , што ўяўляюць сабою закладзеныя ў зямлю каменныя кубы . Даўжыня геадэзічнай дугі больш за дзве тысячы васемсот дваццаць кіламетраў . Стваралася сорак гадоў , з тысяча васемсот шаснаццатага па тысяча васемсот пяцьдзесят пяты год , з мэтаю вызначэння дакладных параметраў Зямлі , яе формы і памеру . Ідзе ад Паўночнага Ледавітага Акіяну да ракі Дунай праз Нарвегію , Швецыю , Фінляндыю , Расію , Эстонію , Латвію , Літву , Беларусь , Малдову і Украіну , ідзе праз лясы , праз балоты , адным словам , праз глухмень . Кіраваў гэтай гіганцкай працаю расійскі астраном і геадэзіст , заснавальнік і першы дырэктар Пулкаўскай абсерваторыі Фрыдрых Георг Вільгельм Струвэ , чым і абяссмерціў сваё імя . З двухсот шасцідзесяці пяці пунктаў захавалася па сённяшні дзень толькі трыццаць чатыры , прычым , у Беларусі – дзевятнаццаць . Болей , чым дзе ! Вось так .
- Ну , братка , ты – унікум ! – захоплена ўсклікнуў Даніловіч-Гоцкі , сціскаючы Мастадонта ў абдымках , - Я б ніколі не запомніў такое . Галава б расклеілася .
Гарткевіч таксама з найвялікшай павагаю глядзеў на сябрука . Жыве ў забруджаным вагончыку , збіраючы макулатуру і кардон , у святы і ў будні ходзіць у адным і тым жа старым вайсковым бушлаце , а як захаваў , не растранжырыў інтэлект ! Правільна кажуць – калі чалавек ад прыроды сваёй разумны , кемны , ён зберажэ ў сабе гэты Божы дарунак на самым дне жыцця , у самых неспрыяльных катастрафічных умовах . Гены пальцам не раздушыш .
- Цікава , што за працу хацеў нам прапанаваць гэты абаяльны граф ? – круціў у руках візітоўку Лісоўскага паэт , - Нутром адчуваю , што нешта незвычайнае і рамантычнае . Магчыма , я й пазваню яму . Крыху адсохну ад п”янкі , супакою нервы і пазваню . Усёроўна я збіраўся гадаваць у вёсцы трусоў . Хочацца змяніць жыццё , прычым , змяніць кардынальна . Апошнім часам нібы не жыву , а паўзу па нейкім брыдкім агідным балоце .
Ён зірнуў на прыземленае шэрае ад аўтамабільных выхлапаў і заводскіх дымоў гарадское неба , пафасна прадэкламаваў :
А жыццё маё – адно балота .
І ў грудзях сядзіць грудная жаба .
Што ж , панове , будзем расцякацца па сваіх жыццёвых нішах . Прыемна ўсведамляць , што ў гэтым няласкавым і не заўсёды нашым горадзе ёсць людзі вельмі блізкія па духу , і людзей такіх нямала . Пэўна , не памылюся , калі скажу , што вам падабаюцца песні Зміцера Вайцюшкевіча , Лявона Вольскага , Касі Камоцкай , музыка гуртоў “ N R M “ і “Старога Ольсы “ , што вы ходзіце ці некалі хадзілі на Дзень Волі , што бел-чырвона-белы сцяг і сёння застаецца для вас святыняю . Ці не так ? Бывайце ж . І будзьце такімі ж
Даніловіч-Гоцкі рашуча пакрочыў у вядомым толькі яму накірунку . Але мы яшчэ сустрэнемся з ім .
- Пайду і я ,- сумнавата сказаў Мастадонт , - Трэба да вечара правярнуць адну справу , што пахне добрай капейчынай . Гуд бай , зямеля . Ты ведаеш зараз дзе мая штаб-кватэра . Заўсёды буду рады вітаць цябе .
Ён ляпнуў Вітаўта па плечуку сваёй велізарнай рукою , нават цмокнуў у шчаку . І знік , як не было яго .
Гарткевіч застаўся адзін . Уздыхнуў , потым набраў на мабільніку нумар .
- Чакаю , - адказала Эльвіра Скаблінская .
- Але яшчэ ж далёка да дзевятнаццаці нуль-нуль .
- Дурненькі , я чакаю цябе заўсёды . У любы час . І пры любым надвор”і , - данеслася са слухаўкі , - А зараз я ў аўтамабілі . Стаю ў двары за Нацыянальным банкам . Знайдзі мяне , рыцар .
Залатавалосае чарцянё засмяялася , спакусліва і звонка .
Неўзабаве Вітаўт Гарткевіч ужо сядзеў у сіняй “ Маздзе “ , у яго на нагах сядзела Эльвіра , і яны ненасытна і прагна цалаваліся . Шторкі былі апушчаныя .
Я ішоў да цябе
Ад мінулай зямлі ,
З тагачасных снягоў ,
Што даўно адмялі .-
Спяваў на кружэлцы Зміцер Вайцюшкевіч .
І бачыліся гэтыя бясконцыя снягі , гэтая мінулая зямля з чорнымі сілуэтамі зледзянелых кашлатых дрэваў , што гудуць і стогнуць пад парывамі няспыннага злога ветру . Бачыліся чорныя маўклівыя хаты , дзе ні голасу , ні агеньчыку . Бачыліся адзінокія чалавечыя сляды-яміны ў зімовым полі . Хто ішоў ? Куды ішоў ? Невядома . І ці трэба ведаць ?-
- Ой , што тут было ! – паміж пацалункамі гаварыла Скаблінская , - Міліцыянты білі дэманстрантаў дубінкамі
- Дручкамі , - чамусьці паправіў яе Вітаўт , раптам успомніўшы , што паэт Даніловіч-Гоцкі менавіта так называў гэтыя “ дэмакратызатары “ .
- Няхай дручкамі . Усёроўна балюча . Я сядзела , затаіўшыся , у машыне , а наўкол мяне кіпеў сапраўдны бой . Моладзь шпурляла ў міліцыю тратуарную плітку , выдзіраючы яе з зямлі . І я ўзгадала як у школе на ўроку гісторыі ( памятаеш нашу сто першую школу ? ) настаўнік Самуіл Яфімавіч расказваў пра падзенне Рыма . Як падчас гэтага крывавага падзення , гэтага краху багатыя раскошныя патрыцыянкі аддаваліся ўсім – рабам , варварам ... Уяўляеш – наўкол агонь , пякучы попел , стогны , кроў , смерць , наўкол заваёўнікі разбіваюць на друз , на дробныя кавалачкі мармуровыя статуі алімпійскіх багоў, што яшчэ міг назад былі святынямі , а яны , звышпрыгожыя і недаступныя , аддаюцца любому хто пажадае !
Эльвіра , балюча пацалаваўшы Гарткевіча , ярка бліснуўшы вачамі , моцна прытулілася да каханка , спытала шэптам :
- Скажы , што такое – жыццё ?
- Жыццё ? Цяжка вось так адразу вызначыць . Не ведаю , - мармытнуў Вітаўт , - А што
па-твойму ?
- Пошукі аргазму .
- Не апашляеш ?
- Ні кропелкі . Так яно і ёсць , - дрыготкім узбуджаным голасам адказала залатавалосая тэмпераментная рызыкантка і раптам крыкнула :
- Бяры мяне !
Гарткевіч імгненна падпарадкаваўся гэтаму страснаму клічу , гэтаму нябеснаму сігналу , які адчыняе ўсе запоры , ломіць усе замкі , спалучае ў адно целы і душы .
- Бяры мяне , - звіваючыся ў Вітаўтавых руках , абміраючы ад ягоных пяшчотаў , прасіла-маліла Эльвіра , - Бяры салодка . Бяры балюча . Я не патрыцыянка . Я твая рабыня .
Яны кахаліся ў цесным аўтамабільным салоне , у паўцемры , на каляным цвёрдым сядзенні , а , здавалася , плывуць на мяккім залатым воблаку ў ранішнім яркаблакітным небе .
Нарэшце Вітаўт , знясілена-спустошаны гэтым вострым вогненным каханнем , абмяк , раскінуў рукі , заціх . Так адвальваецца ад яркай кветкі лугавы чмель абпіўшыся густым п”яным нектарам . Эльвіра ўсё яшчэ гарнулася да яго , і ён чуў , як хутка б”ецца , горача трапеча ейнае сэрца .
- Ці знойдзецца ў цябе што выпіць ? – спытаў ён .
Яна моўчкі дастала з “ бардачка “ маленькую прыгожую бутэлечку :
- Вось вазьмі . Крамбамбуля “ Панская “ .
Адным доўгім прагным глытком ён выпіў бадзёрае пахкае змесціва бутэлечкі , цмокнуў каханку ў шчаку :
- Я пайду .
- Не забывай мяне , рыцар , - ціха сказала яна , і ў голасе халаднеў сум . Яна глядзела , як ідзе ён па цесным ужо вечаровым гарадскім двары , дзе пад кантролем мамаў і бабулек бегаюць шумлівыя ярка апранутыя дзеці , уздыхаюць аб нечым дзяды-пенсіянеры , збіваюцца ў агрэсіўныя купкі бамжы . Сонца падала яму на спіну , і , здавалася , што на ім залатыя бліскучыя латы , што ён і папраўдзе рыцар . Ён аддаляецца , вось-вось увойдзе ў арку , знікне з вачэй . І яна хуценька перахрысціла яго .
Гарткевіч кіраваўся дахаты . Вядома , Віялета адразу ж уключыць бензапілу “ Дружба “ (так называў Вітаўт іхнія ўжо амаль пастаянныя хатнія спрэчкі ) , пачне раздражнёна казаць сухім нібы драўляным голасам зняважлівыя рэзкія словы , потым пачне крычаць , потым будзе бегаць па гасцінай і па кухні , уздымаючы ўгору тонкія яшчэ прыгожыя рукі , якія калісьці ён любіў цалаваць . Але няхай . Гэта ўжо не надта хвалюе яго , зрабілася звычным , нават у нечым як бы абавязковым рытуалам . Сэрца паступова пакрываецца лядком . Хіба толькі сустрэчы з даўняй школьнай сяброўкаю Эльвірай Скаблінскай дадаюць перцу ў прэснае нецікавае жыццё , прыносяць у жыццё , як ён недзе вычытаў і запомніў , халодныя дрыжыкі шчасця . Ды ёсць нязменная радасць – дачка Валькірыя . Дзеля яе , мілай разумнай безабароннай дзяўчынкі , захоўвае ён сям”ю . Толькі дзеля яе .
Па дарозе дадому Гарткевіч завярнуў у піўнуху і яшчэ выпіў амаль шклянку гарэлкі . Для смеласці . Пачуваўся даволі п”яным , калі дабрыў нарэшце да свайго пад”езду . У галаве злёгку шумела . Але ён рашуча набраў на дзвярах код кватэры , высока ўздымаючы ногі , каб не зачапіцца за ступенькі , пайшоў па лесвіцы да ліфта . Сустрэчы з Віялетай ён не баяўся , нават дэманстратыўна перабраў з гарэлкаю , зыходзячы з прынцыпу – калі ўжо надумаў тапіцца , дык выбірай вялікую раку .
Раптам у сваёй паштовай скрынцы , якая была напоўрасчынена , ён заўважыў нейкую паперчыну . Што гэта магло быць ? Не шукаючы ключык , ірвануў пагнутыя хуліганістай дзятвой дзверцы . Паперчына ўпала на брудную затаптаную падлогу . Вітаўт падабраў яе . Гэта быў паштовы квіток на атрыманне бандэролі . Нехта яму , Гарткевічу , прыслаў бандэроль . Цуд , ды й толькі ! Аказваецца , нехта ў гэтым агромністым халодным жорсткім свеце памятае пра яго , ведае ягоны хатні адрас . І ён вырашыў неадкладна атрымаць бандэроль , развярнуўся , пайшоў у паштовае аддзяленне .
Там да вакенца з касіркай цёк тоненькі журботны ручаёк пенсіянераў . Змарнелыя стомленыя няпростым жыццём старыя людзі ( у большасці жанчыны ) цярпліва выстойвалі сваю чаргу . Сціплая вопратка . Патухлыя позіркі . “ Няўжо й я буду такім ? “ – падумаў Гарткевіч . Некалі ж яны , гэтыя ціхія людзі , былі ярасна шумнымі гарачымі камсамолкамі і камсамольцамі , аддана верылі ў светлую будучыню , спявалі звышбадзёрыя песні , радасна крочылі з чырвонымі сцягамі і партрэтамі крэмлёўскіх правадыроў на дэманстрацыях . Ці думалі яны пра такую старасць ?
Калі нарэшце ён прасунуў свой пашпарт і квіток у запаветнае вакенца , касірка , маладзенькая строгая дзяўчына , павяла кірпаценькім носікам , суха спыталася :
- Чаму вы такі п”яны ?
- Я таму такі п”яны , таму што я такі п”яны , - з фальшывай жыццярадаснай усмешкаю паспрабаваў скаламбурыць Вітаўт . Ды нумар , як кажуць , не прайшоў .
Пенсіянеркі , быццам па камандзе , забурчэлі :
- Ходзяць тут , коні здаровыя , п”юць ...
- Глыбокашаноўныя любімыя пенсіянеры , - галантна пакланіўся суровай чарзе Вітаўт
Гарткевіч , - Вы , вялікі-вялікі дзякуй Богу , дажылі да сваёй пенсіі , а я не дажыву . Я памру , а вы яшчэ будзеце доўга жыць , атрымліваць пенсіі , і яны будуць большыя , бо мая вам дабавіцца .
Гэтымі неабачнымі словамі бедалага канчаткова ўз”юшыў чаргу . О , маўклівы беларускі народ ! Як пісаў калісьці класік : “ Я маўчу-маўчу , трываю , але хутка загукаю: Стрэльбы, хлопчыкі , бяры ! “ . Калі б у гэты момант у руках у пенсіянерак была стралковая зброя , не выйсці б Гарткевічу з пошты . Якія толькі гнеўныя словы не паліліся ў ягоны адрас !
Улавіўшы , што на гэтым фронце ён церпіць ганебную паразу , Вітаўт утапіў галаву ў плечы , лісліва зашаптаў у вакенца :
- Разумееце , я развёўся . З вялікай радасці напіўся . І адразу ж жанюся на вас , як толькі вы , непараўнальная каралева прыгажосці , выдасце мне бандэроль .
Касірка фыркнула , але , схадзіўшы ў бакоўку , прынесла бандэроль , ладнаваты жоўты пакунак . Пэўна , на яе падзейнічала не прымітыўная пахвала ейнай прыгажосці , пэўна , яна проста захацела суцішыць разгневаную чаргу , як найхутчэй выправадзіўшы недарэчнага п”янага суб”екта .
На вуліцы Гарткевіч хуценька разарваў бандэроль і аж ускрыкнуў – на яго ва ўпор глядзелі матчыны вочы , вочы , што патухлі васемнаццаць гадоў таму . У руках ён трымаў медальён з помніка на матчынай магіле , металічны эліпсавідны з пацямнелым ад часу , але такім родным незабыўным матчыным партрэтам . Маці была гладка прычасаная , з крыху прыжмуранымі вачыма . Пэўна , нявопытны вясковы фатограф , здымаючы на вуліцы , пасадзіў яе так , што сонца свяціла ў твар .
Да медальёна прыкладалася цыдулка , якую напісала сястра Іна :
“ Добры дзень , дарагі братка ! Грошай прысылаць ужо не трэба . Мы самі , я й мае дзеці, склаліся і паставілі мамцы новы помнік . Высылаю табе гэты партрэт , каб не забываў нашу мамку і ўсіх нас , бо на помніку мы ўманціравалі новы , прыгажэйшы . Прывітанне Віялеце і Валькірыі . Шчасця і моцнага здароўя табе , наш дарагі багаты братка ! “.
Слова “ багаты “ было густа падкрэслена .
Гарткевіч , стоячы на шумнай мінскай вуліцы , глядзеў на сціплы немудрагелісты медальён , і адшумелае , здавалася , назаўсёды забытае жыццё пачынала ўладна віраваць звінець у душы . О , як бедна-багата , о , як добра , о , як па-юначы трывожна было ў тых незваротна далёкіх залатых днях ! Там шумелі дажджы і круціліся белыя студзеньскія завірухі , стаяла пад старой шумналістай ліпаю прасторная амаль новая хата , жыў кот па мянушцы Драпежнік . Там усё было першае – першая радасць , калі пад калючай зялёнай лапкаю елкі знаходзіш крамянага таўстаногага баравіка , першая крыўда , калі цябе не бяруць з сабой старэйшыя хлопцы ісці купацца пад жалезны мост на раку Нясяту , першае шчасце , калі маці расчэсвае жоўтым касцяным грабеньчыкам твае дзіцячыя выгаралыя на сонцы валасы , цалуе цябе ў макаўку і шэпча на саменькае вуха : “ Малы ... Мой малы , мой любімы хлопчык ... “ .
Неяк дзесяцігадовым падшыванцам ён доўга падцягваўся на школьным турніку , пэўна , перасіліў руку , і пад скураю на левым запясці пачаў з дня ў дзень расці , перакочвацца , цвярдзець нейкі як бы шарык . “ Грызь “ , - вызначылі аднавяскоўцы . У раённай бальніцы яму зрабілі аперацыю . Ён амаль цэлы месяц ганарліва хадзіў з забінтаванай рукою . Калі ж перавязку знялі , на руцэ ярка бачыўся глыбокі няроўны сіняваты шнар . Маці тады пацалавала ягоную руку , сказала : “ Некалі , як вырасцеш , станеш вялікі , глянеш на яго і ўспомніш гэты дзень “ .
Гарткевіч схаваў медальён у кішэнь , падвярнуў рукаў плашча , зірнуў на запясце . Шнар, ужо не такі выразны , быў на сваім звычным месцы , напамінаў аб маці і аб тым незваротным дні .
Гады два таму пазваніла Іна , паведаміла , што помнік на матчынай магіле патрэскаўся і нахіліўся , трэба нешта рабіць . “ Людзі кажуць , што ў цябе ў Мінску ёсць багаты брат . Няўжо ён , багач , не знойдзе грошай на новы помнік ? “ – не прамінула падкалоць сястрычка .
Як яны ўсе абрыдлі з гэтымі пастаяннымі грубымі напамінамі аб нейкім міфічным ягоным багацці ! Ды нельга ў такой краіне , з такім народам быць багатым . Нельга . Тут багатых людзей ненавідзяць нейкай паталагічнай пячорнай нянавісцю . Адкуль гэта вядзецца ? Можа , яшчэ з часоў прыгону , калі мясцовыя сяляне былі рабамі ў паноў . Потым наляцелі , як саранча , бальшавікі , пратрубілі на ўвесь свет аб зямным чырвоным раі ў адной шостай частцы свету , ды неўзабаве загналі сялян у калгасы – яшчэ большае і страшнейшае рабства . Пры панах хоць усё было чэсна і адкрыта . Я – пан . Ты – мой халоп , і я луплю з цябе скуру . Пры бальшавіках усё было абмазана густым мёдам хлусні . Усе , і першы сакратар райкаму , і вясковы пастух , і калгасная даярка роўныя , усе – браты і сёстры . Аб гэтым дзень і ноч з чорных талерак , што віселі на сцяне ў кожнай хаце , крычала аж захліпвалася маскоўскае і мінскае радыё . Аб гэтым жа звонка чаканіў у сваіх несмяротных вершах Янка Купала : “ Я – калгасніца маладая . Жыву весела , ані дбаю ! “. Потым рухнуў абваліўся , як стары калгасны амбар , СССР . Прыйшлі дэмакратыя і рынак . Ён , Гарткевіч, звольніўшыся з войска , цягам пакутлівейшых высілкаў , поўнай мабілізацыяй сваіх духоўных , фізічных і фінансавых магчымасцей здолеў арганізаваць свой такі-сякі бізнэс . І што ў выніку ? Якая з усяго гэтага радасць ? Ды – ніякая . Сёння ён у вачах аднавяскоўцаў , родзічаў , былых саслужыўцаў , адным словам , у вачах усіх тых , хто й пальцам не паварушыў , каб хоць нешта зрабіць – рвач , бандзюга , крывасмок . “ Не буду рабіць на пана ! “ – крыкнула яму проста ў твар п”янаватая вясковая маладзічка , калі ён прапанаваў ёй працаваць у ягонай фірме .
Гарткевіч нервова паправіў акуляры , што ледзь не зваліліся з пераносся . Багач ! Які ён багач ? Збіраўся зрабіць аперацыю на вачах , каб не насіць гэтыя , як пісаў Маякоўскі ,
“ очки-велосипед “ , ды элементарна не хапіла грошай . А зараз наогул ён , калі ляснулася фірма , ніхто , нуль , пустое месца , чорная дзірка . Гэта , калі ты на кані , калі вецер удачы б”е пад крыло , сябры і знаёмыя робяць выгляд , што не заўважаюць тваіх поспехаў , хоць па начах грызуць падушкі ад зайздрасці . Але варта толькі спатыкнуцца , пахіснуцца , знізіць вышыню палёту , як аказваецца , што абсалютна-абсалютна ўсе вельмі пільна сочаць за табою . Званіў жа пазаўчора былы аднакурснік Сундукоў , весела выгукнуў у слухаўку :
- Вітаю , брат , і віншую ! Зноў ты такі , як усе мы .
Гарткевіч , усё яшчэ п”яны , паныла плёўся дадому , раздражнёна пазіраючы на сустрэчных людзей . У некаторых былі даволі вясёлыя задаволеныя жыццём твары . Сусветны крызіс , а ім хоць бы хны . Расце інфляцыя , растуць беспрацоўе і кошты ў крамах і супермаркетах , а яны , як дзеці , шчабечуць аб нечым сваім дробязным . Як зразумець такі народ ? Пэўна , ён , народ , ужо нараджаецца запраграмаваным на вельмі невысокія жыццёвыя патрэбы . Дзе еўрапеец адламаў бы сабе цэлы кавалак , тутэйшы чалавек адшчыкне кавалачак . І шчаслівы .
Заставалася толькі адзіная на гэты момант радасць – медальён з выяваю маці , які Вітаўт паклаў ва ўнутраную кішэню плашча якраз насупраць сэрца . Медальён грэў душу , вяртаў у маленства . Гарткевіч брыў па горадзе , але быццам не заўважаў апрыклыя аднастайныя будынкі , аўтобусы і тралейбусы з яркай прымітыўнай рэкламаю на баках . Яму ўспаміналася , як малымі яны зімой гулялі-біліся ў снежкі і лядзянкі , летам – у глышкі , цвёрдыя балючыя кавалачкі сухой зямлі . Там , у малалецтве , было , аказваецца , так добра , і нездарма сказаў калісьці мудры чалавек : “ Будзь малым , не спяшайся ўцякаць з дзяцінства “ .
Дома жонка Віялета сустрэла мужа абыякава-пагардлівым позіркам , з”едлівым пытаннем :
- Ну й што новага ў Цэнтры занятасці ?
Яна была ў пярэстым , пад леапарда , халаце , які Вітаўт вельмі не любіў . Віялета ведала пра такую нелюбоў і наўмысна апранула гэты халат .
Гарткевіч , стараючыся нейкім чынам замірыцца з жонкаю , шырока ўсміхнуўся , дастаў з кішэні медальён :
- Вось прынёс .
- Што гэта за бляшанка ? – ускіпела Віялета , - Можа , у Цэнтры занятасці пачалі асабліва няшчасным бамжам уручаць прызы ?
Са свайго пакойчыка вышла Валькірыя . Яна ўжо прывыкла да амаль штодзённых спрэчак сваіх бацькоў , і твар быў спакойны . Узяла ў рукі медальён , спыталася :
- Што гэта ?
- Гэта партрэт тваёй бабулі Веры , - пачаў тлумачыць Вітаўт , - Ты яе , нажаль ,
не бачыла , бо памерла бабуля да твайго нараджэння .
- Я бачыла яе фатаграфіі . Прыгожая ў цябе была маці , - сказала Віялета .
- Дзякуй , дачка . Ты падобная на бабулю , і таксама вельмі прыгожая .
- Клуб прыгажуноў , ды й толькі ! – узялася ўбокі Віялета . Было відно , што яна не жадае прымірэння , нарываецца на скандал .
Гарткевіч , адчуўшы такое , стараўся ўсё-ткі стрымлівацца . Старанна працёр медальён насоўкай , задуменна прамовіў :
- Васемнаццаць гадоў таму памерла мая мамачка , уручыла Богу сваю душу . Васемнаццаць гадоў , а , здаецца , усё было ўчора . Помню , як мы ставілі помнік з гэтым медальёнам . Тады ішоў дождж . І шумелі мокрыя хвоі на нашых могілках , быццам плакалі .
- Дык ты быў у Цэнтры занятасці ці не ? – рэзка перапыніла ягоныя лірычныя ўспаміны Віялета . Яна прасавала бялізну на прасавальнай дошцы , трымала ў руках гарачы прас , і твар быў чырванаваты . Адчувалася нешта нядобрае ў гэтай чырванаватасці .
Але Вітаўт , цалкам адплыўшы ў мінулае , нібы не чуў жонку . Ёйныя злыя словы праляталі міма свядомасці .
- Пастаўлю цябе , мамачка , побач з абразком Маці Божай , - расчулена казаў Вітаўт . Як чорны глухі сон , мінуліся дзесяцігоддзі драпежнага камуністычнага атэізму , і можна было , не хаваючыся , хадзіць у царкву альбо касцёл , хрысціць дзяцей , трымаць у сябе дома на самым пачэсным месцы святыя абразЫ . Гарткевіч таксама змайстраваў на покуце ў спальні дыхтоўную рэлігійную палічку , дзе былі свечкі , якія дачка Валькірыя запальвала ў адпаведныя дні , і дзе са строгай мудрай журбою глядзеў на людзей лік Дзевы Марыі . Вось да гэтай палічкі ён і накіраваўся . Ды дарогу , пляснуўшы на прасавальную дошку прас , перагарадзіла Віялета .
- Ты хочаш сказаць , што гэты медальён ажно васемнаццаць гадоў быў на могілках ? – звузіўшы светла-карычневыя бліскучыя вочы , пераходзячы на шэпт , сказала яна , - Ажно васемнаццаць гадоў ? Паміж магіл , крыжоў ... Удзень і ўначы ... Паміж смерці і тлену ... І ты валачэш яго ў нашу спальню ? Але ж у ім – сурокі , чары , насланнё , псота ... У ім – хваробы , мае і тваёй дачкі ... Здыхай сам , але мы яшчэ хочам жыць !
Яна раптам з дзікай сілаю выхапіла ў Гарткевіча медальён , закрычала :
- Выкіну ! Выкіну ў фортачку гэтую клятую бляшанку !
На пальцы ў Вітаўта выступіла кроў – так рэзка шмаргануў востры край медальёну па скуры . Віялета ж ірванулася да вакна .
- Не смей ! – зароў Гарткевіч , - Не смей !
Ён балюча ламануў жончыну руку , адабраў медальён . Вогненным малаточкам застукала ў скронях . Пацямнела ўваччу . Ён аж пахіснуўся .
- А-а-а ! – залемантавала Віялета . Схапіўшы гарачы прас , па-звярынаму ашчэрыўшы зубы , яна тыцнула прасам мужу ў твар . Ён ледзьве паспеў засланіцца рукою , балюча апёкшыся .
- Няўдаліца ! Вырадак ! Імпатэнт ! – шалёна круцілася наўкол яго з гарачым прасам раз”ятраная жонка , рыхтуючыся , нібы кобра , да новага пякучага ўдару .
У Вітаўта смылела рука . Гэтай рукою ён размашыста тыцнуў жонку ў зубы . Яна завалілася спіною на канапу . З вуснаў ( імгненна заўважыў Вітаўт ) звісла чырвоная нітка сліны і крыві . “ Што я раблю ? “ – жахліва халадзеючы , падумаў ён .
Гарткевіч у нейкім бяспамяцтве ўдарыў і яе . Потым , прыціскаючы да грудзей медальён , падыйшоў да палічкі , асцярожна паставіў яго побач з абразком Маці Божай , запаліў свечку . Чуў , як за спіною ціха гавораць маці з дачкою , збіраюць рэчы . Ляснулі дзверы . Ён застаўся адзін . Затрымцела цішыня . Так трымціць апошні жоўты лісток на халоднай восеньскай бярозе .
Ён упаў на ложак , тварам у падушку . Як жыць ? Дзеля чаго жыць ? Навошта жыць , калі ведаеш , што некалі абавязкова памрэш ? Толькі што ён ударыў жонку і дачку , ударыў жорстка балюча . Навошта ён іх ударыў ? Хіба нельга было стрымацца , сцярпець , а , калі й біць , то словам , а не чыгунным мужчынскім кулаком .
Асабліва невыносна было думаць , што ўдарыў Валькірыю , сваю любімку , сваю кветку . Як спявае Зміцер Вайцюшкевіч :
Ёсць у мяне дочачка .
Яна – адзіночачка .
Навошта зняважыў ударам сваю адзіночачку , даражэй якой няма нікога на цэлым свеце ? Пылінкі здзьмухваў з малой , расчэсваў валосікі , мыў-купаў з духмяным мылам у ванне , цалаваў дзіцячую вішнёвую ад цёплай вады попку . І – ўдарыў !
Гарткевіч глуха застагнаў , укусіў сябе за руку .
Не , не так ён жыве . А як жыць па-інакшаму не ведае . Лопнуў бізнэс , што яшчэ з паўгода таму быў сэнсам усяго . Трэба ўсё пачынаць з нуля , трэба нешта рабіць . Але няма сілаў , ды й няма , шчыра кажучы , жадання зноў упрагацца ў тыя ж самыя калёсы .
Ён перавярнуўся на спіну , ляжаў , заклаўшы рукі за галаву , глядзеў у змрок . Цяклі хвіліны , гадзіны ... Заціхаў за вокнамі горад . Заціхаў дом . Паступова глухое дыханне ночы завалодала ўсім . Дзе зараз Віялета з Валькірыяй ? Некалькі разоў званіў па мабільніку , але ў адказ – маўчанне .
Раптам там , дзе была палічка з абразком Маці Божай і куды ён уладкаваў медальён , успыхнула слабое таямнічае святло . Быццам сама сабою ўключылася малюсенькая электралямпачка .
Гарткевіч , не адрываючы позірк ад покуці , павольна ўзняўся , сеў на ложку . Што гэта ? Галюцынацыя , белая гарачка ?
Святло павялічвалася , пашыралася , з бледнага рабілася жоўтым , залатым , а затым чырвоным . Выступіў са змроку твар Богамацеры . Мудрыя ўсёдаравальныя вочы глядзелі проста ў душу .
Вось святло парывіста затрапятала , нібы падзьмуў моцны вецер , налілося нясцерпнай вогненнай зіхоткасцю , і ён , халадзеючы сэрцам , зразумеў , што прычынаю ўсяму – медальён , які доўгіх васемнаццаць гадоў у дождж , у завіруху , у спёку , удзень і ўначы жыў-існаваў на закінутых вясковых могілках . Гэта магло б падацца недарэчным незразумелым сном , але гэта было яваю .
Ярка-чырвоны аж іскрысты медальён раптам адарваўся ад палічкі , як лёгкі паветраны шарык , узвіўся пад самую столь спальні і быццам прыліп да яе . Здавалася , адтуль ён цікуе куды паляцець далей .
У Вітаўта ад перапуду закалацілася сэрца . Ён усхапіўся , але не пабег са спальні , а незразумела чаму стаў у поўны рост на ложку , прыляпіўшыся спіною да халоднай сцяны , і неадрыўна глядзеў на медальён . Што гэта ? Таемны знак , сігнал ? Начны трывожны госць з паралельнага свету ? Успомнілася , як у вайсковай вучэльні ўсе смяяліся з курсанта Пупышава . Той , вярнуўшыся ўначы з каравульнай вышкі , дрыжаў ад страху , кінуў прэч карабін і крычаў , што больш не пойдзе на пост , бо да яго толькі што прыходзіў ягоны нябожчык-брат . “ Ён пацалаваў мяне ў самыя вусны “ – кляўся-бажыўся худзенькі белабрысы Пупышаў . Смяяліся . Не верылі . А праз тры дні Пупышаў застрэліўся падчас каравулу – разуўся , узяў ствол карабіну ў рот і вялікім пальцам правай нагі націснуў на спускавы кручок .
Праз нейкія хвіліны медальён , нібы адшукаўшы ахвяру , павольна , а затым усё хутчэй пачаў лётаць-кружыцца па начной спальні . Прыкладна так лунаюць у небе кордавыя авіямадэлі . З кожным бясшумным і страшным гэтай сваёй бясшумнасцю кругам медальён набліжаўся да Гарткевіча . Вось ужо пачало абдаваць ветрам твар , узвіхурыла валасы .
Што азначаў палёт вогненнага медальёна ? Якая злавесная таямніца была ў гэтым нібы рытуальным кружэнні ?
“ Такога не можа быць . Гэта сон “ , - ліхаманкава думаў Вітаўт . Ён хацеў узняць рукі , каб адмахнуцца , абараніцца , ды рукі былі як не свае , не падпарадкоўваліся . Ён хацеў крыкнуць , але знік голас .
Медальён зрабіў яшчэ адзін ужо непадуладны воку круг , падскочыў , як шаравая маланка , угору і з усяе сілы ўдарыў Гарткевічу ў грудзі , убіўся , упіўся , уплавіўся ў самае сэрца.
Колькасць прачытаўшых: 2127 Колькасць вогдукаў: 2