X
Навіна пра выкраданне з езуіцкага калегіуму ў Аўгсбургу старэйшага сына Яна Юрыя агаломшыла Мікалая Крыштофа Радзівіла . Князь у апошнія дні цалкам быў заняты адпраўкаю ў Інфлянты на вайну з Карлам Дзевятым свайго вайсковага почату . Трэба было падбіраць наёмнікаў , шукаць грошы , зброю , амуніцыю , правіянт . Ды мала што спатрэбіцца ў няблізкім небяспечным паходзе . Да таго ж князь надумаў з нагоды адпраўкі жаўнераў на баявыя пазіцыі зладзіць у Нясвіжы баль і феерверк . Тут таксама хапала клопатаў . Хоць меліся шматлікія памочнікі і служкі , Мікалай Крыштоф , па спрадвечнай радзівілаўскай завядзёнцы , у кожную справу і ў кожную на першы погляд нязначную дробязь прызвычаіўся ўнікаць уласнай персонаю . “ Загадай зрабіць , але правер ці зроблена “ , - вось які быў ягоны жыццёвы прынцып .
Князь са сваім дварэцкім Янам Лапацінскім якраз абмяркоўваў цырымонію ўрачыстага адкрыцця балю , калі лёкай даклаў аб нечаканым візіцёры-езуіце .
- Што за птушка да нас прыляцела ? – здзівіўся Радзівіл і , адпусціўшы Лапацінскага, сеў за стол , загадаў паклікаць пасланца .
Якуб Луневіч , надзвычайны прадстаўнік генерала Ордэна езуітаў Клаўдзіё Аквівы , хуткім рашучым крокам увайшоў у князеў кабінет , нахіліў галаву ў паклоне , расхінуў дарожны плашч , расшпіліў чырвоную кашулю , зняў з шыі тонкі , як блінок , скураны мяшэчак , працягнуў яго Радзівілу . Усё гэта ў звычаі езуітаў рабілася моўчкі , як бы бясстрасна , каб надаць таму , што адбываецца , звышдзелавітасць і таямнічасць .
Мікалай Крыштоф узяў у рукі мяшэчак з асцярогаю . Хто ведае , што наўме ў гэтых не такіх , як усе , людзей ? І працавітасць нястомнай пчалы , і вераломнасць падкалоднай чорнай гадзюкі зліта ў іх у адно цэлае . Яны , езуіты , па чутках , найвялікшыя майстры атрутных спраў . Зусім нядаўна прайшла па Вялікім Княстве Літоўскім пагалоска пра тое , як кухар-езуіт адправіў на той свет свайго гаспадара , саксонскага курфюста . Надта асцярожны і надта абачлівы быў гэты курфюст . На кожным кроку бачыліся яму замахі на ўласнае жыццё , і па гэтай прычыне ён не давяраў нікому . Перад тым , як з”есці якую-небудзь страву , прымушаў кухмістра пакаштаваць яе , ледзь не пазіраў таму ў рот . І вось кухар , седзячы за сталом разам з курфюстам , разрэзаў напалам вялікі чырвоны яблык , адну палавінку з найвялікшым апетытам пачаў есці сам , другую на срэбным сподку прапанаваў свайму гаспадару . Курфюст упіўся зубамі ў спакусную садавіну і адразу ўпусціў смерць у скляпенні цела свайго . Справа ў тым , што з аднаго боку нажа тоненькім-танюткім слоем была намазана страшная імгненная атрута , і кухар , вядома ж , пачаставаў няшчаснага курфюста той палавінкаю яблыка , на якую паклала сваю няўмольную пячатку смерць . У які ўжо раз чалавечая асцярожнасць была пераможана ціхай сілай атруты .
Добра ведаючы пра ўсе такія магчымыя хітрыкі-выкрунтасы , Мікалай Крыштоф Радзівіл дзвюма пальцамі ўзяў скураны мяшэчак , паднёс яго да агеньчыка свечкі , што гарэла на стале , колькі імгненняў патрымаў-прапёк . Езуіт спакойна пазіраў на князя . У вялікіх блакітных вачах не было ні хмурынкі , толькі найвялікшая цнота і цярплівасць .
Прачытаўшы сакрэтнае пасланне Клаўдзіё Аквівы , нясвіжскі ардынат пацямнеў з твару , пачаў усхвалявана кусаць вусны . Потым устаў з-за стала , перахрысціўся на абраз Дзевы Марыі , што вісеў на сцяне насупраць стала , спытаў у езуіта перарывістым ссушэлым голасам :
- Тое , што напісана ў лісце , праўда ?
- Клянуся святым крыжам і дзідай , якой бязбожнікі паранілі бок нашаму Збаўцу , што ўсё гэта чысцейшая праўда , - пранікліва адказаў Якуб Луневіч .
- Божа , беражы мой род , - ціха прамовіў Радзівіл , пачуўшы такія словы .
Потым пазваніў у настольны залаты званочак у выглядзе рагатага ляснога сатыра , загадаў лёкаю :
- Пакліч княгіню Яўфімію .
Езуіта ж папрасіў пачакаць у суседнім пакоі .
Калі ўвайшла жонка , моўчкі аддаў ёй злашчасны трывожны ліст . Тая прачытала , схапілася рукамі за сэрца , села на абачліва падсунуты лёкаем пуф . Твар быў белы , як студзеньскі снег . Вачыма поўнымі нясцерпнага хвалявання зірнула знізу ўверх на мужа , сказала з надзеяй і мальбою :
- Мой найкаханейшы душой і сэрцам Міколенька , ты выбавіш нашага любімага сына , нашага першынца з варожых кіпцюроў . Ты выбавіш . Бачыш – я станаўлюся перад табой на калені , матчыным сэрцам я заклінаю цябе . Ты выбавіш нашага Яна Юрыя . Нашага дарагога Яначку .
Твар у Мікалая Крыштофа перасмыкнуўся і таксама пабялеў . Князь глядзеў то на жонку, што ўкленчыла перад ім , то на лёкая , які аж не дыхаў .
- Выйдзі , - ледзь не крыкнуў на лёкая , і калі той , нібы птушынае пяро , вылецеў з кабінету , нагнуўся , абняў жонку за плечы , сказаў :
- Устань і выцеры вочы . Запомні – Радзівілы не плачуць .
Княгіня Яўфімія адразу ж ўзнялася з навошчанага бліскучага паркету , шаўковай хусцінкаю пачала выціраць вочы . Гэтыя чорныя прамяністыя вочы свяціліся непахіснай вераю ў свайго мужа . Ён – Радзівіл . Ён дасць рады і зробіць усё магчымае і немагчымае .
- Elephantum ex musca facis ? – Ты робіш з мухі слана , - стараючыся быць як мага спакойным , па латыні сказаў жонцы , - Гэта толькі ліст . Гэта толькі нікчэмны шматок паперы . І падумай – хто яго нам прывёз ? Езуіты . А ў гэтых людзей ( я дакладна ведаю ) душы з двайным , нават трайным дном .
Прамовіўшы такія словы , Мікалай Крыштоф паглядзеў убок пакоя , у які пайшоў езуіт Якуб Луневіч .
- Трэба ўсё праверыць і ўсё ўзважыць , - працягваў ён , - Я неадкладна ж шлю ганца ў Аўгсбург і ў Рым , да Святога Прастола . І гэта яшчэ не ўсё . Я сёння ж еду ў Вільню да Гаспадарскай канцылярыі . Кажуць , кароль і вялікі князь Жыгімонт якраз знаходзіцца зараз у Вільні . Я зраблю ўсё , што ад мяне залежыць . Вер мне .
- Я веру , - ціха адказала жонка , - Веру табе , як самому Богу .
Ён пацалаваў яе ў халодны напудраны лоб і злёгку як бы адпіхнуў ад сябе . Але зрабіў гэта надзіва мякка і далікатна . Так , любячы , адпіхвае гнуткую галіну ніцай вярбы цёплая і спакойная летняя рака .
Адпраўку вайсковага почту ў Інфлянты адклалі на тры дні , бо Мікалай Крыштоф Радзівіл у сваёй упарыгожанай графскімі каронамі пазалочанай запрэжанай шасцерыком карэце з эскортам конных пяцігорцаў тэрмінова выехаў у Вільню . Але ўсе гэтыя тры дні па асабістым Радзівілавым загадзе стралялі з гарматаў , пускалі феерверкі . Не пуставалі без пітва і разнастайнай закускі сталы . Ігралі галасістыя музыкі . Толькі гэткім чынам можна было ўтрымаць у Нясвіжы шляхту і наёмнікаў .
Вільня , калі б ў яе не прыязджаў Радзівіл , заўсёды хвалявала сваёй непаўторнасцю і прыгажосцю . Нават сваё родавае гняздо , Нясвіж , не так моцна ён любіў , праўда , не прызнаючыся ў гэтым нікому .
Гэта быў горад ягонай душы , ужо даволі вялікі і прасторны , забудаваны ў зялёных утульных прадмесцях белымі і чырвонымі мураванкамі . У цэнтры над вечна шумным бяссонным рынкам паўставаў , ганарліва высіўся гмах ратушы з гадзіннікам і прыгожа адштукаванымі бакавымі вежамі . У шчыльнае кальцо ратушу бралі шматлікія гандлёвыя крамы , дзе чалавек мог набыць усё , што пажадае душа : яркія заморскія тканіны , футры , мяса , жалеза , соль , абутак , ласункі і цацкі для дзяцей , парфуму для прыгажунь , а ў корчмах піва і віно для ўцехі вясёлага чэрава . У ніжніх памяшканнях ратушы таксама месціліся крамы , вінны склад і таварны склад . Тут жа стаялі вагі і працавала васкабойня . Вышэйшыя пакоі ратушы займалі гарадская рада , ваяводскі суд , архіў і казначэйства .
Каля ратушнай вежы заўсёды тоўпіўся ў пошуках працы галаднаваты , апрануты ў грубае адзенне люд . Трымалі ў руках сякеры , малаткі , рыдлёўкі і пілы .
Побач з ратушай суровым пастаянным напамінам аб зямным зле і лютым пакаранні за гэтае зло ўзвышаліся , чакаючы новых ахвяраў , шыбеніца і слуп ганьбы , які дасціпныя тубыльцы назвалі Пілатам . Тут гаспадарнічаў вёў рэй гарадскі кат . Са сваімі памочнікамі ён быў спецыялістам на ўсе рукі – па прыгавору суда вешаў , чвартаваў , саджаў на вострую палю . Кат , як запрыкмецілі людзі , меў шырокі нізкавокі твар . Чаму нізкавокі ? Пэўна , і ён апускаў вочы долу , і яму не хапала духоўнай сілы глядзець ва ўпор на твары тых , каго жорстка пазбаўляў жыцця .
Акрамя свайго галоўнага абавязку кат з памочнікамі забівалі бяздомных сабак ( вось адкуль пайшло слова – гіцаль ) , вывозілі за горад смецце . Кат , як знаўца чалавечай анатоміі (!) , лячыў хворых . А яшчэ ён меў права выратаваць ад смяротнага пакарання жанчыну , жаніўшыся на ёй .
У дзень чвартавання да ратушы збягаліся цікаўныя . Некаторыя , асабліва жанчыны , хусцінкамі збіралі свежую чалавечую кроў з памосту . Лічылася , што такая кроў вельмі дапамагае лячыць эпілепсію .
Мноства пастаялых двароў і брудных бедных корчмаў было рассыпана наўкол . Жыццё не спынялася там ні ўдзень , ні ўначы . Хто прапіваў апошні пенязь , хто патаемна вастрыў нож , каб у цёмным завулку прыкончыць выпівоху і разяваку .
Мясцовы люд у Вільні быў часткова каталіцкі і вуніяцкі , часткова праваслаўны . На Лукішках мелася татарская мячэць , ззяла срэбным паўмесяцам яшчэ з часоў Вітаўта . Вялікую сілу мелі ўсюдыісныя рухавыя езуіты . Жылі па прадзедаўскіх законах сваёй Торы габрэі-літвакі . Храмы ўсіх веравызнанняў не зачынялі свае дзверы ні перад кім , багач ён ці жабрак . І ўсіх гэтых такіх розных людзей , іхнюю веру , іхнія жыцці , ахоўвала дзяржава . Здавалася , што яшчэ трэба ? Гадуй дзяцей , працуй , плаці падаткі , шануй законы , не крадзі і не забівай , шчыра маліся Богу .
Але ўжо пачыналі бегчы глыбозныя трэшчыны па калісьці адзінай непарушнай сцяне , імя якой – грамадскае паразуменне і згода . Ужо імкліва набіралі сілу , крыкліва патрабавалі сабе ўсё новых і новых правоў тыя , хто лічыў сябе самымі лепшымі , самымі адметнымі . “ Мы – хлеб , соль і кроў Рэчы Паспалітай . ейныя – мозг і душа ! – крычалі яны , - Усе астатнія – тлен , нішто “ .
Чым глыбей уязджаў у горад Мікалай Крыштоф Радзівіл , тым усё болей цудоўных пышлівых магнацкіх палацаў бачыў ён . Палацы Хадкевічаў , Сапегаў , Пацаў , Вішнявецкіх . Велічныя . З граніту і мармуру . У атачэнні густых зялёных садоў . Сапраўдны зямны рай . Нават ён , магутны ўсясільны ўладар Нясвіжу , ліцвінскі Крэз , прыцмокваў языком ад здзіўлення .
Кароль і вялікі князь Жыгімонт III Ваза знаходзіўся , на вялікі жаль для Радзівіла , у Кракаве . І Мікалай Крыштоф , каб атрымаць параду ў вельмі няпростай жыццёвай калізіі , пачуць мудрае слова , вырашыў звярнуцца да свайго даўняга добрага знаёмцы , канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Іванавіча Сапегі . Хоць бегала чорная кошка паміж родамі Сапегаў і Радзівілаў , хоць часта варагавалі яны , і даходзіла нават да крыві , але нясвіжскі ардынат быў упэўнены , што ў такой далікатнай справе , якая тычылася жыцця і смерці Яна Юрыя , Леў Сапега працягне руку дапамогі .
У Гаспадарскай канцылярыі ён пакіраваўся ў кабінет канцлера . На дзвярах кабінету канцлера , пячатара , як называлі яго , бо распараджаўся вялікай маястатнай пячаткай Вялікага Княства Літоўскага , яркімі залатымі літарамі зіхцеў лацінскі налпіс . Такія надпісы робяць , звычайна , на геаграфічных мапах : “ His sunt leones “ – “ Тут водзяцца ільвы “ .
Вялікім мудрацом быў Леў Іванавіч Сапега , што зусім не замінала яму быць вялікім жартаўніком .
( Працяг будзе )
Колькасць прачытаўшых: 436 Колькасць вогдукаў: 0