Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел адзінаццаты

 

XI

- Якубе , кадук цябе бяры ! Ці ты гэта ?! – усклікнуў , сустрэўшы Якуба Луневіча , свайго былога суседа па пакоі- “ магіле “ , Лявонцій Кукарэцкі і схапіўся за ягонае стрэмя .

Луневіч ад нечаканага рэзкага рыўка ледзь не зваліўся з каня , бо быў не дужа хвацкім ездаком . Хацеў гняўлівым словам сцебануць , як бізуном , незнаёмца , хацеў крыкнуць , як крычалі калісьці ў езуіцкай калегіі , праўда , падалей ад настаўніцкіх вушэй : “ Як дам – адны шалупкі з цябе паляцяць ! “ , але ўбачыў знаёмыя вочы і знаёмы твар , адразу ўсё ўспомніў , кумільгом вертануўся з сядла на зямлю , абхапіў Кукарэцкага за плечы :

- Лявонцій ! Брат мой !

Столькі шчырасці і жарсці было ў гэтых словах !

Аляксандр Лісоўскі і ягоныя людзі спачатку падумалі , што адбыўся напад на асобу , якую ім даручылі з усёй пільнасцю ахоўваць . Узвіліся шаблі . Усталі на дыбкі коні . Ды сцэна сустрэчы двух даўніх сябрукоў была такая жывая , такая непаддзельна-шчырая , што заставалася толькі супакоіцца і цярпліва чакаць , калі яна скончыцца .

- Ты зноў у Нясвіжы ? Ты з самога Рыму ? – усхвалявана пытаўся Лявонцій .

- Адтуль , адтуль , браце , - адказваў Якуб Луневіч . Ягонае суровае езуіцкае сэрца зусім нечакана адтала , як адтае сонечным вясновым днём скалелая за доўгую зіму зямля . Адразу ўспомнілася калегія і ўсё звязанае з ёю – кпіны , асліныя вушы , слёзы і цёплае слова спагады ад суседа па “ магіле “ .

Луневіч вельмі хутка , дакладней сказаць , адразу ж зацугляў сваю душу . Гэта было ўсяго толькі мізэрнае імгненне слабасці . Ён строга глянуў на Лявонція , спытаў сухім драўляным голасам :

- Як ідзе навучанне ?

- Ідзе то яно быццам бы добра , - адказаў усё яшчэ радасна-ўзбуджаны Кукарэцкі , - але надумаў я пайсці з калегіі . Назусім пайсці .

Ягоны былы сусед , пачуўшы такое , не змяніўся ў твары , не ўздрыгнуў , не міргнуў вокам . Спакойна сеў на каня , спакойна глядзеў зверху ўніз на Лявонція . Таму нават падалося , што езуіт не зразумеў сэнс сказанага , і патрэбна паўтарыць . Але толькі ён надумаўся расчыніць рот , як Якуб Луневіч , узняўшы правую руку ў доўгай чорнай пальчатцы , вымавіў адно-адзінае слова :

- Маўчы .

Потым нетаропка расправіў зблытанае валоссе ў конскай грыве , клапатліва паляпаў каня па шыі , задуменна сказаў :

- Чалавечае жыццё – падрыхтоўка да смерці . А , можа , смерць гэта й ёсць жыццё ? Ты памёр , браце Лявонцій . Ты ўжо памёр .

- Я памёр , - згадзіўся Кукарэцкі , - хоць , як бачыш , стаю перад табою . Ты , Якуб , шмат дзе быў за гэты час . Шмат што бачыў . Ты высока ўзнёсся над усімі намі . Ты прыехаў ажно з самога Рыму . Я прашу ў цябе , у тваёй святасці і вучонасці , прабачэння за маю слабасць . Я не магу праз усё жыццё несці такі цяжкі крыж . Не магу . І я прашу цябе ў памяць тых дзён , што мы пражылі разам , у памяць тых святых малітваў – блаславі мяне на новы шлях . Блаславі , калі гэта дазваляе твая святасць і вучонасць .

Хвалюючыся , ён глядзеў на езуіта . Чакаў адказу . Ад слоў , якія ён спадзяваўся пачуць , залежала ўсё ягонае жыццё .

Ды Якуб Луневіч не прамовіў ні слова . Крануў шпорамі каня , ціха паехаў уперад , паехаў паўз Лявонція . І ўсё-ткі праз імгненне-другое азірнуўся і рукою ў чорнай пальчатцы акрэсліў над галавою свайго былога сябрука знак святога крыжа .

З развярэджаным сэрцам пайшоў Лявонцій Кукарэцкі па шумлівых нясвіжскіх вуліцах . Было адчуванне , што жыццё надламалася . Так падчас моцнага ветру надломваецца крохкая галінка маладога неакрэплага дрэва . Яна быццам бы яшчэ трымаецца-чапляецца за родны ствол , але вось-вось адарвецца і паляціць , як пушынка , у віхурыстую смяротную невядомасць .

Трэба , думалася Лявонцію , неадкладна вяртацца ў маёнтак да маці , патлумачыць ёй тое , што з ім здарылася . Маці зразумее . Маці даруе свайму аблуднаму сыну . Не можа не дараваць .

А навакольнаму люду было не да ягоных хваляванняў і перажыванняў . Нясвіж па княжым загадзе рыхтаваўся адзначаць , ды ўжо адзначаў выправу на вайну ў Інфлянты радзівілаўскага почату . Чуўся вясёлы бестурботны смех . Гучала бадзёрая паходная музыка . Яшчэ не зусім п”яныя , але ўжо добра п”янаватыя шляціцы-дабраахвотнікі і найміты з Польшчы , Караляўца і Прусаў выхваляліся сваёй амуніцыяй і зброяй , ганарліва агладжвалі вусы , падміргвалі прыгожым кабетам , якія з усіх бакоў злётваліся ў цэнтр гораду , нібы звонкія мухі на салодкі мёд . Некаторыя з ваяроў , усклаўшы рукі адзін адному на плечы , стварыўшы кола , танцавалі , зазываючы да сябе гэтых кабет . Там-сям пачціва гнулі спіны перад узброеным рыцарствам жабракі , апранутыя ў казіныя шкуры . Ведалі – будуць паводзіць сябе сціпла ды памяркоўна , перападзе глыток віна і смакавітая мясная костачка з багатых сталоў .

І ніхто ці амаль ніхто не задумваўся над тым , што на шмат каго з гэтых сённяшніх абвешаных зброяй весялуноў ужо точыць сваю іржавую касу бабуля-смерць . Ды ад смерці не схаваешся нават лежачы на цёплай печы , на самай чарэні пад тоўстым , як бронь , кажухом .

У гэтым тлуме-гармідары сумны Лявонцій Кукарэцкі раптам зноў убачыў дзве прыгожанькія дзявочыя галоўкі , як дзве кветкі на яркім вясновым лузе . Альжбэта і Анэля ! Зноў горача затрапятала і заспявала ягонае маладое прагнае да кахання сэрца .

Дзяўчаткі-анёлкі ішлі , узяўшыся за рукі . Магутны і грозны Антон Даніловіч-Гоцкі ішоў следам за імі . Уражаны Лявонцій адразу ж забыўся пра ўсе свае мітрэнгі і турботы , што яшчэ міг таму не давалі жыць , карэжылі душу . Ён адчуў , як на цёплыя дробныя кропелькі расцякаецца ягонае сэрца . Назіркам ён пайшоў следам за чароўнымі дзяўчаткамі і іхнім дзядзькам .

Нечая рука асцярожна-пачціва кранула яго за плячук . Лявонцій азірнуўся . Стары згорблены жабрак з выцвілымі кусцістымі бровамі і сухім зрэзаным глыбокімі маршчынамі тварам стаяў перад ім . У калісьці сініх , а зараз патухлых мутных вачах было маленне .

- Хрыстом Богам прашу даць ратаванне майму целу – хоць кавалачак хлеба , хоць яблычак , - зашалясцеў ціхі журботны голас .

- Але я нічога не маю , - разгублена прамовіў Кукарэцкі . як бы раздвойваючыся – адным вокам пазіраючы на жабрака , другім на Альжбэту з Анэляю і Даніловіча-Гоцкага . Вось-вось яны згубяцца ў натоўпе .

- Я стары , - паныла гаварыў жабрак , - Старасць доўгая і халодная , як зіма . Хачу

памерці , а не паміраю . Душу ж не выплюнеш з цела .

Ціхія словы зляталі з абсівераных тонкіх вуснаў , як сухое лісце з восеньскага дрэва . Гэта было катаваннем душы для чуллівага Лявонція . Ён рыўком садраў з сябе езуіцкі плашч , працягнуў яго старому :

- Вазьмі . Больш нічога не магу даць .

А сам ірвануў у натоўп падалей ад гэтых невыносна-журботных вачэй . Зноў запрыкмеціў між гаманкога люду Альжбэту з Анэляй , зноў , як іхні цень , пайшоў за імі .

Антон Даніловіч-Гоцкі ўпэўненымі шырокімі крокамі ( пляменніцы ледзь паспявалі следам ) шыбаваў туды , куды край як трэба было ісці ў гэты час – у заезджую карчму “Сіняя падкова “ да Самуіла Рабіновіча . Карчма месцілася на ўскраіне Нясвіжу . Гэта быў крыты вымашчаны шэрым палявым каменнем двор з адрынай і павеццю для коней і фурманак , з глыбокім калодзежам .

Над уваходам у карчму была прыбіта тоўстымі меднымі цвікамі велізарная пафарбаваная ў сіні колер падкова , якую Рабіновіч адкаваў і прывёз з Каралевецу . Падобнай ёй не мелася ў цэлым Княстве , чым карчміт вельмі ганарыўся .

- Гэтая падкова з пярэдняй левай нагі Буцафала , славутага каня , на якім Аляксандр Македонскі скарыў Персію , - часцяком любіў пахваліцца ён , праўда , не тлумачачы чаму легендарная падкова менавіта сіняя .

Унутры карчмы гасцей сустракалі шырокія сталы на дрогкіх козлах . Удоўж сцен былі наштукаваны лавы , за доўгі час выслізганыя чалавечымі азадкамі да жоўтага мядзянага бляску . У самым куце стаяла агромністая цагляная печ , у якой амаль заўсёды ярка і нястомна гарэлі , перавальваючыся з боку на бок , тоўстыя бярозавыя чурбаны . Апетытны пах смажанага мяса і сала цёк адтуль .

- Дабрыдзень шаноўнаму панству ў хату ! – бадзёра выгукнуў з самага парогу Антон Даніловіч-Гоцкі .

Маладзенькія шляхціцы і немцы-найміты ( а менавіта толькі яны балявалі ў карчме ) сустрэлі ягоныя словы дружным “ віватам “ і не менш дружным звонам высока ўзнятых келіхаў .

Адразу ж падбег , не даверыўшы служкам , карчміт Самуіл Рабіновіч уласнай персонаю , бліскучавокі і вельмі радасны .

- Дзякуй-дзякуй , пане Антон , што не забыў дарогу ў “ Сінюю падкову “ , - загаварыў ён , беручы Даніловіча-Гоцкага пад локаць , - Дзякуй , што прывёў сюды сваіх непараўнальных прыгажунек , сваіх пляменніц . Можа , шум карчмы і не самы прыемны для пяшчотнага дзявочага вушка , але зараз мы падсалодзім яго . Абрам ! – крыкнуў ён .

Малады чарнавалосы скрыпач з”явіўся тут як тут , падпёр сваю чараўніцу-скрыпку смуглай шчакой , узмахнуў смыком , і палілася , быццам светлы вясновы ручай , нябесная музыка , што размякчала самыя суровыя сэрцы . Немцы-найміты і шляхціцы-дабраахвотнікі сцішылі крыклівую п”яную гаману , павярнулі , як па камандзе , галовы ўбок скрыпача . Іхнія твары імгненне таму грубыя і жорсткія палагаднелі і паспакайнелі , зрабіліся задуменнымі . А немец па імені Рудольф , здаравенны шыракаплечы магут з доўгімі светлымі валасамі , нават пусціў слязу . Для яго гэта было так нязвыкла , што ён хаваў твар у далоні , сарамліва ўсміхаўся , ды нічога не мог з сабою зрабіць , не мог супакоіць усхваляваную душу .

- Пан Самуіл ! Паболей піва і гарачых флякаў ! – загадаў Даніловіч-Гоцкі , шырока махнуўшы рукою , - А паненкам , што прыйшлі са мною , салодкі шарбет , цукраванай садавіны і арэхаў !

Замітусіліся служкі , прыносячы на стол заказаныя стравы . Сам Самуіл жвава бегаў разам з імі . Для кожнага наведвальніка карчмы ў яго былі прыхаваны цёплая ўсмешка і дасціпнае вастрае слоўка . Ён пачуваў сябе ў сваім асяродку . як рыба ў вадзе .

Тым часам немцы за суседнім сталом хорам заспявалі нейкую ваяўнічую песню і ў такт ёй пачалі грукаць аб драўляную падлогу вялізнымі чаравікамі з жалезнымі насамі . Потым узвіхурыўся танец . Той , каго яшчэ трымалі ногі , пускаўся ў скокі . Здавалася , на ўсіх наляцела нейкае вясёлае шаленства . Людзі махалі рукамі , шчоўкалі пальцамі , прыцмоквалі языкамі , кідалі ўгору шапкі . Разам з людзьмі на шэрых карчомных сталах танцаваў посуд – талеркі , кубкі , бляхі пахістваліся , падскоквалі . са звонам каціліся на падлогу .

- Добра , - апаражняючы чарговы куфаль з півам , - задаволена крактануў Антон Даніловіч-Гоцкі , - Умеюць у нашым Княстве выпіць і пагуляць . Ва ўсёй нашай шляхты ды і ў простага народу жываты ў сем столак . Вала могуць умяць у адзін прысед , цэбар гарэлкі выпіць .

І ён пачаў расказваць немцам , не дужа зважаючы разумеюць яны яго ці не , пра тое , як гасцяваў у Вільні , у хлебасольнейшага пана Кісялевіча . Ото быў пан , дык пан ! За адзін раз мог выпіць поўны гарнец піва , а гэта , панове-немцы , чатыры кварты ці пяць вашых бутэлек . Частаваў ён сваіх дарагіх гасцей да поўнай змогі . За сталом усе павінны былі ўставаць і піць за здароўе тых , каго называў гаспадар . А такіх тостаў былі дзесяткі й дзесяткі . Пасля тостаў за прысутных пачыналі піць за росквіт дзяржавы , за святароў , за жаўнераў , за суддзяў , за кабет і за маладых паненак , за спрыяльнае для ўраджаю надвор”е .

- Я ўжо не мог і кроплі выпіць , - весела казаў Даніловіч-Гоцкі , - адчуваў , што вось-вось лопну , і цішком хацеў выліць віно з келіха пад стол . Апусціў руку , плескануў тое віно пад ногі . Уздымаю руку – келіх зноў поўны з беражкамі . Што за чмут ?! Думаю , адпіў ўшчэнт мазгі . У другі раз хачу пазбавіцца ад абрыдлага пойла – зноў у келіху паўнюсенька . Тады я здагадаўся ў чым сакрэт . Грабануў пад сталом рукою і выцягнуў адтуль панскага гайдука з вялізным бутлем віна . Гайдук гэты сядзеў , як корч , пад сталом і падліваў ды падліваў .

Раптам Даніловіч-Гоцкі на паўслове перарваў свой аповед , схапіў за каршэнь Лявонція Кукарэцкага , што аціраўся ў яго за плячыма і закрычаў :

- А табе што трэба , шашок загуменны ? Што ты ўсё сочыш , цікуеш за намі , валочышся следам , як хвосцік ? Я цябе яшчэ на плошчы запрыкмеціў . Адказвай хто ты , а то галаву растаўку !

Змярцвелы Лявонцій толькі хаўкаў з перапуду і нечаканасці ротам , нібы шчупачок , якога выкінулі з ракі на бераг . Здзіўленыя Альжбэта і Анэля ва ўпор пазіралі на яго .

- Гэта той самы , - шапнула сястры Анэля .

- Хто ты ? – вёў сваё Антон Даніловіч- Гоцкі , усё мацней сціскаючы беднаму езуіціку глотку , аж іскры з вачэй ляцелі .

- Я … Я , - залепятаў Кукарэцкі і раптам нечакана для самога сябе сказаў :

- Я пішу вершы .

- Вершы ? – Даніловіч-Гоцкі надзвычай уражаны пачутым адпусціў каршэнь сваёй ахвяры , павярнуўся да пляменніц :

- Чулі ? Ён сачыняе вершы .

Альжбета і Анэля былі здзіўлены не меней свайго грознага дзядзькі , але ў адрозненне ад яго да здзіўлення дамешвалася найвялікшая доля дзявочага захаплення . Яшчэ б – перад імі быў жывы паэт ! Паэт не з Італіі і не з Францыі , а свой , нясвіжскі , мясцовы , якога можна было не толькі бачыць , але й можна было дакрануцца да яго пальчыкам .

- Дык , можа , пан пісарчук раскажа нам які-небудзь свой верш , - нясмела прамовіла Анэля , - І толькі не на латыні , бо мы яе слаба разумеем .

- Раскажыце , раскажыце , - падтрымала сястру Албжбэта .

Антон Даніловіч-Гоцкі , дапіўшы свой куфаль , пляснуў яго аб стол , выцер вялізным кулаком вусны , патрабавальна зірнуў на Лявонція . Нават немцы за суседнім сталом крыху сціхлі і навастрылі вушы .

Кукарэцкаму нічога не заставалася як выканаць просьбу-загад пекных маладзенькіх паненак . Ён прыгладзіў далонню свой цёмны чубок , палыхнуў сінімі-сінімі вачамі і пачаў чытаць :

Дамоў ляці , душа , дамоў .

Там пад счарнелай гонтай

У засені старых дубоў

Бацькоў маіх маёнтак .

Там цёплы вецер біў у скронь .

Гуў акіян калосся .

Там смех звінеў . Гарэў агонь .

Святло ў душу лілося .

Там нарадзіўся я калісь

Людзей шаноўных сынам .

Зірнуў углыб . Зірнуў увысь .

Адчуў сябе ліцвінам .

Я ўсё жыццё ў баях . Калі ж

Загіну ў сечы новай ,

Вазьмі й засып мяне , Нясвіж ,

Зямлёй сваёй суровай .

І ў лузе над ракой Ушой

Красуня-кветка ўстане .

І панна светлая душой

На тую кветку гляне .

Лявонцій змоўк , унурыў галаву . Яму самому не верылася , што пры такой зборні народу ён асмеліўся выказаць услых сваё самае патаемнае . Пэўна , надалі адвагі і рашучасці прыгожыя бліскучыя ад захаплення вочы сясцёр-блізнятак .

- Панна светлая душой , - задуменна , нібы сама сабе , прамовіла Альжбэта , - Як гэта прыгожа !

Анэля ж адчаілася на больш эмацыянальны крок . Яна парывіста цмокнула паэта ў пунсовую ад хвалявання шчаку .

Даніловічу-Гоцкаму таксама спадабалася пачутае . Захмялелы шляхціц пасадзіў Лявонція побач з сабой , крыкнуў карчміту :

- Самуіл , якое ў цябе самае найлепшае віно ?! Хутчэй цягні сюды і паболей !

Кукарэцкаму ж сказаў , паклаўшы цяжкую далонь на паэтаў плячук :

- Прыгожая птушка пер”ем , а чалавек вучэннем і розумам . Хочаш загінуць у сечы

новай ? Тады ідзі са мной у вайсковы аддзел да Аляксандра Лісоўскага , і рушым , пане-браце , на Інфлянты .

У гэты час нейкі драбнаваты някідкі з выгляду чалавек падыйшоў да стала , ціха сказаў Кукарэцкаму :

- Пане Лявонцій , твой бацька вярнуўся з татарскага палону . Яшчэ ўчора вярнуўся .

- Праўда ? – радасна ўспыхнуў тварам Лявонцій .

- Вось табе святы крыж – праўда . Пані Макрына такая шчаслівая была .

- Значыць , Пан Бог пачуў матчыны , мае і сясцёр маіх малітвы , - усхвалявана прамовіў Кукарэцкі , - Значыць , Пан Бог адпускае мяне з езуіцкай калегіі на ўсе чатыры бакі , як вольную птушку .

У гэты час служкі прынеслі віно , разнастайныя закускі , і Антон Даніловіч-Гоцкі , узняўшыся з паўнюткім келіхам , гучна , на ўсю карчму , абвясціў :

- Ідзем на Інфлянты ! І няхай не паздаровіцца ўсім нашым ворагам !

Павярнуўшыся да Лявонція шляхціц сказаў :

- Пі , паэт . Далёка не кожнаму дадзены дар – секчы словам так , як сячэ старая добрая шабля . Няхай душа твая будзе адважная , а слова вострае . Пішы свае вершы . Будзі жывых , а мерцвякі й самі ўстануць .

З новай сілай узгарэлася баляванне . Лявонцій быў яшчэ непрызвычаены да віна і вельмі хутка ап”янеў . Паплылі ў вачах вясёлыя людскія твары , іскрыстыя келіхі , пышныя чубы і бліскучыя лысіны , сталы і лавы . Потым ён убачыў карчміта Самуіла Рабіновіча , які на выцягнутай руцэ нёс місу з вялізным заліўным шчупаком . Рука была смуглая , аж карычневая , з мноствам чорных кучаравых валаскоў . Раптам рука гэтая аддзялілася ад цела , пачала імкліва лётаць над сталамі , над людзьмі , пачала хапаць некаторых за насы , за вушы . Вось гэтая лятучая рука ірванулася да Лявонція , балюча ўшчыкнула яго за шчаку . Лявонцій адхіснуўся ад яе , страціў раўнавагу і паваліўся проста на рукі дзвюм сястрычкам – Альжбэце і Анэлі . Ён яшчэ паспеў прамармытаць ім :

- Я кахаю вас .

І глыбокі сон склеіў ягоныя вочы .

А да Антона Даніловіча-Гоцкага падсеў немец па імені Рудольф , чокнуўся з ім келіхам , папрасіў :

- Пан рыцар , вазьмі мяне з сабою ў паход на Інфлянты . Дужа ж я люблю ваяваць . Нічога апроч вайны не ўмею ды й не хачу рабіць . Вазьмі мяне ў паход , але дазволь мне застацца лютэранінам . Лютэранін мой бацька . Лютэранінам хачу жыць і памерці я .

Даніловіч-Гоцкі , выслухаўшы такую споведзь , абняў і пацалаваў Рудольфа , гучна зарагатаў , калышучыся ўсім сваім буйным целам :

- Я не Лісоўскі . Не я набіраю людзей ў радзівілаўскі почат . Пойдзем туды з табою разам . Па мне – абы ваяваў хвацка . А хто ты – католік , лютэранін або магаметанін , не мае ніякага значэння . Пойдзем разам , і я скажу за цябе слова пану Аляксандру Лісоўскаму .

Яны са смакам выпілі віно і зноў напоўнілі свае келіхі . А наўкол шумела , танцавала , спявала песні карчма “ Сіняя падкова “ . І гэтак было да самага яснага рання .

Лявонцій Кукарэцкі прачнуўся ў невядомым месцы , на невядомым ложку . Спрасоння падалося , што гэта пакой-“ магіла “ езуіцкай калегіі . Падалося , што ён спазніўся на абавязковую ранішнюю малітву , на заняткі , і вось-вось уварвецца ў пакой з пякучымі дубцамі ў руцэ разгневаны сярдзіты карэктар . У прадчуванні жорсткай лупцоўкі заныла тонкая маладая скура . Лявонцій спуджана ўскочыў з ложку , ліхаманкава пачаў апранацца , не патрапляючы ў калошыны штаноў нагамі .

Ды спальня , калі ён трохі астыў і агледзеўся , як неба ад зямлі , адрознівалася ад

сціплай , нават суровай езуіцкай спальні . Ложак быў шырокі і высокі , з прыгожага чырвонага дрэва . Найбялейшая і наймякчэйшая пярына пяшчотна абвівала ягонае цела . Падушка пахла нейкімі надзіва духмянымі зёлкамі . Каля ложку стаяў круглы лёгкі столік сплецены з тоўстых арэхавых пруткоў . На століку зіхцеў срэбны гладышык і гэткі ж самы срэбны кубачак .

Здзіўлены Лявонцій усё не мог уцяміць дзе знаходзіцца . Усё было падобна на нейкі таямнічы сон . “ Ці не анёлы занеслі мяне сюды ? “ – падумалася яму . І адразу ж у спустошаную цяжкую галаву ўбілася-ўсвідравалася чорная здагадка : “ А , можа , гэта хітрыкі д”ябла ? Д”ябал любіць казаць , што яго няма , але ён ёсць , ёсць на зямлі . З усіх бакоў ён абкружае чалавека , пляце свае жахлівыя цянёты “ .

Перахрысціўшыся , уздыхнуўшы , Кукарэцкі пакорліва аддаўся лёсу , наліў са срэбнага гладышыка ў срэбны кубачак цёмнай вадкасці , выпіў яе . Гэта быў вельмі халодны і вельмі смачны хлебны квас , які адразу ж узбадзёрыў . Жыццё пачало рабіцца крыху весялейшае . І нібы адчынілася ў галаве нейкая заслонка – прыгадаўся ўчарашні вечар у карчме “ Сіняя падкова “ . Лявонцій аж застагнаў . Ён успомніў , як п”яная імгла зацягнула яму вочы , як упаў на рукі Альжбеце і Анэлі , быццам мокры саламяны куль . Што падумалі пра яго прыгожыя чысценькія сястрычкі ? Нават страшна ўявіць ! “ Дзе б я ні быў , трэба неадкладна ўцякаць , бегчы адсюль . Бегчы дадому , да маці , да бацькі , што вярнуўся з палону , - ліхаманкава падумалася яму , - Як я мог забыцца пра бацьку ? “ .

Лявонцій памкнуўся да дзвярэй , але яны раптоўна расчыніліся перад самым ягоным носам . На парозе вырас высакарослы шчыгульны лёкай у жупане з дарагога чырвонага аксаміту з каўняром-стойкай . Жупан зашпільваўся залачонымі гузікамі і быў падперазаны жоўтым калматым пасам . Лёкай у правай руцэ трымаў медны нямецкі рукамый , у левай – вышываны дзівоснымі рознакаляровымі кветкамі рушнік .

- Пане пісар , - сказаў урачыстым высокім голасам прыгожы і яркі , як певень , лёкай , - Патрэбна асвяжыць пасля сну ваш твар і вашыя рукі . А потым вашамосць запрошаны ў вялікую залу на сняданак да паненак і да пана Антонія .

Дык вось яно што ! Начная бяспамятная дарога завяла яго , Лявонція Кукарэцкага ,

туды , дзе жывуць Альжбэта з Анэляю , у самае , можна сказаць , іхняе гняздзечка . Лявонцій адчуў , як усхвалявана і горача затахкала сэрца .

Альжбета і Анэля , апранутыя ў доўгія блакітныя сукенкі-летнікі з рукавамі да локця , са скуранымі вяночкамі-чолкамі на русых галовах і зіхоткімі звонкімі маністамі на белых пяшчотных шыях , сустрэлі з”яўленне Лявонція з бурнай радасцю . Яны паўсхопліваліся са сваіх мяккіх невысокіх крэселцаў , падбеглі да ўшчэнт разгубленага езуіціка , дапытліва і спачувальна зазіраючы яму проста ў вочы , зашчабяталі :

- Як спалі , пане паэт ? Як пачуваецеся пасля сну ?

І столькі пяшчоты , столькі цёплай дабрыні было ў мілагучных галасках , што Кукарэцкі аж пахіснуўся . Ніколі і ніхто ў жыцці , можа , апрача маці , так не цікавіўся ягоным здароўем , так не хваляваўся і не перажываў за яго .

- Нічога . З Божай дапамогаю , мілыя паненкі - залепятаў Лявонцій .

Заўважыўшы за сталом Антона Даніловіча-Гоцкага , пакланіўся яму , сказаў упалым голасам і яму :

- Нічога . З Божай дапамогаю , пане .

- А ўчора пан пісарчук быў больш жвавы і больш гаварлівы , - гучна з прыхлёбам засмяяўся Даніловіч-Гоцкі , - Пэўна , учора пана пісарчука падтрымлівалі пад белыя рукі німфы і музы . Ці не так ? Але мы зараз зноў запросім да пана пісарчука гэтых крылатых і натхнёных госцяў . Адась ! – крыкнуў-загадаў ён прыгажуну лёкаю , - Поўны келіх крамбамбулі на мёдзе і на чырвоным перцы пану пісарчуку ! Паўнюткі келіх !

Лявонцій пад вясёлымі позіркамі ўсіх прысутных да дна асушыў срэбны келіх і адчуў , як ажыла , звонка запульсавала па жылах кроў , як пасвятлеў ранак і ўвесь навакольны свет , як папрыгажэла жыццё .

- Васпан п”е , як сапраўдны ліцвін , - пахваліў яго Антон Даніловіч-Гоцкі , - бо ліцвіны п”юць не для таго , каб чмякнуцца мордай у гразь , а для таго , каб душою ўзвіцца ў неба .

Вось так п”ем мы , каранёвая ліцвінская шляхта !

Ён адразу ж прадэманстраваў , як п”е гэтая самая шляхта , хвацка кульнуўшы поўную гранёную чарку крамбамбулі . Шумна выдыхнуў : “ Гух !!! “ і ўкінуў у рот ладны кавалак паляндвіцы . Потым , жуючы паляндвіцу , сказаў :

- Пана , здаецца , завуць Лявонціем ?

Атрымаўшы станоўчы адказ , паклаў свае цяжкія рукі на пяшчотна-безабаронныя плечукі дзяўчатак :

- Вось гэта мае пляменніцы – Альжбэта і Анэля . Блізняткі . Альжбета , так заўгодна было Пану Богу , нарадзілася першая . Я іх люблю аднолькава моцна . Іхні бацька , мой брат Міхал Даніловіч-Гоцкі , загінуў у 1602 годзе пад Рыгаю ад шведскай кулі . Маці памерла , нараджаючы гэтых прыгажунек на белы свет . Сёння я ім і маці , і бацька , і апякун да самага іхняга паўналецця .

Дзяўчаткі слухалі дзядзькавы словы вельмі ўважліва . Хмурынка набегла на чыстыя юныя твары , калі ён прыпомніў пра смерць іхніх бацькоў . Але жыццё так і віравала ў яшчэ нічым незамутненых душах гэтых іскрыстых і трапятлівых , як ранішнія сонечныя праменьчыкі , істотаў . Яны прыязна пазіралі на Лявонція , усміхаліся яму , часам нешта шэпчучы адна адной .

- Пан Лявонцій , ці ўмееш ты біцца шабляю і сядзець на войскім кані ? – раптам спытаў Даніловіч-Гоцкі .

Пытанне было нечаканае , ды Лявонцій адказаў на яго без сумневу :

- Як кожны прыроджаны шляхціц , я валодаю шабляй і сяджу ў сядле .

Тут ён трошкі схібіў душою , бо не быў дужа вялікім хватам у такіх справах – у езуіцкай калегіі яго апошнім часам займала зусім іншае , хоць бацька з самага малалецтва прывучаў да зброі і да каня . Але перад прамяністымі захопленымі позіркамі маладзенькіх прыгажунь лепей было праваліцца скрозь зямлю , чым прызнацца ў нейкай сваёй недасканаласці і слабасці .

- Добра , - ухвальна кіўнуў галавой Антон Даніловіч-Гоцкі , - А зараз вы , Альжбэта з Анэляю , скажыце тое , што хацелі сказаць .

Сёстры перазірнуліся . Першаю ( усё-ткі старэйшая ! ) загаварыла Альжбэта :

- Пане Лявонцій , сёння наша Гаспадарства ваюе са шведамі . Шведы забілі нашага любімага дарагога бацьку . Калі б мы былі мужчынамі , мы б ускочылі ў сядло , узялі дзіды і шаблі і паімчаліся ў Інфлянты , туды , дзе бушуе вайна . Але Пан Бог нарадзіў нас жанчынамі , і мы , жывучы ў Нясвіжы , толькі штодзённа молімся за перамогу нашых слаўных рыцараў . Пане Лявонцій , пане паэт , шчыра просім – стань нашым Рыцарам , адпомсці за кроў бацькі нашага , каб на тым свеце ён спаў спакойна .

Затым усхвалявана пачала казаць Анэля :

- Пане Лявонцій , у нас з сястрою ёсць грошы . За гэтыя грошы мы можам набыць і каня , і зброю , і ўсё , што неабходна для паходу і вайны . Стань нашым Рыцарам , нашым ваяром , нашым помснікам і абаронцам . Наш дзядзька , пан Антоній , ад”язджае на вайну сам па сабе . Мы ж хочам , каб і наш конь і наш меч ішлі ў паход супраць ворага .

Лявонцій Кукарэцкі адчуў , як затрапятала ў грудзях сэрца . Аж балюча зрабілася сэрцу . Прапанова была дужа нечаканаю , але хіба можна было пасля такіх словаў і пасля такіх просьбаў , што прамаўлялі пяшчотныя вусны , вагацца хоць імгненне ?

Ён апусціўся на левае калена , пацалаваў трапятлівыя дзявочыя рукі , усклікнуў :

- З гэтага часу і да свайго скону я – Рыцар дзвюх цудоўных дамаў ! Ваша слова для мяне – закон , і я , Лявонцій Кукарэцкі , іду на вайну ў Інфлянты !

Позіркі , якімі ўзнагародзілі яго Альжбэта і Анэля , вельмі рэдка бачыў хто з мужчынаў . Такія позіркі , нібы зоркі і нібы маланкі , нараджаюцца на нябёсах , там , дзе на залатым вечным троне сядзіць Пан Бог .

Антон Даніловіч-Гоцкі , разам з пляменніцамі і Лявонціем Кукарэцкім адразу ж заняўся купляю каня і ўсёй неабходнай амуніцыі . Як заўсёды , не абыйшлося без ягонага добрага сябрука Самуіла Рабіновіча з карчмы “ Сіняя падкова “ , і неўзабаве Лявонцій ужо сядзеў на кані з шабляю пры поясе і з дзідаю ў руцэ і мог выпраўляцца ў паход . І тут ён успомніў пра свайго бацьку , што вярнуўся з татарскага палону . Вядома ж , ён ніколі не забываў пра бацьку , ды апошнія нечаканыя падзеі як бы засланілі сабою яго . І вось зноў усплыў у сынавым сэрцы родны твар .

- З”езджу дадому , убачуся з бацькам і адразу ж вярнуся ў Нясвіж , - сказаў Лявонцій Кукарэцкі Даніловічу-Гоцкаму і сястрычкам-блізняткам . Тыя ж , вядома , пагадзіліся , перадалі праз яго свае палкія віншаванні пану Льву Кукарэцкаму са шчаслівым выбаўленнем з басурманскай няволі , пажадалі сто лят жыцця .

Бацька быў змарнелы , увесь нейкі ссохлы і дужа загарэлы , аж абпалены злым крымскім сонцам . Але вочы натхнёна свяціліся , як іскрыстыя сінія вугалі . Убачыўшы свайго адзінага сына на войскім кані і ў поўным узбраенні , ён ні кропелькі не здзівіўся , а моцна-моцна абняў і пацалаваў яго . Потым ухвальна ківаючы галавою , радасна сказаў жонцы :

- Бачыш , пані Макрына , якога рыцара ўзгадавалі мы з табою . Хіба месца ягонае ў езуіцкай малельні пад чорным , як ноч , капюшонам ? Не . Толькі ў сядле . Толькі на кані і з шабляю ў руцэ . Ён жа патомны каранёвы шляхціц-ліцвін , а месца шляхціца там , дзе ваююць за Княства . Малайчына , сын . Я б і сам пайшоў у Інфлянты , пайшоў нават простым драбам , ды надламалася сіла мая на татарскіх вінаградніках пад балючай плёткай і пякучым сонцам . Найвялікшы дзякуй яго мосці слаўнаму каралю Жыгімонту , што не кінуў нас , паланёных , у жахлівым татарскім рабстве , а за свае грошы адкупіў у стэпавых людаловаў і вярнуў у родныя сядзібы .

Даведаўшыся пра сынава рашэнне кінуць езуіцкую калегію і рушыць на вайну , блаславіў Лявонція , трымаючы над ім абраз святога Станіслава . Праўда , пані Макрына пярэчыла , але пярэчыла ціха , няўпэўнена , абліваючыся светлымі мацярынскімі слязамі . Ды ў Кукарэцкіх , як , дарэчы , і ва ўсіх іхніх суседзяў , верхаводзіў у сям”і ( так ужо спрадвеку павялося ) мужчына .

Узрушаны і шчаслівы , вяртаўся Лявонцій Кукарэцкі ў Нясвіж . У яго пачыналася новае жыццё , і ён быў рады гэтаму яшчэ невядомаму , але надта доўгачаканаму жыццю . Толькі ў маладосці гасцюе ў чалавечай душы такая агністая радасць .

У горадзе пакіраваўся да двара Антона Даніловіча-Гоцкага , расказаў таму пра сваю паездку , пра бацькава блаславенне . Шляхціц , адчувалася , быў вельмі задаволены . Загадаў паставіць ягонага каня побач са сваім , насыпаць меру аўсу і наліць вады . Лявонцію ж да заўтрашняга дня , дня выправы ў паход , зноў далі той жа самы пакой . Ён зморана сеў на канапку , заплюшчыў вочы . Адразу ж убачыўся матчын твар , спакутаваны , усхваляваны , родны , дарагі кожнай сваёй рысаю . Успомніліся ейныя слёзы . Толькі зараз ён зразумеў які боль прычыніў ёй , і яму захацелася заплакаць . Ды Лявонцій перасіліў сябе , пракаўтнуў даўкі камяк у горле . Сядзеў бязгучна і нерухома , як выараны з зямлі валун .

Затым душой зноў завалодалі Альжбэта і Анэля . Дзе яны ? Чым займаюцца ? Ці думаюць пра яго ? Навошта Бог перакрыжаваў ягоную дарогу з іхняю ? Нейкая недарэчнасць – адначасова кахаць абедзьвюх , але ён нічога не можа зрабіць з сабою і сваім сэрцам .

У пакой тым часам увайшоў прыгажун лёкай , моўчкі аддаў Лявонцію нейкую цыдулку , моўчкі знік за дзвярыма . Кукарэцкі разгарнуў паперчыну . Роўным прыгожым почыркам на ёй было напісана :

ЫНІЗДНУ ЯЛАК МЕАКАЧ АЛОК АГАНОВРЫЧ ТАРБ ЫЛЕБ ЕВЫЛПСУ КЯ

Што гэта ? Што хочуць сказаць незразумелыя дзіўныя словы ? Лявонцій круціў у руках таямнічую паперчыну . Трэба было б распытаць лёкая , ды таго ўжо й след прастыў . Не пабяжыш жа за ім па чужым доме і чужым двары .

Ясна адно – гэта тайнапіс . І , пэўна ж , пасланне ад Альжбэты і Анэлі , бо хто , акрамя прыгожых вясёлых сястрычак , можа цікавіцца ім , Лявонціем Кукарэцкім ? Але як прачытаць галаваломку ?

Раптам трывожная халодная здагадка драпнула вострай іголкаю душу – ці не прыклалі тут сваю руку езуіты ? Яны найвялікшыя мудрагелі ў такіх справах . Не хацелася б яму зноў напаткаць іх . Адступнікаў-адшчапенцаў яны не шкадуюць , хоць усюды гавораць , што дзверы для выхаду з Ордэну адчынены для кожнага .

У глыбокім одуме сядзеў Лявонцій , так і гэтак узіраючыся ў паперчыну . І ўрэшце рэшт расшыфраваў пасланне – дакумекаў , што ўсё трэба чытаць наадварот . Вось што было напісана на паперчыне :

ЯК УСПЛЫВЕ БЕЛЫ БРАТ ЧЫРВОНАГА КОЛА ЧАКАЕМ КАЛЯ УНДЗІНЫ

Хто такі белы брат , які павінен усплыць ? Што такое чырвонае кола ? Ясна , што гэта месяц і сонца . Ундзіна ж – гэта фантан у новым радзівілаўскім парку . Значыць , яго , Лявонція Кукарэцкага , чакаюць сёння ўвечары каля фантану .

З хваляваннем чакаў ён вечаровай імглы . Нарэшце сонца пачало хавацца за густыя навакольныя лясы , а белы чоўнік месяцу паплыў па сінім нябесным моры . І Лявонцій пайшоў да Ундзіны – бронзавай русалкі , якая сядзела на агромністым валуне , трымаючы ў руках бронзавы вянок . Срэбны бурлівы ручаёк выбіваўся з-пад цёмнага валуна , абмываючы русалчын хвост . Плеск вады быў бадай адзіным жывым гукам паміж густой цішыні , якая аж звінела ў залітым фасфарычным месячным святлом парку . У такой цішыні і пад такім святлом уваскрасаюць , набываюць плоць самыя запаветныя і таемныя чалавечыя мроі .

Альжбэта з Анэляю ўжо чакалі Лявонція . Былі яны ў белых доўгіх сукенках , з белымі рамонкавымі вянкамі на русых галовах . Здавалася , што гэта таксама ундзіны , якія ажылі пад халоднымі месячнымі промнямі і хочуць , каб ажыла іхняя сяброўка , клічуць прыспешваюць яе . Але яна маўкліва сядзіць на камені , слухае перазвон ручая . Ёй добра . Ёй не хочацца ажываць .

- Пан паэт едзе заўтра на вайну , - ціха сказала Альжбэта .

- На вайну , - як рэха , паўтарыла Анэля .

- Няхай абмінуць пана паэта куля і гарматнае ядро , шабля і дзіда , крывавая гарачая рана і халодная смерць , - разам сказалі яны .

Потым ціха апусціліся на калені , пачалі маліцца :

- Марыя , прыгожа панна , Маці Збаўцы і наша Маці , зберажы гэтага чалавека на суровых зямных дарогах , заслані яго , як шчытом , сваёй невымернай любоўю , вярні цэлым і здаровым туды , дзе яго чакаюць . Амэн .

Лявонція скаланула і амаль да слёз расчуліла гэтая малітва . Ён стаў на калені побач з дзяўчаткамі , паклаў рукі ім на плечы . Звінела вада . Плыў над паркам месяц . Па імгненнях , па кропельках плыло жыццё .

Пасля прамоўленай малітвы Альжбэта і Анэля адразу ж павесялелі , пажвавелі , пачалі гарэзнічаць . Бегалі вакол фантану , зачэрпвалі далонькамі ваду , пырскалі адна на адну і на Лявонція . Нейкі няўтрымны шал накінуўся на дзяўчатак . Нарэшце задыхаліся , спыніліся , і Альжбэта сказала :

- Толькі , баронь Бог , не трапляйце , пан паэт , у палон . У палоне цяжка . Ваш жа бацька так напакутваўся .

І тут Лявонцій з вялікім запалам прачытаў верш :

Пад месяцам белым ,

Пад сонцам чырвоным

Хачу назаўсёды

Быць вашым палонным .

Сястрычкі сустрэлі верш з захапленнем . І Анэля ўсклікнула :

- Давайце , як у французкім рамане , паклянемся ў нашай вернасці ўласнай крывёю !

У яе ў руцэ раптам з”явіўся ( пэўна ж , усё гэта было загадзя абдумана і падрыхтавана ) малюсенькі кінжальчык . Яна лёгенька кальнула вастрыём сабе ў руку вышэй локця . Тое ж самае зрабіла Альжбэта . Затым аддалі кінжальчык Лявонцію .

- Вас – дзве , я – адзін , - сказаў ён і ўкалоў сам сябе ў дзве рукі .

Пацалавалі вастрыё , перахрысціліся . Рыцарскі рытуал усхваляваў усіх . Усе адчулі , што гэта не вясёленькі жарт , а нешта значна глыбейшае і сур”ёзнейшае . Колькі імгненняў маўчалі , прыслухоўваючыся да сваіх устрывожаных сэрцаў .

З найвялікшай тугою Лявонцій раптам зразумеў , што не дасць плёну вось гэтае ягонае каханне-захапленне дзвюмя прыгожымі дзяўчаткамі . Ён , як паэт , хацеў бы адразу кахаць усіх жанчын , усіх , якія жывуць , усміхаюцца сонцу на зямлі . Але ж гэта немагчыма . Ён – хрысціянін , і толькі адна з іх ( усяго адна ! ) прыхіліць некалі сваю галоўку да ягонага пляча . Гэта Магамет у “Каране “ дазваляе таму , хто паверыў у ягонае прароцтва , мець чатырох жонак . Сумна зрабілася Лявонцію ад такой думкі .

Пэўна , нешта падобнае хвалявала і сястрычак , бо Анэля , зірнуўшы на паэта прамяністымі закаханымі вачамі , прапанавала :

- Давай кінем жэрабя , і тая , якой пашанцуе , будзе сустракацца з панам паэтам , калі ён вернецца з вайны .

Альжбета здзівілася і , вядома ж , не пагадзілася . Яны заспрачаліся , можа , упершыню ў сваім жыцці . Яны стаялі адна насупраць адной , аблітыя трывожным месячным святлом , і прамаўлялі балючыя крыўдлівыя словы . Яны ўжо былі не сёстрамі . Яны былі проста жанчынамі , кожная са сваёй надзеяй на зямное шчасце . Разгублены Лявонцій Кукарэцкі слухаў і не ведаў , што рабіць .

Ах , юнае пяшчотнае дзявочае сэрцайка ! Ты не жадаеш дзяліць каханага мужчыну напалам . Ты хочаш , каб ён належыў толькі табе , толькі табе .

 

Колькасць прачытаўшых: 367
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007