Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел дванаццаты

XII

Прыкладна ў гэты ж самы час яшчэ адна жаночая душа трапятліва шукала выйсце з заблытанага жыццёвага лабірынту . Эльвіра Скаблінская , залатавалосая смуглявая шляхцяначка з маёнтку Прасвіры , што згубіўся ў лясіста-балотным абшары недзе паўднёвей Нясвіжу , думала толькі пра Вітаўта Гарткевіча , бачыла ў рамантычных светлых снах толькі яго . Ёй споўнілася ўжо дваццаць пяць гадоў . Ужо гурма дзетак павінна была бегаць-поўзаць вакол яе , але здрадлівы і няўдалы лёс павярнуўся так , што ейны жаніх , якому пан Ігнацы Скаблінскі прылюдна абяцаў доччыну руку , паехаў па службовых справах у Прусы і знік , як скрозь зямлю праваліўся . Можа , забілі па дарозе . Можа , іншая жанчына перахапіла-перавабіла . Для ўсякага жывога чалавека расстаўляе шатан па бяжмежным свеце свае пасткі , і паспрабуй уратавацца ад гэтых злых нечаканых пастак , што падпільноўваюць цябе амаль на кожным кроку . Тры гады чакалі з Прусаў жаніха , а няўмольны час цёк ды цёк .

Асаблівую вастрыню і гаркоту дадавала ў жыццёвую калізію тое , што малодшая Эльвірына сястра Канстанцыя , на агульную думку , менш прыгожая і менш прыкметная , паспела шчасліва выйсці замуж і нарадзіць здаровае дзіцятка . А ёй жа зычылі ці сядзець у дзеўках-векавухах , ці падціраць соплі мужу-дзеду . І вось як усё неспадзявана перамянілася . І ўжо чула Эльвіра ў сябе за спіною , як зняважліва , дужа не тоячыся , гаворыць пра яе малодшая сястра : “ Перастарак “ .

Заставалася адно – ісці ў жаночы кляштар бенедыкдзінак , які заснавала ў Нясвіжы жонка Мікалая Крыштофа Радзівіла Яўфімія , бо аддаваць сваю маладосць і пекнасць якому-небудзь стогадоваму напоўзвар”яцеламу выкапню Эльвіра не жадала . І тут яна сустрэла Вітаўта Гарткевіча . Сустрэла на імшы ў нясвіжскім фарным касцёле . Шчырыя малітвы Пану Богу не перашкодзілі ім абмяняцца імгненнымі палкімі позіркамі , ад якіх затрымцелі сэрцы . Эльвіра адразу зразумела – вось ейны апошні шанец , вось той човен , які , калі не спалохацца , калі паверыць-аддацца яму , вывезе яе ў прасторнае жыццёвае мора , дзе ўтульна душы і целу .

Але пан Ігнацы Скаблінскі ўжо падшукаў ёй , як ён лічыў , сваёй няўдаліцы-дачцы , яшчэ аднога жаніха – былога суддзю-падкаморыя старога сівога , як лунь , Язэпа Кушлейку . Гэты Кушлейка дапамог яму калісьці ў зямельнай памежнай спрэчцы з суседзямі . На іранічныя словы Эльвіры аб узросце і знешнасці будучага мужа пан Ігнацы адказаў :

- Няважна якога колеру карова – яна доіцца белым малаком .

І тады Эльвіра вырашыла дзейнічаць , прычым , дзейнічаць хутка і беспаваротна . Пераканаўшыся , што Вітаўт Гарткевіч кахае яе і жадае мець за жонку , яна ўцякла ад суровага няўступчывага бацькі . Забрала з сабою старадаўні абразок Маці Божай , усе свае дзявочыя ўпрыгожанні , наследнае золата маці-нябожчыцы , ладныя хатулі сукенак , спадніцаў , кашуляў і саянаў і , загадзя дамовіўшыся праз верную дворную дзеўку з Вітаўтам , цёмным вятрыстым вечарам пачала чакаць яго ў альтанцы пад шумнай амаль стогадовай ліпаю .

Яна амаль не хвалявалася і не адчувала ніякай віны перад бацькам . Яна бараніла сваё шчасце і , як магла , набліжала яго . У Вялікім Княстве Літоўскім , як і ва ўсёй Рэчы Паспалітай , жанчына на той час усё часцей пачала выходзіць з душных цьмяных пакояў , пакойчыкаў і кухняў на залітую яркім святлом авансцэну жыцця , дзе да гэтага ўладарнічалі адны мужчыны . Няхай такое надаралася яшчэ толькі ў Вільні і Кракаве , між радавітай магнатэрыі і прыдворных , але паступова гэты зваблівы свежы вецер усё больш імкліва залётваў у аддаленыя маёнткі і маёнтачкі , туды , дзе на прадзедаўскай зямлі спрадвеку сядзела каранёвая шляхта . У жанчыне раптам убачылі тое , чым можна ганарыцца , захапляцца , што патрэбна абагаўляць . Залаты і срэбны дождж упрыгожанняў паліўся на гэтых антычных багіняў , якія велічна і грацыёзна выплылі з невядомасці , з глухой і сляпой цемры , каб ускружыць галовы і ўсхваляваць чэрствыя сэрцы .

Эльвіра Скаблінская , як і кожная прыгожая жанчына , адчувала сваю сілу і непаўторнасць . І яна не хацела , каб побач з ёю валачыўся па жыцці які-небудзь атупелы напоўжывы недарэка . Начытаўшыся рыцарскіх раманаў і раманаў пра каханне , яна марыла дзяліць сваё жыццё і сваё сямейнае ложа з Рыцарам . Такім Рыцарам з некаторага часу быў для яе , вядома ж , Вітаўт Гарткевіч . Моцны . Прыгожы . Рашучы . Разумны . Няхай ён удавец , няхай мае маленькую дочачку , але толькі з ім яна будзе пачуваць сябе шчасліваю .

Сябе Эльвіра лічыла моцнаю здатнаю на не абы якія ўчынкі і дамаю , і амазонкаю . Яна ўмела і чароўна ўсміхнуцца , павёўшы белым аголеным плечуком , і ўзяць , калі трэба , душу сваю ў кулак . І зусім невыпадкова яна добра ведала не толькі пра францужанку Жанну д”Арк , але й пра віленскую паненку Сафію Доўгую , якая яшчэ ў 1547 годзе падчас рыцарскага турніру зладжанага каралём Жыгімонтам Аўгустам апранула баявыя даспехі і адважна змагалася супраць шляхціцаў Гербута і Лашча .

Вітаўт Гарткевіч , як і дамаўляліся , прыехаў за ёю з Нясвіжу . Бясшумна вынырнуў з вечаровай густой цемры на сваім кані Самуме . Да сядла на повадзе быў прытарочаны яшчэ адзін конь .

Вітаўт абняў , прытуліў Эльвіру , моцна пацалаваў . З усёй жарсцю яна адказала на гэты пацалунак . Колькі імгненняў стаялі , нібы зліўшыся ў адну істоту . Шумела над галовамі старая цёмная ліпа . Надзея чулася ў нямоўчным шматслойным шуме .

Пачалі грузіць хатулі на коней . Дапамагала дворная дзеўка і яна ж была за вартоўцу – насцярожана круціла галавой туды сюды , нават прынюхвалася . Раптам дзеўка гэтая ірванулася ад Вітаўта з Эльвірай у цемру , прарэзліва закрычала :

- Пане Ігнацы ! Пане Ігнацы ! Уцякаюць !

- Вось лярва ! – вылаяўся і сплюнуў Вітаўт . Дзеўка аказалася здрадцаю .

Адразу ж засвяціліся на двары маёнтку паходні , загучалі ўзбуджаныя людскія галасы , ярасна забрахалі сабакі , пачуўся цяжкі гудлівы тупат мноства ног . Беглі сюды , пад ліпу .

Гарткевіч моўчкі ўзвёў пісталет , стрэліў . Нехта ў цемры роспачна заенчыў , клубком пакаціўшыся па зямлі .

- Дай і мне пісталет , калі ў цябе ёсць яшчэ адзін , - суровым голасам прамовіла Эльвіра .

Вітаўт , выцягнуўшы з-за поясу , паклаў ёй у руку пісталет . Яна стрэліла , і зноў нехта непадалёку застагнаў-заскуголіў .

- На каня ! – крыкнуў Гарткевіч . Ён узляцеў у сядло . Эльвіра хуценька села спераду , учапіўшыся рукамі ў каляную конскую грыву .

У апошні міг за стрэмя ўхапіўся адзін з людзей пана Скаблінскага , ды Вітаўт адкінуў яго прэч – моцна размашыста ўдарыў нагой у твар . Падаспелі іншыя нападнікі , цэлы натоўп . Але два кані і два чалавекі здолелі вырвацца з гэтай жахлівай пасткі . Па бездаражы , праз густую трывожную цемру паімчаўся Вітаўт Гарткевіч са сваёй каханаю ў Нясвіж толькі вецер свістаў увушшу .

За Слуцкай брамай на беразе Ушы нядаўна было забудавана вялікімі камяніцамі і маленькімі дамкамі Новае места . У адным з такіх дамкоў жыла Вітаўтава дваюродная цётка пані Караліна Крышылоўская , вясёлая рухавая бабулька сямідзесяці гадоў з блакітнымі зіхоткімі вачамі і носам-бульбінкай . Ёйны муж згарэў на пажары , сваіх дзяцей у яе не было , і яна ўгаварыла Вітаўта прывезці ў Нясвіж сваю трынаццацігадовую дачку Ванду . Прыкіпела душою да сірацінкі-дзяўчынкі пані Караліна , і была яна ёй замест дачкі .

І вось прыехаў познім вечарам , загрукацеў у дзверы Вітаўт .

- Хто там ? – запаліўшы свечку , прыкрываючы яе рукою , ціхім голасам спытала пані Крышылоўская . Ванда ўжо спала , і бабульцы не хацелася яе разбудзіць .

- Адчыні . Гэта я – Вітаўт , - даляцела зпанадворку .

Пані Караліна адсунула з дзвярэй завалу – тоўсты металічны прэнт , упусціла позніх гасцей . Разам з імі ў невялічкі пакой увайшлі вецер і трывога . Кружочак ад полымя свечкі спалохана затрапятаў-залётаў па сценах , на якіх віселі сплеценыя Вандаю з васількоў і рамонкаў вянкі , па падлозе засцеленай даматканымі каляровымі ходнікамі , і нарэшце спыніўся на твары ў Эльвіры . Папярэджваючы непазбежнае цётчына пытанне , Вітаўт Гарткевіч бадзёрым вясёлым голасам сказаў :

- Гэта мая новая жонка . Панна Эльвіра Скаблінская . Прашу шанаваць , віном і хлебам частаваць .

- Віно і хлеб знойдуцца . Абы каханне і згода ў сужэнстве былі , - суха прамовіла пані Караліна , - Хіба прывозяць жонак з начных дарог ? Ясным днём , у касцёле Божым перад людзьмі і перад Панам Богам малжонку за белую руку бяруць і ў сваю гасподу вядуць .

Было відно , што бабулька не вельмі ўзрадавалася навіне . Яна паглядзела ўбок ложка , дзе спала Ванда . Дзяўчынка заварочалася , нешта млява замармытала , пэўна ж , бачыліся ёй не дужа салодкія сны .

Ды Эльвіру Скаблінскую не засмуціў такі няласкавы тон і голас старой пані Крышылоўскай . У Эльвіры ўладна і адважна загаварыла амазонка , Толькі што гэтая самая амазонка вырвалася нарэшце на волю з путаў і цянётаў , і не жадала зноў вяртацца са святла , што ярка азарыла ейную душу , назад у цемру .

- Усё будзе , вельмішаноўная пані . І касцёл . І святая клятва перад лікам Божым , - спакойна і ўпэўнена сказала Эльвіра , - Не бойцеся . Ваш любімы пляменнік будзе шчаслівы са мной .

Нават Вітаўт злёгку ўздрыгнуў ад такіх слоў , пранікліва паглядзеў на каханую . А яна ўсміхалася , шчыра і светла .

Пані Караліна , уваткнуўшы ў медны кандэлябр свечку , сабрала стол – віно , хлеб , студзень , смажаную ялавічыну з рэдзькай . Узнялі келіхі за ўсё найлепшае .

Уначы , калі ўжо ляжалі ў суседнім пакойчыку , Эльвіра страсна і ненасытна прыгарнулася да Вітаўта , пачала прагна цалаваць яго , шаптаць у самае вуха :

- Радасць мая . Рыцар мой . Нарэшце ты знайшоў мяне , прыйшоў да мяне . З любоўю аддаю табе сваю дзявоцкую цноту . Навекі буду тваёй .

Яны спляліся салодкімі вуснамі і гарачымі наструненымі целамі . Яны адначасова былі на зямлі і на нябёсах . Гэта было іхняе імгненне . Гэта была іхняя ноч . Невядома , што будзе , што чакае наперадзе , якія неспадзяванкі рыхтуе жыццё , але вось зараз ім было вельмі-вельмі добра . Зараз , кахаючыся , зліваючыся ў адно цэлае , яны размаўлялі з вечнасцю . Яны плылі па светлай сонечнай рацэ імя якой – шчасце , а за сцяною глядзела ў змрок , усё чула , не спала , шаптала бясконцыя малітвы старая пані Караліна .

Раніцой Ванда радасна абшчаперыла бацькаву шыю , пацалавала яго , спытала , маючы на ўвазе Эльвіру :

- А што гэта за пані гасцюе ў нас ?

- Ты ўжо вялікая дзяўчынка , Ванда , - адказаў , злёгку хвалюючыся , Вітаўт Гарткевіч , - Наша маці памерла . Мы з табой вельмі любілі яе . Але яна памерла . Так было заўгодна Богу . Гэтая пані , пані Эльвіра , згадзілася быць маёй жонкай . Кожны мужчына павінен мець жонку . Я думаю , ты зразумееш мяне , дачка .

Ванда ўважліва паглядзела на Эльвіру , прыкусіла губу , наматала на палец пасму сваіх русых валасоў , уздыхнула . І не прамовіла болей ні слова .

- Адзін серп траву жаць , другі пшанічаньку рэзаць , - сказала раптам пані Караліна , прытуліўшы да сябе Ванду . Аб чым яна хацела нагадаць , ад чаго засцерагчы ? Так ніхто і не даўмеўся што хавалася ў гэтых словах . Усе толькі моўчкі зірнулі адно на аднога . На тым і скончылася гаворка .

А праз дзень , калі Вітаўт з Эльвіраю пайшлі ў горад , на люднай нясвіжскай вуліцы Гарткевіча арыштаваў возны з памочнікамі і трыма панятымі . Не дужа цырымонячыся , схапілі за плечы , хацелі весці ў ратушу .

- Ён ? – спытаў рыжавусы возны ў панятога , васпаватага бледнатварага шляхцюка з перавязанай шчакой .

- Ён , - кіўнуў галавой шляхцюк , - Ён учыніў напад на маёнтак пана Скаблінскага . І ён жа ўдарыў мяне нагою ў твар .

Вітаўт рэзка варухнуў плячамі , скінуў з іх чэпкія рукі памочнікаў вознага , закрычаў :

- Што за гвалт ?! Як вы пасмелі ?!

Закрычала і Эльвіра :

- Прэч , хамы !

Вознага гэта ніколькі не збянтэжыла . Ён разгладзіў вусы , упёрся рукамі ўбокі , урачыста абвясціў , смакуючы кожнае слова :

- Статут Вялікага Княства Літоўскага . Раздзел адзінаццаты а гвалцех , а боях , а галаўшчызнах шляхецкіх . Артыкул трынаццаты а гвалтоўнае ўзяцце ў малжэнства

дзеўкі , удавы і кождае нявесты . Уставуем : хто бы без волі айца , маткі і стрыеў або іншых блізкіх , будзь тэж апекуноў , на яком колвек месцу ўзяў каго з тых персон , вышэй мянёных , гвалтам , мянуючы , іжбы яму ў малжэнства пашлюбіла , а то бы прышло перад нас , гаспадара , або перад каторы ўрад наш . Тагды такавая персона маець первы ўзята быці да секвестру таго ўраду , перад каторы се то прыточыць , і маець быці дана да расправы на хаванне на такавое месца , гдзе бы водлуг стану сваего пры белых галовах учціве хована была .І гды се покажэць справа , жэ яко прыяцелей крэўных або апекуноў так тэж і яе самое на пазвалення не было , тагды тот , хто се таго важыл , маець горлам каран быці .

Возны змоўк . Вочы ягоныя натхнёна блішчэлі . У які ўжо раз ён прылюдна засведчыў , што напамяць ведае ўвесь Статут !

Але Эльвіра не дазволіла яму доўга самалюбавацца . Яна сказала з усёй рашучасцю :

- Ніякага гвалтоўнага ўзяцця не было . Я самахоць , па сваёй уласнай волі паехала з бацькоўскага дому з гэтым панам .

Прамовіўшы такое , Эльвіра пацалавала Вітаўта Гарткевіча ў вусны . Гэта ўразіла і памочнікаў вознага і панятых . Яны разгублена пазіралі на свайго грознага водцу , які , зноў разгладзіўшы рыжыя вусы , загадаў :

- Вядзіце да ратушы . Там разбярэмся .

І ў гэты час прагучалі рэзкія ўладныя словы :

- Пан возны , адпусціце гэтага чалавека . Гэты чалавек – мой .

Усе ўздрыгнулі . Падалося – гром скалануў ясную бязвоблачную раніцу . Усе скіравалі позіркі на таго , хто асмеліўся пярэчыць вознаму .

Гэта быў вершнік апрануты ў поўны баявы даспех з аголенай шабляю ў руцэ . Ён ( нават у сядле бачылася ) быў высакарослы , з доўгімі светлымі валасамі , што хваляю апускаліся на шырокія плечы , з цёмнымі брывамі і вусамі , з сінімі пранізлівымі вачамі . Разам з ім на нясвіжскай вуліцы гарцавала яшчэ дзесяць-пятнаццаць вершнікаў . Ягоны конь рыў капытом зямлю , нервова нахіляў галаву і трос доўгай чорнай грывай .

- На гэтым пане кроў , - цвёрдым бязлітасным голасам сказаў возны , вельмі здзіўлены тым , што яму перашкаджаюць рабіць звычную справу , - Ён параніў двух слуг пана Скаблінскага .

- Гэты чалавек – мой , - вёў сваё невядомы . Ён кіўнуў вершнікам . Некалькі іх саскочылі з коней , адцяснілі ад Вітаўта Гарткевіча людзей вознага , пасадзілі Вітаўта ў сядло .

- Што за глум ?! – пачырванеўшы , закрычаў возны , - Як ты асмельваешся ісці супраць законаў Гаспадарства ?! Лішняя галава на плячах ?! Ты хто ?!

- Я – Лісоўскі , - спакойна адказаў таямнічы вершнік , - Воляю караля Жыгімонта і воляю князя Радзівіла я вяду почат на вайну ў Інфлянты . І гэтага чалавека я забіраю з сабой . Калі трэба будзе , ён уласнай крывёю сплоціць усе свае правіны . Калі таго пажадае Пан Бог , ён пакладзе галаву за Гаспадарства .

- Але ты , пане Лісоўскі , не можаш збіраць у свой почат першых сустрэчных тацяў і галаўнікоў , - горача запярэчыў возны .

- Я бяру да сябе адважных , - усміхнуўся Аляксандр Лісоўскі , - А гэты пан , - ён паглядзеў на Вітаўта , што ўжо спрытна ўмасціўся ў сядле , - відно па-ўсяму , не трымціць у час небяспекі , як заечы хвосцік . Такія ваяры мне й патрэбны . З такімі ваярамі мы пакажам шведу і самому д”яблу дзе ракі зімуюць .

- І мяне , і мяне вазьміце , пан Лісоўскі , - вырвалася раптам у Эльвіры . Яна парывіста падбегла да каня , на якім сядзеў Вітаўт , узялася за стрэмя .

Надыйшоў час здзіўляцца самому Аляксандру Лісоўскаму . Ён і сапраўды не надта быў пераборлівы , гуртуючы почат . На княжым радзівілаўскім двары ўбачыў Мацвея Карабу , моцнага шыракаплечага , які паныла шкроб венікам траву , вымятаў смецце ,

адразу ж , з першага позірку , ацаніў ягоную моц і камплекцыю , сказаў :

- Ці не дужа лёгенькую працу знайшоў сабе , хлопча ? Цябе б пагнаць у Вільню горы капаць . Сіла ў табе мядзведзевая варочаецца . Ідзі да мяне . Будзеш добра ваяваць , пуза не хаваць ад варожай кулі і шаблі , станеш шляхціцам .

Вочы ў Карабы ярка заблішчэлі , ажылі , нібы нанова нарадзіліся на свет . Ён шпурнуў убок венік , нізка пакланіўся , сказаў дрыготкім голасам :

- Толькі вазьмі з сабой . Камень і жалеза буду грызці за цябе , васпане .

Але Караба быў мужчына , хоць і хлоп . А тут смела і адначасна ўмольна пазірала на Лісоўскага , прасілася ў почат паненка . Гэта было нешта нязвычнае .

Лісоўскі нахмурыўся :

- Амазонкаю хочаш стаць , паненачка ? Спадніцу абрыдла насіць ?

- Я вырасла ў лясным маёнтачку і шмат што ўмею рабіць , - не адвяла позірк Эльвіра , - Я ўмею варыць , рыхтаваць лекі , зашываць адзенне . Я ўмею супакойваць людзей у цяжкую часіну і чытаць ім святыя малітвы . Я езджу на кані . А гэта , - яна паказала на Вітаўта Гарткевіча , - мой абраннік перад Панам Богам .

Усе сціхлі , чакалі што адкажа Аляксандр Лісоўскі на незвычайную просьбу . Толькі фыркалі коні , ды хмыкаў возны ў рыжыя вусы .

- А што , пане Мастоўскі , - павярнуўся Лісоўскі да аднаго са сваіх спадарожнікаў , - чым мы , ліцвіны , горшыя за французаў альбо грэкаў ? Чаму між нашага народу не можа быць сваёй Жанны д”Арк і сваёй амазонкі ? Ці мы ў ледзяной вадзе нашымі шаноўнымі бацькамі зачыналіся ?

- Мы ў кіпетні зачыналіся , на гарачых пасцелях , - весела засмяяўся Іван Мастоўскі .

- Добра адказаў , - пахваліў яго Аляксандр Лісоўскі , - Радуйся ж , прыгожая паненка . Бяру й цябе ў свой почат . Учынім перапалох шведу . Будзеш пакуль што пры абозе , а там відно будзе . Кажаш ты , што шмат чаго ўмееш рабіць . Гэта , вядома ж , ухвальна . Але дай , Божа , усё ўмець , ды не ўсё рабіць .

Ён засмяяўся , і за ім дружна засмяяліся ўсе вершнікі . Усім зрабілася весела . Толькі возны хмурыў , пагрозліва натапырваў бровы , рабіўся то белы , то чырвоны з твару , парывіста дыхаў , але маўчаў , бо разумеў – ягоная сіла нішто ў параўнанні з сілай гэтага незвычайнага чалавека .

У адной з вежаў радзівілаўскага замку Аляксандр Лісоўскі абсталяваў сваю часовую рэзідэнцыю . Туды няспынна сцякаліся з усіх бакоў тыя , хто даведаўся пра паход у Інфлянты і захацеў сам удзельнічаць у гэтым паходзе . Вельмі розны , вельмі цікавы люд трапляўся там .

Прыйшоў стараваты віславусы шляхціц у суконным зашмальцаваным кунтушы , прывёў з сабой на шворцы вялізнага вішнёвай масці сабаку-ваўкадава . Сабака ашчэрваў вострыя жоўтыя іклы , глядзеў , не міргаючы , на людзей такімі ж жоўтымі вачамі , ціхенька , здавалася , лагодна рычаў . Усе абачліва трымаліся падалей ад яго , бо невядома , што наўме ў лютай жывёліны . А раптам цапне за сцягно і вырве кавалак мяса .

- Ці не на ловы сабраўся , васпане ? – пажартаваў Лісоўскі , - Але ж мы на вайну ідзем , а не на ловы .

- А я ведаю , - спакойна сказаў шляхціц , загадаўшы сабаку смірна сядзець каля нагі , - Мы са Шчаслівым Рокам і сабраліся на вайну . Я й рагаціну ўзяў , з якой на мядзведзя ходзяць . Без сабакі нельга на вайне , яснавяльможны пан . Ён усё вынюхае , усё ўчуе , ён папярэдзіць аб небяспецы і , калі трэба , абароніць .

Пры такіх словах сабака ўзняў галаву , паглядзеў на гаспадара , быццам зразумеўшы аб чым той гаворыць . Потым зноў апусціў галаву між вялізных кіпцюрыстых лапаў , застыў . Ды жоўты пранізлівы бляск вачэй не тух . У кожнае імгненне сабака гатоў быў ірвануцца з месца – толькі загадай чалавек .

- Як велічаюць васпана , і чаму так клічуць сабаку – Шчаслівы Рок ? – спытаў Лісоўскі .

- Андрэй Пратасевіч з гербу Дрэвіца , асочнік-загоншчык на ловах у Льва Іванавіча Сапегі , - адказаў шляхціц , - Сабаку ж майму пяць гадкоў . У самай сіле сабака . Злы і здаровы . Я назваў яго Шчаслівым Рокам таму , што яшчэ зусім маленькім шчанюком памірыў ён мяне з маёй жонкаю . Можна сказаць , на нажах мы былі з жонкай . Дужа ж упартыя і ганарыстыя . Ніхто не хацеў саступіць . Жонка мая з велькага роду – з саміх Вішнявецкіх . Саўладаць з такой , прабач , пане , вельмі цяжка , як з маладой неаб”езжанай кабылкай . Ледзь што – трубой узнімае хвост . І тут сабачку гэтага мне прынеслі . Камячок камячком . Толькі папісквае ды хвосцікам матае . Уначы сплю , а ён прапаўзе мне пад коўдру , прыціснецца да шчакі і таксама , як дзіця , засынае . І так добра нам ! А з жонкай кожны дзень – вайна вайною . Горш чым туркі-басурмане мы адно адному . Адкуль такая нянавісць бралася ? І зараз не магу сам сабе патлумачыць . Нейкі гнілы туман у душы плаваў . А ж тут захварэў наш маленькі сабачка . Не есць , не п”е , цэлы дзень ляжыць на бачку , заплюшчыўшы вочы , і цяжка дыхае . І так нам шкада яго зрабілася , бо ён , павер , пане , радней роднага дзіцяці ўжо быў . Адразу ж забыліся мы з жонкай пра спрэчкі-лаянкі свае , а ўзяліся ратаваць сабачку . І ўратавалі . І назваў я яго Шчаслівым Рокам , бо ў той рок , думаецца мне , сабачка захварэў , узяў на сябе цяжкі боль і пакуту , каб толькі мы ў згодзе й ласцы жылі .

Пратасевіч пачухаў сабаку шчаціністы загрывак , казаў далей :

- Люблю чуць , як гаўкае сабака . Голас ягоны люблю . Мне ён , павер , пане , як найлепшая ў свеце музыка . Іншаму скрыпку , лютню давай , а мне б пачуць звонкі прызыўны брэх , калі імчыць мой верны Шчаслівы Рок да мяне па лузе і па полю , імчыць пад дажджом і пад снегам , толькі я паклічу яго .

- Бяру васпана з сабакам у абоз , - паслухаўшы ўсхваляваны шчыры аповед , вырашыў Аляксандр Лісоўскі , - Няхай Шчаслівы Рок шведу штаны раздзярэ .

Неўзабаве на парозе рэзідэнцыі аб”явіўся высокі станісты юнак гадоў дваццаці-дваццаці двух . У яго былі сінія вочы , доўгія светла-русыя валасы , перахопленыя на ілбе чырвоным скураным раменьчыкам . На баку на скураным пасе вісела шпага ў абсыпаных дробнымі срэбнымі гарошынкамі похвах . Крыж-накрыж юнак быў перамотаны нейкімі каляровымі тканінамі .

Ён хвацка адсалютаваў Лісоўскаму шпагаю , сказаў :

- Вазьміце мяне , васпане , у свой почат . Маю найвялікшае жаданне біцца са шведам , а потым з ягоным саюзнікам маскавітам .

- Мы ваюем сёння толькі са шведамі , - строга ўдакладніў Аляксандр Лісоўскі .

- Але заўтра мы пойдзем і на маскаліка , - весела прамовіў юнак , быццам быў найгалоўным дарадцам караля і вялікага князя Жыгімонта па вайсковых справах , вынюхаў усе ягоныя запаветныя планы і памкненні .

- Адкуль васпану вядома такое ? – хмыкнуў Лісоўскі .

Замест адказу юнак , не спяшаючыся , пачаў змотваць з сябе каляровыя тканіны , якія аказаліся сцягамі . Разгарнуўшы іх перад Аляксандрам Лісоўскім , патлумачыў :

- Вось гэты белы сцяг з выявай Багародзіцы пасярэдзіне – сцяг маскоўскага вялікага ваяводы Івана Андрэевіча Чалядніна , пад якім ён стаяў 8 верасня 1514 року ў час Аршанскай бітвы . Тады нашы продкі ліцвіны ўшчэнт разграмілі Маскву , і мой продак Марцін Жабыка-Жэмба запалоніў гэты сцяг . Амаль сто галоў захоўваецца ён у нас , Жабыкаў-Жэмбаў .

- Дык пан з Жабыкаў-Жэмбаў ? – спытаў Лісоўскі .

- Так . З Жабыкаў-Жэмбаў , шляхецкага роду Жаба , герба “Касцеша “ . І таксама – Марцін , - з годнасцю адказаў юнак і разгарнуў перад ім яшчэ адзін сцяг , бел-чырвона-белы з вышытым залатымі ніткамі караблём-ветразнікам у левым верхнім кутку старадаўняга палотнішча :

- Гэты сцяг – сцяг Ордэна святога Палемона . Ён разам з іншымі лунаў у час бітвы пад Воршай над шэрагамі нашых ваяроў , даваў ім сілу , вёў іх да перамогі . Ці чулі вы , пан Лісоўскі , пра палеманістаў ?

- Чуў , - адказаў Аляксандр Лісоўскі , - Але думаў , што гэта проста прыгожая легенда , адна з мноства легендаў такога кшталту .

- Гэта не легенда . Гэта – жыццё , - натхнёна бліскаючы вачыма , усміхнуўся яму Марцін Жабыка-Жэмба , - Я , колькі памятаю сябе , з самага ранняга малалецтва рос пад аповеды усёй маёй радні і суседзяў пра подзвігі палеманістаў . Скажу вам , як на святой споведзі : я й сёння – палеманіст .

Юнак прамовіў гэта з такой жарсцю і захопленасцю , што Лісоўскі міжволі залюбаваўся ім . “ Добры будзе ваяка “ , - падумалася Лісоўскаму . Ён спытаў :

- А чаму , пан Марцін , ты лічыш , што пасля Інфлянтаў мы абавязкова пойдзем на Маскву ?

- Куды ж нам болей ісці ? – шчыра здзівіўся малады Жабыка-Жэмба , - Толькі туды . Не пойдзем мы сёння , заўтра яны , маскавіты , будуць ужо каля Менску і каля Вільні . Зноў будуць ратаваць нас ад лацінянаў , хоць мы іх і не просім . Туды , на Маскву , разам з Мнішкамі і мноствам шляхты , пайшоў той , які абвясціў сябе Дзмітрыем Іванавічам , ацалелым царскім сынам . І яшчэ ёсць адна вельмі важная прычына , каб ісці ў той бок .

- Якая прычына ?

- А вось з-за яе я й хачу стаць пад вашую руку , васпане , - пранікнёна прамовіў палеманіст , - Слухайце ж , што я вам раскажу . Мая прабабка пані Зося Зубрыцкая , якая была жрыцаю Ордэна святога Палемона , перад самай сваёй смерцю занесла на схоў у полацкую Сафію свяшчэнныя сымбалі Ордэна – залаты Човен Палемона і залаты Ключ ад Трох Рэкаў . Ключ выкавалі са штандару рымскага Дваццатага Маланкападобнага Рэйнскага Легіёна . Тры ракі – гэта Рубон-Дзвіна , Нёман і Дняпро , якія нясуць свае чыстыя светлыя воды ў Атлантычны акіян . На берагах гэтых вялікіх свяшчэнных для нас рэк спрадвеку жыў і будзе жыць наш ліцвінскі народ . І вось , калі маскоўскі цар Іван Жахлівы ў лютым 1563 року захапіў Полацк , пачаў руйнаваць яго , пачаў знішчаць або выводзіць у палон ягоных жыхароў , сымбалі палеманістаў зніклі , як знікла амаль усё ў калісьці багатым слаўным горадзе . Вядома ж , усё да макулінкі выграблі маскоўцы . Яны ж , як расказалі відавочцы , забралі з сабой і Залаты човен Палемона , і Ключ ад Трох Рэкаў . Нават бачылі хто забраў .

- Хто ? – нецярпліва зірнуў на Жабыка-Жэмбу Лісоўскі . Яго ўсхвалявала пачутае .

- Келар Троіца-Сергіева манастыра Аўраамій Паліцын . Са сваімі манахамі ён ішоў следам за войскам Жахлівага , абшукваў кожную царкву і кожны касцёл , рабаваў усё найбольш каштоўнае . У полацкай Сафіі келар убачыў палеманісцкія сымболі і адразу ж паклаў на іх сваю заграбастую руку . Сёння залаты Човен Палемона і залаты Ключ ад Трох Рэкаў у скарбніцы ягонага манастыра . што стаіць між гор паўночней Масквы над ракой Канчурай . Пане Аляксандр , патрэбна выбавіць з няволі палеманісцкія святыні , вярнуць іх на радзіму . Вы , як кажуць усе , і як ёсць на самой справе , адважны рыцар . Толькі вы можаце здзейсніць такое . Вось чаму я прыйшоў да вас , прынёс баявыя сцягі . Можаце лічыць , што са мною прыйшлі ўсе палеманісты , якія змагаліся калісьці за нашу зямлю , за Ліцвінію .

Марцін Жабыка-Жэмба змоўк , вычакальна глядзеў на Аляксандра Лісоўскага . Той задумліва гладзіў палотнішча палеманісцкага сцяга , нібы правяраючы яго на трываласць . Потым сказаў :

- Каб дарогі і сцяжынкі заставаліся бачнымі трэба каб па іх нехта хадзіў . Каб дзяржава і слава дзяржавы жыла трэба каб яе нехта бараніў . Дзіўныя рэчы пачуў я ад цябе , шаноўны пане . Я даўно ведаў , што мы , ліцвіны , не бязродзічы . Ад Палемона , ад Гедыміна і Рурыка наш корань , корань нашай шляхты і ўсяго простага люду . Але ты капануў яшчэ глыбей , паказаў тое , што дагэтуль было недаступна майму воку .

Лісоўскі разгарнуў баявы сцяг палеманістаў на ўсю шырыню :

- Я надумаў стварыць кавалерыйскія аддзелы , якія б ваявалі на рубяжах Гаспадарства ,

а , калі ўзнікне неабходнасць , пераходзілі б гэтыя рубяжы . У задуме сваёй я маю поўную падтрымку ягамосці караля і вялікага князя Жыгімонта III Вазы і канцлера Льва Сапегі , словы якога “ Спакой Айчыны да скону буду берагчы “ звіняць і ў маёй душы . Мне даюць грошы , зброю і амуніцыю , дазваляюць падбіраць людэей . Мы ідзем на Інфлянты , а адтуль ( ты , пан Марцін , не памыляешся ) на Масковію , бо там усчаўся вялікі пажар , і невядома яшчэ куды паляцяць іскры . Мне , майму войску патрэбен свой сцяг . І я выбіраю вось гэты – палеманісцкі , бел-чырвона-белы . Ён , як промільг яркай чырвонай маланкі ў белахмарным трывожным небе . Ён кліча ў бой . Але на ім залатымі ніткамі вышыты карабель , а мы -–людзі конныя , вершнікі , а не карабельшчыкі . І таму замест карабля мы ўзнімем на нашым сцягу сымболь тампліераў – двух вершнікаў на адным кані і напішам наш баявы кліч “ Вера і перамога ! “ . Дай мне гэты сцяг , і паненка-рукадзельніца Эльвіра Скаблінская , што едзе з нашым абозам , падорыць яму новае жыццё .

Без ваганняў Марцін Жабыка-Жэмба перадаў яму баявы палеманісцкі сцяг , сказаў :

- Ведаю , што ўручаю сцяг у надзейныя моцныя рукі . Веру ў тое , што пад гэтым сцягам будзе здабыта не адна слаўная перамога і што вы , пане водца , створыце свае кавалерыйскія аддзелы , і яны паслужаць Гаспадарству . І назоў ужо ёсць вашаму войску . Не гусары , не казакі , не пяцігорцы , а лісоўчыкі . З радасцю усе мы пойдзем за вамі, бо там , дзе ваша галава , там і нашы .

- Лісоўчыкі ? – здзівіўся Лісоўскі , - Дзе пан пачуў такое ?

- Увесь Нясвіж і ўся Вільня так гавораць .

Аляксандр Лісоўскі трапятліва ўзяў сцяг , пацалаваў палотнішча , сказаў урачыстым цвёрдым голасам :

- А ў Троіца-Сергіеву лаўру да келара Аўраамія Паліцына мы абавязкова зазірнем . І паглядзім , што скажа нам хцівы келар .

 

Колькасць прачытаўшых: 383
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007