XIII
Пакінуўшы большасць сваіх людзей у Нясвіжы , Лісоўскі спешным маршам павёў у Інфлянты сотню вершнікаў , самых падрыхтаваных і самых правераных . У Інфлянтах ён меркаваў уліцца ў харугву усвяцкага старосты Яна Пятра Сапегі . З Лісоўскім ішлі Іван Мастоўскі , Вітаўт Гарткевіч , Лявонцій Кукарэцкі , Марцін Жабыка-Жэмба , Мацвей Караба , Андрэй Пратасевіч са Шчаслівым Рокам , немец Рудольф са сваімі землякамі , маладыя шляхцюкі , якія ў свой час разам з панам водцам весела гойсалі ў наваколлях Бярэсця ды Вільні і выпілі не адзін гарнец гарэлкі і крамбамбулі .
Эльвіра Скаблінская пакуль што засталася ў Нясвіжы ў Вітаўтавай цёткі пані Караліны . Вітаўт настояў , каб яна жыла менавіта там , каб падабрала ключык да сэрца Ванды . Ён ведаў , што ягоная каханка вельмі добра ўмее такое рабіць .
У далёкі паход Івана Мастоўскага і Лявонція Кукарэцкага правялі Альжбэта з Анэляю , уплялі яркія стужкі ў грывы іхніх коней . Потым , стоячы на батарэйным брустверы , доўга махалі рукамі ўслед вершнікам , і срэбны слёзны дожджык ліўся па юных шчоках , а з вуснаў ляцелі гарачыя словы :
- Вярніцеся дадому жывымі !
Лявонцій , расчулены , усхваляваны , абняў і пацалаваў дзяўчатак . Прыемна і трывожна-радасна было яму ўсведамляць , што яго будуць чакаць не толькі маці , бацька і сёстры , але й далікатныя пяшчотныя , як вясенні лугавы ветрык , паненкі . Перад гэтым ён пазнаёміўся з Марцінам Жабыкам-Жэмбам , пачуў пра палеманістаў , сам адразу ж зрабіўся палеманістам і склаў верш , які на развітанне прачытаў Альжбэце і Анэлі :
Клянемся табе , святы Палемоне ,
Што вечна , як сонца ўзыход ,
Жыць будзе на Нёмне , Дняпры і Рубоне
Табой блаславёны народ .
З гэтага часу натхнёны паэт пакляўся самому сабе , што назаўсёды развітваецца з езуітамі , робіцца чальцом Ордэна святога Палемона Ліцвінскага . Праўда , у вайсковым жыцці з самага пачатку не ўсё ў яго заладзілася . Калі Аляксандр Лісоўскі выехаў са сваімі вершнікамі за нясвіжскі вал , каб патрэніраваць людзей і коней , вялікі канфуз чакаў Лявонція . Уваткнулі ў зямлю лазовыя дубцы , сціснулі ў руках эфесы шабляў , пусцілі коней ускач , і Лісоўскі закрычаў грамавітым голасам :
- Сячы налева ! Сячы направа !
Свіснулі шаблі . Захрабусцела , упала , як трава , пад бязлітаснымі вострымі лёзамі гнуткая лаза . І толькі ў Лявонція ў самы апошні момант здрадліва ўздрыгнула падвярнулася рука . Ён узмахнуў шабляй і адсек свайму каню вуха . Конь спалохана і здзіўлена заіржаў , заматаў галавой , спыніўся . Кукарэцкі кульнуўся з сядла на зямлю , стаяў , не ведаў , што рабіць . Нейкае здранцвенне навалілася на Лявонція . З такога стану вывеў яго паранены конь – падыйшоў ззаду , лізнуў у патыліцу , таўхануў цёплай пысаю ў плячо , нібы папрасіў : “ Сядай на мяне , не стой , як укапаны . Трэба ж нешта рабіць “. Падгарцаваў Аляксандр Лісоўскі , глянуў , усё зразумеў , загадаў :
- Рві лісце трыпутніку , кладзі на рану , абматай анучаю . І хутчэй вядзі каня ў Нясвіж . Трэба паказаць яго радзівілаўскаму лекару .
Самога ж Аляксандра Лісоўскага перад выправай у Інфлянты наведаў канцлер Леў Сапега . Прыехаў з Вільні , зайшоў у ягоную рэзідэнцыю , абняў , сказаў :
- Ты , пане , Лісоўскі , а я – Ліс . З адной нары , з аднаго гнязда з”явіліся мы на белы Божы свет. І гняздо гэтае – Вялікае Княства Літоўскае . І нам патрэбна абараняць яго ад ворагаў усімі сваімі сіламі . А ворагаў , пане , шмат . Куды ні зірні – адусюль дзьме халодны вецер .
- Так , пане канцлер , - згодна захітаў галавою Лісоўскі , - Ворагаў шмат . І меней іх не робіцца .
Леў Сапега пранізліва зірнуў на яго , потым паглядзеў на абраз Хрыста , што вісеў на сцяне рэзідэнцыі , прамовіў :
- Ёсць Бог , найвялікшы і наймудрэйшы . І ёсць Мікалай Капернік , які не збаяўся паставіць сонца ў цэнтр вечнага неба . Ёсць Ян Гус , што згарэў у вогнішчы , не адрокшыся ад жыццёвага ідэалу . і ёсць мы , што пастаянна мяняем свае веры і мовы . Як зразумець і як вытлумачыць такое ? Я сам нарадзіўся праваслаўным . Потым , калі вучыўся ў Лейпцыгскім універсітэце , запісаўся ў кальвіністы . Потым у 1586 годзе стаў католікам . Тры веры перамянілася ў маёй душы . Хіба гэта правільна ? Значыць , няма ўва мне цвёрдага пастаяннага стрыжня . Як агонь пад ветрам , вера мая .
- Пан канцлер не адзін такі , - асцярожна ўставіў сваё слова Аляксандр Лісоўскі , - Амаль усе мы такія .
- А чаму ? – спытаў Сапега і сам жа адказаў на сваё пытанне , - Таму што пасяліў нас Пан Бог паміж ляхам і маскалём , а яны ганарыстыя , яны задзірыстыя і агрэсіўныя . І мы , наш народ , як бы разрываемся паміж імі . Мы ўвесь час уступаем ва ўсё новыя вуніі , каб захавацца і не знікнуць , увесь час прыхіляемся да больш моцных , да больш вялікіх . Але ж яшчэ любамудр Сенэка сказаў : “ Радзіму любяць не за тое , што яна вялікая . Радзіму любяць за тое , што яна радзіма “ . Я добра разумею гэта , васпане . Я разумею , што немец і швед хоча ўзяць нашу волю , а маскаль ды й той жа лях хочуць узяць нашу душу . Мы , дзяржаўныя мужы Княства , як толькі можам , супраціўляемся гэтаму . Вось чаму ў віленскай друкарні Мамонічаў я фінансаваў і распарадзіўся надрукаваць Статут Вялікага Княства Літоўскага нашай прыроднай моваю , каб паказаць усім і кожнаму хто мы ёсць на гэтай зямлі .
Ён змоўк , як бы прыслухоўваючыся да нечага ўнутры сябе . Па ягоным твары было відно , што яму не дае спакойна жыць пастаянная барацьба думак , якія неадступна і неадчэпна нараджаюцца ў самай патаемнай глыбіні душы . Вось і зараз , памаўчаўшы , Леў Сапега сказаў :
- Жыццё павінна быць вострае .
- Прашу прабачыць , пане , але што такое – вострае жыццё ? – пацікавіўся Лісоўскі .
- Стыло , якім пішаш . Слова , што нараджаецца пад гэтым стылом . Шпага , якой абараняеш свой гонар і гонар сваёй Айчыны , - з найвялікшай жарсцю і перакананасцю адказаў Леў Іванавіч Сапега .
Канцлер , пажадаўшы радзівілаўскаму почату і самому Аляксандру Лісоўскаму вайсковага шчасця , вярнуўся ў стольную Вільню , а лісоўчыкі з усёй імклівасцю рушылі ў Інфлянты . Верасень фарбаваў у жоўты колер лясы . Шэрымі дажджамі плакала неба . Птушкі ляцелі на поўдзень . Людзі рваліся на поўнач , на раку Дзвіну , спрадвечны крывіцкі Рубон , і далей – у залітую крывёй бясконцых войнаў Лівонію .
Яшчэ на самым пачатку трынаццатага стагоддзя ўвесь Рубон да самага ягонага вусця , дзе ўліваецца ён у Балтыйскае мора , належыў Полацкаму княству . Гэта быў водны шлях палачанаў у Еўропу . Лівы і леты , што жылі на берагах ракі , плацілі Полацку даніну , прызнавалі верхавенства полацкага князя . Але прыплылі з захаду ў гэты край рыцары-мечаносцы , і ўспыхнуў агонь вайны , які , калі зірнуць на падзеі ўважлівым і , па-магчымасці , бясстрасным вокам , гарэў , ніколі не тухнучы . Шмат жыццяў узяў ён . Згарэў у гэтым суровым агні князь Вячка , гераічна абараняючы свае гарады Кукейнос і Юр”еў , якія пад жалезнай пятой мечаносцаў сталі называцца Кокенгаўзенам і Дэрптам . Гарэў агонь бязлітаснай вайны ( на гэты раз паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй ) і зараз – у верасні 1605 году . Швецыя імкліва набірала сілу . Ёй было цесна ў сваіх скандынаўскіх межах . І ўрэшце-рэшт сіла гэтая штармавіта выплеснулася на ўсходне-еўрапейскія абшары .
На крывавых ратных шляхах сустрэліся вялікі гетман Ян Караль Хадкевіч і шведскі кароль-пратэстант Карл Судэрманскі . Узнагародаю пераможцу павінна была стаць Рыга , горад , якім валодалі палякі і ліцвіны . Глыбокай ноччу пад шквалістым праліўным дажджом , пад раскацістымі ўдарамі грому павёў на Рыгу сваіх жаўнераў ваяўнічы адважны швед , павёў з надзеяю , што ніхто не чакае яго ў такое жахлівае вар”яцкае надвор”е . Ды ў дзвюх мілях ад Рыгі каля вёскі Кірхгольм не спаў , гуртаваў баявыя шыхты Хадкевіч . Ліў бурны дождж , нібы хацеў астудзіць гарачыя людскія галовы , утрымаць іх ад душагубства . Дзве грозныя сілы стаялі адна насупраць другой . Лепей бы ім не сутыкнуцца на халодных начных дарогах , прайсці не заўважыўшы адна адну . Але яны сутыкнуліся . Дзьмуў у твары густы мокры вецер , нёс з прыморскіх дзюнаў шурпаты калючы пясок .
На самым золку Аляксандр Лісоўскі са сваім початам далучыўся да Яна Сапегі , які стаяў на правым фланзе . Пад началам ва ўсвяцкага старосты былі дзве сотні ўласных
вершнікаў , панцырная сотня Невяроўскага , початы Млоцкага , Гедройца і Баркоўскага – усяго каля дзевяці соцень жаўнераў .
- Вітаем рыцараў з Нясвіжу ! – узрадавана выгукнуў Ян Пётр Сапега і пад”ехаў , распырскваючы ліпкую гразь , на сваім вёрткім рыжым коніку да шыхта Лісоўскага , - Хопіць працы і вашаму , панове , востраму мячу !
Калі сплыў сцёк з мокрых расквашаных дажджом дзюнаў белы ранішні туман , убачылі проста перад сабою шведаў . Яны ( каля васьмі тысяч пяхоты ) пагрозліва стаялі двума шэрагамі , стаялі на ўзгорках . І ў гэтым была іхняя перавага над войскам вялікага гетмана Яна Караля Хадкевіча , што шыхтавалася ў нізіне . Блішчэлі дзіды адкаваныя са славутага шведскага жалеза . Тапырыліся дулы мушкетаў . Праўда , порах трохі адсырэў пад бясконцым начным дажджом .
Разам са шведамі прыйшлі лавіць вайсковую ўдачу ў мокрых слізкіх лівонскіх дзюнах нямецкія , французскія , галандскія і ангельскія жаўнеры . Яны моўчкі стаялі агромністай непарушнай армадаю . Іх чакалі або вялікія грошы , або смерць .
Карл Судэрманскі , новааб”яўлены шведскі кароль , прыспешваючы перамогу , разгуртаваў пяць соцень кавалерыстаў па флангах пяхоты . Ім жа ў падтрымку даў адзінаццаць гарматаў , якія шквальным агнём павінны былі скрышыць безгарматнага ворага . Сам кароль з гвардыяй застаўся ў тыле , але кожнае імгненне гатовы быў рынуцца туды , дзе дасць першую трэшчыну ліцвінская сцяна .
Хадкевіч падзяліў сваё войска на тры часткі . У цэнтры ішоў у бітву адборны гетманскі полк пад звяршэнствам Вінцэнта Войны . Левым крылом кіраваў Тамаш Дуброва . Тут былі панцырныя гусары , тры конныя татарскія харугвы , лівонскія пешцы-ландскнехты Плетэнберга разам з узброенымі абознікамі . Лісоўчыкі стаялі на правым фланзе разам з жаўнерамі Яна Пятра Сапегі .
Перад самым боем вялікі гетман Хадкевіч , памаліўшыся разам з усімі , зняўшы шлем , ад чаго валасы адразу ж ускудлаціў вецер , сказаў войску :
- Перад намі стаіць швед , услаўлены перамогамі , загартаваны бітвамі ваяр . Але й мы , сыны Княства Літоўскага , умеем ваяваць і перамагаць . Шлях вось з гэтага поля адзін – альбо ў рай , альбо ў пекла . Не саступім жа ворагам . Не адвернем позіркі свае . Хоць ворагаў , шчыра кажу я вам , шмат , іх нават цяжка палічыць .
- А мы іх палічым тады , калі ўсіх пераб”ем ! – крыкнуў Іван Мастоўскі .
Хадкевіч пачуў такія словы , усхвалявана адказаў :
- Дай Божа , каб вашы , пане рыцар , словы споўніліся . За добры знак прымаю вашу ахвоту і спадзяюся на вашую мужнасць .
У гэты самы час на другім беразе Дзвіны загарцавалі тры сотні рэйтараў курляндскага герцага Фрэдэрыка , што прымчаліся на дапамогу ліцвінам . З лёту яны ўрэзаліся на конях у вірлівую рачную плынь , удала знайшлі брод і неўзабаве былі ўжо побач з шыхтамі гетмана Хадкевіча . Рэйтараў сустрэлі крыкамі захаплення .
Убачыўшы такое , Карл Судэрманскі загадаў барабаншчыку біць сігнал атакі . Ярасна ўдарылі палачкі з найцвярдзейшага шведскага дубу па туга напятай бычынай скуры . Звонкі пошчак пакаціўся па маўклівых мокрых дзюнах . І адразу ж усё ажыло , загуло , зарухалася . Шведы пачалі баталію . Яны ішлі ў сініх мундзірах , у чорных капелюшах , высокія , станістыя , шыракаплечыя , з доўгімі грывамі светлых валасоў , з халоднай ярасцю ў позірках . Зрабілася ціха-ціха . Толькі рыпеў пясок пад тысячамі моцных мускулістых ног . Ды ці можна спыніць такую сілу ? Усё змяце яна на сваім шляху , як гняўлівая вясновая паводка змятае масты і грэблі .
Лісоўчыкі з Аляксандрам Лісоўскім чакалі шведскага ўдару на правым крыле ліцвінскага войска . Яны ўзнялі над сабою свой бел-чырвона-белы сцяг з выяваю двух вершнікаў на адным кані . Сцяг трымаў Марцін Жабыка-Жэмба . Ягоныя сінія вочы натхнёна ззялі .
Непадалёк ад сцяганосца , сутыкаючыся страмёнамі , суцішвалі ўзбуджаных коней Лявонцій Кукарэцкі і Антон Даніловіч-Гоцкі . Конь у Лявонція быў аднавухі . Гэта прыгнечвала былога езуіціка , накіроўвала ягоныя думкі ў дужа змрочны бок . Перад боем убачыўся Лявонцію сон . Быццам стаіць ён пад бязмежным залатым небам . Зіхоткае найярчэйшае святло льецца з нябёсаў , аж цяжка балюча вачам . І плыве там , як воблака , як човен , залаты Божы трон . І вось садзіцца Бог на свой дзіўны трон і кажа Лявонцію , кожным словам прапякаючы ўсхваляваную душу : “ Ты чалец Ордэну , але не езуіцкага . Адгадай , якога ? “ . “ Навошта , Божа , задаеш такія загадкі ? “ , - хочацца вымавіць Лявонцію , але язык не падпарадкоўваецца яму , не слухаецца .
Сёння , чакаючы першай у сваім жыцці сапраўднай бітвы , бітвы , вядома ж , з непазбежнай крывёю і нават смерцю , Лявонцій думаў : “ Няўжо я магу загінуць ? Няўжо праз нейкія імгненні мяне ўжо не будзе ? Як гэта – мяне не будзе ? А дзе ж будуць мая галава , мае рукі і ногі , маё сэрца ? Дзе будуць мае думкі , мае вершы ? Дзе будзе каханне маё да дзвюх прыгожанькіх сястрычак ? “ .
Даніловіч-Гоцкі бачыў і разумеў хваляванне свайго маладзейшага аднашыхтоўца . Ён вырашыў падчас бою па магчымасці апекаваць , абараняць яго , але рабіць гэта не дужа прыкметна , каб не пакрыўдзіць уражлівага паэта .
Тым часам сіняя непарушная шведская сцяна пагрозліва набліжалася . І тады вялікі гетман Хадкевіч паслаў на пярэднюю лінію вестуна з загадам – адступаць , уцякаць . Гэта быў звычны хітры манеўр з разлікам на ўпэўненасць шведаў і самога іхняга караля Карла ў сваёй непераможнасці і неадольнай сіле . Пярэднія ліцвінскія воі паказалі зад , пабеглі бязладнай гурмою , спатыкаючыся , спалохана хапаючыся за галовы , але не выпускаючы з рук зброю . Такі паварот падзей стаўся салодкім п”янлівым віном для суровых шведаў . Яны паверылі , разладзілі свой дасюль амаль ідэальны шыхт , ашчацініўшыся дзідамі , рынуліся ўперад . І тут іх чакала крывавая і страшная неспадзяванка . За невысокім бязлесным узгорачкам яны напароліся на гетманскі полк Вінцэнта Войны , сутыкнуліся лоб у лоб . Шматдульным злым залпам грымнулі мушкеты , няшчадна зрэзалі ўвесь пярэдні шведскі шэраг . У клубках жоўтага парахавога дыму ўзгорачак на нейкія імгненні як бы знік , быццам яго й не было . Але дым развеяўся , і шведы , тыя , хто ацалеў , убачылі проста перад сабой калючы зіхоткі лес вострых ліцвінскіх дзідаў . Гэты сталёвы лес размашыста і прагавіта ўпіўся ў іхнія гарачыя маладыя целы , беспамылкова знаходзячы сэрца , выпускаючы трапяткую душу ў нябёсы . Пачуўся страшны рык-стогн . Зазвінеў захрабусцеў метал . Ручаямі хлынула яркая чырвоная кроў . Узвіхурылася бітва . Мала было забіць шведа . Яго , моцнага і ўстойлівага , як дуб , трэба было яшчэ й паваліць на зямлю . А такое можна было зрабіць толькі вялікай крывёю і вялікім потам .
На правы фланг ліцвінскага войска ярасна наваліліся шведскія рэйтары ў бліскучых кірасах і шлемах , з доўгімі вострымі шаблямі і ручной агняпальнай зброяй . Іхнія грудастыя мясістыя коні , дзіка храпучы , зразаючы цяжкімі капытамі ўсіх , каму не пашанцавала і хто ўпаў на зямлю , несліся напралом .
- Вера і перамога ! – люта закрычаў Аляксандр Лісоўскі , узвіваючы ўгору сваю бязлітасную шаблю , прышпорваючы каня .
- Вера і перамога ! – падтрымалі баявы кліч усе , як адзін , лісоўчыкі і , быццам камяні лавіны , што няўмольна абрушваюцца следам за самым першым валуном , рынуліся ў атаку за сваім водцам .
Сутыкнуліся , пачалі грызці адно аднога коні . Людзі пачалі дзідамі і шаблямі калоць і пластаваць ворага . Адчайныя крыкі , пранізлівае конскае іржанне , звон зброі , гулкія стрэлы з мушкетаў , глухія ўдары па мяккаму жывому чалавечаму целу запаланілі наваколле . Гэта быў страшны голас вайны .
Лісоўчыкі біліся супроць рэйтараў , прафесійных шведскіх ваяроў , якія жылі толькі сечамі і паходамі . Магчыма , не хапала лісоўчыкам такога ж баявога майстэрства , бо зусім нядаўна зліліся з”ядналіся яны ў адзін почат , але адвагі ім было не пазычаць . І натхнёна вёў іх у самае пекла лютага бою чалавек мужнай рукі і ваяўнічага духу – Аляксандр Язэп Лісоўскі . “ Сын грому “ – ужо знайшоў яму высокае ганаровае імя паэт Лявонцій Кукарэцкі .
Сам Лявонцій , напружваючы ўсе сілы , абліваючыся салёным потам , выганяючы з сэрца страх , калоў і калоў дзідай . Побач з ім секлі шаблямі , стралялі з пісталетаў і мушкетаў Антон Даніловіч-Гоцкі і Вітаўт Гарткевіч . Крыху далей ярасна кружыўся на кані Іван Мастоўскі , адбіваючыся ад рэйтараў буздыганам , цяжкой жалезнай булавой з рубчастымі вострымі пер”ямі . Гэтым буздыганам ён крышыў шведскія чарапы і крычаў :
- Раней смерці не памерці !
Узброеныя вострымі рагацінамі Мацвей Караба і Андрэй Пратасевіч успорвалі жываты рэйтарскім коням , сцягвалі саміх рэйтараў з сёдлаў на зямлю . У сечу Пратасевіч узяў Шчаслівага Рока , і велізарны ікласты пёс з лютасцю накідваўся на гэтых рэйтараў , толькі крывавае ашмоцце ляцела ва ўсе бакі .
Сцяганосец Марцін Жабыка-Жэмба таксама рынуўся ў самы вір бязлітаснай сечы . Дрэўка сцяга лісоўчыкаў , бел-чырвона-белага палотнішча з выяваю двух вершнікаў на адным кані , ён намёртва прывязаў-прыкруціў папругаю да тулава і , вызваліўшы такім чынам рукі , хвастаў шабляю налева і направа . Са сваім яркім сцягам ён быў падобны на крылатага ваяра-анёла , што адважна зляцеў з хмарных нябёсаў на залітую гарачай крывёй , здратаваную конскімі капытамі зямлю .
Велізарны шведскі рэйтар у бліскучых металічных латах , якія ў некаторых мясцінах былі ўжо прабітыя , у завірусе бою заўважыў сцяганосца , крута развярнуў свайго каня і , пад”ехаўшы да Марціна , скокнуў на яго ззаду , як драпежная рысь . Яны пакаціліся на зямлю . Швед хацеў запалоніць сцяг . Ён быў больш моцны , больш цяжкі і пачаў душыць Жабыка-Жэмбу , упіўшыся таму жалезнымі пальцамі проста ў горла .
Даніловіч-Гоцкі з Кукарэцкім ірвануліся на дапамогу сцяганосцу . Саскочылі з коней , наваліліся на раз”ятранага шведа . Ён быў магутны , як пушчанскі зубр . Цяжка
варочаўся , адбіваўся рукамі і нагамі , укусіў Даніловіча-Гоцкага , а потым ударыў галавой . Ды супроць траіх не ўстояў , здаўся , заціх .
Бітва доўжылася амаль чатыры гадзіны . Нарэшце шведы не вытрымалі . Іхняя конніца кінулася на ўцёкі , топчучы сваю ж пяхоту . Кожны , як толькі мог , ратаваў уласнае жыццё . Паранены Карл Судэрманскі цудам выслізнуў з ліцвінскай пасткі , даімчаўся да свайго карабля , загадаў неадкладна адплываць ад берагу .
- Ваша вялікасць , як я рады , што вы ацалелі ! – радасна ўсклікнуў ягоны верны стары камердынер . Кароль адразу ж пранізаў камердынера шпагаю , істэрычна закрычаў з пенаю на патрэсканых скрываўленых вуснах :
- Мярзотнае гадаўё ! Усе вы павінны былі быць там , дзе толькі што быў я !
У войску вялікага гетмана Хадкевіча загінула больш за сотню ваяроў . Між іх адзінаццаць лісоўчыкаў . Шведаў лягло ажно дзевяць тысяч . Гэта быў жахлівы разгром . Пераможцы ўзялі шмат палонных . Узялі ўсе адзінаццаць шведскіх гарматаў .
Лісоўчыкі , якія скруцілі велізарнага шведскага рэйтара , не ведалі , што з ім рабіць . Палонны паныла стаяў між іх . Чырвоныя абдзёртыя рукі дробна трымцелі .
- Злавілі плотку , што не лезе ў глотку , - разгублена шкроб падбароддзе Антон Даніловіч-Гоцкі , - Трэба б было адразу прыкончыць яго , і ўвесь гамон . А зараз думай куды дзець гэту жалезную ляльку .
І тут прагучаў загад гетмана :
- Палонныя шведы пацягнуць у Рыгу свае ж гарматы .
Даніловіч-Гоцкі ўзрадаваўся , паляпаў рэйтара па плячы :
- Будзеш за каня . Усё лепей , чым на тым свеце ў вогненнай смале кіпець .
Пахавалі забітых на высокім дзвінскім беразе . Шведы таксама закапалі сваіх мёртвых , але ў ніжэйшым месцы далей ад ліцвінаў . Трупаў было дужа шмат , і невясёлая праца доўжылася амаль суткі .
Бяда напаткала ў сечы Вітаўта Гарткевіча – цяжка паранілі Самума . Шведская дзіда прапарола беднай жывёліне левы бок . Самум ляжаў на пяску , сіпла перарывіста дыхаў , то заплюшчваў , то расплюшчваў вялікія карычневыя вочы , у якіх ззялі гарошыны слёз . Часам ён слаба варушыў хвастом , перабіраў тонкімі сухімі нагамі і ўмольна глядзеў на свайго гаспадара , нібы просячы за нешта прабачэння .
- Самум … Самумчык … Косю мой , - укленчыўшы каля любімага каня , у нейкай ліхаманцы ўсё паўтараў Гарткевіч , - Баліць табе , дружа ? Баліць ? Прабач , што не ўбярог цябе .
Конь слухаў , з напругаю ўзнімаў галаву , пачынаў церціся ёю аб калені Гарткевіча , мяккімі вільготнымі губамі спрабаваў лізаць ягоныя рукі . Гэта яшчэ болей дадавала гаркоты Вітаўту .
- Самум … Конік мой , - ледзь не плакаў ён .
Пад”ехаў Аляксандр Лісоўскі , паглядзеў на ўсё , сказаў строгім голасам :
- Не да твару шляхціцу румзаць у тры ручаі . На тое й вайна . Гінуць не толькі людзі . Гінуць коні . Уставай . Трэба грузіць пакалечанага каня на фурманку і везці ў Рыгу . Там знойдуцца лекары .
Так і зрабілі . Вітаўт Гарткевіч , як у тумане , ішоў за фурманкаю . Самум , лежачы на травяной падсцілцы , неадрыўна пазіраў на яго .
Па той жа цяжкой пясчанай дарозе палонныя шведы валаклі ў Рыгу адзінаццаць сваіх гармат . Пад прымусам рабілі яны гэту нямілую зняважлівую працу . А куды дзенешся ? Як казалі старадаўнія лаціняне : Memento quia pulvis es – Памятай , што ты прах .
Адзін з лісоўчыкаў , вёрткі чарнавусенькі шляхцючок аднекуль з-пад Ліды , спрытна ўскочыў на гармату , якую цягнулі чацвёра шведскіх рэйтараў , сядзеў на ёй ,
красуючыся , і ўсё паўтараў вясёлую прыгаворку :
- Я на шведу еду . Я на шведу еду .
Напачатку гэта рассмяшыла лісоўчыкаў . Бач , які хват , да чаго даўмеўся ! Аляксандр Лісоўскі таксама паблажліва паставіўся да такога камедыянства . Яшчэ ж невядома як бы сябе паводзілі шведы ўсміхніся ім вайсковае шчасце . А шляхцючок усё дрындзеў адно і тое ж :
- Я на шведу еду .
- Злазь , - загадаў нарэшце весялуну Лісоўскі , ды той нібы не пачуў . Сядзеў на гармаце , крыўляўся .
- Злазь ! Не будзь прыліпучай п”яўкай ! – гнеўна рыкнуў Лісоўскі , схапіў шляхцючка за каршэнь , шпурнуў на пясок , - А яшчэ раз пікнеш , самога запрагу , як каня , і будзеш разам з імі валачы гэта жалеззе да самай Рыгі !
Усе адразу ж прыціхлі , з апаскаю паглядзелі на свайго грознага водцу . Гэты , ледзь што такое , і шабляй можа паласнуць .
Рыга радасна вітала сваіх збаўцаў ад шведаў . І старыя , і малыя выбеглі на вуліцы і плошчы , махалі рукамі , падносілі букеты кветак , хлеб , збаны з півам і віном , смажаную балтыйскую салаку на закуску . Лісоўчыкі разам з усім ліцвінскім войскам прагарцавалі па горадзе . Ім , вядома ж , было вельмі прыемна чуць такую ўсеагульную пахвалу .
Трыумфатарамі вярнуліся ў Нясвіж , але тут іх сустрэлі зусім не так як у Рызе . Можна сказаць , не заўважылі іхняе вяртанне . Сам Лісоўскі здзівіўся такому холаду і такой цішыні . Аказалася , радзівілаўскай сталіцы было не да іх . Іншыя страсці клекаталі тут , як вогненны вулкан . Тры дні таму нечакана прыехаў з Аўгсбургу ў родны дом старэйшы сын Мікалая Крыштофа Радзівіла Ян Юрый з паніклай павіннай галавою . Высветлілася , што ніхто яго не краў і не трымаў у змрочных падзямеллях , дзе мітусяцца жахлівыя павукі і пацукі . Глытнуў малады княжыч вольнага салодкага паветра ў Еўропе , пайшла кругам зялёная нявопытная галава , і захацелася яму зрабіцца такім , як усе людзі , што былі навокал яго – бесклапотным , азартным , гуллівым . Захацелася яму быць вагантам , вандроўным паэтам мінулых часоў . Адразу ж прыбілася да багатага ліцвінскага княжыча цэлая плойма нахабнага прагавітага люду , у якога наўме былі толькі віно і распусныя жанчыны . Добра пагулялі яны , забыўшыся пра вучобу і пра ўсё на свеце . Калі ж залаты запас пайшоў на вецер , і ў кішэнях не засталося ні дынарыя , падгаварылі гэтыя беспрабудныя п”яніцы-гульцы Яна Юрыя выцыганіць у бацькі яшчэ болей грошай . Так нарадзілася легенда пра таямнічае знікненне радзівілаўскага нашчадка . У яе паверылі нават мудрагелістыя езуіты . Меркавалася атрымаць грошы на выкуп і зноўку рынуцца туды , дзе звабліва гучаць салодкагалосыя лютні і тамбурыны , танцуюць , як аголеныя антычныя багіні , вясёлыя чарнавокія смуглянкі і ракой льецца віно . Але ў нейкі момант Бог вярнуў Яну Юрыю розум . Патаемна ад сваіх ненапойных шумлівых сябрукоў ён сустрэўся з паслом караля і вялікага князя Жыгімонта ў Вене князем Чартарыйскім , як на споведзі , адкрыў яму душу і неўзабаве прыехаў у Нясвіж .
Гэта было класічнае вяртанне блуднага сына . Дужа разгневаны , аж вішнёваскуры ад порсткага прыліву ўзбунтаванай крыві сядзеў Мікалай Крыштоф Радзівіл у Рыцарскай залі замка за шырокім чырвонага дрэва сталом з мармуровымі ножкамі ў выглядзе львіных лапаў . За некалькі крокаў ад яго стаяў на каленях , нізка апусціўшы павінную русую галаву , ягоны старэйшы сын Ян Юрый . Шчокі адлівалі мармуровай беллю . Ва ўсім замку , ды й , мабыць , ва ўсім Нясвіжы , звінела трапятлівая напружаная цішыня .
- Нагуляўся ? – сказаў нарэшце ціхім голасам бацька . Сын пры гэтых словах яшчэ ніжэй унурыў галаву .
- Напіўся маёй і матчынай крыві ? – пачаў узвышаць голас старэйшы Радзівіл . Сынава галава схілілася ледзь не да бліскучай паркетнай падлогі .
- Зняславіў наш род ? Плюнуў на магілы продкаў нашых ? – павольна пачаў уздымацца
з-за стала Радзівіл Сіротка . Хацеў ляснуць кулаком па стале , а потым і дурному сыну па твары . Ды Ян Юрый заплакаў , тоненька , з усхліпам , па-дзяцінаму . Гэта спыніла ўз”юшанага бацьку . Ён раптам успомніў , як маленькага трохгадовага Яна Юрыя ўджаліў проста ў шчочку чмель . Яны гулялі ў лузе над Ушой , і сын нахіліўся над яркай вельмі прыгожай кветкай .
- Ой , татачка ! Ой , баліць ! – бег тады да яго сын , заліваючыся горкімі слязамі , просячы дапамогі , шукаючы паратунку .
Ад такога ўспаміну Мікалай Крыштоф Радзівіл пакутліва зморшчыўся , колькі імгненняў стаяў і не ведаў , што рабіць . Затым перахрысціўся на абраз Дзевы Марыі , пазваніў у настольны залаты званочак . На парозе Рыцарскай залі адразу ж з”явіўся лёкай .
- Завезці княжыча ў Альбу , - амаль спакойным голасам загадаў Радзівіл .
Альба была прыгарадным фальваркам Нясвіжа , дзе Радзівілы пабудавалі свой загарадны дом . Акрамя гэтага дому тут стаяла каля дзесяці сялянскіх драўляных крытых саломаю хатак , вельмі прыгожых , нібы цацачных . Былі загоны і хлявы для быдла , студня з жураўлём , маленькія агародчыкі , лавачкі каля хатак .
Па ўсёй Рэчы Паспалітай квітнела мода на сарматызм , пакланенне продкам-сарматам , якія прыйшлі калісьці ў Еўропу з усходніх спякотных стэпаў і зрабіліся ваяўнічай гераічнай шляхтай . Уладарыў культ апрашчэння , набліжэння да прыродных каранёў . Вось чаму пыхлівыя магнаты са сваімі капрызлівымі распешчанымі жонкамі на некалькі дзён ператвараліся ў звычайных хлопаў і хлопак , апраналі хлопскае адзенне , бралі ў белыя рукі сярпы і косы , старанна хадзілі за плужком , выганялі ў поле скаціну , жылі ў маленькіх драўляных хатках . Вядома ж , гэта была толькі гульня .Усе гэтыя “ сяляне і сялянкі “ цудоўна ведалі , што яны паны , гаспадары ўсяго жывога і мёртвага на гэтай зямлі , што варта ім толькі шчоўкнуць пальцам , і да іхніх ног упадуць дзесяткі рабоў і рабынь , каб неадкладна выканаць іхні самы нечуваны капрыз , бо нездарма спрадвеку кажуць : пан пануе , а хлоп гаруе . Але такою была мода , а ваяваць супраць моды ва ўсе часы лічылася і лічыцца безгустоўным . Самі сябе ўдзельнікі гэтага маскараду называлі на італьянскі манер пейзанамі .
Вось куды саслаў разгневаны Радзівіл свайго сына . Ян Юрый , пакорліва згадзіўшыся , падпарадкаваўшыся без аніякіх пярэчанняў бацькавай волі , жорстка памыліўся , калі палічыў , што ў Альбе ён таксама зробіцца на нейкі час бесклапотным пейзанінам . Усяго адну ноч пераначаваў ён у прыгожай хатцы . А назаўтра з самай раніцы з пышнай світаю зноў аб”явіўся ў Альбе Мікалай Крыштоф , грозны , халоднавокі , загадаў сыну выйсці на вуліцу . Яшчэ туман поўз па лагчынах , бялеўся , як гусіны пух . Нясмела пачыналі кукарэкаць пеўні . Непадалёку стары свінапас выганяў на пашу гурт пярэстых вісклівых свіней . Радзівіл узмахам рукі паклікаў яго да сябе . Пастух , хуценька здзёршы з лысай галавы брудную пакамечаную шапку-аблавушку , падбег да князя , нізка-нізка сагнуўся ў паклоне .
- Як завуць цябе ? – спытаў Радзівіл .
- Міхаіла , - спалохана прашалясцела ў адказ .
- Вось гэты , - пальцам у залатых пярсцёнках тыцнуў князь на Яна Юрыя , - з сённяшняга дня будзе ў цябе за падпаска . Зразумеў ?
У адказ было мёртвае маўчанне . Выцвілыя старэчыя вочы свінапаса напоўніліся невымерным жахам .
- Будзе тваім падпаскам , - княжы голас усё болей люцеў , - І пугі , пугі не шкадуй ! Калі што не так зробіць , пугаю яго , пугаю ! Вось гэтак !
Мікалай Крыштоф Радзівіл вырваў з рук у старога пугу , шырока размахнуўся і з усяе сілы шлегануў , але не сына , а самога свінапаса . Той скурчыўся ад болю . Раскошная яркая світа начале з нясвіжскім ардынатам велічна развярнулася і паехала ў палац . На вясковай туманістай вуліцы засталіся толькі свінячы пастух , княжыч Ян Юрый і мітуслівыя вечна галодныя свінні .
Праз нейкі час Аляксандр Лісоўскі даведаўся пра ўсё гэта і зразумеў па якой прычыне так холадна сустрэў лісоўчыкаў Нясвіж . Падсаладзіла сітуацыю тое , што Жыгімонт III Ваза за гераічныя дзеянні пад Кірхгольмам надаў яму чын каралеўскага палкоўніка . З такой радаснай нагоды паімчаўся ён у Вільню ў Гаспадарскую канцылярыю да канцлера Льва Іванавіча Сапегі . Калі садзіўся на каня , падбегла бледнатварая вельмі ўсхваляваная дзяўчынка , спытала задыханым голасам :
- Пане Лісоўскі , а дзе мой бацька ?
- Які бацька ? – не зразумеў ён , ужо намерыўшыся ўдарыць шпорамі каня .
- Шляхціц Вітаўт Казімір Гарткевіч . Я дачка ягоная – Ванда , - адказала дзяўчынка і пазірала знізу ўверх з трывогай і мальбою .
- Гарткевіч ? – успамінаючы , пацёр лоб Аляксандр Язэп і павярнуўся да сваіх спадарожнікаў , - Можа , загінуў ?
- Застаўся ў Рызе , - падказалі яму , - У яго пад Кірхгольмам цяжка паранілі каня , і ён застаўся ў Рызе .
- Застаўся ў Рызе , - як рэха , паўтарыла дзяўчынка і пайшла прэч , журботна апусціўшы прыгожую русую галоўку . Здавалася , для яе патух сонечны дзень .
- Не хвалюйся , маладая паненачка . Ён вернецца . Абавязкова вернецца . Галоўнае , што бацька твой жывы , і за гэта вялікі дзякуй Пану Богу , - сказаў услед ёй Лісоўскі . Ён раптам з вострым сумам падумаў , што заўсёды , калі толькі з”яўлялася жаданне , меў для юрлівай уцехі дужа шмат кабетаў , але ўсё не хапала часу нарадзіць і ўзгадаваць уласных дзяцей , і ніхто на белым свеце не будзе чакаць яго з бітвы вось так , як чакае свайго бацьку гэтая дзяўчынка . Падумаўшы пра такое , уздыхнуў і прышпорыў каня .
Канцлер Сапега вельмі цёпла сустрэў новага палкоўніка , павіншаваў , доўга ціснуў намазоленую эфесам шаблі далонь . Потым распытваў пра кірхгольмскую бітву , цікавіўся ці праўда , што шведы выдатныя ваяры .
- Праўда , пане канцлер , - з усёй шчырасцю адказваў Лісоўскі , - Хацеў бы я , каб у мяне былі такія . Яны , як крэмень , як валуны . Стаяць да канца .
- Але ж мы іх пабілі , - задаволена рассмяяўся Сапега , - Яны , шведы , як крэмень , а мы іх пабілі . Чаму здарылася такое , пан палкоўнік ?
- Не ведаю , - адказаў Лісоўскі , - Пабілі , і ўсё . Бог даў нам такі шанец .
- А я ведаю , - зірнуў яму проста ў вочы Леў Сапега , і ў позірку заіскрыўся метал , - І ты ведаеш , пан палкоўнік . Мы перамаглі , мы клалі за дзяржаву горлы свае таму , што баранілі родны дом , баранілі спрадвечную полацкую раку Рубон . Швед ішоў забраць чужое , мы ж біліся за сваё . І не палохаліся ворага , хоць ведалі , што вайны без мёртвых не бывае . Мы добра засвоілі мудрасць нашых продкаў : “ Забіце павука , а павуцінне рассыпіцца само сабой “ .
Потым канцлер загаварыў пра ўсходнія маскавіцкія справы , пра цара Дзмітрыя Першага Іванавіча , што шчасліва пазбег смерці ад рук людзей Гадунова і сядзіць на маскоўскім троне , хоць шмат хто называе яго Самазванцам ці Разстрыгаю . Загаварыў пра Смаленск , які яшчэ Вітаўт у свой час далучыў да Вялікага Княства Літоўскага , але Масква ў 1514 годзе зноў захапіла гэты крывіцкі горад .
- Крыўдна мне і балюча , - казаў канцлер , - Мы , Сапегі , са смаленскіх баяраў . Там нашы спрадвечныя вотчыны , нашы землі . Але нас выгналі адтуль , выгналі ненаеднікі-ненасытнікі , якім заўсёды чагосьці не хапае . Кітайскі правіцель Шан Ян яшчэ за трыста гадоў да нараджэння Хрыстова пісаў : “ Калі людзі дурныя , можна ўладарыць над імі пры дапамозе розуму ; калі ж людзі разумныя , можна ўладарыць над імі толькі пры дапамозе сілы “ . Маскоўскія цары прызнаюць і паважаюць толькі сілу . Вось таму і мы павінны быць моцнымі , быць адважнымі і рашучымі . Сёння спрыяльны момант , каб вярнуць назад усё забранае ў нас сілай . “ Ex unque leonem “ – Па кіпцюрах пазнаЮць льва . Так што не заплывай лішнім тлушчам , пан палкоўнік , рыхтуйся і рыхтуй сваіх людзей – неўзабаве пойдзем на Маскву .
Колькасць прачытаўшых: 423 Колькасць вогдукаў: 0