Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел чатырнаццаты

XIV

Лісоўчыкі пайшлі на ўсход улетку 1607 году . Перад гэтым адбылося шмат дужа нечаканых , дужа бліскучых і дужа крывавых падзей . 20 чэрвеня 1605 году Дзмітрый Першы ўрачыста ўступіў у Маскву . Ярка ззяла ў блакітным небе прамяністае цёплае сонца . Паперадзе крочылі літаўршчыкі і трубачы . Гучаў напорысты вайсковы марш . Следам за імі густымі шыхтамі ўліваліся ў горад вершнікі з дзідамі і пішчальнікі . Праносіліся цудоўна аздобленыя калясніцы , у якія шасцернямі былі запрэжаны коні з царскай стайні . Потым громам сваіх барабанаў аглушылі наваколле барабаншчыкі . Ішлі праваслаўныя святары з крыжамі і маскоўскія дружыны . Новы цар гарцаваў на белым кані ў атачэнні шасцідзесяці самых радавітых , самых знаных князёў і баяраў . Як за пчалінай маткаю , за Дзмітрыем Іванавічам клубіўся бясконцы шчыльны рой ліцвінаў , ляхаў , немцаў , казакоў і стральцоў . Радасна званілі званы маскоўскіх цэркваў . Народ запаланіў усе вуліцы , ляпіўся на дахах будынкаў , на вежах і крапасных сценах . Нібы па ўзмаху нейкай чароўнай рукі , людзі валіліся на калені , з неймавернай жарсцю ўсклікаючы :

- Добры дзень , айцец наш , гасудар і вялікі князь Дзмітрый Іаанавіч , выратаваны Богам для нашага працвітання ! Ззяй і красуйся , о , сонца Русі ! Многія лета гасудару нашаму Дзмітрыю ! Ды загінуць ворагі ягоныя !

Уздым і славаспеў быў усеагульны . Умее Масква вітаць сваіх уладароў . Адразу пачаліся пышныя баляванні . Цар з вяльможамі і святарамі шумна баляваў у крамлёўскім палацы . Усе астатнія пілі і весяліліся да глыбокай ночы на плошчах і вуліцах пры святле траскучых вогнішчаў . Але , як здавён павялося ў Масковіі , вялікае віно заўсёды льецца перад вялікай крывёю .

Напачатку амаль усе верылі , што новы цар і ёсць шчасліва ацалелы сын Івана Жахлівага дзевяцігадовы Дзмітрый . Казалі , што Гадуноў , надумаўшы пазбавіць юнага царэвіча жыцця , расказаў пра свой намер ягонаму доктару , старому немцу Сіману і запытаў ці згодны той удзельнічаць у такой справе . Немец даў згоду , але загаварыла ў ім хрысціянская душа , і ён адкрыў жахлівую тайну хлапчуку . “ Ці зможаш ты , царэвіч , сцярпець выгнанне , бядоты і жабрацтва , калі Богу заўгодна будзе выпрабаваць цябе ўсім гэтым ? “ , – спытаў немец . “ Змагу “ , - цвёрда адказаў Дзмітрый . І Сіман прашаптаў яму на вуха : “ Гэтай ноччу цябе хочуць забіць . Кладучыся спаць , памяняйся адзеннем са слугою , сваім равеснікам , і хай ён ляжа ў твой ложак . Сам жа схавайся за печчу “ . Дзмітрый зрабіў усё дакладна так , як навучыў яго медык . Роўна ў поўнач ціхенька расчыніліся дзверы апачывальні , увайшлі два чалавекі і зарэзалі таго , хто спаў у ложку . Самі ж уцяклі . Раніцою ўзняўся крык , гвалт – убачылі зарэзанага . Маці-царыца кінулася да трупа і , не разабраўшыся ў вялікім адчаі , што гэта не ейны сын , пачала галасіць . Царскі палац напоўніўся ўзброенай вартай . Пачалі шукаць забойцаў , рэзаць усіх , хто падвярнуўся пад руку . Дзмітрый жа схаваўся ў дальнім куточку палаца , сядзеў там , як мыш , да самай цемры . Потым Сіман вывеў яго , і яны на конях паімчаліся далей ад Вугліча . Спачатку знайшлі прытулак у князя Івана Мсціслаўскага , якога яшчэ Іван Жахлівы выслаў у Северскую Украіну . Затым перабраліся ў Вялікае Княства Літоўскае .

Цар Барыс Гадуноў , вядома ж , адразу знайшоў людзей , якія бачылі як Дзмітрый гуляў з ножыкам-складанчыкам і напароўся на вострае лязо падчас прыпадку эпілепсіі . Той жа , хто называе сябе ўратаваным царэвічам , аб”явіў у сваёй царскай грамаце Гадуноў , усяго толькі беглы манах Юшка Атрэп”еў . Ды яму ўжо ніхто не верыў . Не верылі памешчыкі . Не верылі сяляне , у якіх ён адабраў Юр”еў дзень і ператварыў у прыгонных . У дадатак да ўсяго на Масковію ў 1601 годзе наваліўся дзікі голад . Усю вясну на працягу дзесяці тыдняў ліў бясконцы суровы дождж , ды такі , што сяляне не маглі ні касіць , ні жаць . А 15 жніўня жорсткі мароз знішчыў увесь зялёны хлеб і ўсе плады ў садах і агародах . У Маскве людзі ляжалі проста на вуліцах і , нібы скаціна , жавалі траву . У мёртвых у роце знаходзілі сена . Конскае мяса зрабілася найдаражэйшым ласункам . Елі сабак , кошак . Людзі былі горш звяроў – кідалі жонак і дзяцей , каб не дзяліцца з імі кавалачкам хлеба . Рабавалі , забівалі за хлебную скібку , пажыралі адно аднога . Чалавечае мяса прадавалася ў пірагах на рынках . Падарожнікі баяліся спыняцца дзе-небудзь на начлег , бо гаспадары начлежак уначы давілі , рэзалі іх сонных , каб ператварыць іхнія целы ў жахлівую ежу .

Вось чаму 20 чэрвеня 1605 году ў Маскву ўрачыста ўехаў Дзмітрый Першы , як збаўца , як надзея на лепшае спакайнейшае і сыцейшае жыццё . Яго прызналі патрыярх , баяры , войска . Яго , як свайго роднага сына Дзмітрыя , прызнала царыца Марфа , удава Івана Жахлівага , што трынаццаць гадоў , праліваючы няўцешныя слёзы , жыла інакіняй у Выксінскай пустэльні за пяцьсот вёрстаў ад Масквы . Новы цар паслаў за ёю . І яна прыехала і разам з царом увайшла ў багаты цудоўны намёт , які паставілі каля дарогі . Аб чым гаварылі яны там ? Што абяцалі адно адному ? Марфа , пэўна ж , не эабылася , як падчас ейнага выдалення ў ссылку князь Фрол Тацішчаў хвастануў яе з усяго пляча бізуном . “ Па якому праву ты б”еш мяне , сваю царыцу ? “ , - спытала тады яна . “ Мне загадаў цар “ , - адказаў Тацішчаў і хвастануў яшчэ балючэй .

Праз нейкі час царыца выйшла з намёту пад яснае сонца і з радаснымі слязамі шчасця на вачах абняла і пацалавала новага цара , як свайго роднага сына . Народ плакаў ад захаплення . Дзмітрый , далікатна падтрымліваючы пад локаць , пасадзіў маці ў раскошную калясніцу , а сам з непакрытаю галавою некалькі вёрстаў пачціва ішоў за калясніцаю .

18 траўня 1606 году цар Дзмітрый Першы ўзяў шлюб з Марынай Мнішак , дачкой сандамірскага ваяводы Ежы Мнішака , якую каранавалі як маскоўскую царыцу . Яшчэ ў 1604 годзе яна была сасватана за царэвіча Дзмітрыя . На тым сватаўстве прысутнічаў і горача вітаў яго Леў Сапега . Канцлер хацеў такім чынам непарушна злучыць Рэч Паспалітую з Масковіяй , паказаўшы апошняй шлях з Азіі ў Еўропу . Здавалася , што мара Сапегі аб федэрацыі , аб зліцці ў адну дзяржаву вось-вось здзейсніцца - на маскоўскі трон сеў чалавек , які падтрымліваў канцлераву задуму . Ды ўсё нечакана разламалася , рухнула , пайшло горкім прахам .

Амаль роўна праз год пасля пышнага вяселля ( не хапіла толькі аднаго дня ! ) 17 траўня 1607 году ўдарылі ў звон напачатку толькі ў царкве Святога Іллі . Але праз некалькі імгненняў набатна- трывожна загрымелі званы ўсёй Масквы , усе сорак саракоў , і жыхары стольнага гораду з дзідамі , мячамі і аркебузамі рынуліся на Чырвоную плошчу . Беглі стральцы , дзеці баярскія , прыказныя людзі , гандляры , галота з ускраінаў . Гнеў разрываў душы . Маскавіты ўспомнілі , што яны спрадвеку ганарыстыя людзі , яны праваслаўныя , яны , можна сказаць , пуп зямлі , а тут панаехалі ў іхні горад ліцвіны з ляхамі , нахабна гаспадарнічаюць , як у сябе дома , задзіраюць угору вус .

- Бі лаціннікаў і іхняга цара , іхняга разстрыгу-скамароха ! – бушавалі вуліцы і плошчы .

Каля Лобнага месца раз”юшаны народ ужо чакалі , седзячы на конях у поўных баявых даспехах , баяры , князі і ваяводы . Расчынілі Спаскую браму , што вядзе ў Крэмль . Князь Васіль Шуйскі , трымаючы ў адной руцэ меч , у другой – распяцце , з суровым і натхнёным бляскам у вачах уехаў у Крэмль , злез з каня , у храме Успення пацалаваў святую Уладзімірскую ікону , крыкнуў натоўпу :

- Ідзіце ў царскі палац і ва славу імя Божага схапіце злога ерэтыка !

Яму не прыйшлося паўтараць свой кліч . Не першы раз бунтавала Масква . Тутэйшы

люд , што яшчэ ўчора самааддана падаў на калені перад новым царом , страсна цалаваў зямлю там , дзе ступала ягоная нага , нібы гэта быў пераможца на Куліковым полі ці заваёўнік Казані , сёння гатовы быў разадраць яго на дробныя кавалачкі . У чым прычына такіх рэзкіх пераменаў , такіх катастрафічных хістанняў настрою ? Цяжка адказаць адназначна . Але , думаецца , далёка не апошняя роля належыць тут псіхалогіі вечнага чалавека-нікчэмніка , хітрага раба , які вымушаны цалаваць руку , што хвошча яго па шчоках , шчасліва ўсміхацца і патаемна марыць аб тым дні , калі можна будзе адсекчы гэтую ненавісную руку па самы локаць .

Цар , разбуджаны крыкамі , усхапіўся са свайго ложа , хуценька апрануўся . Потым зірнуў у вакно , убачыў як пад ранішнім сонцам ярасна блішчаць вострыя дзіды і мячы .

- Што гэта ? – здзівіўся ён .

- Пэўна , гарыць Масква , - адказалі яму .

- Дзе Басманаў ? ! – закрычаў цар , - Пазавіце да мяне майго вернага Басманава !

У апачывальню ўвабег Пётр Басманаў , які начаваў у палацы непадалёк ад цара , сказаў з вялікім адчаем :

- Усё скончылася . Масква бунтуе . Хочуць тваёй галавы . Ратуйся .

У сенях , што вялі ў царскія пакоі , ужо ўсё калацілася пад цяжкімі нагамі лютага натоўпу . Цар пабляднеў , выхапіў з рук у целаахоўніка немца Шварцгофа бярдыш , рэзка расчыніў дзверы ў сені , адважна крыкнуў у твар нападнікам :

- Я вам не Гадуноў ! Я – сын Іаанаў !

У адказ прагучалі стрэлы з аркебузаў . Кулі цудам не зачапілі цара . Ён зачыніў дзверы , запёр іх на металічны прэнт .

У палацы было пяцьдзесят немцаў ахоўнікаў , каля трыццаці ліцвінаў і палякаў , слугі і музыкі , што кожны вечар цешылі цара песнямі і вясёлымі скокамі . І быў Пётр Басманаў , ваявода цара Фёдара Барысавіча , які адхітнуўшыся ад сямейства Гадуновых , паверыў новаму цару , стаў на ягоны бок і прысягнуў яму . Зараз гэтую прысягу-роту трэба было аплочваць уласнай крывёю , уласным жыццём .

Калі пачалі біць у дзверы , ламаць іх , Басманаў вышаў да натоўпу , пачаў угаворваць князёў Галіцыных , баяраў Міхайлу Салтыкова і Міхайлу Тацішчава , адумацца , супакоіцца , не ўсчынаць крывавы бунт .

- Міхайла Васільевіч , - з мальбой у голасе і бледнасцю на твары сказаў ён Тацішчаву , - я выратаваў цябе ад ссылкі , абараніў цябе перад царом Дзмітрыем Іаанавічам . Абарані ж і ты мяне . Не дай праліцца крыві . Цар за гэта даруе табе новыя міласці .

- Зладзей ! Каціся ў пекла разам са сваім царом ! Каціся каўбаскай па Малой Спаскай ! – плюнуў яму ў твар , размашыста варсануў нажом проста ў сэрца Тацішчаў . Гэта адбылося так імгненна , так нечакана , што ўсе прысутныя на нейкі момант як бы аслупянелі . І адразу ж пралітая кроў уладна запатрабавала новай крыві . Народ пачаў уломвацца ў палац , усё змятаючы на сваёй дарозе . Стаяў дзікі крык :

- Літва рэжа баяр ! Абаронім нашых баяр !

Раззброілі целаахоўнікаў . Тых , хто спрабаваў супраціўляцца , забілі . Шляхціц Канстант Вішнявецкі страляў у натоўн з луку , паклаў некалькі чалавек , ды ўрэшце рэшт яго звалілі на падлогу , пачалі біць , трушчыць нагамі . Цар памкнуўся быў яшчэ раз выйсці ў сені , закасаў рукавы сваёй чырвонай кашулі , схапіў шаблю , што вісела на сцяне , але раптоўна перадумаў , кінуў шаблю , абмяк , атуліў твар рукамі . Хто б ён ні быў , самазванец або прыроджаны царскі сын , ён , як кожны чалавек , не хацеў паміраць , хацеў жыць . І ён , ратуючыся , пабег па шматлікіх палацавых пакоях , як па нейкім жахлівым лабірынце .

Тым часам бунтаўшчыкі высеклі загадзя прынесенымі сякерамі дошкі ў сцяне , пралезлі з сяней ў царскую апачывальню , ірвануліся следам за царом , як ганчакі за ваўком . Тупат мноства ног заглушаў усе іншыя гукі .

Каля пакоя сваёй жонкі Марыны цар на імгненне прыпыніўся , крыкнуў :

- Ратуйся ! Хавайся !

На жаночай палове палацу ўсчаўся віск . Царыцыны фрэйліны з вялікага перапалоху трацілі прытомнасць . Адліваць іх вадой не было каму , бо прыслужніцы і прыслужнікі пахаваліся хто куды . Ды не ўсе фрэйліны змярцвелі ад жаху . Адна з іх , палячка Хмялеўская , схапіла цяжкую качаргу ад каміна і стукнула ёю стральцу па галаве . Стралец упаў , але ўпала і паненка Хмялеўская – куля прашыла ёй грудзі . Разам з Хмялеўскай былі дзве маладзенькія фрэйліначкі .

- Пакаштуем салодкага мяска! – залемантаваў , завыў злюцелы натоўп . Фрэйліначак згвалцілі і тут жа забілі .

Цар увабег у нядаўна пабудаваны каменны палац , азірнуўся . Пагоня была непадалёку . Чырвоныя распараныя твары стральцоў і дзяцей баярскіх гарэлі нянавісцю . І тады ён скокнуў у вакно , мяркуючы патрапіць на падмосткі , якія ўзвялі да дня ягонага вяселля . Падмосткі былі мокрыя ад начнога дажджу . Цар паслізнуўся , страціў раўнавагу , паляцеў уніз на цвёрдую зямлю .

Ён разбіў сабе грудзі і галаву . З роту няспынным ручаём лілася кроў . Ён ляжаў і пакутліва стагнаў . Немец-ахоўнік Фірстэнберг узяў цара на рукі , занёс назад у царскі пакой , пачаў абмываць раны халоднай вадою . Неўзабаве туды ўламаліся баяры , каб дапытваць пакалечанага цара , які то траціў прытомнасць , то на нейкі час выплываў з забыцця . . Фірстэнберга забілі , не жадаючы мець сведку допытаў .

- Хто ты ? - пыталіся баяры , - Расстрыга Грышка Атрэп”еў з Чудава манастыра ?

- Я – сын цара Іаана Васільевіча Дзмітрый , - цвёрда адказваў гэты дзіўны таямнічы чалавек , і вочы натхнёна блішчалі .

Тут у царскі пакой раптам увайшло пятнаццаць- дваццаць узброеных стральцоў , якія перад гэтым ахоўвалі цара . Стральцы адцяснілі баяраў , сказаўшы :

- Мы не выдадзім яго . Прывядзіце царыцу-інакіню . Калі яна аб”явіць , што ён ейны сын , мы памрэм за яго . Калі ж акажацца , што ён Ілжэдзмітрый , забірайце з сабой .

З келлі прывезлі Марфу , і пры ўсім народзе былая царыца прызналася , што яе роднага сына зарэзалі ў Вуглічы , і ён сканаў у яе на руках .

- Гэты ж смярдзючы пёс , - Марфа палахліва азірнулася на пакалечанага , які цяжка стагнаў , - ніякі не царскі сын . Гэтага аспіда я ніколі не ведала і ніколі не бачыла . А тое , што прызнала ў ім свайго роднага сыны , магу патлумачыць толькі жаночай слабасцю і найвялікшым страхам .

Зямны лёс новага маскоўскага цара Дзмітрыя Першага на гэтым скончыўся . Дваране Іван Вайяйкоў і Рыгор Валуеў двума стрэламі з аркебузаў прыкончылі яго . Азвярэлы натоўп кінуўся шкуматаць забітага , раздзіраць на кавалкі . Яго секлі мячамі , калолі дзідамі і бярдышамі , кінулі на ўжо пахаладзелы труп Басманава з крыкам :

- Будзьце неразлучныя і ў пекле ! Вы так любілі адзін аднога !

Потым нябожчыкаў павалаклі на Лобнае месца . Там іх распранулі да голай скуры . Цара паклалі на стол , начапілі яму на разбіты твар маску блазна , усунулі ў мёртвыя рукі валынку , а ў рот дудку , пачалі кружыцца , танцаваць наўкола з вясёлым прытупам і прысвістам :

- Іграй нам , скамарох !

Тры дні ляжала знявечанае цела на Лобным месцы . Кожны мог падыйсці і плюнуць на яго , крыкнуць мацерныя словы . Казалі , што ўначы над трупам ззяла яркае святло , а на грудзях у забітага сядзеў белы голуб . Калі ж варта , што хадзіла вакол Лобнага месца , набліжалася , святло тухла , а голуб знікаў . Нарэшце тое , што засталося ад былога цара , вывезлі і закапалі каля палявой дарогі за серпухаўскай брамаю . Ды нядоўга спачывалі ў зямлі тленныя косткі . Якраз тады ў які ўжо раз наваліліся на Масковію ў траўні месяцы люты мароз і голад . Прычыну няшчасця знайшлі вельмі хутка – гэта , вядома ж , быў самазванец-разстрыга , які нават мёртвы , нават лежачы ў труне , наводзіў псоту на праваслаўнае царства . Труп выдзерлі з зямлі , спалілі , змяшалі попел з порахам і з найвялікшай бурнай радасцю стрэлілі ім з гарматы ў той бок , адкуль некалі прыйшоў пракляты ненавіснік .

Ягоную жонку , маскоўскую царыцу Марыну Мнішак , саслалі ў Яраслаўль . Перад гэтым распусцілі чуткі , што падчас штурму царскага палацу яна хавалася пад пышнай спадніцаю сваёй гофмейстэрыны , і да голага дна выграблі цудоўнае залатое адзенне з усіх ейных куфраў .

Ды дарэмна радаваліся Масква і Масковія . Бядоты толькі-толькі пачыналіся . Сакрушальная зваротная хваля , аб якой казаў канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Іванавіч Сапега , нястрымна ішла з захаду на ўсход , ішла , усё змятаючы на сваёй вогненнай крывавай дарозе .

Новым царом абралі князя Васіля Іванавіча Шуйскага . Гэта быў адважны і разумны чалавек ( яго нават лічылі валхвом ) , але з някідкай няцарскай знешнасцю . Маларослы , тоўсты , з шырокім ротам і дужа смуглым тварам , з чырвонымі падслепаватымі вачыма . З такім тварам палохаць дзяцей , выскокваючы з канопляў , а не сядзець на залатым троне ў шапцы Манамаха .

Тры дні званілі званы ўсіх цэркваў ад Масквы да Астрахані і Чарнігава , ад Сібіры да Архангельска . У цэрквах чыталі граматы ад баяраў , ад царыцы-інакіні Марфы і новага цара Васіля , якога называлі нашчадкам Кесара Рымскага .

Шуйскі загадаў перавезці з Вугліча ў Маскву цела сапраўднага Дзмітрыя Іаанавіча . Мясцовы люд доўга не згаджаўся выдаць парэшткі юнага пакутніка , але магілу ўсё-ткі раскапалі . Знялі накрыўку труны і ўбачылі прыгожага хлапчука , цела якога за пятнаццаць гадоў ледзь кранула кіпцюрыстая лапа смерці . Твар і валасы на галаве былі цэлыя . На тонкай шыі зіхцелі жамчужныя карАлі . Левая рука ўсё яшчэ трымала вышываную хусцінку . Хлапчук быў апрануты ў залатое і срэбнае адзенне , абуты ў маленькія чырвоныя боцікі . Ды найбольшае замілаванне і слёзы выклікала ва ўсіх тое , што ў правым кулачку юны нябожчык сціскаў жменьку лясных арэхаў . Пэўна , толькі захацеў паласавацца імі , а яго раптоўна ўдарылі нажом .

Плакала ўся Масковія . За грозныя стагоддзі , што праляцелі на ейных велізарных абшарах , яна добра навучылася плакаць . Але вельмі хутка слёзы гэтыя за непатрэбнасцю высыхалі , і недарэмна кажуць : “ Масква слязам не верыць “ .

Нядоўга піў салодкую мальвазію цар Шуйскі . Амаль назаўтра ж пасля ўрачыстага стрэлу з гарматы , якая была зараджана прахам самазванца , пайшла ў народзе гаворка , што цар Дзмітрый Іаанавіч жывы і здаровы , што за некалькі гадзін да мецяжу ён разам з двума царадворцамі паімчаўся вершна ў невядомым накірунку ў начную імглу . На беразе Акі , непадалёк ад Серпухава , бачылі трох таямнічых мужчын . Адзін з іх даў перавозчыку сем залатавікоў , прамовіў :

- Ці пазнаў ты нас ? Ты перавёз у сваім човене цара Дзмітрыя Іаанавіча , які ратуецца ад маскоўскіх здраднікаў , каб вярнуцца з магутным войскам , пакараць іх , а цябе зрабіць вялікім чалавекам . Вось ён .

І паказаў рукою на свайго маладога маўклівага спадарожніка . Шмат хто сустракаў потым гэтых людзей каля Тулы і каля Пуціўлю , дзе ваяводам быў князь Рыгор Пятровіч Шахоўскі . Яго прыслаў сюды Шуйскі з надзеяю , што той умацуе межы дзяржавы , абароніць дзяржаву ад бунтаўшчыкоў Івана Балотнікава і Хлапка , ад запарожскіх і данскіх казакоў , якія чорнай хмараю навіслі над усім поўднем Маскоўшчыны . Ды Шахоўскі , асвойтаўшыся на новым месцы , асмялеўшы , палічыўшы , што Васіль Шуйскі няцвёрда сядзіць на троне , сказаў перад агромністым скопішчам народу :

- Маскоўскія гарлахваты замест Дзмітрыя забілі нейкага немца . Дзмітрый жа , ісцінны сын Іаанаў , жывы , але хаваецца да часу , чакае нашай з вамі дапамогі . І мы павінны аказаць сапраўднаму цару такую дапамогу , бо крывапіўца Васіль Шуйскі рыхтуе ўсім нам гэткія ж самыя кары , якімі Іван Жахлівы караў , раздзіраў на крывавыя ашмоткі наўгародцаў . Так што не толькі для падтрымкі цара Дзмітрыя , але й для ўласнага ратавання мы павінны паўстаць .

І народ паўстаў . Мараўск , Чарнігаў , Старадуб , Ноўгарад-Северскі , Белгарад , Аскол , Трубчэўск , Кромы , Ліўны , Ялец адклаліся ад Масквы . Тры ж таямнічыя чалавекі выехалі напачатку ў Вялікае Княства Літоўскае , а затым у Польшчу , і неўзабаве ўся Еўропа ведала – маскоўскі цар Дзмітрый Іаанавіч жывы і хутка рушыць у паход , каб адваяваць свой законны трон !

Калі такія весткі дайшлі да Васіля Шуйскага , той разгублена і здзіўлена ўсклікнуў :

- І колькі іх , Іаанавых сыноў , яшчэ будзе на маю бедную галаву ?!

Адзін з прыдворных баяраў пажартаваў :

- Ім , Юшкам Атрэп”евым , стрэлілі з гарматы , а ён прыляцеў , вярнуўся назад .

Ды жарт быў вельмі і вельмі няўдалы , Як звер , гнеўна рыкнуў Шуйскі , схапіў баярына за бараду , закрычаў , пырскаючы слінай :

- На кол захацеў ?! Дык пасаджу ! І будзеш екатаць там , як шалудзівы пёс , пакуль не здохнеш !

Рэч Паспалітая вырашыла падтрымаць шчасліва ацалелага маскоўскага цара , дапамагчы яму вярнуць трон . І магнаты , і засцянковая шляхта , і Жыгімонт III Ваза , і Мікалай Крыштоф Радзівіл , і канцлер Леў Сапега былі адзінадушныя – нельга марудзіць , нельга каб умацаваўся , набраў сілу Васіль Шуйскі . Потым яго , як капавы нараст на бярозе , ужо не аддзярэш ад трону . Атрады польскай і ліцвінскай шляхты , у тым ліку , і лісоўчыкі , пайшлі ў Старадуб , дзе гуртаваў войска Дзмітрый Іаанавіч , ён жа , па словах крамлёўскіх дзякаў і паддзячых , Ілжэдзмітрый Другі . Зіхцеў росамі , бліскаў маланкамі , заліваўся салаўямі ў зялёных шумналістых гаях чэрвень 1607 году .

Аляксандр Лісоўскі , ганарліва седзячы на ільсніста-чорным порсткім жарабку , сціскаючы эфес шаблі , сказаў-крыкнуў сваім людзям :

- Наступіў наш час . Ідзем уперад . Ідзем хутка . Без правіянту і абозу , але з імем Божым . Бярэм толькі адзін уюк з тканінай , якой перавязваюць крывавыя раны , і два катлы для гарачай ежы . І ўсё . Кормімся самі і кормім сваіх коней тым , што здабудзем у баях . Шануй каня дома , а ён будзе шанаваць цябе ў дарозе . Сёння Масковія , як дзіравае рэшата . Будзем прабівацца , пранікаць у ейныя дзіркі , каб біць праціўніка з тылу , на яго ж зямлі . Мяккасардэчным не месца між лісоўчыкаў . Пакорлівым , як быдлятка Валаамава , таксама не месца . Хто баіцца крыві і смерці , поту і мазалёў , няхай застаецца дома . І я не пакрыўджуся на яго . Але той , хто пойдзе са мною , хто дабраахвотна ўзваліць на сябе гэты крыж , ведай – я не дарую слабасці і палахлівасці , не спушчу гультаю і дармаеду . Рымскія мудрацы калісьці навучалі : “ Lupus non mordet lupum “ – Воўк не кусае ваўка . Няпраўда . Я , Аляксандр Лісоўскі , воўк , і я ўкушу , прытым , укушу вельмі балюча кожнага з вас ,маіх ваўкоў , хто асмеліцца не паслухацца мяне і не падпарадкавацца мне . Мы ідзем у небяспечны паход без свайго капелана , але з Хрыстом у сэрцы . Паслухаем жа ў напуцце словы , якія скажа нам манах-багамолец Віленскага манастыра Святой Тройцы Ясафат з роду Кунцэвічаў .

Усе ўбачылі высокага танклявага чалавека гадоў дваццаці пяці-трыццаці ў чорнай манаскай расе з капюшонам . Ён рэзкім рухам скінуў з галавы капюшон , трасянуў густымі русымі валасамі . Твар ягоны , аблямцаваны невялікай кучаравай бародкай , быў бледны , свяціўся незвычайнай натхнёнасцю .

- Шаноўнае панства , - звонкім рашучым голасам загаварыў Ясафат Кунцэвіч , - Вы , хрысціянскія рыцары , выпраўляецеся сёння ў далёкі суровы шлях . Там , паміж ворагаў , паміж схізматаў , дзе пад гнётам цароў праваслаўе ператварылася ў пустаслаўе , бараніце нашу святую вуніяцкую веру . Яна яшчэ вельмі маладзенькая , яна яшчэ , можна сказаць , дзіця . Хіба ж не абавязак кожнага хрысціяніна , кожнага адважнага мужчыны бараніць ад злыбяды чыстых душою і пакуль што бездапаможных дзяцей ? Жорсткім людзям лягчэй жыць на гэтым свеце . Іхняя душа не адчувае болю , смяецца , бачачы чужыя горкія слёзы . Ды вы , ведаю я , не такія . Вера ёсць дар Божы , але каталіцкая , не схізматычная і не ератычная , бо прызнаючы за адшчапенскай верай тое , што яна – дар Божы , вымушаныя будзем прызнаць , што й блюзнерства любой ерасі ёсць дар Божы . Жывіце ж беручы прыклад з вялікіх біскупаў – Хрызастома , Амброзія , Станіслава , якія не азіраліся на цэзараў , каралёў і вялікіх паноў , а рабілі тое , што паводле Бога і сумлення рабіць належыць . Няхай беражэ вас у нялёгкіх зямных справах вашых Пан Бог . Уславім жа яго , нашага Збаўцу , стаўшы на калені і праспяваўшы “ Te Deum Landamus “ .

Ён апусціўся на калені . Лісоўчыкі злезлі з коней і таксама ўкленчылі . Паляцела да сонечных нябёсаў святая натхнёная малітва .

Калі манах пайшоў , Аляксандр Лісоўскі , весела ўсміхаючыся , сказаў :

- А зараз перад цяжкой і , можа , смяротнай дарогаю ўспомнім наш старадаўні ліцвінскі тост , хоць піць пакуль што не будзем , бо вып”ем толькі пасля перамогі – каб дзеўка кахала , каб куля не брала , каб шабля не падсякала . Уперад жа , паны-брацці !

І ён прышпорыў каня . Тое ж самае зрабілі ўсе , як адзін , лісоўчыкі .

 

Колькасць прачытаўшых: 388
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007