XV
Лісоўскі спяшаўся , не шкадаваў ні сваіх людзей , ні сваіх коней . Маршрут быў такі : Вільня – Менск – Бабруйск – Магілёў – Прапойск – Папова Гара – Старадуб . Ехалі ад самага світання да вечаровай цемры . Потым , спыніўшыся на якой-небудь прыдатнай зялёнай лугавіне каля рачулкі або азерца , путалі коней , пускалі ў змрок скубсці траву , а самі , апаласнуўшыся ў чыстай свежай вадзе , хуценька глыталі сціплую вячэру і , выставіўшы варту , покатам клаліся спаць . І ўжо тады іх , цяжка стомленых , не маглі разбудзіць ні камары , што прагавіта зляталіся з усіх бакоў , ні лугавыя драчы са сваёй аднастайнай траскучай песняю . Моцны быў малады сон .
Неўзабаве лісоўчыкі ўбачылі цвёрды нораў свайго водцы . Пад адным з вершнікаў немцам Рудольфам спусціў дух , сканаў конь , не вытрымаўшы бязлітаснай дарогі . Бедная жывёліна , аскаліўшы жоўтыя доўгія зубы , нерухома ляжала на зямлі . У Рудольфа не было зменнага каня , хоць большасць лісоўчыкаў мелі такіх .
- Дзе тут баярскія і княскія табуны ?! – люта закрычаў Аляксандр Лісоўскі , - Каня возьмем там .
Ды ў гэтай беднай лесабалотнай старане , вядома ж , спрадвеку не было ніякіх табуноў , як , дарэчы , не было паблізу ні князёў і ні баяраў . Пустынны здратаваны пастаяннымі набегамі маскоўцаў край . Ці былі тут , увогуле , хоць якія-небудзь людзі ?
Людзі былі . Напароліся на невялікую лясную вёсачку , хат дзесяць , не болей . На стрэхах снапы хрумсткага азёрнага чароту . Тырчыць у сіняе неба журавель над старой бярвеністай студняю , у якой па шэрай вадзе плавае зялёнае лісце .
- Чые вы людзі ? Якога пана ? – грозна запытаў Лісоўскі ў згорбленага сівога дзядка , што сядзеў на прызбе ўкутаўшыся ў кажух з аўчынаў , хоць быў летні сквар . Насмерць спуджаны дзядок не паспеў расчыніць рот , каб што-кольвек адказаць , як Лісоўскі ўжо забыўся пра яго , бо ўбачыў на мурожнай вузкай вуліцы мужычка з канём . Мужычок , як і конь , быў яркай рудой масці і вёў сваю скацініну ўчапіўшыся худой рукою ў вяроўчатую аброць .
- Стой ! – загадаў яму Аляксандр Лісоўскі , пад”ехаў упрытык , саскочыў на зямлю , вырваў з ягонай рукі вяроўку , сказаў немцу Рудольфу :
- Бяры . Які ні які , а конь . Ты – Рудольф . Конь руды . Чым не пара ?
Агаломшаны мужычок застыў у здранцвенні . Потым , уцяміўшы нарэшце , што дзеецца , бухнуўся перад суровым незнаёмцам на калені , пачаў прасіць ломкім дрыготкім голасам :
- Пан , не забірай майго канька . Я без яго прападу . Мая сям”я прападзе з голаду .
Лісоўскі з хмурасцю пазіраў на яго . Мужычок , усё болей распаляючыся , поўзаў перад ім на каленях .
- Што круцішся , як вуж на гарачай блясе ?!– закрычаў Лісоўскі , - Змоўкні , бо ты ў мяне з рудога зробішся сінім , як загадаю спаласаваць бізунамі ! Айчына патрабуе ! Ведаеш , што такое Айчына ?! Пайшоў прэч , хам !
Нагою ў скураным чырвоным боце ён ударыў мужычка ў вузкія грудзі . Той упаў на спіну , падавіўшыся ўласным крыкам . Адчайна-слёзна блішчэлі шэрыя вочы . Пальцы тонкіх дужа загарэлых рук упіваліся ў жаўтлявы пясок .
Немец Рудольф , якому Лісоўскі аддаў мужыцкага каня , не ведаў , што рабіць , нервова кусаючы пухлаватыя вусны . Ён разумеў – з-за яго ляжыць на зямлі і па-сабачы скуголіць худы змучаны чалавек у бедным неахайным адзенні . Ён , забіраючы каня , забірае ў гэтага чалавека і ў ягоных дзяцей ( а дзяцей , пэўна ж , шмат ) само жыццё . Але ж , калі каня дае сам Лісоўскі , ні ў якім разе нельга адмаўляцца , бо грозны водца можа ўбачыць у гэтым палахлівасць , а палахлівых Лісоўскі ненавідзіць .
Рудольф расшпіліў на сваёй белай тоўстай шыі бронзавы ланцужок , зняў з ланцужка скураны кашалёк з грашыма , аддаў селяніну :
- Вазьмі . Купіш новага .
І адвярнуўся . І пачаў ладкаваць на спіну мужыцкаму каньку сваё прыгожае баявое сядло з высокай пярэдняй лукой-кульбаком , што ахоўвала жывот ад удараў варожай дзіды . Сеў у сядло , моўчкі паехаў . Яго дагнаў Аляксандр Лісоўскі , здзіўлена спытаў :
- Навошта аддаў усе свае грошы ?
- У мяне яшчэ шмат сілы і крыві , і я яшчэ змагу зарабіць новыя грошы , - адказаў немец .
- І ўсё-ткі навошта аддаў ?
- Так трэба , - строга прамовіў Рудольф .
- Як – так ? – не сунімаўся Лісоўскі .
- Так , - лаканічна прагучала ў адказ . І болей у зацятага немца-лютэраніна нават гарачымі абцугамі нельга было вышчаміць ні слова .
Усё далей і далей прасоўваліся на ўсход . Удзень няшчадна смаліла сонца . Калі ж яно хавалася за лясы , ярка ззялі над зямлёй зоркі , начныя агні нябёсаў .
Антон Даніловіч-Гоцкі заўсёды ехаў побач з Лявонціем Кукарэцкім , стараўся апекаваць маладзенькага гарачага пісарчука . Лявонцій жа моцна пасябраваў з палеманістам сцяганосцам Марцінам Жабыка-Жэмбам , круціўся на аднавухім коніку каля яго . Да гэтай тройцы паступова прыбіўся-прыцёрся Іван Мастоўскі . Быў ён даўнім сябруком Аляксандра Лісоўскага , ды не выпадала на людзях адкрыта паказваць сваю сімпатыю да грознага пана палкоўніка . Так і ехалі чацвёра лісоўчыкаў па зялёнай летняй зямлі і не ведалі , што чакае іх наперадзе .
Каля Магілёву пераправіліся цераз Дняпро . Ледь не ўтапіліся самі і не ўтапілі сваіх коней , калі знянацку ўсчалася дзікая бура і хвалі ўздыбіліся сцяной . Потым паўдня сушыліся , расклаўшы ў задняпроўскім лесе цяпельцы .
Дняпро даў лісоўчыкам нядрэнны ўрок , і ўжо ў Прапойску яны з лёгкасцю адолелі раку Сож , а затым і Бесядзь , на беразе якой стаіць Папова Гара . Дарэчы , усе называлі яе Попава Гара , і жыхары ейныя былі Попавы . Неўзабаве павінен быў быць Старадуб , дзе цар Дзмітрый Іванавіч Першы збіраў войска , каб рушыць на Маскву , і дзе лісоўчыкаў чакаў Ян Пётр Сапега са сваімі жаўнерамі .
Пякло з бязхмарнага сіняга неба жоўтае сонца . Засмяглым голасам крычала ў глыбіні ссушэлых палёў перапёлка :
- Піць хачу ! Піць хачу !
Сярдзіта дзумкалі , хмарамі лёталі над здарожанымі конямі авадні і мухі . Шмат было чорна-жоўтых восаў . У драпежных восаў , як і ў пчол , таксама ёсць мёд . Але мёд гэты нясмачны , кіслы , ці , як кажуць пра яго , гнілы .
За Прапойскам , а потым і за Паповай Гарой пачалася невядомая старана , неабазначаная на мапах , якімі карыстаўся Лісоўскі . Тут дарогу знаходзілі проста – хапалі мясцовага жыхара з ягоным жа канём і змушалі быць правадніком . І гэтак ад лесу да лесу , ад вёсачкі да вёсачкі . Буйных паселішчаў тут не было , а ўсё дробненькія , як макавае зерне , лясныя вёсачкі хатаў на пяць . Людзі , што жылі тут , пэўна ж , хацелі зашыцца ў глухія лясныя нетры , падалей схавацца ад тых , што выбіваюць падаткі і прыпісваюць да баярскай або памешчыцкай зямлі , ператвараюць у цяглых , прыгонных . Але ўрэшце рэшт усюды з”яўляўся службовец на нястомным кані , са злавесным спіскам у руках . Уратавацца ад яго можна было хіба толькі на небе .
Нарэшце дабраліся да Старадуба , які гудзеў , як пчаліны вулей , быў перапоўнены шумнагалосымі ўзброенымі людзьмі . Людзей было так шмат , што яны не памяшчаліся ў маленькім гарадку , стаялі табарам вакол яго , вытоптваючы лугі і палеткі , высякаючы гайкі і хмызнякі , выпіваючы ўсе рэчачкі і крынічкі . Густы дым ад вогнішчаў засланіў неба , і сонца ў гэтым небе плыло няяркае цьмянае . Каго тут толькі не было ! Данскія і запарожскія казакі . Паўстанцы Хлапка , якіх крамлёўскія дзякі называлі шышамі . Паўстанцы Івана Балотнікава , нядаўняга халопа князя Целяцеўскага . Гэтага Балотнікава захапілі ў палон татары і прадалі туркам . Ён быў весляром на галерах . Галера па-турэцку называецца катырге . Вось адкуль пайшло слова катарга . У Канстанцінопалі Івану Балотнікаву пашанцавала – выкупілі чалавекалюбівыя немцы і адпусцілі на волю . Нейкі час ён жыў у Венецыі , але пацягнула на радзіму . Кемлівы і адважны чалавек , Балотнікаў пачуў у Польшчы пра шчаслівае выратаванне царэвіча Дзмітрыя , прыехаў да яго , убачыў на свае вочы , паверыў і прапанаваў свае паслугі . З усіх бакоў да былога весляра-катаржніка ішлі людзі . Сабраўшы агромністую раць , Балотнікаў павёў яе на Маскву пад сцягамі цара Дзмітрыя . Шуйскі выслаў насустрач войска князя Трубяцкога і баярына Варатынскага . Каля Кромаў і Яльца дзве магутныя сілы сутыкнуліся . Масква так верыла ў непазбежную перамогу , што Васіль Шуйскі загадзя паслаў свайго царадворца з паўнюткім мехам залатых медалёў , каб узнагародзіць найбольш адважных . Ды залатыя медалі трапілі ў рукі Балотнікава , які ўшчэнт разграміў Трубяцкога з Варатынскім . Некаторых палонных ён утапіў , некаторых павесіў у Пуціўлі . Некалькі чалавек загадаў няшчадна адхвастаць бізунамі і адпусціць у Маскву , каб яны перадалі Васілю Шуйскаму самы маленькі залаты медалёк , які толькі адшукаўся ў мяшку . Самога Шуйскага Балотнікаў пагардліва называў “ кажушнікам “ , бо той нават улетку мусіў захутваць свае хвороыя ногі ў кажухі .
Пасля такой сакрушальнай перамогі да Івана Балотнікава ( цяглы люд велічаў яго – Ванька Мужыцкі цар ) далучыліся са сваімі атрадамі сын баярскі Істома Пашкоў , былы разанскі ваявода сотнік Рыгор Сунбулаў і разанскі дваранін Пракопій Ляпуноў . У сваіх паўднёвых паветах яны , як і Балотнікаў , адпускалі прыгонных мужыкоў на волю .
Пачуўшы пра такое ў Старадубе , Аляксандр Лісоўскі ўсміхнуўся і сказаў :
- Волю маскалі разумеюць па-свойму – нічога не рабіць і штодзень піць .
Акрамя мясцовага люду ў Старадуб прыйшлі вайсковыя аддзелы з Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага . Былі дабраахвотнікі з Нямеччыны і нават Францыі . Гэтае няўтрымнае людское мора кіпела і клекатала , гатовае па першаму зыку паходнай трубы адразу ж выступіць у паход .
Аляксандр Лісоўскі , прывёўшы сваіх людзей у Старадуб , сустрэўся з Янам Пятром Сапегам і паступіў пад ягонае начала . Ліцвіны чакалі куды павядзе іх маскоўскі цар . Чаканне доўжылася , пераносілася з дня на дзень . Некаторыя шляхціцы пачалі гаварыць пра тое , што ніхто іх сюды не клікаў , што ўся гэтая кампанія падман , блудаслоўе . І шмат хто паехаў дадому . Гэта не падабалася Лісоўскаму , дадавала яму новых турботаў . Ён быў вельмі злы і нервовы .
І для таго . каб суцішыць , змякчыць незадавальненне ўсіх тых , хто прыбыў у Старадуб , цар Дзмітрый Іванавіч Першы паказаўся народу . Гэта было вельмі яркае і ашаламляльнае відовішча . На самай галоўнай вуліцы Старадуба ( а вуліц тых было толькі дзве ) ланрцугамі сталі ўсе ўзброеныя людзі , усе , хто на той час збегам абставінаў і непрадказальнага зямнога лёсу апынуўся ў гэтым горадзе . Здалёку пачуўся ўрачысты звон бубнаў . Пяцьдзесят вершнікаў і паміж іх на вараным жарабку ў срэбнай збруі Дзмітрый павольна праехалі перад усім народам . На цару быў белы атласны кафтан .
З-пад нізка выразанага каўняра бачыліся яркія жамчужныя карАлі белай кашулі . Жамчужныя запясці шчыльна сцягвалі каля кісцей шырокія рукавы кафтана , які падперазваўся малінавай шоўкавай папругаю . Аксамітныя малінавыя штаны былі запраўлены ў жоўтыя саф”янавыя боты са срэбнымі падкоўкамі на абцасах , з высокімі галянішчамі вышытамі буйнымі гарошынамі жэмчугу . Ззяў пад сонцам залацістага колеру апашань зашпілены падвойнай брошкаю . На галаве ў цара шыкавалася белая парчовая шапка з гнуткім зіхоткім алмазным пяром , якое ўздрыгвала ад самага найслабейшага руху .
Конюхі-пешцы вялі за царом верхавых коней . Адзін конь быў вараны , адзін гняды , адзін буланы , а тры абсалютна белай масці . На галовах у коней хісталіся каляровыя пёры . На конскіх спінах пярэсціліся звярыныя скуры ўпрыгожаныя бліскучымі каштоўнымі камянямі . Усе шасцёра коней ішлі і весела звінелі званочкамі зробленымі ў выглядзе залатых і срэбных яблыкаў .
Аляксандр Лісоўскі разам са сваімі лісоўчыкамі і ўсім старадубскім людам са здзіўленнем і захапленнем глядзеў на гэтае шэсце , седзячы на кані . Калі цар наблізіўся да іх , усе гледачы , у тым ліку , і лісоўчыкі пачалі яму кланяцца , некаторыя нават станавіліся на калені і радасна ўскліквалі : “ Нарэшце ты зноў з намі , бясцэнны скарб нашых душаў ! “ . Лісоўскі толькі нахіліў галаву . “ Хто гэты чалавек ? – думаў ён , пазіраючы на цара , які быў амаль побач , - Няўжо ён і сапраўды ацалелы Дзмітрый Іванавіч ? Таго ,хто цараваў перад гэтым у Маскве , шмат хто бачыў на ўласныя вочы . Казалі , што росту ён сярэдняга , з шырокімі грудзьмі і рыжаватымі валасамі . Твар круглы , белы , амаль без загару , з кірпатым носам . Вочы блакітныя , але няяркія , нейкія цьмянаватыя , без іскрынкі . Пад правым вокам і на лобе бародаўкі . І , эдаецца , адна рука карацей другой . Зусім нецарскі воблік . Ды трымаўся ён з такой упэўненасцю і верай у сябе і сваю фартуну , што па скуры ў тых , хто бачыў яго , бегалі мурашкі .
Гэты ж Дзмітрый Іванавіч быў чарнявы , сухі целам і драбнаваты смуглым тварам , з часночна-белымі зубамі , якія ярка зіхцелі пад цёмнымі вусамі . Здавалася , ён увесь час усміхаецца . Вочы карычневыя , як лясны восеньскі жолуд , бліскучыя . Вялікі розум ззяе ў вачах і непахісная сіла .
Кажуць , што ён манах-расстрыга Грышка Атрэп”еў , які выратаваўся ад маскоўскіх баяраў падчас бойні ў Крамлі . Кажуць , што настаўнік з Вялікага Княства Літоўскага , з гарадка Шклову , па прозвішчу Мацвей Вяроўкін . А яшчэ ходзяць чуткі , што ён габрэй-выкраст , які прыняў праваслаўную веру , каб сесці на царскі маскоўскі трон . Хто ж ён , гэты таямнічы моцны духам чалавек ? Самазванец ? Але як можна з дня на дзень , з году ў год жыць пад лічынай іншага чалавека ? Прамаўляць ягонымі словамі і думаць ягонымі думкамі . Кожнае імгненне сачыць за сабой , каб у нечым не памыліцца . Пэўна ж , такое жыццё вельмі цяжкое , невыноснае . А ён згадзіўся так жыць і так існаваць . Дзеля чаго ?
Цар са сваёй пышнай світаю ўжо даўно праехаў міма , а Лісоўскі , як у нейкім здранцвенні , сядзеў на кані , не зрушваючыся з месца . Потым спахапіўся , суха ўсміхнуўся , сказаў сваім людзям :
- З ім ( я не ведаю хто ён ) мы заваюем усю маскоўскую і татарскую зямлю . У сэрцы ў гэтага чалавека адначасова жывуць і мароз , і агонь .
Неўзабаве ў стан лісоўчыкаў прыбыў вельмі добра ўзброены шляхціц з трыма пахолкамі . Ён назваўся Янам Юрыем Радзівілам .
- Ці не сын , пане , князя Радзівіла ? – спытаў Лісоўскі .
- Родны сын , - прагучала ў адказ .
- Вельмі пашанотна , але адразу папярэджваю – у мяне няма ні засцянкоўцаў , ні княжых сыноў . У мяне ўсе – лісоўчыкі , усе роўныя . І спуску нікому не будзе .
- Я ведаю , - адказаў малады Радзівіл .
Ян Юрый Радзівіл напоўніцу выпіў горкі куфаль прыніжэння і знявагі , зрабіўшыся па бацькавай волі свінапасам . Выратавала маці . На каленях яна вымаліла ў мужа дараванне сыну . Сіротка доўга не згаджаўся , прамаўляючы :
- Калі будзеш занадта жорсткі , цябе чакае няўдача . Калі ж імкнешся быць мяккім , можаш прачнуцца ў ланцугах .
Але ўрэшце рэшт голас роднай крыві перамог , і князь выправіў сына ў лісоўчыкі , каб не дужа мяккім і салодкім здавалася жыццё . Патрэцца між людзей , панюхае пораху , убачыць свежую чалавечую кроў , і , дасць Бог , паразумнее . Так думаў нясвіжскі ардынат Мікалай Крыштоф Радзівіл , і яму было не шкада роднага сына . А калі ён і шкадаваў яго , то незаўважна ад старонніх вачэй .
Малады Радзівіл вельмі хутка асвойтаўся між лісоўчыкаў , як быццам заўсёды быў разам з імі . Сказалася вясёлая жывая натура і тое , што нямала пездзіў ён па свеце , нямала пабачыў . Адразу ў сваім намёце ( праўда , патаемна ад Лісоўскага ) княжыч шчодра пачаставаў усіх суседзяў , загадаўшы служку-пахолку адкаркаваць мо з дзесятак бутэлек мальвазіі . Заўважыў Мацвея Карабу , шырока ўсміхнуўся , спытаў :
- Ці не ты стаяў у гансёры на нашым двары ?
Ад такіх слоў Караба ўздрыгнуў , кісла зморшчыўся , адмовіўся ад мальвазіі . Калі ж вышаў з намёту , ярасна выхапіў шаблю і адсек ёю хвост блудліваму сабаку , што на сваё няшчасце падвярнуўся яму пад руку .
Тым часам да Лісоўскага падышоў данчак Макар Бабок , сказаў :
- Памятаеш , пан палкоўнік , як казаў я табе пра Залатую Бабу ? Дык то не падман быў , не хлусня . Ёсць яна . І чакае нас у патаемнай пячоры над ракой Об”ю . Сустрэў я тут , у Старадубе , сваіх землячкоў з Дону . Калі паверыш мне , калі адпусціш , прывязем мы табе гэтую Бабу .
Лісоўскі засмяяўся :
- Няўжо , казак , ты спадзяешся знайсці тое золата ? Ды яго ўжо калі не людзі , дык мядзведзі даўно выграблі і даўно лапу абсмакталі . Як кажуць – не скубі , пакуль не зловіш . Але – едзь , едзь разам са сваімі сябрукамі . Не забіў я цябе тады ў Валахіі , а зараз адпускаю , адпускаю на ўсе чатыры бакі .
Макар Бабок , зняўшы з галавы барановую шэрую шапку , нізка-нізка пакланіўся палкоўніку да самай зямлі . Потым ускочыў на каня , весела гукнуў таварышоў , і яны (чалавек пяць ) з гіканнем паімчаліся па старадубскай вуліцы , пудзячы сонных сабак , уэбіваючы сухі пыл , і неўзабаве зніклі , як іх і не было .
Але галоўная маса данскіх казакоў ( тысячаў каля трох ) засталася ў Старадубе . Вось з імі , з тысячай зпарожскіх казакоў атамана Івана Марцінавіча Заруцкага і з тысячай лісоўчыкаў надумаў палкоўнік Аляксандр Лісоўскі рынуцца ўглыб Маскоўшчыны . Нарэшце ён дачакаўся свайго дня , бо ўжо даўно без бою засумавалі душа і шабля .
- Мы хапаемся за галінкі , а забываем пра ствол , - сказаў Лісоўскі Яну Пятру Сапегу , свайму водцу , які нечакана захварэў і ляжаў , надрыўна кашляючы , у сваім паходным намёце , абкладзены распаленымі да чырвані камянямі , - Мы топчамся ў Пуціўлі і Старадубе і не бачым , што робіцца за нейкую вярсту-другую ад нас . А там ёсць сытая Масква і галодная Маскоўшчына наўкол яе . Трэба , каб у харомы маскоўскіх баяраў і самога іхняга цара Васяткі Шуйскага пастукаўся голад . Трэба не прапусціць да іх абозы з хлебам і мясам , адрэзаць ад Волгі і Дону . Трэба хутканогімі яраснымі ваўкамі прабегчы па іхніх бліжніх і далёкіх тылах , што я й надумаў зрабіць са сваімі малойчыкамі . Ці адпускаеш , князь , на такую справу ?
- Ідзі , пан палкоўнік , - стомленым ціхім голасам дазволіў Ян Пётр Сапега , - Толькі беражы людзей . Усё можна , аднойчы страціўшы , знайсці нанова – зброю , порах , гарматы і латы . Людзей жа , такіх , як нашы , людзей , у гэтай старане мы не знойдзем . Мы , людзі , нават самыя найвялікшыя між нас , безабаронныя перад хваробай і смерцю . Беражы ж сваіх ваяроў , як золата берагуць .
- Выканаю тваю волю . Сам памру , але выканаю , - уражаны такімі словамі адказаў Аляксандр Лісоўскі .
У наваколлі Старадуба да іх далучылася некалькі соцень балотнікаўцаў , якія пад ударамі войскаў Васіля Шуйскага ўцякалі з-пад горада Тулы , дзе некалькі месяцаў трымалі галодную асаду . Былі яны ўсе абарваныя , знясіленыя , вельмі худыя і вельмі злыя . Здавалася , брыдуць , устаўшы з магілаў , нейкія шкілеты .
- Ці не з гасцей , хлопцы , ідзяцё ? – быццам не заўважаючы такую сумную карціну , наўмысна вясёлым і бадзёрым голасам спытаў Іван Мастоўскі .
- Так у госці звалі , аж рукавы абарвалі , - адказвалі яму балотнікаўцы , - Але мы яшчэ паквітаемся , ох , як мы яшчэ паквітаемся . Крывавымі слязьмі заплачуць цар Васіль і ягоныя цараняты . Шкада толькі – свайго атамана не ўбераглі .
Атаман іхні , Іван Сцяпанавіч Балотнікаў , раз і назаўсёды паверыўшы Дзмітрыю Іванавічу , прысягнуўшы яму , з некалькімі тысячамі верных людзей , з Ілейкам , які называўся сынам цара Фёдара Барысавіча Пятром , з князем Целяцеўскім , што дабраахвотна ўстаў пад руку свайго былога халопа , зачыніўся ў Туле і , абкладзены з усіх бакоў , змагаўся , як леў . Скончыліся прыпасы . Не было ні кавалачка хлеба , ні жменькі солі . Лютаваў дзікі голад . Ганцы ад Шуйскага абяцалі захаваць жыццё і волю , накарміць , напаіць , зрабіць баярынам , толькі б ён адчыніў браму і здаў горад . Але Балотнікаў сказаў на гэта :
- Мы хутчэй з”ямо адзін аднога , чым здадзімся .
Тады сын баярскі з Мураму Сумін Краўкоў параіў Васілю Шуйскаму затапіць Тулу , ручаючыся сваёй галавою за поспех такой нечуванай справы . Сабралі з уяго наваколля млынароў . Ратнікі ў мяхах дзень і ноч цягалі зямлю на бераг ракі Упы ніжэй горада , і неўзабаве перагарадзілі раку драўлянай плацінай . Вада рэзка пайшла ўгору , затапіла астрог , дзе адстрэльваліся , не здаваліся балотнікаўцы . Хутка ўсе тульскія двары і вуліцы ператварыліся ў сапраўднае мора , па якім можна было перамяшчацца толькі ў чоўнах . Нібы наступіў грозны час сусветнага патопу . І асаджаныя пачалі здавацца – напачатку сотнямі , затым тысячамі . Іван Балотнікаў бачыў усё гэта . У яго , жалезнага чалавека , раптам здрадліва затрымцела затрапятала сэрца . Не закалоў сябе кінжалам . Не праглынуў атруту . З галавы да ног абвешаны самай разнастайнай зброяй ён з”явіўся каля намёту маскоўскага цара Васіля Шуйскага , злез з каня , выцягнуў з похваў шаблю , паклаў яе сабе на шыю і , рухнуўшы ніцма перад Шуйскім , сказаў :
- Я выканаў абяцанне сваё – служыў верна таму , хто назывў сябе Дзмітрыем Іванавічам . Не ведаю , хто ён – хлус або сапраўдны цар . Але ён не дапамог мне . Зараз я ў тваёй поўнай уладзе . Вось шабля , калі хочаш мёртвай галавы маёй . Калі ж захаваеш мне жыццё , я памру на тваёй службе самым адданейшым з тваіх верных рабоў .
Ілейку павесілі на Серпухаўскай дарозе . Балотнікава , казацкага атамана Фёдара Нагібу , яшчэ некалькі дзесяткаў самых зацятых і самых ярасных завезлі ў Каргопаль . Кат , апрануты ва ўсё чырвонае , паказаў Івану Балотнікаву шаблю , спытаў :
- Што гэта ?
- Мая шабля , - адказаў Балотнікаў .
- Болей ты яе не ўбачыш , - прагучала ў адказ .
Балотнікаву тут жа выкалалі вочы , а потым утапілі ў рачной палонцы , накінуўшы на галаву скураны мех .
Перад самай смерцю , перад тым як сканаць у чорнай марозлівай вадзе ўбачыўся Івану Балотнікаву сон . Стаяў ён , яшчэ вольны і вясёлы , яшчэ са сваімі жывымі сінімі вачамі , яшчэ ў зіхоткай нямецкай кальчузе і з вострай шабляю ў руках , перад высокім залатым прастолам , на якім сядзеў Бог .
- Паміраеш , Іване , - сказаў Бог .
- Паміраю , - згадзіўся Балотнікаў , ды ў голасе ягоным не было ні макулінкі страху , бо не ведаў , што такое смерць . Пра смерць ён , вядома ж , ведаў , кожны дзень бачыў горы скрываўленых яшчэ цёплых чалавечых і конскіх трупаў , сам бязлітасна забіваў , пазбаўляў людзей жыцця . Але ён ведаў пра чужую смерць , пра чужую , а не сваю .
- Паміраеш , - са шкадаваннем у голасе ціха прамовіў Бог , - А за што паміраеш ?
- Паміраю за ісціннага цара Дзмітрыя Іванавіча і за мужыцкі народ , - цвёрда , гледзячы проста Богу ў вочы , хоць гэта й было вельмі-вельмі цяжка , амаль невыносна , адказаў Іван Балотнікаў .
- Ты б”ешся , як ты кажаш , за мужыцкі народ , але твае ворагі перамогуць , знішчаць цябе і тваіх вояў , а вашу барацьбу назавуць Смутным Часам . Тваіх унукаў ператвораць у бязмоўных нікчэмных рабоў , будуць засякаць іх бізунамі на памешчыцкіх стайнях , а тваіх унучак , тваіх праўнучак забяруць у свае дваранскія гарэмы , каб гвалціць падчас п”яных баляванняў .
- Божа . я не магу пра гэта слухаць !
- Слухай , Іван , слухай . Пераможа . на доўгія стагоддзі пераможа на ўсёй тваёй зямлі лютае прыгоннае права . А недзе праз чатырыста гадоў дзяржава , якая створыцца і ўзмацніцца на землях сённяшняй Маскоўшчыны , аб”віць заканчэнне Смутнага Часу , гэта значыць , заканчэнне тваёй і тваіх людзей барацьбы за мужыцкую волю , сваім найпершым нацыянальным святам .
- Забі мяне , Божа , забі , але я болей не магу чуць такое !
Аляксандр Лісоўскі вёў свой вайсковы аддзел па здратаванай суровай і крывавай вайной зямлі . Яны імчаліся-ляцелі на хутканогіх конях пад сонечным і пад месячным святлом , як здані , як ваўкалакі , як цені ад грозных навальнічных воблакаў . Яны з”яўляліся там , дзе ніхто іх не чакаў і , зрабіўшы сваю імгненную , часта вельмі крывавую справу , адразу ж знікалі . Здавалася , іх глытае зямля , бясследна хавае ў цяжкім каменным нутры . Праз нейкі час зноў будзіў наваколле ярасны гром конскіх капытоў і гарачы пранізлівы свіст шабляў , што не ведалі літасці і , ужо ўзвіўшыся ў руцэ , не спыняліся , а секлі да канца . Часта было невядома хто гаспадарнічае вунь у той вёсачцы , вунь у тым гарадку . Пасылалі наперад віжоў . Калі віжы не вярталіся , бралі населены пункт штурмам і ўжо там высякалі ўсіх жывых у пень і ў корань . Запальвалі хаты , каб асвятліць ноч і ўбачыць ворага . Бурылі масты і грэблі . Падпальвалі лясы і нівы . У студні кідалі сабак і кошак . Каля Кромаў запалонілі ваяводаў Васіля Шуйскага , ажно восем чалавек . Выдалі ім зброю і на лясной паляне арганізавалі двубой . Змусілі чацвярых ваяводаў кінуцца з шаблямі і дзідамі на сваіх чацвярых таварышоў па няшчасцю . Тыя пачалі біцца з неахвотаю і асцярогаю , ды іх падагналі запаленымі паходнямі , якія трымалі , стоячы шчыльным колам , лісоўчыкі . Апечаныя ваяводы , дзіка крычучы , пранізвалі адзін аднога . Калі ў жывых засталося трое , Лісоўскі не вытрымаў , выхапіў шаблю і ў адначассе забіў усіх . Праўда , абараняючыся , ваяводы паранілі яго ў левы плячук .
У захопленых селішчах раскопвалі свежыя магілы , каб адшукаць там схаваныя скарбы . Разразалі жываты палонным , бо тыя маглі праглынуць золата . Абезгалоўлівалі ворагаў і іхнія мёртвыя галовы камнямётамі закідвалі ў асаджаныя гарады . У Суздалі распранулі баяраў і голымі прымусілі хадзіць па вуліцах . Доўга супраціўляўся гарадок Ліўны . Тады сам палкоўнік Лісоўскі прытварыўся мёртвым і лёг у труну . Скруцілі галаву пеўню , паклалі побач . Праз нейкі час ад пеўня пайшоў смурод , і занадта даверлівыя ліўчане ўпусцілі ў сваю царкву пахавальную працэсію ўзброеных да зубоў лісоўчыкаў . Літасці ў царкве нікому не было . Гэта быў нейкі крывавы вогненны шал .
Лявонцій Кукарэцкі , якога прызналі за паэта , напісаў і прачытаў верш :
Ехалі лісоўчыкі .
Ехалі малойчыкі .
Ў гуселькі іграючы ,
Дзевак зазываючы .
- Ніякіх гуселек . І ніякіх дзевак , - жорстка прамовіў Лісоўскі , - Толькі кроў і попел . Адна кроў і адзін попел ! Чаму так ? А таму , што іншага шляху для нас няма . Хваля пайшла ў зваротным кірунку . Так гаворыць вялікі канцлер Леў Іванавіч Сапега . Калісьці цар Іван Жахлівы са сваім войскам нёс зло і знішчэнне ў нашы хаты , на нашы сядзібы . Сёння маскоўцы , якія пасеялі той чорны вецер , жнуць буру . Кожны з вас павінен сказаць сам сабе : Я – меч Вялікага Княства Літоўскага ! Я – ягоны шчыт ! І адразу ўсё будзе яснае і зразумелае . Потым , калі вернемся дадому , пойдзем у касцёлы і цэрквы і там перад лікам Божым , перад чыстымі агнямі свечак паспавядаемся . І Пан Бог зразумее нас і даруе нам нашы правіны . Запомніце словы паэта . Не нашага Лявонція Кукарэцкага , хоць ён вельмі добры паэт , а словы паэта Яна Каханоўскага : “ Калі шлях каму і адчынены ў неба – гэта таму , хто дбайна служыць Айчыне “ . Уперад жа , паны-брацці !
І лісоўчыкі ўсё далей і ўсё глыбей укліньваліся ў бязмежныя абшары Маскоўшчыны , спачатку пад цёплым летнім дажджом , потым пад халодным восеньскім буравеем і нарэшце зімой , калі пачынаюць лётаць белыя мухі снегу , калі на рэкі і азёры кладзецца таўсценны лёд , хоць гарматы вязі , і некалькі дзён запар бушуе бязлітасная суровая завіруха . Гінулі ад варожай зброі і ад нечалавечай стомы людзі . Знясільваючыся , падалі на зямлю коні . Іх адразу ж прырэзвалі і мяса забіралі з сабой , каб на кароткіх прывалах варыць і есці каніну . Аляксандр Лісоўскі , бадзёры і бязлітасны , пастаянна мяняў тактыку вайны . Шведы пісалі пра яго ў рэляцыях свайму каралю : “Лісоўскі ўжо больш не падступае да гарадоў , а прабіраецца , як цень , між імі , спусташаючы ўсё на сваім шляху. Лісоўскі небогведама хто , звычайны чалавек , але з невялікімі людзьмі прайшоў усю Маскоўскую дзяржаву “ .
Цяжка , амаль немагчыма было вытрымаць такую штодзённую напругу . Паходнае жыццё было вельмі й вельмі суровае і непрадказальна-няяснае , як туман у полі . Смерць з вострай касой стаяла ў кожнага за плячыма . Лісоўчыкі пастаянна жылі ў абдымках з ёю , вось чаму ўладаркаю іхніх душаў і сэрцаў была Дзева Марыя , бо толькі яна магла суцешыць , усё зразумець і ўсё ( нават самае жахлівае ) дараваць . І немец Рудольф , як бы адзервянеўшы ўсёй сваёй істотаю , акамянеўшы , імчаўся на месца збору , пачуўшы за пяць вёрстаў голас паходнага звону , і патрэсканымі вуснамі шаптаў словы прарока Осіі :
“ Смерць , дзе тваё джала ? Пекла , дзе твая перамога ? “ .
На кожны дзень Аляксандр Лісоўскі прызначаў новы пароль , які нават пад страхам лютага катавання нельга было выдаваць ворагу . Акрамя таго ў кожнага лісоўчыка меўся драўляны кіёчак з выразанымі на ім ўмоўнымі вядомымі толькі пасведчаным людзям знакамі . Кіёчак гэты насілі на шыі і бераглі , як само жыццё .
У рэдкія хвіліны адпачынку чынілі сваю паходную амуніцыю і конскую збрую , вастрылі шаблі і дзіды , тужэй нацягвалі цяцівы лукаў , насаджвалі апярэнне на стрэлы . Каваль у пераносным станку для кавання грукаў малатком , падкоўваў коней . Наўкол яго кружыліся , як камары , вясковыя дзеці , весела спявалі :
Кавалю Марціну ,
Падкуй мне свінню ,
Бо зіма падходзіць ,
Свіння боса ходзіць .
Падкуй мне кОта .
А калі не ўмееш –
Прывяжы да плота .
Замест загінулых у баях лісоўчыкаў набіралі ў вёсках маладых сялянскіх хлопцаў . Не з вельмі вялікай радасцю і ахвотай ішлі тыя да Лісоўскага , вылазячы на белы свет з родных цёплых хатаў , ды ўсё-ткі ішлі . Пэўна , думалі хітраватыя мужыцкія сыны пажывіцца нарабаваным золатам , якога , па чутках , было ў грознага палкоўніка дужа шмат , як снегу зімой .
Сонечнай жнівеньскай раніцай пачаў штурмаваць Аляксандр Лісоўскі Каломну , у якой засеў з тысячай стральцоў і дзяцей баярскіх і з двумя сотнямі нямецкіх наймітаў ваявода баярын Пётр Іванавіч Буйносаў-Растоўскі . Дачка ягоная Марыя незадоўга перад гэтым зрабілася маскоўскай царыцаю - Васіль Шуйскі ўзяў яе ў жонкі . Парадніўшыся з самім царом , шчаслівы ваявода пакляўся да апошняй кроплі крыві абараняць Каломну . Завалілі браму каменнем і пяском , паставілі дубовы тын на гарадскі вал . За тынам сядзелі суровыя немцы з мушкетамі . Упэўненасць ва ўласнай непераможнасці і ў трываласці абароны была такая вялікая , што баярын не вывез з асаджанай Каломны сваю сям”ю , а жонка ягоная , баярыня Варвара , чарнабровая і чарнавалосая ўладная саракагадовая кабета , пажадала гушкацца на арэлях у яблыневым садзе з дочкамі , бо гушканне на арэлях было любімай забаваю ўсіх радавітых і багатых маскоўцаў . З такой нагоды пышныя баярскія харомы гулі ад самай раніцы , як пчаліны вулей . Дзесяткі дзевак-пакаёвак спалохана бегалі , мітусіліся , снавалі туды сюды , слугуючы грознай пані . Пакуль апраналі яе , абувалі , прычэсвалі , пакуль з глыбокімі паклонамі падносілі залатыя пярсцёнкі і зіхоткія жамчужныя карАлі , а потым люстэрка , каб пані зірнула на сваю асляпляльную прыгажосць , капрызная баярыня адвесіла дзеўкам не адну гарачую аплявуху . Толькі й гучала штоімгненна :
- Машка ! Парашка !
Пакаёўкі збіваліся з ног , каб толькі дагадзіць , каб не дай Бог , не ўгнявіць чым-небудзь Варвару . Перад самым выхадам у сад на арэлі баярыня люта закрычала :
- Парашка ! Карова дзеравенская ! Як ты маю хусцінку адпрасавала ?!
Збялелая ад страху Парашка кінулася перад баярыняй на калені , схіліла русую галаву да самай зямлі , залепятала :
- Злітуйцеся , не прагневайцеся , мая залатая , мая яснавяльможная пані Варвара Аляксандраўна ! Я зараз . Я хуценька .
Гэта яшчэ болей распаліла Варвару , аж ноздры тонкага пародзістага носа гнеўна затрапяталі . Якая нечуваная дзёрзасць – неахайна выканаць загад самой баярыні ! Яна ўзнагародзіла сваю прыгонную некалькімі звонкімі аплявухамі , адразу ж загадала адвесці на стайню і ўсыпаць там дваццаць пяць гарачых дубцоў . Нарэшце ўвабраная ў пух і прах баярыня разам з трымя дочкамі велічна выплыла ў сад . Пад рукі яе пачціва падтрымлівалі да дрыжыкаў напалоханыя пакаёўкі .
Тым часам Аляксандр Лісоўскі пачаў штурмаваць Каломну . Паперадзе пайшлі ў атаку балотнікаўцы . Яны ішлі ў поўны рост , трымаючы ў руках штыкеты , збітыя з тоўстых драўляных дошак шчыты . Грымнуў залп нямецкіх мушкетаў . Калі развеяўся дым , на зямлі ляжалі тры забітыя балотнікаўцы . Але ўсе астатнія , не зважаючы на гэта , працягвалі ісці , як ішлі , быццам былі не з мяккай чалавечай плоці , а з жалеза . Яны нават не паскорылі свой крок .
Немцы , зарадзіўшы мушкеты , стрэлілі зноў . Кулі з глухім стукам упіліся ў цвёрдае дрэва . Ва ўсе бакі разляцеліся пашчапаныя трэскі . Упала , заенчыла некалькі чалавек . Ды іхнія сябрукі , пераступаючы цераз іх , няўмольна ішлі ўперад .
- Д”ябал ! – злосна і разгублена крыкнуў нямецкі ротмістр , - Гэтыя людзі зачараваныя !
Загрымелі , ужо бязладна , мушкеты . Ударыла гармата , якую Буйносаў-Растоўскі загадаў усцягнуць на гарадскі вал . У адказ атакоўцы пачалі ярасную страляніну з лукаў . З вострым свістам паляцелі ў абаронцаў Каломны раі жалезнадзюбых стрэл . Кожнае імгненне іх рабілася ўсё болей . Яны не давалі каломенцам вытыркнуць галаву з-за валу .
Падчас гэтага штурму Аляксандра Лісоўскага чакала добрая навіна – прыслаў яшчэ дзвесце казакоў падмацавання дняпроўскі атаман Іван Марцінавіч Заруцкі . Запарожцы з гікам і свістам адразу пайшлі ў атаку . Іхнія чубатыя шапкі з сівой калматай авечкі замільгалі тут і там у полі перад гарадскім валам . Здавалася , яшчэ трошкі – і абарона Каломны рухне . Нямецкія найміты ўжо падумвалі аб тым , каб выкінуць белы сцяг .
Ды Буйносаву-Растоўскаму пашанцавала . У левы фланг Аляксандру Лісоўскаму раптоўна ўдарылі стральцы баярына Ізмайлава , які перад гэтым адбіў у паўстанцаў Казельск і спешна рухаўся ўбок Масквы . Стральцы шчыльнай калонаю выскачылі з яловага лесу , далі прыцэльны залп , пачалі секчы і калоць алебардамі . Балотнікаўцы , дагэтуль такія адважныя і рашучыя , апынуліся між двух агнёў . З-за валу ў іх несупынна стралялі немцы , прыцэльна біла гармата , ззаду пластавалі людзі Ізмайлава . І знясілены шматдзённай галадоўляй абдзёрты люд кінуўся наўцёкі . Ратуючыся , яны змялі растапталі шэрагі данцоў і запарожцаў . Яны нібы паслеплі і паглухлі , беглі напралом , не разбіраючы дарогі , не зважаючы на крыкі сваіх камандзіраў . Адбылося самае непажаданае ва ўсіх бітвах – пякучы страх пазбавіў людзей розуму , ператварыў у статак палахлівых жывёлін .
Пётр Іванавіч Буйносаў-Растоўскі адразу ўлавіў гэты спрыяльны для сябе міг і , выхапіўшы з похваў шаблю , выскачыўшы на грэбень гарадскога валу , грамавым голасам закрычаў абаронцам Каломны :
- За мной , дзеці ! З намі Бог !
Ягоныя людзі , што ў думках ужо развітваліся з жыццём , рынуліся , як адзін , за сваім водцам у ярасную атаку . Яны , маскоўцы і немцы , грознай лавінай скочваліся са стромкага валу ўніз проста на галовы разгубленых ворагаў . Такая імклівасць патройвала іхнюю сілу , рабіла непераможнымі .
Следам за балотнікаўцамі паціху пачалі падавацца назад запарожцы і данцы . Іх ашаламіў такі дзёрзкі ўдар . Яны прывыклі ваяваць конна , секчы праціўніка шабляй і калоць дзідай з сядла , зверху , як б”е крумкач палявую птушку . Тут жа , пад Каломнаю , яны самі былі пешцамі .
Аляксандр Лісоўскі разумеў – яшчэ імгненне , і застанецца ён водцам без войска , каралеўскім палкоўнікам без палка . Людзі ягоныя , каму пашэнціць ацалець у гэтай злой бязлітаснай сечы , рассеюцца , як палахлівыя звяры , па лясах і , як шэрыя мышы , па лугах і палетках . А сам ён з арканам на шыі , са звязанымі за спіной рукамі пабяжыць следам за канём баярына Буйносава-Растоўскага ў Маскву . Там , пэўна ж , ужо навастрылі палю для ягонага азадку . Альбо паставілі для ягонай шыі дубовую калоду са шчарбатай сякераю на Лобным месцы .
Заставалася надзея на лісоўчыкаў . Яны яшчэ не ўвязваліся ў бой . Яны чакалі , седзячы на конях , сціскаючы эфесы шабляў і дрэўцы дзідаў . Яны ( ён быў упэнены ) верылі яму .
- Вера і перамога ! – рвучы голас , прыўзняўшыся ў страмёнах , узвіўшы над галавой вострае лязо шаблі , з адчайнай п”янлівай жарсцю крыкнуў ён . І тысяча чалавек выдыхнула як бы адной глоткай і аднымі грудзьмі :
- Вера і перамога !
Тысяча коней ірванулася ўперад , палошчучы ўскрыленымі грывамі , пранізліва іржучы , усё змятаючы на сваёй дарозе . Толькі чуўся сухі адрывісты трэск . Гэта ламаліся косткі тых , хто не паспеў вывернуцца з-пад цяжкіх вострых капытоў .
Сцяганосец Марцін Жабыка-Жэмба не адставаў ад свайго палкоўніка . Бел-чырвона-белаю птушкай віўся над ім баявы сцяг лісоўчыкаў . Усе бачылі яго і ўсе ведалі – там , дзе сцяг , там Лісоўскі , а дзе Лісоўскі , там перамога .
Вось з усяго лёту ўрэзаліся ў людзей Буйносава-Растоўскага і ў нямецкіх жаўнераў , пачалі пластаваць шаблямі , пратыкаць дзідамі . Біліся моўчкі . Ва ўсіх клекатала такая ярасць , бушаваў такі гнеў , што сілу трацілі не на крык , а на ўдар , і ўдар гэты быў , у большасці выпадкаў , смяротны . Замест людзей гаварыла і крычала жалеза . Гукі былі звонкія , рэзкія , скрыпучыя і шкрабучыя , ляскотныя і перунова-раскацістыя . І ўсе яны неслі чалавечаму целу або смерць , або жорсткую рану . Ручаямі лілася кроў . Ды яе ў гарачцы бітвы ніхто быццам бы не заўважаў – цячэ , пырскае чырвоная вадзіца , ну й няхай сабе цячэ . У гэтыя імгненні разгарачаныя злой сечай людзі не думалі аб смерці і не баяліся яе . Амаль кожны быў упэўнены , што хто-хто , а ён выжыве , ацалее , вывернецца і праслізгне , як яшчарка , паміж вострых шчаціністых лёзаў варожых дзідаў і алебардаў .
Антон Даніловіч-Гоцкі , Іван Мастоўскі і Лявонцій Кукарэцкі , побач з Андрэем Пратасевічам і Мацвеем Карабам , побач з маладым Янам Юрыем Радзівілам былі магутным таранам , які праламаў , прабіў , раздзёр на шматкі дагэтуль зладжаныя непарушныя шэрагі варожага войска . Следам за лісоўчыкамі ў гэты пралом хлынулі рынуліся запарожцы з данчакамі і ўзбадзёранымі балотнікаўцамі . Цэлая грымучая жалезная рака ! Тут ужо нікому не было літасці , ды ніхто яе й не прасіў . Секліся да самага апошняга канца , да смерці . Калі вывальвалася з рук зброя , білі праціўніка кулакамі , душылі , падалі з сёдлаў пад конскія ногі , і там , на крывавай узаранай капытамі зямлі , працягвалі сваё зацятае змаганне .
На плячах у воінства баярына Буйносава-Масальскага ўварваліся ў Калугу , якую ахапілі пажары . Чорны дым і чырвоны агонь сцяной усталі над горадам . Узняўся шквалісты гарачы вецер . Іскры і галавешкі ляцелі проста ў твар .
Буйносаў-Масальскі з сотняю сваіх людзей і нямецкіх наймітаў запёрся ў дубовай надбрамнай вежы і вырашыў не здавацца . На ўсе прапановы адказваў стралянінай з мушкетаў і лукаў . Асаджаныя лілі на галовы лісоўчыкам кіпень , шпурлялі камяні і бярвенні .
- Згарыш жыўцом ! – гнеўна закрычаў Аляксандр Лісоўскі і загадаў , прыкрываючыся штыкетамі , насіць да сценаў брамы ўсё , што толькі можа гарэць . Валілі ў адну кучу сухія дровы , зламаныя платы , галлё , тыя ж бярвенні , якія баярскія людзі кідалі зверху . Адразу ж з вежы пачуліся крыкі :
- Мы здаёмся ! Дазвольце нам выйсці !
Асаджаныя адчынілі завалены камянямі лаз , спусціліся зверху ўніз і прывялі з сабой абкручанага вяроўкамі баярына Пятра Іванавіча Буйносава-Растоўскага . Твар у баярына быў потны забруджаны сажай . Пад вокам набухаў крывёю свежы сіняк . Каломенскі ваявода сіпла дыхаў і стараўся не глядзець на Лісоўскага . Праз нейкі час асобнаю групаю выйшлі з вежы , здаліся немцы .
- Мала табе смерцяў было ?! – схапіў Буйносава-Растоўскага за каршэнь Аляксандр Лісоўскі , - Хацеў пакупацца ў нашай крыві ? Адзеньце на хама хамут і вядзіце ў харомы дзе ён толькі што сядзеў ваяводаю !
Баярыну ўсчапілі на шыю конскі хамут , пад смех і кпіны пагналі перад сабой . Ён ішоў , часта спатыкаўся , не паднімаў галаву .
У пышных ваяводскіх харомах , якія не крануў пажар , адразу ж з нагоды перамогі ўчынілі вялікае баляванне . Прычым , слугавалі , разносілі пітво і ежу не толькі баярскія кухуры і кухаронкі з дзеўкамі-пакаёўкамі , але й сама баярыня Варвара Аляксандраўна і тры ейныя дочкі . За доўгімі шырокімі сталамі ўмясціліся мо сотні чатыры народу . Астатнія , каму не хапіла месца , шумна балявалі на двары , седзячы на разасланых па траве дарагіх яркіх кілімах бухарскай работы .
Дзівіліся лісоўчыкі таму , як частуюць гасцей і як п”юць-ядуць маскоўцы . Напачатку на вялізных талерках падалі мочаныя кіслыя яблыкі пад простую гарэлку . Потым з”явіліся на сталах закачаныя ў цеста тлустыя пеўні , пасля якіх разлілі ў штофы моцны мядовы напой . Пасля пеўняў прынеслі вараную зайчаціну і казіны кумпяк у расоле . Не было ні абрусаў , ні нажоў , ні часнаку , ні якой-небудзь зеляніны . Мяса адшчыквалі пальцамі , рвалі рукамі . Вялізныя кавалкі падалі пад сталы . А гарачай ежы ўсё прыбывала , бо баярская кухня працавала напоўніцу . Вось урачыста ўплылі на падносах смажаныя гусі . За гусямі пад адабральныя вясёлыя воклічы ўжо п”янага застолля , бо гарэлкі не шкадавалі , прывалаклі цэлымі тушамі смажаных бараноў . Каб хоць неяк разнастаіць трапезу прынеслі імбір , у які можна было мачаць мяса .
- Глядзі ў што налілі імбір , - здзіўлена таўхануў Антон Даніловіч-Гоцкі Лявонція Кукарэцкага . Дзівіцца й праўда было чаму – прыправу паставілі на стол у вялізным хромавым боце , які абуваюць кавалерысты . Пэўна , хацелі гэтым паказаць суровую спрошчанасць свайго жыцця , што праходзіць у няспынных вайсковых паходах .
Затым увайшлі ў трапезную музыкі , селі на абабітыя рысінымі і ваўчынымі шкурамі лавы . Сінявокі русавалосы гудошнік ускінуў да пляча свой трохструнны гудок , ударыў па струнах смыком , што быў зроблены з конскага воласу , нацёртага смалой-жывіцай . Вясёлую імклівую мелодыю падтрымалі дудкі і бубны . У праходах між сталамі пачалі танцаваць апранутыя ў яркія дзівосныя строі скамарохі . Танцуючы , яны бораліся адзін з другім , куляліся цераз галаву , няспынна крыўлялі ў блазенскіх усмешках груба расфарбаваныя твары .
Аляксандр Лісоўскі ўзняўся над сталом , і ўсе адразу ж змоўклі .
- Добра мы балюем-керым , паны-брацці , - гучна прамовіў ён , разгладжваючы цёмныя вусы , - Ану-тка , баярыня Варварка , паднясі мне , каралеўскаму палкоўніку , у залатой і ў срэбнай чарачцы самага найлепшага віна , бо я ж сёння госць твой . Чаканы ці нечаканы , але госць .
Баярыня Варвара Буйносава-Растоўская , бледная , разгубленая , у звычайным чырвона-зялёным сарафане пакаёўкі , з распушчанымі валасамі , з пакорлівым паклонам прынесла віно ў залатой і ў срэбнай чарачцы . Лісоўскі са смакам выпіў , ляснуў чарачкамі аб дубовую паркетную падлогу , з лютым выразам на твары спытаў у застолля :
- Хто з вас хоча пагушкацца на баярыніных арэлях ?
Ніхто не зразумеў пра што гаворыць палкоўнік , але чалавек з дзесяць згадзілася пагушкацца . Астатнім Лісоўскі загадаў выйсці з трапезнай на двор . Шмат каму не да спадобы быў такі паварот падзеяў , ды іх проста выпіхнулі ў каршэнь .
Калі трапезная апусцела , баярыня Варвара па загадзе Лісоўскага прынесла з кухні дзве залатыя і дзве срэбныя талерачкі і паставіла іх на слізкім паркеце . Затым ён змусіў яе распрануцца дагала , стаць рукамі на залатыя , нагамі на срэбныя талерачкі . Усё гэта яна рабіла як бы ў нейкім сне , нейкім ачмурэнні . Вочы ліхаманкава блішчалі . Вусны калаціліся .
Аляксандр Лісоўскі павярнуўся да тых , хто застаўся ў трапезнай :
- Не ведаю які прарок , але ведаю , што габрэйскі , сказаў аднойчы злым і жорсткім людзям : “ За ўсе вашы ўчынкі будзе заплочана вам . Тут і зараз вы грозныя цары і бязлітасныя ўладары . Але на тым свеце вы ператворыцеся ў дажджавых чарвякоў і выпаўзіце падчас дажджу наверх , і мае вельмі галодныя куры здзяўбуць вас “ .
Ён памаўчаў , даў магчымасць усім уцяміць і асэнсаваць пачутае , потым прамовіў суровым голасам :
- Дык хто першы пагушкаецца на баярыніных арэлях ?
Праз нейкі час зноў загаманіла зашумела застолле . Марцін Жабыка-Жэмба , які сядзеў за сталом побач з Лісоўскім і здагадваўся , што адбылося ў трапезнай , калі амаль усіх , і яго ў тым ліку , выгналі на двор , хмура пазіраў на палкоўніка . Душу ягоную быццам абпырскалі брудам . Малады палеманіст нервова кусаў вусны .
У перапынку яны , Лісоўскі і Жабыка-Жэмба , выйшлі ў невялікія сенцы , што суседзілі з трапезнай , моўчкі сталі каля глухой бярвеністай сцяны . Да сцяны была прыроблена нешырокая драўляная лесвічка , якая , пэўна ж , вяла на гарышча . Марцін Жабыка-Жэмба змрочна глядзеў на свайго водцу , не дужа хаваючы раздражненне і нездавальненне . Лісоўскі ж быў вішнёвашчокі і вясёлы ад выпітага . Прыхіхікваючы , пачаў расказваць пра норавы мясцовых папоў :
- У бацюшкі пытаюцца – ці можна святару , які ноччу цешыўся з жонкай , раніцой увайсці ў царкву ? Можна . Але няхай спачатку абмые тую частку цела , якая знаходзіцца пад пупом .
Ён засмяяўся і чакаў , што малады палеманіст таксама засмяецца . Ды той быў сама маўклівасць і суровасць .
Раптам з дробненькім ляскатаннем па парэнчы лесвіцы зверху ўніз пакаціўся чырвонабокі круглы яблык . Яны ўзнялі галовы і ўбачылі пад самай столлю сенцаў хлапчука гадоў васьмі-дзесяці . У яго былі доўгія ільняныя валасы , вельмі светлая скура шчокаў і рук , вялікія блакітныя вочы , што аж цямнелі ад пякучага жаху . Хлапчук быў раскошна апрануты – чырвоная атласная камізэлька са срэбнымі гузікамі , плісавыя сінія штонікі , шчыгульныя боцікі з зялёнай скуры з высокімі бліскучымі абцасікамі . Пэўна , хацеў схавацца на гарышчы , шчаміўся туды , ды не паспеў , так і застыў здранцвеў , прыляпіўшыся да самай столі . Яго б не заўважылі , але падвёў яблычак , што выпаў з кішэні і скаціўся ўніз . У другой кішэні пукаціўся яшчэ адзін яблык .
- Ты хто ? – грозна запытаўся Лісоўскі , - Нябось , сын баярына Буйносава-Растоўскага ?
- Сын , - прашаптаў змярцвелы ад найвялікшага страху прыгожы хлапчук .
- Ану , злазь уніз , ваўчанё , - амаль лагодным голасам сказаў Аляксандр Лісоўскі і нават усміхнуўся .
- Не трэба , пан палкоўнік . Хопіць , - раптам рашуча прамовіў Марцін Жабыка-Жэмба і , ледзь не адштурхнуўшы плячом Лісоўскага , падыйшоў да лесвіцы , расхінуў рукі , - Не бойся , баярыч . Спускайся ўніз .
Аляксандр Лісоўскі з непаразуменнем і здзіўленнем паглядзеў на свайго сцяганосца . Ды той вытрымаў ягоны позірк , прытуліў да сябе хлапчука , сказаў з яшчэ большай цвёрдасцю ў голасе :
- Хопіць . Не супраць жанчын і дзяцей ты павінен ваяваць . Не трэба , каб намі , лісоўчыкамі , палохалі дзяцей-малалеткаў . Хіба ты забыў , што нас чакае Троіца-Сергіева лаўра ?
Колькасць прачытаўшых: 407 Колькасць вогдукаў: 0