Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел шаснаццаты

XVI

Сонечным вераснёўскім раннем вярнуўся ў Нясвіж з Рыгі Вітаўт Гарткевіч . Вярнуўся на Самуме , якога вылечылі паставілі на ногі клапатлівыя лівонскія лекары . Вельмі радасны , вельмі шчаслівы быў Гарткевіч . Павольна ехаў на сваім любімым кані , не прышпорваў , не змушаў бегчы хутчэй . На баку ў Самума застаўся доўгі звілісты шнар , след страшнай раны . Вітаўт прыкрыў яго багатай апонаю , але на прывалах здымаў яе і асцярожна , кончыкамі пальцаў гладзіў гэты баявы шнар , пяшчотна хукаў на яго . Самум пазіраў на свайго гаспадара мудрым карычневым вокам , пазіраў з удзячнасцю .

Вітаўтава вяртанне напоўніла шчасцем і вясёлым смехам невялікі сціплы дамок пані Караліны Крышылоўскай . Ванда адразу ж павісла ў бацькі на шыі , горача пачала цалаваць яго .

- Вярнуўся , татачка ,. Як добра , што ты вярнуўся , - прыгаворвала яна і тулілася да бацькавых грудзей . Слёзы нагарнуліся ў вачах у Вітаўта , і сэрца затрапятала .

Потым пляменніка вітала цётка , пані Караліна Крышылоўская . Пацалавала сухімі вуснамі ў лоб , маленькай таксама сухой далонькай усхвалявана акрэсліла над ім знак святога крыжа , сказала :

- Вялікі дзякуй Пану Богу , што збярог цябе на чужыне .

Падыйшла чарга вітацца з Эльвіраю . Гарткевіч дужа хваляваўся , ведаў – вось зараз высветліцца ці прынялі цётка з дачкой ягоную каханку , ці паразумеліся . Хопіць аднаго слова і аднаго жэсту .

Эльвіра пры ўсіх моцна абняла яго , моцна пацалавала ў самыя вусны , пазірала з адданасцю і захапленнем . Ад усёй яе зграбнай надзіва прыгожай фігуры веяла пяшчотнай цёплынёй , радасцю і хатняй утульнасцю .

- Ну вось я й дома , - задаволена прамармытаў Вітаўт , адразу згроб іх усіх у адным абдымку , колькі імгненняў стаяў заплюшчыўшы вочы , адчуваючы , як горача і салодка б”ецца ў грудзях сэрца . Потым рассмяўся :

- Жонка сварыцца , а каша варыцца . Вось такое яно наша мужчынскае жыццё .

- Што за жонка ? – гарэзліва затармасіла яго за плячук Эльвіра , - Ці не прывёз ты адтуль у Нясвіж якую-небудзь маладую лівоначку ?

- Ты мая лівоначка , - цмокнуў яе ў шчаку Гарткевіч .

Ды яны , Вітаўт і Эльвіра , не забыліся , што недзе ў далёкай Масковіі іх чакаюць лісоўчыкі , чакае сам Аляксандр Лісоўскі , грозны баявы палкоўнік . Ніякага сумневу ў іх не было – патрэбна ехаць туды , шукаць у тым трывожным ахопленым лютай вайной бязмежжы сваіх сяброў . Казалі , што лісоўчыкі разам з царом Дзмітрыем Іванавічам , разам з дачкой сандамірскага ваяводы Марынай Мнішак , якая прылюдна апазнала ў ім свайго шчасліва ацалелага ў крамлёўскай бойні мужа і зноў , ужо ў другі раз , зрабілася маскоўскай царыцай , перабраліся ў сяло Тушына . Перад самым сялом Марына спявала вясёлыя песенькі , была дужа шчасліваю , але малады польскі шляхціц сказаў ёй :

- Марына Юр”еўна , гэта добра , што вы так радуецеся , ды радасць вашая была б яшчэ большаю , калі б вы ўбачылі ў Тушыне свайго сапраўднага першага мужа . Той жа , што зараз чакае і сустрэне вас , не ён .

Марына залілася горкімі слязамі , не хацела ехаць . Тады ейнаму бацьку паабяцалі адразу ж пасля ўзяцця Масквы выплаціць трыста тысяч залатавікоў , аддаць ва ўладанне Северскае княства і чатырнаццаць гарадоў .

- Дзе тое Тушына ? – уздыхала Эльвіра .

- Знойдзем , - бадзёра прамаўляў Вітаўт , - Язык не толькі да Кіева , язык і да гэтага самага Тушына давядзе .

Ім было вядома , што Масква і ейны цар Васіль Шуйскі у сваіх граматах , якія рассылаліся па ўсёй Еўропе , называюць Дзмітрыя , Марыну Мнішак і іхняга маленькага сынка няйначай , як вор , варуха і варонак . Ды гэта не надта засмучала . У Тушыне адным лагерам стаяць Дзмітрый Іванавіч з данскімі і запарожскімі казакамі і дружынамі маскоўскіх баяраў . Там жа , у Тушыне , знаходзяцца Ян Пётр Сапега і Аляксандр Лісоўскі са сваімі ваярамі . А такія , як яны , людзі ніяк не могуць служыць бязбожнай і хлуслівай справе .

Больш хвалявала Вітаўта і Эльвіру тое , што яны павінны разлучыцца з пані Каралінай і Вандай , прычым , разлучыцца на невядома які час . Адзін Бог праўдзівы ведае калі яны вернуцца назад і ці вернуцца наогул .

- Дочачка мая , не дужа сумуй , - цалаваў Ванду , гладзіў ёй валасы і плечы Гарткевіч , - Я хутка прыеду дадому . Я клянуся табе , што мы ўжо больш ніколі-ніколі не будзем расставацца . Вер мне .

- Я веру , - ціха і пакорліва адказвала Ванда . Твар быў спакойна-халодны . Паспрабуй угадай , што хаваецца за гэтым спакоем і холадам .

Пані ж Караліна як анямела . Моўчкі дапамагала ім збірацца ў дарогу , пакавала хатулі і торбы , пякла салодкія пшанічныя коржыкі , вэндзіла свіныя тлустыя каўбаскі . Крыўда на няўседлівага пляменніка віравала ў ёй , але доўгае жыццё навучыла хаваць крыўду на самае дно душы . І яна толькі раз-пораз журботна ўздыхала .

Заставалася незрузамелым якім чынам могуць дабрацца яны да Масковіі і да Тушына . Выпраўляцца адным у такое падарожжа вельмі небяспечна і рызыкоўна . Толькі й гавораць наўкол пра крывавых тацяў , пра жахлівых людажэраў , якія распладзіліся , нібы чарвякі ў мокрае надвор”е , на ўсіх шляхах-дарогах і падпільноўваюць сваю здабычу . Вось чаму шчаслівым Божым знакам палічылі Вітаўт і Эльвіра вестку аб тым , што з Нясвіжу ў Тушына ідзе абоз , прычым , абоз незвычайны . Ён вязе багатыя падарункі Марыне Мнішак з нагоды ейнага вяселля . Вітаўт адразу ж паімчаўся на Самуме на княжы радзівілаўскі двор , каб выведаць пра ўсё . Абоз , і сапраўды , ішоў . Дваццаць цяжкіх нямецкіх фураў . Каля сотні жаўнераў аховы . Наўкол шумліва завіхаліся княжыя служкі , грузілі самы разанастайны тавар .

Гарткевіч папрасіў у пана Сямёна Бібуловіча , які быў тут за галоўнага , дазволу далучыцца да абозу . Грузны задышлівы Бібуловіч , важна седзячы ў сядле , пакрыкваючы на княжых служак , падганяючы іх , строга зірнуў на яго , дазволіў , але папярэдзіў :

- Пан паступае пад маю поўную ўладу і мусіць рабіць толькі тое , што загадаю я . Ніякай сваволі , ніякага самаўпраўства , бо мы йдзем туды , адкуль можна не вярнуцца .

Вітаўт , вядома ж , пагадзіўся з усімі гэтымі суровымі патрабаваннямі . Тут жа , каля абозу , ён убачыў дзвюх маладзенькіх надзіва прыгожых паненачак . Яны былі апрануты па іспанска-нямецкай модзе ў залатога колеру сукенкі са з”ёмнымі , падбітымі пер”ем рукавамі . Сукенкі і рушнікападобныя галаўныя павязкі-наміткі аздабляліся карункамі з залатых і срэбных нітак . На паненачках шчыгульна шыкаваліся летнікі з ярка-блакітнага аксаміту падперазаныя пазалочанымі паясамі . Звёны паясоў расквечваліся праразным накладным арнаментам з завітых лісточкаў і птушачак . На пальчыках рук зіхцелі пярсцёнкі з упраўленымі ў іх каштоўнымі камянямі . Шнуры вялікіх жамчучын былі сашпілены на грудзях брошкамі ў форме матылькоў . На ножках у юных прыгажуняў зграбна і далікатна сядзелі лёгенькія чаравікі з чырвонага турэцкага саф”яну .

- Хто гэта ? – здзіўлена спытаў Гарткевіч у пана Бібуловіча .

- Паненкі Альжбэта і Анэля . Едуць фрэйлінамі да маскоўскай царыцы Марыны , - з важнасцю ў голасе адказаў той . Яму , пэўна ж , было прыемна , што менавіта ў ягоным абозе выпраўляюцца ў няблізкі шлях такія незвычайныя цудоўныя падарожніцы .

Так , гэта былі сёстры-блізняты Альжбэта і Анэля . Правёўшы ў далёкую Масковію свайго роднага дзядзьку Антона Даніловіча-Гоцкага і свайго каханка паэта Лявонція Кукарэцкага , яны дужа засумавалі ў Нясвіжы . Нямілым здавалася ўсё : і людзі , што быццам бы бязмэтна снавалі па вуліцах , і самі вуліцы , і адны і тыя ж будынкі , і нават бронзавая Ундзіна ў радзівілаўскім парку . Часта ўзыходзілі самотныя сёстры на гарадскі вал і , гледзячы ўдалячынь , успаміналі той дзень , калі апошні раз бачылі адсюль шыхты лісоўчыкаў , што кіраваліся ў самае пекла вайны . Як пачуваюць сябе яны там ? Ці жывыя-здаровыя ? Ці ўберагліся ад варожай дзіды і кулі ? Некалькі разоў сёстры прыходзілі на вал нават уначы . Звінела цішыня . Тахкалі сэрцы . На блакітным стале неба была рассыпана белая халодная соль недасяжных зорак .

Ад”ехаўшы на вайну , Антон Даніловіч-Гоцкі даручыў апекаваць Альжбэту і Анэлю свайму вернаму дварэцкаму пану Заліваку . Той пакляўся на святым крыжы , што не дазволіць і валаску ўпасці з дзявочых галовак , будзе ахоўваць і пільнаваць іх , як Цэрбер пільнуе ўваход у падземнае царства . Ён і на вал разам з імі хадзіў , не адпускаючы ні на крок . Ён вадзіў іх у кафедральную школу пры нясвіжскім фарным касцёле , дзе навучаліся не толькі хлопчыкі , але й некалькі дзяўчынак , засвойваючы там сем свабодных навукаў : граматыку , дыялектыку , рыторыку , музыку , арыфметыку , геаметрыю і астраномію . Асабліва падабаліся сёстрам спевы . Імі кіраваў вельмі прыгожы анёлападобны кантар Коўба-Сялецкі .

Пан Залівака быў невялічкага росту рухавы вясёлы чалавечак , якога Альжбэта і Анэля за вочы называлі Вожыкам , нашым Вожыкам . Ён , калі куды ішоў ці што-небудзь рабіў , меў звычку чмыхаць у калючыя пшанічнага колеру вусы . Ягоныя бяскрыўднасць і мяккасардэчнасць не маглі не падабацца сястрычкам , бо пан Залівака даў ім поўную волю , праўда , просячы не расказваць аб гэтым дзядзьку , калі ён нарэшце вернецца з Маскоўшчыны . Альжбэта і Анэля абяцалі .

Ды такая ідылія раптоўна скончылася . Па Нясвіжу пакаціліся чуткі , што неўзабаве ў Масковію пойдзе абоз , у якім павязуць багатыя падарункі ад князя Мікалая Крыштофа Радзівіла для новай маскоўскай царыцы Марыны Мнішак з нагоды ейнага вяселля . Казалі таксама , што нясвіжскі ардынат надумаў паслаць на вяселле маладзенькіх дзяўчат-фрэйлінаў , каб тыя падчас урачыстай цырымоніі неслі за царыцай шлейф ейнай сукенкі . Сам князь такое надумаў , ці княгіня Яўфімія засталося нявысветленым , але навіна ўзрушыла ўсіх навакольных шляхцянак . У самых сціплых засценках радасна затрымцелі дзявочыя сэрцы , надзеяй засвяціліся вочы . З”явілася магчымасць вырвацца з невядомасці ў шырокі свет , паказаць усім сваю прыгажосць і звабу .

Каб знайсці самых найлепшых , князь Радзівіл запрасіў з самой Вены фрау Ізольду , строгую чарнавалосую і белатварую немку . Яна прыехала ў Нясвіж і пачала з мноства прэтэндэнтак адбіраць тых , хто варты такога высокага даверу і гонару , пачала , калі казаць паэтычным словам , шукаць залатыя зярняткі ў жытняй саломе .

Альжбэта і Анэля , вядома ж , загарэліся жаданнем з”ездзіць у далёкую таямнічую Масковію . Як ні адгаворваў іх пан Залівака , як ні ўпрошваў , як ні казаў , што іхні строгі дзядзька Антон Даніловіч-Гоцкі нізавошта б не дазволіў рабіць такое , упартыя дзяўчаткі настоялі на сваім . Цяжка ўздыхнуўшы , Вожык змушаны быў згадзіцца . Заадно расказаў , як сам калісьці выбіраў сабе жонку . Паклаў за абраз у касцёле цыдулкі з імёнамі ўсіх

тых , каго б хацеў мець гаспадыняю свайго двара і свайго сэрца , на працягу ночы шчыра маліўся Пану Богу , а раніцой выцягнуў цыдулку , выцягнуў першую , што патрапіла тады ў руку .

- Удала выцягнулі ? – пацікавілася Альжбэта .

- Мая ты паненачка , - заліўся вясёлым смехам добры Вожык , - не раз кляў я і тую ноч , і тую цыдулку . Але на ўсё воля Пана Бога .

Як бы там ні было , але Альжбэта з Анэляю пайшлі ў радзівілаўскі палац , каб паказацца строгай фрау Ізольдзе . Ад нясцерпнага хвалявання ў іх дрыжалі каленькі і збіваўся голас . Што скажа грозная немка ?

Фрау Ізольда , седзячы на высокім крэсле , трымала ў руках пазалочаную ларнэтку і раз-пораз пазірала праз яе на маладзенькіх шляхцяначак , што знямелым дрыготкім ручайком цяклі праз палацавую залу . Было вельмі ціха . Толькі чулася трапятлівае , як лёгкі бярозавы ліст пад ветрам , дзявочае дыханне . Альжбэта і Анэля , счакаўшы сваю чаргу , узяліся за рукі , пайшлі параю . У іх аж падкошваліся ад перажыванняў ногі .

- Чаму ідуць адразу дзве ? – рэзкім адрывістым голасам спытала раптам у княжага тлумача фрау Ізольда .

- Яны родныя сёстры-блізняты , - адказаў той .

Немка ямчэй прыціснула да вока сваю ларнэтку . Альжбэта і Анэля ўжо даходзілі да супроцьлеглых дзвярэй , каб знікнуць за імі , як патрабавальна пачулася :

- Няхай гэтыя сёстры пройдуць яшчэ .

Яны прайшлі праз залу яшчэ раз . Слізкі бліскучы паркет сляпіў вочы .

- Я зараз упаду ад страху , - зашаптала Анэля . Сястра моцна трасянула ёй руку і пацягнула за сабой .

- Бярэм гэтых , - рашуча ўзнялася з крэсла Ізольда , схаваўшы ларнэтку , - Як казалі лаціняне ( а ім трэба верыць ) : “ Res judicata pro veritate habetur “ – Канчаткова вырашаная справа прымаецца за ісціну .

Разам з тлумачом фрау Ізольда падыйшла да Альжбэты і Анэлі , што анямелі ад шчасця і яшчэ большага хвалявання , якое , здавалася , выварочвала ў целе кожную костачку і кожную жылку . Немка белымі халоднымі пальцамі пачала дакранацца да іхніх шчокаў , плячэй , грудзей , змушала паварочваць галовы ў розныя бакі , прысядаць , шырока раскрыльваць рукі , кланяцца , какетліва ўсміхацца .

- Ім не хапае грацыёзнасці , - прагучаў строгі прысуд , - Але гэта я бяру на сябе . Гэтаму можна навучыць .

І пачалася вучоба . Цэлымі днямі , амаль ад рання да вечара , Альжбэта і Анэля разам з панам Залівакам , які прыкметна засумаваў ад такога непажаданага павароту падзеяў , не бывалі дома , а нібыта перасяліліся ў пышны радзівілаўскі палац . Фрау Ізольда , натхнёна бліскаючы сваімі чорнымі вострымі вачамі , ляпіла з нясвіжскіх шляхцяначак антычных багіняў . Гэта была вельмі цяжкая праца , у якой хапала месца і поту , і крыку , і слязам .

- Вы паедзеце да царыцы Масковіі , - строга ўнушала немка сваім вучаніцам , - Да самой царыцы . А там , дзе царыца , вядома ж , ёсць і царскі двор са сваім этыкетам . Там ёсць пасланцы ад розных дзяржаваў . Я не магу сабе дазволіць , каб вы з-за маладой дурноты і ленасці , з-за сваіх дзіцячых капрызаў зняславілі наш Нясвіж і вельмішаноўнага князя Радзівіла , дабрадзея і мецэната .

Яна казала “ наш Нясвіж “ з такой жарсцю , з такой перакананасцю , нібыта сама нарадзілася на зялёным беразе ракі Ушы і змалку бегала па нясвіжскіх вуліцах і плошчах . Альжбэце і Анэлі пасля кіпучага вадаспаду такіх словаў нічога не заставалася , як з усёй цярплівасцю і з усім стараннем , сціснуўшы зубы , забываючы пра стому , зноў і зноў вучыцца далікатна хадзіць , танцаваць , абмахвацца веерам , прысядаць у рэверансе , працягваць мужчынам руку для пацалунку , чытаць-пісаць па-нямецку , італьянску і польску . Ды самае адказнае , што чакала юных фрэйлінаў наперадзе , гэта ж , вядома , шлейф вясельнай царыцынай сукенкі , які яны разам з зусім маленькімі пажамі павінны будуць на вачах шматлікіх удзельнікаў урачыстай цырымоніі пранесці ад храма , дзе адбудзецца вянчанне , аж да царыцынай карэты .

- Уявіце сабе , што вы несіцё паветра . Так , паветра . Нешта лёгкае-лёгкае , амаль бязважкае , - заплюшчыўшы ў экстазе вочы , казала фрау Ізольда , - Быццам вы ўзняліся над зямлёй , узляцелі на высокае белае мяккае воблака і з найпачцівасцю і асцярожнасцю ідзіцё-плывіцё следам за срэбнакрылым анёлам . Толькі самым абраным , самым дасканалым дазволена такое . Ды барані вас Бог спатыкнуцца ў гэты адказнейшы час , выпусціць з рук шлейф ці ( я нават у самым жахлівым сне не магу ўявіць гэта ! ) наступіць на яго .

Ад такіх словаў Альжбэта і Анэля спуджана ўздрыгвалі . Халодныя мурашкі беглі па іхняй скуры .

Затым пачаліся трэніроўкі з самім шлейфам . Узялі ў радзівілаўскіх краўцоў кавалак блакітнай тканіны даўжынёй у дзесяць рыжскіх махавых сажаняў . Шлейф быў . Не было царыцы . І фрау Ізольда катэгарычна паказала сваім доўгім пальцам на пана Заліваку , які не адлучаўся ад сясцёр ні на крок :

- Царыцаю будзе вось гэты пан .

Бедны Вожык аж прысеў ад нечаканасці . Кроплі поту адразу ж праклюнуліся на ілбе і на скронях . З найвялікшым непаразуменнем і жахам пазіраў ён на грозную немку . Было такое адчуванне , што вось-вось з”явіцца кат і за каршэнь павалачэ яго на плаху . Пан Залівака хацеў выслізнуць з танцавальнага пакою , дзе адбывалася ўся гэта дзея , ды пяцігорац з вострай шабляю перагарадзіў дарогу .

- Царыцаю будзе вось гэты пан , - паўтарыла фрау Ізольда .

Альжбэта і Анэля не маглі ўтрымацца ад смеху . Пану ж Заліваку было , як уюну на гарачай патэльні . Ён роспачна застагнаў . Пякучую вастрыню сітуацыі дадало тое , што ў танцавальны пакой зазірнуў усюдыісны карчміт Самуіл Рабіновіч . Хто і як яго пусціў у святая святых ? Карчміт , убачыўшы дзяўчатак у цудоўнейшых строях , захоплена пляснуў пухлымі рукамі , зацмокаў языком :

- Якія ж вы фрэйліны ? Ды вы – каралеўны ! Не , вы – царыцы ! Вас саміх адразу ж трэба весці пад вянец ! Даю вам у дарогу і салодкіх піражкоў з макам , і мяккенькіх каўбасак , і арэхаў , і ўсё , што вы толькі пажадаеце !

Даведаўшыся , што ў ролі маскоўскай царыцы Марыны Мнішак падчас навучання будзе выступаць сам пан Залівака , Самуіл Рабіновіч весела хмыкнуў у кулак , але адразу ж абачліва прыкусіў язык – усё-ткі шляхціц ёсць шляхціц са сваім не абы якім гонарам і са сваёй шабляю . Толькі й сказаў ды так ціха , каб не пачулі , карчміт :

- Не для Масковіі доўгія шлейфы . Там іх адразу ж аддзяруць , як пеўню хвост .

Як ні адбрыкваўся , як ні аднекваўся пан Залівака , давялося яму накінуць сабе на плечы праклятую тканіну .

- Толькі з-за любові да вас і з-за вялікай павагі да пана Антона Даніловіча-Гоцкага раблю я такое , ганьбую сам сябе , - паныла сказаў ён вясёлым сястрычкам , якія аж давіліся ад смеху . Жорсткімі бываюць маладыя сэрцы , нават сэрцы прыгожанькіх , як нябесныя анёлкі , дзяўчатак .

Набліжаўся час ад”езду ў Масковію . Альжбэта і Анэля пачыналі ўсё болей хвалявацца , перажываць . Думалася ім , што ў дарозе абавязкова здарыцца нешта жахлівае , нешта дужа непрыемнае . Кладучыся спаць , доўга не засыналі , перашэптваліся ў цемры .

- Няўжо й мы выйдзем некалі замуж ? Няўжо і ў нас будзе вяселле ? – казала Альжбэта , - Хоць бы адным вокам зірнуць на таго , хто стане маім мужам . Які ён ? Добры ? Злы ? Ці змагу я прывыкнуць да яго , пакахаць яго ?

- Гэта ж трэба будзе ўсё жыццё жыць з ім у адным доме , пад адным дахам , - падтрымлівала сястру Анэля , - А ён пачне старэць , сівець , лысець , рабіцца дужа непрыгожым . Як можна жыць з непрыгожым чалавекам ?

У сваёй маладой наіўнасці і самазакаханасці дзяўчаткі нават на імгненне не задумваліся аб тым , што й самі некалі будуць старэць . Жыццё ўяўлялася ім вечнай сонечнай вясной .

Пра свайго будучага мужа можна было пагадаць на запаленых васковых свечках і талерках з вадой , на начным конскім іржанні і сабачым брэху , як робяць гэта маладыя сялянкі . Ды шляхецкія дочкі не жадалі апускацца да такой , як яны лічылі , грубай цёмнай забабоннасці .

Пра Лявонція Кукарэцкага , нібы дамовіўшыся , не ўспаміналі ні словам , ні нават паўсловам . . Магчыма , кожная з іх у самай патаемнай глыбіні душы берагла прыгожага пяшчотнага пісарчука толькі для самой сябе . Затое шмат казалі пра вершнікаў з эскорту , якія павінны былі ахоўваць радзівілаўскі абоз .

- Яны такія вусатыя і такія вясёлыя , - ямчэй падкладваючы пад шчаку падушку , прамаўляла Альжбэта , і нават у цемры можна было здагадацца , што яна гарэзліва ўсміхаецца , - Яны такія прыгожыя . І коні ў іх вельмі прыгожыя .

- Ад іх пахне віном і потам , гарачым потам , - дадавала Анэля , - І ведаеш – мне падабаюцца такія пахі . Мне падабаецца , калі пахне мужчынаю .

Нагаварыўшыся , нашаптаўшыся , дзяўчаткі нарэшце засыналі . А над Нясвіжам гарэлі яркія начныя зоркі , плыла , глядзела зверху ўніз на маўклівы горад жоўтая поўня , падобная на чалавечы твар , шумеў , лётаў вецер , лёталі чорныя кажаны , трывожна , нячутна і таямніча .

За дзень да ад”езду Альжбэта і Анэля надумаліся схадзіць уначы ў радзівілаўскі палац да Чорнай Пані . Усе дзяўчаты Нясвіжу , асабліва , закаханыя дзяўчаты , ведалі , што яна дапамагае добрай парадаю , бо калісьці з-за кахання сама перацярпела найвялікшыя пакуты і дачасна памерла . Праплыве цёмным маўклівым воблакам па начным замкавым калідоры , паплача , паўздыхае і знікне , так і не прамовіўшы ні слова , ды само ейнае з”яўленне падкажа сэрцу , што рабіць , як жыць . Вось і сёстры вырашылі ўбачыць яе перад далёкай небяспечнай дарогаю .

Пан Залівака , даведаўшыся пра такую задумку Альжбэты і Анэлі , кісла зморшчыўся , незадаволена зачмыхаў у свае пшанічныя вусы . Не раз ужо самымі гняўлівымі словамі кляў ён той дзень , калі згадзіўся апекаваць маладзенькіх пляменніц Антона Даніловіча-Гоцкага . Ціха сядзеў бы зараз дзе-небудзь у піўніцы , смактаў піва і абгрызаў салодкую мясную костачку , ды з-за сваёй дурноты трэба валачыцца аж у Масковію , цярпець цялесныя і духоўныя пакуты , бо не кінеш жа гэтых дужа імпэтных няўседных перапёлачак адных у бязмежным і суровым жыццёвым полі . Пабурчэўшы дзеля прыліку , ён згадзіўся і ў гэтай справе дапамагчы сёстрам . Меў пан Залівака між пяцігорцаў , што ахоўвалі радзівілаўскі двор і замак , добрага сябрука , які служыў у князя ротмістрам . З ім і дамовіўся звадзіць уначы дзяўчатак да Чорнай Пані .

- Яна , пані гэтая , і , праўда , ходзіць , - спалохана сказаў гарбаносы ротмістр , не забыўшыся адразу ж узяць у Залівакі немалую плату за тое , што не заўважыць рызыкоўнае начное падарожжа Альжбэты і Анэлі , - Як толькі гадзіннік на палацавай вежы праб”е поўнач , ужо можна чакаць яе . Неўзабаве з”яўляецца быццам ніадкуль , быццам са сцяны выплывае . І пачынае плакаць .

- Ты сам бачыў ? – спытаў пан Залівака ў ротмістра .

- Як цябе зараз бачу . Аж халодны вецер у твар павеяў , калі побач прайшла . Яна нібы саткана з месячных прамянёў , з белага туману , хоць шмат каму з людзей ейная постаць здаецца чорнаю . Глядзіш , і нельга вачэй адвесці .

- Ну й ну . Гэта ж каралева Барбара Радзівіл , што ад невымернага гора счарнела , – узбуджана чмыхнуў у вусы пан Залівака , - Слухай , пане Рафал , прапусці й мяне – я таксама хачу зірнуць на гэткі цуд .

У загадзя абумоўлены час пан Залівака , Альжбэта і Анэля , укутаўшыся ў цёмныя плашчы , прыхіліўшыся да шурпатай халоднай сцяны , затаіліся ў канцы доўгага замкавага калідору і вельмі хваляваліся , асабліва дзяўчаткі . Іхнія сэрцы , здавалася , выскоквалі з грудзей . Сёстры , як , бадай , і ўсе жыхары Нясвіжу , добра ведалі трагічную гісторыю Чорнай Пані або Чорнай Дамы . Ужо на пятнадцатым годзе жыцця яе выдалі замуж за трокскага ваяводу Станіслава Гаштольда , ды ён неўзабаве памёр , і юная прыгожая Барбара зрабілася ўдавою ў дваццаць год . І пакахала каралевіча Жыгімонта Аўгуста . І каралевіч , будучы кароль , вельмі моцна пакахаў яе . Ды каралева-маці італьянка Бона Сфорца не жадала мець такую нявестку , нявестку-ліцвінку з сям”і Радзівілаў . Вось з чаго і пачаліся ўсе няшчасці . Як ні хітравала Бона Сфорца , якую ні пляла злавесную павуціну , перамагло , урэшце рэшт , каханне , і з дазволу Папы рымскага Жыгімонт Аўгуст пасля смерці свайго бацькі ажаніўся з Барбарай Радзівіл , і сейм каранаваў яе . Каранацыя адбылася ў снежні 1550 года , а праз шэсць месяцаў каралева польская , вялікая княгіня літоўская , руская , пруская , мазавецкая , жмудская і г. д . Барбара памерла . Здаровая , прыгожая , нібы свежая лугавая кветка , яна нечакана апухла , завяла , а ўсё ейнае маладое цела , створанае для кахання і пяшчоты , пакрылася балячкамі і нарывамі , якія лопаліся , і ад якіх ішоў страшэнны смуродлівы пах . Гэта ўтварыў Монці , асабісты лекар Боны Сфорцы , які замест лякарства ўліў Барбары ў срэбны кубачак смяротную атруту .

Незадоўга да ейнай смерці стаў Жыгімонт Аўгуст на калені перад жончыным ложкам , горка заплакаў , спытаў :

- Ці даў я табе шчасця , каралева мая ?

- Даў , даў , незабыўны мой , адзіны мой , - з найвялікшай жарсцю адказала Барбара , - З табой я ўбачыла рай зямны .

Кароль Жыгімонт Аўгуст несуцешна сумаваў без сваёй каханай жонкі і пры дапамозе алхімікаў Мнішака і Твардоўскага вырашыў вЫклікаць ейную душу з таго свету . У змрочнай залі алхімікі паставілі вялікія люстры , на адным з якіх у поўны рост была выгравіравана постаць Барбары Радзівіл у ярка-белым адзенні . Кароль сеў у крэсла . Яму хацелі прывязаць да падлакотнікаў рукі , каб не дакрануўся да прывіду , калі той з”явіцца . Жыгімонт Аўгуст сказаў :

- Клянуся вам , панове , што я не напалохаю , не спуджу прывід , але не прывязвайце мае рукі . Чым я буду выціраць слёзы з вачэй маіх ? Я толькі спытаю ў маёй любай Барбары , як мне жыць без яе далей .

Ды , калі ў густым змроку паплыла над падлогаю белая прамяністая здань , калі таямнічы водсвет ад яе затрапятаў на сценах , ён забыўся пра ўсё , роспачна ірвануўся з крэсла і пакутлівым голасам закрычаў :

- Басенька мая !

Ён хацеў абняць , прытуліць да грудзей прывід . Ён хацеў пацалаваць такія жаданыя вусны . Але грымнуў страшэннны выбух . Запахла серай і трупным тленам . Душа Барбары Радзівіл згубіла , не знайшла дарогу назад у магілу . І вечна ёй самотнай беспрытульніцай блукаць па зямлі .

Пра ўсё гэта ведалі , чулі з людскіх вуснаў Альжбэта , Анэля і пан Залівака , і зараз , прытаіўшыся ў начным калідоры , яны павінны былі пераканацца ў праўдзівасці або хлуслівасці нясвіжскай легенды . Марудліва цёк час . Вось венецыянскі гадзіннік на палацавай вежы звонка прабіў поўнач . Закрычала ў густой цемры бяссонная варта . І зноў цішыня , як сляпы начны туман , навалілася на горад . Пан Залівака , радасна прадчуваючы , што нічога , як ён і думаў , не здарыцца , і хутка яны пойдуць дадому , шырока пазяхнуў і хацеў па сваёй даўняй звычцы перахрысціць рот , каб у яго не ўляцеў нячысцік . Ён ужо ўзняў руку , ды рука раптам застыла , як бы скамянела , бо ў канцы калідора пачуўся ціхі плач , жаночы плач .

Усе трое адначасова ўздрыгнулі і , напружваючы вочы , пачалі ўзірацца ў той бок . І ўбачылі Барбару Радзівіл , дакладней , убачылі няясную цёмную постаць , якая ці то плыла , ці то йшла да іх . Дзяўчаткі затрымцелі ад жаху і прыціснуліся да пана Залівакі . Той , як прыроджаны шляхціц , не падАў выгляду , што спалохаўся , хоць нервова заторгалася левае брыво . Ён пацёр яго пальцамі , матлянуў галавой . Калі гэта сонная відзежа , яна знікне , прападзе . Ды постаць набліжалася , а плач не сціхаў .

- Мой кароль … Мой найкаханейшы Жыгімонт , - далятала да іх . І столькі пакуты , столькі любові было ў гэтых словах !

Вось Чорная Пані апынулася зусім побач – здавалася , працягні руку і дакранешся да яе . Але да чаго дакранешся ? Да пустаты ці да чалавечай плоці ? Гэта жывая істота ці халодны прывід ? Альжбэта і Анэля войкнулі і закрылі свае тварыкі рукамі . Пан Залівака мужна пазіраў проста перад сабой , мацаваўся духам і запознена шкадаваў , што прыйшоў сюды не з шабляю . Калі быць дакладным , шаблю ён браў , ды па загадзе ротмістра пяцігорцаў Рафала , свайго сябрука , пакінуў яе ў каравульнай вежы .

Усе , каму даводзілася бачыць Чорную Пані , казалі , што яна , не спыняючыся , моўчкі праходзіць міма людзей і знікае . Само ейнае з”яўленне папярэджвае гаспадароў нясвіжскага замка аб тым , што ім пагражае небяспека – вайна , хвароба ці сама смерць .

“ Знікні . Ідзі ў свой саркафаг , ідзі ў падзямелле , туды , дзе вечным сном спяць твае славутыя родзічы Радзівілы “ , - у думках умольваў Чорную Пані пан Залівака . Ды яна не знікала . Яна ( мо ўпершыню ! ) загаварыла з жывымі людзьмі .

- Адыйдзі ад дзяўчатак і стань вунь каля той сцяны , - ціхім халодным голасам загадала яна пану Заліваку . Той , анямеўшы і нібы ператварыўшыся ў маленькага пакорлівага хлапчука , зрабіў усё дакладна так , як яму было загадана .

- Не бойцеся мяне і станьце на калені , - сказала сёстрам Чорная Пані , і калі яны , уздрыгваючы ад невымернага страху , апусціліся на шурпатыя пліты , паклала ім на плечы свае рукі . Яны былі аж ледзяныя .

- Мне так адзінока і так няўтульна , - гаварыла бледнатварая Барбара Радзівіл , - І я зайздрошчу вам . Вы – маладыя . Вы – жывыя . Вы паедзеце ў Масковію . Паедзеце да маскоўскай царыцы Марыны Мнішак . Шмат бядотаў будзе ў далёкай дарозе , але Пан Бог дапаможа вам , зберажэ . Адна з вас стане жонкаю князя , другая – жонкаю паэта . Вы народзіце дзяцей і будзеце жыць да глыбокай старасці . Ды не забывайце гэту ноч , ніколі не забывайце . Не забывайце Чорную Пані з нясіжскага замку .

Раптам твар у Барбары Радзівіл пачаў цямнець , потым зусім счарнеў . Яна пакутліва ўздыхнула , амаль адштурхнула ад сябе дзяўчатак і хуценька пайшла па калідоры . І ўсё паўтарала :

- Мой кароль … Мой найкаханейшы Жыгімонт …

Альжбета ж з Анэляй і з панам Залівакам засталіся на месцы , нібы нехта заліў падлогу калідору густой смалой-жывіцай , і яны прыліплі да яе . Яны пакутліва асэнсоўвалі тое , што толькі што пабачылі на ўласныя вочы .

- Ну й ну , - разгублена мармытаў нан Залівака і няспынна асяняў сябе знакам святога крыжа . Гэтак жа сама рабілі напалоханыя дзяўчаткі . Вярнуў іх да жыцця ротмістр пяцігорцаў Рафал , які гучна кашлянуў у паўзмроку калідору і стукнуў дрэўкам дзіды аб каменную падлогу . З перапуду яны падскочылі ледзь не да столі .

Назаўтра , у дзень ад”езду , толькі й размоў было пра Барбару Радзівіл . Сёстры-фрэйліны ахалі ды вохалі .

- Як ёй жывецца там адной у падзямеллі ? – уражана казала Альжбэта , і прыгожыя блакітныя вочы напаўняліся слязьмі .

- Я б не змагла . Я б адразу ж памерла ад страху , - сціскаючыся ў камячок , уздрыгваючы ад незабытых уражанняў мінулай ночы , шаптала Анэля .

І не пра прывід гаварылі яны між сабой , а пра жывую каралеву і вялікую княгіню Барбару , бо паверылі ў ейнае існаванне . Ім зусім не абавязкова было ведаць як і якім чынам ажыла венцаносная прыгажуня . Самым галоўным і самым пераканаўчым для іх было тое , што БАРБАРА РАДЗІВІЛ ПАКЛАЛА СВАЕ РУКІ ІМ НА ПЛЕЧЫ . Потым пачалі ўспамінаць кожнае прамоўленае ёю слова .

- Яна сказала : “ Адна з вас стане жонкаю князя , другая – жонкаю паэта “ , - пазіраючы на срэбныя воблакі , што нястрымна плылі па спакойна-бяздонным ранішнім небе , з рамантычным іскрыстым святлом у вачах прамовіла Альжбэта , - Яна не памыляецца , яна не можа памыляцца . Які ж лёс чакае кожную з нас ?

- Князь або паэт . Няўжо Пан Бог урыхтаваў нам такую долю , сястрыца ? – горача абняла і пацалавала Альжбэту Анэля , - Князь або паэт . Аж страшна ад такой думкі . Але й радасна . Няхай жа спраўдзяцца ейныя словы .

І тут сёстры адначасова ўспомнілі пра Лявонція Кукарэцкага . І Альжбэта з затоеным сумам уздыхнула :

- Князёў шмат . Паэтаў мала .

 

Колькасць прачытаўшых: 382
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007